Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РСКАЯ (Алена Сяргееўна) (н. 21.2.1950, пас. Цялякава Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел.літ.-знавец і крытык. Канд.філал.н. (1982), дац. (1992). Скончыла БДУ (1972). У 1974 — 92 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1992 у Бел.дзярж.пед. ун-це. Друкуецца з 1967. Даследуе праблемы маст. пошукаў у сучаснай бел. паэзіі, пытанні паэтыкі (манаграфія «Адказнасць перад часам: Нарыс творчасці К.Кірэенкі», 1986; арт. «Свабодны верш і сучасная беларуская паэзія», 1975; «Мастацкія пошукі лірыкі», 1980, і інш.). Аўтар кн. «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1996, з Л.Гарэлік і Т.Грамадчанка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДЧАНКА (Таіса Канстанцінаўна) (н. 1.12.1951, р.п. Градзянка Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. крытык і літ.-знавец. Канд.філал.н. (1980). Скончыла БДУ (1976). У 1979—92 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1992 у Бел.дзярж.пед. ун-це імя М.Танка. Друкуецца з 1979. Даследуе творчасць бел. пісьменнікаў 1920—30-х г. (Б.Мікуліч, В.Каваль), сучасных бел. празаікаў (манаграфія пра І.Чыгрынава «Жывая памяць народа», 1984; кн. «Перад праўдай высокай і вечнай: Беларуская проза сёння», 1991, і інш.). Аўтар даследавання «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1996, з Л.Гарэлік і А.Гурскай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАКО́ВІЧ (Ала Канстанцінаўна) (7.3.1943, в. Гутава Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. — 11.2.1985),
бел. літ.знавец. Канд.філал.н. (1976). Скончыла БДУ (1964), Літ.ін-т імя М.Горкага (1971). У 1964—66 працавала на бел. радыё, з 1971 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Даследавала гісторыю і тэорыю бел. паэзіі, сувязь яе з фальклорам. У кн. «Паэзія Максіма Багдановіча: Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага» (1978) прааналізавала асаблівасці майстэрства паэта, эвалюцыю бел. паэзіі. Адзін з аўтараў кн. «Паэзія абнаўлення свету» (1981). Вершы, пераклады, літ.крытычныя артыкулы сабраны ў кн. «Пасеянае ўзыдзе» (1991).
Тв.:
Беларускі свабодны верш. Мн., 1984;
Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ТКІ (Уладзімір Георгіевіч) (н. 2.1.1956, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.літ.-знавец. Канд.філал.н. (1984). Скончыў БДУ (1978). Настаўнічаў. З 1982 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1987 у БДУ (з 1990 нам. дэкана філал. ф-та). Даследуе шляхі развіцця і стан стараж.бел., укр. і польскай л-р 16—17 ст., у т. л. праблемы тагачаснай палемічнай публіцыстыкі, пытанні ўсх.-слав. кнігадрукавання, бел.-ўкр.літ. сувязі (кн. «Творчы шлях Мялеція Сматрыцкага», 1987). Навук. рэдактар выдання твораў Сімяона Полацкага («Вирши», 1990), складальнік кн. «Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны» (1991). Адзін з аўтараў падручніка «Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд» (4-е выд., 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ЧНАЯ ГЕАЛО́ГІЯ,
