МІКРАСАЦЫЯЛО́ГІЯ і МАКРАСАЦЫЯЛО́ГІЯ,

галіны сацыялагічных ведаў, якія вывучаюць адпаведна сферу непасрэднага сац. ўзаемадзеяння (міжасобасныя адносіны і працэсы сац. камунікацыі ў малых групах, сфера паўсядзённай рэчаіснасці, асобныя вузкія праблемы і інш.) і буйнамаштабныя сац. працэсы і з’явы (цывілізацыі, дзяржавы, нацыі, сац. ін-ты). Мікрасацыялогія арыентуецца на вывучэнне індывідаў і іх бліжэйшага сац. акружэння, аналіз сац. адносін у параўнальна невялікіх сац. сістэмах, абмяжоўваецца эмпірычным апісаннем ізаляваных з’яў. Макрасацыялогія вывучае грамадскае жыццё і сац. працэсы як адзінае цэлае. У сучаснай сацыялогіі да мікрасацыялогіі адносяць фенаменалогію, этнаметадалогію, тэорыі сац. абмену, аналіз сац. сетак, сімвалічны інтэракцыянізм і інш. (Ч.​Кулі, Дж.​Мід, А.​Шуц, Х.​Гарфінкел, Дж.​Хоманс і інш.), да макрасацыялогіі — структуралізм, структурны функцыяналізм, неаэвалюцыянізм, неамарксізм (А.​Конт, К.​Маркс, Г.​Спенсер, П.​Сарокін, Т.​Парсанс і інш.). Макрасацыялагічная арыентацыя пераважала ў 19 — пач. 20 ст. У 1930-я г. вял. пашырэнне атрымалі эмпірычныя даследаванні, што садзейнічала развіццю мікрасацыялогіі. Прадстаўнікі макрасацыялогіі разглядаюць у якасці асн. прадмета сацыялагічнага пазнання грамадства, яго структурныя ўтварэнні, адзначаюць якасную своеасаблівасць сац. з’яў і іх нязводнасць да сац.-псіхал. ўзроўню. У мікрасацыялогіі такія з’явы і працэсы разглядаюць як абстракцыі, рэальнасць якіх немагчыма даказаць эмпірычна; з-за выкарыстання эмпірычных працэдур, сацыяметрычных метадаў мікрасацыялогію часам атаясамліваюць з сацыяметрыяй. Спробы інтэграцыі М. і м. робяцца з сярэдзіны 1970-х г.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНСА́Р (Ronsard) П’ер дэ (11.9.1524, замак Ла-Пасаньер; Францыя — 27.12.1585),

французскі паэт; прадстаўнік эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Наварскім калежы ў Парыжы (1533—34). Быў прыбліжаны да каралеўскага двара. Узначальваў літ. групу «Плеяда», што адыграла значную ролю ў фарміраванні франц. нац. мовы і паэзіі. У першай кн. «Оды» (кн. 1—5, 1550—52) паспяхова здзейсніў праграму «ўзвышэння» франц. паэзіі. Пісаў любоўныя вершы: зб. санетаў «Любоўныя вершы да Касандры» (1552, нап. пад уплывам Ф.​Петраркі і італьян. паэтаў-неапетраркістаў), цыклы санетаў «Працяг любоўных вершаў» (1555), «Новы працяг любоўных вершаў» (1556), «Санеты да Алены» (1578). У зб-ках «Кніжка свавольстваў» (1553) і «Гай» (1554) звяртаўся да «нізкага» стылю, натуральнасці і прастаты. Філас. лірыка (зб. «Гімны», кн. 1—2, 1555—56) прысвечана Сусвету і Космасу, апявае навуку, законы чалавечага быцця і ідэальнага грамадскага ладу. У цыкле «Развагі пра няшчасці гэтага часу» (1560—62) адстойваў права паэта ўмешвацца ў грамадскае жыццё. У празаічным трактаце «Кароткі выклад паэтычнага мастацтва» (1565) сфармуляваў эстэт. прынцыпы, блізкія паэтыцы класіцызму. На бел. мову асобныя яго вершы пераклала Н.​Мацяш.

Тв.:

Бел. пер. — [Вершы] // Далягляды, 1989. Мн., 1989;

Рус. пер. — Лирика. М., 1963;

Избр. поэзия. М., 1985;

О вечном: Избр. лирика. М., 1996;

У кн.: Поэзия Плеяды. М., 1984.

Літ.:

Виппер Ю.Б. Поэзия «Плеяды»: Становление лит. школы. М., 1976.

А.​В.​Хадановіч.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХО́ДЫ ВІ́ТАЎТА НА СМАЛЕ́НСК 1395—1404,

ваенныя паходы супраць Смаленскага княства з мэтай далучэння яго да ВКЛ. Спробы падпарадкаваць смаленскія землі рабіў Альгерд (1356, 1375). У 1386 пасля разгрому смалян войскамі ВКЛ каля Мсціслава (гл. Мсціслаўская бітва 1386) Ягайла пасадзіў у Смаленску сына загінуўшага ў бітве кн. Святаслава — Юрыя і прымусіў яго ў 1387 прынесці васальную прысягу. Пасля прыходу да ўлады ў ВКЛ Вітаўта Юрый, абапіраючыся на падтрымку Разанскага княства, вырашыў кіраваць самастойна. У 1395 Вітаўт заняў Смаленск і пасадзіў там сваіх намеснікаў — Якава Ямантавіча і Васіля Барэйкавіча. Пасля паражэння Вітаўта ў бітве на Ворскле 1399, Юрый з дапамогай разанскага кн. Алега і паўстаўшых гараджан вярнуў Смаленск. У 1401, 1402, 1403 Вітаўт рабіў няўдалыя спробы вярнуць горад. Пасля смерці разанскага кн. Алега (1402) прыхільнікі Вітаўта спрабавалі ўзняць у княстве мяцеж, але поспеху не мелі. У 1404 пры падтрымцы Ягайлы і нейтралітэце Маск. дзяржавы Вітаўт уключыў Смаленскае княства ў склад ВКЛ. Паводле сведчання «Хронікі літоўскай і жамойцкай», «Вітаўт... вінных усіх... пазабіваў да трох тысяч, і, абы ў Смаленску не было больш ужо бунтаў, з княства абярнуў ужо ў ваяводства». Уваходжанне смаленскіх зямель у склад ВКЛ не прынесла значных змен у іх грамадскае і эканам. жыццё, яны захавалі сваю аўтаномію, прывілеі і культ. традыцыі.

Літ.:

Ластовский Г. Смоленск и Великое княжество Литовское в XIII—XVI вв. // Край Смоленский. 1993. № 7/8.

т. 12, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЯ СВЯДО́МАСЦЬ,

сукупнасць уяўленняў, поглядаў, навук. тэорый аб чалавеку і навакольным свеце (натуральным і штучным), аб іх мінулым, сённяшнім і будучым. Не зводзіцца да арыфм. сумы індывід. свядомасцей членаў грамадства, а ўтварае арган. цэласнасць са сваімі спецыфічнымі ўласцівасцямі: грамадскім статусам і заканамернасцямі развіцця, прызначэннем і функцыямі. Грамадская свядомасць узаемадзейнічае з інш. сферамі грамадскага жыцця (вытв-сцю матэрыяльных даброт, сям’ёй і г.д.), а таксама ўплывае на асабістае жыццё індывідаў і іх паводзіны ў грамадстве. Грамадская свядомасць утварае з інш. грамадскімі з’явамі адзіную непарыўную тканіну, але пры гэтым адносна самастойная ў працэсе рэалізацыі сваёй грамадскай ролі і функцый. Грамадская свядомасць не тоесная пасіўнаму адлюстраванню таго, што адбываецца ў іншых сферах грамадства, і адыгрывае значную актыўную ролю. Аднак сама гэтая актыўнасць па-рознаму вытлумачваецца ў розных сістэмах філас.-гіст. ведаў. Калі ў ідэалістычных вучэннях ёй надаецца абсалютна самаст., субстанцыянальнае значэнне (чалавечы розум творыць навакольны свет), то паводле матэрыялістычных канцэпцый яна ёсць неабходны, але зусім не самадастатковы момант функцыянавання адзінага сац. цэлага. Матэрыялізм зыходзіць з таго, што грамадская свядомасць дыялектычна адлюстроўвае грамадскае быццё і абумоўлена ім; гэты вывад пакладзены ў аснову матэрыяліст. тэорыі пазнання. Грамадская свядомасць мае складаную ўнутр. структуру, якая ўключае розныя ўзроўні (тэарэт. і звычайная свядомасць, ідэалогія і грамадская псіхалогія) і розныя формы свядомасці (паліт. і прававая свядомасць, мараль, рэлігія, мастацтва, філасофія, навука). У сучасным грамадстве асаблівае значэнне набывае здольнасць грамадскай свядомасці мысленна апераджаць рэальны рух гіст. працэсу, што знаходзіць сваё выяўленне ў функцыі сацыяльнага прадбачання. Дасягнуты крытычны ўзровень спажывання прыродных рэсурсаў і забруджвання навакольнага асяроддзя пры крайне нераўнамерным размеркаванні, матэрыяльных даброт, якія атрымліваюцца ад гэтага, абвастрэнне многіх іншых глабальных праблем сучаснасці востра ставяць перад ім пытанне пра выжыванне. Таму павелічэнне ролі грамадскай свядомасці ў жыцці грамадства на мяжы 20 і 21 ст. звязваецца з праблемамі, ад вырашэння якіх залежыць лёс чалавецтва.

Літ.:

Общественное сознание и его формы. М., 1986;

Жуков Н.И. Проблема сознания. Мн., 1987;

Тойнби А.​Дж. Постижение истории: Пер. с англ. М., [1990);

Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МЕТРАПАЛІТЭ́Н Буд-ва пачата 3.5.1977 са ст. «Парк Чэлюскінцаў». У 1984 уведзены ў эксплуатацыю ўчастак 1-й лініі ад ст. «Інстытут культуры» да ст. «Маскоўская»

(даўж. 8,94 км, 8 станцый) уздоўж праспекта Ф.​Скарыны. У 1986 гэты ўчастак падоўжаны на 1,71 км да ст. «Усход». У перспектыве 1-я лінія (даўж. 20,8 км) звяжа жылыя раёны Уручча і Паўд. Захад. У 1990 пушчаны ўчастак 2-й лініі ад ст. «Фрунзенская» да ст. «Трактарны завод» (даўж. 7,18 км, 6 станцый). У 1995 на гэтай лініі здадзены ў эксплуатацыю станцыі «Маладзёжная» і «Пушкінская» (даўж. ўчастка 2,8 км),

у 1997 — «Партызанская» і «Аўтазаводская» (даўж. 3,6 км). З завяршэннем буд-ва 2-я лінія (даўж. 20 км) злучыць жылыя раёны Кунцаўшчына і Заводскі. 3-ю лінію (даўж. 17 км) намечана пракласці ад перакрыжавання Слуцкай шашы з вул. Каржанеўскага праз Прывакзальную пл. да жылога раёна Зялёны Луг. Агульная працягласць трох ліній М.м. складзе 59 км. На іх будзе размешчана 45 станцый з 3 перасадачнымі вузламі. У перспектыве плануецца буд-ва 4-й лініі М.м. (даўж. 16 км, 11 станцый), якая злучыць праз цэнтр жылыя масівы Чыжоўка, Серабранка і Навінкі, а праз перасадачныя вузлы забяспечыць сувязь з інш. жылымі раёнамі і прамысл. зонамі горада. Агульная працягласць 4 ліній складзе 75 км.

Станцыі М.м. — арыгінальныя творы архітэктуры. Выкарыстанне сучасных буд. канструкцый дало магчымасць стварыць адзіную прастору станцый. У іх ідэйна-маст. абліччы ўвасоблена грамадскае, вытв. і культ. жыццё Беларусі, яе гераічнае мінулае і сучаснасць. У афармленні М.м. важную ролю адыгрываюць сінтэз мастацтваў, колер і фактура аддзелачных матэрыялаў (мармур, граніт, металы, дрэва, кераміка і інш.), формы калон, дэталі свяцільняў, сродкі манум.-дэкар. і выяўл. мастацтва. Сярод стваральнікаў станцый арх. Ю.​Градаў, Я.​Леановіч, Л.​Левін, Л.​Пагарэлаў, М.​Пірагоў, мастакі В.​Даўгала, Г.​Жарын, Ю.​Івахнішын, У.​Стальмашонак, Л.​Хобатаў і інш.

В.​Ф.​Валошын, В.​А.​Ярмоленка.

Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Аўтазаводская».
Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Інстытут культуры».
Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Партызанская».

т. 10, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛТЫКО́Ў-ШЧАДРЫ́Н Міхаіл Яўграфавіч (сапр. Салтыкоў; літ. псеўд. Н.Шчадрын; 27.1.1826, с. Спас-Вугал Калязінскага р-на Цвярской вобл., Расія — 10.5.1889),

рускі пісьменнік, крытык, публіцыст дэмакр. кірунку. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1844). Служыў чыноўнікам у Пецярбургу. Светапогляд С.-Ш. складваўся пад уплывам В.​Бялінскага, М.​Гогаля, А.​Герцэна, ідэй петрашэўцаў і франц. утапічнага сацыялізму. Друкаваўся з 1841 (вершы). Першыя аповесці «Супярэчнасці» (1847) і «Заблытаная справа» (1848) сталі прычынай высылкі аўтара ў Вятку (1848—55), дзе С.-Ш. служыў чыноўнікам губернскага праўлення. Пасля вяртання ў Пецярбург служыў у Мін-ве ўнутр. спраў (1856—58), віцэ-губернатарам у Разані, пазней у Цверы (1858—62), з 1864 — у сістэме Мін-ва фінансаў у Пензе, Туле, Разані. У 1868 выйшаў у адстаўку. У 1863—65 супрацоўнік час. «Современник», з вер. 1868 член рэдакцыі і актыўны супрацоўнік, з 1877 адказны рэдактар час. «Отечественные записки» да забароны гэтага выдання ў 1884. У цыкле сатыр. нарысаў і апавяданняў «Губернскія нарысы» (1856—57), «Нявінныя апавяданні» (1857—63), «Пампадуры і пампадуршы» (1863—74), «Гісторыя аднаго горада» (1869—70), «Паны ташкентцы» (1869—72), «Дзённік правінцыяла ў Пецярбургу» (1872), «Добранамераныя прамовы» (1872—76), «За мяжой» (1880—81), рамане «Паны Галаўлёвы» (1875—80) і інш. паказаў крызіс прыгоннага ладу, дасціпна крытыкаваў бюракратыю, прыстасавальніцтва, маральную дэградацыю дваранства, рэакц. сутнасць і амаралізм прускага мілітарызму і паказной парламенцкай дэмакратыі. Сатырычны талент С.-Ш. ярка выявіўся ў апошніх творах; «Казкі» (1882—86, асобнае выданне 1884 нелегальна пад назвай «Казкі для дзяцей немалога ўзросту», легальна выд. 1887; частка казак апубл. пасмяротна), «Дробязі жыцця» (1886—89), «Пашахонская даўніна» (1887—89), дзе пісьменнік выкарыстаў прыёмы памфлета і гратэску, убачыў сваю эпоху ў кантрастных і трагічных тонах. Аўтар камедый «Смерць Пазухіна» (1857, забаронена; паст. 1893), «Цені» (1862—65, не завершана; паст. 1914), публіцыстычнага цыкла «Наша грамадскае жыццё» (1864), літ.-крытычных артыкулаў.

Творчасць С.-Ш. паўплывала на станаўленне камічнага жанру ў бел. л-ры, творчасць В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ядвігіна Ш., К.​Крапівы, развіццё публіцыстыкі, драматургіі, тэатр. мастацтва. У бел. крытыцы і літ.-знаўстве яго спадчына разглядалася як важнае звяно сацыяльна ангажыраванай маст. культуры ў кірунку крытычнага рэалізму. Газ. «Минский листок» убачыла ў ім выдатнага мысліцеля і асветніка. Супрацоўнік газ. «Голос провинции» М.​Караліцкі адзначаў актуальнасць выкрывальніцкай творчасці С.-Ш. для сучаснасці. Газ. «Гомельская мысль» у артыкулах «З мінулага», «М.​Я.​Салтыкоў-Шчадрын», «М.​Я.​Салтыкоў-Шчадрын. Да 25-годдзя з дня смерці» паведаміла новыя факты з жыцця пісьменніка, адзначыла ўплыў Бялінскага, Дабралюбава і Някрасава на станаўленне яго светапогляду. Да традыцый С.-Ш. часта звярталася бел. сав. крытыка 1930-х г. як аргумента пры абгрунтаванні рэаліст. метаду. Бел. друк у 1930-я г. адзначыў 50-годдзе з дня смерці С.-Ш. ў арт. «Вялікі сатырык» М.​Дабрыніна і інш. публікацыях. Апублікаваны бібліягр. даведнік «М.​Я.​Салтыкоў-Шчадрын» (1939). У 1950—70-я г. бел. літ.-знаўцы Дз.​Палітыка, І.​Ішчанка, Н.​Сніцарава даследавалі важныя аспекты літ., сац.-філасофскай і журналісцкай спадчыны С.-Ш. У дарэв. час мясцовыя і прыезджыя тэатр. трупы паказвалі п’есы С.-Ш. ў Мінску, Гродне, Віцебску, Магілёве, Гомелі і інш. У Брэсце ў 1883 паказана інсцэніроўка «Паны Галаўлёвы». На бел. мову яго творы перакладалі К.​Чорны («Казка аб заўзятым начальніку...», 1936), У.​Ляўданскі (кн. «Выбраныя апавяданні», 1948), Я.​Шарахоўскі («Казкі», 1953), В.​Вітка («Паны Галаўлёвы», 1956), Х.​Жычка (казка «Кісель», 1976) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—20. М., 1965—77.

Літ.:

Салтыков-Щедрин в воспоминаниях современников. Т. 1—2. М., 1975;

Политыко Д.А. Великий русский писатель-сатирик М.​Е.​Салтыков-Щедрин. Мн., 1955;

Ищенко И.Т. Пародии Салтыкова-Щедрина. Мн., 1973;

Бушмин А.С. Художественный мир Салтыкова-Щедрина: Избр. тр. Л., 1987;

Николаев Д.П. Смех Щедрина: Очерки сатир. поэтики. М., 1988;

Ауэр А.П., Борисов Ю.Н. Поэтика символических и музыкальных образов М.​Е.​Салтыкова-Щедрина. Саратов, 1988;

Салтыков-Щедрин и русская литература. Л., 1991;

М.​Е.​Салтыков-Шедрин: пробл мировоззрения, творчества, языка. Тверь, 1991;

Герасимович М.М. Уроки М.​Е.​Салтыкова-Щедрина. Мн., 1993.

У.​М.​Конан.

М.Я.Салтыкоў-Шчадрын.

т. 14, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСТЭ́ТЫКА (ад грэч. aisthētikos які адчувае, успрымае; пачуццёвы),

філасофская навука пра законы стварэння і засваення эстэт. і маст. каштоўнасцей, якія найперш характарызуюцца катэгорыяй прыгожага. Развіваючыся ў нетрах філасофіі, Э. вырашала праблемы прыгажосці звычайна ў анталагічнай сферы і была звязана з касмалогіяй, апісаннем гармоніі, парадку, рытму, пераймання ў мастацтве. Першапачаткова яна выяўлялася ў эстэт. сферы каштоўнасных адносін чалавека да свету і ў сферы маст. дзейнасці людзей. На працягу гісторыі змест Э. змяняўся ад разумення яе як філасофіі «прыгожага» да «філасофіі мастацтва».

Э. ў Платона — вучэнне пра паняцце прыгожага як выяўленне вобраза прыгажосці ў матэрыяльным свеце (анталогія). Далучэнне да прыгожага ў яго непадзельна звязана са спасціжэннем ісціны (гнасеалогія) і дасягненнем найвышэйшага дабра (этыка). Арыстоцель у сваёй «Паэтыцы» падаваў Э. як навуку пра маст. творчасць. Ням. філосаф А.​Баўмгартэн вылучаў Э. ў самаст. навуку (1733), увёў тэрмін «Э.» для вызначэння філас. вучэння пра пачуццёвыя пазнанні і меркаванні, якія выяўляюцца і ўдасканальваюцца ў мастацтве. І.​Кант разглядаў Э. як завяршальную частку агульнафілас. сістэмы; цесна звязваў эстэт. сферу з суб’ектам і яго ўспрыманнем аб’екта, г.зн. з суб’ектна-аб’ектнымі адносінамі. Гал. катэгорыямі Э. ён лічыў мэтазгоднасць, густ эстэтычны, прыгожае, узнёслае, якія звязаны ў яго з неўтылітарным сузіраннем, што надае пачуццё прыемнасці, асалоды. Г.​Гегель у «Лекцыях па эстэтыцы» (выд. ў 1832—45) вызначыў яе прадмет як «вялікае царства прыгожага», або як галіну мастацтва і маст. творчасці, і лічыў, што гэту навуку належыць назваць «філасофіяй мастацтва»; у яго вучэнні абсалютны дух самараскрываецца ў акце маст. дзейнасці. Гегель узбагаціў тэарэт. Э. гіст. разуменнем законаў развіцця эстэт. свядомасці і мастацтва. Гіст. метады мастацтва даследавалі рус. філосафы В.​Р.​Бялінскі, М.​Г.​Чарнышэўскі, Г.​В.​Пляханаў, С.​М.​Булгакаў, М.​А.​Бярдзяеў і інш. Прадстаўнікі марксісцкай Э. (М.​Ліфшыц, Д.​Лукач, М.​С.​Каган і інш.) распрацоўвалі цэласную эстэт. сістэму, у якой сцвярджалася грамадска-прыродная сутнасць прыгажосці, разглядаліся асаблівасці праяўлення эстэт. адносін чалавека да рэчаіснасці, заканамернасці дыферэнцыяцыі эстэт. каштоўнасцей, што выступаюць у канкрэтных мадыфікацыях (прыгожае і агіднае, узнёслае і нізкае, трагічнае і камічнае і інш.). Імі распрацаваны суб’ектыўны бок Э. адносін — успрыманне эстэтычнае, эстэт. сузіранне, перажыванне, эстэт. густ і ідэал эстэтычны. Іх аналіз маст. дзейнасці даў магчымасць вывучыць узнікненне Э., яе структурную і функцыянальную своеасаблівасць, месца ў культуры, законы і гіст. формы развіцця мастацтва. Аднак на мастацтва яны пераносілі ідэалаг. прынцыпы класавасці і партыйнасці, адзіным прагрэс. метадам у мастацтве лічылі рэалізм. З 1960-х г. сав. эстэтыкі распрацоўвалі аксіялагічныя, псіхал., семіятычныя і інш. канцэпцыі тэорыі; атрымала развіццё тэхн. Э., канструяванне — дызайн.

