НАВІГА́ЦЫЯ (лац. navigatio ад navigo плыву на судне),

1) мараплаўства, рачное і азёрнае суднаходства.

2) Перыяд года (сезон), на працягу якога залежна ад мясц. кліматычных умоў магчыма суднаходства. Выкарыстаннем ледаколаў і інш. мер гэты перыяд можна прадоўжыць і нават зрабіць Н. круглагадовай.

3) Адзін з асн. раздзелаў суднаваджэння, самалётаваджэння і кіравання касм. лятальнымі апаратамі (ЛА), які распрацоўвае тэарэт. абгрунтаванні і практычныя прыёмы ваджэння суднаў і ЛА.

Марская Н. ўзнікла разам з мараплаўствам, у час якога першыя мараплаўцы (егіпцяне, фінікійцы) арыентаваліся днём па берагах, ноччу па зорках. З 11 ст. для вызначэння курсу судна пачалі выкарыстоўваць магн. стрэлку (компас). Як навука Н. развіваецца з 2-й пал. 16 ст., калі атрымалі пашырэнне марскія карты ў нармальнай роўнавугольнай цыліндрычнай праекцыі Меркатара. З развіццём авіяцыі ўзнікла навігацыя паветраная, касманаўтыкі — навігацыя касмічная, а таксама іх разнавіднасці — астранамічная навігацыя і радыёнавігацыя. Сучасная марская Н. забяспечвае дакладнае, своечасовае і бяспечнае плаванне па зададзеным маршруце. Распрацоўвае і выкарыстоўвае спосабы вызначэння каардынат і вымярэння напрамкаў, адлегласцей і скарасцей на моры, спосабы і метады папярэдняй пракладкі (выбару і адлюстравання на карце) і злічэння шляху судна, вызначэння яго месца (бягучых каардынат) па берагавых, нябесных, падводных арыенцірах і інш. параметраў руху. Метад злічэння шляху — бесперапынны ўлік фактычнага Перамяшчэння судна пад уздзеяннем уласных рухачоў і знешніх фактараў — цячэнняў, ветру і інш. Пры злічэнні шляху ад вядомага зыходнага пункта, абазначанага на марской навігацыйнай карце, пракладваюцца курсы (напрамкі) руху (з дапамогай компасаў, сістэм курсаўказання) і адзначаюцца пройдзеныя адлегласці (з дапамогай лагаў і сістэм указання скорасці). Выкарыстоўваюцца навігацыйныя прылады, навігацыйнае абсталяванне, астра- і радыёнавігацыйныя, інерцыяльныя і касм. навігацыйныя сістэмы. Гл. таксама Біянавігацыя.

Літ.:

Навигация. СПб., 1997;

Куликов А.Г. Спутниковые навигационные системы и корабельные приемоиндикаторы. Мурманск, 1999;

Удачин В.С. Навигационные знаки и огни, судовая сигнализация. М., 1993;

Ющенко А.П., Лесков М.М. Навигация. 2 изд. М., 1972.

С.​А.​Гаршкоў, В.​В.​Латушкін, П.​М.​Шумскі.

т. 11, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА ЗА КАЎКА́З 1942—43,

сукупнасць абарончых (25.7—31.12.1942) і наступальных (1.1—9.10.1943) аперацый сав. войскаў з мэтай абароны Каўказа і разгрому ням.-фаш. войскаў у Вялікую Айчынную вайну.

Удзельнічалі франты: Паўд. (каманд. да 28.7.1942 і 2.2—2.3.1943 ген.-лейт. Р.​Я.​Маліноўскі; 1.1—2.2.1943 ген.-палк. А.​І.​Яроменка), Паўн.-Каўказскі (да 3.9.1942 Маршал Сав. Саюза С.​М.​Будзённы; 24.1—13.5.1943 ген.-лейт І.​І.​Масленікаў; з 13.5.1943 ген.-палк. І.​Я.​Пятроў) і Закаўказскі (з 15.5.1942 ген. арміі І.​У.​Цюленеў) франтоў, Чарнаморскі флот (віцэ-адм. П.​С.​Акцябрскі), Азоўская (контр-адм. С.​Г.​Гаршкоў) і Каспійская (контр-адм. Ф.​С.​Сядзельнікаў) ваен. флатыліі.

