ГА́ЎСА ТЭАРЭ́МА,
асноўная тэарэма электрастатыкі, якая ўстанаўлівае сувязь паміж патокам напружанасці эл. поля праз адвольную замкнёную паверхню і эл. зарадам, што знаходзіцца ўнутры гэтай паверхні. Вынікае з Кулона закону, устаноўлена К.Ф.Гаўсам (1839).
У інтэгральнай форме Гаўра тэарэма мае выгляд:
, дзе — паток вектара напружанасці эл. поля праз замкнёную паверхню S, q — зарад, абмежаваны паверхняй S, ε0 — электрычная пастаянная. Дыферэнцыяльная форма Гаўра тэарэмы:
, дзе — дывергенцыя вектара , ρ — шчыльнасць эл. зараду ў тым пункце прасторы, дзе вызначаецца . Гаўра тэарэма адно з Максвела ўраўненняў, адлюстроўвае той факт, што эл. зарады з’яўляюцца крыніцамі эл. поля; дазваляе вызначаць вектар пры зададзеным зарадзе (шчыльнасці зараду).
А.І.Болсун.
т. 5, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТА́РДА (франц. pétard ад péter разрывацца з трэскам),
зарад спрасаванага дымнага пораху, змешчаны ў металічную ці кардонную абалонку. Выкарыстоўваецца ў капсульных утулках для перадачы агню ад капсуля-запальніка парахавому зараду, што знаходзіцца ў артыл. гільзе, а таксама для стварэння гукавых эфектаў пры феерверках і інш.
т. 12, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРО́НЫ [ад гіпер... + (нукл) оны],
нестабільныя барыёны з масамі, большымі за масу нейтрона. Час існавання гіперонаў каля 10−10 с. Характарызуюцца спец. квантавым лікам дзіўнасцю. Гіпероны (Λ° — гіпероны) адкрыты ў касм. прамянях (1947).
Вядомы некалькі тыпаў нейтральных і зараджаных гіперонаў: лямбда (Λ°), сігма (Σ+, Σ°, Σ−), ксі (Ξ, Ξ°) і амега (Ω), дзе верхнія знакі «+», «-» і «о» пры сімвалах гіперонаў пазначаюць знак эл. зараду, роўнага элементарнаму электрычнаму зараду. Для кожнага гіперона існуе адпаведная антычасціца. Гіпероны нараджаюцца ў моцных узаемадзеяннях, распадаюцца ў выніку слабых узаемадзеянняў на нуклоны і лёгкія часціцы: пімезоны, электроны і нейтрына. Уласцівасці гіперонаў можна растлумачыць у межах кваркавай мадэлі, паводле якой гіпероны, як і інш. барыёны, складаюцца з 3 кваркаў, прычым у склад гіперонаў абавязкова ўваходзіць S-кварк — носьбіт дзіўнасці. Пры ўзаемадзеянні часціц высокіх энергій з атамнымі ядрамі могуць узнікаць гіпер’ядры. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц.
А.І.Болсун.
т. 5, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПРУ́ЖАННЕ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЕ,
энергетычная характарыстыка ўчастка электрычнага ланцуга або электрычнага поля. Н.э. роўнае адносінам работы па перамяшчэнні эл. зараду з аднаго пункта поля ў другі да абс. велічыні гэтага зараду. У патэнцыяльных палях роўнае рознасці патэнцыялаў паміж гэтымі пунктамі і не залежыць ад шляху, па якім перамяшчаецца зарад.
Паняцце Н.э. ўвёў Г.Ом, які прапанаваў гідрадынамічную мадэль эл. току для тлумачэння адкрытага ім эмпірычнага закона (гл. Ома закон). Для аднароднага ўчастка ланцуга з пастаянным токам Н.э. U = IR, дзе I — сіла току, R — амічнае супраціўленне ўчастка ланцуга. Калі ўчастак неаднародны, U = IR + E, дзе E — электрарухальная сіла на гэтым участку. У ланцугах пераменнага току пад Н.э. разумеюць яго эфектыўнае значэнне, вызначанае па цеплавым уздзеянні току,
, дзе Umax — амплітуднае (найбольшае) значэнне напружання. Для вымярэнняў Н.э. ў эл. ланцугах карыстаюцца вальтметрамі. Адзінка Н.э. ў СІ — вольт.
т. 11, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОЕГАЛО́ЎКА ракеты,
галаўная частка ракеты, прызначаная для непасрэднага паражэння цэляў. Складаецца з корпуса, баявога зараду, падрыўнога прыстасавання і засцерагальна-выканаўчага механізма. Баявы зарад у залежнасці ад прызначэння можа быць ядзерным або звычайным. У стратэгічных ракет бывае адна або некалькі боегаловак, якія аддзяляюцца ў пэўных пунктах траекторыі яе палёту.
