Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАМО́НІЧЫ,
беларускія купцы, грамадскія дзеячы ВКЛ, кнігавыдаўцы. Род М. паходзіў з Магілёўшчыны. Верагодна, у 1-й пал. 16 ст. М. перасяліліся ў Вільню, дзе Іван М., заможны купец і член рады Вільні, быў набілітаваны (атрымаў шляхецтва з гербам «Ліс»). Найб. вядомыя:
Кузьма (?—16.7.1607?), сын Івана. Заможны купец, член рады Вільні, шэраг гадоў быў бурмістрам. У 1570-х г. фінансаваў выдавецкую дзейнасць у Вільні П.Мсціслаўца, пасля заснаваў уласную друкарню (гл.Мамонічаў друкарня). Лукаш (?—19.10.1606), сын Івана. Староста дзісенскі, з 20.12.1585 скарбны гаспадарскі. Меў некалькі маёнткаў. Фінансаваў друкарню і дастаўляў паперу з уласнай паперні ў маёнтку Павільня. Лявон (? — пасля 1625), сын Кузьмы. Член рады Вільні. Прыхільнік канцлера ВКЛ Л.Сапегі. Удзельнічаў у рабоце друкарні з 1593. У 1610 дамогся ад караля закрыцця правасл.Віленскай брацкай друкарні. У 1614 атрымаў тытул «друкар Яго Каралеўскай Мосці». Пасля 1624 перадаў друкарню базыльянам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧ (Людвік Кароль) (5.7.1879, Масква — 9.3.1939),
польскі гісторык, грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. З 1905 у Вільні. З 1906 супрацоўнік газ. «Gazeta Wileńska» («Віленская газета»), «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»). У 1911—38 рэдагаваў і выдаваў газ. «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд»), дзе часта публікаваліся бел. аўтары, пісалася пра нац.-вызв. рух на Беларусі. У 1925—39 старшыня Навук.к-та садзейнічання б-цы Урублеўскіх (цяпер Цэнтр.б-каАН Літвы). Быў звязаны з бел. грамадска-культ. жыццём у Вільні. У кн. «Чатыры стагоддзі кнігадрукавання ў Вільні, 1525—1925» (Вільня, 1925) пісаў пра дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЗУКЕ́ВІЧ (Баляслаў Вінцэнтавіч) (12.11.1879, Вільня — 13.2.1935),
бел. скульптар. Вучыўся ў Віленскай школе малявання і рамёстваў (1894—97), у школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1902—09), скончыў Кракаўскую АМ (1902). З 1904 працаваў у Вільні, з 1908 — у Пецярбургу, потым у Парыжы (удзельнік салонаў 1909, 1912, 1914). З 1919 жыў у Вільні. У рэаліст.манеры ствараў партрэты, помнікі, бюсты, мемар. дошкі, медальёны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРУШЭ́ВІЧ (Ян) (пач. 16 ст. — 1567 ?),
рэлігійны і дзярж. дзеяч ВКЛ, паэт-лацініст. Канонік у Вільні, біскуп у Кіеве і Луцку. Аўтар дыдактычна-рэліг. паэмы «Lens Lituana olim...» (каля 1543) пра легендарнае забойства ў Вільні 14 францысканскіх манахаў у перыяд княжання Альгерда (1345—77). Гал. змест і пафас паэмы ў апалагетычна-хрысц. тэндэнцыйнасці, дыдактызме, асуджэнні братазабойстваў.
