ВІНЬЁ (Vigneaud) Вінсент Дзю (18.5.1901, г. Чыкага, ЗША — 11.12.1978),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1944). Скончыў Ілінойскі ун-т (1923) і Мед. школу Рочэстэрскага ун-та (1927). З 1929 у Ілінойскім ун-це, з 1932 праф. ун-та Дж.​Вашынгтона, у 1938—75 Корнелскага ун-та. Навук. працы па хіміі гармонаў, вітамінаў, антыбіётыкаў. Даследаваў хім. будову інсуліну і біяціну, устанавіў структуру і сінтэзаваў вазапрэсін, аксітацын, вітаміны групы В. Прапанаваў метады сінтэзу, ачысткі і вылучэння антыбіётыкаў. Нобелеўская прэмія 1955.

Літ.:

Волков В.А., Вонскнй Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 157.

В. дзю Віньё.

т. 4, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,

ваенна-адм. адзінка, тэр. агульнавайсковае аб’яднанне, у якое ўваходзяць злучэнні, часці, ваенна-навучальныя і розныя мясц. ваенныя ўстановы. Падзел тэр. краіны на ваенныя акругі практыкуецца ў многіх дзяржавах і мае на мэце забяспечыць правядзенне мерапрыемстваў, звязаных з падрыхтоўкай краіны і ўзбр. сіл на выпадак вайны, больш мэтанакіравана арганізаваць падрыхтоўку войск і штабоў. Бываюць прыгранічныя і ўнутраныя В.а., звычайна іх называюць па найменнях гарадоў або мясцовасці, дзе дыслацыруюцца іх упраўленні. У СССР (паводле стану на 1991) існавала 16 ваенных акруг, адной з якіх была Беларуская ваенная акруга, на базе якой створаны Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь.

т. 3, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЫ́ГА Аляксандр Андрэевіч (5.12.1837, каля Віцебска — 26.3.1905),

расійскі хімік. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1860). З 1861 у Міхайлаўскай артыл. акадэміі, з 1862 у Цюбінгенскім і Цюрыхскім ун-тах. З 1865 у Новарасійскім ун-це ў Адэсе (з 1871 праф.), адначасова ў 1880 арганізаваў першую ў Расіі лабараторыю па даследаванні харч. прадуктаў і кіраваў ёй да 1896. Навук. працы па хіміі араматычных азазлучэнняў. Атрымаў бензідзін (1864), азабензол і яго гамолагі (1865), азаталуал і інш. Даследаваў рачныя і артэзіянскія воды Пд Расіі, гаючыя крыніцы і гразі.

Літ.:

Волков В.А. Вонский Е.В., Кузнецов Г.Н. Выдающиеся химики мира. М., 1991. С. 92.

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРМАКО́Ў Васіль Пятровіч (11.3.1845, в. Церуха Гомельскага р-на — 16.3.1922),

расійскі матэматык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1884). Скончыў Кіеўскі ун-т (1868), дзе і працаваў (з 1877 праф.), з 1899 у Кіеўскім політэхн. ін-це. Навук. працы па матэм. аналізе, алгебры, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, механіцы. Адкрыў новую прыкмету збежнасці бесканечных шэрагаў (1870), даў новы спосаб рашэння класічнай задачы аб брахістахроне (1900). Выдаваў «Журнал элементарной математики» (1884—86). Аўтар падручнікаў і навуч. дапаможнікаў для ВНУ.

Літ.:

Историко-математические исследования. М., 1956. Вып. 9. С. 667—722;

Дабравольскі В.А. Да ісціны — найпрасцейшым шляхам: Васіль Ермакоў. Мн., 1992.

т. 6, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБА́НАЎ Віктар Аляксандравіч (н. 15.1.1934, Масква),

расійскі хімік. Акад. Рас. АН (1987, чл.-кар. з 1968). Скончыў Маскоўскі ун-т (1956), дзе і працуе. Навук. працы па хіміі і фізікахіміі высокамалекулярных злучэнняў. Адкрыў і растлумачыў з’яву хуткай нізкатэмпературнай полімерызацыі цвёрдых манамераў пры фазавых пераўтварэннях. Даследаваў заканамернасці радыкальнай полімерызацыі манамераў, якія іанізуюцца; палімер-палімерныя комплексы лінейных сінт. поліэлектралітаў. Паказаў магчымасць мадэлявання функцый біяпалімераў пры дапамозе сінт. макрамалекул, сінтэзаваў макрамалекулярныя мадэлі некат. ферментаў. Атрымаў і даследаваў комплексы сінт. поліэлектралітаў з бялкамі, якія мадэлююць нуклеапратэідныя комплексы ў біял. сістэмах (1977—80). Ленінская прэмія 1980.

В.А Кабанаў.