Ням.-фаш. камандаванне планавала авалодаць Каўказам у ходзе летняй кампаніі 1942. Для выканання гэтай задачы прызначалася група армій «А» (ген.-фельдмаршал В.​Ліст), якая перасягала сав. войскі Паўд. фронту ў 1,5 раза па асабовым складзе, па танках у 9,4 раза, па артылерыі ў 2 разы і па самалётах у 7,7 раза. Падтрымлівалі яе ВМС Германіі і Румыніі. У адпаведнасці з планам «Эдэльвейс» праціўнік наступаў паміж Донам і перадгор’ямі В.​Каўказа. Сав. войскі вялі абарончыя баі і адыходзілі. У канцы снежня гітлераўцы, страціўшы больш як 100 тыс. чал., перайшлі да абароны. Сав. войскі Паўд. фронту, якія працягвалі контрнаступленне пад Сталінградам, нанеслі ўдар па гал. сілах праціўніка на Растоўскім і Ціхарэцкім напрамках. Пад пагрозай акружэння ням. камандаванне вымушана было свае войскі на Паўн. Каўказе адвесці за Растоў і на Таманскі п-аў. У выніку Новарасійска-Таманскай аперацыі 1943 лінія абароны праціўніка была прарвана і 9.10.1943 Таманскі п-аў вызвалены. Чырв. Армія прайшла з баямі каля 800 км, вызваліла каля 200 тыс. км² тэрыторыі. Страты праціўніка толькі за час наступлення сав. войскаў склалі 281 тыс. чал., 1358 танкаў, 2 тыс. самалётаў, больш як 7 тыс. гарматаў і мінамётаў, 22 тыс. аўтамашын і інш. ваен. тэхнікі і маёмасці. Сав. войскі страцілі ў бітве забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 950 тыс. чал. (з іх забітымі 344 390 чал.).

т. 3, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАГРА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дняпра паміж сярэднім цячэннем Бярэзіны на Пн і р. Рось на Пд, Зах. Бугам на З і р. Іпуць на У (тэр. Пд Беларусі і Укр. Палесся). Назва ад гарадзішча Мілаград. Датуецца 7—3 ст. да н.э. Характэрны 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя (гарадзішчы) і неўмацаваныя (селішчы). У Падняпроўі і Пасожжы ўмацаванні рабілі ў выглядзе валоў і равоў з боку поля, а ў Палессі валы і равы ўмацоўвалі пляцоўкі гарадзішчаў з усіх бакоў. Селішчы вядомы ва ўсім арэале культуры. Асн. тып жытлаў — зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы прамавугольнай або круглаватай формы пл. 12—16 м² слупавой канструкцыі, з выступам каля адной са сцен; былі разлічаны на адну сям’ю. Агнішчы адкрытыя, у круглых і авальных ямах паміж апорным слупам і сцяной. Пахавальныя помнікі — курганныя і бескурганныя (грунтавыя) могільнікі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на пясчанай падсыпцы або на гарызонце ў драўляных зрубах, а таксама ў неглыбокіх мацерыковых ямах. Пахавальны інвентар складалі адзін або некалькі гаршкоў, радзей — зброя ці ўпрыгожанні. Бескурганныя (грунтавыя) могільнікі размяшчаліся на ўзвышшах або прымыкалі да гарадзішчаў. У іх пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Пахавальны інвентар — кавалкі гліняных пасудзін і зубы свойскіх жывёл. Радзей трапляюцца прылады працы, зброя, упрыгожанні. Для носьбітаў М.к. характэрны гліняны посуд з прамым адагнутым вонкі венчыкам і яйца- або шарападобным тулавам, а таксама паўсферычныя гаршкі без пазначанага венчыка. Частка посуду аздоблена ўцісканнямі круглай палачкі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, «жамчужынамі». Гліняныя прасліцы і грузікі часам дакладна капіруюць форму посуду. Ёсць знаходкі гліняных фігурак жывёл. Рэчавы комплекс разнастайны: прылады працы з жалеза, наканечнікі дзідаў, стрэлы, каменныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі і інш.

Асн. формы гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля; паляванне і рыбалоўства мелі дапаможны характар. Былі развіты дамашнія рамёствы: здабыча і апрацоўка жалеза, ліццё бронзы, прадзенне, ткацтва, выраб ляпнога посуду. Этнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай. Частка вучоных лічаць іх славянамі, інш. адносяць іх да балтаў.

Літ.:

Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;

Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;

Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967;

Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М., 1970.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)