Э. абапіраецца, з аднаго боку, на філас. пазнанне, з другога — на практыку маст. творчасці і яе выяўленне ў розных відах мастацтва, асн. мэтай якога з’яўляецца стварэнне эстэт. каштоўнасцей. У адпаведнасці з гэтым у Э. вылучаюць філас. кірункі (Э. пазітывізму, інтуітывізму, структуралізму) і плыні (Э. класіцызму, рамантызму, рэалізму, сімвалізму, канструктывізму і інш.). Важная метадалаг. праблема Э. — яе адносіны да мастацтвазнаўства, музыказнаўства, тэатразнаўства, кіназнаўства і інш. маст. навук. Гэтыя навукі засяроджваюць увагу на асобых заканамернасцях, уласцівых канкрэтнаму віду маст. творчасці, а Э. імкнецца спасцігнуць сутнасць і агульныя заканамернасці маст. творчасці ў цэлым. Аб’ектам такога даследавання твораў мастацтва выступае ўласцівы ўсім яго відам мастацкі вобраз, змест і форма. Эстэт. пабудовы могуць вызначацца і імкненнем па-філасофску абгрунтаваць тэарэт. асновы маст. метаду і кірунку (Э. барока, класіцызму, натуралізму, сімвалізму і г.д.). Узровень эстэт. культуры грамадства вызначаецца ступенню пранікнення эстэт. асноў у розныя сферы жыццядзейнасці (у працу, быт, тэхніку, паводзіны, спорт, рэлігію, грамадскае жыццё). Узаемадзеянне з інш. галінамі ведаў, у якіх так ці інакш праяўляюцца эстэт. адносіны, узнікаюць такія галіны ведаў, як матэм. Э., тэарэт.-інфарм. Э., псіхал. Э., семіятычная Э., сацыялагічная Э. і да т.п.

У эстэтычнай думцы Беларусі 10—15 ст. дамінавалі рэліг.-хрысц. Э. і катэгорыя ўзнёслага, характэрныя для рэлігіі, паэзіі, музыкі, выяўл. мастацтва, архітэктуры, і маст. культура пераходнага перыяду ад сярэдневякоўя да новага часу мела прыкметы рэнесансу (гл. Адраджэнне), арыентаванага на катэгорыю прыгожага, гармонію прыроды і чалавека, асобы і грамадства, рэлігіі і навукі, духоўнай універсальнай і нац. самабытнасці (асветніцкая дзейнасць Ф.​Скарыны, В.​Цяпінскага, вальнадумства С.​Буднага, творчасць Міколы Гусоўскага, М.​Сарбеўскага, Сімяона Полацкага). У гэты час узнікла тэорыя красамоўства і паэзіі (граматыкі Л.​Зізанія, М.​Сматрыцкага, курсы паэтыкі і рыторыкі Сарбеўскага). Познарэнесансавыя плыні культуры (канец 16—17 ст.) трансфарміраваліся трансфармаваліся* ў барочны тып Э., які сінтэзаваў сярэдневяковы спірытуалізм і рэнесансавы культ прыгожага, арыентаваўся на катэгорыі маст. дасціпнасці і вытанчанасці. Катэгорыя камічнага раскрывалася ў фальклоры і інш. формах нар. культуры. Асн. кірункам Э. і маст. культуры 18—1-й пал. 19 ст. быў класіцызм, які суіснаваў з інш. плынямі (барока, асветніцкі рэалізм, сентыменталізм). У пач. 19 ст. асветніцкая Э. дэмакратызавала класіцызм, арыентавала яго на грамадска-выхаваўчую функцыянальнасць, развіццё густу (курсы паэтыкі, рыторыкі, эстэтыкі і літаратуразнаўства Ф.​Галянскага, Э.​Славацкага, Л.​Бароўскага, тэарэт. і практычная логіка А.​Доўгірда). У 1-й пал. 19 ст. пачынальнікі бел. л-ры Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, В.​Дунін-Марцінкевіч і інш. звярталіся да фалькл. вытокаў нац. культуры. Нац. самабытнасць бел. Э. сфарміравалася ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на аснове народніцкага дэмакратызму і крытычнага рэалізму (К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, К.​Каганец, Цётка, Я.​Купала, Я.​Колас, браты А. і І.​Луцкевічы, А.​Гарун, М.​Багдановіч, публіцыстыка газ. «Наша ніва» і інш.). У 1920-я г. поруч з бел. Э. адраджэнскага кірунку (Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Гарэцкі, А.​Луцкевіч і інш.) узніклі марксісцкая плынь у эстэт. думцы і нацыянал-камуніст. Э. (літ.-маст. аб’яднанні «Маладняк», «Полымя»). Спецыфічна бел. авангардызм (аквітызм) зарадзіўся ў літ. згуртаванні «Узвышша» (1926—31). У 1930—40-я г. пануючым кірункам у афіц. Э. стаў вульгарны сацыялагізм. Традыцыі нац. Э. развіваліся ў Зах. Беларусі (І.​Канчэўскі, У.​Самойла, А.​Луцкевіч і інш.). З сярэдзіны 1950-х г. пачалося адраджэнне эстэт. думкі. Даследаванні гісторыі і тэорыі Э. вяліся ў АН Беларусі, БДУ, Бел. ун-це культуры, Бел. акадэміі музыкі (А.​Б.​Ладыгіна, У.​М.​Конан, М.​І.​Крукоўскі, В.​А.​Салееў і інш.). У 1980-я — 1-й пал. 1990-х г. бел. Э. выйшла на тэорыю мастацтва і нац. культуры. Узніклі яе новыя кірункі — гісторыя і тэорыя маст. культуры, сацыялогія мастацтва, тэарэт. і гіст. культуралогія, Э. нар. творчасці, тэатр. Э., муз. культура.

Літ.:

Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965;

Лосев А.Ф., Шестаков В.П. История эстетических категорий. М., 1965;

Кант И. Критика способности суждения // Соч.: Пер. с нем. М., 1966. Т. 5;

Гегель Г. Эстетика: Пер. с нем. Т 1—4. М., 1968—73;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. Демократическая эстетика Белоруссии (1905—1917 гг.). Мн., 1971;

Каган М.С. Лекции по марксистско-ленинской эстетике. 2 изд. Л., 1971;

Бахтин М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975;

Идеи эстетического воспитания. Т. 1—2. М., 1981;

Шеллинг Ф. Философия искусства: Пер. с нем. М., 1999.

Э.​В.​Шыкунова, У.​М.​Конан (на Беларусі).

т. 18, кн. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЯДЫЧНЫ ДРУК

Гісторыя развіцця. Перыядычныя выданні на Беларусі пачаліся з выпуску газет-аднадзёнак, якія выходзілі ў ВКЛ у 2-й пал. 16 ст. — пач. 17 ст. і асвятлялі жыццё народаў ВКЛ і інш. краін Еўропы: «Новіны грозные а жалостлівые...» (1563), «Эдыкт з обозу под замком нашым Велікімі Лукамі» (1580), «Эдыкт з замку Полоцкого» (1593), «Новіны о шчаслівом поступаньні на царство Московское Найясьнейшаго Владыслава, Короля Польского» (1617) і інш. Першым на Беларусі друкаваным выданнем на польскай мове быў інфарм. бюлетэнь «Awizy Grodzieńske» («Гродзенскія весці», 1678 — пач. 18 ст.). Першая друкаваная газета на польскай мове — «Gazeta Grodzieńska» («Гродзенская газета», 1776—83), створаная па ініцыятыве А.​Тызенгаўза. Яна асвятляла найважнейшыя падзеі з жыцця Рэчы Паспалітай і ВКЛ, Расіі, краін Еўропы. У лістападзе—снежні 1792 у Гродне 2 разы на тыдзень выходзіў друкаваны орган Таргавіцкай канфедэрацыі газ. «Wiadomości Grodzieńske» («Гродзенскія ведамасці»), якая інфармавала пра падзеі, што адбываліся напярэдадні 3-га падзелу Рэчы Паспалітай. У 1796—1840 напачатку ў Варшаве, потым у Гродне, Вільні (да 1833 на польскай, з 1834 на польскай і рус. мовах) выходзіла газ. «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»); працяг яе — газ. «Kurier Wileński» («Віленскі веснік», 1841—1916; з 1865 на рус. мове).

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) і далучэння Беларусі да Рас. імперыі акрамя рас. перыёдыкі і «Літоўскага весніка» іншыя перыяд. выданні на Беларусі не выдаваліся. З 1838 Віцебскае, Гродзенскае, Магілёўскае, Мінскае губернскія праўленні выдавалі афіц. газеты (напр., «Витебские губернские ведомости»). Яны змяшчалі пастановы, распараджэнні, аб’явы, весці цэнтр. і мясц. улад, маст. творы, фальклор, краязнаўчыя даследаванні.

У 1860-я г. ў сувязі з узмацненнем нац.-вызв. руху з’явіліся нелегальная беларускамоўная газ. «Мужыцкая праўда» (1862—63, друкавалася лацінкай) і польскамоўныя «Chorągiew swobody» («Сцяг свабоды», 1863), «Głos z Litwy» («Голас з Літвы», 1864), якія выдавалі К.​Каліноўскі і яго паплечнікі. На іх старонках гучалі ідэі сац. і нац. свабоды, неабходнасці аб’яднання бел. і літоўскіх зямель у суверэнную дзяржаву. Рэвалюцыйныя ідэі К.​Каліноўскага падхапілі бел. народнікі, якія выдавалі час. «Гомон» (1884, выходзіў на рус. мове). Як пратэст супраць царызму выдаваліся польскамоўныя газ. «Słowo» («Слова», 1859, С.-Пецярбург), «Zmowa» («Змова», 1870, г. Цюрых, Швейцарыя), «Свабода» (1902, Лідскі павет). У 1886—1902 у Мінску легальна выдавалася першая на Беларусі прыватная грамадска-паліт. і літаратурная газ. «Минский листок» (у 1902—05 «Северо-Западный край»). Выходзілі таксама афіц. перыяд. выданні рус. правасл. царквы «Епархиальные ведомости» ў Мінску (1869—1917), Віцебску («Полоцкие епархиальные ведомости», 1874—1916), Магілёве (1883—1917), Гродне (1901—15). У канцы 19 ст. ў Паўночна-Заходнім краі выдавалася 14 газет, з іх 3 прыватныя.

У пач. 20 ст. пад уздзеяннем рэвалюцыі 1905—07 колькасць перыяд. выданняў на Беларусі павялічылася, у многіх губернскіх і павятовых цэнтрах выдаваліся газеты розных кірункаў: у Вільні — «Северо-Западное слово» (1898—1905), «Северо-Западный голос» (1905—15), «Белорусская жизнь» (1909—11); у Мінску — «Белорусский вестник» (1904—05), «Жизнь провинции» (1907), «Голос провинции» (1906—07), «Минское слово» (1906—12), «Окраина» (1907—08), «Минский курьер» (1908), «Минское эхо» (1908—09), «Минский голос» (1909—18), «Минская газета-копейка» (1912—15); у Віцебску — «Витебский голос» (1905—07), «Витебская жизнь» (1906), «Витебский вестник» (1912—17), «Витебский листок» (1916—19); у Магілёве — «Могилевский голос» (1906), «Могилевский вестник» (1906—17); у Гомелі — «Гомельский вестник» (1908—09), «Полесская мысль» (1909), «Полесье» (1909—12), «Белорусский голос» (1910), «Гомельское слово» (1911—12), «Гомельская копейка» (1911—17), «Отклики» (1912—15); у Брэст-Літоўску — «Западный Буг» (1909), «Наш край» (1912—14); у Пінску — «Пинский листок» (1910—11); у Бабруйску — «Бобруйские отклики» (1911—12), «Бобруйская жизнь» (1913—14), «Бобруйский курьер» (1914—19); у Лепелі — «Лепельский вестник» (1911—12); у Лідзе — «Лидское слово» (1912—13); у Полацку — «Полоцкий листок» (1913); у Мазыры — «Мозырянин» (1914—15); у Оршы — «Оршанский вестник» (1915—18). Выходзілі земскія часопісы «Вестник Минского губернского земства» (1914—15), «Вестник Могилевского земства» (1914—17) і інш.

У 1904—05 на Беларусі падпольна выходзілі перыяд. выданні РСДРП, якія прапагандавалі погляды сацыял-дэмакратаў: «Полесский листок» (1904—05), «Летучий листок Полесского комитета», «Листок Северо-Западного союза» (абодва 1905); «Минский летучий листок», «Труд» (Гомель), «Солдатская воля» (Гродна; усе 1906) і інш. Шэраг газет і часопісаў на рус., польскай і яўр. мовах выдавалі СДКПіЛ, ППС на Літве, эсэры, Бунд і інш. арганізацыі. Свае выданні на тэр. Беларусі пашырылі газетна-выдавецкія манаполіі А.​Суворына, І.​Сыціна, А.​Маркса, агенцтвы друку, што спрыяла далейшаму развіццю тут перыяд. друку.

Бел. друк актывізаваўся пасля адмены ў 1905 забароны на беларускамоўнае кнігадрукаванне. Выйшлі першыя легальныя прагрэсіўныя газеты на бел. мове «Наша доля» (1906) і «Наша ніва» (1906—15), якія вялі барацьбу за бел. нац. ідэю, бел. дзяржаўнасць. На бел. мове выдаваліся часопісы: сатырычны «Крапіва» (1912), сельскагаспадарчы «Саха» (1912—15), маладзёжныя і дзіцячыя «Маладая Беларусь» (1912—13), «Лучынка», «Раніца» (абодва 1914). У 1913—15 у Вільні на бел. мове выходзіла газ. «Беларус» (лацінкай), у 1916—18 — газ. «Гоман» (лацінкай і кірыліцай), у 1916 у Петраградзе — газ. «Светач» (лацінкай), у 1916—17 — газ. «Дзянніца». У 1-ю сусв. вайну ў Маладзечне выдавалася газ. «Вестник X армии» (1914—17); у Полацку — «Последние армейские известия» (1915); у Бабруйску — «Известия Виленского округа путей сообщения» (1916); у Барысаве, Клецку, Лунінцы, Ляхавічах, Навагрудку, Нясвіжы, Пінску, Рэчыцы, Слуцку — «Телеграммы Петроградского телеграфного агентства». Усяго ў 1817—1916 на Беларусі выходзіла 249 перыяд. выданняў, з іх 13 беларускамоўных.

Пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 на Беларусі выдавалася больш за 80 газет на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У жніўні 1917 у Мінску пачала выдавацца першая масавая легальная газ. «Звезда» (з 1927 на бел. мове). У 1917 выходзілі афіц. органы Часовага ўрада, партыйна-савецкія, салдацкія і інш. перыяд. выданні: «Вестник Минского губернского комиссариата», «Грамада», «Крестьянская газета», «Фронт», «Бюллетень военно-революционного комитета X армии» (Маладзечна), «Известия военно-революционного комитета города Витебска» (назва мянялася, з 1937 «Віцебскі рабочы»), «Бюллетень военно-революционного комитета Западного фронта», «Вольная Беларусь», «Советская правда», «Революционная ставка» (Магілёў), «Известия военно-революционного комитета III армии» (Полацк), «Белорусская рада» і інш. Свае газеты выдавалі Саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Віцебска, Гомеля, Магілёва, Мінска, а таксама Бабруйска, Горак, Мазыра, Полацка, Рэчыцы і інш.

У перыяд грамадзянскай вайны, германскай і польскай інтэрвенцыі многія выданні былі спынены. Партыйныя арганізацыі і падп. камітэты Беларусі выпускалі і распаўсюджвалі газеты, лістоўкі, адозвы, у т. л. на ням. мове. У 1918 падп. друкарня ў Мінску выдавала газ. «Спартак», падпольшчыкі Оршы — газ. «Набат» (1918—20). Выходзілі таксама газеты партыі эсэраў, Бунда, інтэрнацыяналістаў, акупацыйных улад. Нягледзячы на цяжкасці ваеннага часу, ствараліся новыя газеты: у Мінску — «Беларускі шлях», «Подпольная правда» (абедзве 1918), «Весткі часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі», «Звон», «Минский пролетарий» (усе 1919), «Беларусь», «Минский курьер» (абедзве 1919—20), «Работніцка-сялянская Беларусь» (1920); у Вільні — «Беларуская думка» (1919), «Беларускае жыццё» (1919—20); у Гродне — «Бацькаўшчына», «Беларускі народ», «Беларусь» (усе 1919), «Беларускае слова» (1920—21); у Смаленску — «Белорусская правда» (1920); у Слуцку — «Наша каляіна» (1920); у Гомелі — «Новая деревня» (1920—26) і інш. У 1918—19 у Петраградзе, а потым у Маскве выходзіла першая сав. газета на бел. мове «Дзянніца», у Смаленску, а потым у Мінску — газеты «Бедняк» (1918—19), «Савецкая Беларусь» (1920—33). Першыя бел. сав. часопісы пачалі выдавацца ў Петраградзе — «Чырвоны шлях» (1918) і «Белорусская криница» (1918—19). На тэр. Беларусі выдаваліся часопісы «Экономическая жизнь» (1918—19), «Школа и культура Советской Белоруссии» (1919—21), «Коммунистический труд» (1919—23, Віцебск), «Полесский коммунар» (1919—26, Гомель), «Рунь» (1920), «Голос труда» (Віцебск), «Коммунистическое просвещение» (Гомель), «Хозяйство Белоруссии» (усе 1920—21), «Вольны сцяг» (1920—22) і інш. Яны заклікалі беларусаў падтрымліваць сав. ўладу, ствараць чырвонаармейскія атрады, весці падп. партыз. барацьбу, аб’ядноўвацца ў барацьбе за незалежнасць Беларусі. Усяго ў 1920 выдавалася 27 газет, 15 часопісаў і інш. перыяд. выданняў.

З 1921 друк актыўна выступаў за аднаўленне разбуранай войнамі нар. гаспадаркі, за ліквідацыю беспрацоўя і непісьменнасці, за паскарэнне будаўніцтва школ і культурна-асветных устаноў. За аднаўленчы перыяд створана шырокая сетка масавых прафсаюзных, ваенных, літаратурна-маст., жаночых, маладзёжных, дзіцячых і інш. выданняў: газеты «Красная смена» (з 1925 «Чырвоная змена»), «Красноармейская правда» (з 1947 «Во славу Родины»), «Белорусская деревня» (назва мянялася, з 1991 «Белорусская нива»; усе 1921); часопісы «Искусство» (Віцебск), «Школа и культура Советской Белоруссии» (абодва 1921), «Зоркі» (1921—22), «Вперед» (1922, назва мянялася, з 1991 «Беларуская думка»), «Беларускі піянер» (назва мянялася, з 1945 «Бярозка»), «Беларуская работніца і сялянка» (назва мянялася, з 1995 «Алеся»), «Асвета» (назва мянялася, з 1960 «Народная асвета»), «Беларуская медычная думка» (назва мянялася, з 1996 «Здравоохранение»; усе 1924), «Плуг» (1925, назва мянялася, з 1991 «Хозяин»), «Шлях кааперацыі» (1925—28), «Прафесіянальны рух Беларусі» (1925—29), «Наш край» (1925—30) і інш. Узніклі выданні пісьменніцкіх арганізацый — часопісы «Полымя» (з 1922) і «Маладняк» (1923—32). У 1924—25 замест павятовых і інш. газет пачалі выдавацца акруговыя: «Вясковы будаўнік» (Слуцк), «Полоцкий пахарь», «Наш працаўнік» (Клімавічы), «Камуніст» (Бабруйск), «Савецкая вёска» (Мазыр), «Вясковая праўда» (Барысаў), «Камуністычны шлях» (Орша) і інш. Выходзілі часопісы-дадаткі да асобных газет: «Радавая рунь» (1924), «Чырвоная краіна» (1927—29), «Саветы Беларусі» (1928—29) да газ. «Савецкая Беларусь»; «Малады камуніст» (1925—26) і «Світанне» (1926—27) да газ. «Наш працаўнік». З 1924 выдаецца «Летапіс беларускага друку» (назва мянялася, з 1995 «Летапіс друку Беларусі»).

У перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі з мэтай пашырэння ідэйна-паліт., выхаваўчай і арганізатарскай работы сярод працоўных заснаваны новыя газеты: «Рабочий» (1927, з 1937 «Советская Белоруссия»), «Піянер Беларусі» (1929, з 1994 «Раніца»), «Рабселькор» (1931—33), «Літаратура і мастацтва» (з 1932), «Сталинская молодежь» (1938, з 1956 «Знамя юности»); часопісы «Сацыялістычнае будаўніцтва» (1926—37), «Паляўнічы Беларусі» (1927—33), «Партыйны работнік» (1930—31), «Беларусь калгасная» (1932), «Напагатове» (1932—33), «Блакнот агітатара» (1932—34). Створаны літаратурна-маст. часопісы «Росквіт» (1927—28), «Узвышша» (1927—31), «Чырвоная Беларусь» (1930—33, з 1944 «Беларусь»); альманахі «Надзвінне» (1926), «Росквіт» (1927), «Зарніцы» (1928; усе Полацк), «Уздым» (1926—28, Бабруйск), «Дняпроўскія ўсплескі» (1927, Магілёў). У 1931 пачалі выходзіць раённыя газеты: «Ленінскі шлях» (з 1962 «Авангард», Буда-Кашалёва), «Звязда на рубяжы» (з 1963 «Дзвінская праўда», Верхнядзвінск), «Калгасны сцяг» (з 1956 «Іскра», Чавусы), «Сацыялістычны шлях» (з 1965 «Ленінскі кліч», Крычаў), «Прымежны камунар» (з 1962 «Новае Палессе», Жыткавічы), «Сталінскі шлях» (з 1965 «Сцяг Саветаў», Клічаў), «Ленінскі сцяг» (з 1963 «Сцяг перамогі», Лёзна; назвы ўсіх мяняліся) і інш. У 1933—34 створана каля 100 шматтыражных газет — органаў палітаддзелаў МТС і саўгасаў. У 1938 з утварэннем абласцей пачалі выдавацца абл. газеты: «Віцебскі рабочы», «Гомельская праўда», «Камунар Магілёўшчыны» (з 1956 «Магілёўская праўда») і інш. У 1940 створаны агульны час. «Весці Акадэміі навук Беларусі». Усяго ў 1940 на Беларусі выдаваліся 252 газеты (гадавы тыраж 192,7 млн. экз.), у т. л. 8 рэспубліканскіх, 4 абласныя, 92 раённыя, 90 шматтыражных; 27 часопісаў і інш. перыяд. выданняў (тыраж 1,1 млн. экз.).

У Зах. Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы, у сувязі з цэнзурным уціскам газеты і часопісы друкаваліся пераважна ў прыватных і падп. друкарнях Беластока, Брэста, Вільні, Гродна, Варшавы і інш. Яны часта мянялі назвы, часам выходзілі як аднадзёнкі. Выдавецкай дзейнасцю займаліся розныя партыі і арганізацыі, якія выпускалі перыяд. (легальныя і нелегальныя) выданні: Бел. рэвалюцыйная арганізацыя выдавала газеты «Вольны сцяг» (1923), «Змаганне» (1923—24) і інш.; Бел. пасольскі клуб — «Голас беларуса» (1924), «Іскра» (1925), «Беларуская доля» (1927) і інш.; Бел. сялянска-работніцкая грамада — «Жыццё беларуса» (1925), «Беларуская ніва» (1925—26), «Беларуская справа» (1926), «Народны звон», «Наша справа» (абедзве 1926—27), «Наш голас», «Наша воля», «Наша праўда» (усе 1927) і інш.; Бел. сялянскі саюз — «Сялянская ніва» (1925—30); Бел. рабоча-сялянскі пасольскі клуб «Змаганне» — «Да працы» (1927—28), «На варце» (1930); Бел сялянская партыя — «Народ» (1927—29); Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый — «Наперад» (1929—30), «Народны звон» (1930), «Беларускі звон» (1931—32) і інш.; Таварыства бел. школы — газ. «Шлях» (1932—33), час. «Беларускі летапіс» (1933—39) і інш.; група Бел. антыфаш. фронту — газ. «Беларускі фронт» (1936—39) і інш.; выдаваліся звароты, лістоўкі, пракламацыі і інш. Выходзілі часопісы: студэнцкія «Маладое жыццё» (1921—23), «Наш шлях» (1922—23), сатырычныя «Авадзень» (1924—25), «Маланка» (1926—28), «Асва» (1934), літаратурны «Родныя гоні» (1927), жаночы «Жаноцкая справа» (1931), сельскагаспадарчыя «Саха» (1927—29), «Беларуская борць» (1934—38), «Калоссе» (1935—39), вучнёўскія і дзіцячыя «Пралескі» (1934—39), «Маладая Беларусь» (1936) і інш. Існавалі канфесіянальныя выданні: «Праваслаўны беларус» (1925), «Беларуская зарніца» (1928—29), «Голас праваслаўнага беларуса» (1931) і інш. Усе яны імкнуліся данесці да чытачоў праграмныя ўстаноўкі сваіх партый і рухаў, вялі палеміку з іншадумцамі. КПЗБ выдавала газ. «Чырвоны сцяг» (1920—38) і час. «Бальшавік» (1924—36); нелегальна выходзілі на бел., рус., польскай, літ. і яўр. мовах падп. газеты і часопісы КПЗБ і камсамола Зах. Беларусі: «Малады камуніст» (1924—37), «Пад сцягам камунізму» (1927—30), «Бюлетэнь ЦК КПЗБ» (1927—36), «Do walki» («На барацьбу», 1928—32), «Камсамолец» (1929—31), «Młody proletariusz» («Малады пралетарый», 1929—34), «Партыйнік» (1930—34), «Малады змагар» (1930—35), «Kujmy broń» («Куйце зброю», 1931—36), «Голас салдата» (1932—36), «Весткі з СССР» (1933—36), «Маладая гвардыя» (1934—35) і інш., а таксама перыяд. выданні акруговых камітэтаў, асобных райкомаў і мясц. арганізацый КПЗБ. Міжнар. арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам выдавала газ. «Чырвоная дапамога» (1925—37) і інш. Пры дапамозе дэмакратычных і нац.-вызв. арганізацый у Зах. Беларусі і за мяжой выдаваліся газеты «Барацьба» (1932—33), «Беларуская газета» (1933—34), «Наша воля» (1935—36) і інш. Усяго ў 1921—39 у Зах. Беларусі выдавалася больш за 270 перыяд. выданняў, у т. л. каля 70 газет-аднадзёнак (гл. Заходнебеларускі друк).

Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР усе перыяд. выданні, якія выходзілі там раней, былі закрыты. У 1939 створаны новыя газеты (абласныя, раённыя, міжраённыя) — органы часовых упраўленняў: «Рабочий» (з 1940 «Заря», Брэст), «Полесская правда» (Пінск), «Чырвоны сцяг» (Нясвіж), «Уперад» (Ліда), «Новы шлях» (Паставы), «Труд» (Кобрын), «За Советскую Родину» (Гродна), «Чырвоная звязда» (Івацэвічы), «Звязда» (Навагрудак), «Голас селяніна» (Стоўбцы) і інш.

У Вял. Айч. вайну на тэр. Беларусі, акупіраванай ням. фашыстамі, падпольна і ў партыз. брыгадах выдаваліся газеты, часопісы, лістоўкі, баявыя лісткі, насценныя газеты, бюлетэні і інш. перыяд. выданні, якія інфармавалі насельніцтва пра становішча на франтах, пра партыз. рух, вялі антыфаш. агітацыю і прапаганду, клікалі народ на барацьбу з ворагам. Падпольшчыкі Мінска ў студзені—лютым 1942 выпускалі «Вестник Родины», у маі—верасні 1942 — газ. «Звязда». Са студзеня 1943 у партыз. зоне на Любаншчыне выдаваліся газеты «Звязда» і «Чырвоная змена». У 1942—43 выходзілі абл. газеты «Віцебскі рабочы» Віцебскага, «Сялянская газета» Вілейскага, «Бальшавік Палесся» Палескага, «Партызан Гомельшчыны» Гомельскага, «Чырвоная звязда» Баранавіцкага, «Заря» Брэсцкага, «Палеская праўда» Пінскага, «За радзіму» Магілёўскага, «Белостокская правда» Беластоцкага падп. абкомаў КП(б)Б; камсамольска-маладзёжныя газеты «Молодой мститель» Баранавіцкага, «Молодой партизан» Беластоцкага, «Молодежная правда» Вілейскага падп. абкомаў ЛКСМБ. Больш за 120 шматтыражных газет выпускалі паліторганы партыз. фарміраванняў, у т. л. партыз. брыгады «Разгром», «Народныя мсціўцы» імя В.​Т.​Варанянскага, 16-я Смаленская. У сав. тыле выходзілі газеты «За Савецкую Беларусь» (1941—42), «Савецкая Беларусь» (1941—44), «За свабодную Беларусь» (1942) з сатырычным лістком «Партызанская дубінка» (1942—43), сатырычны часопіс-агітплакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1941, з 1945 час. «Вожык»), час. «Беларусь». Усяго ў перыяд вайны на тэр. Беларусі выдавалася больш за 160 газет (гл. Друк падпольны ў Вялікую Айчынную вайну).

У пасляваенны перыяд адноўлены выданні, якія спынілі выхад у час вайны і акупацыі Беларусі, створаны новыя, у т. л. ў новых абласцях: Гродзенскай — «Гродзенская праўда» (з 1944), Бабруйскай — «Савецкая Радзіма» (1944—45), Маладзечанскай — «Чырвоны сцяг» (1944—59), Полацкай — «Бальшавіцкі сцяг» (1945—54). Пачалі выходзіць газеты «Настаўніцкая газета» (з 1945), «Мінская праўда» (з 1950), «Физкультурник Белоруссии» (1951, з 1995 «Спортивная панорама»), «За вяртанне на Радзіму» (1955, з 1960 «Голас Радзімы»), альманах «Отчизна» (1945, назва мянялася, з 1960 час. «Нёман»), часопісы «Вожык», «Маладосць» (з 1953). Адноўлены выпуск часопісаў «Беларусь» і «Полымя», шматтыражных газет. Створаны дзіцячыя і юнацкія выданні: газ. «Зорька» (з 1945), часопісы «Бярозка», «Вясёлка» (з 1957) і інш. У 1954 з’явіліся аб’яднаныя (раённыя і гарадскія) газеты. Усяго ў 1955 выходзіла 218 газет (гадавы тыраж 233,2 млн. экз.), 39 часопісаў і інш. перыяд. выданняў (гадавы тыраж 4432 тыс. экз.).

З 1962 замест раённых выдаваліся міжраённыя (абласныя) газеты. У 1965 выпуск раённых газет зноў адноўлены. У 1967 выйшлі першыя гарадскія газеты «Вячэрні Мінск» і «Хімік» (Наваполацк). Акадэмія навук Беларусі пачала выдаваць усесаюзныя часопісы «Доклады Академии наук Беларуси» (з 1957), «Инженерно-физический журнал» (з 1958), «Журнал прикладной спектроскопии» (з 1964), «Дифференциальные уравнения» (з 1965). З 1969 выходзіць «Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта» ў 4 серыях. У часопісы пераўтвораны бюлетэні «Промышленность Белоруссии» (1968, з 1990 «Человек и экономика»), «Родная прырода» (з 1972). Створаны галіновыя бюлетэні: «На экранах Беларусі» (1957, з 1996 «На экранах»), «Служба быту Беларусі» (з 1969), «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 «Спадчына»), «Строительство и архитектура Белоруссии» (з 1991 «Архитектура и строительство»; абодва 1970), «За безопасность движения», «Рабочая смена» (абодва з 1972). На буйных прадпрыемствах і новабудоўлях заснаваны шматтыражныя газеты: «Текстильщик» (Баранавічы), «Химики» (Светлагорск, абедзве з 1965), «Нефтяник Полесья» (з 1973, Гомель), «Белорусский шинник» (Бабруйск), «Монолит» (Віцебск), «Калійшчык Салігорска» (усе з 1974), «Трудовая слава» (з 1975, Магілёў), «Электрон» (з 1976, Мінск) і інш. У 1980 на Беларусі выдаваліся 193 газеты, у т. л. 11 рэспубліканскіх, 6 абласных, 11 аб’яднаных, 3 гарадскія, 106 раённых, 54 шматтыражныя; 95 часопісаў і інш. перыяд. выданняў, у т. л. 31 часопіс.

У 1980-я г. створаны часопісы «Мастацтва Беларусі» (1983, з 1992 «Мастацтва»), «Беларуская мова і літаратура ў школе» (1988, з 1992 «Роднае слова»), «Крыніца» (1988—2003), «Экологический вестник» (з 1989); газ. «Беларускі час» (з 1989); шматтыражныя газеты «Металлург» (Жлобін), «Моторостроитель» (Мінск; абедзве з 1985), «Мозырский нефтепереработчик» (з 1986) і інш.

У канцы 1960 — пач. 1980-х г. на Беларусі ствараліся непадцэнзурныя рукапісныя ці друкаваныя выданні (самвыдат). Найбольшая іх колькасць выдавалася ў Мінску, а таксама ў абл. і раённых цэнтрах і па-за межамі Беларусі (Рыга, Талін, Беласток, Масква і інш.; яны друкаваліся на бел., рус., укр. мовах, некаторыя лацінкай). Да канца 1988 налічвалася 7 афіцыйна незарэгістраваных выданняў, у 1989—34, у 1990—53. Некаторыя з іх пазней пачалі выдавацца пастаянна: «Навіны БНФ за перабудову «Адраджэньне» (1988—94), «Унія» (1990—95), «Свабода» (1990—97) і інш. З прыняццем у СССР «Закона аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (1.8.1990), які адмяніў папярэднюю цэнзуру, непадцэнзурны друк пайшоў на спад. Частка самавыдавецкіх газет і часопісаў прайшла працэдуру афіц. рэгістрацыі, частка спыніла сваё існаванне. У 1995—2001 выходзіла каля 600 друкаваных і 40 электронных выданняў.

Асобную катэгорыю выданняў складае перыёдыка бел. дыяспары. Першыя бел. перыяд. выданні па-за межамі Беларусі з’явіліся ў 1920-я г.: «Беларускі сцяг», «Пагоня», «Крывіч» (Коўна), «На чужыне», «Голас беларуса» (Рыга), «Белорусы в Одессе», «Беларускае слова», «Белорусское эхо» (Кіеў) і інш. Пасля 2-й сусв. вайны іх колькасць вырасла. Выходзілі газеты «Бацькаўшчына» (1947—66, Германія), «Беларускі эмігрант» (1948—50), «Беларускі голас» (з 1952; абедзве Канада), часопісы «Беларус на чужыне» (1947—50), «Голас часу» (1989—95; абодва Вялікабрытанія), «Летапіс жыцця беларускай эміграцыі» (1947—91, Германія, ЗША), «Беларус у Амерыцы» (з 1949), «Беларуская моладзь» (1959—80), «Беларуская думка» (1960—91), «Беларускі сьвет» (з 1971), «Полацак» (1991—97; усе ЗША), «Баявая ўскалось» (1949—81), «Палессе» (з 1955), «Зважай» (з 1974), «Прамень» (з 1992; усе Канада) і інш. У 1940—90-я г. ў краінах са сталай бел. дыяспарай выдавалася каля 70 перыяд. выданняў, якія асвятлялі грамадска-паліт., сац.-эканам. і культурнае жыццё Беларусі, СССР, жыццё беларусаў у інш. краінах свету.

Сучасны стан перыядычнага друку. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (1991) сродкі масавай інфармацыі сталі рэгламентавацца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (ад 13.1.1995). Агульнае кіраўніцтва імі ажыццяўляе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Колькасць перыяд. выданняў значна павялічылася. Вядучае месца занялі рэсп. газеты «Советская Белоруссия», «Звязда», «Народная газета» (з 1990), «Рэспубліка» (з 1991), «Белорусская нива». Працягваецца выпуск газет «Голас Радзімы», «Беларускі час», «Літаратура і мастацтва», «Спортивная панорама», «Настаўніцкая газета», «Во славу Родины», «На страже»; часопісаў «Беларусь», «Мастацтва», «Беларуская думка», «Вожык», «Родная прырода», «Архитектура и строительство», «На экранах», «Хозяин» і інш. Пачалі выходзіць газеты шматлікіх партый і рухаў, грамадскіх, культурных і інш. аб’яднанняў, творчых і прафесійных саюзаў, міністэрстваў, агенцтваў, акцыянерных таварыстваў, прыватных асоб і прадпрыемстваў: «Коммунист Белоруссии. Мы и время», «Наша слова», «Наша доля», «7 дней», «Паляўнічы і рыбалоў» (усе з 1990), «Наша ніва», «Белорусский рынок», «Культура», «Прессбол» (усе з 1991), «Згода», «Белорусская деловая газета», «Национальная экономическая газета» (усе з 1992), «Аргументы и факты в Белоруссии» (з 1993), «Товарищ», «Ва-Банкъ» (абедзве з 1994), «Белорусская газета», «Народная воля», «Белорусская лесная газета», «Белорусская торговая газета» (усе з 1995), «Медицинский вестник», «Туризм и отдых» (абедзве з 1996), «Рабочая солидарность», «Комсомольская правда в Белоруссии» (абедзве з 1998), «Belarus today. Белоруссия сегодня», «Все о футболе» (абедзве з 1999) і інш. Выдаюцца часопісы розных кірункаў: літаратурна-мастацкія — «Нёман», «Маладосць», «Полымя», «Всемирная литература» (з 1996); навукова-метадычныя — «Народная асвета», «Роднае слова», «Пралеска», «Пачатковая школа» (апошнія два з 1991), «Адукацыя і выхаванне» (з 1992), «Пазашкольнае выхаванне», «Вышэйшая школа» (абодва з 1996); гісторыка-краязнаўчыя — «Спадчына», «Беларускі гістарычны часопіс» (з 1993); медыцынскія — «Здравоохранение», «Медицинские новости» (з 1995), «Медицинская панорама» (з 1999); ваенныя — «Армия» (з 1996); для жанчын, дома і сям’і — «Алеся», «Гаспадыня», «Женский журнал» (з 1999) і інш. Створаны новыя газеты «Обозреватель», «Ваша домашняя газета» (абедзве з 2001), «Краязнаўчая газета», «The Minsk times» («Мінскі час»), «Домострой» (усе з 2003), часопісы «Мир спорта» (з 2000), «Дзеяслоў», «Развлечение и отдых», «Индивидуальный предприниматель», «Футбол» (усе з 2002) і інш. Выдаюцца бюлетэні «Главный бухгалтер», «Информационный бюллетень», «Бюллетень нормативно-правовой информации», «Белорусский строительный рынок», «Вопросы организации и информации здравоохранения» (усе з 1996), «Каталог недвижимости» (з 2001) і інш. З дзіцячых і маладзёжных выданняў папулярныя «Знамя юности», «Раніца», «Зорька», «Переходный возраст» (з 1994), «Сюрприз» (з 1996), «Качели», «Пикничок» (абодва з 1998), «Молодежная газета» (з 1999), «Познайка» (з 2001), «Озорник» (з 2003) і інш. Вялікую ролю ў інфармацыі насельніцтва адыгрывае мясц. прэса. У Бабруйску, Барысаве, Баранавічах, Маладзечне і інш. гарадах павялічылася колькасць выпускаемых газет ад 2 да 5; некаторыя з іх выдаюцца поўнакаляровым друкам. Выходзяць абл. газеты «Віцебскі рабочы», «Гомельская праўда», «Гродзенская праўда», «Заря» (Брэст), «Магілёўская праўда», «Мінская праўда», створаны новыя — «Народная трыбуна» (Брэст), «Магілёўскія ведамасці», «Народнае слова» (Віцебск; усе з 1990). Павялічылася колькасць гарадскіх газет: «Жодзінскія навіны», «Гомельские ведомости» (абедзве з 1991), «Віцьбічы» (з 1994, Віцебск), «Новая газета» (Наваполацк), «Салігорскі веснік» (абедзве з 1996), «Минский курьер» (з 2001), прыватных: «Intex-press» («Інтэкс-прэс», з 1994, Баранавічы), «Рэгіянальная газета» (з 1995, Маладзечна), «Борисовский курьер» (з 1996), «Принеманские вести» (з 1999, Ліда), «Регион» (з 2000, Мар’іна Горка), «Жодинские вести» (з 2002) і інш. Працягваецца выданне аб’яднаных і раённых газет: «Слуцкі край», «Маладзечанская газета», «Адзінства» (Барысаў), «Аршанская газета», «Ленінскі шлях» (Горкі), «Наша жыццё» (Мінск), «Пастаўскі край», «Ашмянскі веснік», «Маяк» (Бяроза), «Працоўная слава» (Валожын), «Прамень» (Стоўбцы), «Шлях Кастрычніка» (Хоцімск), «Праца» (Зэльва) і інш.; шматтыражных: «Гродненский химик», «Минский камвольщик», «Железнодорожник Белоруссии», «Автозаводец», «Мотовело», «Белорусский тракторостроитель» і інш.