т. 3, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫНЕЙТРЫ́НА ( або ),
антычасціца нейтрына, якая адрозніваецца ад яго знакам лептоннага зараду і спіральнасцю. Мае спін 1/2 і масу такую ж, як і маса нейтрына. Існуюць 3 тыпы антынейтрына: электроннае, мюоннае і таўоннае, якія ўдзельнічаюць у працэсах слабага ўзаемадзеяння разам з электронам, мюонам і цяжкім лептонам адпаведна.
т. 1, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ПУНКТ, пункт нулявога зараду,
стан паверхні цела (ці часцінкі дысперснай фазы) у кантакце з растворам электраліту, які характарызуецца аднолькавай колькасцю станоўчых і адмоўных зарадаў у адсарбцыйным слоі. Адзін з асн. параметраў, што вызначае эл.-хім. ўласцівасці амфалітаў (напр., амінакіслот і бялкоў). Вызначэнне І.п. розных субстратаў арганізма праводзіцца з мэтай дыягностыкі.
т. 7, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАНО́СУ З’Я́ВЫ, кінетычныя працэсы,
нераўнаважныя працэсы, у выніку якіх у фіз. сістэме адбываецца прасторавы перанос эл. зараду, масы, імпульсу, энергіі ці інш. фіз. велічыні. Тэарэт. аснова вывучэння П.з. — кінетыка фізічная. Найб. агульны падыход да апісання П.з. грунтуецца на тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў.
Прычынай П.з. можа служыць аб’ёмная неаднароднасць шчыльнасці, т-ры, сярэдняй скорасці руху часціц сістэмы, уздзеянне знешняга эл. поля і інш. Ва ўсіх выпадках перанос адбываецца ў напрамку, адваротным градыенту адпаведнай велічыні. Да П.з. адносяць электраправоднасць (перанос эл. зараду пад уздзеяннем знешняга эл. поля), дыфузію (перанос рэчыва, у т. л. кампанентаў сумесі, пры наяўнасці ў сістэме градыента яго канцэнтрацыі), цеплаправоднасць (перанос цеплыні ў выніку градыента т-ры), вязкае цячэнне (перанос імпульсу, звязаны з градыентам сярэдняй масавай скорасці; гл. Вязкасць), а таксама тэрмадыфузію, гальванамагнітныя з’явы і тэрмамагнітныя з’явы, якія наз. перакрыжаванымі працэсамі (градыент адной фіз. велічыні выклікае перанос другой фіз. велічыні).
т. 12, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСЕ́КТАР (ад дыс... + лац. seco рассякаю),
адзін з відаў перадавальных тэлевізійных трубак без назапашвання эл. зараду. Мае лінейную залежнасць паміж уваходным (аптычным) і выхадным (эл.) сігналамі, малую інерцыйнасць. Пад уздзеяннем святла фотакатод выпрамяняе паток электронаў, частка якога накіроўваецца ў другаснаэлектронны памнажальнік, узмацняецца і пераўтвараецца на выхадзе Д. ў відэасігнал. Выкарыстоўваецца ў прыкладных тэлевізійных сістэмах.
т. 6, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ І ПРЫЁМ РАДЫЁХВА́ЛЬ,
працэс пераўтварэння энергіі крыніцы ваганняў электрычнага току (або зараду) у энергію бягучых электрамагнітных хваль і далейшага пераўтварэння энергіі гэтых хваль у энергію пераменнага электрычнага току. Ажыццяўляецца з дапамогай перадавальных і прыёмных антэн.
Для эфектыўнага выпрамянення (або прыёму) радыёхваль неабходны незамкнуты (адкрыты) эл. ланцуг, у якога адлегласць паміж участкамі з проціфазнымі ваганнямі току (зараду) параўнальная з палавінай даўжыні эл.-магн. хвалі (для патрэб тэле- і радыёвяшчання выкарыстоўваюцца эл.-магн. хвалі з даўжынёй да 2 км і частатой больш за 150 кГц) або такіх участкаў няма. У самым простым выпадку ланцуг складаецца з 2 аднолькавых адрэзкаў прамалінейнага проваду (сіметрычны вібратар; гл. таксама Герца вібратар), злучаных двухправоднай лініяй сувязі з крыніцай ваганняў. У кожны момант часу зарады адрэзкаў роўныя па модулі і процілеглыя па знаку (эл. дыполь), што вызначае канфігурацыю створанага эл. поля. Токі ў адрэзках супадаюць па напрамку, і таму сілавыя лініі створанага магн. поля — акружнасці. Прыём радыёхваль — працэс, адваротны працэсу выпрамянення. Гл. таксама Дыпольнае выпрамяненне.
А.П.Ткачэнка.
т. 4, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)