ГО́РНАЯ ВЯРШЫ́НЯ,
найвышэйшая частка гары, горнага масіву ці хрыбта. Форма горнай вяршыні можа быць піка-, платопадобная ці інш., што абумоўлена літалогіяй складаючых парод, тэктанічнай будовай, характарам дэнудацыйных працэсаў і г.д. Самыя высокія вяршыні зямнога шара — Джамалунгма (Эверэст) у Гімалаях (8848 м), Чагары (Годвін-Остэн, Дапсанг) у Каракаруме (8611 м), Канчэнджанга ў Гімалаях (8585 м).
т. 5, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎНТ МАК-КІ́НЛІ (Mount McKinley),
Дэналі, нацыянальны парк у ЗША, на Алясцы, у раёне гары Мак-Кінлі. Засн. ў 1917. Пл. каля 785 тыс. га. Тундравыя згуртаванні, тайга з каштоўнымі пародамі дрэў (дугласія, тсуга і інш.). Звычайныя амер. лось, паўн. алень, баран Дала, воўк, мядзведзь (грызлі). Каля 130 відаў птушак. Біясферны рэзерват.
т. 10, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НУА,
цар дзяржавы Урарту (правіў каля 810—786 ці 781 да н.э.). Вёў заваёўніцкія войны ў Закаўказзі і Паўн. Месапатаміі. Пры М. пабудаваны на паўн. схіле гары Арарат г. Менуахінілі, вялося буд-ва ў г. Тушпа (сучасны г. Ван, Турцыя), рэканструяваны т.зв. канал Семіраміды. Ад часу праўлення М. засталося больш за 100 урарцкіх клінападобных надпісаў.
т. 10, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САТАНІ́-ДАР, Сатанідар,
раннепалеалітычная стаянка на паўд.-зах. схіле гары Арагац у Арменіі. Даследавана ў 1945—49. Выяўлена шмат прылад з абсідыяну і базальту — адшчэпаў, рубіл, грубых сякучых прылад, а таксама нуклеусаў грубадыскападобнай і кубападобнай формы. Вылучаюць 2 яго комплексы: найб. старажытны датуюць познашэльскім часам (гл. Шэль), больш позні — познаашэльскім (гл. Ашэль).
т. 14, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЦАНІ́Т (ад назвы гары Манцоні ў Італіі),
поўнакрышталічная інтрузіўная горная парода, якая складаецца з калінатравага палявога шпату, асн. плагіяклазу (андэзіт, лабрадор) і піраксену (аўгіт). Структура ад груба- да тонказярністай, трахітоідная. Колер шэры, ружова-шэры. Фіз. ўласцівасці падобныя да дыярыту. Утварае асобныя масівы, удзельнічае ў будове інтрузій складанага саставу. Выкарыстоўваецца ў дарожным буд-ве, як дэкар. камень.
т. 10, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНЫ УРА́Л,
паўночная частка Урала ад вярхоўяў р. Хулга (бас. р. Об) на Пд да гары Канстанцінаў Камень на Пн. Даўж. 380 км, выш. да 1499 (г. Паер). Складзена пераважна з кварцытаў, крышт. сланцаў, вывергнутых і асадкавых горных парод. Захаваліся сляды горна-далінных зледзяненняў. Шмат азёр. Схілы паўд. ч. ўкрыты таежным рэдкалессем, вышэй і ў больш паўн. ч. — горныя тундры, ледавікі.
т. 12, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЬБІЧ (Юрка) (сапр. Шчарбакоў Георгій; 15.6.1905, г. Веліж Смаленскай вобл. — 4.1.1975),
бел. пісьменнік і культ. дзеяч. У 1922—33 працаваў у Маскве на хім. заводзе. Пераехаў на Беларусь, удзельнічаў у напісанні гісторыі віцебскіх, гомельскіх і барысаўскіх фабрык. Быў удзельнікам Віцебскай, Гомельскай, Беластоцкай экспедыцый, узначальваў Аршанскую экспедыцыю па даследаванні, уліку і ахове помнікаў гісторыі, архітэктуры і мастацтва. У час Вял. Айч. вайны супрацоўнічаў з фашыстамі, быў членам т.зв. Цэнтр. ўрада бел. культ. згуртавання. З 1944 у Германіі, у 1946 стварыў бел. літ. згуртаванне і час. «Шыпшына», арганізаваў выданне час. праваслаўных беларусаў «Звіняць званы св. Сафіі». Пасля пераехаў у ЗША. Друкаваўся з 1929 у час. «Узвышша». Першая кн. прозы «Смерць Ірмы Лаймінг» (1932). У 1937 выдаў кн. «Формула супраціўлення касцей», у 1944 у Берліне — зб. публіцыстыкі «Веліжскія паўстанцы» і «Нацыянальныя святыні». Аўтар кн. «Плыве з-пад Святое гары Нёман» (ч. І, Мюнхен, 1956), «Мы дойдзем» (Нью-Йорк, 1974, на рус. мове). Пакінуў успаміны пра бел. пісьменнікаў.
Тв.:
Плыве з-пад Святое гары Нёман: Рэпр. выд. Мн., 1995.
т. 4, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́КАШ,
ва ўсходнеславянскай міфалогіі жаночае бажаство ўрадлівасці і вады, апякунка парадзіх, жаночай працы і дзявочай долі. Яе ўяўлялі ў выглядзе жанчыны з вял. галавой і доўгімі рукамі, якая прадзе па начах у хаце. М. — адзінае жаночае бажаство стараж.-рус. пантэона, чый ідал у Кіеве стаяў на вяршыні гары разам з кумірамі Перуна і інш. багоў. Непасрэдным працягам вобраза М. пасля прыняцця хрысціянства стала св. Параскева Пятніца.
т. 10, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФО́НТАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў верхняга палеаліту, якія жылі ў даліне Енісея 20—12 тыс. г. назад. Назва ад стаянак на Афонтавай Гары на ўскраіне г. Краснаярска. Насельніцтва займалася паляваннем на паўн. аленя, маманта, пясца і інш. Для афонтаўскай культуры характэрны крамянёвыя скрэблы, скрабкі, адшчэпы з рэтушаванымі краямі, касцяныя наканечнікі коп’яў, іголкі. Выяўлены рэдкія для Сібіры рэшткі палеалітычнага чалавека (зуб, косці рукі, фрагмент чэрапа з выразнымі мангалоіднымі рысамі).
т. 2, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.
Створаны ў 1967 у Гродне на тэр. Замкавай Гары, якая займае трохвугольны пагорак на мысе, утвораным пры ўпадзенні р. Гараднічанка ў Нёман. У 12—17 ст. тут існаваў Гродзенскі Стары замак, на паўн. рагу яго размяшчаўся Гродзенскі княжацкі церам, у цэнтр. частцы — Гродзенская Ніжняя царква, на месцы якой пазней пабудавана Гродзенская Верхняя царква. У 1580 тут пабудаваны палац Стафана Баторыя, у будынку якога цяпер размяшчаецца Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.
т. 5, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)