Гісторыя рэлігіі і рэлігійных устаноў на Беларусі. Канфесіянальная гісторыя і структура Беларусі абумоўлена яе геапалітычным становішчам на стыку зах. і ўсх. цывілізацый, існаваннем і пачарговым дамінаваннем усх. ці зах. хрысціянскіх традыцый. Для бел. грамадства характэрна поліканфесіянальнасць. Тут пашыраны розныя хрысціянскія канфесіі: праваслаўная, рымска-каталіцкая, грэка-каталіцкая, пратэстантызм; а таксама рэліг. аб’яднанні іудзеяў, мусульман, стараабраднікаў і інш.
Стараж. рэлігіяй беларусаў, якая ахоплівала ўсю сферу духоўнай і матэрыяльнай культуры, было язычніцтва. Яно існавала не адасоблена ад вераванняў суседніх слав. народаў, у ім старыя вераванні пастаянна дапаўняліся новымі. Звесткі аб поўным пантэоне стараж.-слав. багоў вельмі абмежаваныя. Вядомы вышэйшыя праслав. божаствы: Сварог (бог неба), Пярун (бог грому і маланкі), Вялес (бог жывёлагадоўлі), Дажбог (бог сонца і агню, земляробства), Хорс (бог сонца), Ярыла (бог плоднасці, прыбытку); больш ніжэйшыя божаствы (Род, Чур), божаствы, звязаныя з гасп. цыкламі і сезоннымі абрадамі (Зюзя, Цаца, Ляля, Цёця, Жыжаль, Жыцень), жаночыя божаствы (Макош і інш.). Існавалі божаствы, якія мелі абстрагаваныя функцыі: Доля, Ліха, Праўда, Крыўда, Трасца, Смерць і інш.; а таксама персанажы, якія знайшлі ўвасабленне ў казках і фальклоры (баба Яга, Кашчэй, Цмок, Цуда-Юда, лясны цар, вадзяны цар), розныя міфалагічныя істоты — персанажы нячыстай сілы, духаў, жывёл, звязаныя з міфалагічнай прасторай ад дома да лесу, балота, поля і г.д. (дамавікі, злыдні, лесуны, вадзянікі, палевікі, русалкі, ліхаманкі, мары і інш.).
Пасля прыходу на ўсходнеслав. землі хрысціянства ў 10 ст. шэраг язычніцкіх свят і абрадаў нар. календара зліліся з пэўнымі хрысц. святамі (суадноснымі па часе), атрымалі новыя назвы, да іх зместу дадалі хрысц. дагматыку. Так, стараж.-бел. калядны цыкл быў зліты з Раством Хрыста; веснавыя язычніцкія святы ўвайшлі ў склад Вялікадня; летнія — у склад Тройцы, нараджэння Іаана Хрысціцеля, Пятрова і Ільіна дня; восеньскія, у т. л. Дзяды, зліліся са Спасам, Пакровам Багародзіцы. Культы язычніцкіх слав. багоў былі выцеснены святамі ў гонар розных хрысціянскіх святых. Вышэйшыя персанажы слав. міфалогіі сталі разглядацца як адмоўныя ці атаясамлівацца з хрысц. святымі (Пярун са святым Ільёй, Вялес са святым Уласам, Ярыла са святым Юрыем і г.д.). Ніжэйшыя ўзроўні язычніцкай міфалогіі, як больш устойлівыя, стварылі складаныя спалучэнні з хрысціянствам. У нар. вераваннях і магічна-абрадавай практыцы захаваліся дэманалогія (вера ў лесуна, дамавіка, шматлікіх злых духаў — нячысцікаў); культ продкаў (дзядоў). Рэшткі язычніцтва дайшлі да нашага часу ва ўяўленнях, вераваннях, абрадах, звычаях, вуснай нар. творчасці беларусаў. Многія язычніцкія элементы трывала ўвайшлі ў хрысціянства, ствараючы вельмі складаныя спалучэнні. Стараж. традыцыі знайшлі ўвасабленне ў духоўных вершах (кантычкі, песні з «Богагласніка»), якія выконваліся на Беларусі старцамі-жабракамі і па форме і музычным выкананні працягвалі агульнаслав. традыцыю выканання эпічных песень на славянскія міфалагічныя сюжэты. Стараж. ўсходнеслав. абрады ўвайшлі ў праваслаўныя і уніяцкія святочныя і агульныя чынапаследаванні, якія ўжываліся бел. святарамі ў 16—18 ст. (напр., «чин врачевания болезнующих», малітвы «аб трасавіцах»). Даты нар. календара сталі залежнымі ад хрысціянскага, але ў значнай ступені захавалі язычніцкае паходжанне. Змест гэтых трансфармаваных хрысц. свят у нар. свядомасці заставаўся пераважна ранейшым — язычніцкім, бо іх дастасаванне да хрысціянскіх адбывалася па форме, а не па сутнасці і структуры. Народ па-свойму асэнсоўваў значную частку царк. свят, што адбілася на існаванні і захаванні язычніцкіх абрадавых элементаў і нават назваў свят у хрысц. календары, аж да нашага часу. Так, у большасці рэгіёнаў Беларусі ў праваслаўнага насельніцтва дванадзесятыя і вял. святы маюць наступныя назвы: Стрэчанне — Грамніцы, Пяцідзесятніца — Клечанне, Фаміны тыдзень — Провады, Прапалавінне Пяцідзесятніцы — Сёмушная серада, Узнясенне Гасподняе — Ушэсце, Усекнавенне галавы Іаана Прадцечы — Галавасек, Раство Багародзіцы — Прачыстая ці Малая Прачыстая, Вялікі Чацвер — Жальнік, пярэдадзень Раства — Каляды ці Куцця, пярэдадзень Богаяўлення — Водная Каляда, а пярэдадзень Новага года — Шчадруха, Пераўтварэнне — Спас, Успенне — Зельная, ці Вялікая Прачыстая, ці Спажа і г.д. Ва ўсіх вялікіх святах хрысц. календара захавалася сувязь з сезонамі года (як, напр., упрыгожанне інтэр’ераў храмаў у час суадносных свят зелянінай: галінкамі дрэў і лісцем — на Тройцу; асвячэнне першых квітнеючых дрэў (вярбы) — на Вербную Нядзелю; асвячэнне садавіны, гародніны, мёду і збожжа — на тры Спасы; асвячэнне і ўдзячнасць Богу за сабраны ураджай на каталіцкія і праваслаўныя восеньскія святы, пратэстанцкія Дні Жніва і інш.). Абавязковае памінанне памерлых, што паходзіць ад усходнеславянскага культу продкаў, прымеркавана да большасці вялікіх свят хрысц. календара, такіх, як Вялікдзень (Радаўніца), Тройца (Траецкая-Сёмушная бацькоўская субота), восеньскіх свят (Дзяды, Асяніны, ці Змітраўская бацькоўская субота, і каталіцкі Дзень Задушны). Большасць язычніцкіх па паходжанні абрадаў маюць на мэце забеспячэнне дабрабыту сям’і і добрага ўраджаю, прыплоду жывёлы і пазбаўленне ад хвароб, сурокаў, нячыстай сілы і варажбы. Тая ж іх сутнасць захавалася і ў хрысц. па форме і язычніцкіх па сутнасці абрадах.
Працэс хрысціянізацыі ўсх. славян быў даволі складаны і доўгі. У выніку адаптацыі хрысціянства да славянска-язычніцкіх духоўных традыцый і культурных каштоўнасцей склаўся рэліг. сінкрэтызм (зліццё царк. і нар. язычніцкай традыцыі), які захоўваецца на працягу многіх стагоддзяў ва ўсх.-слав. народаў, у т. л. ў беларусаў. Увядзенне хрысціянства ва ўсходнеслав. землях палажыла канец афіц. існаванню язычніцтва. Хрысц. місіянерская праграма прадугледжвала барацьбу з язычніцтвам — знішчэнне язычніцкіх капішчаў і ідалаў і будаўніцтва на іх месцы хрысц. храмаў.
Гісторыя праваслаўнай царквы на бел. землях пачалася з запазычання царк. традыцыі Усх. (Візантыйскай) царквы, разам з догматамі, клірам, святамі і абрадамі. Ужо ў канцы 10—11 ст. на бел. землях стварыліся епіскапскія кафедры, сфарміраваліся пэўныя элементы богаслужэння, якія ў агульных рысах дайшлі да нашых часоў (пераняты ад Візантыі каляндар асноўных і дванадзесятых свят з іх канонам, літургіяй, царк. паданнем і спевамі на царк.-славянскай і грэчаскай мовах).
Калыскай хрысціянства на Беларусі лічыцца стараж. Полацк. Полацкая епархія ўзнікла ў 992 і знаходзілася ў юрысдыкцыі Кіеўскіх мітрапалітаў. Першы вядомы полацкі епіскап Міна (згадваецца ў летапісах пад 1105) доўгі час быў манахам Кіева-Пячэрскага манастыра. У 10—11 ст. у Полацку пабудаваны храмы. У ліку найб. старажытных храмаў на бел. землях лічыцца царква Багародзіцы, пабудаваная ў 1001 у Друцку (горад Полацкага княства). У Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1007 згадваецца царква Багародзіцы ў Полацку. У сярэдзіне 11 ст. пры Усяславе Брачыславічу ў Полацку пабудаваны Сафійскі сабор, які на працягу некалькіх стагоддзяў заставаўся кафедральным храмам полацкіх епіскапаў і духоўным сімвалам горада. На бел. землях аформілася манастырская арг-цыя. Паводле сведчання летапісных крыніц, першы манастыр заснаваны ў час праўлення кіеўскага вял. князя Уладзіміра яго жонкай полацкай княжной Рагнедай (у манастве Анастасія) у стараж. Ізяслаўлі (сучасны г. Заслаўе). Самы стараж. з манастыроў Міншчыны — Спаса-Вазнясенскі заснаваны ў канцы 10 — пач. 11 ст. У Полацкім княстве перыядам росквіту манаскага жыцця лічыцца 12 ст., якое звязана з дзейнасцю Ефрасінні Полацкай. У 11—13 ст. фарміраваліся новыя айч. святы, звязаныя з ушанаваннем гіст. асоб (напр., прападобнай Ефрасінні Полацкай і епіскапа Кірылы Тураўскага), складаліся замест грэчаскіх свае царк. песнапенні, каноны і стыхіры, з суайчыннікаў фарміраваўся і праваслаўны клір, які ў паўсядзённым жыцці і ў час богаслужэння карыстаўся зразумелай для народа мовай. Разам з хрысціянствам на бел. землях пачала распаўсюджвацца богаслужэбная літаратура. Хрысціянізацыя паводле праваслаўнага абраду мела тую перавагу, што ўсх. царква не звязвала богаслужэнне моўным канонам. Візантыйская царква дапускала выкананне ў богаслужэнні любой некананічнай мовы. Богаслужэбная літаратура, якая прыйшла з Візантыі, перакладалася на слав. мову. Яна была даволі разнастайнай і складалася з царк. песнапенняў (канонаў, стыхіраў, кандакоў, ікасаў патрыярха Сафронія, Іаана Дамаскіна, Грыгорыя Назіянзіна), твораў Афанасія Александрыйскага, Васіля Вялікага, Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына, «Златаструя», складзенага ў Балгарыі пры цару Сімяоне ў 10 ст.; розных мінеяў, пралогаў, палеяў, апокрыфаў і інш. Неабходныя для богаслужэння кнігі (Евангелле, Апостал, Служэбнік, Часаслоў, Псалтыр, Актоіх), перакладзеныя на царкоўнаславянскую мову яшчэ Кірылам і Мяфодзіем, перайшлі ад паўд. славян.
Праваслаўе было дамінуючай рэлігіяй у Вялікім княстве Літоўскім (ВКЛ) на працягу 13—16 ст. Першапачаткова праваслаўная царква ў ВКЛ падпарадкоўвалася Кіеўскай, потым Маскоўскай мітраполіі. У 1415 пры вялікім князю Вітаўце створана самастойная Літоўская (Кіеўская) мітраполія на чале з мітрапалітам Грыгорыем Цамблакам. Да 1686 яна падпарадкоўвалася канстанцінопальскаму патрыярху. У яе ўваходзілі 8 епархій ВКЛ. У 16—17 ст.бел. праваслаўная царква імкнулася да незалежнасці ад Маскоўскай мітраполіі. Сфарміраваліся некаторыя спецыфічныя рысы бел. праваслаўных свят і святочныя дні, прысвечаныя новым славянскім святым, існавалі братчыны, ушаноўваліся пятніцы. У гэты перыяд складзены вельмі пашыраныя пазней на Беларусі песні да свят Гасподніх і Багародзічных, якія сабраны ў зб-кі «Багагласнік» і «Песні благагавейныя». Яны выконваліся ў час царк. службаў (пры хрэсных шэсцях, літургіі) і маглі нават замяняць сабой богаслужэнні (напр., песні на Раство Хрыстова). Значнае месца займалі выданні кніг Свяшчэннага Пісання і катэхізацыйных тэкстаў на старабел. мове. Гэта найперш выданні Францыска Скарыны: «Апостал» (Вільня, 1525), «Малая падарожная кніжка» (Вільня, каля 1525), «Біблія» (Прага, 1517—19). Сярод інш. беларускамоўных выданняў «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568); пераклад Евангелля (1556—61), выкананы па даручэнні княгіні Анастасіі Гальшанскай; «Катэхізіс», падрыхтаваны Лаўрэнціем Зізаніем (Масква, 1627); «Праваслаўнае спавяданне веры» Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы (Кіеў, 1640); «Псалтыр рыфматворная», выдадзеная Сімяонам Полацкім (Масква, 1680); «Катэхізіс» Феафана Пракаповіча, перакладзены ў 1757 свяціцелем Георгіем (Каніскім); «Катэхізіс», падрыхтаваны святаром Міхалам Баброўскім; шматлікія багаслоўскія працы накшталт «Веры праваслаўнай» (Вільня), «Кантычка» (Полацк) і інш. Аформіўся культ цудатворных абразоў Божай Маці (Жыровіцкі, Бялыніцкі, Віленскі, Пачаеўскі і інш.), якія напачатку ўшаноўваліся праваслаўнымі вернікамі, потым таксама уніятамі і католікамі. Да гэтых святынь адбываліся паломніцтвы, з імі праводзіліся ўрачыстыя шэсці, яны пакінулі значны след у бел. праваслаўным календары.
У 13—14 ст. на тэр. Беларусі пачала пашырацца і рымска-каталіцкая царква. Паводле сведчанняў летапісцаў, пачатак фарміравання бел. каталіцкай традыцыі — час княжання ў ВКЛ Міндоўга (сярэдзіна 13 ст.). Трывала рымска-каталіцкая царква замацавалася ў ВКЛ пры вял.кн. Ягайле, калі ён сам прыняў каталіцтва і заснаваў Віленскае біскупства. Да 1500 на Беларусі (паводле падлікаў гісторыкаў) існавала 90 каталіцкіх парафій. Каталіцтва атрымала большае пашырэнне сярод літоўцаў, палякаў, латышоў, яцвягаў і прусаў, якія ў сярэдневякоўі аселі ў паўн.-зах. раёнах Беларусі; меншае — сярод беларусаў, дзе каталіцтва распаўсюджвалася ў гэты перыяд (за выключэннем вышэйшага саслоўя) шляхам змешаных шлюбаў. У 1-й пал. 16 ст. пабудавана шмат касцёлаў, у 1550 дзейнічалі 152 парафіі. Адначасова складваўся культ каталіцкіх бел. святых, шануемых абразоў, падзей нац. гісторыі, сваіх свят, асаблівасцей календара. Атрымала распаўсюджанне богаслужэбная літаратура на лацінскай мове, на якой у каталіцкіх храмах таксама праводзілася літургія. У паўсядзённым жыцці каталіцкі клір на тэр.ВКЛ, які складаўся з палякаў, беларусаў і літоўцаў, карыстаўся дзярж. мовай ВКЛ — старабеларускай. Пасля Крэўскай уніі 1385 праваслаўная царква ў ВКЛ была пазбаўлена ранейшых правоў і прывілеяў (вернуты вял. князем Казімірам). У 16 ст. большасць насельніцтва ВКЛ спавядала праваслаўную веру, у т. л. сярод эліты праваслаўнымі лічылася каля 70%. Пасля Люблінскай уніі 1569 пачалося актыўнае і масавае распаўсюджанне каталіцкай царквы на бел. землях. Барацьба паміж зах. і ўсх. хрысціянскімі традыцыямі ў 1-й пал. 17 ст. скончылася перамогай заходняй. Каталіцкая царква здолела вярнуць сабе парафіі і храмы, страчаныя ў выніку рэфармацыйнага руху. Паводле даных Віленскага сінода, у 1669 у 13 дэканатах паўн.-зах. Беларусі і ў зах. частцы Полацкага дэканата існавала 165 парафій. Акаталічванне насельніцтва суправаджалася паланізацыяй, якая ў большай ступені закранула магнацка-шляхецкае саслоўе ВКЛ. У 1696 прынята пастанова, якая канчаткова выцесніла бел. мову са справаводства, замяніўшы яе на польскую. Паланізацыя закранула і каталіцкую богаслужэбную літаратуру, і клір. На тэр.ВКЛ акрамя кананічнай асновы і прыкладнай аднастайнасці абраднасць набыла мясц. рысы, звязаныя са з’яўленнем культу асабістых святых (напрыклад, св. Казіміра, св. Станіслава Косткі, св. Андрэя Баболі і інш.), сваіх парафіяльных свят і іх рэгіянальных асаблівасцей; асабістага культу і гісторыі цудатворных абразоў Божай Маці. У ВКЛ большасць цудатворных абразоў аднолькава шанавалася католікамі, праваслаўнымі і уніятамі.
У 1-й пал. 16 ст. з Зах. Еўропы на бел. землі пашырылася буйное адгалінаванне хрысціянства — пратэстантызм, яго кірункі — кальвінізм, лютэранства, арыянства — атрымалі даволі шырокае распаўсюджанне сярод усіх слаёў насельніцтва. Найб. пашырэнне атрымала рэфармацтва (кальвінізм), прапагандыстам і патронам якога быў першы саноўнік дзяржавы, рэгент каралеўства, князь Мікалай Радзівіл Чорны. Яго намаганнямі ў 1553 у Вільні заснавана 1-я пратэстанцкая абшчына, а ў канцы 1550-х г. такія абшчыны ўзніклі ў Нясвіжы, Брэсце, Клецку, Койданаве, Мордах і інш. Крыніцы сведчаць, што рэфармацкі рух меў вялікі размах. На тэр. Рэчы Паспалітай ён спынены толькі ў 17 ст. ў выніку моцнага процідзеяння каталіцкай царквы, асабліва ордэна езуітаў. Да пач. 17 ст. з 180 рэфармацкіх збораў 6 акруг Беларусі і Літвы засталіся 93 цэрквы, да пач. 18 ст. — 48, а з 32 цэркваў Беларускай акругі — толькі 2, таму бел. дыстрыкцыя была скасавана. Рэфармацыя на Беларусі мела нац. рысы і зрабіла значны ўклад у яе гісторыю і культуру. Сведчанне таму і богаслужэнні на бел. мове, і пратэстанцкія пераклады Свяшчэннага Пісання («Евангелле» Васіля Цяпінскага, «Катэхізіс» Сымона Буднага і інш.).
У 16—17 ст. на Беларусі пачала распаўсюджвацца уніяцкая (грэка-каталіцкая) царква. На Брэсцкім саборы 1596 заключана царкоўная унія, і большая частка праваслаўнага епіскапату ВКЛ была падпарадкавана вярх. ўладзе папскага прастола. У час станаўлення уніі і яе пацвярджэння ў Рыме папам замацаваны за уніятамі ўсе ранейшыя богаслужэбныя кнігі, з усімі таінствамі, службай, абрадамі і цырымоніямі ўсх. царквы ў тым выглядзе, у якім яны былі да уніі, а таксама царкоўнаслав. і бел. мовы набажэнства і казанняў. Пачаліся прыцясненні і праследаванні праваслаўнага насельніцтва, звязаныя з прымусовым распаўсюджаннем уніяцкай царквы на тэр.ВКЛ. Нягледзячы на процістаянне праваслаўных вернікаў, уніяцтва даволі хутка пашырылася ў ВКЛ. У 17—18 ст. унія стала найбольш распаўсюджанай сярод насельніцтва ВКЛ. На 1790 на бел. землях Рэчы Паспалітай католікі складалі 15% ад усяго насельніцтва, уніяты — 70%, праваслаўныя — 6%. На бел. мове выдавалася уніяцкая рэлігійная літаратура, развіваліся бел. іканаграфія, музыка, архітэктура. Пасля Замойскага сабора 1720 пачаўся працэс паланізацыі і пранікнення каталіцкіх элементаў ва уніяцкую абраднасць і богаслужэнне. Адбыліся змены і ва уніяцкім календары: з’явіліся каталіцкія святы, пад уплывам базыльян у богаслужэнне стала ўводзіцца польская мова.
У сувязі з пераходам большасці насельніцтва ва уніяцтва, а большасці магнатаў і шляхты ў каталіцтва ў праваслаўнай царкве таксама адбыліся значныя змены. У 1686 са згоды канстанцінопальскага патрыярха Кіеўская мітраполія падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Кіеўскія мітрапаліты сталі прызначацца маскоўскімі патрыярхамі (з 1723 Свяцейшым Сінодам). 17—18 ст. адметныя з’яўленнем вялікай колькасці славутых асоб, прадстаўнікоў праваслаўнай царквы ВКЛ — братоў Зізаніяў, архімандрыта Лявонція Карповіча, Мялеція Сматрыцкага, ігумена Афанасія Філіповіча, Сімяона Полацкага і інш., многія з якіх пазней кананізаваны і ўвайшлі ў Сабор бел. святых.
З 14 ст. на Беларусі існавалі і інш. этнаканфесіянальныя групы: яўрэі-іудзеі, татары-мусульмане. Першыя групы яўрэяў эмігрыравалі на бел. землі з Германіі, Польшчы і Украіны. У канцы 18 ст. на землях ВКЛ было больш за 300 тыс. яўрэяў-іудзеяў. У асобных гарадах і мястэчках Беларусі іх колькасць дасягала 40 і нават 80%. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі для яўрэяў была вызначана т. зв. «мяжа аселасці», якая ахоплівала і бел. землі. Да 1897 колькасць яўрэйскага насельніцтва ў бел. губернях павялічылася да 1202 тыс.чал. У асноўным гэта былі прадстаўнікі артадаксальнага іудаізму, частка спавядала хасідызм. У канцы 19 — пач. 20 ст. каля 60% яўрэяў пражывала ў гарадах, што паўплывала на гарадскую культуру на Беларусі.
У канцы 14 ст. на тэр.ВКЛ з’явілася этнаканфесіянальная група татараў-мусульман. Асн. цэнтрамі іх рассялення былі раёны Клецка, Мінска, Слуцка, Койданава, Гродна, Іўя, Давыд-Гарадка, Навагрудка, Ашмян і інш. Колькасць бел. татараў па розных звестках складала ад 30 да 60 тыс. чалавек. Яны спавядалі іслам суніцкага кірунку Абу Ханіфа (ханіфіты).
З сярэдзіны 17 ст. на тэр. Беларусі перасяліліся прадстаўнікі этнаканфесіянальнай групы рус. стараабраднікаў (папоўцы і беспапоўцы), якія знайшлі тут прытулак ад ганенняў пасля царк. рэформы ў Расіі патрыярха Нікана.
Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі канфесіянальная структура стала мяняцца. Напярэдадні 3 падзелаў Рэчы Паспалітай на Беларусі заставалася толькі 1 праваслаўная епархія з епіскапскай кафедрай у Магілёве. У 1793 створана Мінская праваслаўная епархія. Пазней адноўлена дзейнасць старых епіскапскіх кафедраў і створаны новыя. У адпаведнасці з указам 1795 Кацярыны II пачаўся працэс пераходу уніятаў у праваслаўе. Да праваслаўнай царквы быў далучаны 721 прыход з 463 святарамі і прыхаджанамі. Паводле афіц. даных у пач. 19 ст. да праваслаўнай царквы далучылася больш за 2 мільёны былых уніятаў. У 1839 Полацкі царк. сабор абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з праваслаўнай царквой. Уніяцтва фактычна было забаронена. У выніку да праваслаўнай царквы далучана каля 1607 прыходаў і 1600 тыс. вернікаў. Былым уніятам пакінуты толькі абрады і звычаі, якія «не супярэчылі сутнасці праваслаўя». Каб дасягнуць аднастайнасці ў царк. абраднасці бел. і рус. праваслаўных вернікаў, распаўсюджваліся рас. богаслужэбныя выданні, якія павінны былі замяніць старыя, часоў ВКЛ. Пачалося распаўсюджванне святынь, звязаных з імёнамі рас. святых і дзеячаў царквы. У іх гонар будаваліся цэрквы, асвячаліся прастолы, многія рас. абразы пачалі шанавацца як цудатворныя. Адначасова праводзілася афіц. палітыка русіфікацыі, для чаго павінна была прычыніцца і царква. Паводле сведчанняў рас. святароў, якія служылі ў бел. прыходах, праваслаўная абраднасць мела тут яўныя сляды ўплыву каталіцкай і уніяцкай абраднасці, старыя богаслужэбныя кнігі нярэдка былі таксама уніяцкага паходжання, па якіх да 1880-х г. служылі «тысячы праваслаўных святароў Заходняга Краю Расіі». На далучанай да Рас. імперыі ў 1772 тэр. Беларусі ў 1773 створана Беларуская рымска-каталіцкая епархія (з 1782/83 — Магілёўская архіепархія), якой былі падпарадкаваны кляштары і касцёлы. У Расіі апынуліся каля 100 тыс. католікаў лацінскага і 800 тыс. грэка-каталіцкага абрадаў: першыя падлягалі юрысдыкцыі архібіскупа магілёўскага, другія — свайго мітрапаліта кіеўскага. Каталіцкае насельніцтва лацінскага абраду ў тагачаснай канфесіянальнай структуры Беларусі складала 14—15% (ад агульнай колькасці насельніцтва ў 1795 каля 3 млн.). У 2-й пал. 19 ст. ў прылеглых да літоўскай мяжы Браслаўскім, Лідскім, Ашмянскім, Радунскім і Свірскім дэканатах католікі складалі пераважную большасць насельніцтва, іх колькасць ва ўсх. і паўд. напрамку паступова змяншалася да некалькіх працэнтаў. Паводле статыст. звестак у 1781 на Беларусі католікаў было 428,9 тыс.чал. У 1801 для кіравання лацінскай царквой у Рас. імперыі ўтворана Рымска-каталіцкая духоўная калегія. У 19 ст. сярод насельніцтва Беларусі было каля 4/5 праваслаўных вернікаў (з далучанымі уніятамі) і 1/5 католікаў; каталіцтва, як і раней, было найб. распаўсюджана сярод магнатаў і шляхты. На абмежаванне дзейнасці каталіцкай царквы ў Рас. імперыі паўплывала паўстанне 1830—31, у якім актыўны ўдзел прынялі каталіцкае духавенства і манаства. Указам ад 19.7.1832 у зах. губернях скасавана 199 кляштараў, уведзена цэнзура на царкоўныя казанні.
З прычыны пераходу уніятаў у каталіцтва 31.12.1839 выдадзена распараджэнне дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў віцебскаму, смаленскаму і магілёўскаму ген.-губернатару князю Далгарукаму «аб мерах па спыненні пераходу з праваслаўя ў каталіцтва». У 1864 пры Мін-ве ўнутр. спраў Рас. імперыі былі распрацаваны статыстычныя матэрыялы аб канфесіянальнай структуры Беларусі: у 5 губернях (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) было 2502,1 тыс. праваслаўных, 1333,7 тыс. католікаў, 19 951 пратэстант, 37 121 старавер і 463 217 іудзеяў. Найб. падрабязныя звесткі па веравызнанні былі атрыманы ў выніку ўсеагульнага перапісу насельніцтва Рас. імперыі ў 1897. У 40 паветах з большасцю бел. насельніцтва 66,6% адносілі сябе да праваслаўнага веравызнання (у т. л. 62,3% беларусаў), 18,1 % — да каталіцтва (12,4% беларусаў), 13,5% — да іудаізму, 1,8% — да астатніх рэлігій. Найбольш праваслаўных было сярод жыхароў Магілёўскай губ. (83,1%, у т. л. 80,6% беларусы); католікаў — у Віленскай губ. (58,8%; 32,8% беларусы). У 5 бел. губернях пражывала 5114,7 тыс. праваслаўных, 1947,6 тыс. католікаў, 83 022 стараверы (у Віцебскай губ.), 1209, 8 тыс. іудзеяў, 13 877 мусульман (разам з Валынскай і Ковенскай губ.). Спробы царскіх улад прымусіць ксяндзоў весці набажэнствы на рус. мове не мелі поспеху. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачаўся працэс нац. абуджэння, фарміравання нац. самасвядомасці, з’явіліся пераклады Свяшчэннага Пісання і каталіцкай рэліг. літаратуры на бел. мову (катэхізісы, малітоўнікі, кантычкі і г.д.). У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі з’явіліся новыя пратэстанцкія кірункі: баптызм (з 1880-х г.), евангельскае хрысціянства, ці пашкоўшчына, містычнае вучэнне Кандрація Маляванага, адвентызм сёмага дня (з 1910). Іх пашырэнне на Беларусі было вынікам дзейнасці нямецкіх і англійскіх прапаведнікаў, міграцыі сялян і гараджан. У пач. 20 ст. на тэр. Беларусі налічвалася каля 1 тыс. паслядоўнікаў баптызму і евангельскага хрысціянства (часткова сярод ням. каланістаў, у асн. сярод беларусаў), а таксама некалькі дзесяткаў адвентыстаў (у асн. сярод немцаў, якія перайшлі ў адвентызм з лютэранства). У 1920—30-я г. канфесіянальная гісторыя ўсх. і зах. Беларусі набыла адрозненні, звязаныя з іх рознымі гіст. лёсамі.
Аддзяленне царквы ад дзяржавы і школы ад царквы. Пасля ўстанаўлення сав. улады СНК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы», у якім былі абвешчаны дэмакратычныя рэліг. свабоды і правы ўсіх рэліг. аб’яднанняў перад законам, а таксама гарантаваны правы кожнага грамадзяніна спавядаць любую рэлігію ці не спавядаць ніякай. Аднак паступова ўмовы для рэліг. дзейнасці на тэр.БССР рэзка пагоршыліся.
8.4.1929 ВЦВК РСФСР выдаў пастанову «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якая замацавала абавязковую рэгістрацыю рэліг. т-ваў; дзейнасць рэліг. арг-цый абмежавана задавальненнем рэліг. запатрабаванняў вернікаў у межах малітоўных дамоў; забараняліся місіянерская дзейнасць, рэліг. прапаганда, матэрыяльная падтрымка цэркваў і інш. Адзначаюць 3 хвалі ганенняў на ўсе канфесіі: 1929—30, 1932—34, 1936—38. У гэтыя гады ў сав. Беларусі вялася жорсткая барацьба з рэлігіяй: зачыняліся цэрквы і манастыры (пазней іх перабудавалі ў сховішчы, клубы, школы і інш. ўстановы); падвергнуты ганенням духавенства, манахі, вернікі (незалежна ад веравызнання). Канфесіі страцілі значную частку сваіх малітоўных будынкаў, цэркваў, касцёлаў; храмы былі разрабаваны, знікла шмат культавых рэчаў, сярод якіх былі і свяшчэнныя (у 1921 у вернікаў адабрана сярэбраная рака і крыж прападобнай Ефрасінні — аб’екты пакланення і паломніцтваў). Паводле звестак камісіі па аддзяленні царквы ад дзяржавы на 1.1.1930 на тэр. Беларусі яшчэ дзейнічала 1766 рэліг. аб’яднанняў: 1022 праваслаўныя, 111 рымска-каталіцкіх, 547 іудзейскіх, 86 пратэстанцкіх; у 1930—31 пад культурныя і гасп. ўстановы былі перададзены 573 праваслаўныя цэрквы, 29 касцёлаў, 366 сінагог, 2 капліцы, 52 малітоўныя дамы. Да канца 1936 на тэр.БССР засталося толькі 11% культавых будынкаў. 23.7.1922 абвешчана Бел. праваслаўная мітраполія на чале з епіскапам мінскім Мелхіседэкам (Паеўскім). Аднак яе дзейнасць хутка заняпала (у 1925 мітрапаліт быў выкліканы ў Маскву, зняволены ў турму, а потым высланы ў Краснаярск). Пры сав. уладзе ў праваслаўнай царкве было справакавана ўзнікненне т. зв. абнаўленства, якое павінна было аслабіць царк. арг-цыю — разбурыць яе знутры, знізіць аўтарытэт царквы і яе ўплыў на вернікаў. Да 1923 большасць праваслаўных іерархаў вымушана была прыняць абнаўленскае кіраўніцтва, абнаўленцам перададзена большасць дзеючых цэркваў (да 1924—500 храмаў). У ліст. 1917 адрадзіла дзейнасць Мінская рымска-каталіцкая дыяцэзія. Аднак пасля ад’езду з Расіі біскупа Дэрбіньі, які ў 1925 афіцыйна прыязджаў з Рыма ў Маскву для ўрэгулявання духоўных спраў каталіцкага касцёла, пачалася хваля арыштаў і рэпрэсій каталіцкага духавенства. Мінскі каталіцкі епіскап Зыгмунд Лазінскі ў 1925 пад пагрозай арышту выехаў у Польшчу і заснаваў сваю кафедру ў Пінску. Услед за епіскапам з БССР у Польшчу выехалі многія каталіцкія святары. Царк.-рэлігійнае жыццё епархіі хутка сціхла, касцёлы перададзены пад культ.-гасп. ўстановы. Культавыя рэчы вернікі хавалі ў дамах, у лепшым выпадку перадавалі ў музеі. Дэклараваныя гарантыі рэліг. свабод і магчымасць законным шляхам рэгістраваць абшчыны і малітоўныя дамы ў 1 -я гады існавання сав. улады выклікалі ажыўленне рэліг. дзейнасці пратэстантаў: былі заснаваны новыя абшчыны, пабудаваны малітоўныя дамы, пачалі дзейнічаць заснаваныя евангельскімі хрысціянамі і баптыстамі калектыўныя гаспадаркі і камуны, выдавалася шмат рэліг. літаратуры. Актыўнасць пратэстанцкіх арг-цый у краіне сустрэла процідзеянне з боку антырэліг. арганізацый, асабліва створанага ў 1925 Саюза ваяўнічых бязбожнікаў СССР (у 1926 створаны яго бел. філіял). У крас. 1929 на II Усесаюзным з’ездзе Саюза ваяўнічых бязбожнікаў прынята рэзалюцыя, у якой абвяшчалася праграма барацьбы з сектанцтвам і канстатавалася, што «рэлігійныя арганізацыі ў асобе іх вярхоў, прапаведнікаў, актывістаў з’яўляюцца палітычнай агентурай і ваенна-шпіёнскімі арганізацыямі міжнароднай буржуазіі». З 1937 усе абшчыны перайшлі на нелегальнае становішча, шмат вернікаў і прэсвітэраў рэпрэсіравана. У гэты перыяд абраднасць вымушана набыла сямейны, хатні характар і перамясцілася з храмаў ці малітоўных дамоў у дамы вернікаў. Сама сям’я павінна была як бы ператварыцца ў царк. абшчыну, дзе ролю святара з прычыны яго адсутнасці выконваў галава сям’і. Веравызнанне захавалася на ўзроўні ўшанавання найб. вялікіх рэліг. свят і выканання самых неабходных рытуальных дзействаў — малітваў, спеваў, пастоў, рытуальных страў, выканання гал. таінстваў — хрышчэння, вянчання, адпявання.
