агульная назва зборнікаў дыдактычных навел пра жыццё і аскетычныя подзвігі хрысціянскіх манахаў і пустэльнікаў, а таксама збораў іх павучальных выказванняў. Блізкія да літ. традыцыі жыцій святых, але ў адрозненне ад іх абмяжоўваліся найб. займальнымі і дыдактычнымі эпізодамі біяграфіі падзвіжніка. Падзяляюцца на жыццяпісы падзвіжнікаў (Егіпецкі, Рымскі, Сінайскі П.), пераважна апавяд. характару, і іх выказванні і павучанні (Алфавітны, Іерусалімскі, Скіцкі П.), пераважна павучальна-афарыстычнага характару. На слав. глебе складзены вялікі Зводны П. (14 ст.) і Афонскі П. Грэч. П. перакладзены паўд. славянамі на стараслав. мову і з 11—12 ст. перайшлі ў стараж.-рус. л-ру. На Русі П. атрымалі шырокае развіццё і паўплывалі на шэраг літ. помнікаў (напр., «Жыціе Феадосія Пячэрскага»), Шматлікія навелы П. ўвайшлі ў склад «Пралога», «Міней-Чэцій», «Сінодыкаў». На ўзор перакладных на Русі створана шмат мясц. П., з якіх найб. выдатны «Кіева-Пячэрскі пацярык». Навелы П. маюць пэўнае гіст.-літ. значэнне, адыгралі станоўчую ролю ў развіцці апавяд. прозы ўсх. славян.
Публ.: Синайский патерик: [Текст и палеогр. описание]. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУТАНХАМО́Н (літар. — жывы вобраз Амона; троннае імя Небхепрура),
егіпецкі фараон эпохі Новага царства (XVIII дынастыя), правіў каля 1400 — каля 1392 да н.э. Зяць Аменхатэпа IV (Эхнатона) і, магчыма, яго сын ці малодшы брат. Уступіў на прастол у 12-гадовым узросце пад імем Тутанхатон, памёр, не дажыўшы да 20 год. Фактычна ўлада знаходзілася ў руках візіра Эе і інш. вяльмож. Пры Т. адменены рэліг. рэформы Эхнатона, адноўлены культ бога Амона, сам Т. адмовіўся ад імя Тутанхатон і вярнуў рэзідэнцыю фараона з Эхетатона ў г. Фівы. У 1922 выяўлена грабніца Т. — адзінае амаль не разрабаванае пахаванне фараона, дзе захаваліся цудоўныя помнікі мастацтва.
Літ.:
Картер Г. Гробница Тутанхамона: Пер. с англ.М., 1959;
Кацнельсон И.С. Тутанхамон и сокровища его гробницы. 2 изд. М., 1979;
Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр.М., 1992.
Тутанхамон у свяшчэннай лодцы. Статуэтка з грабніцы Тутанхамона ў Фівах. XVIII дынастыя. 1-я пал. 14 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХФУ́З Нагіб (н. 24.12.1911, Каір),
егіпецкі пісьменнік. Скончыў Каірскі ун-т (1934). У 1930—40-я г. выступіў з рамант.гіст. раманамі на «фараонскую тэму» («Гульня лёсаў», «Радабіс», «Барацьба Фіў»). У рэаліст. раманах «Новы Каір» (1945), «Завулак аль-Мідак» (1947), «Пачатак і канец» (1949, экранізацыя 1960), трылогіі «Бейн аль-Касрэйн», «Каср аш-Шаук» (Дзярж. прэмія АРЕ 1957), «Ас-Сукарыя» (1956—57) шырокая панарама жыцця грамадства ў 1-й пал. 20 ст. Жыццё краіны пасля нац.-вызв. рэвалюцыі 1952 адлюстравана ў раманах «Жабрак» (1963), «Шлях» (1964), «Балбатня над Нілам» (1966, экранізацыя 1972), «Пансіён «Мірамар» (1967) і інш. Аўтар аўтабіягр. рамана «Люстэркі» (1971—72), зб-каў навел «Пад навесам» (1969), «Апавяданні пра наш квартал» (1975), п’ес і інш. Для яго твораў характэрна спалучэнне традыцый араб.нар. апавядальнай л-ры і еўрап. раманістыкі. Нобелеўская прэмія 1988.
