«ДРУ́РЫ-ЛЕЙН»
(Drury Lane),
англійскі драматычны тэатр. Створаны ў 17 ст. У 18—19 ст. меў манаполію на пастаноўку сур’ёзнай драмы. Гэта абумовіла высокі маст. ўзровень рэпертуару («Д.-Л.» называюць «Домам англ. драмы») і прывабіла шмат таленавітых англ. акцёраў. Тут выступалі: Д.Гарык, С.Сіданс, Дж.Кембл, Э.Кін, У.Макрэдзі. У рэпертуары разам з лепшымі творамі нац. драматургіі ставіліся таксама пантамімы і меладрамы.
Будынак узведзены ў 1663. Пацярпеў ад пажараў (1672, 1809) і ад бамбёжкі (1940). Адноўлены. Цяпер пастаяннай трупы не мае, выкарыстоўваецца для гастрольных спектакляў.
т. 6, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1671—1766 пры Віцебскім езуіцкім калегіуме. У канцы 17 ст. былі пастаўлены лац. («Два браты, святыя Канцый і Канцыян») і польская («Містычнае прычасце вяселля Генсерыка і Трызімунда») драмы. У 18 ст. ставіліся панегірычная драма «Каштоўны камень у дзюбе крумкача Гасеўскіх, які ўпрыгожвае дзедаў пярсцёнак Корвінаў» (1737; прысвечана гербу віцебскіх магнатаў і 50-годдзю існавання калегіума), польск. трагедыі «Артахар» Я.Кушаля (1765) і «Сеннахерыб» (1766). Школьныя драмы пісалі выкладчыкі рыторыкі і паэтыкі калегіума С.Макоўскі, Ян Заранак і інш.
т. 4, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НЕ ((Line) Велта) (н. 28.8.1923),
латышская актрыса. Нар. арт. Латвіі (1964). Нар. арт. СССР (1973). Вучылася ў драм. студыях Нар. т-ра і Т-ра драмы ў Рызе. З 1945 актрыса Латв. т-ра драмы імя Упіта. Лепшыя ролі: Кайва («Гліна і фарфор» А.Грыгуліса), Зента, Жанна д’Арк, Ліена («Сын рыбака», «Жанна д’Арк»; «Зямля зялёная» А.Упіта), Дэздэмона, Афелія («Атэла», «Гамлет» У.Шэкспіра), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» паводле А.Дзюма-сына), Ніна Зарэчная («Чайка» А.Чэхава), Таня («Таня» А.Арбузава) і інш. Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1951.
т. 9, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАПТУ́Р (Ніна Фёдараўна) (8.1.1916, г. Днепрапятроўск, Украіна — 11.5.1981),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла тэатр. студыю рабочай моладзі ў Днепрапятроўску (1933). Працавала ў т-рах Крывога Рога, Сумаў, Адэсы, Куйбышава. З 1951 у ансамблі аперэты пры Белдзяржэстрадзе, з 1962 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі, з 1970 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Выконвала ролі субрэтак, «каскадных», камічных старых (у т-ры музкамедыі) і вострахарактарныя (у т-ры драмы і камедыі). Творчую манеру вылучалі выразнасць формы, умелае выкарыстанне гратэску. Сярод лепшых роляў: у т-рах аперэты і музкамедыі — Софія, Гарпіна Дармідонтаўна («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), мадам Арно і Караліна («Фіялка Манмартра» і «Прынцэса цырка» І.Кальмана), Амалія («Лятучая мыш» І.Штрауса); у т-ры драмы і камедыі — Мальвіна («Несцерка» В.Вольскага), Кукушкіна («Даходнае месца» А.Астроўскага), Ханума («Ханума» А.Цагарэлі), Сенатарша («Юстына» Х.Вуаліёкі).
Г.Р.Герштэйн.
т. 7, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭЙ ЛАНЬФА́Н (23.10.1894, Пекін — 8.8.1961),
кітайскі акцёр, рэжысёр, педагог, тэатр. дзеяч. Вучыўся ў тэатр. вучылішчы ў Пекіне. Вывучаў і выкарыстоўваў прыёмы т-ра кунцюй, танц. мастацтва Танскай эпохі. З 1909 у трупе «Фулянь» пры тэатр. вучылішчы, з 1949 у Т-ры пекінскай муз. драмы. З 1951 дырэктар Акадэміі т-ра традыц. муз. драмы. Майстар пераўвасаблення. Выконваў жаночыя ролі, у якіх дакладна перадаваў псіхалогію, паводзіны, знешняе аблічча сцэнічных гераінь. У 1910-я г. стварыў новыя віды «спектакля ў сучасных касцюмах» і спектакля ў стараж. касцюмах на класічныя сюжэты.
Тв.:
Рус. пер. — Сорок лет на сцене. М., 1963.
т. 11, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЦЕРАЎ (Пётр Іванавіч) (29.12.1912, г. Ульянаўск, Расія — 18.4.1982),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыў студыю Бел. т-ра юнага гледача імя Крупскай (1933). З 1932 працаваў у Т-ры юнага гледача. Беларусі, у 1938—41 у Полацкім калгасна-саўгасным, з 1944 у Палескім і Пінскім абл. драм. т-рах. З 1949 у Т-ры драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, з 1956 у бабруйскіх вандроўным бел. драм. і муз.-драм., у 1965—78 у магілёўскіх абл. муз. камедыі і драмы і камедыі т-рах. Камедыйны акцёр. Створаныя ім вобразы вылучаліся знешне выразнай, сцэнічна рэальнай трактоўкай. Найб. значныя ролі: у т-рах драмы і камедыі — Моцкін, Цярэшка Калабок («Выбачайце, калі ласка» і «Трыбунал» А.Макаёнка), шэф-кухар Пётр Пятровіч («Злавацца не трэба» В.Зуба), Карандышаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), дзед Нічыпар («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Шпак («Шальменка-дзяншчык» Р.Квіткі-Аснаўяненкі). Паставіў спектаклі: «Генеральны консул» бр. Тур і Л.Шэйніна (1939), «Дзяўчына з вяснушкамі» А.Успенскага (1961), «Не ўсё кату масленіца» Астроўскага (1974) і інш.
