Існаваў у 19 ст. ў в. Масаляны Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. Меў рысы стыляў ампір і несапраўднай готыкі. Мураваны 1-павярховы будынак складанай канфігурацыі ў плане на высокім цокалі. Цэнтр.ч., пад вальмавым дахам, вылучана 4-калоннай паўратондай, якая заканчвалася квадратным у плане бельведэрам са скульптурай у завяршэнні. Бакавыя крылы палаца на гал. фасадзе афармлялі слупавыя галерэі. Палац вядомы паводле малюнка Н.Орды 1860—70-х г., калі належаў Біспінгам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАГА ДУХО́ЎНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў 1799—1819 у Гомелі як летні дом М.П.Румянцава (арх. Дж.Кларк). З 1880 у будынку размяшчалася духоўная семінарыя. Складаўся з трох аб’ёмаў, пастаўленых на адной лініі: 2-павярховы драўляны корпус і злучаныя з ім галерэі 2-павярховых флігеляў. У 2-й пал. 19 ст. перабудаваны. Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Цэнтр гал. прамавугольнага ў плане аб’ёму вылучаны магутнымі рызалітамі на гал. і дваровых фасадах. Гал. фасад дэкарыраваны сандрыкамі, лепкай і інш. Дваровыя фасады карпусоў апрацаваны рустам, завершаны карнізам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МЕНАЎ (Уладзімір Сямёнавіч) (2.6.1908, г. Днепрапятроўск, Украіна — 14.6.1988),
расійскі мастацтвазнавец. Засл. дз. маст. Расіі (1968). Д-р мастацтвазнаўства (1958), правадз.чл.АМСССР (1954; віцэ-прэзідэнт з 1966). Вучыўся ў 1-м Маскоўскім ун-це (1928—30). Выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (1933—38). У 1938—40 дырэктар Траццякоўскай галерэі. Нам. міністра культуры СССР (1954—56). У 1956—58 прадстаўнік СССР пры ЮНЕСКА. Работы па эстэтыцы, тэорыі, гісторыі рус., сав. і зах.-еўрап. мастацтва. Дзярж. прэмія СССР 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СБА́ДЭН (Wiesbaden),
горад на ЗФРГ, каля падножжа гор Таўнус. Адм. ц. зямлі Гесен. 270,9 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Рэйн (рачны порт у прыгарадзе Шырштайн). Хім., фармацэўтычная, маш.-буд. (у т. л. цяжкае, выраб электратэхн. абсталявання, гідраўлікі, прадметаў дакладнай механікі і оптыкі), цэментная, паліграф.прам-сць. Вытв-сць шампанскіх він. У Вісбадэне знаходзяцца федэральнае стат. ўпраўленне, дзярж.б-ка, гал.дзярж. архіў. Бальнеакліматычны курорт. Вядомасць набыў з сярэдзіны 18 ст. Вызначаецца мяккай зімой і цёплым летам. Каля 30 крыніц мінер. вод, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб суставаў, органаў дыхання, абмену рэчываў. Санаторыі, шматлікія матэлі і пансіянаты, пітныя галерэі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІТЭА́ТР (грэч. amphitheatron),
1) у Стараж. Рыме манументальнае збудаванне для публічных відовішчаў: баёў гладыятараў, цкавання дзікіх звяроў, масавых тэатралізаваных паказаў. Меў эліпсападобную ў плане форму, з арэнай пасярэдзіне, вакол якой ступенькамі ўзвышаліся месцы для гледачоў. Яго канструкцыйную аснову складала сістэма арак і слупоў, паміж якімі знаходзіліся галерэі і лесвіцы, напр., Рымскі Калізей.
2) Сучасныя амфітэатры выкарыстоўваюцца ў кінатэатрах, тэатр., цыркавых, спарт. будынках, маюць эліпсападобны, паўцыркульны сегментавы план. На аснове амфітэатра пабудаваны глядзельныя залы Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі, кінатэатра «Кастрычнік» у Мінску, месцы для гледачоў у цырках Гомеля, Мінска, на мінскім стадыёне «Дынама» і інш.
Да арт.Амфітэатр. Старажытнарымскі тэатр у Турцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЗА́ГА (Gonzago, Gonzaga) П’етра ды Гатарда (25.3.1751, Лангароне, каля г. Венецыя, Італія — 6.8.1831), італьянскі жывапісец, тэатр. дэкаратар і архітэктар. Вучыўся ў Венецыі і Мілане, зазнаў уплыў А.Каналета і Дж.Б.Піранезі. З 1792 працаваў у Расіі. Дэкарацыі, створаныя ім пераважна для прыдворных т-раў і т-ра ў Архангельскім, вызначаліся гарманічнай дакладнасцю класіцыстычных формаў. Выкананыя Ганзага манум.-дэкар. размалёўкі дзякуючы ілюзорным эфектам стваралі ўражанне рэальна існуючай архітэктуры (размалёўка т.зв.галерэі Ганзага ў палацы ў Паўлаўску, 1822—23; захавалася часткова). Удзельнічаў у планіроўцы паркаў (у Паўлаўску і інш.).
