НЕПАЎНАЛЕ́ТНІЯ,
асобы, якія не дасягнулі ўзросту, з якім закон звязвае наступленне дзеяздольнасці. Паводле права Рэспублікі Беларусь Н. — асобы, што не дасягнулі 18 гадоў. Законныя інтарэсы Н. (поўнасцю або часткова) ажыццяўляюць іх бацькі або апекуны ці інш. законныя прадстаўнікі. Закон прадугледжвае меры, якія спецыяльна абараняюць іх працоўныя, цывільныя, аліментныя і інш. правы. Н. ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў ажыццяўляюць са згоды бацькоў або апекуноў здзелкі, а таксама самастойна могуць ажыццяўляць дробныя быт. здзелкі, распараджацца сваім заробкам, стыпендыяй. ажыццяўляць аўтарскія і вынаходніцкія правы. У крымін. працэсе ўстаноўлены асобы парадак разгляду спраў аб Н. (крымін. адказнасць за пэўныя цяжкія злачынствы настае з 14 гадоў), які забяспечвае найб. дакладнае іх расследаванне.
Г.А.Маслыка.
т. 11, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)