Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РЦАВЫ ГРЫБ (Suillus piperatus),
шапкавы базідыяльны грыбсям. балетавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. пераважна ў хвойных лясах.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 3—6 см, пукатая, ліпкая, жоўта-маркоўна-бурая. Мякаць шчыльная, бура-жоўтая, перцава-горкая. Пласцінкі прырослыя або зыходныя, жоўтыя або іржава-бурыя з шырокімі порамі. Ножка цыліндрычная, каля асновы звужаная. Споры верацёнападобныя, жоўта-бурыя. Неядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́НЕВЫ ГРЫБ, плютэй аленевы (Pluteus cervinus),
шапкавы базідыяльны грыб з роду плютэй сям. мухаморавых. Пашыраны па ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды, у тундры — ласунак аленяў (адсюль назва). На Беларусі трапляецца ўсюды; расце на пнях і ламаччы розных дрэвавых парод.
Шапка дыям. 3—10 см, у маладых грыбоў званочкавая, потым распасцёртая. Мякаць белая, мяккая, з непрыемным пахам рэдзькі. Пласцінкі шырокія, частыя, белыя, потым ружаватыя ад спораў. Ядомы ў свежым, марынаваным, салёным выглядзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІ ГРЫБ, падгрыб (Xerocomus badius),
шапкавы базідыяльны грыбсям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у хвойных, радзей у лісцевых, лясах.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка падушкападобна-пукатая, дыям. 4—12 см, гладкая, сухая, у вільготнае надвор’е клейкая, бліскучая, бурая або шакаладна-карычневая. Пласцінкі слаба прырослыя. Ножка звужаная або расшыраная каля асновы, шчыльная, выш. 6—10 см. Мякаць жаўтаватая або белаватая, мяккая, тоўстая, на зломе сінее. Споры гладкія, жоўта-бурыя, верацёнападобныя. Ядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САТАНІ́НСКІ ГРЫБ (Boletus satanas),
грыбсям. балетавых. Пашыраны на Каўказе, у Зах. Еўропе, Паўн. Амерыцы. Трапляецца ў лісцевых лясах.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 8—20 см, таўшчынёй 5 см, спачатку паўшарападобная, потым круглавата-падушкападобная, белавата-шараватая. Трубчасты слой з доўгіх, амаль свабодных трубачак, жоўта-аліўкавы, з дробнымі, круглаватымі, цёмна-чырв. порамі. Ножка даўж. 6—10 см, таўшчынёй 5—6 см, звужаная каля асновы і ўздутая пасярэдзіне, з вянознай, цёмна-чырв. сеткаватасцю на паверхні. Мякаць белая, салодкая, з пахам сырой бульбы, на зломе сінее ці зелянее. Неядомы.