У Польшчы, у складзе якой з 1921 знаходзілася Зах. Беларусь, у 1922 абвешчана (у 1924 кананічна прызнана канстанцінопальскім патрыярхам) Польская аўтакефальная праваслаўная царква на чале з варшаўскім мітрапалітам Дыянісіем. У 1939 у ёй існавала 5 епархій, у т. л. Віленская, Гродзенска-Навагрудская і Палеская. Дзярж. ўлады Польшчы праводзілі актыўную палітыку акаталічвання і паланізацыі праваслаўнага насельніцтва. Шмат цэркваў было зачынена або перададзена католікам (больш як 1300 былых праваслаўных храмаў ператворана ў касцёлы). З 1921 да 1931 доля праваслаўнага насельніцтва зменшылася з 57,3 да 56,6%.
Каталіцкі касцёл у Зах. Беларусі меў прывілеяванае становішча. Канкардат польскай дзяржавы з Папскай курыяй гарантаваў ёй правы і прывілеі. З 1921 тут існавалі 2 рымска-каталіцкія епархіі: Віленскае архібіскупства-мітраполія і Пінскае біскупства, кожная з іх мела сваю духоўную семінарыю, у Вільні пры ун-це дзейнічаў багаслоўскі факультэт. Паводле перапісу насельніцтва 1931 у Віленскім, Навагрудскім, Палескім ваяводствах з 3465 тыс. жыхароў 1202 тыс. чалавек (34,6%) аднеслі сябе да каталіцкага веравызнання і прызналі польскую мову роднай. Гэта было вынікам таго, што духавенства было польскае і праводзіла актыўную паланізацыю сваіх прыхаджан. Дзярж. ўлады Польшчы актыўна процідзейнічалі аднаўленчаму руху сярод бел. ксяндзоў, пашырэнню беларускамоўнай рэліг. літаратуры і ўжыванню бел. мовы ў набажэнстве. Спроба ксяндзоў Казіміра Сваяка, Язэпа Германовіча, Вінцэнта Гадлеўскага, Адама Станкевіча і інш. ўвесці бел. мову ў набажэнства сустрэла актыўнае процідзеянне іерархаў царквы і нават мясц. шляхты. Была таксама спроба адрадзіць бел. грэка-каталіцкую царкву. У 1920-я г. езуіты заснавалі місіянерскія базы ў Альбярціне, Вільні, Любліне, Дубне і Пінску. Пасля дзесяцігадовай місіянерскай працы ў 1935 уніяты мелі: у Віленскім архібіскупстве 4 прыходы, 7 святароў і каля 3 тыс. прыхаджан; у Пінскім біскупстве 12 святароў і каля 6 тыс. прыхаджан; у Падляшшы 9 святароў і каля 3200 прыхаджан; у Альбярціне (каля Слоніма) 50 місіянераў і каля 300 прыхаджан. Але спробы аднаўлення уніяцтва на Беларусі не спраўдзіліся ў поўнай меры (да 1941 засталіся толькі 3 грэка-каталіцкія абшчыны); ва ўмовах канспірацыі дзейнічаў створаны ў маі 1940 экзархат Беларусі на чале з А.Неманцэвічам. У 1920—30-я г. на тэр.Зах. Беларусі (пераважна на Палессі) у выніку дзейнасці рээмігрантаў і місіянераў з Амерыкі, замежных (нямецкіх, амерыканскіх, англійскіх) місій пашыраліся пратэстанцкія веравучэнні (пяцідзесятніцтва, евангельскае хрысціянства, баптызм, іегавізм, адвентызм). Заснаваныя на Палессі абшчыны існуюць і ў наш час.
Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР кіраўніцтва СССР вымушана было лічыцца з вял. колькасцю вернікаў на далучаных землях. Праваслаўнае і каталіцкае духавенства Зах. Беларусі стала асновай для аднаўлення і развіцця духоўнага і царк. жыцця насельніцтва Беларусі. Быў прадоўжаны працэс фарміравання бел. хрысціянскай традыцыі са сваімі рэгіянальнымі асаблівасцямі. Архіепіскап Панцеляймон (Ражноўскі) прызначаны экзархам Зах. Беларусі і Зах. Украіны і архіепіскапам пінскім і навагрудскім, з ліп. 1940 — правячым архірэем Гродзенска-Вілейскай епархіі.
У 2-ю сусв. вайну са згоды ням. акупацыйных улад на тэр. Беларусі адчынены праваслаўныя і каталіцкія храмы, дзейнічалі пратэстанцкія абшчыны (у асн. ва ўсх. абласцях Беларусі, бо ў заходніх рэлігійныя арг-цыі не спынялі свайго існавання з даваенных часоў). Ням. ўлады, нягледзячы на сваё неадназначнае стаўленне да хрысціянства, разглядалі рэлігію як адзін з ідэалагічных сродкаў барацьбы з бальшавікамі і таму спрыялі дзейнасці рэліг. арг-цый. Усе абшчыны знаходзіліся пад пільным кантролем акупац. улад, якія рэгламентавалі іх дзейнасць, парадак правядзення набажэнстваў і колькасць удзельнікаў. На тэр. акупіраванай Беларусі было ўтворана 6 праваслаўных епархій. У аснову яе дзейнасці былі пакладзены ідэі богаслужэнняў на бел. мове, звароту да старых традыцый (напр., да старога календара), аднаўлення аўтакефаліі Бел. праваслаўнай царквы. У сак. 1942 сабор бел. епіскапаў выбраў мітрапалітам Беларусі епіскапа Панцеляймона, які насуперак жаданню ням. улад і часткі бел. духавенства, не абвясціў Бел. царкву аўтакефальнай. Пад прымусам акупац. улад Панцеляймон быў адлучаны ад кіраўніцтва царквой і зняволены ў манастыр, а кіраванне перададзена яго памочніку архіепіскапу Філафею (Нарко), які 30.8.1942 склікаў Бел.царк. сабор, дзе была прынята заява аб аўтакефаліі Бел. царквы (у маі 1944 сабор бел. епіскапаў абвясціў пастановы сабора 1942 несапраўднымі па той прычыне, што на ім адсутнічалі 2 старэйшыя бел. епіскапы, якіх акупац. ўлады не дапусцілі на сабор; аўтакефалія не атрымала кананічнаяга прызнання і канстанцінопальскім патрыярхам). У гады вайны адноўлена дзейнасць і каталіцкай царквы ва ўсх. абласцях Беларусі, дзе ў перадваенны час не засталося ніводнага дзеючага касцёла. 15 ксяндзоў аднавілі касцельную дзейнасць у Мінску, Слуцку, Бабруйску, Магілёве і інш. гарадах. Пры актыўным садзейнічанні ксяндзоў В.Казлоўскага, А.Адамовіча, Н.Кушаля пачаты працэс беларусізацыі касцёла. Разам з тым акупанты жорстка распраўляліся з прадстаўнікамі духавенства — праваслаўнага і каталіцкага (бел. і польскага) — па абвінавачанні ў дапамозе сав. партызанам ці польскаму падполлю. Спробы аднавіць уніяцкую царкву ням. ўлады спынілі (экзарх грэка-уніяцкай царквы на Беларусі Неманцэвіч быў арыштаваны, Альбярцінскі манастыр разагнаны, парафія ліквідавана). У час акупацыі значна актывізавалася царк. жыццё пратэстантаў. Пачалі дзейнасць абшчыны, якія існавалі раней, адкрыліся малітоўныя дамы і баптысцкія школы.
У гады 2-й сусв. вайны адносіны сав. улады да рэліг. арг-цый значна змяніліся. Гэта выявілася ў легалізацыі дзярж.-царк. адносін, падтрымцы праваслаўнай царквы, якая садзейнічала агульнанар. патрыятычнаму ўздыму. У 1943—44 створаны Савет па справах Рус. праваслаўнай царквы і Савет па справах рэліг. культаў, адноўлена дзейнасць Маскоўскага патрыярхата Рус. праваслаўнай царквы (у 1943 пасля доўгага перапынку абраны патрыярх), пачалі выпускаць на волю рэпрэсіраваных раней архірэяў, стаў выдавацца «Журнал Московской патриархии». Пасля вайны рост амаль усіх канфесій на Беларусі працягваўся. Духавенства і царк. саветы імкнуліся ўтрымаць тое, што было да гэтага часу набыта. Гэты перыяд адметны павышэннем рэлігійнасці, што звычайна тлумачылася ваен. і пасляваен. цяжкасцямі жыцця, аслабленнем антырэліг. палітыкі сав. улады ў першыя пасляваенныя гады. З узмацненнем рэлігійнасці павялічвалася колькасць абрадаў хрышчэння, шлюбу, пахаванняў, актывізавалася дзейнасць святарства; расла колькасць вернікаў. Найб. пашырэнне мела праваслаўная царква, якая была падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. У 2-й пал. 1940-х г. на вышэйшых іерархічных святарскіх пасадах у Беларусі знаходзіліся прадстаўнікі Маскоўскага патрыярхата: у Мінску архіепіскап мінскі і беларускі Піцірым, у Пінску архіепіскап пінскі і лунінецкі Данііл, у Брэсце і Гродне епіскап брэсцкі (потым гродзенскі) Паісій. У 1949 на Беларусі зарэгістравана 1060 праваслаўных абшчын, найбольш іх было ў Брэсцкай (188) і Баранавіцкай (180), найменш у Віцебскай (26) і Палескай (24) абласцях; дзейнічала 757 праваслаўных святароў, 56 дыяканаў і 564 псаломшчыкі. Рыхтавалі святароў у Мінскай духоўнай семінарыі (у 1949 было 112 навучэнцаў). Праваслаўнае духавенства зах. і ўсх. Беларусі адрознівалася па ўзроўні адукацыі, прафесійнай падрыхтоўцы і ўплыве на вернікаў. Ва ўсх. толькі адзінкі мелі адпаведную падрыхтоўку, адукацыю і маглі чытаць пропаведзі (большасць з іх была рукапакладзена ў час ням. акупацыі), у зах. Беларусі большасць святароў мела не толькі семінарскую адукацыю, але і універсітэцкую. З 1948 аблвыканкомы пачалі вяртаць малітоўныя будынкі грамадскім арг-цыям, якія іх займалі ў даваенны час. У 1950-я г. пасляваенная хваля развіцця праваслаўных арг-цый на Беларусі часткова спала, хоць рэлігійнасць сярод праваслаўнага насельніцтва заставалася ранейшай.
Другой па колькасці абшчын, вернікаў і распаўсюджванні была рымска-каталіцкая царква (РКЦ). Найбольш вернікаў яна мела ў зах. Беларусі. У 1945 тут дзейнічала 325 касцёлаў і налічвалася 692 120 вернікаў, у 1946—309 касцёлаў, якія наведвалі 300—350 тыс. католікаў. Паводле дагавора паміж сав. і польскім урадамі ад 9.9.1944 у Польшчу перасялілася (1944—48) 274 тыс. жыхароў Беларусі, у т. л. 154 ксяндзы. Пасля гэтага на Беларусі засталося каля 264 тыс. палякаў-католікаў і каля 287 тыс. беларусаў-католікаў. Адносіны сав. улады да касцёла былі адмоўныя. Сав. ўлады абвінавачвалі РКЦ у сувязі з польскай падп. арг-цыяй Арміі Краёвай. Ксяндзоў абвінавачвалі ў антысав. дзейнасці, уплыве на вернікаў з мэтай сабатажу такіх акцый дзяржавы, як калектывізацыя, дзяржпазыка, дзяржпастаўкі, падпіска на дзяржвыданні і інш. Адразу пасля вайны пачалася новая хваля скасавання парафій і абмежавання дзейнасці каталіцкага духавенства і самой царквы. Хваля рэпрэсій ахапіла да 70% каталіцкага кліру. З 1946 па 1949 колькасць касцёлаў скарацілася на 185, на пач. 1950 засталося 248 каталіцкіх абшчын.
Рост пратэстантызму працягваўся. У кастр. 1944 створаны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ), да якога ў жн. 1945 далучыліся хрысціяне веры евангельскай (пяцідзесятнікі). Усесаюзны Савет ЕХБ выконваў свае функцыі праз абласных упаўнаважаных (пазней старшых прэсвітэраў). У 1949 на Беларусі зарэгістравана 200 пратэстанцкіх абшчын і 16 095 вернікаў, большасць якіх знаходзілася ў зах. абласцях (70%). У 1946 зарэгістравана 9 абшчын (357 чал.) адвентыстаў сёмага дня (АСД), у 1949 зарэгістраваны 4 іх абшчыны (амаль столькі ж было незарэгістраваных).
У 1946 дзейнічалі 79 стараабрадніцкіх абшчын: 4 белакрыніцкага кірунку, 1 беспапоўскага, 2 беспапоўцаў-федасееўцаў, астатнія — беспапоўцы паморскага сагласу. Бел. стараабраднікі ў даваенны перыяд страцілі вял. колькасць цэркваў і малітоўных дамоў. І хоць у час акупацыі стараверы вярнулі сабе свае цэрквы, аднак у 1946—50 колькасць стараверскіх абшчын скарацілася да 32.
Пасля вайны на Беларусь пачалі вяртацца яўрэйскія сем’і, якія былі эвакуіраваны на ўсход СССР. Яўрэі-вернікі адразу пачалі хадайнічаць аб стварэнні рэліг. аб’яднанняў і аднаўленні дзейнасці сінагог, таму што ў перадваенны час большасць з іх перададзена пад культ.-асв. ўстановы, а астатнія разбураны і спалены ў гады вайны. Дазвол на рэгістрацыю атрымалі толькі 2 абшчыны — у Мінску і Бабруйску (дзе пазней мясц. ўлады адабралі памяшканне). Яўрэі Беларусі мелі сувязь з Маскоўскай сінагогай, адкуль атрымлівалі рытуальна-культавыя рэчы (напрыклад, «эсрыг» — пальмавую галінку з плодам для свята «Кушчы», мацу для пасхальных святкаванняў і інш.).
У 1946 на Беларусі існавала некалькі мусульманскіх абшчын (падпарадкаваных Духоўнаму ўпраўленню мусульман еўрапейскай часткі СССР і Сібіры, якое знаходзілася ў Уфе), 9 мячэцяў (напалову менш за перадваенную колькасць), якія наведвалі каля 600 вернікаў. У 1953 засталіся толькі 2 мячэці і 370 вернікаў.
Гісторыя дзяржаўна-царк. адносін з сярэдзіны 1950-х г. да сярэдзіны 1980-х г. была вельмі складанай і хутка мянялася. Дэклараваны М.С.Хрушчовым кірунак на будаўніцтва камунізму ў 20-гадовы тэрмін патрабаваў і фарсіраваных дзеянняў у дачыненні да рэлігіі. Асаблівая ўвага засяроджвалася на поўнай забароне рэліг. адукацыі і выхавання непаўналетніх. Выпадкі знаходжання непаўналетніх на рэліг. службах, малітоўных сходах разглядаліся як парушэнне заканадаўства аб культах. Адбыліся змены ў статусе і арганізацыі прыходаў: духавенства праваслаўнай, рымска-каталіцкай царквы і духоўныя настаўнікі старавераў пераведзены на цвёрдыя аклады; кіраванне ў прыходах перададзена выканкомам, якія павінны былі вырашаць усе фінансавыя і гасп. пытанні; святароў фактычна ператварылі ў наёмных асоб, якія маглі быць звольнены і адхілены ад службы ў прыходзе. Пад любымі прычынамі і без іх пачалося масавае закрыццё малітоўных будынкаў. У 1950—64 у СССР штогод зачынялася ў сярэднім па 420 цэркваў. З 1959 па 1962 колькасць праваслаўных цэркваў на Беларусі скарацілася з 944 да 732. Некаторыя рэліг. цэнтры пад адм. націскам спынілі сваю дзейнасць (у 1960 Усесаюзны савет адвентыстаў сёмага дня). Пастаяннае ўмяшанне ўлад ва ўнутр. справы царквы выклікала ўнутраныя разлады, нават расколы. Праваслаўная царква спрабавала прыстасавацца да новых складаных умоў існавання. Святары пачалі спраўляць замест адной абедні дзве (раннюю і познюю), практыкаваць завочнае адпяванне памерлых. За 20 гадоў (1966—86) праваслаўная царква прайшла шлях ад зніжэння яе вагі ў грамадстве (змяншэнне колькасці яе будынкаў і абшчын, ганенняў і ідэалаг. ўціску) да адноснай стабілізацыі і адаптацыі ў новых умовах існавання. У 1970 на Беларусі засталося 380, а ў 1975—373 праваслаўныя абшчыны. Гэтыя лічбы заставаліся амаль што нязменнымі да 1988.
З 1959 узмацніліся меры па абмежаванні дзейнасці каталіцкага духавенства. За 1959—66 колькасць абшчын рымска-каталіцкай царквы рэзка зменшылася, зняты з рэгістрацыі 80 касцёлаў, на пач. 1967 дзейнічалі 104 касцёлы і 65 ксяндзоў. Каталіцкая царква на Беларусі знаходзілася пад моцным уплывам Ватыкана, які дзейнічаў праз польскі і літоўскі епіскапаты. Пасля рашэнняў II Ватыканскага Сабора аб перакладзе літургіі з латыні на нац. мовы набажэнствы ў бел. касцёлах сталі праводзіць на польскай мове, пацяплелі адносіны паміж каталіцкім і праваслаўным духавенствам. Ад кіраўніцтва ЕХБ улады патрабавалі актыўнага ўключэння вернікаў у грамадскае жыццё (чытання вернікамі прэсы, наведвання імі лекцый, кіно, тэатраў, клубаў). Сталі больш жорсткімі адносіны да абшчын ЕХБ, змешаных з пяцідзесятнікамі: у 1960—64 «за іншамоўе, прароцтвы, адмаўленне ад службы ў арміі» была знята з рэгістрацыі 31 абшчына. У 1966 дзейнічала 149 зарэгістраваных і 22 незарэгістраваныя абшчыны ЕХБ. Існавалі і стараабрадніцкія абшчыны. У Гомельскай вобл. на пач. 1961 дзейнічала 31 абшчына беспапоўскага сагласу і адна — белакрыніцкага. У 1975 колькасць стараабрадніцкіх абшчын знізілася да 24, у 1989 — да 22. Працягвалі сваю дзейнасць групы іудзеяў і мусульман (існавала адзінае мусульманскае аб’яднанне; 250 чал.). Да 1960 існавалі 2 зарэгістраваныя іудзейскія аб’яднанні ў Мінску і Калінкавічах (апошняе знята з рэгістрацыі «за парушэнне заканадаўства аб культах», а сінагога перададзена пад клуб пенсіянераў). Мінская абшчына доўгі час існавала без рабіна і ў 1960—70-я г. сінагогу наведвала каля 150 чал. У 1975—77 у саюзных рэспубліках СССР прыняты акты «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якія пашырылі магчымасці рэліг. арг-цый і пазбавілі іх ад дробнай апекі з боку ўлад; прыняты меры па пашырэнні правоў Савета па справах рэлігій пры СМСССР. У 1986—87 у краіне створаны спрыяльныя ўмовы для дзейнасці рэліг. арг-цый, што прывяло да значнага павышэння іх колькасці: дзейнічалі 370 праваслаўных цэркваў, адзін манастыр (у Жыровіцах), 103 касцёлы (66 з іх у Гродзенскай вобл.), больш за 200 пратэстанцкіх, 23 стараабрадніцкія, 1 іудзейская абшчына ў Мінску і мячэць у Іўі. У крас. 1988 напярэдадні ўрачыстага святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі, адбылася сустрэча патрыярха РПЦ Пімена і членаў Сінода з Генеральным сакратаром ЦККПСС М.С.Гарбачовым, пасля якой царква атрымала права свабоднай богаслужэбнай, місіянерскай, духоўна-асветніцкай, дабрачыннай і выдавецкай дзейнасці. Святарам быў адкрыты доступ да сродкаў масавай інфармацыі, у навуч. ўстановы. На працягу 1988 на Беларусі зарэгістравана 29 праваслаўных, 7 каталіцкіх, 3 пратэстанцкія новыя абшчыны. У 1989 у Беларусі дзейнічала 399 праваслаўных прыходаў. Адноўлены Магілёўская, Пінская і Полацкая епархіі, пачалося стварэнне Брэсцкай і Гомельскай. На Архірэйскім саборы РПЦ (кастр. 1989) у Маскве прынята рашэнне аб утварэнні Бел. экзархата Маскоўскага патрыярхата, у які ўвайшлі ўсе епархіі з прыходамі і манастырамі на тэр. Беларусі. Рашэннем Свяшчэннага сінода Рус. праваслаўная царква на Беларусі атрымала статус Бел. экзархата, а мітрапаліт мінскі і беларускі Філарэт — патрыяршага экзарха Беларусі. У 1989 на базе Жыровіцкага манастыра пачала дзейнічаць праваслаўная духоўная семінарыя. Пры Мінскім епархіяльным упраўленні адкрыліся курсы па падрыхтоўцы рэгентаў, пачаў выходзіць бюлетэнь «Минские епархиальные ведомости» (тыраж 700 экз.). Пачалося ажыўленне рэліг. дзейнасці і рымска-каталіцкай царквы. Адчыняліся старыя і будаваліся новыя касцёлы, аднаўлялася дзейнасць манаскіх ордэнаў, місіянерская дзейнасць, выданне рэліг. л-ры. Усталяванню спрыяльных адносін паміж кіраўніцтвам сав. дзяржавы і рымска-каталіцкай царквой садзейнічала сустрэча М.С.Гарбачова з папам рымскім Іаанам Паўлам П. У 1989 створана Мінская епархія, у якую апостальскім адміністратарам прызначаны ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч. У 1989 з Саюза ЕХБ (на Беларусі аб’ядноўваў 187 абшчын) выйшлі пяцідзесятніцкія абшчыны і, па ўзгадненні з Саветам па справах рэлігій, стварылі сваю рэсп. арг-цыю, якая аб’яднала 114 абшчын. У пратэстанцкіх арг-цыях было 21 805 вернікаў, у т. л. 9201 евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 11 973 пяцідзесятнікаў і 1631 адвентыст. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац.АН Беларусі ў 1990 доля вернікаў сярод насельніцтва вырасла да 30%; павялічылася колькасць абрадаў: хрышчэння дзяцей у 1,5 раза, вянчання ў 3 разы. Праваслаўная царква на Беларусі налічвала 6 епархій, 603 абшчыны, у т. л. 126 новых; ёй вярнулі будынак жаночага манастыра ў Полацку, дзе пасялілася 20 манашак, а пазней сюды пераехалі яшчэ 35 манашак з Жыровіч. Праваслаўныя святары сталі выконваць абрады, якія раней забараняліся ўладамі: асвячэнне жылля, гасп. пабудоў, калодзежаў, аўтамабіляў; адпраўлялі трэбы ў дамах і кватэрах вернікаў.
Каталіцкая царква адкрывала новыя прыходы, запрашала святароў з-за мяжы (на 222 зарэгістраваныя абшчыны заставалася толькі 59 мясц. ксяндзоў, 109 запрошаны пераважна з Польшчы); заснавана Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У 1991 утвораны новыя царк.-адм. адзінкі — Гродзенская рымска-каталіцкая епархія (у межах Гродзенскай вобл.) і Мінска-Магілёўская архіепархія-мітраполія (архідыяцэзія, у межах Мінскай і Магілёўскай абл.) з падпарадкаваннем апошняй Пінскай рымска-каталіцкай епархіі (у межах Брэсцкай і Гомельскай абл.), у 1999 — Віцебская дыяцэзія (у межах Віцебскай вобл.). Генеральным вікарыем на Пінскі дэканат, які ўключаў 40 касцёлаў, прызначаны К.Свёнтак.
З пач. 1990-х г. на Беларусі адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, што звязана з духоўнымі пошукамі часткі інтэлігенцыі і ідэяй пра царкву, у якой набажэнства і культ былі б звязаны з бел.нац. традыцыямі, мовай, сімволікай. Рэліг. абшчыны грэка-католікаў былі нешматлікія; толькі ў Мінску і Полацку вернікі-уніяты звярнуліся ў гарвыканком з просьбай аб рэгістрацыі. Актывізавалі сваю дзейнасць і этнаканфесіянальныя групы стараабраднікаў (зарэгістраваны 2 новыя абшчыны), мусульмане (зарэгістравана абшчына ў Мінску, да 70 чал.), пачалі дзейнічаць 3 іудзейскія абшчыны (акрамя Мінска, зарэгістраваны арг-цыі ў Віцебску і Бабруйску). Працэс канфесіяналізацыі грамадства працягваецца. З 1988 да 2003 колькасць рэліг. арг-цый павялічылася ў 2,5, а рэліг. кірункаў — у 3 разы. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац.АН Беларусі доля вернікаў у краіне вырасла да 47—49 %.
Сучасны стан рэлігійных устаноў і рэлігійнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Талерантнае прыняцце Беларускай дзяржавай поліканфесіянальнай мадэлі забяспечвае роўныя правы зах. і ўсх. традыцыям, дае магчымасць захавання міру і стабільнасці на бел. зямлі. Статус рэлігіі ў грамадстве павышаецца, фарміруецца новы сацыяльны светапогляд на аснове агульначалавечых каштоўнасцей. На афіц. рэспубліканскіх мерапрыемствах заўсёды прысутнічаюць лідэры і праваслаўнай, і каталіцкай цэркваў. Дзейнасць рэліг. абшчын і цэркваў рэгулюецца адпаведнымі статутамі і дзярж. заканадаўчымі актамі. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі 1996) забяспечвае роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. У 1992 Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (прайшоў міжнар. экспертызу і прызнаны адпаведным міжнар. стандартам; у 2002 у яго ўнесены змены і дапаўненні) абвясціў свабоду рэліг. аб’яднанняў, гарантаваў усім грамадзянам аднолькавыя правы незалежна ад рэліг. прыналежнасці. У Законе акрэслена магчымасць супрацоўніцтва дзяржавы з шэрагам канфесій (у т. л. праваслаўнай, каталіцкай, лютэранскай, іудзейскай і мусульманскай), якія зрабілі істотны ўклад у гіст. развіццё і станаўленне духоўных, культ. і дзярж. традыцый бел. народа. Міжканфесіянальнай згодзе садзейнічае створаны ў студз. 1997 на базе Савета па справах рэлігій пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Дзяржкамітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей, які выконвае функцыі не толькі органа кантролю, але і даследчага і каардынацыйнага цэнтра. У Рэспубліцы Беларусь існуе 27 канфесій, на 1.1.2004 зарэгістравана 2863 рэліг. абшчыны. Паводле даследаванняў бел. сацыёлагаў 1994 і 1997 абсалютная большасць рэспандэнтаў-вернікаў лічаць сябе: праваслаўнымі (каля 80 % у 1994 і каля 77,4% у 1997), католікамі (адпаведна 9,9 і 10,4; паводле інш. звестак 14,8%), пратэстантамі (0,7 і 0,4%), іудзеямі (0,3% і 0,4%). У выкананні рэлігійных абрадаў і таінстваў рэгулярна прымаюць удзел 5,5%, зрэдку 37%. Асноўная перадача рэліг. традыцый у бел. грамадстве адбываецца праз удзел у святочных набажэнствах. Носьбітамі традыцый з’яўляецца не толькі святарства, але і старэйшае пакаленне, якое ў сям’і выконвае ролю ахоўніка сакральных ведаў. Пашырэнне рэліг. абшчын на Беларусі мае выразна акрэсленую ўнутраную мяжу, якая падзяляе Беларусь на 2 часткі: усх. і заходнюю. Гэтая мяжа супадае з дзярж. граніцай СССР да 1939. Пры гэтым у зах. Беларусі захоўваецца традыцыйны для перад- і пасляваеннага перыяду больш высокі ўзровень рэлігійнасці (каля 70—80% насельніцтва — веруючыя) і значна большая колькасць абшчын, чым ва ўсходніх абласцях. Праваслаўная царква з’яўляецца самай вял. канфесіяй на тэр. Беларусі. Па колькасці абшчын і вернікаў сярод інш.рэліг. аб’яднанняў яна займае першае месца. На 1.1.2004 Беларуская праваслаўная царква (БПЦ) аб’ядноўвае 1290 абшчын, 10 епархій, 21 манастыр, 17 брацтваў, 9 сястрынстваў (у 2003 дзейнічала 1040 і будаваліся 144 праваслаўныя храмы). Найб. колькасць праваслаўных абшчын у Брэсцкай (322) і Мінскай (292), найменшая ў Магілёўскай вобл. (91). У рэліг. арг-цыях працуе больш за 1250 праваслаўных святароў. У Жыровічах дзейнічае духоўная семінарыя га падрыхтоўцы святароў, духоўная акадэмія, школа рэгентаў і званароў, вучылішча па падрыхтоўцы псаломшчыкаў. Бел. праваслаўная царква мае 8 перыяд. выданняў і штотыднёвую праваслаўную радыёпраграму «Дабравест». БПЦ арганізацыйна падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Узначальвае яе мітрапаліт Філарэт (К.В.Вахрамееў), мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. БПЦ актыўна падтрымала і ўключылася ў працэс нац. адраджэння. У 1999 Біблейскай камісіяй на бел. мове выдадзены богаслужэбныя тэксты Божай літургіі. У «Беларускім праваслаўным календары», які выдаецца штогод Мінскім Святапетрапаўлаўскім саборам і Брацтвам святых віленскіх пакутнікаў змяшчаюцца трапары і кандакі дванадзесятым святам і святым зямлі беларускай, перакладзеныя на бел. мову. У праваслаўныя святцы месяцаслова і ў «Звод імёнаў святых» унесены 23 бел. новапакутнікі; кананізаваныя у 1999, і 1000 новапакутнікаў зямлі рускай, кананізаваных у 2000. Бел. святым прысвячаюцца новыя святы, песнапенні, абразы. Спіс бел. святых з кожным годам папаўняецца. Так, 31.1.2001 святы Сінод БПЦ прылічыў да мясцовашанаваных святых архідыякана, экзарха Усяленскага патрыярхата Нікіфара Кантакузена, кіеўскага мітрапаліта свяшчэннапакутніка Макарыя, архіепіскапа астраханскага свяшчэннапакутніка Мітрафана, архіепіскапа рыжскага свяшчэннапакутніка Гаўрыіла, князёў Барыса Тураўскага і Фёдара Астрожскага і інш. У Гродне і Мінску створаны прыходы ў гонар Усіх Святых зямлі Беларускай. У сучаснай бел. праваслаўнай традыцыі ў богаслужэнне паступова ўводзіцца бел. мова (напр., у Святапетрапаўлаўскім саборы Мінска літургія ў першую суботу кожнага месяца і малебен за бел. народ з акафістам святым пакутнікам Антонію, Іаану і Яўстафію віленскім кожную сераду ў 17 гадзін перад абразом з часткамі мошчаў святых віленскіх пакутнікаў). Абсалютная большасць праваслаўных святароў — этнічныя беларусы. З улікам спецыфікі Беларусі, патрабаванняў і патрэб прыхаджан, царк. выданні ў краіне друкуюцца на дзвюх мовах — беларускай і рускай. На дзвюх мовах рыхтуюцца кадры святароў у царк. навучальных установах. Пасланні мітрапаліта Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі з нагоды свят і ўрачыстых дат, як правіла, агучваюцца ў Святадухаўскім кафедральным саборы на бел. мове, друкуюцца паралельна на рус. і бел. мовах.
