назва арг-цыі, прыдуманай у ліп. 1931 супрацоўнікамі АДПУБССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу над інтэлігентамі па пытаннях эканам. развіцця Беларусі. Стварэнне «БФМ» было аднесена да 1928—30. Арганізатарамі і кіраўнікамі лічыліся А.І.Шэйнін і І.Я.Герцык (дацэнты БДУ), І.М.Рубенчык (урач), В.Ф.Берман і І.Л.Гарміза (супрацоўнікі Белкаапсаюза). Ячэйкі «арг-цыі» былі «выяўлены» ў Дзяржплане БССР, Нар. камісарыяце забеспячэння, фін. органах і спажывецкай кааперацыі БССР. Членам «БФМ» інкрымінавалася шкодніцтва, распаўсюджванне контррэв. л-ры, антысав. прапаганды. Да крымін. адказнасці прыцягнута 30 чал., 11 з іх праходзілі і як чл.«Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі». Абвінавачванні грунтаваліся на паказаннях арыштаваных («прызналіся» 12 чал.) і сведак. Паводле рашэння Калегіі АДПУБССР ад 23.7.1931 прыгавораны 6 чал. да 10 гадоў, 9 — да 5 гадоў, 7 — да 3 гадоў лагераў, астатнія да высылкі ў Сібір, Казахстан на 3—10 гадоў. У 1957 усе чл. «БФМ» рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСТА́ЛКІ,
у Старажытным Рыме жрыцы багіні Весты, якія падтрымлівалі вечны агонь у яе храме. Для пасвячэння ў вясталкі адбіралі дзяўчынак 6—10 гадоў, якія на працягу 30 гадоў павінны былі выконваць жрэцкія абавязкі і захоўваць зарок цнатлівасці. Вясталак, якія парушалі зарок, жывымі закопвалі ў зямлю. Вясталкі карысталіся выключнымі пашанамі і прывілеямі. Асуджаныя злачынцы, якія выпадкова сустракалі вясталку, падлягалі вызваленню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НСКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
сістэма выхавання хлопчыкаў і юнакоў (дзяцей свабодных грамадзян) у Стараж. Афінах у 7—5 ст. да нашай эры. Мэта афінскага выхавання — дасягненне «гармоніі душы і цела» (інтэлектуальнага, маральнага, эстэт. і фіз. развіцця). Прадугледжвала выхаванне да 7 гадоў у сям’і пад кіраўніцтвам маці або мамкі, пазней — педагога; з 7 да 16 гадоў — навучанне ў прыватных мусічных школах чытанню, пісьму, лічэнню (школа граматыста), музыцы, спевам, дэкламацыі (школа кіфарыста), з 12 гадоў дадаткова — гімнастыцы (палестра); з 16 да 18 юнакі са знатных сем’яў вывучалі філасофію, л-ру, палітыку, фіз. ўдасканаленне праходзіла ў дзярж. гімназіі; з 18 да 20 праводзілася ваеннае навучанне і набывалася паліт. адукацыя ў эфебіі. Фізічная праца выключалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПАЎНАЛЕ́ТНІЯ,
асобы, якія не дасягнулі ўзросту, з якім закон звязвае наступленне дзеяздольнасці. Паводле права Рэспублікі Беларусь Н. — асобы, што не дасягнулі 18 гадоў. Законныя інтарэсы Н. (поўнасцю або часткова) ажыццяўляюць іх бацькі або апекуны ці інш. законныя прадстаўнікі. Закон прадугледжвае меры, якія спецыяльна абараняюць іх працоўныя, цывільныя, аліментныя і інш. правы. Н. ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў ажыццяўляюць са згоды бацькоў або апекуноў здзелкі, а таксама самастойна могуць ажыццяўляць дробныя быт. здзелкі, распараджацца сваім заробкам, стыпендыяй. ажыццяўляць аўтарскія і вынаходніцкія правы. У крымін. працэсе ўстаноўлены асобы парадак разгляду спраў аб Н. (крымін. адказнасць за пэўныя цяжкія злачынствы настае з 14 гадоў), які забяспечвае найб. дакладнае іх расследаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКРУ́ЦКАЯ ПАВІ́ННАСЦЬ,
