ФІ́ЦІНГ (англ. fitting ад fit манціраваць),

фасонная дэталь для разьбовага злучэння труб у месцах паваротаў, пераходаў, разгалінаванняў. Да Ф. належаць муфты, трайнікі, крыжавіны, адводы, вугольнікі, ніпелі, а таксама дапаможныя дэталі (пробкі-заглушкі, футаркі і інш.).

т. 16, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЦЦІ,

1) у фізіцы, перыядычныя змены амплітуды выніковага вагання пры складанні двух гарманічных ваганняў блізкіх частот; асобны выпадак амплітудна-мадуляваных ваганняў (гл. Амплітудная мадуляцыя). Калі A1 і A2 — амплітуды складаемых ваганняў, то амплітуда выніковага вагання змяняецца ад A1 + A2 да A1 − A2. Метад Біцці выкарыстоўваецца для вымярэння частот, ёмістасці, індуктыўнасці, для настройвання муз. інструментаў і інш. 2) У механіцы — адхіленні паверхняў вярчальных (вагальных) цыліндрычных дэталяў машын і механізмаў ад правільнага ўзаемнага размяшчэння. Радыяльныя Біцці — вынік зрушэння цэнтра (эксцэнтрысітэт) разгляданага сячэння дэталі адносна восі вярчэння. Тарцовыя Біцці — вынік неперпендыкулярнасці тарцовай паверхні дэталі да базавай восі і адхіленняў формы тарца ўздоўж лініі вымярэння. Біцці прыводзяць да павышанага зносу і выхаду са строю дэталяў машын (напр., пры парушэнні балансіроўкі колаў аўтамабіля).

Біцці пры складанні ваганняў блізкіх частот ω1 і ω2; T — перыяд біццяў.

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМАТУ́РА (ад лац. armatura узбраенне, амуніцыя),

дапаможныя, звычайна стандартныя прылады, прыстасаванні і дэталі, неабходныя для забеспячэння нармальнай работы абсталявання і трываласці канструкцый. Арматура жалезабетонных канструкцый успрымае пераважна расцягвальныя намаганні і стварае папярэдняе напружанне. Падзяляецца на рабочую (разліковую), мантажную і размеркавальную (канструкцыйную). Арматура павінна быць трывалая, пластычная, вязкая, добра зварвацца.

Найб. пашырана арматура стальная стрыжнёвая (гарачакачаная, умацаваная тэрмічна і выцягваннем) і драцяная (арматурны дрот, пасмы, канаты, тканыя і зварныя сеткі). Дыям. стрыжнёвай арматуры 6—90 мм, драцяной 3—8 мм. Для паляпшэння счаплення арматуры з бетонам ёй надаюць перыядычны профіль. У якасці арматуры жалезабетонных канструкцый выкарыстоўваюць таксама шкловалакно і вырабы з яго, шклапластыкі і інш. Арматура трубаправодная рэгулюе цячэнне вадкасці, паліва, газу, пары па трубах. Падзяляецца на запорную, рэгулявальную, вадазборную і засцерагальную (вентылі, краны, засаўкі, клапаны, рэгулятары ціску, кандэнсатаадводчыкі і інш.). Арматура электратэхнічная — шчыткі, патроны, выключальнікі, штэпсельныя разеткі і вілкі, некаторыя дэталі эл. машын, дэталі і прыстасаванні для мацавання ізалятараў і правадоў і інш. Арматура святлотэхнічная — часткі асвятляльных прыстасаванняў, прызначаныя для размеркавання светлавога патоку і аховы вачэй ад яркіх прамянёў, для падводу эл. току, прымацавання і аховы лямпаў ад пашкоджанняў і інш. Арматура пячная (металургічных пячэй) — сукупнасць метал. частак, якія павялічваюць трываласць печы і ахалоджваюць яе вонкавую паверхню.

Арматура жалезабетонных канструкцый: 1 і 2 — арматура перыядычнага профілю; 3 — дрот перыядычнага профілю; 4 — сямідротавая пасма; 5 — двухрадны канат.

