ГУ́СЕЎ (Васіль Фёдаравіч) (11.1.1927, в. Зарэчча Валагодскай вобл., Расія — 1.2.1991),

рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыў тэатр. студыю пры Валагодскім драм. т-ры (1944). Працаваў у Волагдзе, Уральску, Камянец-Падольску, Даўгаўпілсе. З 1963 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Яго майстэрства вызначалася ўменнем спасцігаць сутнасць вобраза і псіхалагічна матываваць яго дзеянні, знаходзіць нечаканыя вонкавыя рысы, уласцівыя персанажу. Выконваў драм. і камедыйныя ролі. Сярод іх: палкоўнік Кусонскі («Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Шахматаў («Аперацыя «Мнагажэнец» А.​Дзялендзіка), Дасцігаеў («Дасцігаеў і іншыя» М.​Горкага), Крогстад («Нора» Г.​Ібсена), Акаёмаў («Машачка» А.​Афінагенава), маркіз Фарліпопалі («Гаспадыня гасцініцы» К.​Гальдоні), Дон Луіс («Дон Жуан» Мальера) і інш.

т. 5, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ЛІЧ (Канстанцін Фёдаравіч) (1906, г. Івангорад Кінгісепскага р-на Ленінградскай вобл. — 27.9.1944),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1935). З 1925 у Бел. трэцім дзярж. драм. т-ры, з 1937 у БДТ-1 (т-р імя Я.​Купалы). Яго мастацтва адметнае рамантычнай узнёсласцю, шчырасцю пачуццяў, тэмпераментам. Сярод роляў: Андрэй, Мастак, Паромшчык («Плытагоны», «Пінская мадонна», «Ганка» У.​Галубка), Кастусь Каліноўскі (аднайм. п’еса Е.​Міровіча), Мікола («Кацярына Жарнасек» М.​Клімковіча), пан Ендрыхоўскі («Партызаны» К.​Крапівы), сяржант Дроб (аднайм. п’еса Э.​Самуйлёнка), Дон Жуан («Каменны госць» А.​Пушкіна), Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.​Шылера). Як мастак аформіў спектаклі «Кастусь Каліноўскі» (1928), «Правакатар» М.​Ірчана (1931). Загінуў у чыгуначнай катастрофе.

К.Ф.Быліч.

т. 3, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́АЛЬ ((Kaal) Ану) (н. 4.11.1940, Талін),

эстонская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арг. СССР (1981). Скончыла Талінскую кансерваторыю (1968). З 1963 артыстка хору, з 1967 салістка т-ра оперы і балета «Эстонія» (Талін). Сярод партый: Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Тамберга), Канстанца, Царліна, Царыца Ночы («Выкраданне з сераля», «Дон Жуан», «Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта); партыі сапрана ў буйных вак.-сімф. творах — «Страсці па Іаану» І.​С.​Баха, «Поры года» І.​Гайдна, «Stabat mater» Дж.​Б.​Пергалезі, «Азарэнні» Б.​Брытэна і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​І.​Глінкі (1968). Прэмія Г.​Отса 1979.

т. 7, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́РАЎ (Леў Канстанцінавіч) (н. 23.12.1931, Масква),

рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1990). Скончыў школу-студыю МХАТ (1954), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы (1985). Да 1963 у Цэнтральным дзіцячым т-ры, з 1963 у т-ры Ленінскага камсамола, з 1967 у т-ры на Малой Броннай (усе ў Маскве). Яркі характарны акцёр, валодае камед. і драм. дараваннем. Яго мастацтву ўласцівы непасрэднасць, адкрыты тэмперамент. Сярод лепшых роляў: штабс-капітан Снегіроў («Брат Алёша» В.​Розава паводле Ф.​Дастаеўскага), Сганарэль («Дон Жуан» Мальера), Яга («Атэла» У.​Шэкспіра). З 1954 здымаецца ў кіна і тэлефільмах: «Двое ў стэпе», «34-ы хуткі», «Развітанне», «Семнаццаць імгненняў вясны», «Уся каралеўская раць» і інш.

т. 6, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЛЬСАН ((Nilsson) Біргіт) (н. 17.5.1918, Каруп, Швецыя),

шведская спявачка (драм. сапрана); прадстаўніца школы бельканта. Вучылася ў Стакгольме (1941—46). У 1948—51 салістка Каралеўскай оперы ў Стакгольме. У 1953—86 у т-рах «Ковент-Гардэн», «Ла Скала», «Метраполітэн-опера» і інш. Валодала надзвычай моцным голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, драм. выразнасцю. Вядомая выканальніца партый у операх Р.​Вагнера: Ізольда, Брунгільда, Эльза, Лізавета («Трыстан і Ізольда», «Пярсцёнак нібелунга», «Лаэнгрын», «Тангейзер). Інш. партыі; Агата («Вольны стралок» К.​М.​Вебера), Алена («Мефістофель» А.​Бойта), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Тоска, Турандот (аднайм. оперы Дж.​Пучыні), Саламея («Саламея» Р.​Штрауса), Донна Ганна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Урсула («Мастак Матыс» П.​Хіндэміта).