У 1990-я г. на Беларусі адноўлены выпуск «Епархиальных ведомостей». Выходзяць канфесіянальныя выданні: альманах «Веснік Беларускага экзархата» (з 1990), газеты «Царкоўнае слова» (з 1992), «Преображение» (з 1994, Слуцк), «Верую» (з 1996, Бабруйск), «Духовный вестник» (з 1997, Брэст), «Православный вестник» (з 1998, Гродна), часопісы «Крыніца жыцця» (Кобрын), «Дыялог» (Баранавічы) «Ave Maria» (усе з 1994), «Наша вера» (з 1995), «Благодать» (з 2001), бюлетэнь «Каталіцкія навіны» (з 1996) і інш. Бел. грамадскае згуртаванне татараў «Зікр-уль-Кітаб» і Мусульманскае рэліг. аб’яднанне выдаюць час. «Байрам» («Свята», з 1991), Саюз палякаў на Беларусі — газ. «Głos znad Niemna» («Голас з-над Нёмана», з 1989), час. «Magazyn Polski» («Польскі часопіс», з 1992, абодва Гродна), Саюз бел. яўр. грамадскіх аб’яднанняў і абшчын — газеты «Авив» («Вясна», з 1992), «Берега» (з 1999), Бел. грамадскае аб’яднанне ўкраінцаў «Ватра» — газ. «Украінець в Беларусі» (з 2001) і інш.

У 2002 на Беларусі для выпуску перыяд. выданняў створаны рэдакцыйна-выдавецкія ўстановы: «Літаратура і Мастацтва», у склад якой увайшлі рэдакцыі літ.-маст. выданняў «Літаратура і мастацтва», «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Всемирная литература», і «Культура і Мастацтва», у складзе якой рэдакцыі газ. «Культура» і час. «Мастацтва». Некаторыя выданні выходзяць з гіст. сімволікай гарадоў, якія ў свой час мелі магдэбургскае права.

На 1.1.2004 на Беларусі зарэгістравана 1523 перыяд. выданні, у т. л. 919 газет, 531 часопіс, 59 бюлетэняў, 2 альманахі, 3 каталогі. Выходзяць 9 абласных, каля 130 аб’яднаных, раённых і гарадскіх, 40 шматтыражных газет.

Звесткі пра бел. перыяд. выданні друкуюцца ў штомесячным бібліяграфічным паказальніку «Летапіс друку Беларусі», які з 1995 складаецца з 8 самастойных тыпаў паказальнікаў, у т. л. «Летапісу перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца». Звесткі пра сучасныя сусветныя перыяд. выданні змяшчаюць «Ulrich’s international periodical directory» («Міжнародны даведнік «Ульрык» па перыёдыцы», з 1932), «World list of social science periodical» («Міжнародны паказальнік грамадска-палітычных перыядычных выданняў», ЮНЕСКА, з 1980) і інш.

Літ.:

Краўчанка І.С. Падпольны бальшавіцкі друк у Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мн., 1950;

Периодическая печать Белоруссии, 1817—1916 гг.: Библиогр. указ. Мн., 1960;

Перыядычны друк Беларускай ССР. Вып. 2. Газеты (1917—1959 гг.). Мн., 1960;

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960;

Зерницкий М.С. Белорусская советская печать в годы иностранной интервенции и гражданской войны. Мн., 1963;

Марцелев С.В. Печать Советской Белоруссии. Мн., 1967;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова Мн., 1971;

Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі. Мн., 1974;

Яго ж. Гісторыя беларускай журналістыкі (1563—1917 гг.). Мн., 2003;

Адамовіч В.С. Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. Мн., 1975;

Зелинский П.И., Ракевич Н.А. Печать КПЗБ в борьбе за свободу. Мн., 1977;

Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;

Перыядычны друк Беларусі. Мн., 1981;

Газеты Беларускай ССР: Бібліягр. паказ. Ч. 1—2. Мн., 1984—85;

К.​Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

«Новіны грозные» 1563 года: Да гісторыі зачаткаў беларускіх газетных выданняў // Спадчына. 1994. №3;

Библиография оккупационных периодических изданий, выходивших на территории Белоруссии в 1941—1944 гг. Мн., 1995;

Пресса Республики Беларусь. Мн., 1998;

Пазацэнзурны перыядычны друк Беларусі (1971—1990);

Каталёг. Мн., 1998;

Баршчэўская Н. Беларускія часопісы на чужыне // Камунікат. 2002. №2(20).

С.​В.​Говін.

«Гродзенскія весці». Нумар за 13.12.1698.
Газета «Наша ніва». 1906.
Першы нумар газеты «Звязда». 1917.
Сучасныя беларускія газеты.
Сучасныя беларускія часопісы.

т. 18, кн. 2, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎ,

горад, цэнтр Магілёўскай вобл. і раёна. За 201 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Оршу, Асіповічы, Жлобін, Крычаў і аўтамаб. дарог на Мінск, Гомель, Віцебск, Бабруйск і інш. Порт на р. Дняпро. Аэрапорт. 368,9 тыс. ж. (1998).

Гісторыя. Тэр. М. заселена ў раннім жал. веку (5 ст.), пра што сведчаць археал. даследаванні гарадзішчаў Змяёўка і Магіла. У пач. 13 ст. М., верагодна, быў цэнтрам феад. сядзібы-вотчыны, мог выконваць і функцыі крэпасці. Знаходкі рэчаў, характэрных для мангола-татар, даюць падставы меркаваць аб знішчэнні імі М. ў сярэдзіне 13 ст. Упершыню ў пісьмовых крыніцах М. згадваецца ў 14 ст. ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх». У канцы 14 — пач. 15 ст. М. належаў Ядвізе, жонцы вял. кн. ВКЛ і польскага караля Ягайлы, у 1431 — вял. кн. ВКЛ Свідрыгайлу, з 1503 — вял. княгіні Алене Іванаўне. У 1561 М. атрымаў права на войтаўства (гар. самакіраванне), у 1577 — магдэбургскае права і герб (на блакітным полі мураваная вежа з надпісам «Печать места Могилевского»). У 16 ст. М. часта быў арэнай баявых дзеянняў у войнах Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (асабліва ў Лівонскую вайну 1558—83), у 1595 узяты казацка-сял. войскам С.Налівайкі. Нягледзячы на разбурэнні, у 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. горад інтэнсіўна рос: у 1577 у М. 1261 жылы дом, у 1588—1500, у 1604—2211. Паводле дакументаў 2-й пал. 16 ст., у М. каля 70 рамесных спецыяльнасцей, рамеснікі былі аб’яднаны ў 12 цэхаў, у 1-й пал. 17 ст. — у 17 цэхаў. Паводле гасп. значэння горад займаў адно з першых месцаў у ВКЛ, меў права на 2 кірмашы ў год. Супярэчнасці паміж гар. вярхамі і простымі гараджанамі прыводзілі да сац. канфліктаў, што найб. выявілася ў Магілёўскіх паўстаннях 1606—10. У канцы 16—18 ст. ва ўмовах Рэфармацыі і Контррэфармацыі М. з’яўляўся буйнейшым цэнтрам бел. праваслаўя. Тут ствараліся брацтвы, у 1632 засн. Магілёўская праваслаўная епархія, тады адзіная на Беларусі. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 — 67 жыхары М. ў жн. 1654 перайшлі на бок рас. войск і ўпусцілі іх у горад. У час Магілёва абароны 1655 М. вытрымаў аблогу войск Рэчы Паспалітай. Аднак з цягам ваен. дзеянняў настроі магілёўцаў змяніліся, што прывяло да Магілёўскага паўстання 1661. У 1661 кароль Ян Казімір надаў гораду новы герб: на блакітным полі 3 гарадскія вежы, у сярэдзіне — у адчыненай браме рыцар з узнятым мячом, наверсе — коннік (герб «Пагоня»). У Паўночную вайну 1700—21 М. пацярпеў у 1708 ад шведскіх і рас. войск. У 1745 у горадзе 10 408 ж., 1301 дом. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) М. у Рас. імперыі, цэнтр Магілёўскай губерні, Магілёўскай правінцыі (1772—75), Магілёўскага намесніцтва (1778—96). З 1773 М. — цэнтр Бел. рымска-каталіцкай епархіі (з 1782—83 — Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія). У 1781 зацверджаны новы герб горада: «Пагоня» на чырв. полі, а ў верхняй палавіне двухгаловы арол. У вайну 1812 акупіраваны франц. войскамі. У 1859 у М. 5 тыс. ж., 2833 дамы, 923 крамы, 29 цэркваў, 2 манастыры, 4 касцёлы, кірха, 34 сінагогі і яўр. школы. Напярэдадні паўстання 1863—64 восенню 1862 тут створана паўстанцкая арг-цыя з мясц. інтэлігенцыі, а ў 1863 — ваен.-рэв. арг-цыя ў 3-й артыл. брыгадзе, члены якіх пазней уступілі ў Магілёўскія паўстанцкія атрады. У 1897 у М. 43 119 ж., з іх 47,7% пісьменныя, 41 чал. меў вышэйшую адукацыю. У 1902 праз М. пракладзена Пецярбургска-Адэская чыгунка. У пач. 20 ст. ў М. ўзніклі мясц. арг-цыі РСДРП, эсэраў, Бунда і інш. партый. У рэвалюцыю 1905—07 працоўныя горада ўдзельнічалі ў забастоўках, у т. л. ў Кастрычніцкай Усерас. стачцы 1905, адбыўся Магілёўскі з’езд сял. дэпутатаў і інш. У 1-ю сусв. вайну з 21.8.1915 да 26.2.1918 у М. знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага.

Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у сак. 1917 быў абраны Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі меншавікі і эсэры. У 1917—18 у М. дзейнічаў Беларускі нацыянальны камітэт. У ходзе барацьбы супраць карнілаўшчыны ў М. вырас уплыў бальшавікоў. Гар. Савет прызнаў сав. ўладу, 20.11(3.12).1917 Стаўка занята атрадам рэв. войск на чале з новым галоўнакамандуючым бальшавіком М.В.Крыленкам. З 12.3.1918 М. акупіраваны польскімі легіянерамі (гл. Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), з 26.5 да 31.10.1918 — герм. войскамі. З 26.4.1919 па 3.3.1925 М. — павятовы цэнтр Гомельскай губ. РСФСР. 3 сак. 1924 зноў у складзе БССР. З 17.7.1924 цэнтр Магілёўскай акругі і Магілёўскага раёна, з 15.1.1938 цэнтр Магілёўскай вобласці. У пач. Вял. Айч. вайны створана Магілёўскае народнае апалчэнне 1941, якое з 3 да 26.7.1941 разам з рэгулярнымі часцямі Чырв. Арміі ўдзельнічала ў Магілёва абароне 1941; упартыя баі разгарнуліся на Буйніцкім полі; значная частка абсталявання з-даў і фабрык горада эвакуіравана, 26.7.1941 М. акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Захопнікі праводзілі палітыку масавага знішчэння насельніцтва і ваеннапалонных: створаны Лупалаўскі лагер смерці, гета ў раёне Дубравенкі, 341-ы перасыльны лагер для ваеннапалонных; усяго ў М. загублена 70 тыс. чал. У М. дзейнічала Магілёўскае патрыятычнае падполле. 28.6.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Магілёўскай аперацыі 1944. Пасля вайны адбудаваны. У 1970—202,3 тыс. ж.

Гаспадарка. У 17—18 ст. М. вядомы як рамесна-гандл. цэнтр, які меў гандл. сувязі з гарадамі Расіі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі. У 1783—84 дзейнічалі 33 прамысл. прадпрыемствы, у т. л. 22 гарбарныя, 7 піваварных, 2 цагельныя з-ды, 2 млыны. 3 адкрыццём Бярэзінскага канала (1805) — буйны рачны порт. Развіццё прам-сці паскорылася ў 2-й пал. 19 ст. У 1854 у М. дзейнічалі 27 цагельных з-даў, 4 мукамольна-крупадзёрныя прадпрыемствы, 34 маслабойні, развіваліся лесапільная, ганчарная, піваварная, свечачная, тытунёвая і інш. галіны прам-сці; у 1859—189 прадпрыемстваў, каля 2500 рамеснікаў; у 1885—124 прадпрыемствы, у т. л. пенькатрапальная мануфактура, Магілёўскія тытунёвыя прадпрыемствы, Магілёўскі піваварны завод; у 1897—220 прадпрыемстваў. У 1877 праведзены гар. водаправод, у 1878 — тэлефон. На пач. 20 ст. ў горадзе з’явілася лінія конкі. У 1910 пабудавана электрастанцыя, у 1913 — чыгуна-медналіцейны з-д (гл. Магілёўскі завод «Строммашына»), у 1915 — Магілёўская панчошная фабрыка. У 1912 на 170 прадпрыемствах М. працавала 712 рабочых. У 1919 дзейнічалі чыгуналіцейна-мех., маслабойны, піваварны, 2 мылаварныя з-ды, лесапільні і гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвая і гільзавая ф-кі, электрастанцыя, гар. друкарня. У 1920—30-я г. М. ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр БССР. У 1926—27 пачала дзейнічаць кандытарская ф-ка «10-ы Кастрычнік», у 1930 — Магілёўскі гарбарны завод, у 1932 трубаліцейны з-д (гл. Магілёўскі металургічны завод), Магілёўскі завод металічных вырабаў. У 1929—30 пабудавана першае на Беларусі прадпрыемства хім. прам-сці — ф-ка штучнага шоўку (гл. Магілёўскі завод штучнага валакна). У 1926—32 пабудавана чыгунка Рослаўль—Крычаў—Магілёў—Асіповічы, у 1931 адкрыта прыстань на р. Дняпро. У 1934 уведзены гар. аўтобусныя маршруты. У 1933—37 пабудаваны з-ды: аўтарамонтны (гл. Магілёўскі аўтамабільны завод), клеявы (гл. Магілёўскі жэлацінавы завод), цагельны (гл. Магілёўскі камбінат будаўнічых матэрыялаў), мэблевая ф-ка. У 1940 у М. 210 прамысл. прадпрыемстваў, каля 13 тыс. рабочых. У пач. Вял. Айч. вайны значная частка прамысл. абсталявання заводаў і фабрык эвакуіравана. Акупанты знішчылі амаль усе прамысл. прадпрыемствы. Пасля вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў у М. пачалі аднаўляцца даваен. і будавацца новыя прадпрыемствы. У 1945 адноўлены металаапр. камбінат (з 1958 Магілёўскі завод «Электрарухавік»), у 1949 пачата буд-ва з-да натуральнага каўчуку (у 1952 рэарганізаваны ў рэгенератарны з-д). У 1950-я г. М. стаў горадам машынабудавання, металургіі, хіміі. З 1960 працуе Магілёўская фабрыка мастацкіх вырабаў. З 1963 тут працуе Магілёўская стужкаткацкая фабрыка, з 1967 — Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод, з 1968 — Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Магілёўскі камбінат сілікатных вырабаў. З 1970 у М. пракладзены тралейбусныя маршруты. Развіты машынабуд. (Магілёўскі завод транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш», ВА «Тэхнапрыбор», «Зеніт» і інш.), хім. (Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», рэгенератарны з-д і інш.), лёгкая (прадпрыемствы «Магатэкс», «Вяснянка», ф-кі швейная, «Світанак» і інш.), харч. (камбінаты мясны, малочны, з-д напіткаў, хлебазавод і інш.) прам-сць. Працуюць прадпрыемствы буд. матэрыялаў, чорнай металургіі, металаапрацоўкі (Магілёўскі завод вентыляцыйных загатовак і інш.), дрэваапр. прам-сці.

Асвета і культура. Першыя школы ў М. ствараліся пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, буйных маёнтках. Пашыраным было навучанне дзяцей вандроўнымі настаўнікамі-самавукамі. У 1590—92 пры Спаскім манастыры засн. брацкая школа, у якой вывучалі грэч., лац., бел., польск. мовы, дыялектыку, рыторыку, музыку, асновы арыфметыкі, геаметрыі, астраноміі, геаграфіі. У 1740-я г. адкрыта піярская школа (навуч. ўстанова каталіцкага ордэна піяраў), у якой выкладаліся багаслоўе, гісторыя, лац. і польск. мовы, матэматыка, фізіка і інш. Пасля далучэння Беларусі да Расіі (1772) у М. пачалі адкрывацца рус. школы і вучылішчы. У 1789 створана 4-класнае гал. нар. вучылішча, на базе якога ў 1809 адкрыта мужчынская гімназія; у 1865 створаны жаночая гімназія (гл. Магілёўскія гімназіі), Магілёўская цэнтральная школа павітух, у 1875 — Цэнтр. фельчарская школа (на яе базе ў 1917 створана мед. вучылішча), у 1885 — Магілёўскае рэальнае вучылішча, у 1899 — жаночая нядзельная школа. У пач. 20 ст. створаны камерцыйнае і рамеснае вучылішчы, муз. школа, курсы бухгалтараў. У 1912 у М. 4 гімназіі, прыватная яўр. жаночая прагімназія, 14 вучылішчаў, у т. л. мужчынскае духоўнае і жаночае епархіяльнае, духоўная семінарыя, 9 школ, у т. л. жаночая 2-класная, 5 царк.-прыходскіх, 2 агульнаадукацыйныя. У 1913 засн. Магілёўскі настаўніцкі інстытут (на яго базе ў 1918 створаны пед. ін-т; гл. Магілёўскі універсітэт). У 1923 засн. пед. тэхнікум (гл. Магілёўскі педагагічны каледж), у 1928 — культ.-асв. вучылішча (з 1990 вучылішча культуры), у 1937 — муз. вучылішча. У 1932—36 дзейнічаў Магілёўскі палітыка-асветны інстытут. У 1937—53 пры пед. ін-це існаваў настаўніцкі ін-т. У Вял. Айч. вайну большасць навуч. і культ.-асв. устаноў разбурана. Да канца 1945 адноўлены 12 агульнаадук. школ, адкрыты буд. тэхнікум (гл. Магілёўскі будаўнічы каледж), у 1946 засн. Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, у 1947 — машынабудаўнічы тэхнікум (гл. Магілёўскі політэхнічны тэхнікум). У першыя пасляваенныя гады працавалі пед. і настаўніцкі ін-ты, 3 буд. школы, 2 рамесныя і 2 механізацыі сельскай гаспадаркі вучылішчы. У 1961 адкрыты Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут (на базе яго тэхнал. ф-та ў 1973 створаны Магілёўскі тэхналагічны інстытут). З 1967 працуе Магілёўскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум. У 1998/99 навуч. г. ў М.: 100 дашкольных устаноў (больш за 18 тыс. дзяцей), у т. л. 18 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, экалагічнае выхаванне, муз. і тэатр.-маст. творчасць), 2 санаторныя сады (пульманалаг. профілю і для тубвіражных дзяцей); 48 навуч. устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (больш за 35 тыс. навучэнцаў), у т. л. 3 ліцэі і 3 гімназіі з фізіка-матэм., філал., грамадска-эканам., хіміка-біял., эканам.-прававым і інш. профілямі; 6 муз. і 23 дзіцяча-юнацкія спарт. школы; 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 10 сярэдніх спец. навуч. устаноў (больш за 7 тыс. студэнтаў), у т. л. школа міліцыі, вучылішчы мед. і алімп. рэзерву; 4 ВНУ, у т. л. недзярж. фінансава-эканам. ін-т. У М. 19 масавых б-к, у т. л. Цэнтральная, 10 дзіцячых, 4 мяшанага тыпу, абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.​В.​Масленікава, Магілёўскі музей этнаграфіі (філіял краязн. музея), Магілёўскі мастацкі музей В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (філіял Нац. маст. музея Беларусі), Музей гісторыі Магілёва.