Рымска-каталіцкая царква на Беларусі таксама адносіцца да традыцыйных і з’яўляецца адной з буйнейшых па колькасці вернікаў і абшчын. У 1999 на Беларусі створана Канферэнцыя каталіцкіх епіскапаў (епіскапат), у якую ўвайшлі 4 епіскапы на чале з кардыналам К.Свёнтакам. На 1.1.2004 у Рэспубліцы Беларусь былі 4 епархіі, 432 прыходы, 9 місій, 8 манаскіх абшчын (кляштараў), 3 добраахвотныя т-вы «Карытас» і 2 вышэйшыя духоўныя семінарыі. Самай вялікай этнаканфесіянальнай групай з’яўляецца група католікаў-палякаў, якая ў асноўным пражывае на тэр.зах. Беларусі. З усіх каталіцкіх абшчын (432) значная частка (170) знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Каталіцкая царква знаходзіцца пад уплывам Ватыкана (якому яна падпарадкавана), польскага епіскапату (з якім цесна звязана) і культурна-асв. устаноў. Гістарычна склалася, што каталіцкі клір на Беларусі меў пераважна прапольскую арыентацыю, што адыграла пэўную ролю ў фарміраванні пашыранай канцэпцыі атаясамлення этнічнай і рэліг. прыналежнасці: католік — значыць паляк. Уплыў польскага касцёла на беларускі захоўваецца і ў сучасных умовах. З 332 святароў, якія абслугоўваюць прыходы, 192 з’яўляюцца замежнымі грамадзянамі, пераважна Рэспублікі Польшча. У большасці выпадкаў у касцёле справаводства вядзецца на польскай мове, літаратура паступае з Польшчы. Каталіцкая царква пачала працэс беларусізацыі царк. жыцця: вядзенне набажэнства, выпуск л-ры на бел. мове. Беларусізацыя касцёла адбываецца паступова, нярэдка праз дзейнасць новых рэліг. груп і аб’яднанняў пры касцёлах. Ідзе падрыхтоўка бел. каталіцкіх святароў: у 1996 4 першыя выпускнікі Гродзенскай духоўнай семінарыі (адчынена ў 1990 намаганнямі тагачаснага біскупа Т.Кандрусевіча) атрымалі свой святарскі сан; у 2002 пачала дзейнічаць Пінская вышэйшая каталіцкая духоўная семінарыя імя св. Фамы (Тамаша) Аквінскага. На Беларусі зарэгістраваны і 2 традыцыяналісцкія абшчыны католікаў, якія прытрымліваюцца старога, дасаборавага (II Ватыканскага сабора, 1962—65) вучэння і адмаўляюць правядзенне імшы на нац. мовах (лічаць латынь адзінай сапраўднай літургічнай мовай), празмерны экуменізм, некаторыя новаўвядзенні ў дачыненні да паводзін асобных афіц. святароў і г.д. Традыцыяналісты ў набажэнстве ўжываюць старую касцельную музыку, грыгарыянскі харал і г.д.
З пач. 1990-х г. адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, зарэгістраваны 13 грэка-каталіцкіх абшчын. Найбольшая з іх у Мінску, астатнія даволі малалікія — у іх па 10—30 чалавек, у асноўным ва ўзросце 25—50 гадоў, паводле сацыяльнага складу пераважна інтэлігенцыя. Святароў-прафесіяналаў маюць толькі абшчыны Мінска і Гродна. Уніяцкія абшчыны накіравалі некалькі чалавек у духоўныя навуч. ўстановы Ватыкана і ў г. Люблін (Польшча). У 1996 з нагоды 400-годдзя Брэсцкай царк. уніі адбыліся канферэнцыі, семінары і ўрачыстыя набажэнствы уніятаў.
У апошнія гады павялічылася колькасць пратэстанцкіх аб’яднанняў як традыцыйных для Беларусі, так і новых (у большасці заснаваных місіянерамі з ЗША і зах. краін). Аднак большасць з іх налічваюць ад 10 да 50 вернікаў. На 1.1.2004 зарэгістравана 1005 пратэстанцкіх абшчын, з якіх 494 хрысціян веры евангельскай (ХВЕ), каля 270 евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ). Найбольш абшчын ЕХБ і ХВЕ у Брэсцкай і Мінскай абласцях. Існуюць таксама 29 аўтаномных абшчын ЕХБ і абшчын, якія ўваходзяць у Савет цэркваў ЕХБ; 9 аўтаномных абшчын пяцідзесятнікаў, а таксама пяцідзесятніцкіх па накіраванасці абшчын евангельскіх хрысціян у духу апостальскім. Зарэгістраваны Беларуская канферэнцыя адвентыстаў сёмага дня (63 абшчыны), рэліг. аб’яднанне абшчын поўнага Евангелля (62 абшчыны), кальвінская хрысціянская рэлігійная кангрэгацыя «Беларускі евангелічны рэфарматарскі збор» (2 абшчыны), 19 лютэранскіх абшчын. Існуюць неапратэстанцкія аб’яднанні: Новаапостальскай царквы (20 абшчын), Царква Хрыстова (6), абшчыны месіянскага служэння (3), Царква Ісуса Хрыста святых апошніх дзён (мармоны; 3 абшчыны). Большасць неапратэстанцкіх абшчын знаходзіцца ў Мінску і абл. гарадах. Налічваецца 26 місій пратэстанцкага веравучэння і каля 70 тыс. вернікаў. Кадры прэсвітэраў, прапаведнікаў і рэгентаў рыхтуюць 2 вышэйшыя і 2 сярэднія навуч. установы ЕХБ і ХВЕ. Выдаецца некалькі часопісаў і газет, дзейнічае 561 малітоўны дом, столькі ж будуецца. У 2003 пратэстанцкія арг-цыі з нагоды 450-годдзя Рэфармацыі на Беларусі правялі юбілейныя канферэнцыі, сумесныя малітвы, тэатралізаваныя прадстаўленні, тэалагічныя дыспуты, канцэрты.
На 1.1.2004 на Беларусі былі 34 стараабрадніцкія абшчыны, з якіх 18 знаходзяцца ў Віцебскай вобл. Існуе 29 іудзейскіх абшчын, якія ўваходзяць у 2 іудзейскія рэліг. аб’яднанні Рэспублікі Беларусь, па 6 з іх у Брэсцкай і Гомельскай абл. Самыя вял. абшчыны ў Мінску, Магілёве і Бабруйску. У Мінску дзейнічаюць 2 вышэйшыя духоўныя вучылішчы (ешыботы). З-за адсутнасці мясцовых рабінаў святары запрашаюцца з ЗША і Ізраіля. У бел. іудаізме сучасныя кірункі прадстаўлены 14 прагрэсісцкімі абшчынамі. Існуюць 3 месіянскія абшчыны, у якія ўваходзяць у асн. маладыя іудзеі.
На тэр. Беларусі пражывае каля 12,5 тыс. татараў і дзейнічаюць 27 мусульманскіх абшчын (10 з іх у Гродзенскай вобл.), якія ўтварылі 2 незалежныя рэліг. аб’яднанні. У 1994 у Мінску на 1-м Усебел. з’ездзе мусульман абвешчана ўтварэнне Мусульманскага рэліг. аб’яднання (муфтыяту) Рэспублікі Беларусь.
У канцы 20 ст. ў свеце актывізаваўся працэс фарміравання новых рэлігій, якія можна разглядаць як інстытут адаптацыі грамадства да хуткіх змен. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя, урбанізацыя, пашырэнне інфарм. прасторы, фарміраванне тэхналогій уздзеяння на масавую свядомасць і г.д. паўплывалі і ўплываюць на ўзнікненне і пашырэнне новых рэлігій. Іх масавае з’яўленне на Беларусі звязана з паліт. працэсамі канца 1980 — пач. 1990-х г. Атэістычная сістэма выхавання ў часы існавання СССР істотна дыскрэдытавала ў вачах насельніцтва класічныя рэлігіі, місіянерскія магчымасці якіх былі абмежаванымі. Таму новыя рэлігіі пашыраліся амаль без канкурэнцыі. У канцы 1980-х г. атрымалі распаўсюджанне агні-ёга, тэасофія і крышнаізм, з пач. 1990-х г. — Вера Бахаі, Цэнтр Свету Шры Чын Моя, «Брахма Кумарыс» і інш. У сярэдзіне 1990-х г. класічныя рэлігіі значна аднавілі свае структуры на Беларусі і знайшлі падтрымку ўлады. Гэта заклапочанасць грамадства, звязаная з дэструктыўнымі праявамі ў свеце з боку шэрагу новых рэлігій — АУМ Сінрыкё, Белага брацтва, Храма Сонца і інш., значна абмежавалі магчымасці далейшага распаўсюджвання новых рэлігій. На 1.1.2004 у Беларусі афіцыйна зарэгістраваны 6 абшчын бахаеў, 6 абшчын Міжнароднага т-ва Свядомасці Крышны, 1 абшчына Аамота. Частка рэліг. груп дзейнічае без рэгістрацыі.
Літ.:
Куроедов В.А. Религия и церковь в советском государстве. М., 1981;
Мараш Я.Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). М., 1971;
Яго ж. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII. Мн., 1974;
Яго ж. Политика Ватикана и католической церкви в Западной Белоруссии (1918—1939). Мн., 1983;
История евангельских христиан-баптистов в СССР. М., 1989;
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Мн., 1990;
Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.). Мн., 1998;
Пучков П.И., Казьмина О.Е. Религии современного мира. М., 1998;
Верашчагіна А.У., Гурко А.В. Гісторыя канфесій на Беларусі ў другой палове XX ст.Мн., 1999;
Гарбацкі А.А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX ст. Брэст, 1999;
Черепица В.Н. Очерки истории православной церкви на Гродненщине. Гродно, 2000;
Гурко А.В. Новые религии в Республике Беларусь: Этнологич. исслед. Мн., 2003.
А.У.Верашчагіна, А.В.Гурко.
Мінскае капішча. Рэканструкцыя В.Сташчанюка па матэрыялах Э.Ляўкова.Ефрасіння, князёўна Полацкая. Гравюра 19 ст. са старажытнага абраза ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры.Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква 12 ст.Тытульны ліст «Бібліі» Ф.Скарыны. 1519.Жыровіцкі абраз Маці Божай.Праваслаўны царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай Пётр Магіла.Хрышчэнне Міндоўга. Гравюра 19 ст.Выява св. Казіміра на абразе Тракельскай Маці Божай. 17 ст. З в. Тракелі Гродзенскай вобл.Кальвінісцкі дзеяч ВКЛ М.Радзівіл (Чорны).Кальвінскі збор (рэфармацкая царква) у в Асташын Карэліцкага раёна Фота пач. 20 ст.Сінагога ў Слоніме. 17 ст.Мячэць у Іўі.Рымска-каталіцкі царкоўны дзеяч З.Лазінскі.Мітрапаліт мінскі і слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.Архібіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі-мітраполіі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі Казімір Свёнтак.Вялікдзень у Пакроўскім саборы. Гродна. 1990-я г.Памятны знак у гонар тысячагоддзя праваслаўнай царквы на Беларусі. Заслаўе. 1992.Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. 2000.Царква Раства Багародзіцы ў Салігорску. 2000.Абрад хлебапраламлення на малітоўным сходзе ў царкве ЕХБ. Кобрын. 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ
Тэрытарыяльна-адміністрацыйныя і палітычныя змены. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 да Рас. імперыі далучаны паўн.-ўсх. землі Беларусі, што раней уваходзілі ў склад Полацкага, Віцебскага і Мсціслаўскага ваяв. Гэта тэр. Беларусі ўвайшла ў склад Пскоўскай і Магілёўскай губ., якія былі аб’яднаны ў Беларускае ген.-губернатарства. У жн. 1776 замест Пскоўскай заснавана Полацкая губ. (з аддзяленнем яе ад велікарускіх правінцый). Вясной 1777 Магілёўская і Полацкая губ. падзелены на паветы, з 1778 губерні перайменаваны ў намесніцтвы. У 1783—85 праведзена Ген. межаванне, якое скасавала папярэднія правы на валоданне зямлёй і дакументальна аформіла правы новай улады на далучаныя землі.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 да Расіі, акрамя ўкраінскіх, адышлі бел. землі: рэшткі Полацкага ваяв. (на левым беразе Зах. Дзвіны); Віцебскага і Аршанскага пав. Віцебскага ваяв.; Мінскі, Мазырскі пав. Мінскага ваяв.; частка Рэчыцкага пав. (па правым беразе Дняпра); усх. часткі Навагрудскага і Слонімскага ваяв.; Сініцкі пав. Слуцкага княства; усх. часткі Браслаўскага і Ашмянскага пав. Віленскага і Пінскі пав. Брэсцкага ваяводстваў. Указам ад 13.4.1793 рэшткі Полацкага ваяв. далучаны да Полацкага намесніцтва, а ўсе землі ад яго мяжы да р. Бярэзіна — да Магілёўскага; Мазырскі пав. далучаны да Чарнігаўскай губ., а на астатняй тэр. ўтворана Мінская губ. Указам Сената ад 3.5.1793 заснавана Мінскае намесніцтва.
У сувязі з падаўленнем паўстання 1794 і канчатковым падзелам Рэчы Паспалітай Кацярына II загадала ліфляндскаму, эстляндскаму і літоўскаму ген.-губернатару кн. М.В.Рапніну падзяліць рэшткі Вял. княства Літоўскага на З часткі з цэнтрамі ў Вільні, Гродне і Коўне. У чэрв. 1795 у Гродне заснаваны часовы орган кіравання тэр. Літвы і Зах. Беларусі — Вярх. праўленне Літвы. 25.12.1795 новадалучаныя землі падзелены на Віленскую і Слонімскую губ. У жн. 1796 губерні перайменаваны ў намесніцтвы: Віленскае ў складзе 11 і Слонімскае — 8 паветаў. Такі падзел праіснаваў да канца 1796, калі Павел I правёў новую адм.-тэр. рэформу. Указам ад 12.12.1796 на гэр. Беларусі і Літвы створаны губерні: Беларуская (аб’яднала Магілёўскае і Полацкае намесніцтвы), Мінская (з далучаным да яе Рэчыцкім пав.) і Літоўская (увайшлі Слонімскае і Віленскае намесніцтвы). У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай да Расіі адышлі 468 тыс.км²тэр. з насельніцтвам больш чым 6 млн. чал.
У 1801—02 Аляксандр I увёў новы адм.-тэр. падзел. Беларуская губерня была падзелена на Магілёўскую і Віцебскую (абедзве губерні ўвайшлі ў Беларускае ген.-губернатарства); Літоўская — на Віленскую і Гродзенскую губ. (увайшлі ў склад Літоўскага ваен. губернатарства).
На новадалучаных землях царскі ўрад пачаў распаўсюджваць сваю сістэму мясц.дзярж. кіравання. Гал. асобай у губернях быў ген.-губернатар, які лічыўся намеснікам цара і ўзначальваў мясц. адміністрацыю падпарадкаваных яму тэрыторый. Фактычна ген.-губернатар быў надзелены неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Яму былі падпарадкаваны ваен. і грамадз. губернатары (або правіцелі). У абавязак грамадз. губернатара, які камандаваў мясц. гарнізонам, уваходзіў нагляд за зборамі падаткаў, рэкрутаў, ходам следстваў, заключэннем казённых падрадаў і паставак, падтрыманнем грамадскага парадку і інш. Персанальны склад вышэйшай адміністрацыі набіраўся з рус. саноўнікаў і чыноўнікаў. Паколькі канчатковае рашэнне прымаў ген.-губернатар, то ўлада грамадз. губернатараў у канцы 18—1-й пал. 19 ст. была абмежаванай. Да таго ж адбываліся іх частыя персанальныя змены. У кожнай губерні дзейнічала губ. праўленне ў складзе «общего присутствия» і канцылярыі. Гасп. і фін. справамі кіравала казённая палата, якую ўзначальваў віцэ-губернатар. Яна займалася раскладам і зборам падаткаў, кіраваннем і наглядам за казённай маёмасцю і інш. У губернях дзейнічалі і інш. органы кіравання: рэкруцкія ўправы, прыказ грамадскай апекі, межавая кантора і інш.Гал. органам пав. улады лічыўся ніжні земскі суд, які адначасова выконваў адм.-паліцэйскія і судовыя функцыі. Узначальваў яго земскі спраўнік. У адрозненне ад цэнтр.рас. губерняў ён не выбіраўся, а прызначаўся Сенатам.
У сувязі з недахопам рус. чыноўнікаў Кацярына II дазволіла прызначаць на адм. пасады ў новаўтвораных губернях мясц. жыхароў. Мясц. шляхта атрымала правы выбіраць сваіх прадстаўнікоў у органы мясц. кіравання і суда, аналагічныя з правамі рас. дваранства. На бел.-літ. губерні была таксама распаўсюджана расійская (уведзеная яшчэ Пятром 1) 14-класная сістэма чыноў і рангаў.
У якасці судовага заканадаўства на далучанай тэрыторыі працягваў дзейнічаць Статут ВКЛ 1588, які ў 1780 быў перакладзены на рус. мову. Для найвышэйшай апеляцыі ў 1774 пры Юстыцкалегіі ліфляндскіх, эстляндскіх і фінляндскіх спраў Сената створаны Беларускі дэпартамент, які праіснаваў да 1780. Да гэтага часу вышэйшай апеляцыйнай установай у ВКЛ быў Гал. Літоўскі трыбунал, які знаходзіўся ў Вільні. З далучэннем Вільні трыбунал скасаваны, але ад часоў ВКЛ заставалася яшчэ шмат незакончаных спраў. Таму ў канцы 1796 для іх завяршэння створаны Грамадз. дэпартамент старых літоўскіх спраў. У лют. 1797 заснаваны Гал. літоўскі суд, які распаўсюджваў сваю дзейнасць на Літоўскую губ. Ён ажыццяўляў кантроль за дзейнасцю грамадз. і крымінальнага судаводства ніжэйшых судоў і таксама з’яўляўся апеляцыйнай інстанцыяй для магістратаў і ратуш. Пасля губ. рэформы 1801 у кожнай губерні былі створаны гал. суды ў складзе крымінальнага і грамадз. дэпартаментаў.
Паводле «Устанаўлення» 1775 на новадалучаных землях уводзіліся пав. суды са шляхецкай апекай, у губернях — верхнія земскія суды для шляхты; ніжэйшыя і верхнія расправы для вольных сялян; гарадавыя і губ. магістраты. Акрамя таго, у губ. гарадах існавалі крымінальная і грамадз. палата і губ. пракурор, які кантраляваў іх дзейнасць. Рас. ўрад адмяніў смяротнае пакаранне і не дазваляў судам разглядаць справы асоб, якія не мелі ў паветах нерухомай маёмасці. Замест земскіх судоў спачатку ва ўсх. Беларусі, а потым у інш. губернях былі створаны губ. і правінцыяльныя земскія суды, якія з 1773 называліся павятовымі. У далейшым ім перададзены і функцыі скасаваных гродскіх судоў. Падкаморскія суды, скасаваныя ва ўсх. Беларусі ў 1772, а на астатніх тэрыторыях — у 1795, былі ў 1797 адноўлены Паўлам I і праіснавалі да 1832. Спалучэнне бюракратычнага і саслоўнага элементаў у мясц. кіраванні найб. яскрава выявілася ў судовай сістэме. Урад прызначаў на пасады ў губ. і пав. судовых установах толькі саветнікаў і канцылярскіх чыноўнікаў. Усе астатнія пасады замяшчаліся па выбары дваранства, пры гэтым урад пільна сачыў, каб на пасады суддзяў, спраўнікаў, засядацеляў выбіраліся асобы, верныя рас. уладзе.
У канцы 18—1-й трэці 19 ст. ў бел.-літ. губернях сістэма судаводства захоўвала пэўныя адрозненні ад расійскай. У грамадз. судаводстве дзейнічалі нормы Статута ВКЛ, сеймавых канстытуцый, а справаводства вялося на польскай мове. Крымінальнае ж судаводства ажыццяўлялася паводле агульнаімперскіх законаў і на рус. мове.
З далучэннем да Рас. імперыі ўводзілася абавязковае пацвярджэнне вышэйшым саслоўям новадалучаных зямель сваіх правоў на прывілеі. Пачынаючы з 1772 шляхта была абавязана прадставіць у губ. гарады дакументы аб сваім паходжанні. Асобы, якія пацвердзілі сваё паходжанне, былі запісаны ў дваранскія родавыя кнігі.
Царскі ўрад, абвяшчаючы дваранства «пяршынствуючым» рас. саслоўем, юрыдычна замацаваў яго пануючыя пазіцыі ў сістэме абсалютысцкай дзяржавы. Сац., юрыд. і паліт. статус дваранскага саслоўя Рас. імперыі ўпершыню ў найб. поўным выглядзе быў зафіксаваны Кацярынай II у «Даравальнай грамаце дваранству» (1785). Асновай паліт. і эканам. магутнасці дваранства было валоданне не толькі зямлёй, але і прыгоннымі, на што не мелі правоў інш. саслоўі. Дваранства вызвалялася ад усялякіх падаткаў, цялесных пакаранняў і магло быць асуджана толькі роўнымі сабе. У новаўтвораных губернях і паветах дваранству дазвалялася кожныя 3—4 гады збіраць сходы (сеймікі). У іх функцыі ўваходзіла выбранне губ. і пав. прадвадзіцеляў дваранства (маршалкаў), а таксама прадстаўнікоў у саслоўныя суды і ўстановы, раскладка земскіх павіннасцей, вырашэнне гасп. і грамадскіх спраў мясц. жыцця.
У 1773 Сенат дапусціў да выбараў у дваранскія сходы асоб, якія валодалі не менш чым 10 рэвізскімі душамі. Права голасу і выбрання на пасаду мелі ўладальнікі 20 і больш сялян. У 1805 права голасу атрымалі дваране, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, валодалі ў губернях маёнткамі не менш за 8 дамоў і атрымлівалі 150 руб. прыбытку за год. З 1817 у Гродзенскай губ. тэрмінам на 3 гады дазволілі ўдзельнічаць у выбарах дваранам, якія страцілі свае дакументы ў час вайны 1812 і не былі да гэтага часу запісаны ў дваранскія кнігі.
Гал. ролю сярод абраных асоб адыгрывалі дваранскія маршалкі. На пасадах іх зацвярджаў імператар з ліку 2 выбраных кандыдатаў. Асн. іх абавязкам было кіраванне справамі дваранскай карпарацыі. Пасады маршалкаў не аплачваліся, таму іх звычайна выбіралі з заможных памешчыкаў. Для прадстаўнікоў дробнай шляхты выбранне ў нізавыя выканаўчыя органы, суды і паліцыю з’яўлялася сродкам паправіць матэрыяльнае становішча, таму яны імкнуліся заняць адпаведныя пасады. Татарскай шляхце таксама было дазволена прымаць удзел у выбарах.
У выніку рэвізіі 1811 выявілася, што да шляхецкага саслоўя прыпісалася каля 200 тыс.чал., сярод якіх былі мяшчане, дваравыя, людзі невядомых саслоўяў з бел.-літ. губерняў. Адначасова ў гэтых жа губернях заставаліся людзі, якія пацвердзілі дваранскае паходжанне, але працягвалі плаціць падаткі ў казну. Таму пры правядзенні новай рэвізіі, згодна з указам Сената ад 20.1.1816, у дваранстве пакідаліся толькі тыя, хто быў запісаны да саслоўя ў 1795. Усім астатнім неабходна было пацвярджаць сваё паходжанне дакументальна. Паводле ўказа ад 23.8.1817 дробная шляхта, якая магла валодаць зямлёю, але без прыгонных або знаходзілася на службовых і чыншавых землях, трапіла ў спісы падатковага насельніцтва.
Беларусь у вайне 1812. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, а ў ноч на 24 чэрв.Паўн. групоўка «Вялікай арміі» пад камандаваннем Напалеона I (каля 213 тыс.чал.) пачала пераход расійскай граніцы пераправай цераз Нёман у раёне Коўна. Цэнтр. групоўка (каля 77 тыс.чал.) на чале з Э.Багарнэ 29 чэрв.—2 ліп. перайшла Нёман у раёне Пілонаў. 27 чэрв. ў ваен. дзеянні ўключылася паўд. групоўка Ж.Банапарта (каля 82 тыс.чал.), авангард якой праз дзень заняў Гродна. З ліп. каля в. Магільніцы цераз Зах. Буг пераправіліся гал. сілы дапаможнага аўстрыйскага корпуса К.Ф.Шварцэнберга. Пачынаючы вайну з Расіяй, Напалеон намагаўся прымусіць рас. камандаванне прыняць ген. бітву на тэр. Літвы, разбіць гал. сілы рас. армій паасобку ў памежных баях і пасля бліскучай перамогі вымусіць цара Аляксандра I заключыць мір на выгадных для Францыі ўмовах.
Адарваныя і расцягнутыя рас. арміі адыходзілі з ар’ергарднымі баямі ўглыб краіны для аб’яднання ў зручным месцы: 1-я Зах. армія М.Б.Барклая дэ Толі (каля 120 тыс.чал.) у напрамку на Дрысенскі лагер, потым, пакінуўшы корпус П.Х.Вітгенштэйна для прыкрыцця Пецярбургскага напрамку, да Полацка, Віцебска, Смаленска; 2-я Зах. армія П.І.Баграціёна (каля 49,5 тыс.чал.) — ад Ваўкавыска праз Слонім, Навагрудак, Нясвіж, Слуцк, Бабруйск да Магілёва, а пасля бітвы каля Салтанаўкі 21—23 ліп. — да Новага Быхава, Мсціслава і Смаленска. У час адыходу рас. войск адбыліся сутычкі і баі рознай напружанасці: каля Гродна, Ашмян, Друі, пад Віцебскам, пры Дзісне, в. Чарнова, Кукавячына, мяст. Казяны, Браславе і Леамполі, Астроўне, Карэлічах, Міры, Раманаве і інш.
Адносна незалежны характар мелі баявыя дзеянні на стратэгічных флангах. Пасля Клясціцкіх баёў (30 ліп. — 1 жніўня) паміж войскамі Вітгенштэйна і Н.Ш.Удзіно напалеонаўскія войскі адышлі да Полацка, куды падышоў баварскі корпус Л.Гуўён Сен-Сіра. Узмоцненыя напалеонаўскія войскі перайшлі ў наступленне, 11 жніўня адбыўся бой на р. Свольна паміж авангардамі карпусоў Вітгенштэйна і Н.Ш.Удзіно. У выніку 1-й Полацкай бітвы (17—18 жніўня) войскі Вітгенштэйна адышлі да р. Дрыса.
У ліпені пачалі баявыя дзеянні войскі 3-й Рэзервовай абсервацыйнай арміі А.П.Тармасава. Пасля Кобрынскага бою 27 ліп. аб’яднаныя войскі К.Ф.Шварцэнберга і Ж.Л.Э.Рэнье ў выніку Гарадзечанскай бітвы (12 жніўня) вымусілі войскі А.П.Тармасава адступіць да Луцка. Паміж гэтымі буйнымі баямі адбыліся сутыкненні каля г. Пінск, Пружаны, мяст. Сялец, Сігневічы, в. Равяцічы і інш.
Абарону Бабруйскай крэпасці забяспечваў гарнізон і войскі корпуса Ф.Ф.Эртэля, размешчаныя каля Мазыра, якія ў ліп. — жніўні мелі сутычкі і баі з напалеонаўскімі войскамі паміж в. Брэжы і мяст. Парычы, пад Пінскам, Слуцкам, мяст. Лафа, Жлобінам, Казіміравам, с. Каменка і інш. 14 вер. авангардныя часці корпуса занялі Глуск, на наступны дзень у выніку ўпартага бою — в. Гарбацэвічы, а атрад А.В.Запольскага 16 вер. — Пінск. Аднак Эртэль не адважыўся развіваць поспех наступлення і 22 вер. вярнуўся ў Мазыр.
Напалеонаўскія войскі 28 чэрв. занялі Вільню, 8 ліп. — Мінск, 20 ліп. — Магілёў, 28 ліп. — Віцебск. Да пачатку жніўня асн. сілы «Вялікай арміі» выйшлі на лінію Дняпра і Зах. Дзвіны. Амаль уся Беларусь і Літва, акрамя Веліжскага, Люцынскага, Невельскага, Рэжыцкага, Себежскага пав. Віцебскай губ., Мазырскага, Рэчыцкага, часткі Бабруйскага пав. Мінскай губ., а таксама Беліцкага пав. Магілёўскай губ., была занята ці кантралявалася напалеонаўскімі войскамі, якія вымушаны былі перайсці на самаўтрыманне і забяспечваць свае патрэбы гал. чынам рэквізіцыйным шляхам за кошт мясц. харчова-фуражных рэсурсаў.
Паліт. арганізацыя і адм.-тэр. ўладкаванне занятых тэрыторый адпавядала дзярж. ўладкаванню напалеонаўскай імперыі. 1.7.1812 у Вільні створана Камісія Часовага кіравання (урада) Літвы (ВКЛ) — каардынацыйна-калегіяльны орган вышэйшай грамадз. улады для адм. кіравання тэр. Беластоцкай вобл., Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губ., пазней перайменаваных у дэпартаменты. Камісіі падпарадкоўваліся цэнтр., рэгіянальныя і мясц. органы цывільнай адміністрацыі 4 дэпартаментаў. У кожным з іх, а пазней у Віцебскім і Магілёўскім дэпартаментах (не падпарадкаваных камісіі) арганізоўвалася адм. камісія з 3 членаў, прызначаных ці зацверджаных асабіста Напалеонам, пад старшынствам франц. інтэнданта, які выбіраўся з аўдытараў Дзярж. савета напалеонаўскай імперыі і падпарадкоўваўся імператарскаму камісару пры Камісіі Часовага ўрада. У адм. адносінах дэпартаменты падзяляліся на дыстрыкты на чале з падпрэфектамі. Па прыкладу Вільні арганізоўвалася структура муніцыпальнага (гарадскога) самакіравання ў дэпартаменцкіх цэнтрах і дыстрыктах. Адначасова была створана сістэма ваенна-адм. кіравання краем. У цэлым уладныя паўнамоцтвы камісіі пашыраліся на 4 дэпартаменты з плошчай 3787 міль2 і насельніцтвам 2,5—3,5 млн.чал., падзеленыя на 32 дыстрыкты. Аднак рэальна пад уладаю было толькі каля 17 дыстрыктаў, бо астатнія кантраляваліся пэўны час рас. войскамі. Органы напалеонаўскай адміністрацыі пераважна займаліся арганізацыяй узброеных фарміраванняў, забеспячэннем войск, зборам грашовых сродкаў.
Ва ўмовах нестабільнага ваенна-паліт. становішча, кіруючыся палітыка-стратэгічнымі меркаваннямі, Напалеон адклаў пытанне аб аднаўленні ВКЛ да канца вайны з Расіяй. Захаваўшы ў непарушнасці прыгоннае права, ён спадзяваўся абаперціся на шляхту — гал. чынніка яго палітыкі, у свядомасці якой яшчэ не згасла ідэя ранейшай дзяржаўнасці.
Восенню 1812 у наступленне перайшлі рас. войскі, размешчаныя на флангах. Аб’яднаныя войскі 3-й і Дунайскай армій пад кіраўніцтвам П.В.Чычагова 12 кастр. занялі Брэст, атрад Я.Чапліца 20 кастр. разбіў пад Слонімам полк Я.Канопкі. Аднак толькі 30 кастр. часці Дунайскай арміі рушылі на Мінск. Пакінутая для аховы тылу вайсковая групоўка Ф.В.Остэн-Сакена пасля Ваўкавыскага бою 16 ліст. і паражэння пад Брэстам 25 ліст. адступіла на Валынь. Гэта дазволіла войскам К.Ф.Шварцэнберга заняць Слонім. Войскі Чычагова 13 ліст. пераправіліся цераз Нёман і пасля Койданаўскага бою 15 ліст. занялі Мінск, 21 ліст. — Барысаў. 24 ліст. атрад А.П.Ажароўскага заняў Магілёў.
Умацаваны корпус Вітгенштэйна пасля 2-й Полацкай бітвы (18—20 кастр.) вымусіў напалеонаўскія войскі адступіць да Лепеля. Корпус Ф.Ф.Штэйнгеля, дасланы з-пад Рыгі на дапамогу Вітгенштэйну, вёў баі з напалеонаўскімі войскамі на р. Ушача, пад Рудняй, 25 кастр. ў Кублічах. 7 ліст. атрад В.І.Гарпе ўвайшоў у Віцебск. Аб’яднаныя карпусы Н.Ш.Удзіно і К.П.Віктора 31 кастр. далі бой пад Чашнікамі войскам Вітгенштэйна, пасля чаго адышлі да Чарэі.
26—28 ліст. адбыліся баі па абодвух берагах ракі Бярэзіна. У ходзе Бярэзінскай аперацыі баяздольныя часці напалеонаўскай арміі (у т. л. гвардыя і значная частка афіцэрскага корпуса) здолелі каля в. Студзёнка пераправіцца цераз Бярэзіну. Аднак адчувальныя страты прадвызначылі немагчымасць працягваць актыўныя баявыя дзеянні. Гал. сілы «Вялікай арміі» адступалі на Вільню, ведучы ар’ергардныя баі: пры Зембіне і Плешчаніцах (30 ліст.), пры Даўгінаве і Латыгалі (2 снеж.), пад Маладзечнам (4—5 снеж.), пад Ашмянамі, Меднікамі. 5 снеж., даручыўшы кіраўніцтва арміяй І.Мюрату, Напалеон з Смаргоні выехаў у Парыж. Войскі К.Ф.Шварцэнберга арганізавана адступалі ад Слоніма да Беластока. 10 снеж. авангард Я.І.Чапліца заняў Вільню, 20 снеж. атрад Дз.В.Давыдава — Гродна.
Бел. землі вынеслі асноўны цяжар ваен. дзеянняў. Найб. моцна пацярпелі мясціны, якія сталі арэнай шматлікіх баёў, прылеглыя да маршрутаў руху і раёнаў працяглай дыслакацыі вял. кантынгенту напалеонаўскіх і рас. войск. Амаль цалкам былі разбураны і знішчаны гарады Полацк, Відзы, Кобрын, Ваўкавыск. Голад, холад, хваробы і эпідэміі прадвызначылі гібель значнай часткі бел. насельніцтва. Колькасць рэвізскага насельніцтва, асабліва гарадскога, зменшылася на 12%. Вайна 1812 падарвала прадукцыйныя сілы сельскай гаспадаркі краю: рэзка зменшылася пагалоўе рабочай і прадукцыйнай жывёлы, амаль напалову скараціліся пасяўныя плошчы, разбурана ці знішчана шмат будынкаў.
Ва ўмовах панавання прыгонніцкай сістэмы працэс аднаўлення разбураных вайной памешчыцкіх і сял. гаспадарак расцягнуўся на доўгі час.Сац.-эканам. вынікі напалеонаўскіх войнаў на землях Беларусі абвастрылі і паскорылі крызіс прыгонніцкай сістэмы.
