БРЭНЧ (Brenčs) Алаіз Алаізавіч (н. 6.6.1929, Рыга),
латышскі рэжысёр. Нар. арт. Латвіі (1986). Скончыў рэжысёрскі ф-т Латвійскай кансерваторыі (1953), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў Маскве (1956). У 1954—90 працаваў на Рыжскай кінастудыі. Здымаў дакумент., з 1965 маст. фільмы: «Да восені далёка» (1965), «Калі дажджы і вятры стукаюць у акно» (1968), «24—25 не вяртаецца» (1969), «Трайная праверка» (1970), «Горад пад ліпамі» (1971), «Падарункі па тэлефоне» (1978), «Ралі» (1979), «Двайная пастка» (1989), «Ганна» (1996), а таксама тэлевізійныя шматсерыйныя — «Доўгая дарога ў дзюнах» (1980—81, Дзярж. прэмія СССР 1983), «Міраж» (1983), «Сям’я Зітараў» (1986).
Л.І.Паўловіч.
т. 3, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАРКТЫ́ЧНЫ АНТЫЦЫКЛО́Н,
вобласць высокага атм. ціску над Усх. Антарктыдай. Праяўляецца на працягу ўсяго года. Асабліва ўстойлівы зімой (чэрв.—жн.), калі ў час палярнай ночы мацярык моцна выхалоджваецца (т-ра ледавіковага покрыва апускаецца да -55 °C, паветра — да -89,3 °C). На перыферыі антарктычных антыцыклонаў слабыя ўсх. вятры, якія ў зоне ледавіковага схілу ператвараюцца ў сцёкавыя і ўраганныя. Найб. ціск у цэнтры антарктычнага антыцыклону на плато Савецкае (4000 м над узр. м.). Пераважае бязвоблачнае, вельмі халоднае і сухое надвор’е. Назіраецца асяданне паветра ў працэсе кампенсацыі сцёку яго з мацерыка. На вышыні антарктычны антыцыклон замяшчаецца каляпалярнай дэпрэсіяй — зонай нізкага ціску.
т. 1, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВАШО́Ў Валянцін Сяргеевіч (6.8. 1915, Масква — 29.8.1994),
расійскі кампазітар, харавы дырыжор. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Новасібірскае муз. вучылішча (1939), вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі. У 1946—62 маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца Амурскай флатыліі, Сібірскага нар. хору, з 1962 — Рускага народнага хору імя М.Пятніцкага. Аўтар запісаў і апрацовак сібірскіх нар. песень. Сярод твораў: аперэта «Вятры вясновыя» (1964); паэма-кантата «Мая Сібір» (1950), «Паэма аб Амуры» (1949); аркестрава-хар. і вак.-харэаграфічныя сюіты; творы для аркестра нар. інструментаў, для голасу і фп.; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Расіі 1971.
т. 9, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́ТЫ (ням. Passat, галанд. passaat, верагодна, ад ісп. viento de pasade вецер, які спрыяе пераезду),
устойлівыя на працягу года паветраныя цячэнні ў трапічных і экватарыяльных шыротах (ад 25—30° паўн. ш. і паўд. ш. амаль да экватара) пераважна над акіянамі. Паблізу зямной паверхні ў выніку трэння і дзейнасці Карыяліса сілы ў Паўн. паўшар’і вятры маюць паўн.-ўсх. напрамак, у Паўд. — паўд.-ўсходні. Паміж П. Паўн. і Паўд. паўшар’яў — унутры-трапічная зона канвергенцыі; над П. дзьмуць антыпасаты. П. маюць важнае значэнне ў агульнай цыркуляцыі атмасферы, абумоўліваюць узнікненне пасатных цячэнняў, на сушы садзейнічаюць утварэнню і захоўванню трапічных пустынь (гл. Пасатны клімат).
т. 12, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯФІ́МАЎ Фёдар Архіпавіч (н. 5.5.1933, с. Наватроіцкае Цярноўскага р-на Варонежскай вобл., Расія),
бел. паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1967). З 1959 жыве ў Мінску. Друкуецца з 1951. У паэт. зб-ках «Армія» (1962), «Ранішні аўтобус» (1964), «Дням цяперашнім» (1972), «Светлыя зімовыя ночы» (1982), «Перайсці поле» (1991), «Падстэп’е» (1995) і інш. прац. і армейскія будні, услаўленне подзвігу народа ў Вял. Айч. вайне. На рус. мову пераклаў вершы А.Русака (зб. «Праляцелі вятры», 1969) і А.Лойкі (зб. «Вызваленне ад чараў Палесся», 1976). Выступае з літ.-крытычнымі артыкуламі.
