А́ДЛЕРФЕЛЬТ (Adlerfelt) Густаў (1671—9.7.1709),

шведскі прыдворны. Вучыўся ва ун-тах Упсалы (Швецыя), Гале (Германія), падарожнічаў па краінах Еўропы. З 1700 гофюнкер, з 1701 пры двары Карла XII, суправаджаў яго ў паходах. Удзельнік Паўн. вайны 1700—21. Загінуў у баі пад Палтавай. Вёў дзённік ваен. падзей, у т. л. на Беларусі, дапаўняў яго афіц. дакументамі, інш. крыніцамі. Часткова надрукаваны (ананімна) у 1707 у Гамбургу, дапрацаваны сынам, выдадзены на франц., англ. і ням. мовах (1740—42); у арыгінале выдадзены ў 1919.

В.​П.​Грыцкевіч.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЧАНКА (сапр. Панасенка) Сцяпан Васілевіч

(8.1.1879, г. Ічня Чарнігаўскай вобл., Украіна — 11.8.1932),

украінскі пісьменнік. Скончыў Карастышаўскую настаўніцкую семінарыю (1898). Настаўнічаў. Асн. тэмы твораў — жыццё ўкр. дарэв. вёскі (зб-кі апавяданняў «Эскізы», 1911; «Апавяданні», 1915), праца нар. настаўніка (навелы «Вячэра», «Чароўная Галя», «Грэх»), падзеі 1-й сусв. вайны («Акопны дзённік», 1917, і інш.). Аўтар п’ес, кінасцэнарыяў, фельетонаў, незакончанай аповесці пра Т.​Шаўчэнку «У бур’янах» (апубл. 1938).

Тв.:

Твори. Т. 1—3. Київ, 1974.

Літ.:

Шумило Н.М. Проза Степана Васильченко. Київ, 1986.

В.​А.​Чабаненка.

т. 4, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЛЛЮСТРА́ЦИЯ»,

часопіс. Выдаваўся ў 1858—63 у Пецярбургу на рус. мове штотыднёва. Меў падзагаловак «Всемирное обозрение». Змяшчаў матэрыялы грамадска-паліт. тэматыкі, літ. творы. Пастаянным супрацоўнікам «И.» быў бел. пісьменнік і этнограф П.М.Шпілеўскі, які вёў у гэтым выданні рубрыку «Дзённік знаёмага чалавека» (1858—61). Сярод яго матэрыялаў пра Беларусь «Заходнярускія нарысы» (1858—59), «Паездка ў заходнія губерні» (1860).

Літ.:

Кузняева С.А. Русская дореволюционная печать и советское литературоведение о Павле Шпилевском // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1981.

С.​А.​Кузняева.

т. 7, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕЙС, Гейс (Heuss) Стафан, сакратар пасольства «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў Расіі ў 1593. У час падарожжа пасольства з Варшавы праз Вільню ў Маскву вёў дзённік, у якім апісаў бел. гарады і мястэчкі: Гродна, Маладзечна, Лагойск, Барысаў, Начу, Оршу, Дуброўна. Адзначыў спусташэнні, прычыненыя Інфлянцкай вайной 1558—82, даў звесткі пра забудову, замкі, прыродныя ўмовы Беларусі.

Тв.:

Рус. пер. — Описание путешествия в Москву Николая Варкоча, посла римского императора, в 1593 г. // Проезжая по Московии: (Россия XVI—XVII вв. глазами дипломатов). М., 1991.

т. 17, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ХА (Aho; сапр. Бруфельт; Brofeldt) Юхані

(11.9.1861, г. Лапінлахты, Фінляндыя — 8.8.1921),

фінскі пісьменнік, журналіст. Аўтар рэаліст. аповесцяў «На заезным двары», «Чалавек з кірмашу», «Чыгунка» (усе 1884), «Адзінокі» (1890), «Раздушаны светам» (1894) і інш., зб. навел «Стружкі» (т. 1—8, 1891—1921). Падзеі стараж. гісторыі фінскага народа ў рамане «Пану» (1897) апісаны ў духу т.зв. нац. рамантызму. У творах апошніх гадоў пераважае абстрактны псіхалагізм (раманы «Юха», 1911; «Сумленне», 1914, і інш.). У 1918—19 напісаў кн.-дзённік «Паасобныя разважанні за тыдні паўстання».