Сельская гаспадарка. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі царскі ўрад праводзіў тут палітыку насаджэння рус. памеснага землеўладання. Былыя дзярж. і духоўныя ўладанні, канфіскаваныя маёнткі мясц. памешчыкаў, якія адмовіліся прысягнуць на вернасць новай уладзе, а таксама ўдзельнікаў паўстання 1794, 1830—31 і рэв. руху раздаваліся рас. вяльможам, ваен. і грамадз. чыноўнікам. У 1772—1801 у 5 бел.-літ. губернях ім падаравалі 250,4 тыс. рэвізскіх (мужчынскіх) душ сялян. Да часу адмены прыгону ўдзельная вага панскай зямельнай уласнасці заставалася вельмі высокай. У 1859 у маёнтках сярэдне- і буйнапамесных уласнікаў (больш за 100 рэвізскіх душ прыгонных) 5 губерняў было 16 071,1 тыс. дзесяцін прыдатнай зямлі, або 66,8% усёй яе плошчы. Па адносных памерах панскай зямельнай уласнасці Беларусь у канцы 1860-х г. займала 1-е месца ў Еўрап. Расіі. Сярод панскай зямельнай уласнасці пераважала буйная, латыфундыяльная феад. ўласнасць (маёнткі, дзе было больш за 500 душ прыгонных). У апошняй чвэрці 18 ст. на яе долю ва ўсх. паветах прыпадала 74,6% прыватнаўласніцкай зямлі, у зах. і цэнтр. — у сярэднім 68,5%. У далейшым у сувязі з драбленнем і канфіскацыяй часткі латыфундыяльных уладанняў царскімі ўладамі памеры буйнапамеснай зямельнай уласнасці прыкметна зменшыліся. Рост таварнай прадукцыі ў панскай гаспадарцы, асабліва вытворчасці збожжа на продаж, патрабаваў пашырэння плошчы фальварковай ворнай зямлі, што абумовіла значнае ўзмацненне феад. прыгнёту сялянства, павелічэнне адпрацовачных павіннасцей. Колькасць ворнай зямлі павялічвалася не толькі за кошт асваення новых зямель, але і ў выніку захопу сял. угоддзяў.
Гал. прадукцыйнай сілай панскай гаспадаркі былі прыгонныя сяляне. У 5 бел.-літ. губернях у 1795 яны складалі 84,8% усяго сялянства, або 75,1% народанасельніцтва, у 1858 — адпаведна 70,9 і 57,6%. Змяншэнне ўдзельнай вагі іх тлумачыцца крызісам феад.-прыгонніцкай сістэмы і частымі неўраджаямі. Асновай гаспадаркі памешчыкаў было ворнае земляробства, пануючай сістэмай — папарнае трохполле. З пашырэннем пасеваў бульбы ў многіх маёнтках яно замянялася чатырохполлем. З развіццём танкаруннай авечкагадоўлі, гал. чынам на захадзе Беларусі, у некат. панскіх гаспадарках з’явілася шматполле з травасеяннем.
У абсалютнай большасці гаспадарак памешчыкаў апрацоўка зямлі і ўборка ўраджаю вяліся цяглавай сілай, прымітыўнымі прыладамі (саха, драўляная барана, серп, каса) і працай прыгонных сялян. Удасканаленыя прылады (плугі, жалезныя бароны), сеялкі, жняяркі, сенакасілкі сустракаліся рэдка. У 1840—50-я г. ў панскіх фальварках вял. пашырэнне атрымалі толькі малацілкі і веялкі. У канцы 18 ст. ў магнацкай сельскай гаспадарцы зах. Беларусі наёмная рабочая сіла складала 17,2%, усходняй — 7,4% усёй рабочай сілы. Выкарыстанне машын і наёмнай працы ў панскай сельскай гаспадарцы сведчыла пра фарміраванне капіталіст. ўкладу ў нетрах феадалізму, спробе перабудовы перадавых маёнткаў у бурж. кірунку. Аднак у эпоху позняга феадалізму наёмная праца не была яшчэ альтэрнатывай паншчыне, а толькі спадарожнічала ёй. Вынікам панавання папарнага трохполля і слабай тэхн. узброенасці земляробства былі пераважна збожжавы характар паляводства, невысокая ўраджайнасць.
Земляробства ўсё больш падпарадкоўвалася попыту ўнутр. і знешняга рынкаў, набывала таварны характар. Да канца 18 ст. з магнацкіх латыфундый зах. і цэнтр. паветаў на рынкі паступала больш за 3/4 вытв-сці жыта. Самай таварнай галіной магнацкага прадпрымальніцтва было вінакурства. З магнацкіх маёнткаў усх. Беларусі вывозілі гал. чынам лён, пяньку, а таксама лес і прадукты перапрацоўкі драўніны.
2-й па значнасці галіной панскай гаспадаркі была жывёлагадоўля. Разводзілі пераважна прадукцыйную жывёлу (кароў, свіней, авечак). З ростам суконнай вытв-сці ў 1830—40-я г. ў зах. паветах значнае развіццё атрымала мерыносавая авечкагадоўля. Пашыралася і таварная мяса-малочная жывёлагадоўля. З развіццём рыначных, таварна-грашовых адносін на Беларусі паступова складвалася раённая спецыялізацыя сельскай гаспадаркі (лён у паўн., каноплі ва ўсх., бульба ў зах. і цэнтр. паветах, жывёлагадоўля на захадзе і Палессі).
Развівалася вотчыннае прадпрымальніцтва. У канцы 1820-х г. узніклі першыя панскія фабрыкі і заводы. На прамысл. прадпрыемствах выкарыстоўвалася як паншчынная праца прыгонных, так і наёмная праца (сваіх сялян і пабочных асоб).
Дзярж. зямельная ўласнасць на Беларусі значна саступала панскай. У апошняй чвэрці 18 ст. на яе долю прыпадала каля 18% усёй зямельнай уласнасці. З раздачай дзярж. зямель колькасць казённых сялян на Беларусі ў апошняй трэці 18 ст. зменшылася прыкладна ў 3 разы і склала 76,4 тыс. рэвізскіх душ, або 5,5% народанасельніцтва. У далейшым з пашырэннем дзярж. зямельнай уласнасці і натуральным прыростам насельніцтва колькасць іх тут вырасла. У 1866 яна дасягнула 266 тыс. душ мужчынскага полу, што складала 21,1% сялянскага, або 15,5% усяго насельніцтва. Амаль усе дзярж. маёнткі здаваліся з публічных таргоў у доўгатэрміновую арэнду (на 24 гады і больш) чыноўнікам, дробнай шляхце. Фальварковая гаспадарка вялася працай казённых сялян. Земляробства, жывёлагадоўля, уся гаспадарка дзярж. маёнткаў да 1840-х г. знаходзіліся на той жа ступені развіцця, што і ў панскіх фальварках.
Сяляне атрымлівалі ў карыстанне ад феадала зямельны надзел, за які абавязаны былі адбываць паншчыну або плаціць грашовы аброк. З развіццём фальваркова-паншчыннай гаспадаркі ішоў працэс абеззямельвання сялянства. У 1790-я г. ў зах. і цэнтр. Беларусі налічвалася 17,8 тыс., або 7% сялян (агароднікаў і халупнікаў), якія не мелі палявога надзелу. Напярэдадні рэформы 1861 у маёнтках сярэдне- і буйнапамесных уласнікаў 5 зах. губерняў землі, што знаходзіліся ў сял. карыстанні, складалі толькі 26,6% панскай зямлі. З развіццём таварна-грашовых адносін, абеззямельваннем часткі сял. двароў, пры розным забеспячэнні іх рабочай і прадукцыйнай жывёлай паглыблялася маёмасная дыферэнцыяцыя сялянства. У 2-й пал. 1850-х г. у маёнтках сярэдне- і буйнапамесных уласнікаў і дзярж. уладаннях Беларусі было больш за 100 тыс. беззямельных сялян-бабылёў абодвух полаў і прыкладна столькі ж малазямельных сялян-агароднікаў. Асн. крыніцай іх існавання з’яўлялася наёмная праца. З другога боку, вылучалася праслойка заможнага сялянства, якое мела вял. надзелы і значную колькасць жывёлы. Сац. расслаенне сялянства Беларусі пачалося ў 2-й пал. 18 ст. і да сярэдзіны 19 ст. дасягнула значнай велічыні.
З пашырэннем плошчы фальварковай ворнай зямлі адбываўся перавод сялян з аброчных у паншчынныя. З канца 18 да сярэдзіны 19 ст. ўдзельная вага паншчыннага сялянства ў маёнтках Беларусі павялічылася з 77 да 97%. Казённыя сяляне да 1840-х г. таксама адбывалі паншчыну. Гэта тармазіла разлажэнне феад.-прыгонніцкіх і развіццё капіталіст. адносін як у фальварковай, так і ў сял. гаспадарцы, але не магло спыніць іх. На працягу 1-й пал. 19 ст. памер паншчыны, што прыпадала на сял. гаспадарку, вырас у сярэднім у 1,5—2 разы. У 1830—40-я г. ў большасці маёнткаў найб. пашырана была паншчына 6 дзён на тыдзень з сял. гаспадаркі. Захоўваліся шматлікія павіннасці па абслугоўванні панскага двара і натуральны аброк (даніна).
Апрача павіннасцей за карыстанне зямлёй сяляне неслі дзярж. грашовыя (падушны падатак, земскі збор) і натуральныя (дарожная, кватэрная і інш.) павіннасці. Новым для Беларусі відам цяжкай павіннасці стала рэкруцкая павіннасць.
Сяляне, як і раней, займаліся рознымі промысламі. Шырокае распаўсюджанне атрымалі адыходныя промыслы — работы на будаўніцтве дарог, крэпасцей і асабліва сплаў лесу, возніцтва. Промыслы, асабліва адыходныя, садзейнічалі пранікненню таварных адносін у сял. гаспадарку.
У снеж. 1839 пачалася перабудова адм.-гасп. кіравання дзярж. вёскай зах. губерняў. Праводзілася люстрацыя, г.зн. падрабязнае апісанне маёнткаў і вызначэнне памераў сял. землекарыстання і павіннасцей. Уводзіўся падушны надзел, роўны 3 дзес. ворнай зямлі і 1 дзес. сенажацей. На аснове маёмаснай няроўнасці на дзярж. вёсцы сяляне былі падзелены на цяглых, паўцяглых, агароднікаў і бабылёў. Рэформа палепшыла становішча дзярж. сялян. У выніку праведзенай люстрацыі павіннасці казённых сялян Віцебскай і Магілёўскай губ. зменшыліся на 62—65%, Гродзенскай і Мінскай на 30—35%, а зямельныя надзелы ў апошніх губернях павялічыліся на 32—36 %, у Магілёўскай — на 15%. З 1844 у дзярж. уладаннях Беларусі фальваркі ліквідаваны, а сяляне пераведзены на грашовы аброк. Пазней адменены даніна і дадатковыя адпрацовачныя павіннасці, спынена і здача дзярж. маёнткаў у арэнду. У 1844 паводле палажэння Мікалая I ва ўсіх зах. губернях створаны губ. дваранскія к-ты для складання абавязковых інвентароў панскіх маёнткаў. Павіннасці сялян у іх вызначаліся адпаведна колькасці і якасці надзельнай зямлі, але не маглі перавышаць 1/3 валавога даходу з пазямельных участкаў. Памешчыкам забаронена самавольна вызначаць згонныя дні і абкладаць сялян натуральнымі паборамі. У панскіх уладаннях зах. і цэнтр. Беларусі абавязковыя інвентары ўведзены ў 2-й пал. 1840-х г. Ва ўсх. паветах яны былі ўведзены ў частцы маёнткаў, некалькі разоў пераглядаліся і выпраўляліся. У цэлым інвентарная рэформа засталася незавершанай і не аблегчыла становішча панскіх сялян.
19.2.1861 Аляксандр II падпісаў Маніфест і зацвердзіў праекты «Палажэнняў» аб адмене прыгону ў Расіі. З адменай прыгону панскія сяляне сталі асабіста свабоднымі. Яны атрымалі шэраг грамадз. правоў: заключаць дагаворы, узбуджаць іскі, несці асабістую адказнасць перад судом і г.д. Аднак памешчыкі засталіся ўласнікамі ўсёй зямлі маёнткаў. Сяляне на працягу 9 гадоў па-ранейшаму былі прымацаваны да надзелаў. Да заключэння выкупных здзелак яны знаходзіліся на становішчы «часоваабавязаных», але і пасля заканчэння азначанага тэрміну селянін толькі з дазволу памешчыка меў права выкупу палявой зямлі. Памеры надзелаў вызначаліся канчаткова, сяляне пазбаўляліся права прырэзкі зямлі ў будучым.
Мясц. «Палажэнні» вызначалі парадак надзялення сялян зямлёй і выканання павіннасцей за карыстанне ёю. На Беларусі рэфармаваннем былі ахоплены 1860,3 тыс. (78%) душ абодвух полаў прыватнаўласніцкіх сялян. На Магілёўскую і Віцебскую (акрамя Дрысенскага і латгальскіх паветаў) губ. распаўсюджвалася мясц. «Палажэнне» для губерняў «вялікарасійскіх, новарасійскіх і беларускіх». У Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай губ., Дрысенскім і латгальскіх пав. Віцебскай губ. дзейнічала асобнае мясц. «Палажэнне».
Паводле мясц. «Палажэння» для рускіх, паўд.-ўкр. і ўсх.-бел. губерняў, у Віцебскай (8 паветаў) і Магілёўскай губ. быў устаноўлены душавы зямельны надзел. Для кожнай мясцовасці ўведзены вышэйшая і ніжэйшая яго нормы. Памеры вышэйшага душавога надзелу па асобных паветах вагаліся ад 4 да 5,5 дзес., ніжэйшага — ад 1,3 да 1,8 дзес. Калі дарэформенны надзел перавышаў вышэйшую норму, то памешчык меў права адрэзаць лішак зямлі на сваю карысць. У выпадку, калі ў памешчыка заставалася менш за 1/3 агульнай плошчы ўгоддзяў маёнтка, ён мог утрымаць за сабой да трэці ўсіх прыдатных зямель. Са згоды сялян землеўласнік атрымаў права памяншаць надзел да чацвяртнога (1/4 вышэйшага), што даваўся бязвыплатна («дармовы», або «жабрацкі», надзел). Скарачэнне памераў надзелаў, абеззямельванне сялянства пры ўвядзенні «Палажэнняў» ва ўсх. Беларусі практыкавалася ў значных памерах. Паводле мясц. «Палажэння» для Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай і часткі Віцебскай губ. за сял. грамадой замацоўваліся надзельныя землі, якія знаходзіліся ў пастаянным карыстанні сялян на 19.2.1861. Але калі памер надзелу быў вышэйшы за інвентарны ці ў памешчыка заставалася менш чым 1/3 угоддзяў маёнтка, праводзілася адпаведная адрэзка сял. зямлі. Надзелы, дадзеныя сялянам паводле мясц. «Палажэння», у мностве панскіх уладанняў былі ўрэзаны. Памешчыкі імкнуліся пазбавіць сялян карыстання сервітутамі, у якіх сял. гаспадарка мела вял. патрэбу. У 1860-я г. зямельнымі сервітутамі і агульнымі пашамі карысталіся 56% двароў панскіх сялян цэнтр. і зах. Беларусі.
Мясц. «Палажэнне» для рус., паўд.-ўкр. і ўсх.-бел. губерняў вызначала памеры павіннасцей адпаведна велічыні душавога надзелу. Паводле яго сяляне павінны былі абкладацца аброкам да тых памераў, якія ён меў на час адмены прыгону. Паводле мясц. «Палажэння» для зах.-бел. і літ. губерняў у аснову вызначэння памераў аброку і паншчыны была пакладзена агульная вартасць павіннасцей з надзельнага ўчастка, азначаных у інвентары маёнтка. Гранічная велічыня сял. плацяжоў у параўнанні з інвентарнай некалькі зніжалася.
У зах. і цэнтр. Беларусі з адменай прыгону сяляне да зацвярджэння ўстаўных грамат павінны былі адбываць паншчыну ў памерах, устаноўленых інвентарамі панскіх маёнткаў.
Надзельную зямлю сяляне набывалі на аснове агульнага для ўсёй Рас. імперыі «Палажэння аб выкупе». Вартасць надзелу па выкупе вылічвалі шляхам капіталізацыі аброку з 6% гадавых. Выкупную аперацыю праводзіла дзяржава, якая выдавала сялянам выкупную пазыку. Пры згодзе сялян на выкуп, калі яны атрымлівалі поўны надзел, гэта пазыка складала 80% выкупной сумы, пры паменшаным надзеле — 75%. Астатнюю частку выкупной сумы (20—25%) сяляне павінны былі выплаціць памешчыку наяўнымі пры заключэнні выкупнога пагаднення. Выкупную пазыку сяляне абавязаны былі пагашаць на працягу 49 гадоў штогоднімі выкупнымі плацяжамі ў памеры 6% выкупнога доўгу. Фактычна выкуплялася не зямля, а феад. паншчынная і аброчная павіннасці сялян на карысць памешчыка.
Указам ад 1.3.1863 у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Ковенскай губ., Дрысенскім і латгальскіх паветах Віцебскай губ. абавязковыя адносіны паміж сялянамі і памешчыкамі спыняліся з 1.5.1863. Уводзіўся абавязковы выкуп са зніжэннем аброчных і выкупных плацяжоў. Сялян, што адбывалі паншчыну, пераводзілі на аброк з памяншэннем яго на 20% супраць аброчных плацяжоў, вызначаных устаўнымі граматамі. 2.11.1863 выдадзены ўказ аб спыненні з 1.1.1864 часоваабавязаных адносін у Магілёўскай, бел. і рускіх паветах Віцебскай губ.Асн. маса панскіх сялян Беларусі перайшла з аброку на выкуп ужо ў пач. 1870-х г.
З мэтай адцягнення абеззямеленых сялян ад удзелу ў паўстанні, паводле цыркуляра віленскага ген.-губернатара М.М.Мураўёва ад 18.10.1863, у зах. і цэнтр. Беларусі, а таксама Літве ім павінны былі вярнуць землі, захопленыя памешчыкамі пасля 1857 (калі яны не паступілі ў надзел інш. прыгонным або не знаходзіліся ў арэндзе). Сяляне, пазбаўленыя зямлі ў 1846—56, атрымлівалі 3-дзесяцінны сямейны надзел. У зах. і цэнтр. паветах Беларусі зямлёй былі надзелены 19,2 тыс. двароў (каля 12,5% двароў панскіх сялян).
У выніку адзначаных мерапрыемстваў умовы рэформы на Беларусі сталі больш спрыяльнымі для сялян. Аднак яна па-ранейшаму мела грабежніцкі характар. Нягледзячы на значнае зніжэнне памераў выкупу, сялянства намнога пераплаціла за яго ў сувязі са спагнаннем высокіх працэнтаў па выкупной пазыцы. За 46 парэформенных гадоў дзяржава, праводзячы выкупную аперацыю, у 5 зах. губернях атрымала каля 100 млн.руб. прыбытку. Масавы сял. рух 1905 у Рас. імперыі прымусіў царскія ўлады з 1907 скасаваць выкупныя плацяжы.
16.5.1867 прыняты закон аб рэформе дзярж. вёскі Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны. Дзярж. сялян перавялі на абавязковы выкуп і прылічылі да т.зв. сялян-уласнікаў. За сялянамі замацоўваліся надзелы, якімі яны пастаянна карысталіся да часу рэформы 1867, дапускаліся прырэзка да сял. надзелаў з запасных і інш. свабодных дзярж. зямель і абмен сял. надзелаў на казённыя зямельныя ўчасткі. Але, як і панскія, дзярж. сяляне не мелі права павялічваць памеры надзелаў пасля рэформы.
У адрозненне ад панскіх сялян дзярж. сяляне не атрымлівалі ніякай пазыкі ад казны, што ўскладняла выкуп.
Пасля рэформы 1861 вызначальным фактарам эвалюцыі с.-г. вытв-сці стала развіццё таварна-грашовых, капіталіст. адносін. Рыначныя сувязі сельскай гаспадаркі раслі. Панская гаспадарка ўсё цясней звязвалася з рынкам, станавілася прадпрымальніцкай. Сял. гаспадарка таксама набывала бурж. характар. Развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы выяўлялася найперш у пашырэнні вытв-сці, асабліва таварнай прадукцыі, у інтэнсіфікацыі і паглыбленні спецыялізацыі земляробства, узмацненні выкарыстання машын і ўдасканаленых прылад працы, паляпшэнні агракультуры, пашырэнні выкарыстання вольнанаёмнай рабочай сілы, выцясненні напаўпрыгонніцкіх форм гаспадарання капіталістычнымі, у сац.-класавай палярызацыі сялянства.
У канцы 19 ст. Беларусь, як і інш. рэгіёны Рас. імперыі, ахапіў агр. крызіс. Назіралася рэзкае паніжэнне цэн на збожжа, абумоўленае прытокам на еўрап. рынкі танных збожжавых тавараў з ЗША, Канады, Аргенціны, Аўстраліі. У гэтых умовах памешчыкі і сял. буржуазія пачалі перабудоўваць сваю гаспадарку на жывёлагадоўлю, найперш малочную, што прыносіла большы прыбытак. У выніку ў канцы 19 ст.вытв-сць збожжа на продаж у сельскай гаспадарцы Беларусі страціла пяршынствуючае значэнне. Ва ўмовах зніжэння цэн на збожжа, пры павелічэнні попыту на малочныя прадукты і павышэнні цэн на іх малочная жывёлагадоўля стала вядучай таварнай спецыялізаванай галіной сельскай гаспадаркі Беларусі. Развіццё малочна-мясной жывёлагадоўлі ўплывала на структуру пасяўных плошчаў, садзейнічала пашырэнню травасеяння, павелічэнню вытв-сці тэхн. і кармавых культур, сярод якіх першае месца займала бульба. Пашырэнне пасяўной плошчы пад бульбай вяло да паляпшэння тэхн. аснашчанасці с.-г. вытв-сці і павышэння ўзроўню агратэхнікі — замены архаічнага трохполля чатырохпольнымі севазваротамі. Рост гандл. бульбаводства быў абумоўлены ў першую чаргу развіццём вінакурнай вытворчасці (у 1881—94 у сярэднім штогод на вытворчасць спірту паступала 10,2 млн. пудоў бульбы, альбо 1/3 яе валавога збору на гэтых землях). Рост вінакурства і інш. галін с.-г. прадпрымальніцтва (мукамольнага, масларобчага, сыраварнага, алейнага, суконнага і г.д.) адыгрываў важную ролю ва ўсталяванні капіталіст. адносін у сельскай гаспадарцы. Гандлёва-капіталіст. характар мела і льнаводства. У парэформенны перыяд у паўн. паветах Беларусі яно было адным з асн. кірункаў таварнай спецыялізацыі с.-г. вытв-сці.
Выключна важную ролю ва ўсталяванні капіталіст. адносін на вёсцы адыграла выкарыстанне машын і палепшаных прылад працы. У большасці маёнткаў меліся малатарні, веялкі. Часцей сталі выкарыстоўвацца сеялкі, жняяркі, сенакасілкі; глебу апрацоўвалі гал. чынам жалезнымі плугамі і баронамі. Разам з тым асн. частка бел. сялян карысталася старымі, прымітыўнымі земляробчымі прыладамі працы.
Адным з найб. істотных паказчыкаў усталявання капіталіст. адносін на вёсцы стала шырокае выкарыстанне памешчыкамі і сял. буржуазіяй наёмнай працы. У 1897 у 5 зах. губернях налічвалася 182,2 тыс. пастаянных наёмных с.-г. рабочых-парабкаў, з іх каля 130 тыс.чал. былі заняты ў с.-г. вытв-сці. Колькасць парабкаў тут была прыкладна роўная колькасці рабочых фабр.-заводскай, мануфактурнай і дробнакапіталіст. прам-сці.
Разам з тым ва ўсіх панскіх і вял. колькасці заможных сял. гаспадарак наёмная праца ў разнастайных формах цесна спалучалася з адпрацоўкамі. Па меры росту таварнай гаспадаркі і асабліва класавай дыферэнцыяцыі сялянства адпрацоўкі паступова выцясняліся вольнанаёмнай працай, але шырока практыкаваліся на Беларусі да канца 19 ст.
Найбуйнейшым перажыткам прыгонніцтва ў паслярэформеннай вёсцы была панская зямельная ўласнасць. Паводле афіц. даных, у 1877 на Беларусі памешчыкам належала 8760,5 тыс.дзес. (50,5%) прыдатнай зямлі. Вял. зямельныя масівы — 1650,7 тыс.дзес. (9,9%) — захавала за сабой феад. дзяржава. Бел. сяляне валодалі 5535,7 тыс.дзес. надзельнай прыдатнай зямлі, ці 33,4% усёй зямельнай плошчы. На кожнага памешчыка ў сярэднім прыпадала 1097 дзес., на сял. двор — 14,6 дзес. Анахранізмам феад. эпохі ў былой панскай вёсцы Беларусі былі зямельныя сервітуты і агульныя пашы, а таксама цераспалосіца, якая спалучалася з дробнапалоснасцю сял. угоддзяў, далёказямеллем. Саслоўны, паўпрыгонніцкі характар насіла пераважная большасць сял. падаткаў, плацяжоў і павіннасцей. Прамыя падаткі і павіннасці сялян падзяляліся на казённыя, земскія, грамадскія. Найбуйнейшым грашовым зборам з сялянства парэформеннай вёскі былі выкупныя плацяжы. Вял. цяжарам на плечы сялян клаўся таксама падушны падатак, які ў канцы 1860—1-й пал. 1880-х г. штогод складаў тут у сярэднім 2,8 млн.руб., ці больш за 1/3 усіх сял.дзярж. падаткаў. Земскія павіннасці сялянства складаліся з земскіх грашовых збораў і натур. павіннасцей — дарожнай, падводнай (фурманачнай), паліцэйскай. Грамадскія павіннасці адбываліся сялянамі ў грашовай і натуральнай формах. Да іх належалі зборы на ўтрыманне валаснога праўлення і суда, сельскіх адм. асоб (ураднікаў, сельскіх стараст, ветэрынараў), рамонт сельскіх запасных магазінаў і інш. Розныя зборы з сялян паглыналі львіную долю сял. бюджэту, у канцы 19 ст. не меней за 3/4 чыстага даходу з яе. У той жа час памешчыкі плацілі падатку ў сярэднім у 11,8 раза менш, чым сялянства.
Апрача прамых падаткаў сяляне плацілі вял. ўскосныя падаткі, што спаганяліся дзяржавай і прамыслоўцамі ў выглядзе дадатковай платы за тавары шырокага ўжытку (соль, тытунь, запалкі, гарэлка, цукар і інш.). Яны асабліва адбіваліся на немаёмных і маламаёмных пластах насельніцтва. Вял. цяжарам на плечы сялян клалася рэкруцкая, а з 1874 — усеаг. воінская павіннасць.
На сялян распаўсюджваліся асобыя законы, грамадз. правы іх былі абмежаваныя. Кожны селянін абавязкова прыпісваўся да сельскай ці валасной грамады, усе члены якой былі звязаны кругавой парукай пры выплаце падаткаў і адбыванні павіннасцей. Царскі ўрад таксама праводзіў палітыку абмежавання сял. перасяленняў. Сяляне падпарадкоўваліся саслоўнаму валасному праўленню, знаходзіліся пад асобай адм.-паліцэйскай апекай міравых пасрэднікаў.
З развіццём капіталіст. адносін на вёсцы, павелічэннем колькасці сельскага насельніцтва яго прадукцыйныя сілы раслі. Паляпшалася тэхн. аснашчанасць с.-г. вытворчасці. У 1910 памешчыкам належала 41,2 тыс. земляробчых машын (малатарань, веялак, сеялак, жняярак, конных грабель), сялянам (гал. чынам кулакам і заможным) — 32,5 тыс., амаль выключна малатарань і веялак. Кабальныя адпрацоўкі сялян паступова выцясняліся наёмнай рабочай сілай. Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў параўнанні з 1897 колькасць парабкаў у маёнтках і гаспадарках сял. буржуазіі Бел. рэгіёна вырасла са 130 тыс. да 200 тыс. (53,8%).
За кошт «вымывання» серадняцкіх слаёў вёскі ў пач. 20 ст. назіралася далейшае паглыбленне класавай дыферэнцыяцыі сялянства на сял. буржуазію, гал. чынам дробную, і сельскі пралетарыят, пераважна з надзелам. З канца 19 ст. да 1-й сусв. вайны ўдзельная вага сял. серадняцкіх двароў зменшылася прыкладна з 30 да 20%, а бядняцкіх узнялася з 60 да 70%, сял. буржуазіі — з 8 да 11%. Класавая дыферэнцыяцыя сялянства была новай з’явай у сац. развіцці капіталіст. вёскі.
Рэвалюцыя 1905—07 прымусіла царызм зрабіць круты паварот у агр. палітыцы, стаць на шлях паскарэння капіталіст. развіцця вёскі. Рэформа П.А.Сталыпіна была адказам царскага самадзяржаўя на рэвалюцыю. Мэтай яе было, з аднаго боку, утварэнне класа кансерватыўнай сял. буржуазіі, якая стала б апорай царскага самадзяржаўя і саюзнікам памешчыка на вёсцы, з другога — ператварэнне асн. масы сялян у парабкаў і прамысл. рабочых. Акрамя таго, ставілася задача паскорыць рост прадукц. сіл земляробства, развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы пры захаванні панскіх латыфундый. Такім спосабам урад імкнуўся прадухіліць агр.-сял. рэвалюцыю і ўзмацніць эканоміку краіны. Умовай правядзення рэформы з’яўлялася разбурэнне сельскай пазямельнай абшчыны. Паводле ўказа ад 9.11.1906, пры абшчынным землеўладанні кожны гаспадар дома, які меў у сваім карыстанні надзельную зямлю, атрымаў права выхаду з абшчыны і замацавання зямельнага надзелу ў асабістую ўласнасць. Пры выхадзе з абшчыны за сялянамі захоўвалася права карыстання надзельнымі землямі, што заставаліся ў агульным уладанні, — выганамі, пусткамі, ляснымі і інш. ўгоддзямі. Указ прадугледжваў таксама адвядзенне ім хутароў і адрубоў па магчымасці ў адным месцы, пераход цэлай грамады з абшчынным або падворным землеўладаннем да карыстання адрубамі пры згодзе 2/3 членаў сельскага сходу. У кастр. 1908 гэты ўказ унесены на разгляд 3-й Дзярж. думы, якая зацвердзіла яго з некат. зменамі і папраўкамі. Затым ён быў ухвалены Дзярж. саветам, зацверджаны Мікалаем II і стаў называцца законам 14.6.1910 (дата зацвярджэння). Гэты закон паскорыў разбурэнне пазямельнай абшчыны і ўсталяванне сял. прыватнай уласнасці на зямлю. Калі ўказ ад 9.11.1906 дазваляў добраахвотны выхад з абшчыны, то закон ад 14.6.1910 рабіў яго абавязковым для бесперадзельных сельскіх абшчын.
Непасрэднае ажыццяўленне рэформы было ўскладзена на губ. і пав. землеўпарадкавальныя камісіі, створаныя ўрадам яшчэ ў сак. 1906. Імкнучыся фарсіраваць ліквідацыю пазямельнай абшчыны, урад выдаў 29.5.1911 новы закон, паводле якога землеўпарадкаванне магло праводзіцца незалежна ад таго, замацавана зямля ва ўласнасць ці не. Значна пашыраліся правы і функцыі землеўпарадкавальных камісій. Яны маглі прымусова рассяляць сялян на хутары і адрубы. На хутары і адрубы ішлі гал. чынам крайнія групы сялянства — сял. буржуазія і бедната. Агр. рэформа П.А.Сталыпіна садзейнічала абеззямельванню найбяднейшай часткі вёскі і канцэнтрацыі зямлі ў руках сял. буржуазіі. Сяляне-беднякі, часцей за ўсё хутаране, не маючы магчымасці весці гаспадарку, прадавалі свае надзелы. У 1907—14 па 5 зах. губернях прадалі зямлю, атрыманую ва ўласнасць, 40,8 тыс. гаспадароў дамоў, або 35,8% усіх хутарскіх і адрубных двароў. Рэформа паскорыла рост бурж. і скарачэнне панска-паўфеадальнага землеўладання. За названы перыяд у 5 губернях дваранскае землеўладанне зменшылася на 1099,1 тыс.дзес. (12,7%), а сял. прыватнае землеўладанне павялічылася на 1105,8 тыс.дзес. (56,1%).
Важная роля ў ажыццяўленні агр. палітыкі адводзілася Сял. пазямельнаму банку, на які была ўскладзена задача продажу сялянам дваранскіх зямель, нарэзаных хутарамі, на выгадных для іх уладальнікаў умовах. Банк садзейнічаў выпампоўванню грашовых сродкаў з вёскі на карысць памешчыкаў, дапамагаў апошнім у перабудове іх гаспадаркі на капіталіст. пачатках, насаджаў сял. хутарское землекарыстанне. Пазыковая палітыка банка была падпарадкавана хутарызацыі. У выніку дзейнасці Сял. пазямельнага банка, з аднаго боку, расла зямельная ўласнасць, умацоўвалася хутарская гаспадарка заможных вярхоў сялянства, з другога — узмацняліся згаленне большасці сялян, кабала і ліхвярства на вёсцы. Землеўпарадкавальныя камісіі і земскія ўстановы аказвалі фін.-эканам. падтрымку рэформе, асігноўвалі сродкі на стварэнне паказальных хутароў, агранамічную дапамогу сялянам, стваралі с.-г. склады, забяспечвалі сялян новай земляробчай тэхнікай, палепшаным насеннем і інш., што ўплывала на павышэнне культуры сял. земляробства, хоць для сельскай беднаты мела нязначныя вынікі.
Састаўной часткай рэформы з’яўлялася перасяленне сялян на ўскраіны краіны, найперш у Сібір. Такім шляхам меркавалася зняць вастрыню малазямелля ў цэнтры. У 1907—14 з 5 зах. губерняў у Сібір і на Д. Усход перасялілася 335,4 тыс. чалавек, што складала 11,6% перасяленцаў па Еўрап. Расіі. Асн. катэгорыю перасяленцаў складала вясковая бедната. Эканам. становішча перасяленцаў было не лепшае, чым на радзіме. Цяжкае матэрыяльнае становішча ўзмацнялася суровым, нязвыклым кліматам усх. рэгіёнаў, адсутнасцю ўрачэбнай дапамогі, масавымі хваробамі і ў выніку высокай смяротнасцю сярод перасяленцаў. Нацярпеўшыся нягод, значная частка іх вярталася ў родныя мясціны. У 1907—14 у 5 зах. губерняў з Сібіры і Д. Усходу вярнулася 36,5 тыс. (10,9%) перасяленцаў.
