ГАРМО́НІІ ІНТАРЭ́САЎ ТЭО́РЫЯ,

эканамічная канцэпцыя, якая трактавала капіталізм як адзіны магчымы стан грамадства. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст.; найб. вядомыя прадстаўнікі: Ф.Бастыя (Францыя), Г.Ч.Кэры (ЗША). У сваіх творах развівалі ідэі аб капіталізме як адзіным магчымым натуральным стане грамадства. Ідэю эканам. гармоніі Бастыя пашырыў і на вытв-сць, і на размеркавальныя адносіны грамадства; лічыў, што гармонію можа парушыць толькі ўмяшанне дзяржавы ў эканам. адносіны людзей. Кэры абгрунтоўваў існаванне «самай поўнай гармоніі ўсіх рэальных інтарэсаў» розных слаёў грамадства, сцвярджаў, што рабочыя атрымліваюць поўны прадукт сваёй працы, а прыбытак ствараецца капіталам, які ён атаясамліваў са сродкамі вытв-сці. Паслядоўнікі гэтай тэорыі — Г.​Джордж (ЗША), Я.​Дзюрынг (Германія), М.​Х.​Бунге (Расія) і інш.

т. 5, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РАВЫ,

прынятыя ў грамадстве або калектыве ўстойлівыя ўзоры паводзін; звычаі, якія склаліся ў працэсе гіст. развіцця і маюць маральную каштоўнасць. Паняцце «Н.», блізкае да паняццяў нормы маральныя, норма паводзін, звычайна выкарыстоўваецца пры характарыстыцы ладу жыцця пэўнага грамадства. Да Н. належаць і звычаі, якія супярэчаць патрабаванням маралі і маюць адмоўную маральную каштоўнасць. Пры ўздыме ўзроўню цывілізацыі і павышэнні маральнасці грамадства Н. змякчаюцца, пры дэмаралізацыі грамадства, сац. катаклізмах адбываецца іх агрубенне (павышэнне колькасці актаў насілля, узнікненне бязлітаснасці і інш.).

т. 11, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНАВА́ННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

навукова абгрунтаванае вызначэнне мэт, паказчыкаў, заданняў (тэрмінаў, тэмпаў, прапорцый) развіцця сац. працэсаў і асн. сродкаў іх ажыццяўлення. Аб’екты П.с.: грамадства ў цэлым; кожная са сфер грамадскага жыцця; сац. працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве. Асн. мэта — дасягненне сац. справядлівасці, сац. роўнасці і сац. абароненасці людзей. Наяўнасць агульных для ўсяго грамадства мэт не выключае спецыфічных мэт, паколькі грамадства складаецца з мноства падсістэм, канкрэтных аб’ектаў, кожны з якіх займае асобнае месца і вырашае свае задачы. Гл. таксама Планаванне ў эканоміцы.

т. 12, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РГАН ((Morgan) Льюіс Генры) (21.11. 1818, Нью-Йорк — 17.12.1881),

амерыканскі этнограф, гісторык. Чл. Нац. АН ЗША (1875). Заснавальнік т-ва для вывучэння і дапамогі індзейцам (1840). Даследчык першабытнага грамадства, сцвярджаў ідэю прагрэсу і адзінства гіст. шляху чалавецтва. Першым паказаў значэнне роду як асн. ячэйкі першабытнага грамадства, эвалюцыю сям’і і шлюбу ад групавых форм да індывідуальных, абгрунтаваў палажэнне аб развіцці ўласнасці ад калектыўных форм да прыватных. Аўтар прац «Ліга іракезаў» (1851), «Старажытнае грамадства, або Даследаванне ліній чалавечага прагрэсу ад дзікасці праз варварства да цывілізацыі» (1877).

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

эліта,

лепшыя прадстаўнікі грамадства.

т. 18, кн. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ІНФАРМА́ЦЫІ І ПРАГНО́ЗУ (Белінфармпрагноз) пры адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1959 у Мінску як Ін-т навук.-тэхн. інфармацыі і прапаганды пры Дзяржплане БССР, з 1968 Бел. НДІ навук.-тэхн. інфармацыі і тэхніка-эканам. даследаванняў Дзяржэканамплана, з мая 1993 — Бел. ін-т навукова-тэхн. інфармацыі і прагнозу СМ Рэспублікі Беларусь, са студз. 1995 Белінфармпрагноз. Асн. кірункі работы: даследаванне і выпрацоўка ацэнак і прагнозаў стану грамадства, шляхоў яго рэфармавання і развіцця па наступных кірунках: унутраная і знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь, матэрыяльная вытв-сць, працэсы арганізацыі і кіравання ў грамадстве, інтэлектуальныя і інфармацыйныя рэсурсы грамадства, чалавек, сям’я, грамадства.

Г.​К.​Бурак.