Тв.:
Рус.пер. — Дети нашего квартала. М., 1959;
Вор и собаки. М., 1965;
Осенние перепела. М., 1965;
Пансион «Мирамар». Любовь под дождем. М., 1975;
Зеркала. М., 1979.
Літ.:
Кирпиченко В.Н. Нагиб Махфуз — эмир арабского романа. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУЭ́ЦКІ КРЫ́ЗІС 1956,
міжнародны канфлікт, выкліканы нацыяналізацыяй 26.7.1956 Егіптам Суэцкага канала. Імкнучыся аднавіць кантроль над каналам, яго б. ўладальнікі Вялікабрытанія і Францыя заключылі сакрэтнае пагадненне з Ізраілем пра сумесныя дзеянні супраць Егіпта. Пад маркай барацьбы супраць рэйдаў палесцінскіх партызан на тэр. Ізраіля і егіпецкай блакады Тыранскага прал., ізраільская армія атакавала 29 кастр. егіпецкія войскі на Сінайскім п-ве і рушыла ў напрамку Суэцкага канала. Урады Вялікабрытаніі і Францыі прапанавалі сябе ў якасці «пасрэднікаў», запатрабаваўшы ва ультыматыўнай форме абодва бакі адысці на 10 міль ад канала; англ. і франц. войскі павінны былі заняць зону канала, нібыта для раз’яднання егіпецкай і ізраільскай армій. Егіпецкі ўрад адхіліў ультыматум, і 31 кастр. англа-франц. авіяцыя атакавала егіпецкія войскі і бамбіла Порт-Саід. 5 ліст. аб’яднаныя англа-франц. войскі высадзіліся ў зоне канала і акупіравалі яго паўн. частку. Гэтыя дзеянні выклікалі пратэсты сусв. супольнасці. Урад СССР пагражаў умяшаннем на баку Егіпта. Гэта прымусіла ўрады Вялікабрытаніі і Францыі пагадзіцца 7 ліст. на перамір’е і вывесці свае войскі з зоны канала да 22 снежня. Войскі Ізраіля да сак. 1957 пакінулі Сінай і сектар Газа. Такім чынам С.к. 1956 скончыўся поўнай няўдачай для Вялікабрытаніі і Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫЛЬ (Stil) Андрэ (н. 1.4.1921, г. Эрньі, Францыя),
французскі пісьменнік. Скончыў ун-т у г. Ліль. Друкаваўся з 1949. Трылогія «Першы ўдар» (раманы «Каля воданапорнай вежы», 1951, Дзярж. прэмія СССР 1952; «Канец адной гарматы», 1952; «Парыж з намі», 1953) пра антываен. барацьбу франц. народа. У цыкле твораў «Пастаўлена пытанне аб шчасці» — раманах «Мы будзем любіць адно аднаго заўтра» (1957), «Абвал» (1960), «Апошняя чвэрць гадзіны» (1962), «Пойдзем танцаваць, Віяліна» (1964), «Андрэ» (1965), «Прыгожы, як чалавек» (1968), «Хто?» (1969), зб-ках апавяд. «Егіпецкі хлеб» (1956), «Боль» (1961) і інш.сац.-паліт. і маральна-этычныя праблемы, жыццё Францыі ў 2-ю сусв. вайну і пасляваен. гады. Аўтар раманаў «Раман-сон» (1976), «У люстэрку — сябар» (1977), «Бог — гэта дзіця» (1979), «Мілы доктар» (1980), літ.-крытычных і публіцыст. прац.Рэаліст. проза С. адметная дынамічным сюжэтам, выкарыстаннем дыялектаў, унутр. маналога. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі Ю.Гаўрук, С.Дорскі.
Тв.:
Бел.пер. — Любіць будзем заўтра. Мн., 1960;
Салодкі пірог // Полымя. 1970. № 1;
Пан. Ванэс // Беларусь. 1974. № 3;
Рус.пер. — Первый удар. Конец одной пушки. М., 1952;
Вопрос о счастье поставлен. М., 1960;
Мы будем любить друг друга завтра. Обвал. М., 1961;
Боль. М., 1962;
Он без ума от масла. М., 1965;
Последние четверть часа. М., 1967;
Пойдем танцевать, Виолина... М., 1973;
Роман-сон. М., 1978;
Повести. М., 1989.
