у Беларусі, у Пінскім і Івацэвіцкім р-нах Брэсцкай вобл., злучае басейны рэк Нёман і Прыпяць праз рэкі Шчара і Ясельда; ч. былога Дняпроўска-Нёманскага воднага шляху. Даўж. (разам з Выганашчанскім воз.) 54 км. Складаецца з 2 ч., якія пачынаюцца з воз. Выганашчанскае: 1-я (даўж. 3,5 км) упадае ў Шчару за 3,5 км на Пн ад воз. Выганашчанскае, 2-я (даўж. 46 км) — у Ясельду за 1 км на ПнУ ад в. Мерчыцы Пінскага р-на. Прымае сцёк з густой сеткі асушальных каналаў, у т. л. з Краглевіцкага (справа) і Хварашчанскага (злева).
Будаваўся ў 1767—83 па ініцыятыве М.К.Агінскага для перавозу грузаў, пераважна лесу. У 1799—1804 вяліся работы па яго добраўпарадкаванні. У 1-ю сусв. вайну гідратэхн. збудаванні разбураны, потым адноўлены. Да 1941 выкарыстоўваўся для суднаходства і лесасплаву. У Айч. вайну шлюзы і плаціны разбураны; гасп. значэння не мае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РЫ МЯДЗВЕ́ДЗЬ (Ursus arctos),
млекакормячая жывёла сям. мядзведзевых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, раней — у Паўн. Афрыцы. На Беларусі захаваўся ў паўн.-ўсх. і некат. раёнах усх. часткі, на Палессі. У пач. 19 ст. трапляўся па ўсёй тэр., з пач. 20 ст. рэдкі. На тэр. рэспублікі жыве прыблізна 100—120 асобін, найб. колькасць (каля 30 асобін) у Бярэзінскім запаведніку; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела самцоў найб. буйных рас (Камчатка, Аляска) да 2,55 м, выш. ў карку да 1,35 м, маса да 750 кг. Афарбоўка густой, доўгай поўсці ад цёмна-бурай або амаль чорнай да буравата-палевай. Ліняюць 1 раз за год. Мае добры нюх, горшыя зрок і слых. Палаваспеласць у 3 гады. Нараджае да 6 (звычайна 1—3) медзведзянят масай 0,5—0,6 кг. У халодныя і снежныя зімы ў спячцы ў бярлозе. Корміцца лісцем і карэнішчамі раслін, ягадамі, арэхамі, насякомымі, рыбай, нападае на ласёў, буйн. раг. жывёлу і інш. Колькасць скарачаецца. 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЁН (Acer),
род кветкавых раслін сям. кляновых. Каля 150 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. На Беларусі трапляецца дзікарослы від К. вастралісты (A. platanoides). Расце ў дубова-грабавых і ялова-шыракалістых лясах, зрэдку ўтварае кляновыя лясы. З інтрадукаваных найб. вядомыя К.: ілжэплатанавы, або явар (A. pseudoplatanus), татарскі, або чарнаклён (A. tataricum), прырэчны, або Гінала (A. ginnala), чырвоны (A. rubrum), зеленакоры (A. tegmentosum), мона (A. mono), серабрысты, або цукрысты (A. saccharinum).
Лістападныя дрэвы і кусты выш. ад 6—7 да 40 м з раскідзістай густой кронай. Лісце простае, лопасцевае або перыстае, чаранковае, супраціўнае. На працягу вегетацыі змяняе колер ад чырв.-зялёнага праз цёмна-зялёны да чырв.-аранжавага. Кветкі раздзельнаполыя ў шчытках, мяцёлках або гронках. Плод — двухкрылатка. Драўніна з высокімі тэхнал. якасцямі, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі. З соку некат. відаў атрымліваюць кляновы цукар. Меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ БОЙ 1943,
бой партызанскіх брыгад Лепельскай імя Сталіна, імя Чапаева, 2-й Ушацкай імя Панамарэнкі, Чашніцкай «Дубава» і Сенненскай супраць апорнай базы ням. 3-й танк. арміі ў г. Лепель 19—21 кастр. ў Вял.Айч. вайну. Праводзілася паводле загаду ЦШПР з мэтай перашкодзіць узмацненню абароны гітлераўцаў на левым флангу групы армій «Цэнтр», дзе намячаўся прарыў сав. войск. У Лепелі размяшчаліся 3 пях. палкі, танк. батальён, 2 артыл. і 1 мінамётная батарэі (больш за 2 тыс. гітлераўцаў), горад быў акружаны густой сеткай дзотаў, акопаў, драцяных загарод, подступы да яго былі замініраваны. У ноч на 20 кастр. партызаны раптоўным ударам ушчыльную наблізіліся да абарончых умацаванняў, змялі іх і на досвітку прабіліся ў цэнтр горада, але былі контратакаваны прыбыўшым падмацаваннем ворага. У ноч на 21 кастр. партызаны зноў штурмавалі Лепель, але ў цэнтры горада праціўніку ўдалося іх спыніць. Партызаны адышлі, заблакіраваўшы варожы гарнізон з У і Пд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЗ, лём (Ulmus),
род кветкавых раслін сям. вязавых. Каля 45 відаў. Многія віды вяза вядомы пад назвамі бераст, карагач, лём і інш. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды: вяз гладкі, або звычайны (Ulmus laevis); голы, або горны (Ulmus glabra); малы, або грабалісты, бераст, карагач (Ulmus minor); шурпаты (Ulmus scabra). Растуць як дамешак у падросце і другім ярусе пераважна ў шыракалістых лясах на глебах з праслойкамі карбанатаў, асабліва ў далінах рэк. У паўд. раёнах трапляецца разнавіднасць вяза малога з коркавымі нарасцямі на ствалах і галінках, якую іншы раз разглядаюць як асобны від — вяз коркавы (Ulmus suberosa). У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 10 відаў, з іх у зялёным будаўніцтве выкарыстоўваюцца вяз амерыканскі (Ulmus americana), прысадзісты (Ulmus pumila) і чырвоны (Ulmus rubra).
Лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя аднадомныя ветраапыляльныя дрэвы і кусты з шырокацыліндрычнай густой кронай. Лісце суцэльнае, чаргаванае, двухзубчастае з ланцэтнымі прылісткамі. Кветкі двухполыя, дробныя, непрыкметныя, у пучках або галоўках. Цвітуць ранняй вясной да распускання лісця. Плод — сухі сціснуты крылападобны арэшак (крылатка). Выкарыстоўваюцца для азелянення і ў дэкар. садоўніцтве, добра пераносяць падстрыганне, перасадку, маюць шмат садовых формаў. Драўніна ідзе на сталярныя вырабы, вытв-сць мэблі і інш. Добрыя дубільнікі, меданосы і перганосы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБ (Carpinus),
род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Еўропе, Паўн. Амерыцы (1 від). Лесаўтваральнікі (утвараюць грабавыя лясы). На Беларусі 1 дзікарослы — граб звычайны, або еўрапейскі (C. betulus), і 3 інтрадукаваныя ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН віды: граб каралінскі (C. caroliniana), каўказскі (C. caucasica) і ўсходні, або грабіннік (C. orientalis). Граб звычайны — цеплалюбны зах.-еўрап. від. Расце як дамешак ці ўтварае другі ярус ў мяшаных і лісцевых лясах; на месцы высечаных лясоў стварае чыстыя другасныя (вытворныя) насаджэнні — грабнякі.
Аднадомныя лістападныя дрэвы (выш. да 30 м), рэдка кусты з густой яйцападобнай кронай і вертыкальна-рабрыстым ствалом. Кара гладкая, светлая, серабрыста-шэрая, потым цёмная, трэшчынаватая. Лісце двухрадна размешчанае, чаргаванае, простае, шчыльнае, цёмна-зялёнае. Кветкі дробныя, аднаполыя, аднадомныя, у павіслых зеленавата-чырв. каташках. Цвітуць адначасова з распусканнем лісця. Плод — аднанасенны рабрысты арэшак. Ценевынослівыя, засухаўстойлівыя расліны. Устойлівыя да гарадскіх умоў, шкоднікаў і хвароб. Жывуць да 100—300 (400) гадоў. Добра пераносяць падстрыганне. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна (парасткамі). Дэкар., дубільныя, кармавыя, тэхн. і фарбавальныя расліны. Драўніна цяжкая, цвёрдая, выкарыстоўваецца ў машынабудаванні, сталярнай, такарнай справе, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі, паркету. Выкарыстоўваюць для азелянення нас. месцаў. Ёсць дэкар. садовыя формы: пірамідальная, ніцая, калонападобная, лопасцялістая, пурпуровая і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ХТА (Abies),
род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў гарах, радзей на раўнінах Паўн. паўшар’я, некат. віды — у трапічным поясе (горы Мексікі і Гватэмалы). Расце разам з елкай і інш. дрэвамі ці ўтварае чыстыя дрэвастоі (піхтарнікі), адна з асн. парод цемнахвойнай тайгі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрапейскі рэліктавы від — П. белая або еўрапейская (A. alba), занесены ў Чырв. кнігу. Ізалявана трапляецца ў Белавежскай пушчы.
