ДЫФТО́НГ (ад ды... + грэч. phthongos голас, гук),

складаны галосны гук, які ўключае складаўтваральны і нескладаўтваральны элементы ў адным складзе. Звычайна Д. маюць большую працягласць, чым мафтонгі. Адрозніваюцца Д : узыходны, у якім складаўтваральным кампанентам з’яўляецца другі элемент (напр., франц. [ie] pied); сыходны, калі складаўтваральны кампанент — першы элемент (напр., ням. [ae] Leid, англ., [ai] my). У бел. мове ёсць Д. [оу] і [іе] толькі ў дыялектах на Пд Беларусі. Вымаўляюцца ў закрытых складах замест «о» і «е», а таксама замест «е» што паходзіць з «ѣ»: напр., коунь, сіем, ліета (конь, сем, лета).

т. 6, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗ,

графема ў бел. алфавіце для абазначэння асобнага складанага гука. Дыграф, утвораны з літар «д» і «з», перадае афрыкату «дз». У помніках старабел. пісьменства адзначаецца з 16 ст. («дедзичъ», «жаръдзье», «медзь»). Як сродак паказу дзекання выступаў спарадычна, пераважна ў запазычаных словах. Асобнае вымаўленне «д» і «з» («д-зякуй», «д-зень»), а таксама вымаўленне «дз» як мяккага «д» з’яўляецца парушэннем нормы бел. літ. вымаўлення. У якасці 2 асобных гукаў спалучэнне «дз» вымаўляецца толькі ў словах тыпу «падзагаловак», «падзямелле», дзе «д» — канцавы гук прыстаўкі, а «з» — пачатковы гук кораня («пад-земны»).

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ж,

восьмая літара бел. і некат. інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай ж («жывеце»), што была ўтворана шляхам далучэння цэнтр. вертыкальнай рыскі да літары («хер») або падваення літары Ꙁ («зямля»). У старабел. пісьменстве абазначала гукі «ж», «ж’» (вежа», «жити»). Не мела лічбавага значэння. У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумны звонкі зацвярдзелы шчыльны пярэднеязычны зычны гук «ж» (жыта»), а перад глухімі зычнымі і на канцы слоў парны да яго па звонкасці і глухасці гук «ш» («нож—нош»). Уваходзіць у склад дыграфа «дж» («дажджы»).

А.​М.​Булыка.

т. 6, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІНАТО́РНЫЯ ЗМЯНЕ́ННІ ГУ́КАЎ,

фанетычныя змяненні гукаў, што ўзнікаюць у выніку іх спалучэння з інш. гукамі ў моўнай плыні. Асн. віды: асіміляцыя, дысіміляцыя, акамадацыя.

На асімілятыўнай і дысімілятыўнай аснове могуць адбывацца: эпентэза (устаўка — «Лявон», «рубель»), дыярэза (выпадзенне — «праязны», «сэрца»), гаплалогія (выпадзенне аднолькавых элементаў на стыках марфем — «марфаналогія» з «марфафаналогія»), кантракцыя (сцяжэнне — «казацкі» з «казакскі»), метатэза (перастаноўка — «футляр» з «футарал»), пратэза (прыстаўны гук — «возера» з «озера»), Адрозніваюць К.з.г. прагрэсіўныя (папярэдні гук уплывае на наступны, напр., папярэднія мяккія зычныя выклікаюць і-падобны прыгук наст. галоснага) і рэгрэсіўныя (уплыў наступных гукаў на папярэднія: «сьмех», «лышка» — лыжка»).

А.​І.​Падлужны.

т. 7, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Р,

васемнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай Р («рцы»), утворанай на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Ρ («ро»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гук «р» («рама», «рука»). Мела лічбавае значэнне «сто». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае санорны дрыжачы пярэднеязычны цвёрды і зацвярдзелы зычны гук «р» («рэчка», «рыс», «раса», «хмара»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.

А.​М.​Булыка.

т. 13, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТАНЬЕ́ТЫ (ісп. castanetas ад лац. castanea каштан),

ударны муз. інструмент. Найб. пашыраны ў Іспаніі, а таксама ў Паўд. Італіі і краінах Лац. Амерыкі. Складаюцца з 2 пар (бо́льшая для левай рукі) драўляных ці пластмасавых пласцінак у форме ракавін, змацаваных папарна шнурком, пад які прасоўваюць вял. палец так, каб К. злучаліся асновамі, а канцы іх крыху разыходзіліся. Гук атрымліваюць ударамі ракавін адна аб адну з дапамогай інш. пальцаў. Правай рукой выконваюць рытмічны малюнак, левай — яго апорныя долі. Выкарыстоўваюць К. для суправаджэння танцаў. У еўрап. сімф. аркестрах выкарыстоўваюць аркестравыя К., замацаваныя папарна на канцах спец. дзяржання, пры лёгкім патрэсванні якога здабываецца гук.

т. 8, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАФТО́НГ (ад мана... + грэч. phthongos гук),

галосны, які характарызуецца артыкуляцыйнай і акустычнай аднароднасцю, г.зн. стацыянарным становішчам органаў, што артыкулююць гук, і стацыянарнымі частотамі фармант, чым адрозніваецца ад дыфтонга і трыфтонга. Аднароднасць М. адносная: артыкуляцыйны ўклад і фармантна-часавая структура галоснага залежаць ад акаляючых яго зычных. Так, уплыў мяккіх зычных на суседнія галосныя выражаецца ў тым, што пасля мяккіх зычных пераходны ўчастак любога галоснага мае частотныя характарыстыкі фармант, блізкія да характарыстык галоснага [і]. Бел. М. [а] паміж мяккіх зычных набывае асабліва неаднароднае (дыфтангічнае) гучанне. У сістэме галосных розных моў М. сустракаюцца часцей за дыфтонгі.