сістэма камплектавання рас.рэгулярнага войска ў 18—19 ст. Пачаткам пераходу да Р.п. з’явіліся змены ў складзе і парадку набору датачных людзей (1699); канчаткова ўведзена ў 1705. Рэкрутаў набіралі прымусова з усіх падатных саслоўяў (сялян, мяшчан і інш.). Пазней ад Р.п. былі вызвалены купцы, царк. служкі, ганаровыя грамадзяне і інш. Напачатку рэкруты служылі пажыццёва, з 1793—25 гадоў, з 1834—20, у 1855—72—12, 10 і 7 гадоў. Узрост рэкрутаў складаў (у розныя гіст. перыяды) ад 17 да 35 гадоў (у 1726—66 — «усякага ўзросту»). Да 1724 бралі 1 рэкрута з 20 двароў, потым 5 і больш з 1000 рэвізскіх душ. У 1874 Р.п. заменена ўсеагульнай воінскай павіннасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЗІСЫ ЎЗРО́СТАВЫЯ,
асобыя, адносна непрацяглыя па часе перыяды ў жыцці чалавека, якія характарызуюцца рэзкімі псіхал. зменамі. Узнікаюць пры пераходзе чалавека ад адной узроставай ступені да другой і звязаны з якаснымі пераўтварэннямі ў сферы яго сац. адносін, дзейнасці і свядомасці. У дзіцячым узросце вучоныя вылучаюць крызісы: нованароджанасці, першага года жыцця, 3 гадоў, 6—7 гадоў, падлеткавы (11—12 гадоў) і юнацкі (15—16 гадоў). К.ў. абумоўлены супярэчнасцю паміж хуткім ростам фіз. і разумовых магчымасцей дзіцяці і раней сфарміраванымі відамі дзейнасці, стэрэатыпамі яго свядомасці і паводзін, формамі ўзаемаадносін з іншымі людзьмі, прыёмамі пед. ўздзеяння. Дзіцячыя К.ў. часта суправаджаюцца негатывізмам, павышанай канфліктнасцю, упартасцю, агрэсіўнасцю, аслабленнем цікавасці да вучобы і г.д. Некаторыя даследчыкі лічаць К.у. заканамерным працэсам, які абумоўлены логікай асабістага развіцця і неабходнасцю вырашэння асн. узроставых супярэчнасцей (З.Фрэйд, Э.Эрыксон, Л.Выгоцкі, Л.Бажовіч, Д.Эльконін), іншыя бачаць у К.ў. праяўленне дэвіянтных паводзін (С.Рубінштэйн, А.Запарожац). У параўнанні з дзіцячымі К.ў. паваротныя пункты ў жыцці дарослых узнікаюць значна радзей і звычайна вызначаюцца больш спакойным, прыхаваным характарам. Асобныя даследчыкі вылучаюць крызіс 40 гадоў, хаця наяўнасць яго эксперыментальна не даказана.
Літ.:
Выготский Л.С. Избранные психологические исследования. М., 1956;
Обухова Л Ф. Детская (возрастная) психология. М., 1996;
Эльконин Б.Д. Введение в психологию развития. М., 1994;
Эриксон Э. Идентичность: юность и кризис: Пер. с англ.М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧЫЯ Я́СЛІ,
дашкольная ўстанова, якая забяспечвае неабходныя ўмовы развіцця і выхавання дзяцей ва ўзросце ад 2 месяцаў да 3 гадоў. У Дз.я. вылучаюць 4 ўзроставыя групы: грудных дзяцей (да 9 мес), «паўзунковая» (9—14 мес), сярэдняя (14—24 мес), старэйшая (2—3 гады). Дзяцей, якім споўнілася 3 гады, прымаюць дзіцячыя сады. З 1959 існуе дашкольная ўстанова, якая аб’яднала Дз.я. і дзіцячыя сады ў адзін тып дашкольнай установы — дзіцячыя яслі-сад.
