АНЦІМО́НАЎ Леанід Сяргеевіч (н. 16.12.1934, в. Куляшы Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. графік, педагог. Скончыў Рыжскае вучылішча прыкладнога мастацтва (1955), мастацка-графічныф-т Віцебскага пед. ін-та (1963); з 1964 выкладчык гэтага ін-та. Працуе ў розных графічных тэхніках, перавагу аддае манатыпіі, экслібрысу, гравюры. Кампазіцыі вылучаюцца складанай філас. трактоўкай вобраза, паэт. узнёсласцю, лірызмам, падкрэслена эксперым. характарам выяўленчай формы. Сярод работ: «Акно» (1974), «Кветка папараці» і «Мефістофель» (1978), «Дрэва жыцця» (1980), трыпціх «Зямля, Месяц, Сонца» (1986), «Ахвярапрынашэнне» (1991); цыклы работ «Успаміны пра вайну» (1976), «На купальскую ноч» (1978), «Твары і маскі» (1979), «Джаз» (1981), «Катастрофа» і «Людзі і птушкі» (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў Уладзімір Усцінавіч (н. 25.4.1949, в. Мурожніца Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. акварэліст, прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў маст.-графічныф-т Віцебскага пед. ін-та (1971). Разнастайныя па пластычнай манеры творы аб’ядноўвае мяккасць жывапісных рашэнняў і стрыманасць колеру. Сярод твораў: пейзажы «Месяц над возерам» (1985), «Край блакітных азёр» (1986), цыкл «Далёкі ўсход» (1990), «Раніца» (1995), «Браслаўшчына» і «Сведка стагоддзяў» (1996); нацюрморты «Вярба» (1986), «Нацюрморт з трубой, ракушкамі і марскімі вожыкамі» і «Кета» (абодва 1990), тэматычныя кампазіцыі «Сталі на смерць» і «Памяць» (абедзве 1985). Яго творам уласцівы адметная логіка пабудовы маст. вобраза, спалучэнне канкрэтыкі вобразных вырашэнняў з узнёсла рамантычнымі і сімвалічнымі прыёмамі яе інтэрпрэтацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫНКЕ́ВІЧ Уладзімір Іванавіч (н. 29.10.1952, г. Керкі, Туркменістан),
бел. мастак-акварэліст, мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1987). Скончыў маст.-графічны факультэт Віцебскага пед. ін-та (1974). З 1978 выкладае ў Бел. ун-це культуры ў Мінску. Сярод лепшых твораў серыі акварэляў «Метрабуд» (1988), «Паазер’е» (1989), «Стварэнне свету» (1993), «Дыялектыка палётаў» (1993—95), «Італьянскі сшытак» (1996), «Сем колераў сонца» (1997), «Восеньскі букет» (1990—2001), дыпціх «Поўня ў небе і крыж на зямлі» (1995), лісты «Няголеная рыба», «Іншы свет», «Птушка-восень» (усе 1996). Работы вылучаюцца колеравай экспрэсіяй, рытмічнасцю кампазіцыі, разнастайнасцю выкарыстання маст. прыёмаў. Даследуе праблемы бел. графікі 19—20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫБУ́ЛЬСКІ Міхаіл Леанідавіч (н. 10.7.1961, г. Віцебск),
бел. мастацтвазнавец, жывапісец. Канд. мастацтвазнаўства (1989). Скончыў маст.-графічныф-т Віцебскага пед. ін-та (1983). З 1988 выкладае ў Віцебскім ун-це. Даследуе праблемы тэорыі і гісторыі мастацтва, паэтыку і стылістыку бел. жывапісу 20 ст. Аўтар раздзелаў у кн. «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 5—6, 1992—94); уступных артыкулаў да каталогаў, альбомаў, буклетаў віцебскіх мастакоў і інш. Яго жывапісным кампазіцыям уласцівы эмацыянальная выразнасць, рэаліст. трактоўка вобразаў, насычаны каларыт: «Сафія Полацкая» (1985), «Сцяжынкамі Драздовіча», «Абарыген беларускай вёскі» (абедзве 2000), «Могілкі ля храма» (2001), «Двое ў начы» (2002).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Засн. ў 1918 як Віцебскі пед.ін-т на базе Віцебскага настаўніцкага інстытута. У 1919 пед.ін-т перайменаваны ў Ін-тнар. адукацыі, у 1923 аб’яднаны з БДУ. У 1930 адноўлены, у 1934—92 імя С.М.Кірава. З 1.9.1995 ун-т. У 1996/97 навуч.г. ф-ты: матэм., фіз., біял., філал., бел. філалогіі і гісторыі, мастацка-графічны, фізічнай культуры і спорту, дашкольнай педагогікі і псіхалогіі, педагогікі і методыкі пач. навучання, музычна-мастацкі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1991. Ун-т мае н.-д. лабараторыю па біялогіі Беларускага Паазер’я, бат. сад, музей П.М.Машэрава, гісторыі ВНУ, біял., літ., мастацкі. Выдае час. «Диалог. Карнавал. Хронотоп», «Веснік Віцебскага дзяржаўнага універсітэта».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́НДЗІН Мікалай Мікалаевіч (н. 28.10.1950, в. Чырвоны Бор Чавускага Р-на Магілёўскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў маст.-графічныф-т Віцебскага пед. ін-та (1971). Адзін з заснавальнікаў творчага аб’яднання «Квадрат» (1987). Сярод асн. твораў: серыі «Ікар» (1975—77), «Гараскоп» (1985), «Індыйскі цыкл» (1989—95), «Хрысціянскі цыкл» (1989), «Час збіраць камяні» (1992—93), трыпціх «Веліч» (1993), дыпціх «Песня песняў Саламонавых» (1996) і інш. Пераважаюць філас.-метафарычныя і сімвалічныя вобразы, біблейскія і гіст. матывы, складаная архітэктоніка, спалучэнне рэальных і ўмоўных форм. Творам уласціва экспрэсіўнасць і чысціня колеру. Аўтар экспазіцый у Бярэзінскім запаведніку (1983), віцебскіх музеях, маст. афармлення Палаца шлюбаў у Барысаве (1996).