т. 2, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ БАГА́ЦЦЕ,

сукупнасць даброт, створаных у грамадстве за ўвесь папярэдні перыяд развіцця. Найважнейшы паказчык сац.-эканам. стану краіны, які характарызуе эканамічны патэнцыял грамадства. Уключае: вытв. магутнасці грамадства, таварныя запасы, у т. л. дзярж. рэзервы, прыроднае багацце, інтэлектуальны фонд грамадства (назапашаны вытв. вопыт людзей, іх адукац. патэнцыял, дасягненні навук.-тэхн. думкі, інфарм. рэсурсы), сац. інфраструктуру, асабістую маёмасць грамадзян. Найб. значныя зрухі ў складзе Н.б. адбываюцца ў перыяды навукова-тэхнічнай рэвалюцыі — хутка павялічваюцца і аднаўляюцца вытворчыя фонды, у складзе невытв. фондаў усё большую долю складае маёмасць навук., навуч. і інш. падобных устаноў, паскараюцца тэмпы ўцягнення прыродных рэсурсаў у гасп. абарачэнне, павышаецца навук.-тэхн. ўзровень кадраў.

т. 11, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮРКГЕ́ЙМ ((Durkheim) Эміль) (15.4.1858, г. Эпіналь, Францыя — 15.11.1917),

французскі філосаф і сацыёлаг, заснавальнік франц. сацыялагічнай школы. Праф. сацыялогіі і педагогікі ў Бардо (з 1896) і Сарбоне (з 1902). Грамадства разглядаў як асобую рэальнасць, аснову якой складаюць сац. факты, якія існуюць незалежна ад індывідаў і здольныя аказваць на іх прымусовы націск. Сац. факты Дз. падзяляў на марфалагічныя (складаюць матэрыяльны субстрат грамадства — шчыльнасць насельніцтва, развіццё шляхоў зносін і інш.) і духоўныя (утвараюць у сукупнасці калектыўную або агульную свядомасць). Кожнае грамадства мае розную ступень сац. салідарнасці, згуртаванасці. Грамадскае развіццё — пераход ад «механічнай» салідарнасці, заснаванай на падабенстве індывідаў і функцый, якія яны выконваюць, да «арганічнай», якая грунтуецца на падзеле працы. Антыпод сац. салідарнасці — анамія. Сацыялогія Дз. — першы разгорнуты варыянт структурна-функцыян. падыходу пры вывучэнні грамадства. які атрымаў класічнае адлюстраванне ў працах Т.​Парсанса і Р.​Мертана.

Тв.:

Рус. пер. — О разделении общественного труда: Метод социологии. М., 1990;

Самоубийство: Социол. этюд. М., 1994.

А.​У.​Рубанаў.

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНАПАРТЫ́ЗМ,

гістарычны тэрмін, якім першапачаткова пазначалі паліт. рэжымы Напалеона I і Напалеона III у Францыі. Ужываецца з 19 ст. Адметны абаронай інтарэсаў буйной буржуазіі, апорай на армію і кансерватыўныя слаі сялянства, лавіраваннем паміж рознымі паліт. сіламі грамадства, спалучэннем дэмагогіі з палітыкай наступлення на дэмакр. свабоды і рэв. рух. У шырокім сэнсе банапартызм — антыдэмакр. дыктатура пэўных сац. груп, што лавіруюць паміж рознымі сіламі грамадства.

т. 2, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХО́ЎНАСЦЬ,

уласцівае асобе або сац. групе імкненне да пазнання Сусвету, месца і ролі ў ім чалавека, стаўленне да чалавечай асобы і яе творчасці як да вышэйшай мэты і каштоўнасці развіцця грамадства, падпарадкаванне матэрыяльных здабыткаў і інтарэсаў духоўным, маральна-эстэт. здабыткам і каштоўнасцям. Існуюць 3 формы Д.: Д. асобнага індывіда (асобы); Д. сац. групы (напр., інтэлігенцыі) ці грамадства ў цэлым; Д. Бога, абсалютнай ідэі (у Платона, Г.​Гегеля). Д. асобы ствараецца ў працэсе духоўнай працы; таму духоўныя адрозненні паміж людзьмі значна большыя, чым біялагічныя. Індывід. Д. становіцца сама сабой і няўхільна развіваецца пры актыўным уключэнні асобы ў духоўную сферу, культуру сац. групы і грамадства, якую яна можа засвоіць і тым самым узбагаціць сваю духоўную сутнасць у працэсе сацыялізацыі, адукацыі і выхавання. Носьбіт індывід. Д. — сац.-псіхалагічны свет пэўнай асобы, грамадскай Д. — сац. супольнасць (група, этнас, нацыя, народ). Д. грамадства трэба разглядаць як інтэграваную цэласнасць у непарыўным адзінстве з мноствам разнастайных індывід. Д. Напр., грамадская Д. бел. народа — сукупнасць духоўных прэдыкатаў, уласцівых гэтаму народу, адзінаму творцу сваёй гісторыі і культуры.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 6, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)