БЯЛЕ́ВІЧ (Антон Пятровіч) (27.5.1914, в.Дуброўка Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 11.4.1978),
бел.паэт. Вучыўся ў Магілёўскім педтэхнікуме, у 1933—35 — у Магілёўскім палітасветным ін-це. Друкаваўся з 1937. У першым зб. «Чалавек з Дубровы» (М., 1945, на рус. мове) — творы ваен. часу. У творчасці Бялевіча ўслаўленне подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну, жыццё калгаснай вёскі. Яго паэзіі ўласцівыя традыцыйна-фалькл. вобразнасць, нар.-песенны лад, выразнасць маст.-выяўл. сродкаў, даступнасць лексікі, адкрытасць выказвання. Аўтар сатыр. і гумарыстычных твораў (зб-кі «Хлеб і нахлебнікі», 1957; «Маштабны Міканор», 1963), вершаў, казак і паэм для дзяцей. Выступаў як празаік і публіцыст (зб-кі нарысаў «Людзі робяць вясну», 1959; «Споведзь сэрца», 1978; нарыс «Хатынь: боль і гнеў», 1971; аповесць «Малюнкі маленства», 1977; кн.літ. партрэтаў пісьменнікаў «Чарадзеі», 1970). Пераклаў на бел. мову паэму А.Твардоўскага «За даллю — даль» (1962), паасобныя творы А.Пракоф’ева, М.Бажана, А.Малышкі, У.Няходы і інш. На словы Бялевіча напісалі песні М.Аладаў, А.Багатыроў, Я.Цікоцкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРЫТАНАСЕ́ННЫЯ, кветкавыя расліны (Magnoliophyta, або Angiospermae),
аддзел вышэйшых раслін, якія маюць кветку. 2 класы (аднадольныя і двухдольныя), больш за 450 сям., каля 12,5 тыс. родаў і каля 250 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 112 сям., 560 родаў, каля 1500 відаў; таксама інтрадукавана больш за 6 тыс. відаў, форм і сартоў раслін. Прадстаўлены дрэвамі, кустамі, травамі, наземнымі, воднымі, эпіфітамі, сапратрофамі, паразітамі, насякомаеднымі раслінамі. У параўнанні з інш. вышэйшымі раслінамі П. маюць больш дасканалую анат. будову: у ксілеме — сапраўдныя сасуды-трахеі, у флаэме (лубе) — клеткі-спадарожніцы. Семязародкі (семязавязі) размешчаны ў поласці завязі. Гаметафіты спрошчаныя і развіваюцца хутчэй за голанасенныя. Характэрная асаблівасць П. — двайное апладненне (адзін з 2 сперміяў зліваецца з яйцаклеткай, а другі — з 2 палярнымі ядрамі зародкавага мяшка). Пасля апладнення развіваецца зародак, заключаны ў семя, якое знаходзіцца ў плодзе (адсюль назва). З-за адсутнасці пераканаўчых выкапнёвых продкавых форм П. няма агульнапрынятай гіпотэзы аб іх паходжанні і эвалюцыі. Першаснымі П. былі, верагодна, дрэвавыя расліны з вечназялёным лісцем і двухполымі кветкамі. Эвалюцыя ішла шляхам шырокай адаптыўнай радыяцыі вельмі хуткімі тэмпамі. Самыя стараж. выкапнёвыя рэшткі адносяць да раннемелавога перыяду, але дзякуючы высокай эвалюц. пластычнасці ў сярэдзіне мелавога перыяду П. займаюць дамінуючае становішча. Вял. ролю ў іх эвалюцыі і рассяленні адыгралі насякомыя-апыляльнікі. П. — адзінкавая група раслін, якая ўтварае складаныя шмат’ярусныя згуртаванні, што спрыяе больш інтэнсіўнаму выкарыстанню навакольнага асяроддзя і асваенню новых мясцін існавання. Самая важная для чалавека група раслін. Харч., лек., карм., тэхн., дэкар. расліны.