Літ.:
Наркирьер Ф. Французский роман наших дней. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́СЭР Гамаль Абдэль, Гамаль Абд ан-Насыр (15.1.1918 Бені-Мур, Егіпет — 29.9.1970), егіпецкіпаліт. і дзярж. дзеяч. Палкоўнік. Герой Сав. Саюза (1964). Скончыў ваен. вучылішча Генштаба. Вызначыўся ў араба-ізраільскай вайне 1948—49: Адзін з заснавальнікаў тайнай арг-цыі «К-т свабодных афіцэраў», які 23.7.1952 скінуў караля Фарука II і ліквідаваў у Егіпце манархію. З 1953 вярх. галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі, нам. прэм’ер-міністра і міністр унутр. спраў, з 1954 прэм’ер-міністр Егіпта. У кастр. 1954 дамогся ад Вялікабрытаніі згоды на вывад брыт. войск з Егіпта. У 1956 абраны прэзідэнтам Егіпта. У ліп. 1956 нацыяналізаваў міжнар. кампанію Суэцкага канала, што прывяло да англа-франка-ізраільскай агрэсіі 1956 супраць Егіпта. У знешняй палітыцы арыентаваўся на СССР і краіны сацыяліст. лагера. Быў прыхільнікам панарабскага руху. Падтрымаў ідэю аб’яднання Егіпта і Сірыі ў Аб’яднаную Араб. Рэспубліку (назва ААР; у 1961 Сірыя выйшла, назва ААР захавалася за Егіптам да 1971), абраны яе прэзідэнтам у 1958. Ва ўнутр. палітыцы прытрымліваўся ідэй «араб. сацыялізму», імкнуўся ператварыць Егіпет у развітую, індустр. дзяржаву, для чаго праведзена агр. рэформа, пачата індустрыялізацыя, будавалася вышынная Асуанская плаціна. У паліт. сферы ўсталяваў аўтарытарны, аднапартыйны рэжым. Першым з араб. лідэраў прыйшоў да ўсведамлення неабходнасці мірнага ўрэгулявання Блізкаўсходняга канфлікту. У жн. 1970 пагадзіўся на 90-дзённае спыненне агню з Ізраілем.
Тв.:
Рус.пер. — Проблемы египетской революции: Избр. речи и выступления 1952—1970 гг.М., 1979.
Літ.:
Dekmedjian R.H. Egypt under Nasir. New York, 1971;
Lacouture J. Nasser. Paris, 1971;
Nutting A. Nasser. London; New York, 1972; Stephens R.H. Nasser: A political biography. New York, 1972; Vatikiotis P.J. Nasser and his generation. London, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯНДА́Р (лац. calendarium літар. пазыковая кніжка; у Стараж. Рыме даўжнік плаціў працэнты ў першы дзень кожнага месяца, г. зн. у календы) астранамічны, сістэма злічэння вял. прамежкаў часу, заснаваная на перыядычнасці бачных рухаў нябесных цел. Адрозніваюць К.: сонечны (у аснове гадавы рух Сонца па экліптыцы), месяцавы (на аснове руху Месяца вакол Зямлі), месяцава-сонечны.
