ПЛЕТАБІЯСФЕ́РА (ад грэч. plēthora напаўненне + біясфера),

гл. «Плеўка жыцця».

т. 12, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІТАРЫЗА́ЦЫЯ,

падпарадкаванне эканам., паліт. і грамадскага жыцця краіны мэтам мілітарызму.

т. 10, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗВАЖА́Й»,

бел. эмігранцкі часопіс. Выдаецца з 1974 у Канадзе штоквартальна на бел. мове. Мае падзагаловак «Часопіс беларускіх ветэранаў». Змяшчае хроніку эмігранцкага жыцця, матэрыялы пра сустрэчы і з’езды эмігрантаў у Таронта, Кліўлендзе, Нью-Брансуіку, Манчэстры, Лондане. Асвятляе дзейнасць эмігранцкіх арг-цый, падзеі паліт. жыцця на Беларусі. Публікуе маст. творы, рэцэнзіі і інш.

С.​У.​Жумар.

т. 7, с. 33

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОГАТЭРАПІ́Я (ад логас + тэрапія),

адзін з кірункаў сучаснай псіхатэрапіі, які займаецца вывучэннем і пошукам сэнсу чалавечага існавання; метад псіхатэрапіі, звязаны з карэкцыяй анамалій у развіцці асобы. Як метад распрацаваны аўстр. псіхіятрам і псіхолагам В.​Франклам. Імкненне да пошуку і рэалізацыі чалавекам сэнсу свайго жыцця — прыроджаная матывацыйная тэндэнцыя і асн. рухаючая сіла паводзін і развіцця асобы. У самых складаных абставінах чалавек здольны знайсці пэўны сэнс жыцця і ўзяць на сябе асабістую адказнасць за яго практычную рэалізацыю. Адсутнасць падобнага сэнсу ці немагчымасць яго ажыццяўлення (фрустрацыя) прыводзяць да апатыі, дэпрэсіі, неўрозаў. Магчымыя пазітыўныя сэнсы жыцця могуць выяўляцца праз 3 асн. групы каштоўнасцей: творчасці, перажывання (напр., каханне) і адносін (свядомай пазіцыі чалавека да жыццёвых абставін, якія нельга змяніць). Найб. важная роля адводзіцца каштоўнасцям творчасці, асн. шляхам рэалізацыі якіх лічыцца праца. Выкарыстоўваецца пры лячэнні неагенных неўрозаў (звязаных са стратай цікавасці да жыцця), апатычна-дэпрэсіўных сіндромаў.

Літ.:

Франкл В. Человек в поисках смысла: Пер. с англ. М., 1990.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 9, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́СЕМСКІ (Аляксей Феафілактавіч) (23.3.1821 с. Раменне Чухламскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 2.2.1881),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1844). Друкаваўся з 1848. Першы раман — «Баяршчына» (1844—46, забаронены, апубл. 1858) напісаны ў рэчышчы натуральнай школы. У рамане «Тысяча душ» (1858) — карціна жыцця перадрэформеннага часу. Аповесці «Цюфяк» (1850), «М-г Батманаў» (1852), «Ці вінаватая яна?» (1855) з жыцця дваранска-чыноўніцкай правінцыі. Асэнсаванне духоўнага жыцця сучаснікаў у рамане «Людзі саракавых гадоў» (1869). Аўтар раманаў «Ускаламучанае мора» (1863), «У віры» (ч. 1—3, 1871), «Мяшчане» (1877), «Масоны» (ч. 1—5, 1880), камедый «Падзел» (1853, забаронена, паст. 1874), «Драпежнікі» («Падкопы», 1873, забаронена, паст. 1905), драмы «Горкі лёс» (1859, забаронена, паст. 1863), гіст. драмы «Паручнік Гладкоў» (1867, забаронена, паст. 1905), цыкла апавяд. «Рускія лгуны» (1865), апавяданняў з сялянскага жыцця, «Падарожных нарысаў» (1857), фельетонаў, літ.-крытычных артыкулаў і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1982—84;

Повесть. Рассказы. М., 1988.

Літ.:

Плеханов С.Н. Писемский. М., 1987;

Могилянский АП. Писемский: Жизнь и творчество. Л., 1991.

т. 12, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РА адзін з відаў творчага ўяўлення, стварэнне вобразаў жаданай будучыні. Цесна звязана з фантазіяй. Уяўныя новыя вобразы ствараюцца актыўнай дзейнасцю свядомасці на аснове мінулых адчуванняў і ўспрыманняў, жыццёвага вопыту, назапашаных ведаў. У залежнасці ад адносін суб’екта да рэчаіснасці М. можа быць актыўная, накіраваная на паляпшэнне жыцця, і пасіўная — пустая летуценнасць, якая адцягвае чалавека ад рэальнага жыцця, аслабляе волю, вядзе да бяздзейнасці.

