АРЭ́СА, Раса,

рака на Поўдні Беларусі, у Старадарожскім і Любанскім раёнах Мінскай вобласці і Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці, правы прыток Пцічы (басейн Прыпяці). Даўжыня 128 км. Плошча вадазбору 3,6 тысяч км². Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне, Прыпяцкім Палессі. Асноўныя прытокі: Таліца (справа), Солан, Нешчанка, магістральныя асушальныя каналы Слаўкавіцка-Ямінскі і Чавускі (злева).

Даліна на вялікім працягу невыразная, месцамі шырынёй 0,3—1 км. Пойма пераважна двухбаковая, ніжэй вёскі Падарэссе ў Старадарожскім раёне яе шырыня 0,1—1км. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае, шырыня ў вярхоўі 5—10 м, у ніжнім цячэнні 30—35 м. Берагі на натуральных участках нізкія. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 54%, летне-асенняй межані — 30% гадавога сцёку. Летне-асеннія паводкі кожны год, зімовыя радзей. Замярзае ў 2-й палове снежня, крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 16,7 м³/с. Пасля пабудовы Арэскай меліярацыйнай сістэмы і Любанскага вадасховишча сцёк Арэсы значна зарэгуляваны. Крыніца водазабеспячэння сажалак рыбакамбіната «Любань». На рацэ горад Любань.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЯ́Н ПАТРЫКЕ́ЕЎ Касы

(свецкае імя кн. Патрыкееў Васіль Іванавіч, каля 1470 — пасля 1531),

расійскі царк. і паліт. дзеяч, публіцыст. Прамы нашчадак Гедзіміна (па бацьку) і Васіля І Дзмітрыевіча (па маці). Удзельнік вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94, перагавораў аб міры. У рус.-швед. вайну 1495—99 ваявода, узначальваў паход на Выбарг (1496). За ўдзел у дынастычнай барацьбе на баку Дзмітрыя (унука Івана III) сасланы вял. кн. Васілём III Іванавічам у Кірыла-Белазерскі манастыр і прымусова пастрыжаны ў манахі (1499). Пасля смерці Ніла Сорскага (1508) кіраўнік несцяжацеляў. Вернуты са ссылкі каля 1509. Саветнік Васіля III. На царк. саборы 1531 асуджаны і абвінавачаны ў ерасі. Сасланы ў Іосіфа-Валакаламскі манастыр, дзе і памёр. Аўтар 5 твораў («Збор нейкага старца», «Адказ кіраўскіх старцаў» і інш.), у якіх выступаў супраць манастырскага землеўладання, за дараванне віны ерэтыкам, што пакаяліся, і інш.

Літ.:

Казакова Н.А. Вассиан Патрикеев и его сочинения. М.; Л., 1960.

У.Я.Калаткоў.

т. 4, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА НА ВЯДРО́ШЫ 1500.

Адбылася ў ходзе вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 на р. Вядроша 14.7.1500. З пачаткам вайны вясной 1500 баявыя дзеянні адбываліся ўздоўж усёй дзярж. мяжы. Вял. князь ВКЛ Аляксандр накіраваў войскі гетмана К.І.Астрожскага да Смаленска «стеречи границы», дзе да яго далучыўся гарнізон пад камандаю С.П.Кішкі. Пасля гэтага 4—5-тысячнае войска ВКЛ рушыла пад Дарагабуж, дзе стаяў маскоўскі ваявода Ю.Захар’іч з войскам у 20 тыс. чал. (паводле інш. звестак да 40 тыс. чал.). На пачатку бітвы Астрожскі разбіў авангард маск. войска на левым беразе р. Вядроша, пасля перайшоў раку і атакаваў гал. сілы праціўніка, якімі кіраваў Д.В.Шчэня. Зыход 6-гадзіннай бітвы прадвызначыла флангавая атака засаднага маск. палка. Харугвы Астрожскага пачалі адступаць і былі разбіты. Маск. воіны знішчылі мост цераз р. Трасна і дабівалі войска ВКЛ на яе левым беразе. Уцёкамі ўратаваўся толькі Кішка з чатырма ротмістрамі і з некалькімі сотнямі воінаў. Астрожскі з многімі князямі і воінамі трапіў у палон. У выніку бітвы ВКЛ страціла лепшае войска і апынулася ў цяжкім ваенна-паліт. становішчы.