т. 11, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЙЧА ((Krejča) Атамар) (н. 23.2.1921, Скрышаў, Чэхія),

чэшскі акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Чэхіі (1958). На сцэне з 1940. У 1960-я г. ўзначальваў чэш. тэатр. авангард. У 1956—61 гал. рэжысёр Нац. т-ра ў Празе, у 1965—72 арганізатар і кіраўнік «Тэатра за бранаў», з 1991 — «Тэатра за бранаў-2». Сярод роляў: Сірано дэ Бержарак (аднайм. п’еса Растана), Дон Жуан (аднайм. п’еса Мальера), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Самазванец («Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна) і інш. Паставіў п’есы А.​Чэхава («Вішнёвы сац», «Тры сястры»), у т. л. ў Германіі, Швейцарыі, Італіі. Рэжысёрскай творчасці К. ўласцівы лірызм, схільнасць да аналізу, дакладнасць думкі.

Літ.:

Солнцева Л.П. Чехословацкий театр сегодня. М., 1962.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛА́Р ((Vilar) Жан) (25.3.1912, г. Сет, Францыя — 28.5.1971),

французскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Вучань Ш.Дзюлена. З 1932 працаваў у розных парыжскіх т-рах. Ініцыятар і кіраўнік фестываляў драм. мастацтва ў Авіньёне. У 1951—63 дырэктар, акцёр і рэжысёр Нац. нар. т-ра (Парыж). Ставіў пераважна класічныя творы сусв. драматургіі. Асветніцкі па накіраванасці, разлічаны на шырокага дэмакр. гледача т-р Вілара спалучаў традыцыі стараж. вулічнага т-ра з наватарскімі плынямі 20 ст. Сярод пастановак: «Рычард II» У.​Шэкспіра (1947, і гал. роля), «Сід» П.​Карнеля, «Дон Жуан» Мальера (1954, і гал. роля), «Федра» Ж.​Расіна (1957), «Кар’ера Артура Уі» Б.​Брэхта (1960, і гал. роля), «Справа Опенгеймера» (1965, і аўтар п’есы). Яго творчасць значна паўплывала на сцэн. мастацтва Францыі і інш. краін.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎТУ́Н (Валерый Пятровіч) (н. 22.10.1944, г Ясінаватая Данецкай вобл., Украіна),

украінскі артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1978). Скончыў Кіеўскае харэаграфічнае вучылішча (1965). З 1965 у Т-ры імя Лысенкі (Харкаў), з 1968 саліст, з 1985 гал. балетмайстар Т-ра оперы і балета імя Т.​Шаўчэнкі (Кіеў). Сярод партый: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Дафніс, Юнак («Дафніс і Хлоя», «Балеро» М.​Равеля), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Лукаш («Лясная песня» М.​Скарульскага), Дон Жуан («Каменны валадар» В.​Губарэнкі). Сярод пастановак балет «Шчаўкунок» Чайкоўскага (1986). Прэміі міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Варне (1970, Балгарыя) і Маскве (1973), прэмія імя В.​Ніжынскага (1977, Парыж). Дзярж. прэмія Украіны 1986.

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́НСКАЯ (сапр. Мурынава) Надзея Мацвееўна, спявачка (сапрана) і педагог 2-й пал. 19 ст. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (клас К.​Эверардзі). Выступала ў Казані, Вільні, Пецярбургу, у Мінску з гастрольнымі трупамі на сцэне Мінскага гар. т-ра (1891—93 і 1902—03). Валодала мяккім прыемным голасам, артыстычнасцю, выключным пачуццём ансамбля. Сярод партый: Тамара («Дэман» А.​Рубінштэйна), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Антаніда («Жыццё за цара» М.​Глінкі), Маргарыта Валуа («Гугеноты» Дж.​Меербера), Наташа («Русалка» А.​Даргамыжскага), Донна Анна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта) і інш. У 1894—95 спявала ў Пецярбургу з Ф.​Шаляпіным у операх «Трубадур» Дж.​Вердзі (Леанора), «Кармэн» Ж.​Бізэ (Мікаэла), «Фауст» (Маргарыта). Адзін з першых вак. педагогаў на Беларусі, арганізавала Мінскую вакальную студыю.

В.​П.​Пракапцова.

т. 11, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ДА (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 30.11.1956, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. спявак (бас). Скончыў Бел. кансерваторыю (1980, клас С.​Асколкава). З 1982 саліст Нац. акад. т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. Валодае прыгожым моцным голасам яркага тэмбру, драм. талентам. Сярод партый: Дубатоўк («Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана), Воланд («Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава), Папагена і Зарастра, Лепарэла («Чароўная флейта», «Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Бартала («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), цар Егіпта, Рамфіс («Аіда» Дж.​Вердзі), Крэспель («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха), Грэмін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Сабакін («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Цуніга («Кармэн» Ж.​Бізэ), граф Растоў («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева). Удзельнічаў у радыёзапісах опер «Матухна Кураж» С.​Картэса (Свяшчэннік) і «Таямніца старога замка» У.​Кандрусевіча (Здань).

Лаўрэат Рэсп. конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1980).

А.​Я.​Ракава.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)