Аднадомныя вечназялёныя дрэвы выш. 50—100 м, дыяметр ствала да 2 м з густой конусападобнай кронай. Жывуць да 200, некат. да 500—700 гадоў. Кара ўсіх відаў мае смалу. Ігліца шматгадовая, плоская, лінейная, мяккая, з 2 белаватымі палоскамі вусцейкаў на ніжнім баку. Жаночыя шышкі (зялёныя або чырванаватыя) і мужчынскія каласкі размешчаны на канцы леташніх парасткаў у верхняй ч. кроны. Спелыя шышкі цыліндрычныя, прамастойныя, фіялетавыя або карычневыя. Выспяваюць у 1-ы год і рассыпаюцца. Семя з крыльцам. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы і дробных вырабаў. З кары паўночнаамерыканскай П. бальзамічнай (A. balsamea) атрымліваюць канадскі бальзам, з найб. пашыранай П. сібірскай (A. sibirica) — піхтавы бальзам, з ігліцы і маладых галінак — піхтавы алей. Лек., тэхн., дэкар. расліны.
А.Дз.Антанюк.
Піхта сібірская: 1 — агульны выгляд; 2 — галінка з жаночай шышкай; 3 — галінка з мужчынскімі каласкамі; 4 — спелая шышка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛКА (Picea),
род голанасенных раслін сям. хваёвых; адна з гал. лесаўтваральных парод. Каля 45 відаў. Пашырана пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — Е. звычайная, або еўрапейская (P. abies), і 13 інтрадукаваных: Е. калючая (P. pungens), канадская, або белая (P. canadensis), сербская, або балканская (P. omorica), Энгельмана (P. engelmannii), сібірская (P. obovata), усходняя (P. orientalis) і інш. Е. звычайная распаўсюджана амаль па ўсёй тэр. Беларусі і мае паўд. мяжу арэала (адначасова гэта і паўд. мяжа Еўразіяцкай хвойна-лясной геабат. падвобласці). На Палессі трапляецца ў выглядзе ізаляваных астравоў. Вядома 31 астраўное насаджэнне, 5 з іх — ельнікі Гарбавіцкія, Добрушскія, Маларыцкія, Мяднянскія і Пажэжынскія — помнікі прыроды рэсп. значэння.
Даўгавечныя (жывуць да 300—500 і больш гадоў); аднадомныя, шматгадовазялёныя дрэвы з прамым ствалом і густой конусападобнай кронай. Е. звычайная мае мноства дэкар. форм: з пірамідальнай, ніцай, шарападобнай і інш. кронамі. Каранёвая сістэма часцей паверхневая. Кара тонкая, у маладых дрэў гладкая, потым пласціністая. Галінкі размешчаны даволі правільнымі кальчакамі. Лісце (ігліца) 4-граннае, радзей пляскатае, востраканцовае, спіральна або невыразна двухрадкова размешчанае, трымаецца на галінках 7—9 і больш гадоў. Стробілы (шышкі) паяўляюцца ўвесну на леташніх парастках: мікрастробілы (мужч. шышкі) — па некалькі ў пазухах лускападобнага лісця; мегастробілы (жан. шышкі) — адзіночныя, размешчаны бліжэй да верхавінак. Спелыя шышкі падоўжана-цыліндрычныя, верацёна- або яйцападобныя, звіслыя, ападаюць пасля выспявання насення. Насенне з лыжкападобнымі крыльцамі, выспявае восенню ў год апылення. Размнажаецца насеннем і зрэдку вегетатыўна (атожылкамі). Драўніна мяккая, выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы, муз. інструментаў; з яе атрымліваюць смалу, шкіпінар, каніфоль, дзёгаць. Кара — асн. сыравіна ў вытв-сці дубільнікаў (танідаў). Большасць відаў — дэкар. дрэвы, выкарыстоўваюцца ў садова-паркавым буд-ве і як ахоўныя насаджэнні ўздоўж дарог.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁГАЛАГРА́ФІЯ,
запіс, узнаўленне і пераўтварэнне хвалевага фронту эл.-магн. хваль радыёдыяпазону. Метады Р. маюць шмат агульнага з метадамі аптычнай галаграфіі.