Архітэктура. У выніку археал. раскопак на ўсх. ускраіне М. выяўлены стаянка позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.), стараж. гарадзішчы Пелагееўскае (6 ст. да н.э. — 13 ст. н.э.) і Магіла (5 ст.). Ядром стараж. горада быў умацаваны драўляны замак на высокім узгорку з крутымі схіламі ў сутоках рэк Дубравенка і Дняпро. У 15 ст. М. складаўся з 3 частак: умацаванага замка (дзядзінец), Нагорскага рамесна-гандл. пасада (пазней Стары горад; абмежаваны з У Дняпром, з 3 Дубравенкай, з Пн замкавым ровам) і гандл. плошчы паміж імі. Каля 1526 на месцы старога пабудаваны новы Магілёўскі замак. У 16 ст. тэр. пасада значна пашырылася, на Пн ад яго пачала фарміравацца новая жылая забудова (пазней Новы горад), узніклі паселішчы за Дняпром (Задняпроўскі пасад) і Дубравенкай (Задубравенскі пасад), паміж Дняпром і ручаём Дзебра (Пакроўскі пасад). У 1609—33 узведзены 3 паясы абарончых умацаванняў (земляныя валы з бастыёнамі і ровам). У 17 ст. ў асноўным сфарміравалася планіровачная структура М. Яго цэнтрам стала Гандлёвая пл. (цяпер Савецкая; у 1604 яе тэрыторыя больш за 2 га), на якой размяшчаліся 26 радоў крам і Магілёўская ратуша. Ад плошчы адыходзілі 2 гал. вуліцы — Шклоўская (цяпер Першамайская) і Ветраная (Ленінская), што разам з вуліцамі-дарогамі на Вільню (ПнЗ), Быхаў (3) і Мсціслаў (Пд) фарміравалі радыяльную сістэму планіроўкі горада. У 17—18 ст. сфарміравалася Магілёўская школа дойлідства. Сярод збудаванняў гэтага часу: Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс, Магілёўскі Богаяўленскі манастыр, Магілёўскі касцёл і калегіум езуітаў, цэрквы Успенская і Пакроўская, фарны касцёл. У 1708 у час Паўн. вайны 1700—21 М. спалены і разрабаваны, да сярэдзіны 18 ст. адноўлены. У 1778 распрацаваны праектны план М., які меў на мэце ўпарадкаваць планіровачную структуру, надаць ёй рэгулярны характар. У пач. 19 ст. пачалі знішчаць абарончыя земляныя ўмацаванні, якія перашкаджалі далейшаму росту горада. У 1850 пракладзены Бабруйская шаша і Дняпроўскі пад’ём. Да сярэдзіны 19 ст. сфарміраваліся ансамблі Губернатарскай пл. (б. Гандлёвая) з адм. будынкамі на Магілёўскай Саборнай плошчы і Магілёўскім Іосіфаўскім саборам у цэнтры, манум. брамай і будынкам манежа. Арх.-маст. аблічча цэнтр. ч. горада ў 18—19 ст. вызначалі культавыя, жылыя і адм. будынкі: Магілёўскі Спаскі манастыр, Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі, Магілёўскі архіепіскапскі палац, Магілёўскі архірэйскі палац, Магілёўскі касцёл кармелітаў, касцёл і кляштар бернардзінцаў, будынак мужчынскай гімназіі, 2-павярховыя жылыя дамы. Пры ўездзе ў горад на месцы драўляных пабудаваны мураваныя брамы. На планіровачную структуру М. канца 19 — пач. 20 ст. значна паўплывала буд-ва чыгункі (1902). У паўн. ч. горада ўтворана Прывакзальная пл. з кампазіцыйным цэнтрам — будынкам Магілёўскага чыгуначнага вакзала. Пасля ўзвядзення будынка абл. драм. т-ра сфарміравалася Тэатральная пл. Тэр. горада значна пашыралася, забудоўваліся прадмесці Шклоўскае, Быхаўскае, Віленскае, Карабанаўскае, Лупалаўскае; на правым беразе р. Дняпро створана Магілёўская сядзіба «Піпенберг». Мураваныя жылыя і грамадскія будынкі размяшчаліся пераважна ў цэнтры горада. У гэты час узведзены: Магілёўскага банка будынак, Магілёўскага губернскага праўлення будынак, Магілёўскага дваранскага сходу будынак, Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча будынак, Магілёўскага крэдытнага таварыства будынак, Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак, Магілёўскія Барысаглебскія цэрквы, Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынак, будынкі рэальнага вучылішча і жаночай гімназіі.

У 1-й пал. 20 ст. ў М. рэканструяваліся старыя і будаваліся новыя прадпрыемствы, вялося масавае жыллёвае і грамадскае буд-ва. Пачалася комплексная забудова раёнаў горада. Генплан рэканструкцыі М. 1936—39 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. Н.​Трахтэнберг, М.​Андросаў) у асноўным захоўваў гістарычна складзеную планіроўку. Горад развіваўся ў шыротным напрамку. Яго структуру вызначалі 2 узаемна перпендыкулярныя дыяметры — вул. Першамайская і праспект Міру, на іх скрыжаванні сфарміраваўся новы адм.-грамадскі цэнтр — пл. Леніна. У 1938—40 тут пабудаваны Магілёўскі Дом Саветаў, адм. будынак (цяпер корпус машынабуд. ін-та; арх. П.​Абросімаў), 5-павярховыя жылыя дамы, гасцініца «Дняпро» (усіх арх. А.​Брэгман і А.​Воінаў), кінатэатр «Радзіма» (арх. У.​Вараксін) і інш. Пасля Вял. Айч. вайны горад развіваўся паводле генплана аднаўлення і рэканструкцыі 1947—50 («Белдзяржпраект», арх. Андросаў, Г.​Парсаданаў). Асн. ўвага аддавалася забудове цэнтр. вул. Першамайскай з прылеглымі да яе кварталамі. З 1960-х г. М. забудаваўся пераважна буйнымі масівамі — жылымі раёнамі і мікрараёнамі. Першыя мікрараёны створаны ў зах. ч. горада — Магілёў-2 (з 1962), Мір-1, -2 (з 1964), пазней ва ўсх. напрамку — «Юбілейны» (з 1967, усіх арх. І.​Фралоў). Паводле генплана 1969 («Белдзяржпраект», арх. Ю.​Глінка, М.​Трыгубовіч, М.​Семяненка) горад развіваўся пераважна ва ўсх. і паўд. напрамках. У паўд. ч. сфарміраваліся новыя жылыя раёны — Задняпроўскі, пазней па пр. Дзімітрова. Інтэнсіўна забудоўваюцца праспекты Пушкінскі, Шміта, Дзімітрава. Для паляпшэння трансп. сувязі з новымі раёнамі ўзведзены 3 масты цераз р. Дняпро. У цэнтр. ч. горада паводле праекта рэканструкцыі вул. Першамайскай (1974, арх. Фралоў) узведзены першыя 3 буйнамаштабныя жылыя дамы з комплексам прадпрыемстваў быт. абслугоўвання (арх. Фралоў, Р.​Борахаў, Я.​Бранцаў, Ю.​Іўжанка), будынкі б. абкома КПБ (цяпер Дом юстыцыі, арх. А.​Кучарэнка, Ю.​Шпіт), дыягнастычнага цэнтра (арх. К. і Г.​Аляксеевы), у інш. ч. горада — гасцініцы «Магілёў» (арх. В.​Астаповіч, Г.​Бенядзіктаў, А.​Лукомская) і «Турыст» (арх. Борахаў, А.​Валовіч), Палац піянераў і школьнікаў (арх. Семяненка, А.​Мельнікаў), Палац культуры камбіната «Хімвалакно» (арх. Я.​Смальгоўскі, В.​Ладыгіна, Астаповіч), карпусы ін-таў педагагічнага (арх. Фралоў, Кучарэнка, Г.​Аляксеева), машынабуд. (В.​Шаўчэнка, Кучарэнка, А.​Юрын) і тэхналагічнага (Ю.​Павалій, У.​Начараў, С.​Сень), навукова-тэхн. аб’яднання (цяпер тэхнапарк, арх.В.​Кільчыцкі), абл. статыстычнага ўпраўлення, вяслярнай базы (арх. І.​Голубева), будынкі кінатэатраў «Кастрычнік» (арх. Кучарэнка) і «Ветразь» (арх. Г.​Бранцаў, С.​Варанец), дзіцячай бальніцы і радзільнага дома (арх. Юрын), аблсаўпрофа (арх. І.​Магазінер), цэнтр. райвыканкома і філіяла Белаграпрамбанка (арх. Кучарэнка), аэрапорт (арх. М. і А.​Семяненкі), дамы дзіцяці (арх. У.​Свінарэнка), друку (арх. А.​Шарапава) і інш. Паводле карэкціроўкі генплана 1969 (1981, БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Глінка, А.​Горб, М.​Мызнікаў) горад развіваўся ў паўн.-ўсх. напрамку, ствараўся агульнагар. цэнтр уздоўж праспекта Міру і р. Дубравенка. Паводле праекта дэталёвай планіроўкі 1988 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжана далейшая рэканструкцыя забудовы цэнтра горада. У розных раёнах М. пабудавана шмат жылых дамоў паводле індывід. праектаў. Створаны дзіцячы парк, лесапаркі Любужскі і Пячэрскі са штучным возерам. З 1993 ін-там «БелНДІПгорадабудаўніцтва» (пры ўдзеле ін-та «Магілёўграмадзянпраект») вядзецца распрацоўка новага генплана.

У М. брацкія магілы: сав. воінаў; апалчэнцаў; сав. воінаў і падпольшчыка; лётчыкаў, чырвонаармейцаў; магіла ахвяр фашызму. Узведзены мемар. комплексы «Змагарам за Савецкую ўладу» (1982, скульпт. Л.​Гумілеўскі, арх. К.​Аляксееў, А.​Іваноў), на месцы лагера смерці (1948, 1984). Помнікі А.​С.​Пушкіну, М.​Горкаму, Герою Сав. Саюза І.​С.​Лазарэнку, землякам, надмагільны помнік А.​В.​Пысіну, бюсты двойчы Героя Сав. Саюза І.​І.​Гусакоўскага, мастакоў В.​Бялыніцкага-Бірулі, П.​Масленікава і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1616—1773 у М. існавала Магілёўская брацкая друкарня, якая выпускала л-ру на бел., грэч., лац. і польск. мовах. Царк. і свецкую л-ру на бел. і польск. мовах з 1676 выдавала брацкая друкарня пры Богаяўленскім манастыры. З 1774 дзейнічала кансісторская друкарня (гл. Магілёўская друкарня), у якой выкарыстоўваўся грамадз. шрыфт. Сярод шматлікіх выданняў яна друкавала і даведачную л-ру: «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783 г.» (1782), «Беларускі каляндар на ...» (1784—95), царк. календары. У 1833—1917 пры губ. праўленні працавала Магілёўская губ. друкарня, якая акрамя афіц. матэрыялаў і л-ры свецкага характару з 1838 друкавала газ. «Могилевские губернские ведомости., штогоднія даведнікі «Памятныя кніжкі Магілёўскай губерні» (1861—1916), «Агляд Магілёўскай губерні» (1879—1915) і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў М. пачалі стварацца прыватныя друкарні. У 1883—1917 выдаваліся час. «Могилевские епархиальные ведомости» з дадаткам «Воскресенье» (у 1991 адноўлена). У пач. 20 ст. ў М. дзейнічала друкарня Магілёўскай арг-цыі РСДРП. Перыяд. выданняў значна пабольшала, выходзілі таксама працы, справаздачы, даклады і інш., што мелі працяг. Газ. «Могилевские губернские ведомости» мела дадаткі «Сельскохозяйственный листок» (у 1901—9 нумароў) і «Могилевский листок сельского хозяйства и охоты» (1902—05). Акрамя афіцыйных, выдаваліся розных кірункаў грамадска-паліт. і літ. газеты: штодзённая левакадэцкая «Могилевский голос» (1906), праваакцябрысцкая «Могилевский вестник» (1906—17) з дадаткамі — час. «Вестник земского хозяйства Могилевской губернии» (1907—08) і «Листок Коммерческого отдела Могилевского общества сельского хозяйства» (1908—09); «Могилевский курьер» (1911). Губернская земская ўправа выдавала штодзённыя газеты: у 1910 «Могилевскую земскую неделю», у 1917 «Могилевскую жизнь», у 1914—17 «Вестник Могилевского земства». У 1910—11 выходзіў пед. час. «Белорусский учительский вестник». У 1-ю сусв. вайну, калі ў М. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага, выходзілі перыяд. выданні рознай арыентацыі: для распаўсюджвання ў арм. часцях «Наш вестник» (1915—17) з ілюстраваным дадаткам, т.зв. беспарт. сацыяліст. орган «Свобода, равенство и братство», газ. «Живое слово», органы Стаўкі Часовага ўрада «Вестник главного комитета союза офицеров армии и флота» і «Бюллетень штаба Верховного главнокомандующего» (усе 1917). У час акупацыі М. герм. войскамі выходзілі газ. «Труд», якую выдавалі афіцэры белай гвардыі, газ. кадэтаў «Эхо» (абедзве 1918). Ваен.-рэв. к-т пры Стаўцы выдаваў газ. «Революционная ставка» (ліст. 1917 — сак. 1918). Свае грамадска-паліт. газеты выпускалі Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў: «Молот» (май — вер. 1917), «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» (са студз. 1918, неаднаразова мяняла назву, з 1956 «Магілёўская праўда»).

У 1919—20-я г. выходзілі насценныя газеты РОСТА, газ. «Красноармеец», аднадзёнкі, бюлетэнь «Работница и крестьянка». Грамадска-паліт. і літ. газ. «Соха и молот» (1919—24) выпускала штотыднёвы лісток «Красная молодежь» (1920—21) і «Профессиональный двухнедельник» (1921). На прадпрыемствах горада пачалі выпускаць шматтыражныя газеты. У 1931 пачала выходзіць газ. «За камуністычную працу» (мяняла назвы, сучасная «Прыдняпроўская ніва»). У пач. Вял. Айч. вайны ў М. друкавалася рэсп. газ. «Звязда». У часы ням.-фаш. акупацыі магілёўская падп. арг-цыя «Камітэт садзеяння Чырв. Арміі» выпускала малафарматную газ. «За Родину» (з 1942, з восені 1942 — «За Советскую Родину»).

Выходзяць газеты: абл. «Магілёўская праўда» на бел. і рус. мовах) з дадаткам газ. «Днепровская неделя», «Магілёўскія ведамасці» (з 1990, на бел. і рус. мовах), раённая «Прыдняпроўская ніва» (на бел. і рус. мовах), гар. «Вечерний Могилев» (з 1993) з дадаткам, «Веснік Магілёва» (з 1990) з дадаткам, «Толока» (з 1990) з дадаткамі, «Зямля і людзі» (з 1992, на бел. і рус. мовах), «Воскресная газета», «Тыднёвік Магілёўскі» (абедзве з 1996); «Могилевские епархиальные ведомости» і інш. Дзейнічае абл. арг-цыя Бел. саюза журналістаў.

Радыёвяшчанне з 1918, пастаяннае з 1944. Тэлебачанне з 1964, працуюць абл. студыя «Магілёў-1» і гар. канал «Магілёў-2».

Літаратурнае жыццё. У 17 ст. ў М. пэўны час працаваў паэт і філосаф А. (Ян) Белабоцкі (Белаблоцкі). Гісторыі горада прысвечана Магілёўская хроніка, створаная ў канцы 17 — пач. 18 ст. У 1799 на Магілёўшчыне пабываў рус. паэт Г.​Дзяржавін. У М. спыняўся А.​Пушкін (1820, 1824), праз яго праязджалі М.​Гогаль (1828) і Т.​Шаўчэнка (1843, 1847). Пра М. і інш. бел. гарады пісаў у «Паходных запісках рускага афіцэра» (1820) І.​Лажэчнікаў. У 1818 тут выйшаў падрыхтаваны пісьменнікам і педагогам Ф.​Орля-Ашменцам першы на Беларусі час. «Отечественный памятник». У М. нарадзіўся фалькларыст і этнограф П.В.Шэйн. У яго зборніках, асабліва ў «Матэрыялах для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902) шырока прадстаўлены бел. матэрыял, у т. л. запісы, зробленыя ў М. і на Магілёўшчыне. У 1853 у Пецярбургу выдадзены зб. «Народныя беларускія песні», запісаныя на Магілёўшчыне ўраджэнкаю горада К.​І.​Паўлоўскай (Кігн). У 1859 С.С.Акрэйц, які працаваў у М., намерваўся выдаць тут час. «Белорусский вестник» (праект складзены і ўхвалены рэдакцыяй час. «Современник»), але яго задума не здзейснена. У 1860-я г. ў М. паявіліся літ. творы на бел. мове (гутаркі Ф.​Блуса, брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела», 1861, мяркуемы аўтар А.​Кісель). У 1900 выйшаў зб. бел. твораў «Тарас на Парнасе і іншыя беларускія вершы» (2-е выд. ў 1902 акрамя гэтай паэмы ўключала вершы Ф.​Багушэвіча, В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча і інш.). У 1896—1906 у М. працаваў бел. этнограф, фалькларыст і археолаг Е.Р.Раманаў. У пач. 20 ст. ў Магілёўскай гімназіі вучыўся бел. пісьменнік М.Грамыка, у духоўнай семінарыі — М.Зарэцкі (з 1919 настаўнічаў на Магілёўшчыне, у 1920 працаваў у М. заг. валаснога аддзела работнікаў асветы), В.Шашалевіч, А.Мрый. У 1909—10 у гарбарных майстэрнях М. працаваў Ц.Гартны, пісаў тут вершы, пасылаў карэспандэнцыі ў газ. «Наша ніва»; у М. прайшлі і апошнія яго дні. М. увайшоў у бел. л-ру дзякуючы паэме Я.​Купалы «Магіла льва» (нап. 1913), вершу М.​Багдановіча «Летапісец», нарысу М.​Гарэцкага «Магілёў». У 1918 вакол газ. «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» групаваліся мясц. пісьменнікі. У 1920-я г. дзейнічала Магілёўская філія літ. аб’яднання «Маладняк», рэарганізаваная пазней у філію Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Тут выдаваліся «Зарніцы» (літ. дадатак да газ. «Соха и молот», 1924), літ. альманахі «Дняпроўскія ўсплёскі» (1927), «Ранне» (1929). Праводзіліся літ. вечары, прысвечаныя творчасці пісьменнікаў. Горад неаднойчы наведвалі Я.​Купала, Я.​Колас, А.​Куляшоў; у 1924 у М. прыязджала ў творчую камандзіроўку група бел. пісьменнікаў на чале з Я.​Купалам, у ліст. 1928 з групай пісьменнікаў быў Я.​Колас, у лютым 1930 — Я.​Калас, З.​Бядуля, П.​Броўка, М.​Нікановіч, І.​Цвікевіч. У студз. 1933 Я.​Купала, Ц.​Гартны, П.​Галавач, М.​Лужанін, А.​Александровіч і інш. сустракаліся з чытачамі ў Доме Чырв. Арміі і пед. ін-це. У крас. 1938 Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Клімковіч прысутнічалі на спектаклі «У пушчах Палесся» Я.​Коласа, якім адкрываў гастролі ў горадзе БДТ-2. У 1920—30-я г. ў М. працавалі В.​Бурносаў, Э.​Валасевіч, П.​Пруднікаў (рабочымі), І.​Баранкевіч, Ю.​Лявонны, Г.​Шчарбатаў (у газетах «Соха и молот», «Магілёўскі селянін», «Камунар Магілёўшчыны»), выкладалі ў пед. ін-це І.​Гутараў (і ў палітыка-асветным ін-це), Ю.​Гаўрук, Дз.​Палітыка, Ю.​Пшыркоў, у пед. тэхнікуме В.​Гарбацэвіч, у мед. вучылішчы Я.​Журба. У навуч. установах горада вучыліся У.​Агіевіч, М.​Барсток, А.​Бялевіч, Я.​Васілёнак, М.​Гарулёў, А.​Дзеружынскі, Я.​Курто, М.​Ларчанка, Ю.​Лявонны, В.​Матэвушаў, І.​Новікаў, Палітыка, П.​Прыходзька, С.​Фамін, Я.​Шарахоўскі, П.​Шасцерыкоў, М.​Шумаў, У.​Шахавец, Шчарбатаў і інш. У пач. Вял. Айч. вайны як ваен. карэспандэнты ў М. прыязджалі А.​Суркоў і К.​Сіманаў (абароне горада прысвяціў свае рэпартажы, раман «Жывыя і мёртвыя»). Сіманаў сустракаўся ў М. з чытачамі ў 1965, 1966 і 1974; паводле завяшчання пісьменніка пад Магілёвам на Буйніцкім полі — месцы суровых баёў у 1941 — развеяны яго прах. Выдадзены альманахі «Літаратурны Магілёў» (кн. 1—2, 1949—50), «Дняпро» (1957), «Прыдняпроўе» (1958). Літ. жыццё М. ажывілася з 1960, калі тут створана аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пры газ. «Магілёўская праўда» працуе літ. аб’яднанне «Прыдняпроўе». У 1980-я г. ў М. шырока адзначалася 60-годдзе І.​Мележа, 70-годдзе Сіманава, Куляшова, 100-годдзе з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа. У 1986 літ. вечар быў прысвечаны гераічнай абароне М. У Пушкінскім свяце паэзіі (май 1988) удзельнічалі І.​Чыгрынаў, В.​Зуёнак, П.​Макаль, А.​Пісьмянкоў, А.​Мельнікаў, М.​Луфераў, ва Усесаюзных сіманаўскіх літ. чытаннях (ліп. 1988) — рус. і бел. пісьменнікі А.​Вазнясенскі, Р.​Казакова, Р.​Раждзественскі, Я.​Хелемскі, І.​Шклярэўскі, В.​Быкаў, Р.​Барадулін, А.​Жук, Л.​Прокша, І.​Аношкін і інш. Наладжаны сувязі з пісьменнікамі Браншчыны, Чарнігаўшчыны, Ровеншчыны, дзе ў днях л-р удзельнічалі магілёўскія пісьменнікі А.​Пысін, Аношкін, А.​Кандрусевіч і інш. У снеж. 1997 у М. выступалі ўдзельнікі Дзён рус. л-ры ў Беларусі М.​Аляксееў, Ю.​Кузняцоў, Г.​Пашкоў, П.​Праскурын, В.​Сарокін, К.​Скварцоў. У М. нарадзіліся П.​Кабзарэўскі, Р.​Бярозкін, Валасевіч, І.​Клаз, М.​Шумаў. У Магілёўскім пед. ін-це вучыліся Дз.​Бугаёў, Г.​Бубнаў, Луфераў, В.​Ракаў, М.​Янчанка, Шклярэўскі, М.​Казакоў, Аношкін, С.​Марчанка, В.​Хаўратовіч, А.​Палітыка, А.​Салтук, Р.​Яўсееў, Кандрусевіч, У.​Буграмееў і інш., у вучылішчах — С.​Гаўрусёў, Л.​Левановіч, С.​Панізнік, настаўніцкі ін-т скончыў Г.​Юрчанка. У М. жылі і працавалі пісьменнікі Валасевіч, Палітыка, А.​Макарэвіч (выкладалі ў пед. ін-це), М.​Ткачоў, Гарулёў, Валасевіч (у газ. «За Радзіму»), Матэвушаў, Пысін, В.​Карамазаў, Кандрусевіч (у газ. «Магілёўская праўда»), А.​Макаёнак, І.​Сіўцоў, М.​Шумаў, Шасцерыкоў, Ракаў, Мельнікаў і інш. У М. (1999) жывуць і працуюць пісьменнікі Аношкін, У.​Дуктаў, Я.​Клімуць, М.​Лук’янаў, І.​Пехцераў, В.​Рагаўцоў і інш.