У яслях дзеці знаходзяцца па 10—11 гадз у суткі; існуюць групы падоўжанага і кругласутачнага выхавання. З дзецьмі працуюць сёстры-выхавальніцы, метадычную і выхаваўчую работу ажыццяўляе педагог-метадыст, лячэбна-прафілактычную — урач. Будуюць Дз.я. паводле тыпавых праектаў на 30—40 месцаў; у групе ад 1 да 2 гадоў — 10, ад 2 да 3 гадоў — 15 месцаў. У апошнія гады колькасць дзяцей у Дз.я. паменшала ў выніку змены заканадаўства аб працягласці дэкрэтнага адпачынку жанчынам (да 3 гадоў). У 1980 на Беларусі было 229 Дз.я. на 20,6 тыс. дзяцей, у 1996—17 Дз.я. на 0,8 тыс дзяцей. Гл. таксама Дашкольныя ўстановы, Дашкольнае выхаванне і навучанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСТО́ЙНЫЯ ЛЯСЫ́,
узроставая група, якая перайшла стан спеласці лясоў. Характарызуецца слабым ростам дрэў верхняга яруса, невял. прыростам масы драўніны. У Пл. часцей распаўсюджваюцца хваробы, узнікаюць бураломы. Узрост, у якім лес адносяць да Пл., залежыць ад пароды дрэў і знешніх умоў. На Беларусі перастойнымі лясамі лічацца дубовыя, кляновыя, ясянёвыя — са 140 гадоў, хваёвыя і яловыя — са 120, бярозавыя — з 80, асінавыя, альховыя — з 60 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛУ́ГА (Huso huso),
рыба сям. асятровых атр. асетрападобных. Пашырана ў бас. Каспійскага, Чорнага, Азоўскага і Адрыятычнага мораў. Прахадная. Раней па Дняпры заходзіла ў рэкі Беларусі на нераст. Да пач. 20 ст. ў Сажы і Дняпры лавілі бялугу масай каля 300 кг, пазней не траплялася. У 1973—74 у рыбакамбінат «Белае» (Гомельская вобл.) завезены гібрыд бялугі і сцерлядзі (бесцер) для рыбагасп. выкарыстання.
Даўж. да 9 м, маса да 2 т. Жыве больш за 100 гадоў. Палавая спеласць самцоў у 12—14 гадоў, самак у 16—18. Ёсць азімыя і яравыя формы. Нерастуе раз у некалькі гадоў. Плоднасць да 8 млн. буйных ікрынак. Утварае гібрыды з інш. асятровымі. Дарослая корміцца рыбай, моладзь — доннымі беспазваночнымі. Каштоўная прамысл. рыба. Ікра — далікатэсны прадукт. Колькасць скарацілася. Аб’ект развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОД,
прамежак часу, блізкі па працягласці да перыяду абарачэння Зямлі вакол Сонца. У астраноміі вылучаюць: сідэрычны (зорны) год, які адпавядае аднаму бачнаму абароту Сонца па нябеснай сферы адносна нерухомых зорак, складае 365,2564 сярэдніх сонечных сут; трапічны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі цэнтра Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (365,2422 сут); анамалістычны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі Сонца праз перыгей яго бачнай геацэнтрычнай арбіты (365,2596 сут); драканічны год — час, за які Сонца вяртаецца да таго ж (узыходнага і сыходнага) вузла арбіты Месяца на экліптыцы (346,620 сут); працягласць гэтых гадоў прыведзены для 1900; каляндарны год мае 365 сут для звычайных гадоў і 366 сут для высакосных гадоў; месячны год роўны 12 сінадычным месяцам (у сярэднім 354,367 сут).