Тв.:

Рус. пер. — Совесть: Роман, повести, рассказы. Л., 1969.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЙДЖ (Cage) Джон (5.9.1912, г. Лос-Анджэлес, ЗША — 12.8.1992),

амерыканскі кампазітар. Чл. Амерыканскай акадэміі мастацтваў і л-ры (1988). Вучань Г.Каўэла, А.Шонберга. Прадстаўнік муз. авангарда. Працаваў у галіне эксперыментальнай музыкі, выкарыстоўваў тэхніку дадэкафоніі, алеаторыку. З дапамогай экзатычных інструментаў узнаўляў рытмічныя і тэмбравыя асаблівасці стараж. муз. мастацтва народаў Усх. Азіі, Паўн. і Паўд. Амерыкі, Афрыкі. Аўтар п’ес для ўдарных інструментаў, фп., «падрыхтаванага фп.», а таксама т.зв. інструментальных відовішчаў. Напісаў кн. «В.​Томсан» (1959, у сааўт.), «Цішыня» (1961), «Дзённік» (ч. 3—4, 1967—68), «Натацыі» (1969, у сааўт.) і інш.

т. 8, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭМАЗІ́ (Crémazie) Актаў Жазеф (16.4.1827, г. Квебек, Канада — 16.1.1879),

канадскі паэт; заснавальнік кан. паэзіі на франц. мове. Скончыў Квебекскую семінарыю. Друкаваўся з 1854. З 1861 выдаваў літ. час. «Les Soirées Canadiennes» («Канадскія вечары»). З 1863 у Францыі, дзе напісаў «Дзённік аблогі Парыжа» (выд. 1882) пра падзеі франка-прускай вайны 1870—71 і Парыжскай камуны 1871, лісты пра л-ру — «Лісты і ўрыўкі з лістоў» (выд. 1886). Аўтар патрыят. і філас. вершаў, у якіх адчувальны ўплыў паэтыкі П.​Беранжэ і В.​Гюго, няскончанай паэмы «Прагулка трох мерцвякоў».

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭСО́Н (Bresson) Рабер (н. 25.9.1907, Брамон-Ламот, дэпартамент Пюі-дэ-Дом, Францыя),

французскі рэжысёр, сцэнарыст. Атрымаў літ. і філас. адукацыю. Вучыўся жывапісу. У кіно з 2-й пал. 1930-х г. як мастак і сцэнарыст. У 1943 паставіў фільм «Анёлы граху», у 1945 — «Дамы Булонскага лесу». Усе наступныя фільмы здымаў па ўласных сцэнарыях, хоць часам выкарыстоўваў і літ. першакрыніцы: «Дзённік сельскага святара» (1950), «Той, хто прыгавораны да смерці, уцёк» (1956), «Працэс Жанны д’Арк» (1962), «Мушэт» (1967), «Пакорлівая» (1969), «Магчыма, д’ябал» (1977), «Грамы» (1983). Гуманістычнае гучанне творчасці Брэсона абумоўлена глыбокай спагадай тым, хто пакутуе, зняважаным і гаротным.

т. 3, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЧЫ́НСКІ Вінцэнцій (17.3.1789, Беларусь — 29.3.1853),

бел. філосаф, тэолаг, крытык. Праф. філасофіі Полацкай езуіцкай акадэміі. У 1830—-40-я г. выкладаў філасофію і тэалогію ў навуч. установах Аўстрыі, з 1848 у Лувенскім ун-це (Бельгія). Заснавальнік і рэдактар першага на Беларусі літ.-навук. часопіса «Miesięcznik Połocki» («Полацкі штомесячнік», 1818—20). Палемізаваў з асветнікамі і езуітамі на старонках час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік») наконт паэмы Н.​Мусніцкага «Палтава». Аўтар кн. «Філасофскія разважанні» (т. 1—3, Вена, 1843—44), у якой у якасці ілюстрацыйнага матэрыялу выкарыстоўваў прыклады з гісторыі ВКЛ і Польшчы. Шматлікая яго рукапісная спадчына даследавана мала.

т. 3, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙНБЕРГ Мечыслаў Самуілавіч (н. 8.12.1919, Варшава),

кампазітар. Нар. арт. Расіі (1980). Скончыў Варшаўскую (1939, клас фп.) і Бел. (1941, клас кампазіцыі В.Залатарова) кансерваторыі. З 1943 у Маскве. Сярод твораў: оперы «Пасажырка» (1968), «Зося» (1970), «Мадонна і салдат» (1975), «Партрэт» (1983), «Ідыёт» (1986); балеты «Залаты ключык» (1955), «Белая хрызантэма» (1958); аперэты; кантаты «У краі родным» (1952), «Дзённік кахання» (1965), «Хірасімскія пяцірадкоўі» (1966); 20 сімфоній (некаторыя з салістамі і хорам, 1942—89); камерная сімфонія (1986); канцэрты для інструментаў з арк.; камерна-інстр. ансамблі; рамансы; санаты; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў («Ляцяць жураўлі», «Апошні дзюйм»), Дзярж. прэмія СССР 1990.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)