Літ.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.

Л.​Ц.​Выгонная.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І,

дзесятая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай І («і дзесяцярычнае»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Ι («ёта»). У старабел. пісьменстве абазначала гук «і» найчасцей перад галоснымі і «й» («великій», «пріехати»), Мела лічбавае значэнне «дзесяць». Паралельна з ёй для абазначэння гука «і» выкарыстоўвалася літара И з Н («іжэ»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай Η («эта»), У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае нелабіялізаваны галосны гук «і» пярэдняга рада верхняга пад’ёму («ніва»), а ў пач. слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — спалучэнне гукаў «йі» («іней — йіней», «краіна — крайіна», «салаўі — салаўйі», «вераб’іны — в’эрабйіны»).

А.​М.​Булыка.

т. 7, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КАННЕ,

вымаўленне не пад націскам гука «а» заўсёды або ў пэўным становішчы ў адпаведнасці з галоснымі «а», «о», «е» пад націскам. Характэрная асаблівасць бел. літ. мовы (перадаецца і на пісьме) і мясц. гаворак асн. масіву, за выключэннем усх.-палескай (мазырскай) групы, а таксама рус. літ. мовы і яе паўд. гаворак. Адрозніваюць аканне пасля цвёрдых і аканне пасля мяккіх (яканне) зычных. У бел. мове пашырана недысімілятыўнае (моцнае) і дысімілятыўнае аканне. Пры недысімілятыўным гук «а» выступае заўсёды ў 1-м складзе перад націскам, а таксама пераважна і ў інш. ненаціскных складах: «вада́», «чалаве́к», «гавары́ў», «го́рад». Гэтае аканне ўласціва гаворкам сярэднебел. групы, полацка-мінскай падгрупы паўн.-ўсх. і паўд.-зах. дыялектам, дзе яно, аднак, няпоўнае, а таксама літ. мове. Пры дысімілятыўным аканні ў 1-м складзе перад націскам гук «а» вымаўляецца, калі пад націскам выступае любы галосны, акрамя «а». Перад складам з націскам «а» пасля цвёрдых зычных утвараецца невыразны гук «ь» або «ы». Падобныя гукі адзначаюцца і ў інш. ненаціскных складах, за выключэннем канцавога адкрытага складу: «вады́», «траво́й», але «тръва́», «бъръда́» (аднак «мно́га», «го́ра»). Такое аканне ў гаворках магілёўска-віцебскай падгрупы паўн.-ўсх. дыялекту.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.

А.​А.​Крывіцкі.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІМІЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. assimilatio прыпадабненне),

зліццё, засваенне. 1) У этналогіі засваенне адным народам мовы, культуры і інш. этнічных прыкмет іншага народа (які сацыяльна больш развіты ці дэмаграфічна пераважае) да поўнага зліцця з ім. У выніку асіміляцыі мяняецца этнічная самасвядомасць асіміляванага народа. Натуральная асіміляцыя адбываецца пры непасрэдных кантактах этнічных груп, абумоўленых агульнасцю іх паліт., сацыяльнага, гасп. і культурнага жыцця, пашырэннем міжэтнічных шлюбаў. Прымусовая асіміляцыя звычайна ажыццяўляецца з дапамогай дыскрымінацыі.

2) У мовазнаўстве прыпадабненне аднатыпных (галосных ці зычных) гукаў у межах слова ці спалучэння слоў. Бывае поўная (адзін гук цалкам прыпадабняецца да другога: «насенне» — з «насеньйе», «шшытак» — пры напісанні «сшытак») і няпоўная [(гукі прыпадабняюцца толькі па якой-н. адной або некалькіх прыкметах, але не ўсіх, напрыклад, «каска» — пры напісанні «казка» (па глухасці-звонкасці), «сьмецце» — пры напісанні «смецце» (па цвёрдасці-мяккасці), «бяссільны» — пры пісьме «бяссільны» (па глухасці-звонкасці і цвёрдасці-мяккасці)]. Асіміляцыя наз. прагрэсіўнай, калі наступны гук прыпадабняецца да папярэдняга, і рэгрэсіўнай, калі папярэдні гук прыпадабняецца да наступнага (больш уласціва бел. мове). У выніку асіміляцыі ў бел. мове ўзніклі падоўжаныя зычныя. Частковае прыпадабненне галосных і зычных наз. акамадацыяй.

3) У біялогіі тое, што анабалізм.

4) У геалогіі працэс паглынання і перапрацоўкі (расплаўленне або растварэнне) магмай асадкавых або метамарфічных парод. Адбываецца каля кантактаў інтрузіўных целаў у бакавых (умяшчальных) пародах або на глыбіні пры абрушэнні ў расплаўленую магму цвёрдых парод скляпення. Асіміляцыя абумоўлівае разнастайнасць магматычных парод, можа быць прычынай дыферэнцыяцыі магмы, важным фактарам металагеніі. Асіміляцыі спрыяе кантрастнасць саставу магмы і ўмяшчальных парод, пераграванне магмы і наяўнасць у ёй лятучых кампанентаў. Значна пашырана пры ўтварэнні габра і дыярытаў у краявых частках гранітных інтрузій на кантакце з вапнякамі і асн. горнымі пародамі.

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)