Сталыпінская агр. рэформа пацярпела няўдачу, бо праводзілася пры захаванні ўлады памешчыкаў, асноў панскай зямельнай уласнасці, за кошт згалення сял. мас. Яна не прывяла да карэнных змен у грамадскім ладзе Рас. імперыі. Ломка першабытнага абшчыннага землеўладання была эканамічна прагрэсіўная, але яна праводзілася ў рэакцыйных мэтах — захавання землеўладання памешчыкаў, іх даходаў, паліт. улады.
Прамысловасць. Гандаль. Гарады і мястэчкі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай эканоміка Беларусі апынулася ў новых паліт. і гасп. умовах. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў фін.-грашовай сістэме Рас. імперыі склалася цяжкая сітуацыя. Увядзенне ў 1769 папяровых грашовых знакаў — асігнацый — прывяло да нарастання інфляцыйных працэсаў. На бел. губерні вольнае абарачэнне банкаўскіх асігнацый было распаўсюджана ўказам ад 8.2.1795. Курс асігнацый у адносінах да сярэбранай манеты падаў з кожным годам. У 1814—15 ён знізіўся да 20 кап. серабром. Інфляцыя стрымлівала развіццё капіталіст. адносін, гандлю і крэдыту. Грашовая рэформа 1839—43 усталявала сістэму сярэбранага монаметалізму з абарачэннем устойлівых папяровых грашовых знакаў. Яна амаль на 10 гадоў стабілізавала грашовае абарачэнне і стала імпульсам хуткага развіцця таварна-грашовых адносін.
Уніфікацыі бел. і рас. рынкаў садзейнічала ўвядзенне адзіных мер і вагаў. Хаця атрыманне ўзорных мер і вагаў зацягнулася аж да пач. 1830-х г., агульнарас. адзіныя меры вымярэння паступова ўвайшлі ў побыт бел. губерняў. Афіц. палітыка абароны правоў вытворцаў шляхам дзярж. зацвярджэння прамысл. клеймаў была накіравана супраць пранікнення на рынак падробак і няякаснай прадукцыі. З 1830 па 1860 права на клеймаванне сваёй прадукцыі атрымаў 51 бел. прадпрымальнік. Увядзенне адзіных мер вымярэння, разам з абаронай правоў вытворцаў, паклала пачатак стандартызацыі — неад’емнай рысы індустр. грамадства.
У прам-сці Беларусі канца 18—1-й пал. 19 ст.найб.эканам. поспехі былі дасягнуты ў сферы дваранскага прадпрымальніцтва. У апошняй чвэрці 18—1-й чвэрці 19 ст. новыя прадпрыемствы адчынялі буйныя землеўласнікі, гал. чынам рас. паходжання. Графу Р.Пацёмкіну ў Крычаўскім графстве належала суднаверф, канатная і парусінавая мануфактуры, у Дубровенскім старостве — адна з першых у Рас. імперыі гадзіннікавая мануфактура, суконная мануфактура і мануфактура па вытворчасці пазументаў. Граф С.Зорыч заснаваў у Шклоўскім маёнтку гарбарную, канатную, парусінавую, суконную і шаўкаткацкую мануфактуры. Правадз. тайны саветнік М.Навасільцаў трымаў у Слоніме суконную і дывановую мануфактуры. Дзярж. канцлер, граф М.Румянцаў меў у Гомельскай эканоміі 2 вінакурныя з-ды, 3 гуты, 3 ткацкія фабрыкі, 2 піваварні, медны, ліцейны, свечачны, гарбарны, ільнотрапальны, цагельны, вапнавы і кафляны з-ды, сыраварню, шматлікія млыны, кузні і лесапільні. 2-і перыяд дваранскага прадпрымальніцтва пачаўся ў 1820-я г. У ім актыўна ўдзельнічалі сярэднія і дробныя землеўладальнікі, шляхта мясц. паходжання. Гэты перыяд характарызаваўся спецыялізацыяй вытв-сці, узнікненнем новых галін прам-сці, укараненнем удасканаленага абсталявання і паравых машын, спалучэннем мануфактуры і фабрычных форм арганізацыі вытв-сці, цеснай сувяззю са знешнім і ўнутр. гандлем. Дваранскія прадпрыемствы такога тыпу былі падрыхтаваны да дзейнасці ва ўмовах капіталіст. грамадства.
Другарадную ролю ў агульным развіцці прам-сці адыгрывалі эканам. намаганні купцоў і мяшчан. Ім належалі дробныя і сярэднія прадпрыемствы; адзінкавымі выключэннямі былі Альбрэхтаўскі стэарынава-свечачны і млынавы з-ды, пінскі паравы млын, слонімская медзеапрацоўчая ф-ка.
Дробныя прадпрыемствы на Беларусі ў 1796 складалі прыкладна 99%, у 1860—96% усіх прадпрыемстваў. У 1860 налічвалася 7,8 тыс. дробных капіталіст. прадпрыемстваў з 23,4 тыс. рабочых і сумай вытв-сці 14,1 млн.руб. Рамеснікі працавалі ў асн. на заказ. Прадукцыя дробнатаварнай вытв-сці паступала на мясц.гар., местачковыя і сельскія таргі і базары. Паступова ішоў працэс накаплення купецка-мяшчанскага капіталу.
Далейшае пашырэнне вытв-сці патрабавала новай энергетыкі, а ўдасканаленне тэхналогіі — непарыўнасці вытв. працэсу. На Беларусь прыйшоў час прамысл. перавароту. Яго сутнасць заключалася ў выцясненні ручной працы сістэмай машын і механізмаў. 1-ы паравы рухавік з’явіўся на Хомскай ф-цы (Кобрынскі пав.) памешчыка В.Пуслоўскага. У 1818 граф М.Румянцаў пачаў буд-ва паравой лесапільні і парахода. Да сярэдзіны 1850-х г. паравыя машыны меліся ва ўсіх галінах бел. прам-сці. У 1860 дзейнічала 76 прадпрыемстваў з паравымі рухавікамі і паравымі катламі і сумай вытв-сці 1926 тыс.руб. Хаця на ф-ках працавала ў 2 разы менш рабочых, чым на мануфактурах, фабр. прадукцыя па кошце амаль на 20% пераўзыходзіла мануфактурную. У адрозненне ад цэнтр. губерняў Рас. імперыі, дзе прамысл. пераварот пачаўся ў баваўнянай прам-сці, на Беларусі лідэрам тэхн. прагрэсу ў 1-й пал. 19 ст. былі асобныя прадпрыемствы суконнай і харч. прам-сці.
Прам-сць Беларусі ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў асноўным абапіралася на мясц. сыравінную базу, што вызначыла развіццё яе вядучых галін — харчасмакавай і тэкстыльнай. Гал. галіной прам-сці дарэформеннай Беларусі было вінакурства. Новай і выключна дваранскай галіной харчовай прам-сці стала вытв-сць цукру. У мукамольнай прам-сці былі прадстаўлены ўладальнікі прадпрыемстваў з усіх саслоўяў і ўсе формы арганізацыі вытв-сці: дробнатаварная, мануфактурная і фабрычная. У 1796 дзейнічалі 1184 мукамольныя прадпрыемствы з 1400 рабочымі і гадавым перамолам 843 тыс. пудоў збожжа. Да 1860 іх колькасць вырасла да 1834, а гадавы перамол — да 2956 тыс. пудоў. У 1841 пачаў працу 1 -ы на Беларусі паравы млын (Магілёў). Пазней такія млыны з’явіліся ў Пінску і Віцебску. Тытунёвыя прадпрыемствы належалі купцам і мяшчанам і размяшчаліся толькі ў гарадах. Хутка развіваліся свечачныя і мылаварныя прадпрыемствы. Па памерах вытв-сці і дасканаласці тэхн. абсталявання вылучаліся Альбрэхтаўскі стэарынава-свечачны і мылаварны (каля Пінска) з-ды варшаўскага купца Р.Ботэ. У тэкстыльнай прам-сці ў канцы 18 — пач. 19 ст. панавала вытв-сць палатняных, з 1820-х г. — ваўняных тканін. Да лепшых прадпрыемстваў Беларусі належалі Альбярцінская суконная ф-ка В.Пуслоўскага (Слонімскі пав.) і Парэцкая суконная ф-ка А.Скірмунта (Пінскі пав.).
Попыт на метал. вырабы разам з высокімі коштамі на прывазное жалеза прывёў да кароткачасовага ўздыму бел. чорнай металургіі. З 1828 па 1860 колькасць выплаўленага і пераробленага на Беларусі жалеза вырасла з 5,3 да 245 тыс. пудоў, а сума вытв-сці з 10,8 да 569,1 тыс.руб.Найб. стабільна працавалі металургічныя і металаапрацоўчыя прадпрыемствы Храптовіча ў Вішневе (Ашмянскі пав.), Барысаўшчынскі металургічны завод (Барысаўскі пав.), Старынкаўскі чыгунаплавільны і машынабуд. з-ды памешчыка Бенкендорфа (Чэрыкаўскі пав.).
На перапрацоўцы лясных багаццяў Беларусі базіраваліся шматлікія галіны лясной прам-сці: лесапілаванне, вытв-сцьбуд. гонту, суднабудаўніцтва, экіпажнае майстэрства, паташныя, дзягцярныя, смалакурныя і шкіпінарныя прадпрыемствы.
Бел. губерні, у параўнанні з інш. рэгіёнамі Рас. імперыі, мелі больш развітую сістэму шляхоў зносін, што з’явілася вынікам інтэнсіўнага буд-ва водных і сухапутных шляхоў. Да 1860-х г. праз Беларусь прайшлі важныя сухапутныя шляхі: шаша Брэст—Варшава, Масква—Брэст, Віцебск—Смаленск, Магілёў—Бабруйск. Шаша з Пецярбурга ў Кіеў атрымала афіц. назву Бел. тракту.
У 1799 пачаліся работы па паляпшэнні Агінскага канала. Быў рэканструяваны і Каралеўскі канал, які паводле ўказа ад 9.12.1846 наз. Дняпроўска-Бугскім. У 1797 імператар Павел I зацвердзіў праект буд-ва Бярэзінскай сістэмы, якая злучыла басейны Дняпра і Зах. Дзвіны. У 1824—39 пабудавана Аўгустоўская водная сістэма на стыку бел. і польскіх губерняў, якая злучыла басейны Нёмана і Віслы. У выніку ў 1-й пал. 19 ст. амаль што ўсе буйныя рэкі Беларусі былі злучаны штучнымі воднымі шляхамі. Да пач. 1860-х г. даўжыня суднаходных шляхоў па 5 бел. губернях складала каля 4 тыс.км, а сплаўных — прыкладна ўдвая больш. Будаваліся і новыя сродкі зносін — параходы. У дарэформенны перыяд па бел. рэках плавала 20 паравых суднаў.
Гандл. адносіны ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. характарызаваліся нарастаннем крызісу сярэдневяковых форм гандлю, адначасова яго спецыялізацыяй і з’яўленнем новага тыпу ўдзельнікаў рынку, больш цесна звязаных з вытв-сцю. Гэта сведчыла пра заняпад натур. феад. гаспадаркі і развіццё капіталіст. рынку. У 1-й пал. 19 ст. гандаль ажыццяўляўся ў асн. па водных шляхах. У 1844 па рэках Беларусі было перавезена грузаў на 8,8 млн.руб., у 1860 — на 18 млн.руб. Асабліва павялічыўся сплаў лесу — асн. экспартнага тавару Беларусі. Па колькасці кірмашоў вылучаліся Магілёўская, Мінская і Гродзенская губ. Віцебская губ. саступала ім па колькасці кірмашоў, але па суме прададзеных тавараў стаяла нароўні з інш. губернямі. Буйнейшымі на ўсходзе былі Бешанковіцкі і Гомельскі, у цэнтры — Мінскі, на захадзе — Прыбараўскі, Зэльвенскі і Свіслацкі кірмашы.
Важнай мерай, якая падтрымлівала развіццё гандлю і ўсёй эканомікі, была дзярж. мытная палітыка. Пратэкцыянісцкі курс, якога Рас. імперыя прытрымлівалася ў 1822—50, павінен быў садзейнічаць станаўленню капіталіст. тэндэнцый у развіцці гаспадаркі і ўмацаваць уплыў яе знешнегандлёвых сувязей на сусв. рынку. У той жа час паміж Царствам Польскім і асн. часткай Рас. імперыі існавала мытная мяжа. Менавіта яе адмена ў 1850 прывяла да значнага памяншэння абаротаў самых буйных кірмашоў на захадзе Беларусі ўздоўж мытнай мяжы.
Развіццё капіталіст. адносін на Беларусі мела свае характэрныя рысы і нац. асаблівасці. Зыходнай базай для эвалюцыі эканомікі з’яўляліся сельская гаспадарка і вёска. Менавіта там былі сканцэнтраваны эканам. ініцыятыва, асноўныя фін., сыравінныя і прац. рэсурсы. У сельскай мясцовасці разгортвалася і атрыманая ў спадчыну ад феадалізму гандл. дзейнасць у форме перыяд. кірмашовага гандлю. Гарады і гар. эканоміка ў працэсе зараджэння капіталізму ў Беларусі адыгрывалі дапаможную ролю. Бел. «мадэль» генезісу капіталізму рэалізавалася ва ўмовах адсутнасці ўласнай нац. дзяржавы і, адпаведна, уласнай дзярж.эканам. ініцыятывы.
Асн. зрухі ў жыцці бел. гарадоў у канцы 18 — сярэдзіне 19 ст. звязаны са зменай іх адм. статусу. Паводле законаў Рас. імперыі яе гарады падзяляліся на губ., пав. і т.зв. заштатныя. Шматлікія змены ў адм. падзеле бел. зямель вялі да істотных перамен у становішчы бел. гарадоў. Брэст, Мсціслаў і Навагрудак атрымалі статус пав. гарадоў. Стараж. Полацк і Слонім, першапачаткова выдзеленыя як губернскія, у хуткім часе таксама апынуліся ў ліку павятовых. Нясвіж, нядоўга прабыўшы пав. горадам, перайшоў у разрад заштатных. Захавалася значэнне Вільні як агульнага цэнтра Беларусі і Літвы, чаму садзейнічаў статус Віленскага ген.-губернатарства і канцэнтрацыя ў ім адм. улады і культ. жыцця.
Разам з гарадамі істотную ролю ў эканам. жыцці Беларусі адыгрывалі мястэчкі. Ад вёсак іх адрознівала права на вядзенне гандлю, рамёстваў і кірмашовую дзейнасць, ад гарадоў — адсутнасць сістэмы гар. самакіравання і гар. правоў для местачковага насельніцтва. У параўнанні з гарадамі мястэчкі наогул не адыгрывалі адм. ролі, значна саступалі ім па развіцці прам-сці. Аднак местачковае рамяство ў агульным выглядзе можна параўнаць з гарадскім, а гандл. значэнне шэрагу з іх іншы раз перавышала памеры гар. гандлю (Бешанковічы, Зэльва, Прыбарава, Свіслач, Стоўбцы, Целяханы).
У адносінах да юрыд. становішча гарадоў і гараджан новыя рас. ўлады праводзілі даволі непаслядоўную палітыку, у канчатковым выніку накіраваную на уніфікацыю бел.гар. самакіравання з агульнарасійскім. У 1858 у гарадах Беларусі налічвалася 15,6 тыс. рамеснікаў. З улікам местачковых рамеснікаў іх агульная колькасць складала прыкладна 32—33 тыс., пераважна яўрэяў (да 2/3 ад агульнай колькасці). Асн. частка рамеснікаў гарадоў і мястэчак працавала на заказ. У астатніх галінах эканомікі гар.прам-сць не адыгрывала значнай ролі і не вытрымлівала канкурэнцыі з прам-сцю, якая базіравалася ў сельскай мясцовасці, развівалася за кошт эканам. ініцыятывы дваран і была набліжана да танных сыравінных і прац. рэсурсаў. Разам з ліквідацыяй прыватнаўласніцкіх гарадоў і паслабленнем паліт. і эканам. магутнасці магнацкіх родаў у поўны заняпад прыйшлі і тыя бакі гар. жыцця, якія былі разлічаны на абслугоўванне патрэб феад. двара (ювелірнае майстэрства, вытв-сць зброі і прадметаў раскошы).
У канцы 18—1-й пал. 19 ст. адбывалася карэнная рэканструкцыя гарадоў. У лют. 1778 Кацярына II зацвердзіла планы 22 гарадоў Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў. На гарады Беларусі паступова распаўсюджвалася рэгулярная арх.-планіровачная арганізацыя на ўзор гарадоў Рас. імперыі. Дзеля гэтага былі зруйнаваны крапасныя валы ў Мінску, Магілёве, Пінску і інш. гарадах, што садзейнічала стварэнню выразнай вулічнай сеткі. Спецыфікай бел. горадабудаўніцтва канца 18—1-й пал. 19 ст. з’яўляецца праектаванне і буд-ва Бабруйскай і Брэсцкай крэпасцей і комплексная забудова шэрагу бел. гарадоў як гарадоў-рэзідэнцый. Новыя ўладальнікі бел. маёнткаў стваралі палацава-сядзібныя ансамблі, выразна змяніўшы аблічча стараж.бел. гарадоў. У канцы 18 ст. такія комплексы пабудавалі С.Зорыч у Шклове, Р.Пацёмкін у Крычаве, З.Чарнышоў у Чачэрску, Румянцавы і Паскевічы ў Гомелі.
Дробнатаварная, мануфактурная і фабрычная вытв-сць, што склалася ў дарэформеннай Беларусі, пасля адмены прыгоннага права і рэформ 1860—70-х г. захавалася і атрымала далейшае развіццё. Пры гэтым значна пабольшала роля фабр.-заводскай прам-сці, якая ўпэўнена стала дамінуючай у прамысл. сектары бел. эканомікі. Яна з’яўлялася лідэрам тэхн. прагрэсу, выключна на ёй базіраваліся новыя для Беларусі вытв-сці прамысл. тавараў. Мануфактурная і дробнатаварная вытв-сць, хаця і саступала фабр.-заводскай па тэхн. узбраенні і ступені канцэнтрацыі прадукцыйных сіл, у агульным памеры вытв-сці займала значнае месца. Паралельнае існаванне, а не замена рамяства мануфактурай і мануфактуры фабрыкай, не сведчыла аб адсталасці бел. прам-сці. Тэхн. ўзровень не дазваляў весці машынную перапрацоўку ўсіх сыравінных рэсурсаў, а наяўнасць значнага лішку танных прац. рук стрымлівала тэхн. прагрэс, што тлумачыла трываласць у эканоміцы Беларусі дробнатаварнай вытв-сці і мануфактуры. У дробнатаварнай і мануфактурнай прам-сці назіраліся і некат. рысы канцэнтрацыі вытв-сці. Так, мяст. Смаргонь Віленскай губ. стала цэнтрам гарбарнай прам-сці, мяст. Дуброўна Магілёўскай губ. спецыялізавалася на вытворчасці талесаў (яўрэйскіх малітоўных шаляў), Копысь Магілёўскай губ. — кафлі.
Асабліва бурна развіваліся ф-кі і з-ды Беларусі ў канцы 19 ст. Гэты перыяд можна лічыць пачаткам індустрыялізацыі. На працягу 1880—90-х г. на Беларусі пабудавана ў 4 разы больш прадпрыемстваў, чым за 2 папярэднія дзесяцігоддзі. Важкім паказчыкам індустрыялізацыі быў рост энергет. узброенасці прам-сці. У пач. 1890-х г. на Беларусі дзейнічалі 294, у 1900—527 паравых рухавікоў. У 1889 пры Добрушскай папяровай ф-цы пачала працаваць 1-я на Беларусі электрастанцыя. За 40 парэформенных гадоў сума фабр.-заводскай вытв-сці на Беларусі вырасла з 1,9 да 72,1 млн.руб. (у 38 разоў), мануфактурнай — у 14 разоў, дробнатаварнай — у 3,1 раза, колькасць фабрык і з-даў у 15 разоў (з 76 да 1137), мануфактур — у 5,4 раза, дробных прадпрыемстваў — у 1,2 раза. У 1900 на бел. ф-ках і з-дах выраблена больш як 46% прамысл. прадукцыі, на мануфактурах — 15%.
Пры захаванні традыц. галіновай структуры бел. прам-сці ў ёй адбыліся колькасныя змены і якаснае паляпшэнне. Вядучае месца засталося за рознымі галінамі харчасмакавай прам-сці. Другараднае значэнне мелі тэкстыльная, гарбарная, шкляная, сілікатна-будаўнічая і інш.прамысл. галіны. Якасныя змены адбываліся ў лясной прам-сці. Побач з вывазам сырога лесу, які павялічваўся з кожным годам, на Беларусі ўзніклі прадпрыемствы па глыбокай перапрацоўцы драўніны. Лідэрам у гэтай галіне стала Добрушская папяровая ф-ка, якая мела першакласнае тэхн. абсталяванне, увяла новыя тэхналогіі і да 1900 давала штогод да 317,5 т паперы на суму 1601 тыс.руб. Даволі вял. папяровыя ф-кі дзейнічалі каля Чашнікаў у Лепельскім пав. («Скіна», засн. ў 1885) і Шклове (засн. ў 1890). Буйныя запалкавыя ф-кі дзейнічалі ў Барысаве, Койданаве, Мазыры, Пінску, Навабеліцы. Шматлікія прадпрыемствы лясной прам-сці Беларусі выраблялі дошкі, гонту, паркет, шпалы, запалкавую саломку, драўняную масу, кардон. Відавочным сведчаннем канцэнтрацыі вытв-сці ў лесахімічнай прам-сці былі буйныя з-ды сухой перагонкі драўніны ў Аршанскім, Рагачоўскім і Сенненскім пав. Гарбарная, шкляная і сілікатна-буд. галіны прам-сці паступова павялічвалі памеры вытв-сці, аднак тэхн. прагрэс пакуль што слаба закрануў іх.
Новай з’явай у эканоміцы Беларусі 2-й пал. 19 ст. было буд-ва асобных прадпрыемстваў, якія займалі часта манапольнае становішча ў адпаведнай вытв-сці: алоўкавая ф-ка ў Гродне, 1-я ў Рас. імперыі ф-ка акуляраў і аптычных прылад у Віцебску, суднабудаўнічы завод у Пінску.
Вял. значэнне для развіцця эканомікі Беларусі мела інтэнсіўнае чыг.буд-ва, якое разгарнулася з 1860-х г. Праз Гродна ў 1862 прайшла чыгунка Пецярбург—Варшава. У 1866—68 Віцебск і Полацк сталі станцыямі Рыга-Арлоўскай чыгункі. У 1871 з усходу на захад Беларусь перасекла чыгунка Масква—Брэст. Праз 2 гады пачаўся рух на бел. участку (Смаргонь—Маладзечна—Мінск—Асіповічы—Бабруйск—Жлобін—Гомель) Лібава-Роменскай чыгункі; праз Брэст прайшла чыгунка з Украіны да мяжы з Прусіяй. Такім чынам, бел. губерні атрымалі надзейны сродак зносін з Пецярбургам і Масквой, Украінай, партовымі гарадамі Рыгай і Лібавай, Варшавай і Зах. Еўропай. 8.8.1887 на станцыі Гомель урачыста адзначалася завяршэнне буд-ва сеткі казённых Палескіх чыгунак. Іх агульная даўжыня складала больш за 1400 вёрст. Кожны рэгіён Беларусі, праз які праходзіла чыгунка, атрымліваў моцны стымул для эканам. росту. За першыя 25 гадоў эксплуатацыі Палескіх чыгунак іх грузаабарот вырас у 50 разоў. Калі ў 1885 на Палессі было ўсяго 6 лесапільных з-даў з агульнай вытв-сцю 150 тыс.руб. за год, то ў 1909—48 з агульнай вытв-сцю больш за 2 млн.руб. Колькасць гарбарных з-даў вырасла з 24 да 100, іх гадавая вытв-сць павялічылася да 500 тыс.руб. Агульная колькасць усіх фабрык і з-даў у раёне Палескіх чыгунак вырасла з 674 да 4000 з гадавой вытв-сцю каля 60 млн. руб.
Індустрыялізацыя ахапіла і водны транспарт. За 1860—1900 колькасць паравых суднаў па рэках Беларусі вырасла з 20 да 164, а агульны грузаабарот чыг. і воднага транспарту краю — амаль у 18 разоў.
У 1881—85 ва ўсіх бел.губ. гарадах арганізаваны аддз.Дзярж. банка Рас. імперыі. Па колькасці ўлічаных вэксаляў Мінскае аддз. Дзяржбанка на мяжы стагоддзяў займала 5-е месца ў Рас. імперыі. У якасці саслоўных крэдытных устаноў дзейнічалі іпатэчныя дзярж. банкі — Сял. пазямельны банк (з 1883), Дваранскі зямельны банк (з 1885) і прыватныя акцыянерныя зямельныя банкі — Віленскі, Маскоўскі і Пецярбургска-Тульскі, якія мелі на Беларусі свае філіялы. Новы дзярж. курс у галіне фін.-крэдытных адносін выявіўся ў дазволе на дзейнасць прыватных банкаў. 8.1.1870 падпісаны сенацкі ўказ аб усталяванні ў Гомелі грамадскага банка. Больш дробныя гар. банкі дзейнічалі ў Полацку (з 1874), Віцебску (з 1882), Барысаве (з 1900), Ігумене (з 1904) і Магілёве (з 1908). У 1873 пачаў сваю дзейнасць Мінскі камерцыйны банк — буйнейшы прыватны банк Беларусі. У перыяд прамысл. ўздыму 1890-х г. банк адкрыў 11 філіялаў, у т. л. 9 за межамі бел. губерняў. Дробнае і кароткачасовае крэдытаванне ажыццяўлялі банкірскія і банкаўскія канторы. У канцы 19 ст. 37 такіх крэдытных устаноў існавалі ў 16 нас. пунктах Беларусі, у т. л. ў Ваўкавыску, Кобрыне, Ляхавічах, Нясвіжы, Пружанах, Слоніме. У 1874 з’явіліся першыя т-вы ўзаемнага крэдыту — Мінскае і Магілёўскае. Актыўна дзейнічалі на тэр. Беларусі агульнарас. і рэгіянальныя прыватныя камерц. банкі: Пецярбургска-Азоўскі, Арлоўскі, Варшаўскі, Рыжскі, Адэскі, Віленскі, Беластоцкі і інш.
У гандлі імкліва меншала значэнне кірмашоў. У 1868 на іх прададзена тавараў удвая менш, чым у 1860. Заняпад кірмашовага гандлю непасрэдна звязаны з развіццём чыг. транспарту, сродкаў сувязі і выхадам на рынак вял. колькасці прамысл. прадукцыі. Гэта дазваляла весці гандаль больш раўнамерна на працягу года і не прыстасоўвацца да прыродных умоў. Кірмашы, якія захаваліся, набывалі рысы гандл. біржаў, дзе ішоў не столькі непасрэдны гандаль таварамі, колькі адбываліся гандл. аперацыі, заключаліся здзелкі. Рост урбанізацыі Беларусі прывёў да значнага пашырэння рознічнага гандлю. У канцы 19 ст. гандаль у крамах сканцэнтраваў 95% усяго гар.ўнутр. гандлёвага абароту. У 1900 гандл. абарот больш за 1 млн.руб. мелі 14 бел. гарадоў. Тавараабарот у сельскай мясцовасці быў нізкі і значна адставаў ад гарадскога. Па паказчыках на душу насельніцтва ў 1900 ён быў меншы за тавараабарот у гарадах у 7 разоў.
Хаця пераважная колькасць прадпрыемстваў Беларусі размяшчалася ў сельскай мясцовасці, эканам. роля гарадоў павялічылася. Цэнтрамі фабр.-заводскай прам-сці сталі ўсе губ. гарады, а таксама Пінск, Гомель, Брэст, Барысаў, Бабруйск. Значныя змены адбыліся ў гар. камунальнай гаспадарцы. У 1898 пачаўся трамвайны рух у Віцебску. Гар. эканоміку дапоўнілі гар. электрастанцыі (1-я пачала працаваць у Мінску ў 1895) і бойні.
Да пач. 20 ст. на Беларусі быў завершаны прамысл.-тэхн. пераварот і ў асн. галінах прам-сці і транспарту канчаткова зацвердзілася перавага машыннай індустрыі. З 1900 па 1913 колькасць прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці вырасла з 799 да 1280. Як і раней, працавалі шматлікія мануфактуры, дробныя прадпрыемствы, майстэрні, якія ў асн. арыентаваліся на мясц. спажыўца. Амаль у кожнай прамысл. галіне адбываліся перамены, ішла тэхнал. перабудова, расла энергаўзброенасць праз укараненне не толькі паравых рухавікоў, але і рухавікоў унутр. згарання і электрарухавікоў. Гэты працэс ахапіў і буйныя, і параўнальна невял. прадпрыемствы, напр., друкарні і тыпалітаграфіі.
Поруч з лесам лён пачаў выступаць на рынку не толькі як першапачатковая сыравіна. Выраб ачэсанай суравой і беленай ільняной пражы ў 1900 пачала льнопрадзільная ф-ка «Дзвіна» ў Віцебску, у 1902 — у сяле Высачаны Аршанскага пав. Адкрыццё ў 1901 ткацкай ф-кі ў мяст. Дуброўна па вырабе баваўняных, шаўковых і джутавых тканін прывяло да структурных змен у тэкстыльнай прам-сці — доля суконных прадпрыемстваў скарацілася. Працягвалі дзейнічаць Альбярцінская (Слонімскі пав.) і Лахазвянская (Навагрудскі пав.) шоўкакруцільныя ф-кі. У шкляной прам-сці разгарнулася вытв-сць хрусталёвага і лямпавага шкла, шкляных электраізалятараў. На з-дзе ў Альбярціне ў 1913 пачаўся выраб электралямпачак. У харчасмакавай прам-сці буйнейшым прадпрыемствам заставалася Гродзенская тытунёвая ф-ка Шарашэўскага. Аднак у гэтай галіне быў самы нізкі ўзровень канцэнтрацыі вытв-сці. Крыху паменшылася колькасць вінакурных з-даў, але іх вытв-сць павялічылася за кошт узбуйнення прадпрыемстваў і паляпшэння тэхналогіі. Напярэдадні 1-й сусв. вайны Мінская губ. выйшла на 1-е месца ў Рас. імперыі па вытв-сці спірту.
Прыкметнай эканам. з’явай на мяжы стагоддзяў сталі акц. кампаніі. Акцыянерна-паявыя прадпрыемствы існавалі ва ўсіх галінах бел. эканомікі, асабліва дзе ўзнікала патрэба хуткай мабілізацыі фін. сродкаў. Гэта маглі быць і сярэднія прадпрыемствы, і буйныя ф-кі і з-ды, прадпрыемствы трансп. і камунальнай сферы. Да першых адносіліся завод у мяст. Прапойск Быхаўскага пав. (засн. ў 1906, належаў т-ву Паўн.-Зах. канатна-драцяной вытв-сці), Акцыянернае т-ва ф-кі канторскіх кніг, пераплётных вырабаў і тыпалітаграфіі «Браты І. і М. Харыны», што дзейнічала з 1902 у Гродне. У форме акц. капіталу ў эканоміку Беларусі ішлі найб. буйныя замежныя інвестыцыі: бельгійскія акц. т-вы з’яўляліся ўладальнікамі віцебскага трамвая і льнопрадзільнай ф-кі «Дзвіна», франц. капіталу належалі 2 шоўкакруцільныя ф-кі і ф-ка грабянёў у Мінску.
Сведчаннем канцэнтрацыі і манапалізацыі вытв-сці стала з’яўленне сіндыкатаў і манапалістычных аб’яднанняў. У 1905 створаны сіндыкат кафельных заводчыкаў у Копысі, у 1906 — сіндыкат піваварных заводчыкаў Паўн.-Зах. краю ў Оршы, у 1911 — сіндыкат «Прадакон», куды ўвайшлі ўладальнікі канвертавых ф-к Брэста, Вільні і Адэсы (праўленне размяшчалася ў Мінску). У 1905 у Мінску пры аддз.Паўн. банка створаны «Камітэт запалкавых фабрыкантаў Заходняга краю», у 1908 бел. запалкавыя ф-кі ўвайшлі ў склад новаўтворанага «Рускага таварыства запалкавага гандлю». Бел. прадпрымальнікі часам выступалі ініцыятарамі агульнарас. манапольных аб’яднанняў.
Пасля некат. перапынку на Беларусі зноў пачалося інтэнсіўнае чыг.буд-ва, якое вялося з улікам паліт. і стратэгічных інтарэсаў Рас. імперыі. Але ў мірны час чыгункі працавалі на бел. эканоміку і былі яе сістэмаўтваральнай часткай. У 1902 пабудавана чыг. лінія Віцебск—Жлобін (праз Магілёў), у 1907 — Полацк—Сядлец (590 вёрст, прайшла праз Вілейку, Маладзечна, Ліду, Масты, Ваўкавыск, Свіслач). Для абслугоўвання мясц. патрэб будаваліся чыг. адгалінаванні ад асн. магістралей (Асіповічы—Старыя Дарогі—Урэчча, Вярэйцы—Градзянка, Васілевічы—Хойнікі). Не спыняліся і мясц. ініцыятывы па буд-ве чыгунак. У 1909—10 праводзіліся дэталёвыя пошукі трасы Бранск—Магілёў, Рослаўль—Магілёў, Магілёў—Мінск—Гродна; праект атрымаў назву Беларуская чыгунка. У 1901—13 здадзена ў эксплуатацыю амаль трэцяя частка чыг. палатна, якое мелася на Беларусі напярэдадні 1-й сусв. вайны. У 1913 насычанасць Беларусі чыгункамі была ў 1,8 раза вышэйшая, чым па еўрап. частцы Рас. імперыі.