Пры пабудове К. узнікае праблема спалучэння сонечнага (трапічнага) года, роўнага 365,2422 сярэдніх сонечных сут, і сінадычных месяцаў, працягласцю 29,5306 сут кожны. Адным з першых сонечных К. быў стараж.-егіпецкі (4 ст. да н.э.): працягласць года ў ім была роўная 365 сут (12 месяцаў па 30 сут, апошнія 5 сут не нумараваліся і былі святочнымі). Сучаснае летазлічэнне развілося з стараж.-рым. сонечнага К., уведзенага ў 46 да н.э. Юліем Цэзарам і названага юліянскім К. (ці старым стылем). Тры гады запар у гэтым К. мелі па 365, а 4-ы, высакосны — 366 сут; сярэдняя працягласць года 365,25 сут, што на 11 мін 14 с больш за трапічны год. З-за гэтай недакладнасці кожныя 128 гадоў юліянскі К. адставаў на 1 сут. Гэту памылку на 10 сут выправілі ў 1582 пры папе рымскім Грыгорыю XIII увядзеннем новага К., які назвалі грыгарыянскім (ці новым стылем). У ім выкарыстоўваецца больш дакладнае значэнне сапраўднага трапічнага года. На практыцы год, нумар якога канчаецца на 2 нулі і не дзеліцца без астачы на 400, не лічыцца высакосным. Невялікая недакладнасць паміж грыгарыянскім і трапічным гадамі дае розніцу ў 1 дзень за 3300 гадоў. Каталіцкія краіны перайшлі на грыгарыянскі К. у 16 ст., Скандынавія і Вялікабрытанія — у 18 ст., правасл. краіны Грэцыя, Балгарыя, Румынія, Сербія — у пач. 20 ст., Расія — 31.1.1918 (наступны дзень ужо быў 14 лютага). У месяцавым К. працягласць месяца (сінадычнага, роўнага 29,5306 сут) звязваецца са зменаю фаз Месяца. Прыклад такога К. — мусульманскі К., якім карыстаюцца некаторыя народы Азіі і Афрыкі. У гэтым К. год падзяляецца на 12 месяцаў па 30 і 29 сут папераменна; працягласць года (354 сут) меншая за сонечны, таму пачатак года ўвесь час зрушваецца. У камбінаваным месяцава-сонечным К. змена фаз Месяца ўзгадняецца з гадавым рухам Сонца. Прыклад такога К. — сучасны яўрэйскі К.: 19 сонечных гадоў складаюць 235 сінадычных месяцаў (па 29—30 дзён), 1 раз у некалькі гадоў уводзіцца 13-ы месяц. Пачатак года прыпадае на розныя дні, але заўсёды ўвосень. Кожны месяц пачынаецца з маладзіка, дзень — з заходам Сонца.
Літ.:
Климишин И.А. Календарь и хронология. 3 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРЫ́Н (Torino),
горад на Пн Італіі, каля ўпадзення р. Дора-Рыпарыя ў р. По. Адм. ц. вобласці П’емонт і прав. Турын. Каля 1 млн.ж., з прыгарадамі каля 1,2 млн.ж. (2001). Буйны вузел чыгунак і аўтадарог перад альпійскімі пераваламі. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл. і культ. цэнтр краіны. У прам-сці дамінуе буйнейшы ў Італіі індустр. комплекс канцэрна «ФІАТ». Галіны прам-сці: прыладабуд., вытв-сцьс.-г. машын, вырабаў дакладнай механікі і оптыкі, радыёэлектронная, ваенная, чорная і каляровая электраметалургія, хім., гумавая, фармацэўтычная, паліграф., тэкст., швейная, харчасмакавая (вытв-сць шакаладу і інш. кандытарскіх вырабаў, він і лікёраў). Ун-т (з 1405). Кансерваторыя. Н.-д. цэнтр «ФІАТ». Музеі: Антычнага мастацтва, стараж. зброі «Арсенал», археал., Егіпецкі (егіпецкія старажытнасці) і інш.Міжнар.аўтамаб. салон, міжнар. салон тэхнікі. Цэнтр італьян. моды.
У старажытнасці паселішча племя таўрынаў, пры імператару Аўгусце — рым. калонія, у 6—7 ст. — цэнтр Лангабардскага герцагства. З канца 8 ст. ў складзе дзяржавы Каралінгаў, цэнтр графства, маркізата. У 1136 у Т. ўсталявалася камуна. У 13 ст. адышоў да Савоі. У 1536—62 акупіраваны французамі. З 1563 Т. — сталіца Савойскага герцагства. У 16—18 ст. горад хутка развіваўся (у 1750—30 тыс.чал., у канцы 18 ст. — 90 тыс.чал.). У 1720—1860 (з перапынкамі) — сталіца Сардзінскага каралеўства, у 1861—65 — сталіца Італьян. каралеўства. Пасля пераносу ў 1865 сталіцы ў Фларэнцыю страціў паліт. значэнне. Хутка эканамічна развіваўся ў 19 ст. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ў 1943 ням.-фаш. войскамі, адзін з цэнтраў руху Супраціўлення. У пач. 1945 вызвалены італьян. партызанамі.