адзін з кірункаў геалогіі, што вывучае знешнія і ўнутр.геал. працэсы, якія бесперапынна змяняюць састаў, структурна-тэкстурныя асаблівасці горных парод, будову зямной кары і формы зямной паверхні. З Д.г. вылучыліся асобныя галіны ведаў: тэктоніка, вулканалогія, сейсмалогія, геамарфалогія і інш. Найважнейшыя метады Д.г. — назіранне сучасных геал. працэсаў і іх мадэліраванне ў лабараторных умовах. Як навука ўзнікла ў 19 ст.Вял. ўклад у развіццё Д.г. зрабілі вучоныя англ. Ч.Лаель, аўстрыйскі Э.Зюс, рас. К.І.Багдановіч, І.В.Мушкетаў, У.А.Обручаў, У.У.Белавусаў, Ю.Д.Буланжэ, В.Я.Хаін і інш., бел. Р.Я.Айзберг, З.А.Гарэлік, Р.Г.Гарэцкі, Г.У.Зінавенка, В.С.Канішчаў, Г.І.Каратаеў, Э.А.Ляўкоў, А.В.Мацвееў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́СЛІК (Навум Зіноўевіч) (26.9.1925, Масква — 27.12.1998),
бел. паэт, перакладчык. Скончыў БДУ (1950). Настаўнічаў. Працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва» (1952—58), час. «Полымя» (1958—59). Друкаваўся з 1944. Пісаў на рус. мове. У кнігах паэзіі «Размова з сябрамі» (1956), «Пошук» (1959), «Пазыўныя зямлі» (1961), «Свята снегападу» (1972), «Успаміны пра вакзалы» (1976), «Першаснежжа» (1980), «Зімовы свет» (1985) і інш. лірычнае асэнсаванне лёсу, духоўных набыткаў ваен. пакалення. У перакладзе К. на рус. мове выдадзены кнігі Р.Барадуліна, А.Вялюгіна, А.Карпюка, А.Куляшова, Я.Купалы, І.Мележа, П.Панчанкі, асобныя творы Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, Я.Брыля, А.Бялевіча, А.Вялюгіна, С.Гаўрусёва, С.Грахоўскага, С.Дзяргая, У.Караткевіча, А.Пысіна, А.Русецкага, М.Стральцова, М.Танка, Ю.Таўбіна і інш. Аўтар кнігі перакладаў «Спелы бор» (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1991.
Падпісаны кіраўнікамі Беларусі (С.Шушкевіч і В.Кебіч), Расіі (Б.Ельцын і Г.Бурбуліс), Украіны (Л.Краўчук і В.Фокін) 8.12.1991 у бел. урадавай рэзідэнцыі каля б. хутара Віскулі Пружанскага р-на ў Белавежскай пушчы. Ад імя дзяржаў — заснавальніц СССР яны канстатавалі, што СССР як суб’ект міжнар. права і геапаліт. рэальнасць спыняе існаванне, і падпісалі Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). у складзе Рэспублікі Беларусь, РСФСР і Украіны. СНД абвяшчалася адкрытай для далучэння інш. дзяржаў. Былі прыняты заявы кіраўнікоў 3 краін аб імкненні СНД праводзіць курс на ўмацаванне міжнар. міру і бяспекі, пра гарантыі выканання міжнар. абавязацельстваў па дагаворах і пагадненнях б.СССР, забеспячэння адзінага кантролю за ядзернай зброяй і яе нераспаўсюджаннем, пра каардынацыю эканам. палітыкі. Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў Пагадненне аб стварэнні СНД 10.12.1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЖАНЕ́ЎСКАЯ (Галіна Анатолеўна) (н. 27.8.1950, в. Лясішча Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1973). Настаўнічала. У 1980—82 на Бел. тэлебачанні, з 1984 у газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1967. У кнігах паэзіі «На мове шчасця» (1973), «Мой сад» (1976), «Званы гадоў» (1980), «Жыла-была...» (1983), «Вечны водгук» (1988), «Невымоўнае» (1991) паэтызуе высакароднасць чалавечых пачуццяў і ўчынкаў, багацце духоўнага свету гераіні-сучасніцы. Яе вершы адметныя глыбокім лірызмам, эмацыянальнай стрыманасцю і драматычнасцю. Піша для дзяцей: п’есы «Іван Світаннік» (паст. 1981), «Шукайце кветку-папараць» (паст. 1985), «Зуб мудрасці» (1984), «Мора, аддай пярсцёнак» (1987), «А як жа Непаседа?», «Чарнабог» (усе паст. 1996), зб-кі вершаў «Сінічка на балконе» (1989), «Рэчы для малечы» (1996) і інш. Аўтар чытанак для 1—2-га класаў «Акрайчык» (1995, з М.Яфімавай) і для 3—4-га класаў «Сцяжынка» (1997). Выступае як публіцыст, крытык, перакладчык.