Мастацкае жыццё. М. здаўна вядомы як буйны цэнтр рамёстваў і маст. промыслаў. У 14—16 ст. тут развіваліся кавальства, ткацтва, маст. апрацоўка дрэва, скуры, металаў (ліццё, коўка, чаканка), ружэйная справа, ювелірнае мастацтва. З 15 ст. М. — цэнтр керамічнай вытв-сці (гл. Магілёўская кераміка, Магілёўская кафля). Вядомы імёны мастакоў 16 ст. Макара Акулініча, Дзмітра Івановіча, Ісака Івановіча, Ламакі (Ламаты) Федаровіча, Семяновіча. У 17 ст. высокага ўзроўню дасягнула маст. ліццё і коўка (выраблялі алавяны посуд, ліхтары, гарматы, званы, пазалочаныя і пасярэбраныя рэчы з медзі, жалеза і інш.), набойка, маст. шкло. У канцы 17 ст. склалася Магілёўская школа гравюры. Фасады жылых дамоў упрыгожвалі размалёўкай, разьбой па дрэве, культавыя будынкі — разьбой па камені (Пакроўская царква, 1668—87). Выдатнымі ўзорамі бел. нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва з’яўляюцца іканастас і царскія вароты Магілёўскай Мікалаеўскай царквы і інтэр’ер Богаяўленскага сабора работы мясц. майстроў. У 17 ст. працавалі мастакі Ігнат Соц, Фёдар, Афанасій Пігарэвіч і інш., у 18 ст. А.​Главацкі (партрэтыст, дэкаратар, архітэктар), У.​Баравікоўскі (выканаў эскізы і размаляваў фрэскамі Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, намаляваў шэраг партрэтаў і абразоў), Чайкоўскі (удзельнічаў у аздабленні фрэскамі Магілёўскага касцёла кармелітаў), Пігарэвіч (маляваў абразы, афармляў інтэр’еры), Ежы Александровіч (партрэтыст), жывапісцы Якуб Бараховіч, Мацвей Філановіч, Цімка Флюндра, Ян Чурула, Яўстафій Маргун, Лявон Сілініч, Пётр Сілініч, Андрэй Казак, Васіль Сушчэўскі, Максім Мастак, Якуб Малук, Васко, Карней, Арон, Маеўскі, Міхал, Айзік Сегаль, ювелір і чаканшчык Афанасій Воўчак. На мяжы 18—19 ст. тут працаваў Ю.Пешка. Зберагліся ўзоры высокамаст. арх. лепкі і маст. ліцця, разьбы па дрэве. У 19 ст. ў М. працавалі прыгонны мастак Ф.​Тулаў, шэраг краявідаў у 2-й пал. 19 ст. намалявалі Н.Орда, Ф.​Пархоменка, І.​Чамаданаў. У канцы 19 ст. ў М. дзейнічалі Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, прыватная маст. школа, якой кіраваў Пархоменка, у 1900—05 — Т-ва вывучэння бел. краю. Пасля 1917 у М. існаваў цэнтр. музейны фонд, які меў на мэце ахову помнікаў мастацтва. У 1919 створаны Магілёўскі дзярж. гіст. музей (існаваў да 1941). У 1920-я г. ў М. працавалі мастакі М.​Цеханоўскі, Р.​Пархоменка і інш., дзейнічаў філіял Рэвалюцыйнай арганізацыі мастакоў Беларусі; праводзіліся выстаўкі магілёўскіх мастакоў. У М. экспанаваліся творы 3-й Усебел. маст. выстаўкі (1928), графікі бел. мастакоў (1941). У пасляваенны час выстаўкі мастакоў М. і вобласці прайшлі ў 1952, 1955, 1969, 1971, 1972, персанальныя А.Бархаткова (1968) і У.​Кульваноўскага (1969), сатыры бел. мастакоў, да семінара творчай моладзі (абедзве 1968), графікі (1973) і інш. Маст. жыццё актывізавалася пасля стварэння Магілёўскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі (1974) і аб’яднання маладых мастакоў вобласці (1976). Сярод найб. значных выставак 1970—80-х г. «30 год Вялікай Перамогі» (1975), маладых мастакоў Магілёўшчыны (1977), мастакоў вобласці, перасоўная «Пейзаж нашай Радзімы», твораў мастакоў г. Габрава (Балгарыя, усе 1978), нар. мастацтва Францыі (1981), прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння М.​Багдановіча, рэспубліканская бел. графікі (абедзве 1982), маладых мастакоў М., твораў А.​Гараўскага, бел. сав. эстампа (усе 1983), да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, персанальныя Г.​Туроўскай, Г.​Конавай, У.​Кузьміча (усе 1984), В.​Грамыкі (1998) і інш. З 1997 праводзяцца кожны год у М. пленэры: В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (1997), М.​В.​Неўрава (1998), П.​В.​Масленікава (1999). Працуюць Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.​В.​Масленікава, Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі.

Тэатральнае жыццё. Тэатр у М. вядомы з 1698 (паказы дыялогаў). У 1722—32 існаваў школьны т-р пры езуіцкім калегіуме. У 1780 пабудавана спец. памяшканне (арх. Брынгозі) т.зв. т-ра Чарнышова. У канцы 1780-х г. функцыянаваў прыватны т-р арцыбіскупа С.​Богуш-Сестранцэвіча. Паміж 1792 і 1795 выступала трупа на польск. і рус. мовах, сфарміраваная А.​Ш.​Жукоўскім. У 19 ст. былі пашыраны паказы батлейкі. У 1888 пабудаваны будынак гар. тэатра, у якім у 19 — пач. 20 ст. выступалі рус. трупы Пецярбургскага літ.-маст. т-ра і кабарэ «Лятучая мыш», Малога т-ра пад кіраўніцтвам А.​Яблачкінай, трупы Г.​Волгіна, Ф.​Карскага, П.​Максімава, С.​Няволінай, Р.​Неўскага, Ф.​Корша, Ф.​Хмары; польск. трупы В.​Ашпергера, К.​Фядзецкага, Ю.​Кондрата, Я.​Хелмікоўскага; гастраліравалі буйныя майстры сцэны (В.​Камісаржэўская, П.​Арленеў, бр. Адэльгеймы, В.​Далматаў, Ю.​Жукоўская, М.​Занькавецкая, М.​Петыпа, М.​Садоўскі, Г.​Фядотава, Ю.​Юр’еў і інш.). У 1900—04 дзейнічаў Магілёўскі аматарскі тэатр. У 1910—16 у М. выступала трупа рус. акцёраў пад кіраўніцтвам У.​Кумельскага. Канцэрты і спектаклі наладжвалі аматарскія калектывы. У 1919—20 створана сетка тэатр. гурткоў, у сярэдзіне 1920-х г. існавалі калектывы «Сіняй блузы». Арганізаваны: сав. т-р (1919), рус. драм. трупа «Пошукі» (1921), Першы паказальны т-р (1920—22). У 1935—41, 1944—45 у М. працаваў Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі. У 1946—49 існаваў Магілёўскі драматычны тэатр. Дзейнічаюць: Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі абласны тэатр лялек.

Музычнае жыццё. Навучанне хар. спевам было адной з асн. вучэбных дысцыплін у школах пры правасл. брацтвах (1-е засн. ў 1578). У 17 ст. Магілёўская брацкая друкарня выдавала нотныя зборнікі. Музыка суправаджала спектаклі школьнага т-ра, што існаваў пры езуіцкім калегіуме з 1-й пал. 18 ст. У 1780 з нагоды сустрэчы ў М. імператрыцы Кацярыны II у горадзе выступалі італьян. опера і прыдворная капэла, выпісаныя З.​Р.​Чарнышовым з Пецярбурга. У канцы 18 — пач. 19 ст. пры т-ры Чарнышова існаваў прыгонны аркестр. У М. пачынаў творчую дзейнасць І.Дабравольскі. У 19 ст. муз. жыццё горада канцэнтравалася вакол гімназій і семінарый. Музыку і спевы ў гімназіі выкладаў М.​Лустгартэн, на чале з якім наладжваліся канцэрты вучняў, выкладчыкаў і інш. аматараў музыкі. Муз. спектаклі паказвалі гастрольныя тэатр. трупы: у 1842 ішла камічная опера С.​Манюшкі «Карманьёла, або Французы любяць жартаваць» на лібрэта А.​Корвін-Мілеўскага. У 1860 Л.Скрабецкі арганізаваў і наладзіў у Варшаўскім муз. ін-це сіламі магілёўскіх музыкантаў муз. вечарыну на карысць вучняў Магілёўскай губ. Гарадзецкі прыгонны квартэт У.​Г.​Кастрыёта-Скандэрбека часта выконваў у горадзе творы В.​А.​Моцарта і Л.​Бетховена. Тут выступалі скрыпачы Г.​Ягеман (Ягноў), І.​Крушэўскі, піяністка Л.​Чачкова. Працавалі муз.-драм. т-ва з аддзеламі вак. і інстр. музыкі і муз. школа Пячкоўскай (з 1886), Магілёўскі музычна-драматычны гурток аматараў. У 1895 у М. выступаў з канцэртамі С.​Рахманінаў (з італьян. скрыпачкай Т.​Туа), у пач. 20 ст. — Л.​Аўэр, С.​Барцэвіч, А.​Вержбіловіч, І.​Гофман, К.​Грыгаровіч, Н.​Фігнер, М.​Эрдэнка, Мекленбургскі квартэт і інш.; гастрольнымі трупамі паказаны оперы «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава, «Дэман» А.​Рубінштэйна, «Фауст» Ш.​Гуно, «Кармэн» Ж.​Бізэ, «Травіята» Дж.​Вердзі. З 1905 працавалі Магілёўскі літаратурна-музычна-драматычны гурток, муз. школы, заснаваныя Р.​Пеўзнерам (1906) і У.​Ерыхайлавым (1908), рабочая муз. студыя на чале з піяністкай Р.​Блюман. На базе гэтай студыі ў 1919 арганізавана дзярж. дзіцячая муз. школа імя Рымскага-Корсакава (цяпер Дзіцячая муз. школа-сямігодка № 1). Наладжваліся сімф. канцэрты (дырыжор Я.​Пеўзнер), лекцыі (Ю.​Дрэйзін), канцэрты хору работнікаў асветы. У 1921 працаваў гурток «Асвета», які меў муз.-вакальную, драм. і літ. секцыі. У 1924 сіламі аматараў з удзелам прафес. артыстаў у М. пастаўлена адна з першых бел. опер «Вызваленне працы» М.​Чуркіна. З 1937 цэнтрам муз. жыцця горада стала Магілёўскае музычнае вучылішча імя Рымскага-Корсакава, створанае на базе дзіцячай муз. школы. З 1974 канцэртную дзейнасць ажыццяўляла пераважна абл. гастрольна-канцэртнае аддз. Белдзяржфілармоніі. У 1984 пры абл. Навукова-метадычным цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы створаны клуб самадз. кампазітараў. Новы этап у муз. жыцці горада пачаўся са стварэннем Магілёўскай абласной філармоніі (1990). У М. працуюць (1999): філіял Бел. акадэміі музыкі (з 1990), муз. і культ.-асв. вучылішчы, 4 муз. школы, 2 школы мастацтваў, Магілёўскі абл. навукова-метадычны цэнтр нар. творчасці і культ.-асв. работы. Развіта муз. самадзейнасць; 28 муз., харэаграфічных і фалькл.-этнагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных. У М. праводзяцца міжнар. фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа», эстрадны «Залаты шлягер» (з 1995) і інш..

Літ.:

Могилев: (Ист.-экон. очерк). Мн., 1971;

Чарняўская Т.І. Архітэктура Магілёва. Мн., 1973;

Могилев и окрестности: Справочник-путеводитель. Мн., 1982;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Магілёўская вобл. Мн., 1986;

Мелешко В.И. Могилев в XVI — середине XVII в. Мн., 1988;

Могилев: Энцикл. справ. Мн., 1990;

Агееў А.Р., Марзалюк І.А., Пушкін І.А. Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах. 2 выд. Магілёў, 1999;

Марзалюк І.А. Магілёў у XII—XVIII стст. Мн., 1998;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Магілёва. Мн., 1998.

І.​А.​Марзалюк, А.​В.​Марзалюк (гісторыя), І.​М.​Шаруха (гаспадарка), М.​І.​Ліс, В.​Л.​Цыбоўскі (асвета і культура), Т.​І.​Чарняўская, І.​І.​Фралоў (архітэктура), Л.​В.​Календа (друк, радыё, тэлебачанне), М.​Р.​Міхайлаў (літаратурнае жыццё), А.​Л.​Капілаў, В.​П.​Пракапцова (музычнае жыццё).

Магілёў. З гравюры 18 ст.
Магілёў. Вуліца Першамайская.
Магілёў. Агульны выгляд горада. Фота пач. 20 ст.
Праспект Міру ў Магілёве.

т. 9, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУРА ПАЧАТКУ 20 ст.

У пач. 20 ст. асн. цэнтрамі бел. нац. адраджэння з’яўляліся Вільня і Мінск. Газ. «Северо-Западный край», створаная ў 1902 на базе газ. «Минский листок», друкавала гіст., фалькл. і этнагр. матэрыялы, апавяданні і нарысы А.​Пшчолкі, верш Я.​Купалы «Мужык». У 1903 утворана Бел. сацыяліст. грамада (першапачаткова наз. Бел. рэв. грамада) на аснове нац.-культ. гурткоў студэнцкай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Заснавальнікамі і кіраўнікамі былі браты І. і А. Луцкевічы, А.​Пашкевіч (Цётка), А.​Бурбіс, К.​Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.​Іваноўскі (Вацюк Тройца), А.​Уласаў і інш. У Пецярбургу каля 1902 арганізаваны гурток студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы» і разгортвалася выдавецкая дзейнасць. Асабліва магутны імпульс нац.-вызваленчаму руху дала рэвалюцыя 1905—07: знята забарона бел. друкаванага слова, у выніку чаго актывізавалася літ.-грамадскае жыццё, пачалі дзейнічаць выдавецкія таварыствы, выдавацца газеты, часопісы, літ. зборнікі, альманахі. У гэты час цэнтрам бел. адраджэння стала Вільня, дзе ў друкарні М.​Кухты выйшлі творы М.​Багдановіча, Цёткі і інш.; перавыдадзены «Дудка беларуская» (1907) і «Смык беларускі» (1908) Ф.​Багушэвіча, пераклад В.​Дуніным-Марцінкевічам «Пана Тадэвуша» А.​Міцкевіча (1907). Тут выдаваліся першыя легальныя газеты на бел. мове «Наша доля» і «Наша ніва», у якіх у розны час працавалі і друкаваліся З.​Бядуля, Я.​Колас, Я.​Купала, С.​Палуян, Цётка, Ядвігін Ш. Перыяд з 1906 па 1915, калі выходзіла «Наша ніва», атрымаў назву «нашаніўскі». Апрача бел. твораў, у газеце друкаваліся пераклады твораў рус. пісьменнікаў (М.​Горкі, А.​Кальцоў, І.​Крылоў, А.​Майкаў, М.​Някрасаў, А.​Пушкін, А.​Чэхаў), польскіх (С.​Жаромскі, М.​Канапніцкая, А.​Міцкевіч, К.​Пшэрва-Тэтмаер), бел.-польскіх (У.​Сыракомля), укр. (М.​Крапіўніцкі, А.​Крымскі, А.​Алесь, Т.​Шаўчэнка). У той жа час у рус., укр., польскіх, чэш. перыяд. выданнях з’явіліся артыкулы пра бел. адраджэнне і літаратуру. На ўкр. мове асобнай брашурай выйшаў нарыс І.​Свянціцкага «Адраджэнне беларускай літаратуры» (1908), дзе ўпершыню апубл. вершы Я.​Купалы «Там» і «Што ты спіш?». У «Нашай ніве» публікаваліся рэцэнзіі на паэт. зборнікі, з праблемнымі артыкуламі актыўна выступалі А.​Луцкевіч, Я.​Купала, М.​Бабровіч і інш. Бел. пісьменнік і крытык С.​Палуян друкаваўся ва ўкр. газетах і часопісах, пісаў пра творчасць М.​Кацюбінскага, В.​Стафаніка, І.​Франко, Т.​Шаўчэнкі. Пра рус. і ўкр. пісьменнікаў публікаваў артыкулы М.​Багдановіч.

Бел. літаратура пач. 20 ст. актыўна засвойвала прагрэсіўныя традыцыі слав. і сусветнай літаратур, разам з тым набывала адраджэнска-патрыятычны пафас. У творчасці бел. пісьменнікаў пераадольваліся апісальнасць, бытавізм, прыземленасць, паглыбляўся індывідуальна-філасофскі пачатак, узніклі новыя ідэі сац. і нац. вызвалення, гуманіст. ўзвышэння асобы, услаўлення агульначалавечых каштоўнасцей. Пачала распрацоўвацца пейзажная, філасофская, інтымная тэматыка. Бел. літаратура, адначасова развіваючыся ў нар.-дэмакр., рэаліст. і рамантычна-ірацыянальным рэчышчы, арганічна ўключылася ў еўрап. літаратурны працэс; яе маст. спецыфіка заключалася ў паскоранасці развіцця, ва ўзаемадзеянні з новымі маст. плынямі (сімвалізм, імпрэсіянізм). Асаблівы ўплыў на лёс Беларусі зрабіла 1-я сусв. вайна, якую бел. пісьменнікі асудзілі як злачынства супраць народаў. У 1914 у «Нашай ніве» апубл. верш А.​Гаруна «Праводзіны», дзе вайна паказана як сорам і ганьба для свету.

У гады 1-й сусв. і грамадз. войнаў бел. адраджэнне дасягнула значных поспехаў у развіцці перыёдыкі і маст. літаратуры. З’явіліся перыяд. выданні «Гоман» (1916—18), «Вольная Беларусь» (1917—18), «Беларускі шлях» (1918), «Звон» (1919), «Беларусь» (1919—20), «Беларуская думка» (1919), «Рунь» (1920) і інш. Пабачылі свет многія творы, якія пазней сталі класічнымі: 1-ы варыянт паэмы «Сымон-музыка», «Казкі жыцця» і вершы Я.​Коласа, апавяданні і аповесці М.​Гарэцкага, многія вершы Я.​Купалы, публіцыстыка Я.​Купалы, Я.​Лёсіка, А.​Луцкевіча і інш. Упершыню надрукаваны камедыі В.​Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты», апавяданне А.​Плуга «Кручаная баба», творы Л.​Вітан-Дубейкаўскага, К.​Каганца і інш. У перыяд. выданнях з’явіліся артыкулы пра мінулае бел. народа і культуру перыяду ВКЛ, пра асаблівасці і заканамернасці бел. мовы, пра пошукі шляхоў нац. адраджэння і развіцця. 1917—20 у гісторыі бел. л-ры займаюць асаблівае месца. Войны, акупацыі, 2 рэвалюцыі і звязаныя з імі грамадскія катаклізмы сталі выпрабаваннем для ўсёй ідэалогіі нац. адраджэння, якая дасягнула высокага ўзроўню ў творчасці пісьменнікаў нашаніўскага перыяду. Беларусь аказалася падзеленай, у зах. яе частцы засталася Вільня, якая ў канцы 19 — пач. 20 ст. выпраменьвала ідэі нац. адраджэння. За мяжой апынуліся дзеячы бел. культуры і літаратуры: Ф.​Аляхновіч, М.​Гарэцкі, В.​Ластоўскі, А.​Луцкевіч, Б.​Тарашкевіч, А.​Уласаў (гл. раздзел Літаратура Заходняй Беларусі). Цэнтр. месца ў творчасці пісьменнікаў заняла праблема адраджэння нац. свядомасці і абуджэння чалавечай годнасці ва ўмовах войнаў, рэвалюцый, панавання акупац. рэжымаў. Гал. асаблівасці літаратуры гэтага перыяду абумоўлены і прадвызначаны двума фактарамі. Па-першае, літаратура моцна абапіралася на традыцыі сапр. народнасці, непасрэднай сувязі з найб. істотнымі грамадскімі праблемамі. Па-другое, паспяваючы за жыццём, яна неадкладна і востра рэагавала на ўсе змены, адгукалася на патрэбы дня (З.​Бядуля, А.​Гарун, М.​Гарэцкі, Я.​Купала).

