комплекс археал. помнікаў (гарадзішча 8 ст. да н.э. — 11 ст.н.э., селішча 6—10 ст. і курганны могільнік 11 ст.) каля в. Кастрыца Лепельскага р-на Віцебскай вобл. Гарадзішча мае 3 гарызонты: у ніжнім выяўлены сляды жытлаў слупавой канструкцыі, агнішча, рэшткі майстэрні па апрацоўцы жалеза, пасудзіны днепра-дзвінскай культуры; у сярэднім — жал. прылады працы, бронзавыя падвескі, фрагменты пасудзін банцараўскай культуры; у верхнім — прылады побыту, ганчарная кераміка і інш. рэчы 10—11 ст. Побач з гарадзішчам у 6—10 ст. існавала селішча, на месцы якога ў 11 ст. ўзнік курганны могільнік (14 насыпаў). Даследаваны 2 курганы з трупапалажэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ ВА́ДКАСЦЬ,
вадкасць, уласцівасці якой вызначаюцца квантавымі эфектамі (захоўваннем вадкага стану да абс. нуля т-ры, звышцякучасцю і інш.). З рэальных вадкасцей толькі ізатопы гелію (3He і 4He) маюць уласцівасці К.в., якія адкрыты і даследаваны Л.Капіцай у 1938 для вадкага 4He.
Пры нізкіх т-рах К.в. можна разглядаць як сукупнасць неўзаемадзейных элементарных узбуджэнняў (квазічасціц) з пэўнай залежнасцю энергіі ад імпульсу. У адпаведнасці з цэлым ці паўцэлым значэннем спіна адрозніваюць бозе-вадкасці (напр., вадкі 4He, атамы якога маюць спін, роўны 0) і фермі-вадкасці (вадкі 3He, спін 1/2). Уласцівасці фермі-вадкасці маюць электроны праводнасці ў нармальных (незвышправодных) металах і ядз. матэрыя ў нейтронных зорках (пульсарах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБЯДО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён эпохі позняй бронзы (11—9 ст. да н.э.). Назва ад в. Лебядоўка Кіеўскай вобл., дзе даследавана паселішча гэтай культуры. На думку некат. даследчыкаў, з’яўляецца познім этапам сосніцкай культуры. Частка даследчыкаў акрэслівае яе паўн. мяжу па р. Дзясна і Сейм, другія пашыраюць яе позні этап на ўсё Бел. Падняпроўе. Для Л.к. характэрны грубыя ляпныя гаршкі з дамешкамі жарствы ў гліну, цюльпанападобнай ці яйцападобнай формы, са слабапрафіляваным тулавам і вузкім няўстойлівым дном, пад венчыкам арнамент наколамі круглай палачкі. У Беларусі даследаваны паселішча Л.к. Заспа Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. і курганны могільнік Прыбар Гомельскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙКО́ПСКІ КУРГА́Н,
помнік эпохі ранняй бронзы (канец 3-га тыс. да н.э.) у г. Майкоп (Расія). Даследаваны ў 1897 М.І.Весялоўскім. У кургане выяўлена багатае пахаванне племяннога правадыра і яго 2 жонак. Правадыр быў пахаваны пад балдахінам, расшытым залатымі бляшкамі ў выглядзе колцаў, фігурак ільвоў і быкоў. Яго падтрымлівалі 4 сярэбраныя шасты, якія заканчваліся літымі фігурамі быкоў з золата і серабра. Каля нябожчыка стаялі 2 залатыя і 14 сярэбраных пасудзін. На адной з іх выразаны малюнак, які нагадвае абрыс Каўказскага хрыбта. Знойдзены разнастайныя медныя прылады працы, сярэбраныя і залатыя ўпрыгожанні, сердалікавыя пацеркі, прывескі з бірузы, ляпіс-лазураку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ГІЛЬНІК,
група стараж. пахаванняў у адным месцы. Адасобленыя ад паселішчаў М. з’явіліся ў мезаліце. Падзяляюцца на курганныя (гл.Курган) і бескурганныя, або грунтавыя без насыпаў. Паводле пахавальнага абраду адрозніваюць М. з трупаспаленпем і трупапалажэннем. Даследаванне М. дае каштоўны матэрыял для вызначэння арэала этн. груп, археал. культур, храналогіі, палеантрапалогіі, сямейных і сац. адносін; пахавальны інвентар, убранне нябожчыка дапаўняюць уяўленне аб матэрыяльнай культуры розных плямён. На Беларусі самыя стараж. М. адносяцца да бронзавага веку (Рудня-Шлягіна, Ходасавічы). Найб.даследаваны бескурганныя М. ранняга жал. веку Чаплін, курганныя часоў Полацкай дзяржавы Ізбішча, Заслаўскія курганныя могільнікі. Антычны М. звычайна называюць некропалем, хрысц. — могілкамі, мусульманскі — мізар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎКА́ЗСКІЯ МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,
раён на Паўн. Каўказе (Расія), паміж Стаўрапольскім узвышшам і паўн. схілам Вял. Каўказа, багаты разнастайнымі мінер. крыніцамі. Больш за 130 мінер. крыніц. Група шырока вядомых курортаў: Есентукі, Жалезнаводск, Кіславодск, Пяцігорск. Клімат кантынентальны, з вял. колькасцю сонечных дзён і ўмеранымі ападкамі. Аснову курортных рэсурсаў складаюць мінер. крыніцы звычайных і тэрмальных вуглякіслых, радонавых, гідракарбанатна-хларыдна-натрыевых і інш. вод, у т. л. «Есентукі», «Нарзан». З лек. мэтамі выкарыстоўваюць клімататэрапію, рапу і сульфідныя гразі Тамбуканскага воз. Адзін са старэйшых курортных раёнаў. Мінер. крыніцы даследаваны ў пач. 18 ст. У зоне К.М.В. дзейнічае больш за 100 санаторыяў, пансіянатаў, турысцкіх баз.