Г.М.Сагановіч.

т. 3, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎГУСТ (Augustus) Гай Актавій

(з 44 да нашай эры Гай Юлій Цэзар Актавіян; Gaius Julius Caesar Octavianus; 23.9.63 да нашай эры, Рым — 19.8.14 нашай эры),

рымскі імператар [27 да нашай эры — 14 нашай эры]. Сваяк і прыёмны сын Юлія Цэзара. Пасля забойства Цэзара па яго завяшчанні стаў наследнікам і пачаў барацьбу за ўладу. У 43 да нашай эры заключыў саюз з Маркам Антоніем і Лепідам (2-і трыумвірат). У 42 да нашай эры трыумвіры разбілі войскі Брута і Касія, забойцаў Цэзара. Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж Актавіянам і Антоніем (абодва імкнуліся да адзінаўладдзя) прывяло да грамадз. вайны. У 31 да нашай эры ў бітве каля мыса Акцый Аўгуст разбіў войскі Антонія і Клеапатры VII і стаў фактычна неабмежаваным правіцелем Рыма. У 27 да нашай эры атрымаў тытул «Аўгуст» (вялікі, свяшчэнны). У часы яго праўлення закладзены асновы прынцыпату. Аўгуст меў вышэйшую ваен. ўладу, пажыццёвую трыбунскую ўладу, быў вялікім пантыфікам (першым жрацом), 11 разоў выбіраўся консулам. У адносінах да народа праводзіў палітыку «хлеба і відовішчаў». Пры ім пашыраны межы дзяржавы. Праўленне Аўгуста супала з т.зв. «залатым векам» рым. л-ры і мастацтва. Месяц смерці Аўгуста быў назв. «аўгустам». Аўгуст і яго час услаўлялі Гарацый, Праперцый, Вергілій і інш.

т. 2, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР

(5.8.1461, Кракаў — 19.8.1506),

вял. князь ВКЛ [1492—1506], кароль польскі [1501—06]. Сын Казіміра IV, унук Ягайлы. Час княжання Аляксандра супаў з аднаўленнем шырокага наступлення Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ, прыпыненага пры Казіміры IV. У 1492—94 ВКЛ страціла частку сваёй тэр. з гарадамі Мцэнск, Любуцк, Вязьма, Дарагабуж і інш. Жаніцьба Аляксандра з дачкою вял. маскоўскага князя Аленай Іванаўнай не прывяла да прымірэння. У вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03, паводле дагавору аб 6-гадовым перамір’і, ВКЛ страціла 25 гарадоў (паводле інш. звестак 19; у т. л. Чарнігаў, Старадуб, Бранск, Гомель). Адначасова Аляксандр змушаны быў весці барацьбу з саюзнікамі Масквы — крымска-татарскім ханам Менглі-Гірэем, войскі якога былі разгромлены ў Клецкай бітве 1506, і малдаўскім гаспадаром Стафанам. Ва ўнутр. палітыцы Аляксандр ішоў на далейшыя ўступкі феадалам ВКЛ (гл. Прывілей 1492). Як польскі кароль пашырыў правы шляхты (гл. Радамская канстытуцыя). Абранне Аляксандра польскім каралём абазначала аднаўленне працэсу аб’яднання дзвюх дзяржаў пад уладай аднаго манарха, які выбіраўся феадаламі Польшчы і ВКЛ. З гэтага часу ў адносінах да абедзвюх дзяржаў пачала ўжывацца назва Рэч Паспалітая, якая пазней стала афіцыйнай. Аляксандр — адзіны польскі кароль, пахаваны ў Вільні.

М.І.Ермаловіч.