т. 7, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СЬКІН Віктар Сямёнавіч (1.12.1952, в. Ураеўка Акцябрскага р-на Курскай вобл., Расія — 24.7.1992),

расійскі ваен. лётчык. Герой Расійскай Федэрацыі (1992). Скончыў Тамбоўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1974), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.​А.​Гагарына (1985). 24.7.1992 падпалк. О. выконваў палёт у якасці інструктара экіпажа. Калі самалёт знаходзіўся над адным з раёнаў Гомеля, непадалёку ад якога размяшчалася нафтасховішча, на ім узнік пажар. О. прыняў рашэнне найхутчэй адвесці самалёт ад горада, потым даў каманду экіпажу пакінуць машыну. Экіпаж выратаваўся, О. не хапіла вышыні для катапультавання, і ён загінуў.

Літ.:

Руденко В.А. Гомель подумал... // Крылья Родины. 1993, № 5.

т. 11, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЁНТАК Казімір (н. 21.10.1914, г. Валга, Эстонія),

рымска-каталіцкі царк. дзеяч Беларусі. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю імя Фамы Аквінскага ў Пінску (1939). У 1939—44 в.а. пробашча парафіі ў Пружанах. У крас. 1941 арыштаваны і зняволены на 2 месяцы ў брэсцкую турму. У снеж. 1944 зноў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў, зняволенне адбываў у лагерах Сібіры і Комі АССР. Пасля вызвалення 16.6.1954 вярнуўся да пастырскай дзейнасці, з 1.12.1954 пробашч парафіі ў Пінску. З 13.4.1991 архібіскуп, мітрапаліт мінска-магілёўскі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі. 26.11.1993 ад папы Іаана Паўла 11 атрымаў званне кардынала.

С.​Ф.​Адамовіч.

К.Свёнтак.

т. 14, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУКТУ́РА ПАПУЛЯ́ЦЫІ,

характар размеркавання асобін у прасторы, а таксама паводле палавых, узроставых і інш. марфалагічных і фізіялагічных адзнак; адзін з кампанентаў папуляцыйнай біялогіі. Адрозніваюць прасторавую, іерархічную, дэмаграфічную, сацыяльную С.п. і інш. Многія параметры С.п. абумоўліваюцца дынамікай колькасці асобін, што складаюць папуляцыю (у часе, прасторы), узаемадзеяннем асобін з абіятычнымі і біятычнымі фактарамі асяроддзя. Вывучэнне С.п. дазваляе распрацоўваць сродкі і спосабы рацыянальнага выкарыстання біял. рэсурсаў, прыродаахоўных мерапрыемстваў і інш.

Літ.:

Майр Э. Популяции, виды и эволюция;

Пер. с англ. М., 1974;

Солбриг 0., Солбриг Д. Популяционная биология и эволюция: Пер. с англ. М., 1982;

Радкевич В.А. Экология. 3 изд. Мн., 1997.

т. 15, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПІТА́ЛЬНЫ Барыс Гаўрылавіч (7.8.1902, г. Растоў-на Доне, Расія — 6.2.1972),

расійскі канструктар авіяц. стралкова-гарматнага ўзбраення. Д-р тэхн. н. (1940), праф. (1949). Герой Сац. Працы (1940). Скончыў Маскоўскі мех. ін-т (1927). З 1927 у Навук. аўтаматорным ін-це. У 1934—53 нач. і гал. канструктар асобнага канструктарскага бюро, потым праф. Маскоўскага ін-та інжынераў геадэзіі, аэрафотаздымкі і картаграфіі. У 1930 стварыў авіяц. кулямёт калібру 7,62 мм, у 1935—12,7 мм кулямёт, у 1936 — авіяц. гармату, што ўстанаўліваліся на розных тыпах самалётаў і танках Т-60. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942.

Літ.:

Сытин В.А. Изобретатель сверхпулемета. М., 1941.

т. 17, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРМО́ШЫН Уладзімір Васілевіч (н. 26.10.1942, г.п. Пронск Разанскай вобл., Расія),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Новачаркаскі політэхн. ін-т (1964), Акадэмію грамадз. авіяцыі ў Ленінградзе (1989). Працаваў токарам Новачаркаскага электравозабудаўнічага з-да, ст. інжынерам, гал. механікам, нам. дырэктара з-да грамадз. авіяцыі ў Мінску. З 1990 старшыня Кастр. райвыканкома г. Мінска, нам. старшыні, 1-ы нам. старшыні, у 1995—2000 старшыня Мінскага гарвыканкома. У лют.—сак. 2000 в.а., у сак. 2000—кастр. 2001 прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь. З 2002 дырэктар Прадстаўніцтва рас. Адкрытага акц. т-ва «Мабільныя Тэлесістэмы» ў Беларусі.

У.В.Ярмошын.

т. 18, кн. 1, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)