Паэзія. З усіх літ. жанраў найб. багатыя традыцыі мела бел. паэзія. М.​Багдановіч, З.​Бядуля, А.​Гарун, Я.​Колас, Я.​Купала, Цётка ў пач. 20 ст. стваралі вершы, песні, паэмы, якія ўпершыню ў гісторыі бел. літаратуры дасягнулі сусветнага маст. ўзроўню. Імкнучыся ў найкарацейшы тэрмін пераадолець той разрыў, што аддзяляў бел. літаратуру ад літаратур суседніх слав. народаў, бел. паэты выкарыстоўвалі вобразна-маст. прынцыпы творчасці, характэрныя і для мінулых эпох, і для пач. 20 ст. Больш змястоўнымі становяцца формы маст. вобразнасці (метафары, эпітэты, параўнанні), больш багатай і шматзначнай — алегорыя. Бел. аўтары часцей звяртаюцца да рамант. і сімволіка-алегарычных форм вобразнасці, да гіст. мінулага народа, да легендарных падзей, а таксама да нетрадыц., новых тэм, звязаных з тагачасным жыццём (напр., тэма горада).

Паэзія нашаніўскага перыяду імкнулася ўплываць на грамадскае жыццё, каб узняць бел. народ на сац. і нац. барацьбу (вершы «Вера беларуса», «Мора», «Хрэст на свабоду» Цёткі; «Там», «А хто там ідзе?», «Гэта крык, што жыве Беларусь», «Вось тут і жыві» Я.​Купалы; «Беларусам», «Не бядуй!», «Ворагам», «Наша возьме» Я.​Коласа і інш.). У т.зв. перыяд рэакцыі (1908—10), які наступіў пасля рэв. ўздыму, бел. паэзія адлюстроўвала настроі «грамадзянскага суму», у ёй узмацняліся матывы нядолі і бяспраўя (зб-кі «Жалейка» Я.​Купалы, «Песні жальбы» Я.​Коласа, вершы «Начныя думкі» А.​Гаруна, «Краю мой родны! Як выкляты Богам...», «Народ, Беларускі Народ!» М.​Багдановіча). З 1910 у творчасці паэтаў адчуўся зварот да гарадской і рабочай праблематыкі (цыкл «Места» М.​Багдановіча, зб. «Песні» Ц.​Гартнага); уздымаліся таксама «вечныя» тэмы «чыстай красы», прыроды, кахання (зб-кі «Вянок» М.​Багдановіча, «Курганная кветка» К.​Буйло). У пач. 20 ст. галоўным літ. кірункам быў рэалізм, але часам трывалыя пазіцыі займаў рамантызм, з якім былі звязаны творы Цёткі перыяду рэвалюцыі 1905, паэмы «Сымон-музыка» Я.​Коласа, «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я» Я.​Купалы і інш. У творчасці некат. пісьменнікаў рэаліст. і рамант. тэндэнцыі арганічна спалучаліся з марай аб лепшай будучыні, узбагачалі крытычны аналіз рэчаіснасці. Узаемадзеянне такіх тэндэнцый спрыяла развіццю ўсёй вобразнай сістэмы бел. паэзіі. Рамант. літаратура звярталася да мінулага і да ўмоўнай рэчаіснасці, створанай легендамі, казкамі, міфамі і фантазіяй саміх аўтараў. У мінулым знаходзіліся вытокі гіст. самабытнасці народа, усёй бел. культуры. Паэзія была прасякнута імкненнем да сац. справядлівасці, панавання высокіх маральных норм, абуджэння нац. свядомасці беларусаў.

Творцам нац. ідэі ў паэзіі быў Я.​Купала, які адкрыта выступіў за самавызначэнне беларусаў. У яго зб-ках «Жалейка» (1908), «Гусляр» (1910), «Шляхам жыцця» (1913) пераважаюць вобразы песняра-прарока, матывы абуджэння і вызвалення народа з сац. і нац. прыгнёту («Мужык», «А хто там ідзе?», «Ворагам Беларушчыны», «Маладая Беларусь»), праяўляецца прамоўніцкі пафас паэт. публіцыстыкі. У вершах «Забраны край», «З мінуўшых дзён», «Песня жней» трагічна адлюстравана бел. гісторыя, нявольніцкае становішча селяніна. Выяўляючы ўнутр. свет бел. народа, паэт звяртае ўвагу на духоўныя пачаткі нар. жыцця — імкненне да справядлівасці, шчасця, свабоды і дабра. Трагічныя матывы суму-тугі, якія занялі значнае месца ў зб-ку «Гусляр», не зацямнілі ў ёй рэнесансава-светлага, жыццялюбнага духу чалавека («Вясенняя раніца», «Лета»), Філас., агульначалавечага дыяпазону паэт. творы «Гусляра» сцвярджалі наватарскі характар зборніка як яшчэ адну вышэйшую ступень у развіцці ўсёй бел. лірыкі пач. 20 ст. Для паэзіі Я.​Купалы характэрны многія матывы еўрап. рамантызму: гуманізм, услаўленне свабоды і асуджэнне рабства, прыгнёту, зварот да незвычайнага, таямнічага (міфалогіі), культ кахання. У ранніх яго паэмах 1906—08 («Нікому», «Зімою», «За што?», «Адплата кахання») праяўляецца схільнасць да яркіх падзей і сітуацый, да герояў з неардынарным лёсам. З рамант., але моцна пераўтворанымі і трансфармаванымі традыцыямі звязаны яго драм. паэмы «Адвечная песня» (1908) і «Сон на кургане» (1910). У сімволіка-рэаліст. паэме «Адвечная песня» Я.​Купала ставіць пытанне аб сэнсе чалавечага быцця; яе галоўны герой Мужык не столькі проста селянін, колькі Чалавек увогуле. У яго алегарычна-рамант. паэме «Сон на кургане» не проста асэнсоўваецца гаротны лёс бел. мужыка, а ставіцца праблема інтэлігенцыі і народа, раскрываецца драма самотнага рэвалюцыянера-адраджэнца. Абедзве драм. паэмы ўзбагацілі літаратуру стылявой навізной, жанравай своеасаблівасцю, шырынёй абагульненняў. Дух рамант. пратэсту ў паэме «Курган» (1910) стаў узорным увасабленнем палярызацыі дабра і зла, спрадвечнай праблемы мастака і ўлады. Паэма ўслаўляла ідэалы дэмакратызму і народнасці. Магутным адраджэнскім пафасам вызначалася паэма Я.​Купалы «На Куццю» (1911), дзе вырашалася пытанне нац. прыналежнасці беларусаў. У створанай на аснове гіст. сюжэта паэме «Бандароўна» (1913) услаўляецца годнасць і духоўная моц чалавека з народа. Праблема маральных законаў жыцця паўстае і ў паэме «Магіла льва» (1913), з ідэяй асуджэння асобы, якая проціпастаўляе сябе народу. Настрой паэмы «Яна і я» (1913) пазбаўлены адчування драматызму і трагізму рэчаіснасці. Гэта новы варыянт фальклорна-рамант. паэмы ў бел. літаратуры: не гераічны, як «Курган» і «Бандароўна», не аповесцевы, як «Магіла льва», а ідылічна-пастаральны. Я.​Купала, выяўляючы эмацыянальнасць, багацце кампазіцыйных форм, блізкасць да нар. песні, яе вобразаў, матываў і паэтыкі, стварыў шэраг твораў ярка рамантычных па вобразнасці, драматычна напружаных па перажываннях, народна-песенных па гучанні.

Адраджэнскі патрыятызм Я.​Коласа адрозніваецца ад купалаўскага рамантычна-ўзнёслага пафасу. У дарэв. перыяд паэзія Я.​Коласа адметная пачуццёвай стрыманасцю і паглыбленай разважлівасцю, увагай да надзённых клопатаў селяніна і нар. псіхалогіі. У першым надрукаваным вершы «Наш родны край» (1906), з якога пачалася грамадз. лірыка паэта, выказаны заклапочанасць і перажыванне за лёс радзімы. Эстэт. прынцыпы народнасці і рэалізму ўвасобіліся ў вершах «Не пытайце, не прасеце», «Пясняр», «Родныя песні». Паэт услаўляў людзей моцных, непрымірымых да сац. зла і несправядлівасці («Ворагам», «Не бядуй!», «Не дамся»), Лірыку смутку («Вёска», «Мужык», «Родныя вобразы») ураўнаважваюць яго публіцыстычныя вершы («Беларусам», «Кіньце смутак», «Наша возьме»). Многія творы пейзажнай лірыкі, прасякнутыя пачуццямі шчырай замілаванасці да роднага краю, увайшлі ў залаты фонд бел. літаратуры («На полі вясною», «Усход сонца», «Ноч»). Паэт па-майстэрску стварыў пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. У вершах 1914—16 асуджаецца захопніцкі характар і антынар. скіраванасць вайны («Думкі салдата», «Ворагам»). Лірычная эпапея Я.​Коласа «Сымон-музыка» (1911—18, 2-я рэд. 1925) спалучае рэалістычнае і рамантычнае, але драматычна завастрае праблему мастака і народа. Гэта твор аб нар. вытоках мастацтва, грамадскім абавязку мастака, у больш шырокім плане — аб духоўным адраджэнні народа. Па-мастацку дасканалая паэма-эпапея «Новая зямля» (1911—23) прасякнута ідэяй сац. і нац. вызвалення, сцвярджэннем высокай грамадз. годнасці чалавека. У ёй аўтар асэнсаваў цэлую эпоху ў жыцці бел. народа, праўдзіва адлюстраваў становішча сялян у канцы 19 ст., раскрыў глыбокія сац. супярэчнасці. Абодва творы панарамна раскрываюць карціну лёсу народа ў пераломныя гіст. эпохі. Паэтычная творчасць Я.​Коласа выявіла схільнасць пісьменніка да лірыкі пераважна элегічнай, мінорнай паводле настрояў, канкрэтна-рэалістычнай паводле дэталей, задуменнай.

Новымі тэмамі, вобразамі, формамі як традыцыйна-класічнымі, так і песенна-народнымі бел. лірыку ўзбагаціў М.​Багдановіч. Раннія яго вершы прасякнуты гуманіст. матывамі («Мае песні», «З песняў беларускага мужыка»); пазней, з узмацненнем рамант. тэндэнцый, паглыбілася сац.-філас. праблематыка і патрыят. пафас лірыкі («Перад паводкай», «Рушымся, брацця, хутчэй»), вершы набываюць аптымістычнае, жыццесцвярджальнае гучанне («Кінь вечны плач свой аб старонцы!», «Зразаюць галіны таполі адну за адной»). Разнастайная пейзажная лірыка М.​Багдановіча выяўляе багаты спектр чалавечых пачуццяў («Зімой», «Раманс», «Добрай ночы, зара-зараніца!»), міфалагічныя вобразы становяцца своеасаблівай фальклорнай дэкарацыяй, якая надае пейзажу рамант. рысы («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Падвей»), М.​Багдановіч разам з Я.​Купалам увёў у бел. лірыку інтымную тэматыку («Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). У адзіным яго прыжыццёвым паэт. зб-ку «Вянок» (1913) новыя для бел. літаратуры урбаністычныя матывы, якія побач з захапленнем знешнім бляскам выяўляюць трагічныя малюнкі, кантрастныя жыццёвыя з’явы («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая», «Дзве смерці»). Новай для бел. лірыкі стала распрацоўка гіст. тэмы («Летапісец», «Перапісчык», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага»). Паралельна з «вершамі беларускага складу», стылізаванымі пад народныя («Лявоніха», «Бяседная», «Хоць і зорачка — ды не вячэрняя»), у паэзіі М.​Багдановіча ўзмацняецца антываенная тэматыка, адметная сваім лірыка-драм. гучаннем («Як Базыль у паходзе канаў», «Цёмнай ноччу лучына дагарала»). Тэндэнцыя да гераізацыі нар. характару знайшла далейшае развіццё ў фальклорна-рамант. паэмах «Максім і Магдалена» (1915) і «Страцім-лебедзь» (1916), заснаваных на нар. вобразах і сюжэтах. У паэме «Страцім-лебедзь» услаўленне моцнай, гераічнай асобы, здольнай супраціўляцца варожым сілам. У ліку асн. заслуг М.​Багдановіча як стваральніка бел. літаратуры і літ. мовы новага часу — узбагачэнне нац. мастацтва здабыткамі сусв. культуры, узнаўленне на нац. глебе твораў ант., рус. і зах.-еўрап. аўтараў, распрацоўка санета, трыялета, рандо, актавы, тэрцынаў, скерца і інш. вершаваных форм. Ён шырока культываваў і маст. пераклад.

Паэзія А.​Гаруна паводле матываў і тэматыкі блізкая да творчасці Я.​Купалы і Я.​Коласа. Яго вершы характарызуюцца алегарычнасцю, багаццем інтанацый, маст.-вобразных, лексічных, сінтакс. форм і рытмікі, журботна-меланхалічнай вобразнасцю. Матывы «грамадзянскага суму» былі характэрны для творчасці Г.​Леўчыка і інш. тагачасных бел. паэтаў. Калі В.​Ластоўскі выступіў з палемічным артыкулам «Сплачвайце доўг» («Наша ніва», 1913), дзе скіроўваў бел. паэзію на ўслаўленне прыгажосці, з адказам яму выступіў Я.​Купала (арт. «Чаму плача песня наша?»), раскрыўшы тыя грамадска-паліт. прычыны, што абумовілі мінорнае гучанне паэзіі. Яго падтрымаў Л.​Гмырак (арт. «Яшчэ аб сплачванні доўгу»), які таксама адстойваў эстэтыку рэалізму і народнасці, выступаў за грамадз. пафас літаратуры. Гэта дыскусія засведчыла імкненне паэтаў зразумець сутнасць і прызначэнне бел. літаратуры, акрэсліць шляхі яе развіцця.

Абуджэнню сац. і нац. свядомасці беларусаў садзейнічала публіцыст. лірыка Цёткі. З ёй у бел. літаратуру прыйшлі рэв. рамантыка і пафас («Мора», «Вера беларуса», «Бура ідзе»). Яе кнігі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» (абедзве 1906) былі першымі арыгінальнымі зб-камі бел. паэзіі 20 ст. З творчасцю Ф.​Багушэвіча, Цёткі ў ідэйным плане перагукалася публіцыстычная паэзія К.​Каганца. Яна працягвала традыцыі нар. антыпрыгонніцкіх і рэкруцкіх песень, была прасякнута нац. матывамі («На мабілізацыю», «Наш покліч», «Плач беларуса»). Новай для бел. паэзіі была рабочая тэматыка, якую распрацоўваў Ц.​Гартны ў вершах, прысвечаных гаротнай долі вандроўных гарбароў («Песні гарбара», «Гарбар на вандроўцы»). Паплечнікам Ц.​Гартнага па літ. і грамадска-паліт. дзейнасці быў А.​Гурло, які ўвёў у бел. лірыку марыністычныя матывы («Заблішчалі ў цёмнай далі маякі», «На моры»). Гумарыстычная плынь найб. выразна выявілася ў творчасці А.​Паўловіча. Стыль яго вершаў працягваў традыцыю бел. сац.-бытавога анекдота, калі за недарэчнымі, іранічна паказанымі падзеямі ўгадваецца нар. мараль («Сыноўняя апека», «Гаспадыніна дзяжа»). Вастрынёй сац. тэматыкі вылучалася паэт. творчасць З.​Бядулі («Пастушка», «Пан»). У той жа час пісьменнік узбагаціў бел. літаратуру адзнакай інтэлігентнасці, даказаўшы, што паэзія можа ўзняцца да найшырэйшых маст. абагульненняў, пераасэнсоўваючы духоўны вопыт тысячагоддзяў. У вершы «Прарок» спроба зірнуць на тагачаснае становішча Беларусі праз прызму гісторыі чалавецтва, трывога за лёс радзімы, чаканне прыходу будзіцеля нар. мас. Шырокае выкарыстанне фалькл. матываў, меладычнасць і напеўнасць лірыкі ў ранняй паэзіі К.​Буйло. Выдатнай старонкай яе творчасці стала поўная ўзвышаных самаадданых пачуццяў лірыка кахання («Помніш вечар?», «У краіне мар», «Як я цябе люблю»), а таксама патрыят. лірыка («Люблю», «Беларусі»). Адметнай з’явай бел. паэзіі была творчая спадчына В.​Адважнага, А.​Зязюлі, К.​Сваяка — каталіцкіх святароў, якія развівалі прагрэсіўныя патрыят. і хрысціянска-дэмакр. ідэі.

Асаблівасць бел. лірыкі пач. 20 ст. ў яе жанрава-стылявой разнастайнасці, з’яўленні новых паэт. форм, вобразаў і матываў. Яна звярталася непасрэдна да чытачоў з заклікамі, патрабаваннямі, павучаннямі, перасцярогамі; эмацыянальны водгук на падзеі ператвараўся ў эфектыўную школу грамадз. выхавання. Паэзія на працягу ўсяго часу заставалася надзейным носьбітам нац. свядомасці. На першы план выступілі праблемы «зямлі і волі», новага чалавека і гераічнай асобы, узаемаадносін чалавека і грамадства, ролі культуры ў жыцці народа. Бел. паэзія выйшла на якасна новы грамадскі і эстэт. ўзровень.

Проза. У пач. 20 ст. празаічныя жанры набылі больш шырокае развіццё ў параўнанні з 19 ст., калі эпас падаваўся часцей у вершаваных формах. Пераважала малая проза, якая з прычыны яе жанравай спецыфікі ў адлюстраванні рэчаіснасці мела магчымасць больш хутка адгукацца на праблемы мінулага і тагачаснага жыцця. Вялікую ролю ў распаўсюджванні бел. прозы сярод шырокіх чытацкіх колаў мелі газ. «Наша доля» і «Наша ніва»; у апошняй друкаваліся апавяданні З.​Бядулі, У.​Галубка, Ц.​Гартнага, М.​Гарэцкага, К.​Каганца, Я.​Коласа і інш. На старонках літаратурнага і навукова-папулярнага часопіса для моладзі «Лучынка» змяшчалі творы З.​Бядуля, Я.​Колас, Ядвігін Ш. Апавяданні бел. аўтараў выходзілі ў свет і асобнымі зборнікамі, кнігамі: «Беларускія апавяданні» (1901), «Нарысы і апавяданні з беларускага жыцця» (1902), «Нарысы і апавяданні з жыцця беларускай вёскі» (1906) А.​Пшчолкі, «Бярозка» (1912), «Васількі» (1914) Ядвігіна Ш., «Апавяданні» (1912), «Нёманаў дар» (1913), «Тоўстае палена» (1913), «Родныя з’явы» (1914) Я.​Коласа, «Абразкі» З.​Бядулі (1913), «Апавяданні» У.​Галубка (1913), «Рунь» М.​Гарэцкага (1914), «Недацветы» В.​Ластоўскага (1918). Акрамя таго, апавяданні М.​Багдановіча на рус. мове публікаваліся ў яраслаўскіх газетах «Голос» («Няшчасны выпадак», «Злачынства», «Цуд маленькага Петрыка» і інш.), «Северная газета» («Прытча пра васількі», «Імянінніца»), часопісе «Русский экскурсант» («З летніх уражанняў») і інш. Выдаваліся таксама кнігі для дзяцей з перакладамі, вершамі, замалёўкамі, казкамі і апавяданнямі. У 1906 Цётка выдала «Лемантар», «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў»; суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» надрукавала «Беларускі лемантар, або Першую навуку чытання» К.​Каганца. У 1909 выйшла ў свет «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.​Коласа.

Бел. проза развівалася ў плане пашырэння разнастайнасці жанравых форм: апавядальная гісторыя ў розных варыянтах (Ядвігін Ш., У.​Галубок, В.​Ластоўскі, Я.​Лёсік, Цётка), празаічная байка (Ядвігін Ш.), алегарычнае апавяданне (Я.​Колас, Ядвігін Ш.), нар. казка ў літаратурнай апрацоўцы (Я.​Колас, З.​Бядуля), літаратурная казка (М.​Багдановіч, Ядвігін Ш., В.​Ластоўскі), казка-варыяцыя (А.​Гарун), навела ў розных варыянтах (У.​Галубок, Ядвігін Ш., Я.​Колас, М.​Гарэцкі), апокрыф, апавяданне-папуры на фалькл. матывы (М.​Багдановіч), «сцэнкі з натуры» (Я.​Колас, М.​Багдановіч), мініяцюра (З.​Бядуля, М.​Гарэцкі, М.​Багдановіч), абразок у розных формах (Ядвігін Ш., Я.​Колас, В.​Ластоўскі, Цётка), фельетон (Ядвігін Ш., М.​Багдановіч), імпрэсія (З.​Бядуля, М.​Гарэцкі), экспрэсія, літ. акорды (З.​Бядуля), мастацкая прамова (К.​Каганец), прыпавесць, паданне, «народны сказ» — легенда (В.​Ластоўскі), падзейна-разгорнутае апавяданне з рэальным мастацкім светам (М.​Багдановіч, А.​Гарун, М.​Гарэцкі, Я.​Колас і інш.), маст. нарыс (К.​Каганец, К.​Лейка, А.​Пшчолка). М.​Гарэцкі з поспехам развіваў аналітычна-псіхал. стылявую плынь, З.​Бядуля — імпрэсійна-рамантычную. Ядвігін Ш. поруч з рэалістычна-быт. і алегарычна-казачнай прозай даў узоры лірычнай навелы, М.​Багдановіч — арыгінальныя спробы стылізацыі пад архаіку. Наватарскі характар прозы А.​Гаруна праявіўся ў выкарыстанні элементаў фантастыкі ў рэалістычным быт. апавяданні. Яго творчасць адметная пашырэннем традыцыйнай тэматыкі: акрамя бел. вясковага жыцця, А.​Гарун пісаў і пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), разбуральнае ўздзеянне астрожнага жыцця на псіхалогію чалавека («Маладое», «Чалавек без крыві»). Увядзенне пісьменнікамі ў маст. твор нар. гутарковых лексічных, сінтаксічных, стылявых форм сведчыла пра ўзбагачэнне бел. літаратуры мастацка-выяўленчымі сродкамі, рост творчага майстэрства саміх аўтараў.