т. 1, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАМАНТА́Ж,

стварэнне твора фотамастацтва з фотаздымкаў і іх фрагментаў, часам дапоўненага графічнымі і інш. элементамі. Мэта Ф. — сінтэз выяў, якія першапачаткова не мелі паміж сабой нічога агульнага і набылі значэнне толькі ў сукупнасці. Існуюць тэхнікі Ф.: пазітыўны мантаж або фотакалаж (дэталі асобных фотаздымкаў склейваюць у новую выяву); светлавы мантаж (пэўныя матывы або дэталі змяняюцца з дапамогай фотахім. ці лабараторна-тэхн. метадаў); сэндвіч-метад (некалькі плёнак накладваюцца адна на адну). У мастацтве 20 ст. Ф. выкарыстоўваўся дадаістамі (Р. Гаўсман, Х.​Хох, Р.​Гюльзенбек), для маст. афармлення вокладак кніг і плакатаў (Г.​Грош, А.​Жытомірскі, Л.​Мохай-Надзь, А.​Ньюман, А.​Родчанка, В.​Фостэль, Дж.​Гартфілд, К.​Штэк). На Беларусі Ф. выкарыстоўвалі ў творах 1990-х г. В.​Шахлевіч, Г.​Маскалёва, У.​Цэслер, С.​Войчанка, А.​Шалюта, у афармленні кніг — М.​Баразна, А.​Кітаева.

К.​Я.​Шэўніна.

Да арт. Фотамантаж. В.​Шахлевіч. З серыі «Рэха маўчання». 1996.

т. 16, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНА́КЛЬ (франц. pinacie),

дэкаратыўная вежачка, слупок на контрфорсе ці інш. частках будынкаў. Звычайна завяршаецца дэкар. востраканцовай пірамідкай (фіялам) і ўпрыгожваецца крабамі (дэталі ў выглядзе скульпт. стылізаваных лістоў і кветак). П. шырока вядомы ў еўрап. архітэктуры познараманскага і гатычнага стыляў, а таксама ў збудаваннях несапраўднай готыкі.

С.​А.​Сергачоў.

Пінакль.

т. 12, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗГО́РТКА ў тэхніцы,

1) разгорнутыя ў плоскасці ліставая загатоўка ці паверхня дэталі складанай формы (напр., вінта, шаравой цыстэрны, злучэння трубаправодаў).

2) Чарцёж, на якім паказаны праекцыі ўнутр. сцен памяшкання сумесна з праекцыямі падлогі і столі (плафона).

Разгортка: а — круглага конуса; б — круглага цыліндра з нанесенай на ім вінтавой лініяй.

т. 13, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНАВРО́ЦЛАЎ (Inowrocław),

горад у цэнтр. ч. Польшчы, у Быдгашчцкім ваяв., каля р. Нотаць. Гар. правы з 1240. 79 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак. Цэнтр раёна здабычы каменнай солі і гіпсу. Прам-сць: содавая, шкляная, лёгкая, электратэхн., маш.-буд. (с.-г. машыны, аўтамаб. дэталі), харчовая. Тэатр. Музей. Бальнеагразевы і кліматычны курорт.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКІНЯ́ТЫ,

курганны могільнік 10—12 ст. каля в. Маркіняты Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. Пахавальны абрад — трупаспаленне. Знойдзены рэшткі пахаванняў на грунце і ў гаршках, а таксама сякеры, ромбападобныя і ланцэтападобныя наканечнікі коп’яў, нажы, шпоры, спражкі, бронзавыя ўпрыгожанні, дэталі конскай збруі. М. адносіцца да культуры ўсх.-літ. курганоў.

А.​Г.​Калечыц.

т. 10, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ЗАВО́Д ТРА́КТАРНЫХ ДЭТА́ЛЯЎ І АГРЭГА́ТАЎ.

Створаны ў 1959 у г. Бабруйск на базе рамонтных майстэрняў. З 1977 у ВА «Мінскі трактарны завод», значна расшыраны. Вырабляе і пастаўляе трактарнаму з-ду вузлы і дэталі для трактароў. Асн. прадукцыя (1995): дыскі счаплення, раздатачныя каробкі, гідраўзмацняльнікі рулявога кіравання, шлангі (высокага ціску і полівінілхларыдныя) і інш.

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЬБО́ВАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ,

раздымнае злучэнне дэталей з дапамогай разьбы. Забяспечвае адносную нерухомасць злучаных дэталей машын, прылад, апаратаў ці механізмаў. Да асн. частак Р.з. адносяцца балты, вінты і інш. крапежныя дэталі, ад канструкцыі і дакладнасці вырабу якіх залежаць трываласць і даўгавечнасць злучэння. Р.з. выкарыстоўваецца таксама ў некаторых механізмах (напр., дамкраты), машынах (вінтавыя прэсы і інш.).

т. 13, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)