т. 18, кн. 1, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАШЫ́ДЗЕ Іраклій Вісарыёнавіч (23.11.1909, г. Хоні, Грузія — 13.1. 1992),
грузінскі паэт. Акад. АН Грузіі (1960). Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Тбіліскі ун-т (1931). У 1966—92 гал. рэдактар Груз. Энцыклапедыі. Асн. тэмы творчасці — Грузія ў мінулым і сучасным, лёс мастацтва, грамадзянскі абавязак паэта. Аўтар зб-каў паэзіі «Набліжэнне» (1966), «І гэтыя песні — маёй Грузіі» (1971), «Радзіма» (1973), «Вятры ў даліне Рыёні» (1979), цыклаў вершаў «Па слядах Руставелі» (1959), «Палесціна, Палесціна» (прэмія імя Ш.Руставелі 1966), літ.-крыт. артыкулаў (зб. «За высокае майстэрства», 1959). За цыкл «У палымянай Індыі» і кн. «Па дарогах Індыі» Міжнар. прэмія імя Дж.Нэру 1972.
т. 1, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ЙСКІ ПО́ЯС,
прыродны вышынны пояс у гарах пераважна ўмераных і субтрапічных шырот. Размешчаны вышэй за субальпійскі пояс, пры значнай вышыні гор змяняецца нівальным поясам. Вышыннае знаходжанне альпійскага пояса вызначаецца геагр. шыратой, экспазіцыяй схілаў, ступенню кантынентальнасці клімату (напр., у Альпах А.п. знаходзіцца на выш. 2200—3000 м, на Цянь-Шані — 1000—1800 м, у Гімалаях — 3600—5000 м). Клімат суровы высакагорны. Сярэдняя т-ра студз. 15 °C, ліп. 14 °C, ападкаў 1000 мм і больш за год. Снегапады, моцныя вятры, снегавыя лавіны. Снегавое покрыва 6—10 месяцаў. Вегетац. перыяд 2—3 месяцы. Характэрны бязлессе, альпійская расліннасць на горна-лугавых глебах.
А.М.Матузка.
т. 1, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКТЫ́ЧНЫ ФРОНТ,
лінія падзелу паміж арктычным паветрам і паветрам умераных шырот (палярным паветрам), паўд. мяжа арктычнай паветранай масы. Фарміруецца ў Арктыцы на Пн ад Еўропы і Паўн. Амерыкі паміж 60° і 75° паўн. ш. У залежнасці ад напрамку руху арктычнага фронту на адным з участкаў можа быць цёплым, на другім халодным, з ім звязана інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць. На тэр. Беларусі прыходзіць з ПнЗ (з Атлантычнага сектара Арктыкі), радзей — з Пн і ПнУ. На клімат Беларусі найб. уплываюць халодныя ўчасткі арктычнага фронту, якія выклікаюць ападкі, паўн. вятры, паніжэнне т-ры паветра, зімой — мяцеліцы. За год пад уплывам халоднага арктычнага фронту ў сярэднім бывае 21—24 дні.
т. 1, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́НІКІ,
раслінныя згуртаванні з нізкарослых форм дрэў, хмызнякоў і кусцікаў (елка, лістоўніца, кедр, хвоя, бук, рабіна, бяроза, ядловец, верас і інш.), што сцелюцца па зямлі. Развіваюцца ў неспрыяльных умовах для прамаствольнага росту (нізкія т-ры, моцныя вятры, працяглае і глыбокае снегавое покрыва і інш.). Трапляюцца ў гарах, каля верхняй мяжы лесу (часта ўтвараюць цяжкапраходныя зараснікі), у тундры і лесатундры, на марскіх берагах. Працягласць жыцця ў С. большая, чым у прамастаячых дрэвавых раслін (напр., сланікавая форма хвоі звычайнай у гарах жыве да 1000 гадоў). Падзяляюцца на сланцы — сцелістыя дрэвы, уласна С. — сцелістыя хмызнякі і сланічкі — сцелістыя кусцікі (верасоўнікі), што разам складаюць асобы морфагенетычны рад жыццёвых форм дрэвавых раслін.
т. 14, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ НЕФУ́Д,
пясчаная пустыня на Пн Аравійскага п-ва, у Саудаўскай Аравіі. Пл. 80 тыс. км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ каля 500 км, з З на У — 300 км. Размешчана на плато з асобнымі астраўнымі кражамі на выш. 600—1000 м. У рэльефе масівы барханных (выш. да 100 м) і градавых пяскоў, камяністыя паверхні — хамады. Характэрны лейкападобныя паніжэнні — фульджы, дзе трапляюцца калодзежы і аазісы. Клімат трапічны, рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. 10 °C, ліп. 30 °C (макс. да 54 °C), ападкаў 100 мм за год. Пастаянныя моцныя вятры. Шматлікія сухія рэчышчы — вадзі. Разрэджаная палынна-эфемеравая расліннасць. Жывёльны свет: гіена, шакалы, дзікі кот, з капытных — газель; шматлікія грызуны, яшчаркі. Качавая жывёлагадоўля (авечкі, вярблюды).
т. 4, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)