у будыйскай рэлігіі істота, якая дасягнула стану найвышэйшай дасканаласці («прасвятлення») і здольная паказаць шлях рэліг. выратавання. Будыйскі пантэон налічвае сотні будаў. У вузкім значэнні — імя заснавальніка будызму Сідхартхі Гаутамы (623—544 да н.э.), які, паводле легенды, пакінуў сям’ю і пасля 7 гадоў аскетычных вандраванняў і «пазнання ісціны» стаў прапаведаваць новае вучэнне ў Індыі (гл. ў арт.Будызм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЫФ»,
прыватнаўласніцкі герб, якім у Беларусі, Украіне, Літве і Польшчы карысталася больш за 220 родаў, у т. л. Асоўскія, Бяліцкія, Браніцкія, Быкоўскія, Закрэўскія, Канарскія, Квяткоўскія, Путкамеры. На чырвоным полі выява стаячага на задніх лапах сярэбранага грыфа — фантаст. істоты з тулавам ільва, галавой і крыламі арла, дзюба і капцюры залатыя. Клейнод — верхняя палавіна грыфа без лап і залатая труба. Вядомы з 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ МАНЕ́ТНЫ ДВОР,
адзін з цэнтраў манетнай вытворчасці ў Рэчы Паспалітай. Створаны ў Брэсце ў час грашовай рэформы 1659—66 для выпуску меднага соліда (барацінкі). Працаваў з 4.12.1665 да 16.12.1666. Соліды Брэсцкага манетнага двара падобныя на медныя соліды Віленскага манетнага двара. На іх аверсе была выява бюста Яна II Казіміра Вазы
[1648—68],
на рэверсе — герба ВКЛ («Пагоня»). Ёсць меркаванне, што б.ч. тыражу манет мае адметныя рысы: шчыт з вострым вуглом, малая манаграма, палеаграфічныя асаблівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫ́ЎДА»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 50 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т.л. Жавускія, Лапы, Манюшкі, Сяніцкія, Сухадольскія, Хмары, Чарноцкія. У блакітным полі выява сярэбранай падковы, унутры якой залаты крыж, на падкове — другі крыж без аднаго канца. Клейнод — над прылбіцай з шляхецкай каронай 3 страусавыя пёры. Існуюць варыянты герба з сярэбранымі крыжамі, з 5 страусавымі пёрамі ў клейнодзе і інш. З’явіўся, верагодна, у 16 ст. як варыянт герба «Любіч».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ ЗВОН,
помнік бел.ліцця мастацкага. Адліты з бронзы 20.9.1748 у г. Крычаў Магілёўскай вобл. на медналіцейным з-дзе М.Чабана для царквы Параскевы Пятніцы. Выш. 62 см, найб. дыяметр 65 см. Дэкарыраваны трыма арнаментаванымі паясамі: у верхнім — вязь з выявамі гронак ягад і трохпялёсткавых кветак; у сярэднім — дата адліўкі звона і выява герба Рас. імперыі; у ніжнім — вязь са шчыльна пераплеценых расл. элементаў і выяў анёлаў. Зберагаецца ў Крычаўскім краязнаўчым музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́РЫСЬ,
у старажытным жывапісе контурны малюнак на паперы, які для жывапісца быў іканаграфічным узорам або матэрыялам пры кампаноўцы кананічных схем абраза, насценнай размалёўкі, мініяцюры. П. магла быць малюнкам ад рукі (нават самаст. кампазіцыяй), механічнай копіяй з жывапіснага арыгінала і інш. Найчасцей па контуры малюнка П. рабілі невял. адтуліны, праз якія спосабам прыпароху (нанясенне тоўчанага вугалю ці інш. фарбавальніка) выява пераносілася на аснову будучага твора. Лепшыя П. складаліся ў спец. альбомы для іканапісцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́РЫХ I (Alaricus, Alarich; каля 370—410),
кароль вестготаў [395—410]. У 395 пранік у Фракію, захапіў Афіны, разбурыў Карынф, Аргас, Спарту, Рым. Імператар Аркадзій заключыў з ім мір і прызначыў намеснікам Ілірыі, дзе ў якасці федэратаў былі паселены вестготы. У 401 Аларых I узняў паўстанне, уварваўся ў Італію, але, разбіты Стыліхонам, адступіў. У 408 тройчы асаджаў Рым, 24.8.410 захапіў яго і разрабаваў. Памёр у Паўд. Італіі, рыхтуючыся да паходу ў Сіцылію і Афрыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАГО́РЫЯ»,
прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы карысталася больш за 30 родаў, у т. л. Багорыі, Валовічы, Кужанецкія, Макраноўскія, Скатніцкія. На чырв. полі выява 2 сярэбраных наканечнікаў стралы: адзін вастрыём уверх, другі — уніз; клейнод — над прылбіцай паўлін з распушчаным хвастом, у яго дзюбе, павернутай убок, зламаная страла вастрыём уверх. Існуюць варыянты герба з зялёным полем і злучанымі наканечнікамі стрэл, клейнод — 3 страусавыя пёры і інш. На Беларусі меў пашырэнне з 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЕВІКІ́,
усходнеславянскія металічныя амулеты 11—14 ст. у выглядзе манетападобнай падвескі ці круглага складня. На вонкавым баку З. звычайна змяшчалася выява хрысціянскай сімволікі (Хрыстос, архангелы, святыя), на адваротным — кругавы надпіс (закліканне) і «змяінае гняздо». Лічылася, што З. засцерагаюць ад хвароб і немачы. Знойдзены З.: свінцовы канца 13 — пач. 14 ст. (Брэст), медны (Заслаўе) і бронзавы (Дрысвяты) з вушкам для падвешвання, бронзавы медальён-З. (Ваўкавыск), медны 12—13 ст. (Чачэрск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТ (лац. actus),
1) учынак, дзеянне.
2) Дакумент, які ўстанаўлівае пэўныя прававыя адносіны паміж юрыд. бакамі або паміж аўтарам і адрасатам акта (акт дыпламатычны, акт юрыдычны, акт на права валодання (карыстання) зямлёй, акты органаў дзяржаўнага кіравання, акты органаў дзяржаўнай улады, акты цывільнага стану і інш.).
3) Закончаная частка драм. твора, спектакля; тое, што і дзея. Акты ў спектаклі раздзяляюцца перапынкамі (антрактамі). Можа падзяляцца на з’явы, эпізоды, сцэны, карціны. Падзел на акты існуе з часоў рымскага тэатра (п’еса мела абавязкова 5 актаў).
4) У выяўл. мастацтве — выява аголенага чалавечага цела; гл.Ню.