Літ.:
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗІЦЯ́ЧЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1916—18 у Вільні. Створаны з дзяцей бел. школ-прытулкаў Вільні, якія знаходзіліся пад апекай Бел.к-та дапамогі пацярпелым ад 1-й сусв. вайны. Арганізатар і кіраўнік — С.Корф. Яна ж была аўтарам большасці пастаўленых т-рам п’ес, містэрый, інсцэніровак, кампазіцый паводле батлеечных тэкстаў, нар. легендаў, казак, даўніх абрадаў. У склад калектыву т-ра ўваходзілі дзіцячы хор (кіраўнік Е.Міровіч), танц. група і дэкламатары. Спектаклі ўключалі музыку, драму, танцы, спевы і гэтак далей, грунтаваліся на традыцыях фальклору. На Каляды ладзілася жывая батлейка. Паказы т-ра адбываліся ў Беларускім клубе і пажарным клубе, містэрыі ў стылі батлеі — часам у касцёле св. Яна, асобныя спектаклі наладжваліся пад адкрытым небам (напр., Ф.Аляхновіч сваю п’есу «У лясным гушчары» паставіў на паляне каля в. Чорны Бор, недалёка ад Вільні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНЯ́К (Янка) (Ян Аляксандравіч; 1887, в. Суботнікі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. — пасля кастр. 1939),
бел.паліт. і культ. дзеяч, публіцыст; адзін з арганізатараў і лідэраў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. З 1910-х г. удзельнік бел. гурткоў хрысц.-дэмакр. асветніцкага кірунку. У 1913—15 з А.Бычкоўскім, Б.Пачопкам і інш. выдаваў у Вільні каталіцкую газ.«Беларус». У 1918—20 арганіст у Лаварышкаўскім касцёле каля Вільні. Потым у віленскім касцёле св. Яна. З 1928 сакратар Прэзідыума ЦКБеларускай хрысціянскай дэмакратыі, са студз. 1936 старшыня Прэзідыума ЦКБел.нац. аб’яднання. У 1928—36 рэдагаваў газ.«Беларуская крыніца». Зазнаў ганенні польскіх улад, грашовыя штрафы, некалькі разоў зняволены ў турме. З 1938 рэдагаваў час.«Хрысціянская думка», дапамагаў у выданні с.-г.час. «Самапомач». У кастр. 1939 арыштаваны сав. органамі і вывезены з Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ТАН-ДУБЕ́ЙКАЎСКІ (Дубяйкоўскі) Лявон Іванавіч
(19.7.1869 ці 1867, в. Дубейкава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 6.11.1940),
бел. архітэктар, будаўнік, педагог, паэт. Скончыў Мсціслаўскае гар. вучылішча, Школу буд. рамёстваў у Варшаве, Акадэмію архітэктуры ў Парыжы (1909). У 1903 здаў экзамен на званне інжынера-будаўніка пры Пецярбургскім ін-це цывільных інжынераў. У 1897 адкрыў буд. кантору ў Смаленску. З 1910 працаваў у Варшаве, выкладаў у Тэхн.-прамысл. школе (1912—15), працаваў у створаным ім уласным бюро. У час 1-й сусв. вайны займаўся буд-вам на Полаччыне і ў Арле (Расія). Удзельнічаў у бел. нац.-культ. руху: спрыяў дзейнасці клуба «Беларуская хатка», чытаў лекцыі на бел. настаўніцкіх курсах у Вільні і Гродне (1919). З 1922 займаўся арх.-буд. работамі ў Вільні, быў дырэктарам Мулярскай школы (1925—29). Сярод работ: цэрквы ў г. Манастыршчына і Ярцава (Смаленская вобл.), скарбніца ў г. Вязьма. Аднаўляў касцёлы ў Оршы, Мсціславе, Крычаве, вёсках Смаляны Аршанскага і Свіслач Асіповіцкага р-наў; спраектаваў царкву ў Відзах (1922), Дрысвяцкі Петрапаўлаўскі касцёл, мноства розных пабудоў у Вільні і на Віленшчыне. Аўтар працы «Эвалюцыя і рэформа драўлянага будаўніцтва» (засталася ў рукапісе). Аўтар сац.-вострых твораў, скіраваных супраць вайны і салдатчыны, антыгуманных сац. умоў, што раз’ядноўваюць людзей з радзімай: байка «Цягне воўк — пацягнуць воўка!», вершы «Бура», «Кракаў воран на бярозе...», «Голас з чужой стараны» і інш. Склаў зборнік бел. прыказак (у рукапісе). Пахаваны ў Вільні на могілках Роса. Рукапісы яго твораў захоўваюцца часткова ў Мінску, Вільні, Нью-Йорку.
Літ.:
Vitan K. Lavon-Vitan-Dubiejkauski: da 85 uhodkau naradżeńnia. New York, 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ГО́ЛАС»,
штотыднёвая газета. Выдавалася ў 1942—44 у Вільні на бел. мове лацінкай пад кантролем герм.акупац. улад. Рэдактар Ф.Аляхновіч. Асвятляла становішча на франтах, міжнар. адносіны. У рубрыках «З усіх куткоў Беларусі», «З беларускага жыцця ў Вільні», «Беларускае жыццё ў Латвіі», «Беларусы на чужыне» і інш. інфармавала пра бел. нац.-культ. жыццё, усхваляла культуртрэгерскую дзейнасць акупантаў, друкавала прамовы кіраўнікоў фаш. Германіі. Змяшчала нарысы па гісторыі і культуры Беларусі, агляды бел. прэсы, эканомікі, антысав. публіцыстыку. Выйшлі 122 нумары.