Г.І.Вавула.
т. 10, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РТЫЦ, Кёртыс (Curtiz) Майкл
[сапр. Кертэс (Kertész) Міхай; 24.12.1888, Будапешт — 10.4.1962],
амерыканскі рэжысёр. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў. Быў акцёрам венг. Нац. т-ра. У 1912—19 ставіў фільмы ў Венгрыі. З 1922 у краінах Зах. Еўропы, з 1926 у ЗША. Здымаў вестэрны («Вірджынія сіці», 1940; «Каманчэрас», 1961), гіст. драмы («Сцежка на Санта-Фе», 1940), экранізацыі гіст. твораў («Марскі воўк» паводле Дж.Лондана, 1941), сац. драмы («Хаціна ў бавоўніку», 1932, у сав. пракаце «Здрада Марвіна Блейка»; «Анёлы з бруднымі тварамі», 1938), героіка-прыгодніцкія фільмы («Капітан Блад», 1935, у сав. пракаце «Адысея капітана Блада»; «Прыгоды Робін Гуда», 1938; «Касабланка», 1943, прэмія «Оскар»).
т. 8, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІРХА́Н (Фатых Зарыфавіч) (13.1.1886, Казань — 9.3.1926),
татарскі пісьменнік. Заснаваў прагрэсіўную газ. «Эль-іслах» («Рэформа», 1907—09). Аўтар аповесцяў «Татарская дзяўчына», «Фатхула хазрат» (абедзве 1909), «На раздарожжы» (1912), драмы «Моладзь» (1910) і інш. Змагаўся за рэаліст. мастацтва, выступаў супраць перажыткаў феадалізму, паказваў імкненне тат. моладзі да новага жыцця.
т. 1, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФМАНСТАЛЬ ((Hofmannsthal) Гуга фон) (1.2.1874, Вена — 15.7.1929),
аўстрыйскі пісьменнік і драматург, прадстаўнік т.зв. венскай школы імпрэсіянізму. Вывучаў права і раманскія мовы і л-ры ў Вене. У 1906 пачаў супрацоўніцтва з кампазітарам Р.Штраусам, для якога напісаў п’есы-лібрэта «Электра» (1906, паводле аднайм. драмы 1904) і «Кавалер руж» (1911). У 1917 разам з М.Райнгартам заснаваў Зальцбургскі муз. фестываль. Аўтар аднаактовых вершаваных драм «Смерць Тыцыяна» (1892), «Дурань і смерць» (1894), п’ес «Эдып і сфінкс» (1906), «Вяртанне Крысціны дамоў» (1910), «Зальцбургскі вялікі тэатр жыцця» (1922), «Вежа» (1925), у якіх захапленне артыстычнай атмасферай і культурай вытанчаных формаў старой Вены спалучаецца з трывожным роздумам аб праблемах сучаснасці. У лірычных вершах (зб. «Вершы і маленькія драмы», 1907), апавяданнях (зб. «Казка 672 начы і іншыя апавяданні», 1895), кнізе эсэ «Паэт і наш час» (1907) па-імпрэсіянісцку тонка перадаў уражанні быцця, нюансы стану душы, непарыўнае адзінства чалавечай гісторыі і культуры.
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯЙСТ, Клейст (Kleist) Генрых фон (18.10.1777, г. Франкфурт-на-Одэры, Германія — 21.11.1811), нямецкі пісьменнік-рамантык, драматург. Фарміраваўся пад уплывам філасофіі І.Канта, Ж.Ж.Русо. Першая трагедыя — «Сям’я Шрофенштайн» (паст. 1804). Трагікамедыя «Амфітрыён» (1807), трагедыя «Пентэсілея» (1808) напісаны на ант. сюжэты, драма «Кетхен з Гайльбрана...» (паст. 1810) — на сярэдневяковы. Патрыят. пафасам вылучаюцца драмы «Бітва Германа» (нап. 1808), «Прынц Фрыдрых Гомбургскі» (нап. 1810; абедзве выд. 1821), публіцыст. артыкулы-маніфесты «Германія — сваім дзецям» (1808), «Катэхізіс немцаў» (1809). Аўтар сатыр. камедыі «Разбіты збан» (паст. 1807), рэаліст. навел «Міхаэль Кольхаас» (1810), «Заручыны ў Сан-Дамінга» (1811) і інш. Яго творы пераважна маральна-філас. праблематыкі, адметныя сюжэтнай напружанасцю, максімалізмам пачуццяў, трагізмам светаўспрымання рэчаіснасці. Скончыў самагубствам.
Тв.:
Рус. пер. — Пьесы. М., 1962;
Драмы. Новеллы. М., 1969;
Избранное. М., 1977.
Літ.:
Дейч А.И. Судьбы поэтов: Гельдерлин, Клейст, Гейне. [2 изд.] М., 1974;
Генрих фон Клейст: Биобиблиогр. указ. М., 1991.
Е.А.Лявонава.
т. 8, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)