Для малой прозы пач. 20 ст. пры адлюстраванні рэчаіснасці характэрны своеасаблівы зварот да традыцый вуснай нар. творчасці, да нар. вобразаў з выразна арыгінальным аўтарскім поглядам на тагачасныя праблемы. З аднаго боку, адбывалася своеасаблівая стылізацыя пад фальклор (Бронісь, Л.​Гвозд, Я.​Окліч і інш.), з другога — зварот да нар. форм: анекдота, казкі, падання (М.​Багдановіч, А.​Гарун, Я.​Колас), вобразаў (М.​Гарэцкі, Я.​Колас, А.​Пшчолка, Ядвігін Ш.). Фалькл. паэтыка ў апавяданнях Ядвігіна Ш. дапамагала яму глыбей пранікаць у сутнасць жыццёвых з’яў і чалавечых характараў. Для многіх яго твораў, пададзеных у форме роспаведу пэўнага расказчыка («Заморскі звер», «Важная фіга», «З маленькім білецікам», «Жывы нябожчык», «Чортава ласка» і інш.), характэрна індывідуалізацыя герояў, праз якую выяўляюцца асаблівасці іх светаразумення. Селянін у Ядвігіна Ш. жартуе з сябе (часам апасродкавана), нібыта не разумеючы камізму сітуацый, аб якіх распавядае. У форме літ. анекдота аўтар высмейвае заганы чалавечай натуры («Што сказаў певень», «Шчаслівая»). Легендарныя і казачныя сюжэты, нар. анекдоты пакладзены ў аснову апавяданняў «Мост у Кутох», «Як Кузьма стрэльбу рабіў», аповесці «Прыгоды Панаса і Тараса» В.​Ластоўскага.

З развіццём празаічнага эпасу пашыраюцца яго ідэйна-тэматычныя абсягі. Героямі твораў малой прозы становяцца ўжо не толькі сяляне, але прадстаўнікі інтэлігенцыі (М.​Гарэцкі), гарадскіх нізоў, рабочыя (Я.​Колас, Цётка), местачковай эліты (Я.​Колас); шырока прадстаўлены дзіцячыя характары (М.​Багдановіч, Я.​Колас, Цётка). У апавяданнях таго часу нярэдка з’яўляецца вобраз лірычнага героя, які задумваецца над філас. пытаннямі, на свядомасці якога адбіваюцца эстэтычныя роздумы аўтараў (М.​Багдановіч, З.​Бядуля, М.​Гарэцкі, Ядвігін Ш.). Найб. пашыранай была тэма сялянскага лёсу і ладу жыцця ў бел. вёсцы, праблемы беззямелля, пошукаў выйсця з гаротнага становішча. Такі тэматычны кірунак адлюстравання рэчаіснасці мае драматычнае і гумарыстычнае адгалінаванні. Да першага можна аднесці апавяд. «Пяць лыжак заціркі», «На каляды к сыну» З.​Бядулі, «Голад», «Памылка вучонага», «Мінуўшчына» У.​Галубка, «У лазні», «Роднае карэнне», «У чым яго крыўда» М.​Гарэцкага, «Нёманаў дар», «Малады дубок» Я.​Коласа, «З бальнічнага жыцця», «Дуб-дзядуля», «Гаротная» Ядвігіна Ш. і інш. Да сатырычнага адлюстравання сялянскага жыцця звярталіся У.​Галубок (апавяд. «Вясковыя астраномы»), К.​Каганец («Што кажух, тое не вата»), Я.​Колас («Недаступны», «З днеўніка пана Жылака», «Так і трэба ашуканцу», «Дзяліцьба», «Калодка пчол»), Ядвігін Ш. («Важная фіга», «Заморскі звер», «Пазыка»), Цётка («Зваротлівы»). У гэтым тэматычным кірунку выразна вылучаюцца апавяданні пра гаротны лёс сялянскіх дзяцей, дзяцей-сірот, беспрасветнасць і згубнасць жаночага лёсу («Велікодныя яйкі», «Малыя дрывасекі», «Плач пралескаў», «Снілася мне казка», «Маці», «Яе душа», «За тканінай», «Шчасце не ў золаце», «Без споведзі» З.​Бядулі; «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» Я.​Коласа; «Міхаська» Цёткі; «Шчырае каханне» У.​Галубка; «Бярозка», «Гаротная» Ядвігіна Ш.). Сярод вобразаў жанчын з трагічным лёсам прадстаўніцы інтэлігенцкіх колаў, студэнцтва («Красаваў язмін» М.​Гарэцкага, «Злачынства» М.​Багдановіча, «Зялёнка» Цёткі). Рабочую тэматыку ў бел. прозе пачаў асвойваць Ц.​Гартны (апав. «Штрэйкбрэхер»). Рэчаіснасць, напоўненая драматызмам сац. канфліктаў, у яго апавяд. «Велікодная каробка», «Лайдак». У белетрыстыцы таксама паказваецца бюракратызм мясц. чыноўніцтва («Янкава жальба», «У губерню з паперай», «Бабылкіна гора», «Перапіска» А.​Пшчолкі).

Вытокі бел. прозы пач. 20 ст. — у паэзіі. Паэтычны, сінтэтычны погляд на жыццё ўласцівы раннім творам З.​Бядулі і Я.​Коласа. Жанр лірычнай празаічнай мініяцюры, блізкі да вершаў у прозе, увёў у бел. літаратуру З.​Бядуля (зб. «Абразкі», 1913). Праблемы інтэлігенцыі і народа, тэма мастацтва і маладых талентаў, якія не маглі развівацца ў тагачасных умовах, у яго апавяд. «На каляды к сыну», «Велікодныя яйкі». Непаўторным нац. каларытам, разнастайнасцю тэматыкі, мноствам характараў-тыпаў бел. сялян вызначаецца проза Я.​Коласа (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Маст. адкрыццём у бел. літаратуры сталі яго алегарычныя апавяд. «Казкі жыцця», напоўненыя глыбокім жыццёвым і сацыяльна-філасофскім зместам. Ідэя вечнасці жыцця, бясконцасці форм яго праяўлення, імкнення чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды прасочваецца ў яго апавяд. «Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш. Пісьменніка хвалявала праблема правоў і абавязкаў чалавека ў грамадстве, дзе «за сталом жыцця» сядзіць «цесная людская сям’я» («Малады дубок»). Бытавыя і сацыяльна-псіхал. яго творы («Соцкі падвёў», «Бунт», «Нёманаў дар») — класічны ўзор у жанры «малой прозы». Майстэрства псіхал. аналізу пісьменніка выявілася ў апавяд. «Васіль Чурыла». Проза Я.​Коласа пры яе кампазіцыйнай зграбнасці, сюжэтнай завершанасці насычана каларытнымі дэталямі, канкрэтна-рэалістычным паказам абставін, у якіх дзейнічаюць героі, а таксама дыялогамі, пейзажамі, адметнай настраёвасцю. Новую для бел. літаратуры прытчавую форму, спробу філасофскай прозы даў М.​Багдановіч у апавяд. «Апокрыф», «Аб іконніку і залатару». Вызначальнымі для яго становяцца тэмы адухоўленай красы, самаадданага служэння мастака народу (казка «Музыка»), паглыблены псіхалагізм («Злачынства», «Няшчасны выпадак»). Складанай грамадска-сац. і філасофскай праблематыкай, духоўна-інтэлектуальнай змястоўнасцю ўзбагаціў літаратуру М.​Гарэцкі. Зборнікам апавяд. «Рунь» (1914) ён пашырыў тэматычныя і жанрава-стылявыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне») і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). У яго творах 1914—16 асуджэнне антыгуманнай сутнасці эксплуататарскага грамадства («Маці», «Дзёгаць»), антынар. характару вайны («Літоўскі хутарок», «Генерал»). У апавяд. «Усебеларускі з’езд 1917-га года» ва ўспамінах удзельніка — селяніна са Смаленшчыны Кузьмы — ён перадае атмасферу небывалага патрыятычнага ўздыму людзей, што сабраліся вырашыць лёс роднай зямлі. Разнастайнасць канфліктаў той эпохі, дыялектыка душы і перажыванні людзей з розных грамадскіх слаёў адлюстраваны ў аповесці «Дзве душы» (1919) — своеасаблівым маст. рэпартажы, які выносіў прысуд адмоўным з’явам у палітыцы, паводзінах і свядомасці людзей. Пачатак дакументальнаму жанру ў бел. літаратуры 20 ст. пісьменнік паклаў кнігай дакументальна-маст. запісак «На імперыялістычнай вайне» (1915—19, апубл. 1926), якая стала адным з лепшых антываенных твораў сусветнай літаратуры.

Адна з істотных асаблівасцей апавядання таго перыяду — яго псіхалагічны пачатак, аналітычны зварот да стану душы, да пошуку адказаў на жыццёва важныя пытанні. У многіх творах прысутнічае погляд аўтараў на прыгожае ў жыцці: проза М.​Багдановіча («Няшчасны выпадак»), З.​Бядулі («Нуда мая», «Вечарам», «Як памру», «У заварожаных казках»), М.​Гарэцкага («Красаваў язмін», «Што яно?»), Я.​Коласа («Дзеравеншчына», «Сірата Юрка»). У асобных апавяданнях дамінуюць трагічныя абставіны, але ў цэлым яны не закрэсліваюць аўтарскія ідэалы прыгожага. Некаторыя апавяданні М.​Гарэцкага пабачылі свет значна пазней, чым напісаны: «Чарнічка» (нап. 1915, апубл. 1917), «Літоўскі хутарок» (адпаведна 1915 і 1920), «Зіма» (адпаведна 1915 і 1918), «Амерыканец» (адпаведна 1916 і 1917), «Маці», «Хадзяка», «Генерал», «Асілак» (усе адпаведна 1916 і 1918) і інш. Многія творы, напісаныя М.​Гарэцкім у час вайны, былі апублікаваны пераважна толькі пасля рэвалюцыі, таму не маглі непасрэдна ўплываць на развіццё грамадскай свядомасці таго часу.

Сярод буйных празаічных жанраў пач. 20 ст. мемуары («Успаміны» Ядвігіна Ш.), дакументальныя запіскі («На імперыялістычнай вайне» М.​Гарэцкага), аповесць («Дзве душы», «Ціхая плынь», «Меланхолія» М.​Гарэцкага), раман («Золата» Ядвігіна Ш.). Літаратура пач. 20 ст. толькі пачынала адлюстроўваць рэчаіснасць у буйных жанравых формах. Разнастайнасць і багацце прозы назіраюцца найперш у малых яе формах.

Драматургія. Адраджэнне бел. драматургіі звязана з ажыўленнем грамадска-культурнага жыцця пасля рэвалюцыі 1905—07. Традыцыі, закладзеныя В.​Дуніным-Марцінкевічам, працягвалі Ф.​Аляхновіч, І.​Буйніцкі, У.​Галубок, Я.​Купала і інш. Тэатральнае мастацтва Беларусі пачало ўзыходзіць на шлях мэтанакіраванага і прафес. развіцця, аб чым сведчыць, напр., дзейнасць Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў (1896—1906), Бел. музычна-драматычнага гуртка ў Вільні (1911—16), Гродзенскага т-ва аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14) і інш. Здабыткі драматургіі найперш звязаны з творамі Я.​Купалы «Паўлінка», «Прымакі», «Раскіданае гняздо», са стварэннем прафес. тэатра І.​Буйніцкага. Бел. драматургі арыентаваліся на напісанне такіх твораў, якія ў далейшым атрымалі б сцэнічны працяг.

У літаратуры пач. 20 ст. прасочваюцца родавыя «перакрыжаванні» эпасу і драмы. Гэта назіраецца, напр., у творчасці М.​Гарэцкага (драматычныя абразкі «Атрута», «Гапон і Любачка», драматызаваная аповесць «Антон», усе 1914), Я.​Купалы (драматычныя паэмы «Адвечная песня», 1908, «Сон на кургане, 1910), К.​Буйло (вершаваныя драматычны абразок «Кветка папараці», драма «Сягонняшнія і даўнейшыя», абодва 1914). Гэтыя творы — своеасаблівыя драмы для чытання, што, аднак, не выключала магчымасці іх пастаноўкі на сцэне. Бел. драму пач. 20 ст. падзяляюць на ўласна драму («Страхі жыцця», «Цені» Ф.​Аляхновіча; «У іншым шчасці няшчасце схавана», «Сын Даніла» К.​Каганца; «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), меладраму («Апошняе спатканне», «Ганка», «Бязродны» У.​Галубка), камедыю ў розных яе жанравых формах («На Антокалі» Ф.​Аляхновіча; «Модны шляхцюк» К.​Каганца; «Паўлінка», «Прымакі» Я.​Купалы), драматызаваную казку («Хлопчык у лесе», «Шчаслівы чырвонец», «Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць» А.​Гаруна; «Базылішк», «Чорт і Баба» Ф.​Аляхновіча). Тэматычны дыяпазон бел. драматургіі быў даволі шырокі. Драматургі звярталіся да адлюстравання жыццёвых праблем простага чалавека (Ф.​Аляхновіч, М.​Гарэцкі, К.​Каганец, Я.​Купала), класавай барацьбы ў перад- і паслярэвалюцыйны перыяды (Ф.​Аляхновіч, У.​Галубок, М.​Грамыка), сатырычнага паказу жыцця шляхты (К.​Каганец, Я.​Купала), маральна-этычных праблем жыцця вышэйшага саслоўя на Беларусі ў мінулым (К.​Каганец), праблем фарміравання духоўнага свету асобы (А.​Гарун).

Своеасаблівым пераходным этапам у драматургіі з 19 да пач. 20 ст. была творчасць К.​Каганца — аўтара бытавых («У іншым шчасці няшчасце схавана», 1903, апубл. 1919; «Двойчы прапілі», 1910, апубл. 1919) і гіст. («Старажовы курган», апубл. 1919; «Сын Даніла», апубл. 1920) драм. Папулярнасцю карыстаўся яго вадэвіль «Модны шляхцюк» — адзін з першых твораў нац. тэатр. рэпертуару (паст. ў 1910 Першай бел. трупай І.​Буйніцкага, у 1918 Першым т-вам бел. драмы і камедыі, у 1928 — БДТ-2). Камедыя выкрывала бел. выраджэнца з яго пагардлівымі адносінамі да ўсяго роднага, а сам «модны шляхцюк» Пранцішак Карчэўшчык стаў адным з папярэднікаў вобраза Мікіты Зносака ў «Тутэйшых» Я.​Купалы. Задачу стварэння бел. нац. камедыі і драмы паспяхова вырашаў Я.​Купала. У камедыі «Паўлінка» (1912, паст. і апубл. 1913) ён сатырычна паказвае звычаі і норавы кансерватыўнай шляхты, але дзеянне перарастае ў сацыяльна-бытавы канфлікт з драматычным фіналам. П’еса насычана дасціпным гумарам, іроніяй, танцамі, песнямі, прыпеўкамі, чым набліжаецца да сцэнічнага жарту «Прымакі» (1913, апубл. 1920). У драме «Раскіданае гняздо» пісьменнік паглыбіў тэму зямлі, па-новаму, у філасофскім плане асэнсаваў і вобразы сялян, і іх жыццёвыя пазіцыі. Я.​Купала па-мастацку дасканала арганізаваў інтрыгу, сцэнічнае дзеянне, стварыўшы ўзоры класічнай нац. драмы.

Вялікі ўклад у развіццё бел. драматургіі пач. 20 ст. зрабілі Ф.​Аляхновіч і У.​Галубок. Як драматург Ф.​Аляхновіч заявіў аб сабе п’есай «На Антокалі» (1914—15), ідылічнай сцэнкай «На вёсцы», сцэнічнай легендай «Бутрым Няміра» (абедзве 1916), драмай з гарадскога жыцця «Манька» (1917, 2-я рэд. «Дрыгва», 1925). Разнастайныя паводле зместу, тэматыкі, багацця мастацка-вобразнага ўвасаблення найб. супярэчлівых праблем тагачаснай рэчаіснасці, п’есы Ф.​Аляхновіча вызначаюцца шырокім выкарыстаннем фалькл. матэрыялу. У іх паўстае легендарна-казачная мінуўшчына з вечна актуальнымі маральнымі праблемамі («Базылішк», 1917; «Чорт і Баба», 1918), жыццё рабочых з іх рэвалюцыйнымі настроямі, забастоўкамі, дэманстрацыямі («Калісь», 1917), складаная супярэчлівасць грамадскіх, сямейных канфліктаў, што абвастраліся ў эпоху сац. катаклізмаў («Страхі жыцця», 1918; «Цені», 1919). Значнае месца ў тагачасным тэатральным рэпертуары занялі драмы У.​Галубка «Апошняе спатканне» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (абедзве 1919). Майстэрства драматурга засведчыла камедыя «Пісаравы імяніны» (1917; ставілася таксама пад назвамі «Хвароба ў добрым здароўі» і «Залёты дзяка»), эфект якой дасягаўся напоўненымі вобразамі, дасціпнымі дыялогамі і вострымі рэплікамі. Яго п’есы вызначаліся сцэнічнасцю, вастрынёй канфліктаў, дакладнасцю аўтарскай пазіцыі. Творы для дзіцячага тэатра, прасякнутыя аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці, пісалі К.​Лейка (п’еса «Снатворны мак», 1912), А.​Гарун (зб. «Жывыя казкі», 1920). У іх яны паказалі сябе выдатнымі пісьменнікамі-педагогамі, здольнымі выхоўваць найвышэйшыя маральныя якасці. Над стварэннем нац. рэпертуару працавалі таксама Л.​Родзевіч («Блуднікі», 1912), А.​Гурло («Любоў усё змагае», 1912), К.​Буйло («Сягонняшнія і даўнейшыя», 1914), Я.​Колас («Антось Лата», 1917) і інш. У цэлым бел. драматургія пач. 20 ст. мела значныя дасягненні ў адлюстраванні рэчаіснасці і вызначалася глыбокім дэмакратызмам, гуманістычным пафасам, цікавасцю да праблем агульначалавечага і эстэтычнага характару. Жанравае ўзбагачэнне бел. драмы, арыентацыя аўтараў на цеснае супрацоўніцтва з тэатрам у далейшым стала трывалым падмуркам для развіцця бел. драмы і нац. тэатра.

Асаблівасць развіцця бел. літаратуры пач. 20 ст. ў якасна новых зменах: рысы «сялянскасці» і «мужыцкасці» саступілі месца арыстакратычнасці і дэмакратызму. Спецыфічна нацыянальнае ў ёй стала прыкметай агульначалавечай сутнасці. Адраджэнскі пафас бел. літаратуры ўзмацніўся рамант. тэндэнцыямі, экспрэсіўнасцю (М.​Багдановіч, З.​Бядуля, Я.​Купала), паглыбіўся яе духоўны змест. З рамант. скіраванасцю твораў цесна звязана выкарыстанне сімволікі і алегарычных малюнкаў, адметных пераважна фалькл. паходжаннем. Зварот да традыцый вуснай нар. творчасці характэрны для М.​Багдановіча, А.​Гаруна, Я.​Коласа, А.​Паўловіча і інш. Вобразы сонца, ночы, зор, веснавога абуджэння прыроды сведчылі пра ўзнікненне новых маст. ідэалаў свабоды, якая ўяўлялася і як сац.-паліт. разняволенне, і як нац. незалежнасць, і як духоўнае ўваскрашэнне асобы. Рысы рэалістычнасці літаратура набывала за кошт паглыблення псіхалагізму, дэталізацыі абставін, цікавасці паэтаў да ўнутранага свету чалавека. Творчасць Ф.​Аляхновіча, М.​Багдановіча, З.​Бядулі, А.​Гаруна, М.​Гарэцкага, Я.​Коласа, Я.​Купалы, В.​Ластоўскага і інш. узняла бел. літаратуру да ўзроўню больш развітых літаратур, раскрыўшы багацці духоўнага свету беларуса, паказаўшы яго жыццё, барацьбу супраць сац. бяспраўя і нац. прыгнечання. Умовай паспяховага развіцця тагачаснай літаратуры была арыентацыя на нац. гістарычны вопыт традыцый сусветнай класікі, што дазволіла ёй арганічна ўключыцца ў сусветны гісторыка-літаратурны працэс.

У.​М.​Казбярук, А.​М.​Макарэвіч.

Аўтограф верша Я.​Купалы «Мужык».
Верш Я.​Коласа «Наш родны край» у газеце «Наша доля». 1906.
Вокладка кнігі «Курганная кветка» К.​Буйло. 1914.
Вокладка зборніка апавяданняў «Васількі» Ядвігіна Ш. 1914.
Я.​Купала сярод членаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ун-та пасля пастаноўкі «Паўлінкі». 1913.

т. 18, кн. 2, с. 602

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)