М.Л.Цыбульскі.
М.Дундзін. «Я прыйшоў у сад мой...» З дыпціха «Песня песняў Саламонавых». 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРА́ЦЬЕЎ Мікалай Іванавіч (н. 14.12.1925, в. Высокая Грыва Панкрушыхінскага р-на, Рэспубліка Алтай),
бел. скульптар. Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1956). Творам уласцівы выразнасць лепкі, рухомасць і асіметрыя пластычных аб’ёмаў. Аўтар жанравых («Вышыннікі», 1959; «Рыбакі», 1969), дэкар.-паркавых («Дзеці гуляюць», 1980—81) кампазіцый, псіхалагічных партрэтаў (А.Казей, 1964; Я.Коласа і Я.Купалы, 1982), станковых твораў «Памяць» (1985), «Набат Перамогі» (1995), «Хрыстос-Збавіцель» (1995—97) і інш. Сярод манум. работ скульпт. цыкл «Смутак людскі» (1976) на Паўн. могілках у Мінску, мемарыялы «Спаленая вёска» (1988) на хутары Брыцалавічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., «Загінуўшых чакаюць вечна» (1990) у в. Доры Валожынскага р-на Мінскай вобл.Графічны цыкл «Духоўнасць, Адраджэнне — храмы праваслаўныя і каталіцкія» (1995—97).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІВА́ЙКА Людміла Дзмітрыеўна (н. 13.12.1940, г. Гродна),
бел. мастацтвазнавец, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1997). Скончыла маст.-графічныф-т Віцебскага пед. ін-та (1963). З 1976 працавала ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, з 1998 у Нац.маст. музеі Рэспублікі Беларусь. Даследуе маст. жыццё Беларусі 1920—30-х г., друкаваную графіку. Адна з аўтараў кніг «Кола дзён» (1987, 1988), «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 4, 1990; т. 6, 1994), «Інстытут беларускай культуры» (1993) і інш. Працуе таксама ў галіне станковай графікі, пераважна акварэлі («Гродна», 1968; «Чароўны куток», 1997, і інш.) і манум.-дэкар. мастацтва (керамічнае пано «Сям’я» ў загсе г. Гродна, 1966, і інш.).
Тв.:
К истории художественной жизни Витебска (1918—1922 гг.). Витебск, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАУ́РА Рыгор Фёдаравіч (н. 30.8.1944, в. Малы Поўсвіж Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастацтвазнавец, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1983). Скончыў маст.-графічныф-т Віцебскага пед. ін-та (1971). З 1977 выкладае ў Бел. ун-це культуры (з 1990 заг. кафедры, з 1997 праф.). Даследуе праблемы развіцця бел.прафес., нар. і самадз. мастацтва. Аўтар даследаванняў творчасці мастакоў Г.Вашчанкі, Л.Дударэнкі, А.Малішэўскага, М.Засінца, Л.Трахалёвай. Працуе ў акварэлі: пейзажы «Над возерам Лепельскім», «Кастрычніцкі мажор», «На Паўночнай Дзвіне», «Настальгія» і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 2003.
Тв.:
Беларускі пейзажны жывапіс. Мн., 1982;
Самадзейнае выяўленчае мастацтва Беларусі: Жывапіс, графіка, скульптура. Мн., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАМШУ́Р Вячаслаў Вячаслававіч (н. 20.8.1942, в. Пціцкія Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастацтвазнавец, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1980). Скончыў маст.-графічныф-т Віцебскага пед. ін-та (1970). З 1970 выкладае ў Віцебскім дзярж. ун-це (з 1986 заг. кафедры, з 1993 праф.). Даследуе гісторыю бел. мастацтва сав. перыяду. Аўтар раздзела ў «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 4, 1990), навуч. дапаможнікаў па выяўл. мастацтве. Працуе таксама ў станковай графіцы, у тэхніцы пастэлі і лінарыту: серыі «Дарога на Мёры» (1986—1994), «Віцебск і Віцебшчына» (1988—96); кампазіцыі «Зімовыя карункі» (1986), «Ваколіца» (1988), «Велікодная раніца» (1990), «Праезд праз «Зону» (1991), «Пакроўскі сабор. Вячэрняя літургія» (1996), «Вячэрняе сонца» (1997), «Ранішні туман» (1998), «Бяльмонты. Вячэрнія клопаты» (2000) і інш. Яго графічным работам уласцівы рытмічная раўнавага, выразная пластычная мова, тонкія каларыстычныя інтанацыі.