У аснове прамавугольнай горадабуд. структуры Т. — планіроўка стараж.-рым.ваен. лагера. Сярод помнікаў: рэшткі стараж.-рым. муроў і т-ра, гатычны касцёл Сан-Даменіка (14 ст.), рэнесансавы сабор (15 ст.) з барочнай капліцай Сан-Сіндоне (месца захоўвання т.зв. Турынскай плашчаніды; 1668—94, арх. Г.Гварыні), рэшткі цытадэлі, касцёлы Сан-Далмаца. Сан-Агасціна, Сан-Тамаза (усе 16 ст.), замак (17 ст.); барочныя пабудовы паводле праектаў Гварыні — касцёлы Сан-Ларэнца (1668—87), Сан-Філіпа Неры (з 1675; 18, 19 ст.), Сан-Андрэа, Санта-Марыя дэла Кансалата (абодва 1679—1705) з кампанілай 11 ст., Палацца Карыньяна (з 1679). Вылучаюцца палацца Мадама (13, 15 ст.; фасад 1718, арх. Ф.Ювара), Рэале (17 ст.) і інш. Асаблівую імпазантнасць цэнтру горада надаюць плошчы і праспекты 17—20 ст. (П’яцца Сан-Карла, 1638, арх. К. ды Кастэламонтэ; перабудова гал. вул. Вія Рома, 1931—37, арх. М.П’ячэнціні і інш.). Каля Т. познабарочны касцёл і маўзалей Савойскай дынастыі — Суперга (1714—31) і палац Ступініджы (1729—33, абодва арх. Ювара).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАІ́Р,
горад, сталіца Егіпта. Знаходзіцца на правым беразе і астравах Ніла, на Пд ад дэльты. 9690 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Міжнар. аэрапорт. У К. і яго наваколлі сканцэнтравана каля 1/4прамысл. вытв-сці краіны. Прам-сць: металургічная, металаапр., маш.-буд., тэкст., харчасмакавая, цэм., папяровая, гарбарна-абутковая, хім., паліграфічная. Маст. рамёствы (вырабы з металу, скуры, дрэва, керамічныя і інш.). Метрапалітэн. Акадэмія. Ін-т Егіпта, ун-ты Каірскі, аль-Азхар, Айн-Шамс і інш. Тэатры.
Засн. Фатымідамі ў 969, у 973—1171 сталіца Фатымідаў халіфата. Пры Айюбідах (1171—1250) і мамлюках (1250—1517) буйны рэліг.-паліт., гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1517 захоплены і зруйнаваны туркамі-асманамі. У 1798—1801 акупіраваны франц. войскамі. Цэнтр нац.-вызв. руху (паўстанні 1798, 1800 супраць французаў, 1795, 1804—05 супраць мамлюкаў і туркаў). У 1882 акупіраваны брыт. войскамі, адм. ц.брыт. пратэктарата (1914—22). З 1922 сталіца Каралеўства Егіпет, з 1953 — Егіп. Рэспублікі, з 1958 — Аб’яднанай Араб. Рэспублікі, з 1971 — Араб. Рэспублікі Егіпет. У 2-ю сусв. вайну месца правядзення Каірскай канферэнцыі 1943.
