ЖУРУА́ (Juruá),

рака на З Бразіліі (вярхоўі ў Перу), правы прыток р. Амазонка. Даўж. 3280 км, пл. бас. 224 тыс. км². Пачынаецца ў адгор’ях Перуанскіх Андаў (Мантанья), сярэдняе і ніжняе цячэнні па Амазонскай нізіне ў звілістым рэчышчы. Жыўленне дажджавое. Паводкі са снеж. да мая. Сярэдні гадавы расход вады каля 9000 м³/с. Суднаходная ад г. Крузейру-ду-Сул (Бразілія).

т. 6, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭКІТЫНЬЁНЬЯ (Jequitinhonha),

рака на У Бразіліі. Даўж. 1030 км, пл. бас. каля 73 тыс. км². Пачынаецца на хр. Сера-ду-Эспіньясу, цячэ па Бразільскім пласкагор’і, утварае парогі і вадаспады. Упадае ў Атлантычны ак. Жыўленне дажджавое. Летнія паводкі са снеж. да сакавіка. Сярэдні расход вады каля 550 м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні на 100 км. На Ж. — г. Жэкітыньёнья.

т. 6, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮРА́НС (Durance),

рака на ПдУ Францыі, левы прыток Роны. Даўж. 350 км, пл. бас. 14,2 тыс. км². Пачынаецца ў Коцкіх Альпах, перасякае адгор’і Праванскіх Альпаў, у нізоўі цячэ па Ронскай нізіне. Сярэдні расход вады 190 м³/с. Жыўленне ў вярхоўі снегавое, на астатнім працягу — дажджавое. Вяснова-летнія высокія паводкі; бываюць навадненні. Каскад ГЭС. Выкарыстоўваецца для арашэння. У вусці — г. Авіньён.

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАВАРЫ́ (Javari),

рака ў Паўд. Амерыцы, правы прыток р. Амазонка. Амаль на ўсім працягу з’яўляецца мяжой паміж Бразіліяй і Перу. Даўж. 1056 км, пл. бас. 91 тыс. км. Вытокі ў Перуанскіх Андах (Мантанья), цячэ па Амазонскай нізіне ў звілістым рэчышчы. Жыўленне дажджавое. Паводка са снеж. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады 4260 м³/с. Суднаходная на 500 км для невял. суднаў.

т. 6, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЖМА,

рака ў Рэспубліцы Комі Рас. Федэрацыі, левы прыток р. Пячора. Даўж. 531 км, пл. басейна 31 тыс. км² Пачынаецца ў паўд. ч. Ціманскага кража, цячэ па Пячорскай нізіне. Буйныя прытокі: Ухта (злева), Айюва, Сэбысь (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з сярэдзіны ліст. да сярэдзіны мая. Сярэдні расход за 154 км ад вусця 203 м³/с. Суднаходная на 321 км ад вусця.

т. 7, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЙЕ́ЛАЎСТАН (Yellowstone),

рака на ПнЗ ЗША, правы прыток р. Місуры. Даўж. каля 1200 км, пл. бас. 182,3 тыс. км² Пачынаецца ў Скалістых гарах, верхняе цячэнне на тэр. Йелаўстонскага нацыянальнага парку, дзе ўтварае глыбокія каньёны і вадаспады, у сярэднім і ніжнім цячэнні — раўнінная рака. Жыўленне снегавое і дажджавое, вясенне-летнія паводкі. Сярэдні гадавы расход вады 365 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 7, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПЕРС-КРЫК (Cooperis Creek),

рака ў цэнтральнай частцы Аўстраліі. Даўж. каля 1400 км, пл. басейна 285 тыс. км². Пачынаецца на зах. схілах Вял. Водападзельнага хр. пад назвай Барку, перасякае паўпустынныя і пустынныя раўніны Вял. Артэзіянскага Басейна. Жыўленне дажджавое і грунтавое. Пастаяннае цячэнне толькі ў вярхоўях. Сярэдні гадавы расход вады 70 м³/с. Дасягае воз. Эйр толькі ў час летніх паводак.

т. 9, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГХА́ГХРА,

рака ў Індыі, Непале і Кітаі, левы прыток Ганга. Даўж. 950 км, пл. бас. 127,7 тыс. км². Пачынаецца на Пд Тыбецкага нагор’я, перасякае Гімалаі (пад назвай Карналі), ніжняе цячэнне — на Інда-Гангскай раўніне. Жыўленне змешанае, снегава-ледавіковае і дажджавое. Сярэдні расход каля 1800 м³/с. Разводдзе вясенне-летняе; здараюцца катастрафічныя паводкі. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На Гхагхры — г. Файзабад (Індыя).

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНГАДА́,

рака ў Чыцінскай вобл. Расіі, левая складаючая р. Шылка. Даўж. 708 км, пл. бас. 37,2 тыс. км². Пачынаецца на хр. Хэнтэй. У вярхоўях цячэ па вузкай цясніне, у сярэднім цячэнні — па міжгорнай катлавіне. Жыўленне пераважна дажджавое. Ледастаў з пачатку ліст. да канца красавіка. Сярэдні расход вады ў вусці 72,6 м³/с. Ніжэй г. Чыта малое суднаходства. Сплаўная. Па даліне І. праходзіць Транссібірская магістраль.

т. 7, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЖАНЬ,

доўгае сезоннае стаянне нізкіх узроўняў вады і малога аб’ёму сцёку ў рэках; частка гадавога гідралаг. цыкла. Абумоўлена перыядамі сухога або марознага надвор’я, калі рэзка памяншаецца прыток вады з вадазборнай плошчы. Жыўленне рэк у М. ідзе пераважна за кошт падземных вод. Ва ўмераных і высокіх шыротах на раўнінных рэках адрозніваюць летнюю і зімовую М. (да зімовай М. адносіцца малаводны перыяд з наяўнасцю лядовых з’яў).

т. 10, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)