Развіваліся водныя шляхі зносін. Быў дэталёва распрацаваны праект Чарнаморска-Балт. воднага шляху (Херсон—Рыга), часткай якога павінна была стаць рэканструяваная Бярэзінская водная сістэма. Новым сродкам транспарту стаў аўтамабіль. У 1909—14 некат. бел. гарады і населеныя пункты звязвалі рэгулярныя аўтамаб. маршруты.
Гандаль у пач. 20 ст. адлюстроўваў пашырэнне рэгіянальнага, унутрыбел. рынку, яго цесную сувязь з агульнарас. і замежнымі рынкамі. Мясц.прам-сць паспяхова забяспечвала насельніцтва таварамі. Калі заможныя слаі грамадства часткова выкарыстоўвалі прывазныя тавары, то бел. селянін аддаваў перавагу танным рамесна-саматужным мясц. вырабам, што стварала эканам. падмурак для досыць трывалага захавання традыцыі рамеснай вытв-сці. У такіх умовах гандаль і мясц.прам-сць выбіралі для сябе аптымальныя варыянты развіцця, што рабіла рыначныя адносіны больш трывалымі.
У цэлым Беларусь мела экспартнаарыентаваную эканоміку. Пераважаў вываз с.-г. прадукцыі і лесаматэрыялаў. Адбыліся змены і ў структуры экспарту. Устойлівым попытам на знешнім рынку сталі карыстацца не толькі бел. сыравіна (лён, мяса і жывёла, птушка, яйкі, шчацінне, сыры лес), але і вырабы с.-г. прам-сці (масла, сыр, крухмал), а таксама фабр.-заводскай вытв-сці (папера, запалкі, дыхта, ільняная пража, апрацаваныя скуры). Як і раней, Беларусь заставалася раёнам развітога вінакурства, чыя прадукцыя перавышала патрэбу мясц. рынку і ў значнай колькасці ішла за межы бел. губерняў. У пач. 20 ст. Беларусь ператварылася ў раён увозу збожжавых грузаў. Вываз збожжа за мяжу быў нязначны. Асн. маса бел. збожжа ішла на ўнутр. рынак для спажывання мясц. насельніцтвам і на патрэбы вінакурнай і піваварнай прам-сці. У 1901—13 на Беларусь прыпадала 10,4% усерас. вывазу льновалакна. Штогод вывозілася каля 1530 тыс. пудоў ільнянога семя. Вываз малочных прадуктаў (у сярэднім за год) у 1911—13 у параўнанні з 1901—05 павялічыўся больш чым у 2 разы (з 261 тыс. пудоў да 538,5 тыс. пудоў). У 1901—13 з Беларусі штогод адпраўлялася прыкладна 40—50 тыс. галоў жывёлы.
Новай з’явай у арганізацыі гандлю стала ўзнікненне біржаў. У 1904 зацверджаны статут Мінскай лясной біржы. У 1906 пачала дзейнічаць Гродзенска-Лібаўская гандл.-прамысл. біржавая арцель, з 1912 — Віцебская гандл. біржа. Буйныя прадпрыемствы мелі свае гандл. аддзяленні ў розных гарадах.
У 1914 на Беларусі было 45 гарадоў, у іх ліку 4 губернскія (Віцебск, Гродна, Магілёў, Мінск), 31 павятовы (Ашмяны, Бабруйск, Барысаў, Брэст, Вілейка, Ваўкавыск, Гомель, Гарадок, Горкі, Дзісна, Дрыса, Ігумен, Клімавічы, Кобрын, Лепель, Ліда, Мазыр, Мсціслаў, Навагрудак, Орша, Пінск, Полацк, Пружаны, Рэчыца, Рагачоў, Слонім, Слуцк, Стары Быхаў, Сянно, Чавусы, Чэрыкаў) і 10 заштатных (Адэльск, Бабінавічы, Відзы, Докшыцы, Друя, Копысь, Нясвіж, Радашковічы, Смаргонь, Сураж). Гарадавое палажэнне 1892 распаўсюджвалася ў поўным аб’ёме на 15 гарадоў (Бабруйск, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Мінск, Магілёў, Мсціслаў, Орша, Пінск, Полацк, Рагачоў, Слонім, Чавусы, Чэрыкаў). Астатнія 30 гарадоў з-за недастатковасці сродкаў і іх гандл.-прамысл. развіцця атрымалі згаданае палажэнне ў спрошчаным выглядзе (без абрання гар. дум, а толькі ўпраў). Развіццё шляхоў зносін, прам-сці, гандлю набліжалі некат. мястэчкі і чыг. станцыі да ўзроўню гарадоў, але ўлады гэта не ўлічвалі. Толькі Смаргонь у 1904 атрымала статус горада. Астатнія просьбы жыхароў шэрагу населеных пунктаў Беларусі аб наданні ім гар. правоў засталіся безвыніковымі. Па колькасці, складу і занятках насельніцтва, ролі ў прам-сці, гандлі і трансп. зносінах, на афіцыйны гар. статус і, адпаведна, гар. самакіраванне, маглі прэтэндаваць такія населеныя пункты, як Баранавічы, Глыбокае, Дуброўна, Жлобін, Маладзечна, Шклоў.
У цэлым урбанізацыя на Беларусі выявіла тэндэнцыю да павелічэння ролі буйных гарадоў у жыцці грамадства, вакол іх складваліся урбанізаваныя зоны. Аднак гэты паказчык не быў выключнай і лакальнай з’явай, а толькі завяршаў урбанізацыйную піраміду Беларусі, аснову якой складалі дробныя гарады і буйныя мястэчкі. У іх канцэнтравалася больш за палову гараджан.
Грамадскі і палітычны рух у 19 ст. Паўстанні 1830—31 і 1863—64. Пач. 19 ст. стаў часам нараджэння практыкі публічнасці і фарміравання першых добраахвотных грамадскіх аб’яднанняў. Працэс самаарганізацыі грамадскіх сіл ішоў пераважна ў асяроддзі дваранства, а грамадская самадзейнасць развівалася пераважна ў сферы дабрачыннасці і навук. дзейнасці. Былі заснаваны дабрачынныя т-вы ў Брэсце, Гродне, Вільні, Мінску, Навагрудку і інш. гарадах. Актывізацыя грамадскага жыцця суправаджалася адыходам ад чыста навуковай ці літ. дзейнасці і ўзмацненнем цікавасці да «грамадскіх пытанняў». Развіццё незалежнай камерцыйнай прэсы, пашырэнне «практыкі чытання» фарміравалі ўмовы для ідэалаг. дыскусій, асн. зместам якіх было супрацьстаянне рацыяналіст. і клерыкальнага светапоглядаў, у выніку чаго пачаўся працэс афармлення ліберальных і кансерватыўных пазіцый.
Вынікі Венскага кангрэса 1815, прадастаўленне аўтаноміі і канстытуцыі Царству Польскаму выклікалі ў адукаваных колах Літвы і Беларусі спадзяванні на далучэнне бел.-літ. зямель да Царства Польскага. Гэтыя надзеі падмацавала стварэнне ў 1817 асобнага Літоўскага корпуса з ураджэнцаў бел.-літ. і ўкр. губерняў. У канцы 1817 сярод студэнтаў Віленскага ун-та ўзнікла тайнае патрыят.т-ва філаматаў, у якое ўвайшлі І.Дамейка, Т.Зан, А.Міцкевіч, Я.Чачот, Ю.Яжоўскі і інш. Яны стварылі шэраг легальных і паўлегальных аб’яднанняў з мэтай уплыву на моладзь («Саюз сяброў», «Саюз прамяністых», «Саюз філарэтаў», «Саюз літаратараў», «Саюз натуралістаў» і інш.). Мэтай т-ва была падрыхтоўка і аб’яднанне сіл для аднаўлення Рэчы Паспалітай. У 1819 створаны 2 т-вы вучнямі Свіслацкай гімназіі, у пач. 1820-х г. у піярскім вучылішчы Полацка заснавана «Таварыства філарэтаў». У 1823 т-ва філаматаў раскрыта афіц. ўладамі, арыштавана каля 100 чал., з іх 20 чал. паводле прысуду 1824 высланы ў інш. губерні Расіі, найб. актыўныя ўдзельнікі зняволены. У 1823 па ініцыятыве былога філамата М.Рукевіча ў Беластоцкім пав. ўтворана тайнае т-ва «Ваенныя сябры», якое аб’яднала афіцэраў Літ. корпуса, мясц. шляхту і вучнёўскую моладзь. Кіраўнікі «Ваенных сяброў» раней належалі да навагрудскай масонскай ложы «Вузел адзінства». У 1819 у Царстве Польскім заснавана тайная арг-цыя «Нацыянальнае масонства», якая ставіла за мэту падрыхтоўку да аднаўлення незалежнасці Польшчы і правядзення ў ёй рэформ. Арг-цыя аб’ядноўвала да 200 чал. і стварыла правінцыяльныя ложы. У 1821 на яе аснове ўзнікла «Патрыятычнае таварыства». На базе віленскага «Нацыянальнага масонства» таксама створана «Патрыятычнае таварыства».
У пач. 1820-х г. многіх дзекабрыстаў лёс звязаў з бел. землямі, частка іх праходзіла тут вайск. службу. Кіраўнік Паўн.т-ва М.М.Мураўёў напісаў у Мінску варыянт праекта канстытуцыі. Членамі дзекабрысцкіх арг-цый быў шэраг афіцэраў Бабруйскай крэпасці. У рус. дзекабрысцкіх арг-цыях «польскае пытанне» выклікала вострую дыскусію. Тэр. пытанне ставілася і пры перагаворах паміж дзекабрыстамі і польскім «Патрыятычным таварыствам». Аднак і тыя, і другія адмаўлялі Беларусі ў самаст. існаванні.
У снеж. 1825 Літоўскі піянерны батальён па ініцыятыве кіраўнікоў «Ваенных сяброў» К.Ігельстрома і А.Вягеліна адмовіўся прысягаць імператару Мікалаю I. За гэта дзярж. злачынства і за ўдзел у тайных т-вах К.Ігельстром, А.Вягелін, М.Рукевіч, М.Вільканец і інш. былі засуджаны да смяротнай кары, пазней замененай на розныя тэрміны катаргі ці службы на Каўказе.
Разгром дзекабрыстаў у Расіі прывёў да росту апазіц. руху ў Царстве Польскім. У 1827 у Вільні створана тайнае т-ва «Сармацкае племя», або «Прыхільнікі Айчыны». Яго заснавальнікі студэнты А.Тшаскоўскі, Грантоўскі, Ф.Лісоўскі, К.Зах ставілі за мэту аднаўленне Рэчы Паспалітай. У 1828 т-ва раскрыта ўладамі, яго члены пакараны цялесна і аддадзены ў салдаты на Каўказ.
Рэвалюцыя ў Францыі, нац.-вызв. рухі ў Бельгіі, Італіі паскорылі паўстанне ў Царстве Польскім. У ноч на 29.11.1830 пачалося паўстанне ў Варшаве, падрыхтаванае тайнымі арг-цыямі, у т. л. «Патрыятычным таварыствам» і Т-вам падхарунжых. У Варшаве быў сфарміраваны Часовы ўрад, у які ўвайшлі А.Чартарыйскі, І.Лялевель, Ю.Нямцэвіч і інш. Урад аб’явіў аб скліканні сейма і ўстанаўленні дыктатуры галоўнакамандуючага польскіх войск Ю.Хлапіцкага. 20.12.1830 польскі сейм апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты паўстання і заклікаў насельніцтва далучыцца да яго. Калі Ю.Хлапіцкі зняў з сябе паўнамоцтвы дыктатара, 29 студз. створаны Нац. ўрад на чале з А.Чартарыйскім, а галоўнакамандуючым польскага войска прызначаны М.Радзівіл. Царскі ўрад прыняў меры, каб абмежаваць пашырэнне паўстання ў зах. губернях. 13.12.1830 уведзена ваен. становішча ў зах. Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне, павялічана колькасць войска.
Для падрыхтоўкі паўстання ў Беларусі і Літве ў студз.-лют. 1831 утвораны Віленскі цэнтр. паўстанцкі камітэт, у які ўвайшлі С.Шумскі, А.Гарэцкі, М.Балінскі, В.Пяткевіч, М.Замбжыцкі, Э.Ромер, Ю.Храбніцкі. Паўстанне ў Літве і зах. Беларусі пачалося ў канцы сак. 1831. Віленскі к-т не змог кантраляваць яго ход. У кожным павеце быў створаны свой пав. ўрад, якія ўзначальвалі мясц. памешчыкі. У крас. паўстанне ахапіла ўсю Віленскую губ. і пачало пашырацца на Мінскую губ. Збіралі зброю і стваралі атрады памешчыкі Барысаўскага пав., да сярэдзіны мая паўстанне ахапіла Мазырскі і Рэчыцкі пав. У канцы мая на тэр.бел.-літ. губерняў уступіў атрад ген. Д.Хлапоўскага (820 чал.), да якога далучылася частка паўстанцкіх атрадаў, пасля чаго ў атрадзе было каля 5 тыс. чалавек. Неўзабаве з Польшчы прыйшоў і 12-тысячны корпус ген. А.Гелгуда і Г.Дэмбінскага, які пачаў наступленне на Вільню, куды накіроўваўся і атрад Д.Хлапоўскага. Камандаваў аб’яднанымі войскамі А.Гелгуд. 11.6.1831 ён сфарміраваў Часовы паўстанцкі ўрад (старшыня Т.Пінкевіч). 19.6.1831 пачаўся штурм Вільні. Рас. войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў, якія адступілі, у сярэдзіне ліп. перайшлі прускую граніцу і склалі зброю.
У маі-жніўні 1831 у Гродзенскай губ. паўстанцкім рухам былі ахоплены Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі, Кобрынскі і Слонімскі пав. Атрады паўстанцаў Я.Кашыца, Г.Дэмбінскага, Ю.Незабытоўскага і інш. злучыліся ў раёне Белавежскай пушчы, дзе ўжо дзейнічалі атрады К.Нямцэвіча, Я.Дылінскага і інш.
Туды ж у сярэдзіне ліп. прыбыў атрад Д.Хлапоўскага. Супраць іх былі накіраваны ўзмоцненыя сілы рас. войска. Не маючы надзеі на поспех, аб’яднаныя сілы паўстанцаў 19 ліп. рушылі ў Польшчу. Некалькі атрадаў (М.Гедройца, М.Шыманскага, С.Панкоўскага) яшчэ дзейнічалі ў Налібоцкай пушчы. Але вестка аб узяцці рас. войскамі 8 вер. Варшавы, 9 кастр. — Модліна, а 21 кастр. Замосця вымусілі паўстанцаў, якія яшчэ заставаліся ў лясах, разысціся.
Рэпрэсіўныя меры супраць асоб, якія прымалі ўдзел у ваен. дзеяннях на баку паўстанцаў, пачаліся яшчэ да падаўлення паўстання. Згодна з указам Мікалая I ад 22.3.1831 шляхту, якая прымала ўдзел у паўстанні са зброяй, належала судзіць ваен. судом і прыгавор выконваць на месцы, маёнткі браць у казну, а дзяцей асуджаных аддаваць у ваен. кантаністы. Прадстаўнікоў падатных саслоўяў адпраўлялі на вайск. службу ў Сібір. Сялянам, якія пасля выхаду ўказа вярталіся да свайго памешчыка, давалася дараванне. Указам 6.5.1831 падзялялі «злачынцаў» на 3 разрады: кіраўнікі, удзельнікі баявых дзеянняў, усе іншыя. Маёнткі абвінавачаных секвестраваліся. Да следства за ўдзел у паўстанні ў бел.-літ. губернях было прыцягнута 2878 чал.
Паўстанне 1830—31 выклікала рэзкую перамену паліт. курсу царскага ўрада ў Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне. У вер. 1831 створаны Зах.к-т для выпрацоўкі палітыкі ўрада ў 9 зах. губернях у галіне кіравання, суда, асветы, культуры, шляхецкага саслоўя і інш. Было забаронена выкарыстанне польскай мовы ў справаводстве і яе выкладанне. У 1832 зачынены Віленскі ун-т, у 1840 адменена дзеянне Статута ВКЛ ва ўсіх галінах гасп. і паліт. жыцця.
Разам з тым паўстанне 1830—31 і «вясна народаў» стымулявалі крышталізацыю грамадскай думкі. Адбылося размежаванне кансерватыўна (Г.Ржавускі, К.Буйніцкі) і ліберальна (Р.Падбярэзскі, Э.Жалігоўскі) настроеных публіцыстаў. У ліберальным асяроддзі акрэсліліся радыкальны (Ф.Савіч, Ю.Бакшанскі, А.Незабытоўскі) і памяркоўны (Ф.Далеўскі, У.Спасовіч) кірункі. Кансерватыўныя колы падзяліліся на «эвалюцыяністаў» (А.Замойскі, В.Старжынскі) і «непрымірымых» традыцыяналістаў (Г.Ржавускі, А.Дамейка). У перыяд т.зв. мікалаеўскай рэакцыі асветніцкія традыцыі Віленскага ун-та працягвалі Віленскае мед.т-ва і гімназічныя вучнёўскія гурткі. У 1830—40-я г. створаны дэмакр.т-ва студэнтаў Віленскай мед.-хірургічнай акадэміі, Братні саюз літоўскай моладзі, Саюз літоўскай моладзі ў Мінску, Саюз літоўскай моладзі ў Пецярбургскім ун-це і інш.
З сярэдзіны 1850-х г. на Беларусі, як і ва ўсёй Рас. імперыі, назіралася ажыўленне грамадскай дзейнасці, звязанае з абмеркаваннем праектаў адмены прыгоннага права, вяртаннем са ссылкі ўдзельнікаў паўстання 1830—31 і членаў нелегальных маладзёжных гурткоў і інш. У пач. 1860-х г. на Беларусі ствараліся публічныя б-кі і нядзельныя школы, шырокай падтрымкай бел. грамадскасці карысталіся т-вы цвярозасці, ажыццёўлены шэраг выдавецкіх праектаў, фарміраваліся цэнтры аб’яднання прыхільнікаў розных кірункаў грамадскай думкі. Вакол «Камітэта», ці «Арганізацыі грамадзян» (Я.Гейштар, Ф.Далеўскі, Ю.Карповіч, Я.Пянкоўскі) групаваліся памяркоўныя лібералы. У выніку дзейнасці к-та створана паўлегальная сетка дэпутатаў-памешчыкаў, якія ўзначальвалі рэфарматарскую эканам. і асветніцкую дзейнасць у краі. Супраціўнікі самастойнай дзейнасці грамадскасці, кансерватары А.Чапскі, М.Агінскі, А.Дамейка, А.Плятэр выступалі супраць «Арганізацыі грамадзян» і лічылі, што яна імкнецца падмяніць сабой органы царскай адміністрацыі. Радыкальна настроеная частка грамадства Беларусі і Літвы аб’ядналася вакол «Камітэта руху» (пазней Літоўскі правінцыяльны к-т, ЛПК), у які ўваходзілі Л.Звяждоўскі (старшыня), К.Каліноўскі, З.Чаховіч, Э.Вярыга і інш. Хоць яны і былі сац. радыкаламі, але далей ліберальнай праграмы (звяржэнне самаўладдзя, скасаванне прыгону) іх патрабаванні не ішлі. Разам з тым прыхільнікі «Камітэта руху» падкрэслівалі неабходнасць «кулачнай рэвалюцыі», а не рэфарматарскай дзейнасці. Сувязі з дэмакр. эміграцыяй і рус.рэв. рухам спрыялі выяўленню сацыяліст. тэндэнцый у светапоглядзе асобных прадстаўнікоў радыкалізму.
Восенню 1861 члены «Камітэта руху» пачалі падрыхтоўку паўстання. У кастр. 1862 старшынёй ЛПК абраны К.Каліноўскі. Неафіц. органам ЛПК была газ. «Мужыцкая праўда», якая выдавалася К.Каліноўскім, В.Урублеўскім і Ф.Ражанскім з лета 1862 да лета 1863 (выйшла 7 нумароў). Нечаканае абнародаванне 22.1.1863 Часовым нац. урадам (да гэтага Цэнтр.нац.к-т у Варшаве) Маніфеста і агр. дэкрэтаў і абвяшчэнне паўстання без узгаднення з ЛПК стварыла крытычную сітуацыю. ЛПК даволі доўга вагаўся, як рэагаваць на дзеянні Варшавы. 1.2.1863 Віленскі к-т выдаў свой маніфест, у якім абвясціў правы і свабоды, вызначаныя польскім нац. урадам, яго агр. праграму і заклікаў падтрымаць паўстанне ў Польшчы. Гэта азначала, што левыя ў ЛПК на чале з Каліноўскім для адзінства дзеянняў фактычна поўнасцю падпарадкоўваліся польскаму нац. ўраду. У лют. 1863 Н.Дзюлёран, выключаны раней з ЛПК, дамовіўся з лідэрамі віленскіх «белых» А.Аскеркам і Я.Гейштарам аб захопе ўлады ў паўстанцкай арг-цыі Літвы — Беларусі і атрымаў згоду на гэта ад варшаўскага ўрада. 11.3.1863 яны адхілілі ад улады Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з К.Каліноўскім і замянілі яго Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, які ўзначаліў Я.Гейштар. З прычыны слабасці рэв.-дэмакр. сіл К.Каліноўскі вымушаны быў супрацоўнічаць з шляхецкімі рэвалюцыянерамі, а фактычна — падпарадкавацца іх цэнтрам.
Першыя паўстанцкія атрады з’явіліся на Беларусі з Польшчы ў студз.—лют. 1863. Буйнейшы з іх атрад Р.Рагінскага, які з баямі прайшоў праз Пружанскі пав. да Пінскага, дзе каля в. Боркі ў лют. быў разбіты. Фарміраванне мясц. атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сак.—крас. 1863. Але ў адзінаборстве з магутнай рас. арміяй паўстанцы былі асуджаны на паражэнне. З прычыны несуразмернасці сіл баявыя дзеянні паўстанцаў, узброеных у большасці косамі, пікамі і паляўнічымі стрэльбамі, з самага пачатку мелі характар партыз. барацьбы: атрады пазбягалі сутычак з больш моцнымі сіламі. На тэр. Беларусі з лют. па жн. 1863 зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. З іх 2/3 адбыліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Разгром многіх паўстанцкіх атрадаў, шматлікія страты ў выніку баявых дзеянняў, пасіўнасць «белых» у падп. структурах прымусілі Н.Дзюлёрана зноў запрасіць у Вільню К.Каліноўскага. Разам з ім у пач.чэрв. 1863 у склад віленскага паўстанцкага цэнтра, які стаў наз. Выканаўчым аддзелам Літвы, увайшлі У.Малахоўскі і Ю.Каліноўскі. Дзякуючы ім дзейнасць Аддзела прыкметна актывізавалася і радыкалізавалася. З 31 ліп. К.Каліноўскаму перададзены паўнамоцтвы старшыні Выканаўчага аддзела Літвы, а з 22 жн. — і паўнамоцтвы камісара варшаўскага ў Вільні. Да канца лета 1863 у яго руках сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арг-цыі на тэр. Беларусі і Літвы, аднак дамагчыся пералому ў барацьбе ён не здолеў: да пач.вер. 1863 паўстанне ў Літве і Беларусі практычна было падаўлена.
З пачаткам паўстання ў Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губ. уведзена ваен. становішча. У маі 1863 Віленскім ген.-губернатарам прызначаны ген. М.Мураўёў, якому падпарадкоўваліся ваен. губернатары і начальнікі паветаў, узбр. сілы, жандармерыя і паліцыя, следчыя камісіі і ваен.-палявыя суды. Прыгаворы апошніх пасля зацвярджэння ваен. губернатарамі і ген.-губернатарам выконваліся неадкладна, смяротныя пакаранні — публічна, на плошчах гарадоў. Усяго ў краі 128 чал. пакарана смерцю, павешаны ці расстраляны, 12 483 чал. адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, у арыштанцкія роты і г.д. К.Каліноўскага ваен.-палявы суд прыгаварыў да расстрэлу, але М.Мураўёў выказаўся за павешанне. Маёнткі памешчыкаў, што ўдзельнічалі ў паўстанні, падлягалі секвестру і канфіскацыі ў казну, усе астатнія мясц. памешчыкі былі абкладзены кантрыбуцыяй. У Беларусі і Літве быў устаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на памяншэнне польскага і ўзмацненне рус. ўплыву.
Указ аб спыненні паліт. спраў, якія тычыліся «польскага паўстання», і палажэнне аб абмежаванні падсуднасці асоб грамадз. ведамства ваен. суду ў Паўн.-Зах. краі (май 1867) сведчылі пра памякчэнне рэжыму выключных законаў. З 1870 да 1901 на Беларусі створана 19 т-ваў сельскай гаспадаркі, 5 мед., 11 культ.-асв., 8 спарт. аб’яднанняў. Амаль у кожным губ. горадзе існавалі аддзяленні агульнарас. т-ваў: абароны жанчын, Чырв. Крыжа і інш. У канцы 19 ст. ствараліся касы і т-вы ўзаемнай дапамогі рамеснікаў і рабочых, якія з цягам часу апынуліся пад уплывам рэв. элементаў і сталі тым асяроддзем, адкуль рабочыя траплялі ў нелегальныя гурткі.
У 1870—90-х г. грамадскія арг-цыі сталі гал. месцам дзейнасці лібералаў. С.-г. т-вы аб’ядноўвалі памешчыкаў і служачых, якія імкнуліся спрыяць прагрэсіўным зменам у сельскай гаспадарцы. На Беларусі, дзе не было земстваў, гэтыя т-вы, асабліва Мінскае і Магілёўскае, часам выконвалі іх грамадскія функцыі. Пашырэнню ліберальных ідэй садзейнічалі шматлікія культ.-асв., навук. і гуманітарныя арг-цыі (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў). Ліберальныя ідэі абмяркоўваліся ў т.зв. хатніх гуртках. Кансерватыўныя колы Беларусі не лічылі грамадскую дзейнасць асн. сродкам дасягнення сваіх мэт. Яны лічылі, што свае ўяўленні аб дзярж. парадку, стане саслоўяў, адносінах да ўласнасці трэба даводзіць да ведама ўрада, які сам паклапоціцца аб прыняцці неабходных мер. Такія адносіны да рэальнай дзейнасці і адсутнасць на Беларусі дваранскіх сходаў сталі прычынамі таго, што паліт. кансерватызм тут не набыў акрэсленай формы.
З 1870-х г. расла цікавасць да сацыяліст. ідэй, што было звязана з ростам грамадз. актыўнасці, развіццём рабочага руху і з аслабленнем рэпрэсіўнай палітыкі царызму на Беларусі. У 1-й пал. 1880-х г. актыўную дзейнасць на Беларусі разгарнулі «Чорны перадзел», потым паўн.-зах.арг-цыя «Народнай волі» і польская партыя «Пралетарыят», што не дало магчымасці групе «Гоман» аб’яднаць гурткі Беларусі на аснове агульнай тэарэт. праграмы.
У канцы 19 ст. марксісцкае ўяўленне аб сацыялізме прынята ў якасці асноўнага для сацыяліст. рухаў Еўропы, таму значная частка сацыялістычна арыентаваных груп і гурткоў Беларусі перайшла на с.-д. пазіцыі. У рамках с.-д. аб’яднанняў ствараліся дапаможныя структуры: асв.-культ., узаемадапамогі і інш., усталёўваліся кантакты з прафсаюзамі, у выніку чаго фарміраваўся новы тып арг-цый — паліт. партыі. Першымі з іх на Беларусі былі партыі сацыяліст. кірунку. У 1897 у Вільні створаны Агульнаяўрэйскі рабочы саюз Літвы і Польшчы (Бунд). Менавіта ён у 1898 быў тэхн. арганізатарам I з’езда РСДРП у Мінску. У 1903 у Гомелі створаны Палескі, у 1904 у Вільні — Паўн.-Зах. к-ты РСДРП. У 1900 у Мінску на з’ездзе прадстаўнікоў Рабочага саюза Літвы і Сацыял-дэмакратаў Польшчы створана Сацыял-дэмакр. партыя Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), у 1901 у Мінску — Яўр. незалежная рабочая партыя. У 1902 ідэйна і арганізацыйна аформіліся ППС у Літве і Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). ППС у Літве выставіла лозунгі барацьбы за незалежнасць Літвы і Беларусі і ўсталяванне сацыяліст. ладу; найб. значныя яе арг-цыі існавалі ў Вільні, Гродне і Брэсце. ПСР выступала за знішчэнне самадзяржаўя і памешчыцкага землеўладання, за ўстанаўленне ў Расіі федэратыўнай дэмакр. рэспублікі, сацыялізацыю зямлі. Выключнае значэнне ў барацьбе з царызмам партыя надавала індывідуальнаму тэрору. У 1904 эсэраўскія арг-цыі Мінска, Віцебска, Гомеля, Вільні і інш. аб’ядналіся ў Паўн.-Зах.абл. арг-цыю ПСР. У 1902—03 створана Бел.рэв. грамада (пазней Бел.сацыяліст. грамада). У яе праграме, прынятай на 1-м з’ездзе (1903), партыя характарызавалася як сац.-паліт.арг-цыябел. працоўнага народа. Сваёй канчатковай мэтай яна абвясціла знішчэнне капіталіст. ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытв-сці і камунікацый.
Рэвалюцыя 1905—07. Іскрай, што выклікала рэв. выбух у Рас. імперыі, стаў расстрэл 9.1.1905 у Пецярбургу масавых мірных шэсцяў рабочых, якія накіраваліся да Зімняга палаца з петыцыяй аб паляпшэнні становішча народа. Выступленні пратэсту пракаціліся па ўсёй імперыі, у т. л. на Беларусі, дзе студзеньскія паліт. стачкі ахапілі 25, а з улікам дэманстрацый і масовак — 30 гарадоў і мястэчак. Большасцю выступленняў кіравалі мясц. арг-цыі РСДРП і Бунда, якія, як правіла, дамаўляліся аб правядзенні агульных выступленняў, найперш стачак. Для гэтага на кааліцыйнай аснове ствараліся часовыя стачачныя камісіі. Агульнымі стачкамі з удзелам практычна ўсіх мясц. рабочых былі ахоплены Смаргонь, Гродна, Брэст, Мазыр, Полацк, Ашмяны, Слонім, Ветка, Дуброўна, Талачын, Парычы, Шчадрын. Аднак у Мінску, Гомелі, Пінску, Віцебску да іх не ўдалося далучыць найбуйнейшыя прадпрыемствы. Выступленнямі ў Гродне і Брэсце кіравалі мясц. к-ты Бунда і ППС у Літве. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Гомель, Горкі) паліцыя і салдаты выкарыстоўвалі супраць удзельнікаў дэманстрацый і маніфестацый агнястрэльную зброю. Пахавальная працэсія ў Гомелі з удзелам 8 тыс. чалавек ператварылася ў антыўрадавую дэманстрацыю.
У лют.—сак. хваля паліт. выступленняў рэзка знізілася, але разгарнулася барацьба рабочых з прадпрымальнікамі за паляпшэнне свайго эканам. становішча. Некат. буйныя эканам. стачкі суправаджаліся антыўрадавымі маніфестацыямі. Агульная колькасць эканам. стачачнікаў у лютым 1905 дасягала 5,4, а ў сакавіку — 5,8 тыс., што значна перавышала сумарны паказчык за ўвесь 1904. Высокі ўзровень актыўнасці рабочых у эканам. барацьбе захоўваўся і ў наступныя месяцы. Нярэдка выступленні ахоплівалі ўсе прадпрыемствы пэўнай галіны вытв-сці ў маштабах горада. Як правіла, выступленні заканчваліся ўступкамі прадпрымальнікаў — поўнымі ці частковымі. У некат. выпадках рабочыя дамагліся ўстанаўлення 8-гадзіннага прац. дня.
Рэзкі ўздым паліт. барацьбы рабочых пачаўся ў сярэдзіне красавіка (па старым стылі) у сувязі са святкаваннем 1 Мая. У красавіцкіх паліт. стачках удзельнічала каля 51 тыс. чалавек, паліт. выступленнямі рабочых былі ахоплены 47 гарадоў і мястэчак. У чэрв.—ліп. 1905 шырокі размах на Беларусі набылі выступленні пратэсту супраць крывавых рэпрэсій царызму ў Лодзі, Варшаве, Адэсе, Іванаве-Вазнясенску. У пач. ліпеня яны спалучаліся з выступленнямі, на якіх ушаноўвалася памяць ахвяр «крывавай нядзелі» ў Пецярбургу і паўгадавіны рэвалюцыі. У Мінску, Бабруйску, Віцебску адбыліся ўзбр. сутычкі з паліцыяй і казакамі, мелі месца чалавечыя ахвяры. Сотні людзей былі арыштаваны.
Пад уздзеяннем рабочага руху актывізаваўся рух сялянства супраць памешчыкаў і мясц. адміністрацыі. У студз.—сак. адбыліся 53 сял. выступленні. Пераважную большасць іх складалі высечкі панскіх лясоў. У крас.—чэрв. сумарны паказчык сял. выступленняў дасягнуў 237, з іх 175 прыпала на чэрвень. Пад уплывам агітацыі мясц. арг-цый РСДРП, ПСР, а таксама Бунда, ППС у Літве і БСГ у сял. руху ў вяснова-летні перыяд 1905 хутка пашырыліся новыя для яго формы — забастоўкі, паліт. сходы і мітынгі. Іх удзельная вага ў параўнанні з традыц. формамі ўзнялася да 35,5%.
Першым найб. значным і арганізаваным выступленнем новага для вёскі тыпу з’явілася агульная забастоўка сялян-падзёншчыкаў і парабкаў, якая ў пач.чэрв. 1905 ахапіла амаль усе маёнткі Навагрудскага, а ў канцы чэрв. — Ваўкавыскага і Гродзенскага пав. Шырокі размах набылі с.-г. забастоўкі ў Мінскім, Бабруйскім, Рэчыцкім, Слуцкім, Брэсцкім, Горацкім, Аршанскім, Гомельскім і Рагачоўскім пав.Гал. мэтай сял. руху па-ранейшаму заставалася ліквідацыя панскага землеўладання. З традыц. форм сял. барацьбы самымі распаўсюджанымі былі патравы памешчыцкіх угоддзяў (18,2%) і высечка лесу (9%). 10% складалі сутычкі сялян з паліцыяй і войскамі. Імі звычайна завяршаліся найб. вострыя выступленні. Разгромаў і падпалаў панскіх двароў у Беларусі было няшмат (адпаведна 0,4 і 2,5% выступленняў). Пад уплывам рабочага і сял. руху хваляванні ахапілі і армію. У ліп. 1905 у Мінску салдаты Баранавіцкага чыг. батальёна выказалі пратэст супраць адпраўкі іх на Д. Усход. С.-д. агітацыя вялася ў гарнізонах Бабруйска, Гродна, Брэста і інш. гарадоў.