Сярод пабудоў рым. часу (канец 1 ст. да н.э.) — вежа ў крэпасці Вавілон (арх. Апаладор), візантыйскага (4—7 ст.) — копцкія цэрквы св. Сергія і Вакха, Божай Маці і св. Варвары (у той жа крэпасці), раннеарабскія — мячэці Амра ібн аль-Аса (641-42, перабудавана ў 9 ст.) у Фустаце, Ібн Тулуна (876—79), ніламер (715; 3-ярусны каменны калодзеж з 8-граннай калонай у цэнтры) на в-ве Рода. На тэр.Стараж. горада з вузкімі вуліцамі з глінабітнымі і каменнымі 2—4-павярховымі дамамі 16—18 ст. захавалася больш за 400 помнікаў архітэктуры: рэшткі каменных гар. сцен з умацаванымі варотамі (11 ст.), мячэці аль-Азхар (970—72, неаднаразова перабудавана), аль-Хакіма (990—1012), маўзалеі Саб’а Банат («Сем дачок», 11 ст.), Ум Кульсум (1122), жылыя дамы 10—11 ст., цытадэль Салах-ад-дзіна (1176—93, 1315 ст.), рынак Хан аль-Халіль (засн. ў канцы 13 ст.) з майстэрнямі рамеснікаў, комплекс султана Калауна (1284—85, са шпіталем), комплекс мячэці-медрэсэ султана Хасана (1356—63), маўзалеі мамлюкаў 15 — пач. 16 ст., мячэці Сінан-пашы (1571), Мухамеда Алі (1830—48, арх. Ю.Бохна), султана ар-Рыфаі (1869) і інш. Новы горад з прамымі шырокімі вуліцамі, плошчамі і набярэжнымі ўздоўж Ніла забудаваны шматпавярховымі будынкамі: ансамбль будынкаў Егіпецкага музея, атэля «Ніл-Хілтан» (абодва 1959, арх. В.Бекет, М.Рыяд), Лігі араб. дзяржаў (1967, арх. Рыяд, міжнар. аэрапорт (1962, арх. С.Зайтун і інш.), гранітная набярэжная з будынкам тэлецэнтра (1967, арх. Дж.Момін). Перад ун-там (1-я пал. 20 ст.) — манумент «Абуджэнне Егіпта» (1919—28, арх. М.Мухтар). Музеі: Егіпецкі нацыянальны музей, Копцкі, Ісламскага мастацтва і інш.
Літ.:
Ходжаш С.И. Каир. 2 изд. М., 1975.
Да арт.Каір. Мячэць султана ар-Рыфаі. 1869.Да арт.Каір. М.Сабры. Раён Каіра. Пастэль.Каір у пач. 19 ст.Да арт.Каір. Порцік мячэці Мухамеда-Алі. Арх. Ю.Бохна. 1830—48.Царква святога Георгія ў Каіры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПІ́Р (ад франц. empire імперыя),
стыль у архітэктуры і мастацтве 1-й трэці 19 ст., які завяршыў развіццё класіцызму.
Зарадзіўся ў Францыі на пач. 19 ст. Як і класіцызм, арыентаваўся на ўзоры ант. мастацтва Грэцыі і Рыма, аднак пошукі зграбнай простай формы і дэкору паступова змяняліся імкненнем да іх лапідарнасці і манум. выразнасці. Асн. элементамі арх. кампазіцыі былі масіўныя порцікі (найчасцей дарычнага і тасканскага ордэраў), у арх. дэталях і дэкоры пераважала ваенная эмблематыка (ліктарскія звязкі, воінскія даспехі, лаўровыя вянкі, арлы і інш.). У ампіры адчуваюцца і асобныя стараж.-егіпецкія арх. і пластычныя матывы (вял. нерасчлянёныя плоскасці сцен і пілонаў, масіўныя геам. аб’ёмы, егіпецкі арнамент, стылізаваныя сфінксы, ільвы, гермы, грыфоны). У перыяд імперыі Напалеона I (1804—15) пашырылася буд-ва мемарыяльных манум. збудаванняў: трыумфальных арак (арка на пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.Ф.Шальгрэн), памятных калон і інш. У аддзелцы парадных інтэр’ераў палацаў і атэляў (Мальмезон, Фантэбло, Багарнэ ў Парыжы, перабудаваных арх. Ш.Персье і П.Фантэнам) матывы егіп. рэльефаў, этрускіх вазаў, грэч. і рым. дэкору сугучныя ампірнай мэблі Ф.А.Жакоба, стылізаванай пад абсталяванне багатага стараж.-рым. дома. У розных краінах Еўропы ампір набыў выразныя нац. рысы. У Расіі стаў выразнікам ідэі дзярж. незалежнасці, якую народ адстаяў у вайне 1812. Выдатнымі творамі рус. ампіру з’яўляюцца будынкі Адміралцейства (1806—23, арх. А.Захараў), Горнага ін-та (1806, арх. А.Вараніхін), Біржы (1805—10, арх. Тама дэ Тамон) — усе ў Пецярбургу; помнікі Мініну і Пажарскаму (1804—18, скульпт. І.Мартас), шэраг асабнякоў, пабудаваных арх. А.Грыгор’евым у Маскве.