Радыёгалаграфічны працэс складаецца з запісу радыёгалаграмы, што адлюстроўвае параметры хвалевага фронту эл.-магн. поля, і ўзнаўлення відарыса аб’екта, з удзелам якога атрымаўся радыёфронт. Для запісу выкарыстоўваюцца неперарыўныя асяроддзі (аналагічныя фотаматэрыялам у аптычнай галаграфіі) або зонды. Неперарыўнымі асяроддзямі служаць плёнкі рэчываў, аптычныя ўласцівасці якіх (празрыстасць, паказчык пераламлення, паварот плоскасці палярызацыі і інш.) залежаць ад т-ры і лакальна мяняюцца пад уздзеяннем цеплаты, якая вылучаецца пры паглынанні радыёхваль. Зондамі з’яўляюцца антэны або целы, якія рассейваюць эл.-магн. хвалі. Для ўзнаўлення відарыса аб’екта выкарыстоўваюць аптычныя, радыётэхн. або выліч. спосабы. Пры аптычным спосабе радыёгалаграма пераносіцца ў адпаведным маштабе на аптычнае асяроддзе (напр., фотаплёнку), потым асвятляецца апорнай хваляй. Для фарміравання апорнай хвалі ў Р. выкарыстоўваюцца 2 спосабы: звычайны (як і ў аптычнай галаграфіі, калі апорная хваля фізічна існуе ў прасторы адначасова з прадметнай) і спецыфічны для Р., калі ў прасторы ёсць толькі адна (прадметная) хваля, а апорная падаецца ў тракт радыёпрыёмніка ці зонда. Р. выкарыстоўваецца для даследавання аддаленых аб’ектаў, напр., планет і Зямлі з космасу (раздзяленне пры адлюстраванні паверхні на некалькі парадкаў вышэйшае, чым пры звычайных метадах радыёлакацыі), для атрымання відарысаў аб’ектаў, схаваных аптычна непразрыстымі асяроддзямі (напр., ва ўмовах густой воблачнасці), у антэннай тэхніцы (для мадэліравання антэн, вымярэння іх параметраў і інш.), для апрацоўкі радыёсігналаў (сцісканне радыёлакацыйных імпульсаў) і інш.
На Беларусі даследаванні па Р. праводзяцца ў БДУ і Гомельскім ун-це.
Літ.:
Сафронов Г.С., Сафронова А.П. Введение в радиоголографию. М., 1973;
Бахрах Л.Д., Курочкин А.П. Голография в микроволновой технике. М., 1979;
Методы измерений параметров излучающих систем в ближней зоне. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́СІЯ (Galicia),
аўтаномная вобласць на ПнЗ Іспаніі на ўзбярэжжы Атлантычнага ак.Пл. 29,4 тыс.км². Нас. каля 3 млн.чал. (1994), пераважна галісійцы, народ, блізкі да партугальцаў. Уключае правінцыі: Ла-Карунья, Пантэведра, Луга, Арэнсе. Адм. ц. — г. Ла-Карунья. Галісія займае стараж.крышт. Галісійскі масіў выш. да 1778 м, расчлянёны густой сеткай горных рэк. Узбярэжжа моцна парэзана, шмат зручных натуральных гаваней. Клімат умераны акіянскі. Характэрны шыракалістыя горныя лясы (дуб, граб, бук, ясень) і хмызнякі.
У старажытнасці — тэрыторыя рассялення племя галекаў (адсюль назва), якое сфарміравалася ў 1-м тыс. да н. э. ў выніку змяшэння прышлых кельтаў з мясц. плямёнамі эстрымніяў. У 2—1 ст. да н.э. заваявана рымлянамі. У 5—7 ст.н.э. ў складзе каралеўстваў свеваў і вестготаў. У 8 ст. галісійцы супраціўляліся араб. заваяванню. У 718-—739 далучана да каралеўства Астурыя. У 1065—72 незалежнае каралеўства. З 1072 у складзе Кастыліі. З 1479 у складзе адзінай ісп. дзяржавы. У сярэдзіне 19 ст. ў Галісіі пачаўся працэс адраджэння галісійскай мовы, умацавання рэгіянальнай самасвядомасці. З-за вастрыні агр. пытання і беднасці многія галісійцы эмігрыравалі ў Амерыку (больш за 1,3 млн.чал. за 1-ю пал. 20 ст.). Пасля абвяшчэння Ісп. рэспублікі (1931) на рэферэндуме 28.6.1936 ухвалены праект аўтаноміі Галісіі, аднак яе ўвядзенню перашкодзіла ўсталяванне ў краіне дыктатуры Ф.Франка. Пасля падзення дыктатуры Галісіі нададзена аўтаномія (1981).
У сельскай гаспадарцы пераважае малочная і мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Пасевы кукурузы, жыта, бульбы, садоўніцтва (яблыкі). Вінаробства. Значная роля рыбалоўства (каля паловы рыбалавецкага флоту Іспаніі) і лясной прам-сці. Значныя ГЭС. Здабыча жал. і вальфрамавай руды, волава, бурага вугалю. Суднабудаванне (Эль-Фероль і Віга), дрэваапр., хім., тэкст. і харч.прам-сць. Аўтамабілебудаванне (грузавыя аўтамабілі), нафтаперапрацоўка, алюмініевая прам-сць. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. Буйныя порты Ла-Карунья і Віга.