Вялікі князь ВКЛ Аляксандр.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКІХ МЯЦЕ́Ж 1508,

выступленне групоўкі феадалаў у ВКЛ, якую ўзначальваў М.Л.Глінскі з братамі Васілём і Іванам. Непасрэднымі падставамі для мяцяжу стаў канфлікт Глінскіх з групоўкай старой прыдворнай знаці (Радзівіламі, Кежгайламі, Забярэзінскімі) і імкненне Глінскага паказаць сябе абаронцам праваслаўя ў ВКЛ (хоць сам быў католікам). Вырашальную ролю адыграла Маскоўская дзяржава, якая падштурхнула яго да мяцяжу, абяцаючы сваю падтрымку. Глінскі меў намер стварыць ва ўсх. частцы ВКЛ асобнае княства з цэнтрам у Кіеве. Аб’ектыўна Глінскіх мяцеж у выпадку поспеху мог прывесці да далучэння гэтай тэрыторыі да Маскоўскай дзяржавы, як гэта было ў 1500 з Ноўгарад-Северскім і Чарнігаўскім княствамі. Мяцеж пачаўся ў Тураве, які належаў Глінскаму, і ахапіў пераважна ПдУ Беларусі і Кіеўшчыну, дзе яго падтрымалі кіеўскі ваявода В.Глінскі (брат М.Глінскага) і мазырскі намеснік Я.Івашанцэвіч. Глінскіх мяцеж адбыўся ў час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1507—08, у якой прыхільнікі Глінскіх дзейнічалі сумесна з маск. войскам у напрамку Бабруйск—Мінск, з наступным адыходам на Друцк—Оршу. Выступленне не было падтрымана шляхтай, таму Глінскія і некалькі дзесяткаў іх прыхільнікаў былі вымушаны ўцячы ў Маскву, страціўшы свае маёнткі ў ВКЛ. Вял. кн. маскоўскі Васіль III выкарыстаў Глінскіх мяцеж для заключэння выгаднага для яго перамір’я з ВКЛ.

В.Л.Насевіч.

т. 5, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ БАСЕ́ЙН

(Great Basin),

нагор’е ва ўнутраным поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі, на З ЗША. Абмежавана хр. Сьера-Невада і Каскаднымі гарамі на З Скалістымі гарамі на У. Пл. больш за 500 тыс. км².

У рэльефе спалучэнне кароткіх хрыбтоў (выш. да 3982 м) і вялізных катлавін (басейнаў) тэктанічнага паходжання, днішчы якіх ляжаць на выш. 1200—1500 м (Даліна Смерці на выш. 85 м ніжэй за ўзр. м.). Карысныя выкапні: медныя, кобальтавыя і вальфрамавыя руды, кухонная і глаўберава соль. Клімат пераважна субтрапічны, рэзка кантынентальны, засушлівы, на Пн умераны. Сярэднія т-ры ліп. 20—22 °C (макс. 56,7 °C), студз. 0—2 °C (мінім. -30 °C, у гарах да -60 °C). Ападкаў каля 200 мм за год. Б. ч. тэр. бяссцёкавая, арашаецца кароткімі часовымі водапатокамі. Гал. рэкі — Снейк і Гумбальт, буйныя азёры — Вял. Салёнае возера, Юта і інш. Пашыраны бурыя глебы, шэразёмы, саланчакі і саланцы (у катлавінах), горна-карычневыя (у гарах). Ландшафты паўпустынь і пустынь: на Пн (ад 37° паўн. ш.) — злакава-палынная расліннасць, на Пд — участкі з кактусамі і агавамі. Больш вільготныя схілы ўкрыты крывалессем з хвоі і ядлоўцу. Жывуць у Вялікім Басейне паўзуны — грымучыя змеі, яшчаркі-ядазубы і фрыназомы. На арашальных плошчах — земляробства.

т. 4, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРХО́ЎСКІЯ КНЯ́СТВЫ,

дробныя княствы ў вярхоўях р. Ака ў 2-й пал. 13—16 ст.: Навасільскае, Адоеўскае, Варатынскае, Перамышльскае, Мезецкае, Бялёўскае, Валконскае, Карачаеўскае. Утварыліся ў выніку драблення Чарнігаўскага княства. У пач. 14 ст. вярхоўскія князі — саюзнікі вял. кн. літ. Гедзіміна ў барацьбе супраць татар і Маскоўскага княства, у сярэдзіне 14 ст. — васалы Масквы. Пасля перамогі вял. кн. літ. Альгерда над татарамі ў бітве каля Сініх Вод 1362 Вярхоўскія княствы трапілі пад уплыў ВКЛ, але ў канцы 1360-х г. перайшлі на бок Масквы. У пач. 15 ст. большасць Вярхоўскіх княстваў падначаліў вял. кн. літ. Вітаўт; адносную самастойнасць з вял. князямі ВКЛ захавала Навасільска-Адоеўска-Варатынскае княства. Узмацненне цэнтралізатарскай палітыкі ў ВКЛ выклікала незадаволенасць вярхоўскіх князёў, якія пачалі пераходзіць на бок вял. кн. маскоўскага Івана III. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94 ВКЛ страціла Вярхоўскія княствы. Некат. з іх захаваліся ў Расіі як удзелы да 2-й пал. 16 ст.