Літ.:
Смирнов-Каменский Е.А., Павлов М.К. Край целебных вод. Ставрополь, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЦНАСЦЬ ГУ́КУ, гучнасць гуку,
мера сілы слыхавога адчування, выкліканая гукам. Залежыць ад гукавога ціску і адчувальнасці вуха, якая неаднолькавая для гукаў рознай частаты і інтэнсіўнасці. Узровень М.г. вымяраецца ў фонах.
Для параўнання М.г. рознай частаты карыстаюцца фіз. велічынёй, якая наз. ўзроўнем чутнасці і выражаецца формулай
, дзе р — гукавы ціск для гуку з частатой 1 кГц і такой жа гучнасцю, як і даследаваны; p0 = 2∙10−5 Па — стандартны парог чутнасці для частаты 1 кГц. Парогам чутнасці наз. гукавы ціск, пры меншым за які вуха не чуе гуку. Парогам болевага адчування наз. гукі дастаткова вял. інтэнсіўнасці, што таксама не ўспрымаюцца вухам і выклікаюць болевае адчуванне пры перавышэнні гэтага парога.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГВАЛО́ДАЎ КА́МЕНЬ,
манументальны помнік эпіграфікі 12 ст., каля в. Дзятлава Аршанскага р-на, за 18 км ад Оршы. Адкрыты і даследаваны ў 1792. Валун выш. да 3 м з высечаным 6-канцовым крыжам (выш. 160 см) і надпісам на стараж.-рус. мове: «В лето 6679 месяца мая в 7 день доспен крест сей. Господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду сыну Борисову». Выш.літар. 15 см. Крыж і надпіс высечаны ў 1171 паводле загаду друцкага кн. Рагвалода Барысавіча пасля галоднай зімы 1170—71 у спадзяванні на ўраджай. Пазней над Р.к. была пабудавана капліца. Падобны да Барысавых камянёў. Не збярогся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЦЫНАЛО́ГІЯ (ад грэч. karkinos рак + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае ракападобных.
На Беларусі даследаванні вядуцца з 1920 (агляд фауны галінаставусых ракападобных Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай губ.), паглыбленыя — з 1950-х г. у БДУ, Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі, Бел.н.-д. і праектна-канструктарскім ін-це рыбнай гаспадаркі, Віцебскім ун-це. Вывучаецца фауна ракападобных, іх біял. асаблівасці, энергетыка і функцыян. роля ў водных экасістэмах, стан і перспектывы промыслу рачных ракаў, развіццё і станаўленне фауны ракападобных вадасховішчаў, колькасныя заканамернасці жыўлення і росту. У Браслаўскіх азёрах выяўлены і даследаваны рэлікты ледавіковага перыяду — лімнакалянус, мізіда рэліктавая, палазея, понтапарэя. Распрацаваны пытанні аквакультуры прэснаводных крэветак, інтрадукаваны субтрапічныя крэветкі ў вадаёмы-ахаладжальнікі ДРЭС, новыя для Беларусі віды мізід і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ПАЛІМЕ́РЫ,
сінтэтычныя высокамалекулярныя злучэнні, якія маюць атамы крэмнію (Si) у манамерным звяне. Найб.даследаваны і шырока выкарыстоўваюцца ў прам-сці поліарганасілаксаны ці сіліконы.
Поліарганасілаксаны — К.п. агульнай ф-лы [—Si(R,Ŕ′)—O—]n, у якіх асн. ланцуг макрамалекулы складаецца з атамаў Si, што чаргуюцца з атамамі кіслароду, і непасрэдна злучаны з атамамі вугляроду бакавых груп R, R — арган. радыкалаў (напр., метыл CH3-, этыл C2H5-, феніл C6H5-груп), якія абрамляюць асн. ланцуг. Лінейныя і разгалінаваныя К.п. з невысокай малекулярнай масай — вязкія бясколерныя вадкасці (гл.Крэмнійарганічныя вадкасці); высокамалекулярныя лінейныя — эластамеры (гл.Крэмнійарганічныя каўчукі) а сшытыя і разгалінаваныя — цвёрдыя, шклопадобныя, крохкія рэчывы. Вызначаюцца высокай тэрмастойкасцю, добрымі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, гідрафобнасцю, устойлівасцю да ўздзеяння кіслот і шчолачаў, фізіял інертнасцю. Выкарыстоўваюць у якасці сувязнага ў вытв-сці пластмас, напр., шклопластыкаў, прызначаных для работы пры павышаных т-рах.