П.Ганзага. Эскіз дэкарацыі балета Д.Штайбельта «Сандрыльёна» ў пастаноўцы І.Вальберха і Агюста. Пецярбург. 1815.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я Адкрыта ў 1981 ў г. Полацк Віцебскай вобл. як філіял Нац.Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Размяшчалася ў Богаяўленскім саборы Полацкага Богаяўленскага манастыра. У фондах галерэі налічвалася каля 2 тыс. твораў жывапісу, скульптуры, графікі, дэкар.-прыкладнога мастацтва: калекцыі абразоў 1-й пал. 18 — пач. 20 ст., творы бел. мастакоў І.Басава, Г.Буралкіна, В.Бялыніцкага-Бірулі, Л. і В. Варэцы, Г.Гаравой, В.Грамыкі, Я.Зайцава, С.Катковай, А.Кашкурэвіча, А.Кузняцова, З.Літвінавай, А.Малішэўскага, А.Марачкіна, Г.Паплаўскага, Л.Рана, М.Савіцкага, У.Стальмашонка, В.Цвіркі, А.Шатэрніка, Г.Шутава, Н.Шчаснай і інш., мастакоў Полаччыны. У 1991 дзейнасць П.к.г. прыпынена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІС ВАН ДЭР РО́Э ((Mies van der Rohe) Людвіг) (27.3.1886, г. Ахен, Германія — 17.8.1969),
нямецкі архітэктар; адзін з лідэраў функцыяналізму. Прафес. адукацыі не атрымаў. З 1905 працаваў у Берліне, у т. л. ў майстэрні П.Берэнса. У 1930—33 дырэктар «Баўгауза» ў г. Дэсаў. З 1937 у ЗША. У 1938—58 выкладаў у Ілінойскім тэхнал. ін-це ў Чыкага. Пабудовы 1910-х г. у духу неакласіцызму (дом Перльса ў Берліне, 1911). У 1920-я г. выступіў з серыяй эксперым. праектаў, у якіх падкрэсленая выразнасць навясных канструкцый спалучаецца з экспрэсіўнай формай аб’ёмаў, стварыў тып жылога дома са стальным каркасам і зменнай унутр. планіроўкай. На творчасць пач. 1930-х г. паўплывала гал. група «Стыль»; работы сталі больш выразнымі па кампазіцыі, у іх інтэр’ерах сцены-шырмы падзялялі ўнутр. прастору на асобныя, звязаныя паміж сабой зоны (павільён Германіі на Сусв. выстаўцы ў г. Барселона, 1929; дом Тугендхата ў г. Брно, 1930). У 1940—50-я г. прапанаваў ідэю дасканалай «універсальнай формы» — адзінай унутр. прасторы, якая дае максімум магчымасцей для разнастайнага выкарыстання інтэр’ера (будынак арх. ф-та Ілінойскага тэхнал. ін-та, 1952—56); да элементарных геам. форм прыведзены аб’ёмы вышынных будынкаў: жылыя дамы на Лейк Шор Драйв (1950—51) і на Комануэлс Праменад (1957) у Чыкага, канторскія будынкі Сігрэм-білдынг у Нью-Йорку (1956—58), Дамініян-сентэр у г. Таронта (1967). Арыгінальным вырашэннем адметны будынак Нац.галерэі ў Берліне (1968). Яго творчасць паўплывала на архітэктараў ЗША і Зах. Еўропы.
Літ.:
Мачульский Г.К. Мис ван дер Роэ. М., 1969.
Л.Міс ван дэр Роэ. Будынак Нацыянальная галерэі ў Берліне. 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЧКО́ЎСКІ (Ціт) (1799, г.п. Лагойск Мінскай вобл. — 1843),
бел. жывапісец. З прыгонных графа Тышкевіча. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.Рустэма. У 1827 з дапамогай Тышкевіча пасланы ў Германію, дзе займаўся капіраваннем экспанатаў Дрэздэнскай галерэі. У 1836—42 у Мюнхенскай АМ. У 1843 паехаў у Венецыю, дзе раптоўна скончыў самагубствам. Аўтар карцін: «Касец, што менціць касу», «Дзяўчынка з разбітым збанам», «Музыкант настройвае віяланчэль», «Варажбітка прадказвае лёс», «Святая Вікторыя збірае сродкі для беднякоў», партрэтаў Ю.Славацкага (1831), К.Князевіча, генерала Вайчынскага (1836, музей А.Міцкевіча ў Варшаве) і інш.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. М., 1974. С. 100—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РКМАН (Юзаф) (4.8.1838, г. Валожын Мінскай вобл. — 19.7.1919),
бел. жывапісец. Скончыў гімназію ў Вільні. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це, маст. адукацыю атрымаў у Пецярбургскай АМ. За ўдзел у паўстанні 1863—64 на Беларусі сасланы ў Сібір, дзе і жыў пасля адбыцця катаргі; у Іркуцку меў жывапісную майстэрню. З 1877 жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1880 — у Лібаве (цяпер г. Ліепая, Латвія). Пісаў пераважна сцэны з паўстання і жыцця ссыльных паўстанцаў («Труна Серакоўскага», «Смерць Нарбута»). Гэтай жа тэматыцы прысвечаны серыі акварэляў (да Вял.Айч. вайны захоўваліся ў Львоўскай карціннай галерэі). Сярод работ жывапісныя карціны «Коннік з двума канямі», «Тройка» (абедзве 1877), «Чацвёрка» (1914) і інш. Большасць твораў захоўваецца ў Іркуцкім маст. музеі.