Літ.:

Шеков А.В. Верховские княжества: (Краткий очерк полит. истории, XIII — середина XVI вв.). Тула, 1993;

Кром М.М. Меж Русью и Литвой: Западнорус. земли в системе рус.-лит. отношений конца XV — первой трети XVI в. М., 1995.

В.С.Пазднякоў.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПІ́ЦКІ Мікалай

(26.1.1907, в. Грэлікі Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 8.8.1976),

бел. рэлігійны дзеяч. Магістр багаслоўя (1935). Скончыў Віленскую правасл. духоўную семінарыю (1930), багаслоўскі ф-т Варшаўскага ун-та (1934). У 1935 абараніў магістэрскую працу «Праваслаўе ў Вялікім княстве Літоўскім з часоў панавання Уладзіслава Ягайлы» (выд. 1978). З 1934 святар у Ашмянах, з 1935 у в. Сцяфанпаль Міёрскага р-на. З 1942 у Мінску, працаваў у мітрапаліцкай управе, настаяцель Свята-Казанскай (Чыгуначнай) царквы. Удзельнік царк. сабору (30.8—2.9.1942), які абвясціў Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву. Супрацоўнічаў з ням.-фаш. захопнікамі, прыводзіў да прысягі батальёны Беларускай краёвай абароны, удзельнік Другога Усебеларускага Кангрэса 1944. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. З 1950 y ЗША, служыў настаяцелем бел. храма св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер. У 1951—76 старшыня Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта. Ініцыятар стварэння і фактычны кіраўнік (1970—76) Беларускай праваслаўнай царквы Паўночнай Амерыкі ў юрысдыкцыі Канстанцшопальскага патрыярхата.

Тв.:

Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (фрагмент) // Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.

Літ.:

Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993;

Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945—1950. Нью-Ёрк;

Беласток, 1994.

Л.У.Языковіч.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НЦЫ старажытныя, вялікі саюз плямён індаеўрап. моўнай групы ў паўн.-зах. частцы Еўропы. Займалі тэр. паміж Паўночным і Балтыйскім морамі, Рэйнам, Дунаем і Віслай, а таксама Паўд. Скандынавію. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 1 ст. да н.э. Ю.Цэзар у «Запісках пра Гальскую вайну» (каля 50 г. да н.э.) вылучыў германцаў як асобную этнічную групу і падрабязна апісаў іх побыт. Найб. старажытная з вядомых археал. культур германцаў — культура Ясторф на ніжняй Эльбе і ў Ютландыі (7 ст. да н.э.). Вылучаюць групы германцаў: паўн. (хаўкі, англы, варны, фрызы, гаўты, свіёны), зах. (свевы, маркаманы, квады, лангабарды, семноны) і ўсх. (вандалы, бургунды, готы, гепіды). Іх асн. занятак — земляробства і жывёлагадоўля. У 4—6 ст. германцы адыгралі значную ролю ў Вялікім перасяленні народаў, адным з вынікаў якога было ўтварэнне на частцы тэр. Рымскай імперыі т.зв. варварскіх каралеўстваў. На тэр. Беларусі выяўлены могільнікі вельбарскай культуры, пакінутыя готамі і роднаснымі ім гепідамі. Лінгвістамі выяўлена генетычная сувязь і ўзаемапранікненне герм. і славянскіх моў. Пэўную ролю вікінгі (нарманы, варагі) адыгралі ў гісторыі Кіеўскай дзяржавы (гл. Нарманская тэорыя). Стараж.-бел. граматы 13—14 ст. адлюстроўваюць гандл. зносіны паўн. гарадоў Беларусі з ням. насельніцтвам Рыгі і Гоцкага берага.

Літ.:

История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. Древняя Европа. М., 1988. С. 594—605.

т. 5, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)