У бел. дойлідстве стыль ампір развіваўся пад моцным уплывам рус. архітэктуры. Для будынкаў характэрныя масіўныя кубападобныя аб’ёмы з вял. гладкімі плоскасцямі, з якімі кантрастуюць дэкар. элементы ў выглядзе арнаментаваных панэляў, фрызаў, медальёнаў, разетак, выяў людзей і г.д. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя вылучаецца строгай прасторай формаў, статычнасцю і манументальнасцю, геам. выразнасцю чляненняў. Нярэдка класічныя ордэрныя элементы перапрацоўваліся ў адпаведнасці з новымі маст. поглядамі, напр., у завяршэнні порцікаў выкарыстоўвалі прамавугольныя або ступеньчатыя атыкі, калоны пераважна дарычнага або тасканскага ордэраў пазбаўлялі энтазіса (патаўшчэння ствала калоны), базы, парушалі іх класічныя прапорцыі (Сноўскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, «Дом паляўнічага» ў Гомелі, 1809—19, арх. Дж.Кларк; асабняк у Слоніме, капліца каля в. Мілавіды Баранавіцкага р-на). У кампазіцыі дамінуе порцік або франтон на гал. фасадзе (жылы дом у Гродне на вул. Замкавай, 16), бельведэр (палац Жамыслаўскай сядзібы). Важнае маст. значэнне набыло афармленне ўваходных дзвярэй глухой разьбой. Фасады будынкаў афармляліся барэльефнымі выявамі вайсковых атрыбутаў (палац у Нясвіжскім замку). У інтэр’еры палацаў выкарыстоўваліся буйныя фрызы і панэлі з барэльефнымі кампазіцыямі (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль), каларыстычнае вырашэнне інтэр’ера грунтавалася на кантрасце інтэнсіўнага па колеры фону сцен і светлай столі, мармуровых дэталяў аддзелкі камінаў, ліштваў. Важную ролю ў маст. вырашэнні інтэр’ера адыгрывалі творы дэкар.-прыкладнога мастацтва (мэбля, гадзіннікі, падсвечнікі і інш.). Прадстаўнікі ампіру надавалі вял. значэнне малым арх. формам (фантан сядзібы ў г.п. Нароўля, брамы сядзібы ў в. Барбароў Мазырскага і г. Давыд-Гарадок Столінскага, надмагілле А.Снядэцкага ў в. Гароднікі Ашмянскага р-наў, лаўка на Трышынскіх могілках у Брэсце і інш.). Для твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва ампіру характэрна статычная маналітная форма, з якой кантрастуе пластыка-дэкар. аддзелка ў выглядзе арнаментальных уставак. У мэблі апорам канап, крэслаў, сталоў надаваліся формы калон, канеліраваных слупоў, яны дэкарыраваліся выявамі грыфонаў, лебедзяў, ільвоў і інш. Цікавы ўзор дэкар. мастацтва стылю ампір — камін з выявамі карыятыдаў (пач. 20 ст.) у жылым доме ў Бабруйску на вул. Пушкіна, 211. У сярэдзіне 19 ст. ампір пачаў змяняцца рознымі эклектычнымі плынямі.
Літ.:
Некрасов А.Н. Русский ампир. М., 1935;
Isermeyer Ch.-A. Empire. München, 1977.
А.М.Кулагін.
Да арт.Ампір. Гадзіннік. 19 ст. Гомельскі абласны краязнаўчы музей.Да арт.Ампір. Трыумфальная арка на плошчы дэ Голя ў Парыжы. Арх. Ж.Ф.Шальгрэн. 1806—37.Да арт.Ампір. Надмагілле А.Снядэцкага ў вёсцы Гароднікі Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. 19 ст.Да арт.Ампір. Салон пораў года атэля Багарнэ ў Парыжы. 1804—06.