Пасля падзей 9 студз. ў Пецярбургу паліт. апазіцыя царызму ўзнікла і ў асяроддзі ліберальнай буржуазіі. У зале Мінскай думы 12 студз. абвешчана рэзалюцыя з патрабаваннем паліт. свабоды. У чэрв. 1905 Мінская гар. дума прыняла пастанову, у якой хадайнічала аб хутчэйшым скліканні нар. прадстаўнікоў. Прыкметную паліт. актыўнасць праяўляла і ліберальная інтэлігенцыя Мінска, што групавалася вакол Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. Каб аслабіць рэв. націск і знайсці падтрымку ў ліберальных колах грамадства, Мікалай II 6.8.1905 зацвердзіў законапраект аб выбарах у Дзярж. думу. Паводле яго выбарчая сістэма грунтавалася на саслоўным прынцыпе. Ад удзелу ў выбарах адхіляліся ўсе наёмныя рабочыя, якія не адпавядалі ўстаноўленым цэнзам па маёмасці і аселасці. Статус Думы вызначаўся як законадарадчы. Ніякіх рэальных правоў і паўнамоцтваў яна не атрымлівала.
Такі царскі «падарунак» не супакоіў ахопленую рэвалюцыяй краіну. Усе левыя, с.-д. і народніцкія, агульнарас. і нац. партыі разгарнулі шырокую агітацыю за байкот выбараў, за далейшае разгортванне масавай рэв. барацьбы за звяржэнне самадзяржаўя шляхам узбр.нар. паўстання і ўсталявання дэмакр. рэспублікі праз скліканне выбранага дэмакр. шляхам Устаноўчага сходу. Лозунг байкоту новай Думы падтрымала частка ліберальных прафесійна-паліт. саюзаў інтэлігенцыі. Аднак хваля рэв. выступленняў рабочых і сялян Беларусі ў жн. — вер. рэзка знізілася.
Новы ўсерас. ўздым рабочага руху пачаўся ў Маскве, дзе ў канцы вер. 1905 асобныя стачкі рабочых перараслі ў агульнагар. паліт. забастоўку, якая суправаджалася вулічнымі маніфестацыямі і сутыкненнямі рабочых з паліцыяй і войскам. У развіцці падзей выключную ролю адыграў Усерас.чыг. саюз, створаны ў крас. 1905. Цэнтр. бюро саюза 7 кастр. па тэлеграфе заклікала рабочых і служачых усіх чыг. майстэрняў далучыцца да ўсеаг. забастоўкі. На працягу наступнага тыдня чыг. рух у імперыі быў спынены. Адначасова па закліку рэв. партый у гарадах забаставалі прамысл. прадпрыемствы, гандл., навуч., банкаўскія і інш. ўстановы.
У ходзе Кастр.паліт. стачкі ў Пецярбургу, Маскве і інш. гарадах Расіі сфарміраваліся Саветы рабочых дэпутатаў ці выбарныя агульнагар. стачачныя к-ты. Абапіраючыся на ўзбр. баявыя дружыны рабочых, яны дзейнічалі ў пэўнай меры як органы ўлады. На Беларусі агульнагар. стачкамі кіравалі кааліцыйныя саветы, к-ты, камісіі, у якія на аснове пагаднення ўваходзілі прадстаўнікі РСДРП, Бунда, ПСР. Вядучую ролю ў Кастр.паліт. стачцы адыгралі чыгуначнікі. На важнейшых чыг. станцыях (Орша, Мінск, Баранавічы, Гомель, Пінск і інш.) рух цягнікоў быў спынены 10—12 кастр. Чыгуначнікаў падтрымалі рабочыя фабрык і з-даў, друкарняў, рамесных майстэрняў, работнікі гандлю, служачыя многіх устаноў, вучнёўская моладзь. Штодзённа праводзіліся масавыя мітынгі, маніфестацыі і дэманстрацыі, якія нярэдка заканчваліся сутычкамі з паліцыяй і войскам.
Агульнарас. стачка прымусіла царызм пайсці на прынцыповыя паліт. ўступкі. 17 кастр. Мікалай II падпісаў Маніфест, паводле якога ў краіне ўводзіліся «непарушныя асновы грамадзянскай свабоды на прынцыпах сапраўднай недатыкальнасці асобы, свабоды сумлення, слова, сходаў і саюзаў», значна пашырыўся кантынгент тых, хто атрымаў права ўдзелу ў выбарах Дзярж. думы, а сама Дума атрымала заканадаўчыя паўнамоцтвы. Прадстаўнікі рэв. арг-цый заклікалі не верыць Маніфесту і працягваць барацьбу за звяржэнне самадзяржаўя і скліканне Устаноўчага сходу. На гэта ўрад адказаў новымі рэпрэсіямі. 18.10.1905 расстраляны мітынгі ў Віцебску і Мінску; сутычкі з паліцыяй адбыліся ў Полацку і Смаргоні, яўр. пагромы — у Гомелі, Рэчыцы, Оршы.
Кастр. паліт. стачка ахапіла 32 населеныя пункты Беларусі, а з улікам дэманстрацый, мітынгаў і маніфестацый — 53 гарады і мястэчкі. Агульная колькасць стачачнікаў толькі ў прам-сці дасягала 66 тыс. На вёсцы глыбокі спад у вер. (18 выступленняў) змяніўся ажыўленнем у кастр. (54), ліст. (154) і снежні (286 выступленняў). Павялічылася ўдзельная вага разгромаў і падпалаў панскіх двароў, сутыкненняў з паліцыяй і войскам, паліт. сходаў, мітынгаў і дэманстрацый. Значна ўзмацніліся хваляванні ў войску. Выступленні салдат адбыліся ў Гродне, Бабруйску, Брэсце.
У выніку Кастр.паліт. стачкі ў Расіі склалася адносная раўнавага сіл рэвалюцыі і контррэвалюцыі. Рэв.-дэмакр. сілы не змаглі звергнуць самадзяржаўе, але прымусілі яго пайсці на істотныя паліт. ўступкі і фактычна заваявалі свабоду слова, сходаў, друку, саюзаў. Адкрыта дзейнічалі Саветы рабочых дэпутатаў, нізавыя структуры рэв. партый, прафесійна-паліт. саюзы (чыгуначнікаў, паштова-тэлеграфных служачых, настаўнікаў, сялян і інш.), прафес. саюзы рабочых прамысл. прадпрыемстваў і інш. Выдаваліся газеты розных ідэйна-паліт. кірункаў.
Кастр. стачка прымусіла мабілізавацца ўсе кансерватыўныя сілы з мэтай захавання самадзяржаўя, памешчыцкага землеўладання. У выніку ўзнік шэраг крайне правых груповак («Саюз рускага народа», «Савет аб’яднанага дваранства», «Айчынны саюз» і інш.), якія па сутнасці не прызнавалі «Маніфест 17 кастрычніка». Найб. актыўны ў барацьбе з рэвалюцыяй быў «Саюз рускага народа». Члены гэтых груповак былі вядомы як «чорная сотня». У дні Кастр. стачкі чарнасоценцы наладжвалі вулічныя шэсці з іконамі, царкоўнымі харугвамі і партрэтамі цара, арганізоўвалі забойствы рэвалюцыянераў і яўр. пагромы (Орша, Полацк, Рэчыца).
У кастр. 1905 утварыўся праваліберальны «Саюз 17 кастрычніка», які цалкам салідарызаваўся з царскім маніфестам і імкнуўся супрацоўнічаць з урадам. Да лют. 1906 арг-цыі акцябрыстаў аформіліся і дзейнічалі ў Вільні, Гродне, Вілейцы, Свянцянах, Дзвінску, Віцебску, Мінску, Бабруйску, Гомелі. Ініцыятыва стварэння іх, як і чарнасоценных арг-цый, зыходзіла ад чыноўнікаў і правасл. духавенства.
У час Усерас.паліт. стачкі створана леваліберальная Канстытуцыйна-дэмакр. партыя (кадэты). Яе праграма прадугледжвала роўнасць усіх рас. грамадзян перад законам; свабоду сумлення, слова, друку, сходаў і саюзаў; недатыкальнасць асобы і жылля, незалежнасць і публічнасць суда; выбранне ўсерас. заканадаўчага нар. прадстаўніцтва і мясц. органаў самакіравання ўсеаг., роўным, простым і тайным галасаваннем; адказнасць міністраў перад сходам нар. прадстаўнікоў; прадастаўленне права кожнай народнасці на культ.-нац. аўтаномію. Сялянам кадэты абяцалі павелічэнне плошчы землекарыстання, рабочым — права на стачкі, 8-гадзінны працоўны дзень і інш. Да мая 1906 групы гэтай партыі, у якую ў асн. уваходзілі прадстаўнікі ліберальнай інтэлігенцыі, сфарміраваліся ў Вільні, Магілёве і Пінску. Нягледзячы на нешматлікасць, папулярнасць кадэтаў у краі была вялікая. Яе праграму цалкам падтрымлівалі ўсе плыні сіянізму, каталіцкі касцёл і часткова (за выключэннем вырашэння агр. пытання) — польска-бел. землеўласнікі. Саюзніцай кадэтаў стала Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, створаная ў канцы 1905 — пач. 1906 па ініцыятыве віленскага каталіцкага біскупа барона Э.Ропа. Асн. рэгіёнам яе дзейнасці сталі Віленшчына і частка Гродзеншчыны, дзе пераважала каталіцкае насельніцтва.
У пачатку снеж. 1905 царскі ўрад паспрабаваў авалодаць становішчам у краіне. Былі закрыты ўсе дэмакр. газеты, арыштаваны члены выканкома і дэпутаты Пецярбургскага Савета, забаронены чыг. саюзы. У адказ 7.12.1905 ад імя Савета рабочых дэпутатаў, РСДРП, ПСР і Бунда была выдадзена адозва «Да ўсяго народа», якая фактычна заклікала да ўзбр. паўстання. У Маскве ў той жа дзень пачалася ўсеаг. паліт. стачка, усерас.чыг. стачку аб’явілі прадстаўнікі 29 чыгунак і Цэнтр. бюро Усерас.чыг. саюза. Пралетарыят Масквы ў ноч на 10 снеж. ўзняўся на ўзбр. паўстанне.
На Беларусі снежаньскую стачку, як і раней, пачалі чыгуначнікі, якія ўжо 8—9 снеж. затрымлівалі цягнікі. У тыя ж дні Мінскі кааліцыйны савет, Гомельскі рэв., Пінскі, Мазырскі і інш. стачачныя к-ты заклікалі працоўных да ўсеаг. паліт. забастоўкі. Стачка ахапіла на Беларусі 17 гарадоў і мястэчак, яе падтрымалі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутыкненнямі з паліцыяй і войскам яшчэ ў 11 населеных пунктах. У ёй удзельнічала каля 44 тыс. рабочых прамысл. прадпрыемстваў і рамеснікаў. Па напале і напружанасці барацьбы сітуацыя ў асобных гарадах была блізкая да ўзбр. паўстання.
2.12.1905 цар выдаў указ аб адмене крымінальнай адказнасці за ўдзел у эканам. мірных стачках, а 11 снеж. — новы закон аб выбарах у Дзярж. думу. У той час як бурж.-ліберальныя партыі падтрымалі гэтыя рашэнні і заклікалі спыніць рэв. выступленні, партыі рэв.-дэмакр. кірунку выступалі за працяг барацьбы. У студз. 1906 рабочыя 13 гарадоў стачкамі адзначылі гадавіну рэвалюцыі, сял. рух выліўся ў 135 выступленняў. З мэтай аслаблення рэв. націску царскія ўлады склікалі Дзярж. думу. Большасць месц у 1-й Дзярж. думе заваявалі кадэты.
Пачатак дзейнасці Думы ў крас. 1906 супаў з новым уздымам рэв. руху. У сувязі з днём 1 Мая забастоўкі адбыліся ў 40 нас. пунктах Беларусі. У арганізацыі эканам. барацьбы рабочых усё больш прыкметную ролю адыгрывалі прафсаюзы. Веснавыя выступленні рабочых актыўна падтрымалі сяляне. Летам 1906 удзельная вага паліт. выступленняў бел. сялян перавысіла паказчыкі 1905. Асабліва вылучаліся Навагрудскі і Пружанскі пав.
Пасля роспуску 1-й Дзярж. думы 9.7.1906 прадпрымальнікі ўзмацнілі наступ на рабочых, арганізоўвалі лакауты. Услед за спадам рабочага руху знізілася і колькасць сял. выступленняў.
Ва ўмовах спаду рэвалюцыі ўсе партыі левага, дэмакр. лагера вырашылі выкарыстаць думскую трыбуну для актывізацыі барацьбы. Яны прынялі актыўны ўдзел у выбарах у 2-ю Дзярж. думу. Апошняя насуперак спадзяванням урада была больш левай за 1 -ю Думу і выходзіла з-пад яго кантролю. З.6.1907 2-я Дзярж. дума разагнана; арыштавана с.-д. фракцыя. Выбарчы закон, прыняты ў адпаведнасці з Маніфестам 17 кастр., быў зменены.
Грамадскі і палітычны рух пасля паражэння рэвалюцыі. У выніку паражэння рэвалюцыі ў Расіі ўсталяваўся т.зв. трэцечэрвеньскі рэжым, які ў сваёй палітыцы абапіраўся на дзве большасці ў 3-й Дзярж. думе — чарнасоценна-акцябрысцкую і акцябрысцка-кадэцкую і лавіраваў паміж імі. Паводле выбарчага закона ад 3.6.1907 у Беларусі да ранейшага саслоўна-класавага падзелу насельніцтва, дапушчанага да выбараў, уводзіліся нац. курыі — «руская», «польская» і «яўрэйская» з асобнымі квотамі прадстаўніцтва. Існаванне бел. этнасу цалкам ігнаравалася. У 5 зах. губернях на выбарах у 3-ю Дзярж. думу чарнасоценцы і акцябрысты заваявалі 29 месц з 36, бел.-польскія аўтанамісты («краёўцы») атрымалі 6 месц. З падобнымі вынікамі прайшлі выбары і ў 4-ю Дзярж. думу.
У ходзе наступлення контррэвалюцыі і рэакцыі многія арг-цыі левых партый былі ліквідаваны ці вельмі аслаблены. Назіраўся масавы адток з іх інтэлігенцыі. Спробы аднаўлення парт. арг-цый, як правіла, заканчваліся беспаспяхова. Усяго некалькі месяцаў пратрымалася адноўленая ў лют. 1908 Мінская група РСДРП, у сярэдзіне таго ж года ліквідаваны Браслаўская, Капыльская, Старадарожская і Хоцімская групы РСДРП. Не быў адноўлены Паўн.-Зах. саюз РСДРП, рэзка скарацілася колькасць прафес. саюзаў. Сярод меншавікоў і бундаўцаў пашырылася ліквідатарская плынь, якая дамагалася легалізацыі РСДРП шляхам адмовы ад падп. дзейнасці. На такія пазіцыі стала і БСГ, якая згарнула свае падп. структуры і як партыя часова перастала існаваць. Кіраўнікі БСГ засяродзіліся на легальнай дзейнасці ў газ.«Наша ніва». Бальшавікі-ленінцы выступалі за спалучэнне падп. і легальнай дзейнасці. Маштабы і характар рабочага руху істотна змяняліся. Практычна немагчымымі сталі адкрытыя антыўрадавыя выступленні — дэманстрацыі, мітынгі, маніфестацыі. Рэзка скарацілася колькасць стачак. Прыкметы ажыўлення ў рабочым руху Беларусі з’явіліся ў 1911—12, а адносны ўздым заўважыўся ў 1913, калі ў забастоўках прынялі ўдзел 8,8 тыс.чал. (у 4 разы больш, чым у 1910). Скарацілася колькасць сял. выступленняў (1907—161, 1908—132, 1909—92).
Вельмі аслаблены быў і ліберальна-апазіцыйны цэнтр, вядучай сілай якога заставаліся кадэты. Іх Магілёўская і Пінская арг-цыі распаліся, скарацілася колькасць друкаваных органаў. У гэты перыяд ішло «размыванне» ліберальнай традыцыі: паколькі яе фундамент. прынцып — жыццёва неабходны мінімум правоў асобы, у розных паліт. плынях фарміраваліся розныя праграмы з патрабаваннем эканам., сац., рэліг. і інш. правоў. Ліберальныя патрабаванні ставілі і Саюз дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі, і Польскі саюз краёўцаў, і Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі. Аднак да 1917 моцная ліберальная апазіцыя на Беларусі так і не склалася.
Культура. Адукацыя. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай на Магілёўшчыне і Віцебшчыне працягвала існаваць традыц. сістэма адукацыі. У Віцебску, Полацку, Магілёве, Мсціславе, Оршы дзейнічалі езуіцкія калегіумы; у Сянне і Сакольніках — францысканскія, у Віцебску — піярская, Талачыне — базыльянская, Забелах — дамініканская школы. Выкладанне вялося на лац. і польскай мовах.
У канцы 1780 — пач. 1790-х г. стала пашырацца рас. сістэма адукацыі. Гал.нар. вучылішчы адкрыты ў Магілёве і Віцебску, малыя — у Полацку, Оршы, Чавусах, Мсціславе, Копысі, Чэрыкаве, дзе выкладанне вялося на рус. мове.
Пасля 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай стракатую сетку навуч. устаноў дапоўнілі акад. акруговыя школы (створаныя яшчэ Адукацыйнай камісіяй Рэчы Паспалітай), якія знаходзіліся ў Гродне, Мінску, Брэсце і Навагрудку і акад. павятовыя — у Нясвіжы, Слуцку, Бабруйску, Пінску, Мазыры, Слоніме, Вішневе, Ваўкавыску, Халопенічах, Драгічыне, Паставах. Акрамя таго, навучанне ішло ў прыкляштарных вучылішчах і ў пратэстанцкіх школах у Кейданах і Слуцку. Да сярэдніх навуч. устаноў адносіліся невялікія прыватныя пансіёны, а таксама яўр.рэліг. школы (хедэры і ешывы).
У 1803 Гал.Літ. школа атрымала статус імператарскага Віленскага ун-та, які ўзначаліў новаўтвораную Віленскую навуч. акругу. У яе ўвайшлі навуч. ўстановы Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай, Кіеўскай (пазней вылучаны з акругі), Валынскай, Падольскай губ. і з 1810 Беластоцкай вобл. Куратарам акругі прызначаны князь А.Чартарыйскі. Віленская навуч. акруга кіравалася ўласным статутам, польская мова засталася асн. мовай навучання. Па колькасці школ і навучэнцаў яна была лідэрам сярод навуч. акруг Расіі. У пач. 1820-х г. у яе ўстановах набывала веды 30,2% усёй вучнёўскай моладзі рас. дзяржавы.
Вышэйшую духоўную адукацыю можна было атрымаць у Гал. каталіцкай семінарыі пры Віленскім ун-це і Полацкай езуіцкай акадэміі (закрыта ў 1820).
Пасля паўстання 1830—31 сістэма адукацыі ў Віленскай акрузе была радыкальна зменена. У 1832 Віленскі ун-т закрыты, а замест яго ў Вільні створаны мед.-хірургічная і духоўная рымска-каталіцкая акадэміі. У пач. 1840-х г. яны пераведзены адпаведна ў Кіеў і Пецярбург. Школы і вучылішчы Магілёўскай і Віцебскай губ. перададзены ў падпарадкаванне Пецярбургскай навуч. акрузе і пераведзены на рус. мову. У хуткім часе яны вылучаны ў асобную Беларускую навуч. акругу, якая праіснавала да 1850, калі навуч. ўстановы Беларусі зноў былі падзелены паміж Віленскай і Пецярбургскай навуч. акругамі. Новы школьны статут 1828 зафіксаваў існаванне 3-ступеннай сістэмы сярэдняй адукацыі, але больш жорстка замацаваў саслоўны прынцып адукацыі. Гімназіі прызначаліся толькі для дваранства і чыноўніцтва, пав. вучылішчы — для мяшчан, купцоў і рамеснікаў, прыходскія — для ніжэйшых саслоўяў. Рэпрэсіўныя дзеянні ў сістэме адукацыі выявіліся ў скасаванні прыкляштарных вучылішчаў, а яўр.рэліг.навуч. ўстановы замяняліся дзярж. з напаўсвецкімі праграмамі навучання. Абавязковым патрабаваннем да ўладальнікаў усіх свецкіх прыватных жаночых пансіёнаў стала веданне рус. мовы і добранадзейнасць. Падтрымку мелі толькі нешматлікія на Беларусі прыватныя жан. ўстановы рус. арыентацыі (напр., дзявочы пансіён у Прапойску). З канца 1830-х г. на Беларусі ствараліся дзярж. і паўдзярж. («узорныя») жаночыя пансіёны ў Мінску, Гродне, Магілёве, Віцебску, Полацку. У 1841 у Беластоку пачаў дзейнічаць дзярж.ін-т шляхетных дзяўчат на ўзор Смольнага ін-та.
У пачатку царавання Аляксандра II на Беларусі адкрыты новыя гімназіі, пашырылася пач. адукацыя, у т. л. для сялян. Пры гімназіях адкрываліся агранамічныя, землямерныя, каморніцка-таксатарскія класы. У 1835 адкрыты Полацкі кадэцкі корпус — сярэдняя навуч.ваен. ўстанова закрытага тыпу, у 1840 — Горы-Горацкая земляробчая школа (з 1848 — інстытут).
У 1860—90-я г. пануючае месца ў сістэме адукацыі Беларусі займала пач. школа, якая ўключала нар. вучылішчы, царк.-прыходскія школы і школы граматы, у гарадах прыходскія пав. і гар. вучылішчы. Ва ўсіх губ. цэнтрах, а таксама ў Брэсце, Гомелі і Слуцку дзейнічалі мужч. гімназіі, у Бабруйску, Мазыры — прагімназіі. Рэальныя вучылішчы меліся ў Мінску, Магілёве, Пінску. Пад уплывам сац. змен у 2-й пал. 19 ст. пашырылася сетка жан.навуч. устаноў, у большасці прыватных. Да канца стагоддзя яны з’явіліся ў Брэсце, Бабруйску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Мазыры, Слоніме, Слуцку. Дзяўчынак сталі прымаць у нар. вучылішчы нароўні з хлопчыкамі, у Гомелі адкрылася жан. гімназія.
Настаўнікаў для пач. школ рыхтавалі ў настаўніцкіх семінарыях: Маладзечанскай (1-я ў Расіі, засн. ў 1864), Полацкай (1872), Нясвіжскай (1875) і Свіслацкай (1876).
У 1905 на Беларусі было 10 мужч. і 12 жан. гімназій, камерцыйнае, 5 рэальных вучылішчаў, прагімназія (мужчынская), 16 мужч. і 47 жан. прыватных навуч. устаноў. З 1905 па 1914 колькасць пач. (народных) вучылішчаў значна павялічылася.
Развіццё капіталіст. адносін запатрабавала ўдасканалення прафес.-тэхн. адукацыі. Да пач. 20 ст. сетка сярэдняй і ніжэйшай спец. і прафес.-тэхн. адукацыі складалася з сярэдніх і ніжэйшых вучылішчаў, рамесных вучылішчаў і школ, настаўніцкіх і духоўных семінарый. Асобнае месца ў сістэме прафес.тэхн. адукацыі займалі сярэднія спец.навуч. ўстановы — фельчарскія школы, настаўніцкія семінарыі і ін-ты. Пры адсутнасці на тэр. Беларусі ВНУ яны з’яўляліся мясц. цэнтрамі падрыхтоўкі кадраў спецыялістаў.
Навука. Далучэнне бел. зямель да Рас. імперыі дало імпульс развіццю гуманіт.навук. Пачалося комплекснае даследаванне гісторыі, мовы, матэр. і духоўнай культуры бел. этнасу, абумоўленае паліт. і эканам. інтарэсамі рас. улад. У канцы 18 і пач. 19 ст. з’явіліся першыя навук. публікацыі пра Беларусь рас. акадэмікаў І.І.Ляпёхіна і В.М.Севергіна, апублікаваны вынікі дзейнасці дзярж. устаноў, якія ажыццяўлялі Ген. межаванне зямельнага фонду Беларусі. Працы ў галіне беларусазнаўства выдалі польск. даследчыкі (Л.Галамбёўскі, А.Глінскі), рас. навукоўцы (І.Снегіроў, А.Афанасьеў, І.Кірэеўскі), еўрап. славісты (П.Шафарык).
Пачалі руплівую працу па збіранні і сістэматызацыі гіст.-этнагр., філал., фалькл. матэрыялу і прадстаўнікі самой Беларусі. Вынікам сталі гіст. даследаванні праф. Віленскага ун-та І.Даніловіча, І.Анацэвіча, М.Баброўскага. У 1-й трэці 19 ст. ў віленскім і пецярбургскім перыяд. друку з’явіліся публікацыі бел. даследчыкаў М.Чарноўскай, І.Шыдлоўскага, К.Фалютынскага і інш. У 1840—50-я г. выйшлі ў свет грунтоўныя працы А.Рыпінскага, Я.Чачота, Р.Зянькевіча, Я.Тышкевіча, П.Шпілеўскага, Л.Паўлоўскай, І.Насовіча. У 2-й пал. 19 ст. з узнікненнем Паўн.-Зах. аддзялення Рус.геагр.т-ва вывучэнне Беларусі набыло дадатковы імпульс. У 1880—90-я г. ў айч. этнаграфіі з’явіўся шэраг фундаментальных работ, выкананых на высокім навук. і метадычным узроўні: І.Насовіча, Е.Раманава, М.Нікіфароўскага, М.Доўнар-Запольскага, М.Янчука, А.Багдановіча.
Навук. асяродкі і калектывы ў 1-й трэці 19 ст. канцэнтраваліся ў Віленскім ун-це. Тут у розныя часы выкладалі такія вядомыя вучоныя, як астраном Я.Снядэцкі і яго брат, натураліст А.Снядэцкі, медыкі І.Франк і Г.Балнус, гісторыкі І.Анацэвіч, І.Лялевель, багаслоў М.Баброўскі, гісторык права І.Даніловіч і інш. Пры ун-це працавалі мед., ветэрынарная, агранамічная школы, абсерваторыя, навуковы калектыў аднаго з багацейшых у Еўропе батанічнага саду, заалагічны музей, багатая б-ка, клінікі і аптэка.
Літаратура. Асновай духоўнага нац.-культ. развіцця беларусаў з’яўляўся найбагацейшы фальклор і гісторыя краю, а маст. апрацоўка вуснай нар. творчасці садзейнічала зараджэнню новай бел.літ. мовы і станаўленню нац. л-ры. Ля вытокаў бел. л-ры стаялі А.Міцкевіч, Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, А.Вярыга-Дарэўскі, У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч, Р.Падбярэскі, Т.Лада-Заблоцкі. Выдатную ролю ў гэтым працэсе адыгралі ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас па Парнасе». У 2-й пал. 19 ст. пачала развівацца грамадз. і публіцыст. лірыка (Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч), паглыблялася асваенне сатыр. жанраў (А.Абуховіч, Ф.Тапчэўскі). Важную ролю ў развіцці лірычна-філас. кірунку ў паэзіі адыграў Я.Лучына. Закладзены асновы нац. школы перакладу (А.Гурыновіч, Я.Лучына, З.Трашчкоўская). Гал. тэмамі бел. л-ры пач. 20 ст. былі сац. і нац. вызваленне, барацьба супраць самадзяржаўя, адраджэнне Бацькаўшчыны і роднай мовы, сцвярджэнне чалавечай годнасці, правоў народа на вольнае гіст. развіццё. У гэты бурны час бліскуча раскрыўся талент Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі (А.Пашкевіч), М.Багдановіча, А.Гаруна, Ц.Гартнага, З.Бядулі, К.Буйло, Я.Журбы, С.Палуяна і інш.
Вял. ролю ў развіцці бел. культуры і асабліва л-ры адыграла з’яўленне газет і часопісаў на бел. мове. У 1906 у Вільні выдаваліся газ. «Наша доля», у 1906—15 — «Наша ніва», у 1912—14 — часопісы «Маладая Беларусь», «Крапіва», «Лучынка»; у Петраградзе — «Раніца», «Думкі беларускай студэнцкай моладзі». Дзякуючы рэвалюцыі 1905—07 атрымала права на легальнае існаванне і кнігадрукаванне на бел. мове. У Вільні рэдакцыяй газ. «Наша ніва» заснавана выд-ва «Наша хата», у 1906—14 дзейнічалі выд-вы «Мінчук», «Палачанін», «Саха», «Вясёлка». Найб. ўклад у развіццё бел. кнігадрукавання зрабіла суполка «Загляне сонца і ў наша аконца», заснаванае ў 1906 у Пецярбургу.
Музычнае і сцэнічнае мастацтва ў 19 ст. было неад’емнай часткай свецкага жыцця і гар. культуры. Папулярнымі былі публічныя відовішчы на патрэбы дабрачыннасці. У канцы 18 і 1-й трэці 19 ст.прафес. тэатр на Беларусі прадстаўлялі оперныя і драм. трупы, капэлы, аркестры, якія ўтрымлівалі магнаты і высокапастаўленыя царскія чыноўнікі. Еўрап. вядомасць мелі прыватныя тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку, Агінскага ў Слоніме, Тышкевічаў у Свіслачы і Плешчаніцах, Зорыча ў Шклове, Чарнышова ў Магілёве і Чачэрску. Пры тэатрах існавалі балетныя і інш. школы. Да сярэдзіны 19 ст. тэатры такога тыпу на Беларусі зніклі, пачасціліся гастролі рус., польскіх і ўкр. калектываў, пад уплывам якіх у 1840—50-я г. нараджаўся бел.нац.тэатр. Ініцыятыва яго стварэння зыходзіла ад В.Дуніна-Марцінкевіча і гуртка блізкай да яго бел. і польскай інтэлігенцыі. У 1852 у мінскім гар. тэатры пастаўлена камічная опера «Сялянка» С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча. У гэты перыяд здзейснены пастаноўкі твораў гэтых жа кампазітараў «Каспер Хаўзер», «Латарэя», «Канторшчыкі», «Рэкруцкі набор».
Рэпрэсіі пасля паўстання 1863—64 цяжка адбіліся на тэатр. мастацтве. Былі забаронены сцэнічныя пастаноўкі на польскай мове. У такіх абставінах новае развіццё атрымала аматарскае тэатр. мастацтва, якое мела выразна дэмакр. кірунак.
Уздым вызв. руху ў пач. 20 ст. актывізаваў і культ. жыццё. Пачалі дзейнічаць нар. тэатры ў Мінску, Гродне, Полацку, Слуцку, Капылі, Дзісне, Давыд-Гарадку, Радашковічах, Карэлічах і г.д. Інтэлігенцыя ў гарадах і мястэчках наладжвала «беларускія вечарынкі», на якіх выконваліся бел.нар. песні і танцы, дэкламаваліся вершы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, ставіліся п’есы бел., укр. і рус. аўтараў. У гэты час узнік маст. калектыў пад кіраўніцтвам І.Буйніцкага. Ён згуртаваў вакол сябе таленавітых спевакоў, танцораў, музыкантаў, дэкламатараў і ў 1907 стварыў у Палевічах (Дзісенскі пав.) аматарскі тэатр.
У развіцці бел. выяўленчага мастацтва ў 1-й пал. 19 ст.вял. ролю адыграла Віленская школа жывапісу, якая за 25 гадоў сваёй дзейнасці падрыхтавала больш за 250 мастакоў, гравёраў і скульптараў. Для выяўл. мастацтва гэтага перыяду характэрна хуткае развіццё партрэтнага жанру, звязанае з імёнамі мастакоў В.Ваньковіча, К.Рыпінскага, І.Хруцкага і інш. Адным з найб. вядомых партрэтыстаў быў І.Аляшкевіч. Значнай фігурай у жывапісе быў Я.Дамель, які ў сваіх палотнах імкнуўся адлюстраваць кульмінацыйныя моманты гіст. развіцця краіны. На яго творах выхоўваліся бел. мастакі: Я.Сухадольскі, А.Шэмеш, К.Рыпінскі, Ю.Карчэўскі. У пейзажным жанры найб. ярка раскрыўся талент В.Дмахоўскага.
Закрыццё Віленскага ун-та адмоўна адбілася на маст. жыцці Беларусі, пачаўся адток таленавітых мастакоў у Пецярбург, Маскву і за мяжу. Толькі ў 1886 заснавана Віленская рысавальная школа, якая давала першапачатковую маст. адукацыю і рыхтавала выкладчыкаў для мясц. гімназій.
У 1870-я г.бел. жывапісец К.Альхімовіч стварыў шэраг палотнаў на гіст. тэмы. Да гіст. сюжэтаў, асабліва гісторыі ВКЛ, звяртаўся і Ф.Дмахоўскі. У 2-й пал. 19 ст. атрымалі развіццё пейзаж (А.Гараўскі), партрэтны жывапіс (Н.Сілівановіч). Пачаў развівацца графічны жанр (Р.Гаўрылаў, С.Кудраўцаў, П.Баркоўскі). Бел. мастакі-графікі ў сваёй большасці былі выхадцамі з сялян і бедных пластоў гар. насельніцтва, што адбілася ў асн. сюжэтах. Прыкметны след у бел.выяўл. мастацтве пакінуў Дз.Струкаў. Жыццё бел. народа, краявіды гарадоў, помнікі архітэктуры знайшлі адлюстраванне ў творах Э.Паўловіча і М.Кулеша.