т. 10, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАБЛО́ЦКІ (Уладзімір Васілевіч) (н. 17.2.1952, в. Хвалава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. мастак-манументаліст, жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). З 1997 выкладчык каледжа мастацтваў у Мінску. Працуе ў тэхніцы вітража, мазаікі, размалёўкі. Творчасць вызначаецца філасафічнасцю, уменнем арганізаваць вял арх. асяроддзе: вітраж «Чалавек і прырода» (1978) y НВА «Цэнтрсістэм» у Мінску, размалёўка «У імя жыцця на зямлі» (1985) у Музеі нар. славы ў г.п. Ушачы Віцебскай вобл., мазаікі на тарцах жылых дамоў у Брэсце (1985) і Салігорску (1986, 1997) і інш. Сярод станковых карцін: «Дыялог», «Песня пра зубра» (абедзве 1982), трыпціх «Маці зямлі» (1985), «Дрэва жыцця» (1997) і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Крываблоцкі. Фрагмент мазаікі «Дрэва жыцця». 1997.

т. 8, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКІДА́ННЕ Ў НЕБЯСПЕ́ЦЫ ў крымінальным праве,

адно са злачынстваў супраць асобы. Выражаецца ў заведамым пакіданні без неадкладнай дапамогі асобы, якая знаходзіцца ў небяспечным для жыцця або здароўя становішчы і пазбаўлена магчымасці да самааховы з прычыны малалецтва, старасці, хваробы або сваёй бездапаможнасці ў выпадках, калі вінаваты меў магчымасць аказаць дапамогу гэтай асобе і быў абавязаны гэта зрабіць ці сам паставіў яе ў небяспечнае для жыцця або здароўя становішча.

т. 11, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАБІЯГРА́ФІЯ (ад аўта... + біяграфія),

1) афіцыйны дакумент з кароткімі звесткамі пра падзеі свайго жыцця.

2) Апісанне аўтарам уласнага жыцця; літаратурны жанр. Ад інш. літ. жанраў адрозніваецца большай прывязанасцю адлюстраваных падзей да рэальных фактаў асабістага жыцця. Сярод вядомых твораў сусв. л-ры «Споведзь» Ж.​Ж.​Русо, «Былое і думы» А.​Герцэна, «Споведзь сына стагоддзя» А.​Мюсэ і інш. У бел. л-ры пашыраны аўтабіягр. аповесць, раман, паэма, хроніка. Узоры аўтабіягр. твораў — аповесці «У дрымучых лясах» З.​Бядулі, «Шлях з цемры» Я.​Маўра, «Свая аповесць» Я.​Скрыгана, «Сцежкі» А.​Пальчэўскага, «Споведзь» Л.​Геніюш і інш. Многія творы бел. л-ры грунтуюцца на адборы і тыпізацыі аўтабіягр. матэрыялу ў спалучэнні з маст. вымыслам. Аўтабіягр. аснову мае паэма Я.​Коласа «Новая зямля», у якой аўтар, апіраючыся на жыццёвыя рэаліі сваёй сям’і, стварыў яркую энцыклапедыю бел. жыцця канца 19 — пач. 20 ст. «Чыстыя» аўтабіяграфіі бел. пісьменнікаў сабраны ў кнігах «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Да аўтабіягр. жанру адносяць таксама мемуары, дзённік, споведзь, успаміны, падарожныя нататкі; у стараж. бел. л-ры — дыярыуш.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВО́Е ВЫСПЯВА́ННЕ,

перыяд у індывід. развіцці жывёл і чалавека, у час якога арганізм становіцца здольным да палавога размнажэння. Завяршаецца надыходам палавой спеласці. Час надыходу П.в. залежыць ад памераў цела, працягласці жыцця. У дробных відаў, якія жывуць нядоўга (напр., калаўроткі), бывае на 4—5-я суткі, у птушак — на 1-м ці 2-м годзе жыцця; у буйных драпежнікаў (напр., леў, тыгр, леапард) — на 3—5-м (жывуць да 30 гадоў і больш). У чалавекападобных малпаў — на 8—10-м годзе жыцця. Перыяд П.в. чалавека цягнецца з 8—9 да 16—17 гадоў у жанчын, з 10—11 да 19—20 гадоў у мужчын. У час П.в. развіваюцца другасныя палавыя прыкметы, назіраюцца значныя змены ў дзейнасці ц. н. с. і псіхіцы.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)