электравакуумная прылада, прынцып дзеяння якой заснаваны на кіраванні электронным патокам у вакууме з дапамогай эл. поля. Прызначана для генерацыі, узмацнення, дэтэкціравання і інш. пераўтварэнняў эл.-магн. ваганняў. Выкарыстоўваецца ў прыёмна-перадавальнай радыёапаратуры, прыладах аўтаматыкі і тэлемеханікі, эксперым. фізікі, вымяральнай тэхнікі і інш.
Усе электроды змяшчаюцца ў вакуумаваны балон і ў залежнасці ад іх колькасці Л.э. падзяляюцца на дыёды, трыёды, тэтроды, пентоды і інш. У адным балоне могуць манціравацца розныя камбінацыі адзінарных лямпаў (напр., падвойныя дыёды, дыёд-трыёды, трыёд-пентоды). Бываюць з прамым ці ўскосным падаграваннем катода; паводле канструкцыі адрозніваюць шкляныя лямпы з цокалем і без яго (пальчыкавыя), металічныя, металашкляныя і металакерамічныя; буйнагабарытныя, мініяцюрныя, звышмініяцюрныя, маячковыя, алоўкавыя; паводле выхадной магутнасці — прыёмна-ўзмацняльныя (да 10 Вт) і генератарныя (да некалькіх МВт); для ўзмацнення і генерацыі ваганняў у ЗВЧ-дыяпазоне выкарыстоўваюцца лямпы звышвысокачастотныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭ́КТАР (ад лац. detector адкрывальнік) у радыётэхніцы, прылада для дэтэктыравання высокачастотных эл. ваганняў. Адрозніваюць амплітудныя, частотныя і фазавыя Д. Выкарыстоўваюцца ў вяшчальных, сувязных і тэлевізійных радыёпрыёмніках, вымяральных прыладах і інш. для вылучэння мадулюючых частот, якія нясуць інфармацыю.
Амплітудны Д. мае актыўны элемент (лямпавы або паўправадніковы дыёд) і фільтр ніжніх частот. Нізкачастотнае напружанне, што вылучаецца на выхадзе фільтра, адпавядае закону мадуляцыі. Амплітуднае дэтэктыраванне магчыма таксама ажыццявіць лінейным змяненнем (у часе) праводнасці электроннай прылады ў такі з нясучай частатой ваганняў (сінхронны Д.). У частотных і фазавых Д. частотна- і фазава-мадуляваныя ваганні спачатку пераўтвараюцца ў амплітудна-мадуляваныя, якія потым дэтэктыруюцца амплітудным дэтэктарам. Гл.таксама Дыскрымінатар.
А.П.Ткачэнка.
Схемы дэтэктара: а — паралельнага амплітуднага; б — балансавага фазавага; LKCK — вагальны контур; R, C — нагрузка дэтэктара; D, D1, D2 — дыёды; RфCф — фільтр ніжніх частот; Uувх, Uвых — уваходнае і выхадное напружанне; Tp — трансфарматар; E — крыніца апорных ваганняў.