Фарміраванню маст. культуры ў гэты перыяд спрыяла збіральніцкая дзейнасць бел. мецэнатаў, якія не толькі падтрымлівалі мастакоў, але і фарміравалі маст. калекцыі. У маёнтках Пуслоўскіх у Слоніме, графа Храптовіча ў Шчорсах, графа Тышкевіча ў Лагойску, Слізеня ў Бортніках (каля Навагрудка) былі вял. зборы жывапісу, скульптуры і графікі.
У 1890-я г. ўзніклі прыватныя маст. школы — Ю.Пэна ў Віцебску, Я.Кацэнбогена ў Мінску, наладжваліся маст. выстаўкі ў Віцебску (1890), Мінску (1891). Пачало дзейнасць новае пакаленне мастакоў — Ю.Пэн, Я.Кругер, Ф.Рушчыц, У.Бялыніцкі-Біруля і інш.
Канфесіянальная палітыка. У канцы 18 ст. на землях ВКЛ, якія адышлі да Рас. імперыі, пражывала каля 39% уніятаў, 38% рыма-католікаў, 10% іудзеяў, 6,5% праваслаўных, 4% старавераў, 2,5% пратэстантаў, мусульман і караімаў. На далучаных землях царскі ўрад дазволіў дзейнасць усіх канфесій. Але замест панаваўшага каталіцтва ён імкнуўся зацвердзіць пануючае ў Рас. імперыі праваслаўе. Палітыка Рас. імперыі, скіраваная на ўмяшанне свецкай улады ў справы царквы з мэтай ператварэння царк. структуры ў разнавіднасць дзярж. апарату, стала распаўсюджвацца і на тэр.бел.-літ. губерняў. Адбывалася гэта шляхам стварэння сеткі прыходаў, набліжэння межаў епархій да межаў губерняў, падпарадкавання царк. структур духоўным праўленням і кансісторыям. Праваслаўныя і стараверы былі падпарадкаваны Свяцейшаму Урадаваму Сіноду, а ўсе астатнія (у канчатковым выніку) — Дэпартаменту духоўных спраў замежных веравызнанняў Мін-ваўнутр. спраў.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай на тэр.ўсх. Беларусі працягвалі сваю дзейнасць Полацкае уніяцкае архіепіскапства і Магілёўская (Бел.) правасл. епархія. Паколькі рымска-каталіцкія парафіі гэтай тэрыторыі ўваходзілі ў склад Віленскага каталіцкага біскупства (цэнтр якога заставаўся па-за межамі імперыі), то для іх у 1773 утворана Бел. рымска-каталіцкая епархія з цэнтрам у Магілёве, а ў 1782 — Магілёўскае архібіскупства.
З далучэннем у 1793 новых тэрыторый заснавана Мінская правасл. епархія, а пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 — Інфлянцкая (на месцы Віленскай) і Пінская каталіцкія епархіі. У 1798 замест іх на тэр. Міншчыны, Віленшчыны і Гродзеншчыны ўтвораны новыя Мінская і Віленская каталіцкія епархіі. У тым жа годзе на тэр. Мінскай і Літоўскай губ. створана Брэсцкае уніяцкае епіскапства. У 1810 тэр. структура уніяцкай царквы набыла наступны выгляд: мітрапаліцкая з цэнтрам у Вільні, архіепіскапская — у Полацку і епіскапская — у Брэсце.
Адносіны паміж найбольшымі хрысціянскімі канфесіямі (правасл., уніяцкай, рыма-каталіцкай) на бел. землях былі складаныя. У 1780-я г. ўлады дазволілі правасл. святарам займаць месцы ва уніяцкіх прыходах, што было скарыстана для схілення уніятаў у праваслаўе, асабліва ў прыходах, дзе ўладальнікамі сталі рускія памешчыкі. 22.4.1794 Кацярына II выдала ўказ аб ліквідацыі перашкод да вяртання уніятаў у правасл. веру. У 1795 у Магілёўскай правасл. епархіі да праваслаўя далучана 105 уніяцкіх цэркваў з 34 святарамі і амаль 120 тыс. прыхаджан, у 1795—96 у Мінскай епархіі праваслаўнымі сталі 124 уніяцкія царквы, 39 капліц, 15 святароў і каля 85 тыс. прыхаджан.
Духоўная ўлада над уніяцкай царквой практычна была перададзена ў рукі рымска-каталіцкага мітрапаліта С.Богуша-Сестранцэвіча, што прывяло да масавых пераходаў уніятаў у каталіцтва. Гэтаму садзейнічалі і памешчыкі-католікі. У 1803 у Полацкай уніяцкай епархіі перайшло ў каталіцтва каля 100 тыс. (па іншых звестках, каля 200 тыс.) уніятаў, у Дзісенскім і Вілейскім пав. Мінскай губ. — каля 20 тыс.і г.д. Рэскрыптам ад 4.7.1803 Аляксандр I забараніў пераходы ў каталіцтва. Шматлікія паўторы гэтых забарон сведчылі пра невялікую іх эфектыўнасць. 8.8.1810 выдадзены ўказ аб тэрміне даўнасці для тых, хто пакінуў уніяцтва.
Рэлігійная спецыфіка ў бел.-літ. губернях заключалася ў тым, што ўсё каталіцкае, мусульманскае, кальвінісцкае, частка уніяцкага і правасл. духавенства належала да дваранскага саслоўя і карысталася яго правамі. Сярод вышэйшага каталіцкага і уніяцкага духавенства былі прадстаўнікі магнатаў і буйной шляхты (І.Масальскі, Ю.Касакоўскі, І.Булгак). Астатняя частка прыходскага уніяцкага, правасл. і лютэранскага духавенства належала да духоўнага саслоўя, якое ў гэты перыяд канчаткова сфарміравалася як прывілеяванае і даволі закрытае. Апошняе найперш тычылася правасл. і уніяцкіх святароў, бо свае прыходы яны атрымлівалі ў спадчыну ад бацькі да сына або дзякуючы шлюбу з дачкой свяшчэнніка.
Міжканфесіянальныя адносіны выяўляліся ў распаўсюджанасці на тэр. Беларусі змешаных шлюбаў і цесна звязаных з імі пераходаў з аднаго веравызнання ў іншае. З 1777 рус. чыноўнікам, якія прыязджалі на службу ў новыя губерні, дазвалялася браць змешаныя шлюбы толькі з дазволу Св. Сінода, паводле якога дзеці ад такіх шлюбаў павінны былі выхоўвацца выключна ў правасл. веры. «Спакушэнне» ў нехрысціянскае веравызнанне каралася пазбаўленнем усіх правоў, маёмасці і катаржнымі работамі тэрмінам ад 8 да 10 гадоў. Толькі пануючай канфесіі дазвалялася права агітаваць да пераходу.
У канцы 1827—пач. 1828 з’явіўся праект скасавання уніяцкай царквы. Асн. яго ідэямі былі: адрыў уніятаў ад уплыву каталіцтва шляхам скасавання часткі базыльянскіх кляштараў, стварэнне асобнай грэка-уніяцкай духоўнай калегіі, адкрыццё новых навуч. устаноў для падрыхтоўкі юнакоў у правасл. традыцыях. Указам ад 28.4.1828 заснавана асобная ад каталіцкай грэка-уніяцкая духоўная калегія. Адначасова замест 4 уніяцкіх епархій ствараліся 2 — Бел. і Літоўская. Забаранялася накіроўваць юнакоў-уніятаў на вучобу ў Рым і Гал. каталіцкую семінарыю ў Вільні; тыя, хто там ужо вучыліся, былі адкліканы.
За ўдзел базыльянскіх манахаў у паўстанні 1830—31 2/3 іх кляштараў былі ліквідаваны, адначасова скасоўвалася ўлада правінцыялаў ордэна. Урад дазволіў манахам скасаваных кляштараў, якія раней былі католікамі, вярнуцца ў каталіцызм. Да 1836 з ордэна адышло каля 200 базыльян.
Наступным крокам было стварэнне ў 1836 Сакрэтнага к-та па уніяцкіх справах. Пасля смерці ў 1838 уніяцкага мітрапаліта І.Булгака, які быў апошняй перашкодай у справе скасавання уніі, грэка-уніяцкую калегію ўзначаліў літоўскі епіскап І.Сямашка, які сумесна з епіскапамі В.Лужынскім і А.Зубко падтрымалі ідэю ліквідацыі уніяцтва. 12.2.1839 у Полацку ў прысутнасці вышэйшага уніяцкага духавенства падпісаны Саборны акт з просьбай аб далучэнні уніяцкай царквы да праваслаўнай. Пастанова Св. Сінода была зацверджана Мікалаем I. У выніку канфесіянальнай палітыкі канца 18—1-й пал. 19 ст. большая частка насельніцтва Беларусі стала праваслаўнай. У пач. 1860-х г. у 5 бел. губернях пражывала 2645,7 тыс. праваслаўных (разам са стараверамі), 1333,8 тыс. католікаў, 10,8 тыс. пратэстантаў, 463,2 тыс. іудзеяў, 3,7 тыс. мусульман.
У мэтах замацавання правасл. веры было вырашана адрадзіць брацкі рух. У 1864 зацверджаны асн. правілы для заснавання правасл. царкоўных брацтваў, найб. вядомыя з іх брацтвы ў Полацку, Магілёве, Віцебску. Правасл. манастыры садзейнічалі аднаўленню брацтваў, стварэнню брацкіх школ, вялі выдавецкую дзейнасць, адчынялі прытулкі і багадзельні.
Для ўзмацнення пазіцый правасл. царквы ў бел.-літ. губернях хуткімі тэмпамі будаваліся і рамантаваліся правасл. храмы, пераводзіліся з унутр. губерняў святары. Для правасл. цэркваў прыстасоўвалі зачыненыя пасля паўстання 1863—64 касцёлы. За некалькі гадоў пасля паўстання ў Літоўскай епархіі (ахоплівала Віленскую, Гродзенскую і Ковенскую губ.) праваслаўнымі сталі 30 тыс. католікаў, у Мінскай епархіі — адпаведна 37 тыс. Паводле перапісу 1897 колькасць правасл. і аднаверцаў складала 60% ад агульнай колькасці насельніцтва 5 губерняў (па 35 бел. паветах — 70,8%).
Каталіцкая царква ў адрозненне ад правасл. страчвала свой уплыў на Беларусі. У час паўстання 1863—64 большасць каталіцкага духавенства апынулася на баку паўстанцаў. За гэта ўрад павёў на Беларусі мэтанакіраваную і жорсткую лінію ў адносінах да каталіцкай царквы. За ўдзел у паўстанні на Літве і Беларусі 8 каталіцкіх святароў былі пакараны смерцю, прычым кожны другі — толькі за чытанне рэв. маніфеста. Дзесяткі ксяндзоў сасланы ў Сібір або ва ўнутр. губерні Расіі, пазбаўлены сану, панеслі інш. пакаранні. Закрываліся касцёлы і кляштары. За 1864—67 у Віленскай і Гродзенскай губ. іх скасавана 140. З мэтай паслаблення ўплыву каталіцкіх святароў на бел. народ быў распрацаваны план «распалячвання касцёла», сутнасць якога зводзілася да ўжывання ў каталіцкіх касцёлах бел. губерняў рус. мовы замест польскай.
У 1860—70-я г. ўрад дазволіў прыхільнікам т.зв. «менш шкодных» сектаў, у т. л. стараверам (стараабраднікам) ствараць школы граматы, пасылаць дзяцей у агульныя навуч. ўстановы без абавязковага вывучэння Закона Божага, чыніць грамадскую малітву, выконваць адправы і набажэнствы па сваіх абрадах. Відаць, гэтым пераменам садзейнічалі не толькі агульныя абставіны правядзення бурж. рэформ, але і адносіны старавераў да паўстання 1863, якія выявіліся ў падтрымцы царскага ўрада. Паводле ўказа ад 3.5.1863 члены ўсіх «стараверскіх» сектаў, акрамя скапцоў, атрымлівалі пашпарты і маглі перамяшчацца ўнутры Рас. імперыі на агульных умовах. Ім дазвалялася займацца гандлем і промысламі, займаць службовыя пасады і г.д.
У пач. 1860-х г. у 5 губернях пражывала 19 951 чал. пратэстанцкага веравызнання. Найб. іх колькасць (гал. чынам лютэран) знаходзілася ў Віцебскай губ. У 1860—90-я г. колькасць пратэстантаў на Беларусі павялічылася, узнікла некалькі іх новых плыней. У 1870-я г. ў Гомельскім пав. выяўлены штундысты, у 1880-я г. яны з’явіліся ў Рагачоўскім пав., Віцебскай губ. і інш. У 1894 штундызм аб’яўлены ў Рас. імперыі па-за законам, ён пайшоў на спад і з цягам часу зліўся з баптызмам. Баптысцкія абшчыны былі заснаваны на Гомельшчыне, у Слуцкім і Пінскім пав., пазней — у Мінску, Віцебскай губ. Крыху пазней на Беларусі з’явілася евангелічнае хрысціянства. У пач. 20 ст. на Беларусі пачало распаўсюджвацца адвентысцкае веравучэнне.
Даволі значную групу ў колькасных адносінах складалі іудзеі. У пач. 1860-х г. у 5 бел. губернях пражывала 463 217, паводле перапісу 1897—1 209 815 іудзеяў. Палітыка царызму ў бел. краі наклала адбітак і на яўр. насельніцтва. Ім забаранялася насіць яўр. адзенне, у яўр.навуч. установах уводзілася абавязковае вывучэнне рус. мовы. Нягледзячы на насцярожаныя адносіны да гэтага з боку меламедаў і трымальнікаў хедэраў, цяга яўр. насельніцтва да ўспрыняцця рус. мовы і культуры была вялікая. Яўр. абшчыны стваралі школы рус. граматы, арганізоўвалі прыватнае вывучэнне рус. мовы для дзяцей, час ад часу рус. мова гучала і ў сінагогах. Яўр. адукацыя набывала ўсё больш свецкі характар, моладзь імкнулася вучыцца ў гімназіях, ун-тах, адыходзіла ад рэлігіі сваіх продкаў. Яўр. пагромы, якія пракаціліся па імперыі ў пач. 1880-х г., вымусілі многіх змяніць свае погляды. Нават тыя, хто раней выступаў за брацтва народаў, пачалі пісаць і гаварыць аб тым, што «трэба заставацца яўрэямі».
У пач. 1860-х г. у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. пражывала 6196 татараў-мусульман, у 1897—13 877 чал. Адносіны ўлад да іх былі лаяльныя. Паводле заканадаўства Рас. імперыі духоўныя асобы мусульман і мячэці ўтрымліваліся на сродкі саміх прыхаджан. Сярод татараў-мусульман пэўны час захоўвалася тэндэнцыя выкарыстання польскай мовы як больш «сацыяльна прэстыжнай». З сярэдзіны 19 ст. яна пачала выцясняцца рускай.
17(29).4.1905 у Рас. імперыі прыняты ўказ, паводле якога праваслаўным дазвалялася пераходзіць у інш. хрысціянскія веравызнанні, што і было скарыстана многімі вернікамі. Паводле звестак Дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў, у 1905—09 з праваслаўя ў каталіцтва ў Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай, Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Люблінскай, Сядлецкай і Сувалкаўскай губ. перайшлі 211 566 чал. (30 862 сям’і). 18.8.1905 Мін-ваўнутр. спраў выдала часовыя правілы пераходу з правасл. веравызнання ў інш. хрысціянскае і вяртання з праваслаўя ў нехрысціянскую веру. Дазволіўшы свабодны пераход з аднаго веравызнання ў іншае (і гал. — з праваслаўя), гэты ўказ толькі ўскосна аслабляў дзейнасць старых юрыд. норм, дзярж. законы, як і раней, лічылі правасл. веру «первенствующей и господствующей».
Нацыятворчыя працэсы. Першую фазу працэсу фарміравання бел. нацыі можна аднесці на пач. 19 ст., калі абуджалася цікавасць да гіст. культуры мясц. этналінгвістычных супольнасцей. У той час, калі Варшава страчвала моц дзярж. ўплыву на Беларусь, а Пецярбург такую моц у адносінах да яе яшчэ толькі набіраў, у асяроддзі шляхты ўмацоўваліся настроі і пачуцці «мясцовага» патрыятызму.
Праявай такога патрыятызму стала захапленне фальклорам, мовай, звычаямі і традыцыямі простага народа. З часам многія прыхільнікі і шукальнікі нар. песень пераходзілі да самаст. творчасці, выкарыстоўваючы нар. сюжэты, стыль і мову. Імкненне да сур’ёзнага іх вывучэння было асновай дзейнасці і творчасці пісьменнікаў, этнографаў, фалькларыстаў Я.Баршчэўскага, В.Рэута, В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, Я.Чачота, А.Кіркора, П.Шпілеўскага і інш. Зварот да фалькл. спадчыны быў важным крокам на шляху сцвярджэння нац. самасвядомасці, усведамлення свайго гіст. аблічча, месца ў свеце.
На гэтай фазе «культурнага накаплення», «залатога часу» лексікографаў, граматыкаў, філолагаў і літаратараў бел. мова стала гал. элементам нац. ідэнтычнасці, а нац. ідэя найперш грунтавалася на сцверджаннях пра старажытнасць, спрадвечнасць этнічнай культуры, на імкненні спраецыраваць існаваўшыя этнакультурныя межы як мага глыбей у мінулае, ідэнтыфікаваць продкаў са славутымі народамі, вядомымі па старажытных пісьмовых і фалькл. крыніцах.
Моўны крытэрый быў пакладзены і ў аснову вызначэння этнічных межаў рассялення беларусаў. Першая спроба ў гэтым належыць чэшскаму славісту П.Шафарыку. Выкарыстаўшы матэрыялы П.Кепена, А.Бадзянскага, З.Даленгі-Хадакоўскага, а таксама свае асабістыя веды, ён склаў карту рассялення слав. народаў. У тэрыторыю кампактнага пражывання беларусаў ён уключаў Мінскую і Магілёўскую губ. (цалкам), большую частку Віцебскай і Гродзенскай, часткова Віленскую губ. Усяго на гэтых абшарах на той час пражывала 2726 тыс. беларусаў, з якіх 2376 тыс. (87,2%) былі праваслаўнымі і каля 350 тыс. (12,8%) католікамі. На поўначы мяжа рассялення беларусаў даходзіла да г. Люцын, уключаючы Невельскі, Веліжскі, Себежскі пав.; на захадзе — за Беласток, да г. Бельск. Недахоп звестак не дазволіў Шафарыку вызначыць дакладную мяжу бел. этнасу на ўсходзе, поўдні і паўн. захадзе, таму на гэтых напрамках яна была праведзена па былых граніцах ВКЛ.
У канцы 18—1-й пал. 19 ст. пачалі складвацца эканам. перадумовы фарміравання бел. нацыі: працэсы урбанізацыі, фарміраванне рынку і сеткі дарог. У 2-й пал. 19 ст. нацыятворчыя працэсы развіваліся ў яшчэ больш цеснай сувязі з сур’ёзнымі трансфармацыямі эканам. жыцця. Стварэнне чыг. сеткі, рост гандлю, пашырэнне рыначных адносін, узмацненне сац. мабільнасці, развіццё сродкаў камунікацыі актывізавалі працэсы этнакультурнай кансалідацыі. Калі канец 18—1-я пал. 19 ст. толькі стваралі эканам. ўмовы фарміравання бел. нацыі, то 2-я пал. 19 ст. забяспечыла эканам. глебу для яе станаўлення, а пач. 20 ст. выканаў ролю эканам. складаючай нац. дзяржаўнасці.
Рынак не толькі аб’ядноўваў эканам. намаганні асобных індывідаў, ён ставіў іх перад неабходнасцю засваення «высокай» (пісьмовай) культуры на агульнанац. мове. Але ў часы, калі «высокая» беларускамоўная культура толькі нараджалася, ролю моўнага інтэгратара мясц. соцыуму ў значнай ступені бралі на сябе рус. альбо польская мовы. Гэта сур’ёзна дэфармавала працэс кансалідацыі бел. этнасу ў нацыю, было прычынай асіміляцыйных тэндэнцый. Важныя сац. наступствы мела нараджэнне фабр.-заводскай прам-сці і чыг. сістэмы, фарміраванне пралетарыяту і буржуазіі, у т. л. і яго эліты — прадпрымальнікаў. Пры гэтым на Беларусі названыя сац. пласты рэкрутаваліся пераважна з небел. паводле этнічнай ідэнтыфікацыі асяроддзя і з’яўляліся хутчэй апанентамі, чым удзельнікамі працэсу фарміравання бел. нацыі. Адсутнасць дзярж., мытных і нават адм. межаў паміж бел. этнічнай тэрыторыяй і суседнімі рэгіёнамі мела вынікам тое, што інтэграцыя соцыуму рынкам адбывалася ў больш шырокіх межах, яна хутчэй размывала, чым выяўляла тэр. і сацыякультурныя характарыстыкі бел. нацыі.
Усе гэтыя працэсы прывялі да актывізацыі нац. руху. Разам з тым ён набываў больш папулісцкі характар, што было выклікана рэакцыяй ніжэйшых пластоў насельніцтва на рэаліі мадэрнізацыі развіцця капіталіст. адносін. Бел.нац. рух набываў форму лідэрства інтэлектуалаў, якія імкнуліся ўзрушыць сілы народа і скіраваць іх на падтрымку нац. ідэі.
У 2-й пал. 1850-х г., у час грамадскага абуджэння ў Рас. імперыі, назіралася далейшае развіццё бел. нац.-культ. руху сярод інтэлігенцыі Вільні, Мінска, Віцебска (гурткі А.Кіркора, В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Вярыгі-Дарэўскага). Захапленне элітай бел. народнай культурай і мовай атрымала саркастычную назву «хлапаманія». Бел.нац. пытанне — у сувязі с польскім, літоўскім, украінскім — ставілася на сходках зямляцтваў і гурткоў рэв. моладзі. Падаўленне паўстання 1863—64 і масавыя рэпрэсіі ў адносінах да яго ўдзельнікаў, жорсткі рэжым выключных законаў надоўга затрымалі развіццё нац. руху. На мяжы 1870—80-х г. у вышэйшых установах Пецярбурга і інш. гарадоў утварыліся гурткі студэнтаў-беларусаў рэв.-дэмакр. і ліберальнага кірункаў (напр., асветніцкая арг-цыя «Крывіцкі вязок»). Яны падпольна выдалі шэраг публіцыст. твораў, дзе абвяшчалі існаванне беларусаў як «асобнай галіны славянскага племені».
У 1891 Ф.Багушэвіч у прадмове да зб. «Дудка беларуская» сфармуляваў бел.нац. ідэю, якая грунтавалася на гіст. традыцыі ВКЛ і асэнсаванні бел. мовы як вызначальнага індыкатара бел. нацыі. У канцы 1890-х г. сярод навучэнцаў Мінска па ініцыятыве А. і І. Луцкевічаў утварыўся гурток з мэтай вывучэння Беларусі і распрацоўкі бел.нац. пытання. У 1902 В.Іваноўскі і браты Луцкевічы заснавалі «Круг беларускай народнай прасветы і культуры» ў Пецярбургу. Зімой 1902—03 на аснове нац.-культ. гурткоў бел. моладзі Мінска, Вільні, Пецярбурга ўтворана Бел.сацыяліст. грамада (І. і А. Луцкевічы, А.Пашкевіч, К.Кастравіцкі, А.Бурбіс, В.Іваноўскі, Ф.Умястоўскі). Легальным органам БСГ стала газ. «Наша доля», якая пачала друкавацца ў Вільні з вер. 1906 кірыліцай і лацінкай (адно выданне прызначалася для беларусаў праваслаўных, другое — для католікаў), але яна была забаронена ўладамі ў студз. 1907. У ліст. 1906 БСГ пачала выдаваць газ. «Наша ніва», якая амаль дзесяцігоддзе з’яўлялася паліт. і культ. цэнтрам нацыятворчага працэсу. Важную ролю ў развіцці бел. нац.-культ. руху адыграла дзейнасць кнігавыдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», заснаванай у маі 1906 у Пецярбургу па ініцыятыве Б.І.Эпімах-Шыпілы.
Менавіта вакол БСГ, «Нашай нівы» і бел. выдавецтваў гуртаваліся нац. свядомыя бел. сілы. Ідэя дзяржаўнасці Беларусі як гарантыі вольнага развіцця народа, яго культуры стымулявала творчасць вядучых культ. дзеячаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Я.Лёсіка, А.Гаруна, В.Ластоўскага. Важны ўклад у вывучэнне нар. культуры і мовы зрабілі Е.Раманаў, Я.Карскі, М.Нікіфароўскі, М.Доўнар-Запольскі. Паступова і мэтанакіравана намаганнямі бел. інтэлігенцыі стваралася навук. беларусазнаўства.
Бел. нац. ідэя вызначала і культ.-асветніцкую дзейнасць інтэлігенцыі, якая актывізавалася пасля рэвалюцыі 1905—07. Дзякуючы яе намаганням з’явіўся бел. тэатр і друк. У 1908—14 дзейнічала 6 бел. выд-ваў, выйшлі ў свет 77 бел. кніжак агульным тыражом 600. У пач. 20 ст. з’явілася значная колькасць тэкстаў, якія ствараюць канон нац. культуры, і было пабудавана ўласнае бачанне гісторыі народа.
Такім чынам, на мяжы 19 — пач. 20 ст. практычна склаўся ўвесь «будаўнічы набор» бел. нацыі. Але некат. яго элементы пакуль толькі пазначылі сваю прысутнасць і існавалі хутчэй як патэнцыял, не выяўляючы ў поўнай меры ні свае магчымасці, ні рэальную сілу. Сваю ролю тут адыгралі палітызацыя канфесіянальных падзелаў (праваслаўя і каталіцтва), канфлікт буйных паліт. сіл — польскага і рас. нацыяналізму. Прычым за апошнім стаяла моц Рас. імперыі, для якой фарміраванне бел. (як і ўкр.) нацыі было крайне непажаданым, бо ставіла пад пагрозу адзінства яе этнакульт. ядра. Да таго ж этнічныя і культ. характарыстыкі беларусаў нярэдка станавіліся аб’ектам дыскусій нац. актывістаў. Усё гэта ўскладняла працэс ідэнтыфікацыі лакальнай супольнасці.
На мяжы 19—20 ст.бел.нац. ідэя канкурыравала з канцэпцыямі «заходнерусізму» і «краёвасці», кожная з якіх стварыла сваю іерархію ідэнтычнасцей і каштоўнасцей. Сутнасць заходнерусізму вызначаецца словамі М.Каяловіча: «Расійскі народ складаецца з трох пляменьняў: вялікарусаў, маларосаў і беларусаў. Гэта — факт расійскага жыцця; даўно ён існуе, і, безумоўна, будзе існаваць далей, пакуль у Расіі будзе просты народ... Бязглузда было б нам дзяліцца на племянныя групы. А тым больш праводзіць гэты падзел у народ». Сутнасным элементам гэтай канцэпцыі з’яўлялася таксама ўпэўненасць у тым, што паліт. незалежнасць Беларусі — гэта шкодная утопія.
Асн. пастулатам краёвай ідэалогіі было сцвярджэнне, што ўсе карэнныя народы «Беларуска-літоўскага краю» ўтвараюць адзіную нацыю, да якой належыць кожны, хто адчувае сябе грамадзянінам краю незалежна ад сац. паходжання і культ. арыентацыі. З прапагандай краёвых поглядаў выступілі Р.Скірмунт, К.Скірмунт, М.Ромер і інш. Кіраўнікі бел. руху браты Луцкевічы і Ластоўскі прынялі гэтую ідэю і актыўна яе прапагандавалі. А.Луцкевіч спадзяваўся, што папулярызацыя ідэі паліт. нацыі на польскай і рус. мовах паспрыяе далучэнню да бел. руху як русіфікаваных, так і паланізаваных беларусаў.
Адным з актаў краёўцаў было ўтварэнне ў канцы 1915 у акупіраванай немцамі Вільні Часовай рады Канфедэрацыі Вял. княства Літоўскага. Гэтая арг-цыя аб’ядноўвала дзеячаў розных нац.-культ. рухаў, а ініцыятыва яе стварэння належала беларусам. Аднак выпрабавання часам яна не вытрымала. Абвастрэнне міжэтнічных адносін (асабліва польска-літоўскіх) і радыкалізацыя бел. руху, якая адбылася пасля Лют. рэвалюцыі 1917, знішчылі падмурак канфедэрацыі. БСГ, якая адрадзілася ў 1917, успрымала бел. этнас як сял.-рабочы, прадстаўнікам іншых колаў амаль немагчыма было заваяваць давер сацыялістаў. Аднак ідэя дзяржаўнасці гіст. Літвы яшчэ ў 1917 дамінавала ў бел. руху на захад ад лініі фронту. Такім чынам, на пач. 20 ст. ідэя паліт. нацыі не стала падмуркам бел. руху, хаця вельмі актыўна выкарыстоўвалася беларусамі.
Суіснаванне канфліктуючых уяўленняў аб гіст. лёсе бел. нацыі вызначала ў гэты перыяд логіку і тэмпы фарміравання нац. свядомасці, шырэй — нац. кансалідацыі. Паміж момантам, калі нацыя была «ўяўлена» прадстаўнікамі эліты, і момантам, калі адпаведная гэтаму нац. ідэнтычнасць зацвердзілася сярод супольнасці і атрымала паліт. афармленне, прайшоў пэўны час, што спарадзіла меркаванні асобных даследчыкаў аб «замаруджаным» развіцці бел. нацыі. Трэба адзначыць, што ў 2-й пал. 19 ст.бел. нацыяналізм толькі ўсталёўваўся як мабілізацыйны рэсурс паліт. дзеяння ў барацьбе са старымі (рэліг. і дынастычны) і новымі (класавая барацьба) формамі паліт. дыскурсу. Толькі з часу падзей 1917 праблемы Беларусі як асобнай этнатэр. адзінкі («беларускае пытанне») выносяцца ў фокус грамадскай барацьбы. Менавіта гэты час стаў лёсавызначальным для нац.культ. ідэнтыфікацыі бел. этнасу і яго паліт.-дзярж. самавызначэння.
Літ.:
Бутурлин Д.П. История нашествия императора Наполеона на Россию в 1812 году. Ч. 1—2. СПб., 1823—24;
Богданович М.И. История Отечественной войны 1812 года по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;
Тройницкий А.П. Крепостное население России по X народной переписи. СПб., 1861;
Ратч В. Сведения о польском мятеже 1863 года в Северо-Западной России. Вильно, 1867;
Gillez A. Historia Powstania Narodu Polskiego w 1861—1864 r. T. 1. Paryż, 1867;
Яблочков М. История дворянского сословия в России. СПб., 1876;
Вержбовский Ф. К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодежи в 1819—1823. Варшава, 1898;
Краснянский В.Г. Минский департамент Великого княжества Литовского. СПб., 1902;
Корф С.А. Дворянство и его сословное управление за столетие 1762—1855 годов. СПб., 1906;
Довнар-Запольский М.В. Народное хозяйство Белоруссии 1861—1914 гг.Мн., 1926;
Лушчыцкі І. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі Беларусі ў другой палове XIX ст.Мн., 1958;
Корнейчик Е. Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г.Мн., 1962;
Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—07 гг.Мн., 1962;
Улащик Н.Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии. М., 1965;
Чепко В.В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX века. Мн., 1966;
Яе ж. Города Белоруссии в первой половине XIX века: (Экон. развитие). Мн., 1981;
Кацер М.С. Изобразительное искусство Белоруссии дооктябрьского периода. Мн., 1969;
Абезгауз З.Е. Развитие промышленности и формирование пролетариата Белоруссии во второй половине XIX века. Мн., 1971;
Мохнач Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е годы XIX века. Мн., 1971;
Бич М. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии 1883—1903. Мн., 1973;
Яго ж. Рабочее движение Белоруссии 1861—1904. Мн., 1983;
Дробов Л.М. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Бітва пры Клясціцах каля Полацка. Ліпень 1812. Мастак П.Гес.Каля Бярэзіны. Лістапад 1812 г. Гравюра 1-й чвэрці 19 ст.Беларуская вёска 19 — пач. 20 ст.Бел.дзярж. музей нар. архітэктуры і побыту.Гомель. З гравюры 19 ст.Вадзяны млын на р. Лясная каля в. Клейнікі Брэсцкага раёна. Пач. 20 ст.Пінскі рачны порт. Гравюра 19 ст.Мінск. З малюнка 19 ст.Новагародак. Малюнак Н.Орды. 1878.Будынак упраўлення Лібава-Роменскай чыгункі ў Мінску. Пач. 20 ст.Прыбыццё цягніка на вакзал у Брэсце. Канец 19 ст.Будынак чыгуначнага вакзала ў Гомелі. Пач. 20 ст.Лепель. Паштоўка з выявай шлюза Бярэзінскай воднай сістэмы. Пач. 20 ст.Мястэчка Глыбокае Пач. 20 ст.Адкрыццё аўтамабільнага руху ў Слуцку. Паштоўка. Пач. 20 ст.Т.Зан. Гравюра Р.Жукоўскага.А.Міцкевіч. Літаграфія. 1827.Спражка паўстанцаў 1830—31.Паўстанец 1831 з-над Нёмана. Тагачасная гравюра.Кастусь Каліноўскі. З карціны А.Гугеля і Р.Кудрэвіч 1958Э.Плятэр.Газета «Мужыцкая праўда». №1. 1862.«Ліст з-пад шыбеніцы» К.Каліноўскага. Аўтограф. 1864.Вокладка час. «Гоман». 1884.Выхад паўстанцаў з Гродна на зборны пункт. З карціны невядомага мастака. 1863.Маніфестацыя каля дома губернатара на Саборнай плошчы ў Мінску 18.10.1905.Вызваленне палітычных вязняў з мінскай турмы 18.10.1905.Выступленне рабочых і салдат у Баранавічах у снежні 1905. Малюнак С.Раманава 1955.А.І.Каменскі. Мітынг. З серыі «Дух рэвалюцыянера».Навучанне ў царкоўнапрыходскай школе ў Мсціслаўскім павеце Канец 19 ст.І.Лялевель.Медаль «Перамога праваслаўя», прысвечаны скасаванню уніяцкай царквы. Аверс і рэверс. Медзь. 1839.Віленская інтэлігенцыя каля рэдакцыі газ. «Наша ніва».