МАНТА́НЬ-ПЕЛЕ́ (Montagne Pelée),

Мон-Пеле, дзеючы вулкан у паўн. ч. в-ва Марцініка (Вест-Індыя). Выш. 1397 м. Складзены з базальтаў, андэзітаў і дацытаў. Вядомы катастрафічным вывяржэннем у 1902, калі быў знішчаны г. Сен-П’ер з нас. 26 тыс. ж. Па гэтым вывяржэнні падобныя вулканы адносяць да пелейскага тыпу. Больш слаба дзейнічаў у 1929—32.

т. 10, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́ІД,

дзеючы вулкан на в-ве Атласава, у Ахоцкім м., найвыш. ў В. Курыльскай градзе. Выш. да 2339 м. Падводная ч. ўтворана асновай уласна Алаіда, размешчанай на больш стараж. вулканічным конусе. Складзены з андэзітабазальтавых лаваў. Каля асновы амаль 30 пабочных конусаў. Схілы ўкрыты альхова-рабінавымі зараснікамі, высакатраўем. З выш. 700—800 м — палосы лёду і снегу. За 200 апошніх гадоў каля 6 вывяржэнняў.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫСА́БА (Orizaba),

Сітлальтэпетль, дзеючы вулкан у Мексіцы. На паўднёва-ўсходняй ускраіне Мексіканскага нагор’я, у Папярочнай Вулканічнай Сьеры Кардыльераў. Правільны конус Арысабы вышынёй каля 5700 м (самы высокі пункт краіны), складзены з андэзітаў і базальтаў. На схілах да 4000 м лясы, вышэй — альпійскія лугі, з 4500 м — вечныя снягі. Арысаба — частка нацыянальнага парку Піка-дэ-Арысаба (плошча 19,7 тысяч га, заснаваны ў 1936).

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАЛА́,

антыгельмінтны сродак, які здабываецца з залозістых валаскоў, сцёртых з паверхні пладоў вечназялёнага дрэва Rottlera tinctoria ці Mallotus philippensis. Пашыраны ў Індыі і Кітаі. Дробны рыхлы парашок цагляна-чырв. колеру, без паху, растваральны ў эфіры і шчолачы. Мае смалу (80%), ратлерын (10%), дзеючы пачатак К. і інш. Паралізуе круглых чарвей (странгілід і анкіластамід) і стужачных; выклікае раздражненне кішэчніка, адначасова дзейнічае як слабільны сродак.

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАПА́ХІ (Cotopaxi),

дзеючы вулкан у Андах Эквадора, каля зах. падножжа Усх. Кардыльеры. Выш. 5897 м. Правільная канічная форма; памеры кратэра 550×800 м, глыб. 450 м. Складзены з андэзітаў. Вышэй за 4700 м укрыты шматгадовымі снягамі. Апошняе вывяржэнне ў 1976. Нац. парк Катапахі (пл. 34 тыс. га, засн. ў 1975). 50 км на Пн ад К. — г. Кіта, сталіца Эквадора.

т. 8, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ТМАЙ (Katmai),

дзеючы вулкан у паўн. ч. Алеуцкага хр., на п-ве Аляска (ЗША). Выш. 2047 м. У выніку вывяржэння ў 1912 на месцы кратэра ўтварылася кальдэра з возерам дыям. 1,5 км. глыб. каля 1200 м. Апошняе вывяржэнне ў 1921. Складзены з андэзітаў, дацытаў. На паўн. схіле — ледавікі. Ніжнія ч. схілаў заняты хвойнымі лясамі, верхнія — тундравай расліннасцю. Уваходзіць у нац. парк Катмай.

т. 8, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛАЎЭ́А (Kilauea),

бесперапынна дзеючы вулкан на в-ве Гаваі, у Ціхім ак. Тэр. ЗША (штат Гаваі). Выш. 1247 м. Шчытападобны конус з вял. кальдэрай (дыям. 4,5 км, глыб. больш за 230 м), у якой возера, перакрытае слоем лавы. Апошняе значнае вывяржэнне адбылося ў 1983—85. К. ўваходзіць у склад Гавайскага вулканічнага нац. парку, уключанага ЮНЕСКА у Спіс сусв. спадчыны. Вулканалагічная станцыя.

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕРУ́Н (Cameroon, Cameroun),

вулканічны масіў у Афрыцы, каля берагоў Гвінейскага заліва. Тэр. дзяржавы Камерун. Выш. 4070 м. Трахібазальтавы стратавулкан са шматлікімі бакавымі конусамі і кратэрамі. Гал. вяршыня — дзеючы конус Фака (апошняе вывяржэнне ў 1959). На зах. і паўд.-зах. схілах выпадае найб. ў Афрыцы колькасць ападкаў (каля 10 000 мм за год). Ніжняя ч. схілаў занята экватарыяльнымі лясамі, часткова плантацыямі, вышэй — горныя лясы і лугі.

т. 7, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУАПЕ́ХУ (Ruapehu),

дзеючы вулкан у цэнтр. ч. Паўночнага в-ва Новай Зеландыі. Самая высокая вяршыня на Вулканічным плато, выш. 2796 м. Уяўляе сабой усечаны конус, складзены з андэзітаў. Мае 2 кратэры, адзін з іх запоўнены гарачай вадой, якая часам закіпае. На схілах лясы з чырв. буку і хмызнякі, вышэй за 1700—2000 м снягі, ледавікі. Уваходзіць у нац. парк Тангарыра, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 13, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЗУ́ВІЙ (Vesuvio),

дзеючы вулкан на Пд Італіі, паблізу г. Неапаль. Выш. 1277 м. Утварае 3 конусы, якія нібы ўваходзяць адзін у адзін (сома). Асн. конус складзены з перапластаваных лаваў і вулканічных туфаў. Пры вывяржэнні выкідвае попел. Выхады газаў і пары. У час вывяржэння ў 79 загінулі гарады Пампеі, Геркуланум, Стабіі. Апошняе вывяржэнне 1957—59. На ніжніх ч. схілаў — сады, вінаграднікі, да выш. 800 м — хвойныя гаі. Вулканалагічная абсерваторыя. Турызм.

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)