вострая інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл. Узбуджальнікі — лептаспіры, перадаецца ад грызуноў, свойскіх і прамысл. жывёл (лісоў, пясцоў і інш.). Заражэнне адбываецца пры спажыванні прадуктаў ці вады, забруджаных лептаспірамі. У чалавека выяўляецца інтаксікацыяй з паражэннем скуры, нырак, печані, нерв. сістэмы. Адрозніваюць жаўтушны Л. (хвароба Вейла—Васільева) і безжаўтушны Л. (водная ліхаманка). Інкубацыйны перыяд да 20 дзён. Прыкметы: дрыжыкі, болі ў спіне, мышцах, т-ра цела 39—40 °C, галаўны боль, адутлаватасць твару, высыпка на скуры, ірвота, адбываюцца змены ў нырках, печані, нерв. сістэме і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл да Л. схільны буйная раг. жывёла, свінні, козы, свойскія птушкі і інш. Стан жывёл прыгнечаны, у іх павышаецца т-ра цела, рэзка зніжаецца прадукцыйнасць, пры вострым цячэнні хваробы могуць гінуць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ФІЛІС, люэс,
хранічная венерычная хвароба, якая выклікаецца бледнай трэпанемай. Пашкоджвае ўсе органы і тканкі арганізма чалавека, мае шматгадовы хвалепадобны характар цячэння з перыядамі затухання і абвастрэння. Перадаецца пераважна палавым шляхам, бывае бытавы С. і ўнутрывантробны (прыроджаны, які можа развівацца ў любым узросце). Крыніца інфекцыі — хворы на С.
Адрозніваюць інкубацыйны, першасны, другасны і трацічны перыяды хваробы. У першасны перыяд на месцы пранікнення ўзбуджальніка развіваецца першасная язва (цвёрды шанкер), павялічваюцца бліжэйшыя лімфатычныя вузлы. Другасны перыяд найб. кантагіёзны, на скуры і слізістых абалонках хворага пашыраецца разнастайная высыпка (плямістая, вузельчыкавая, гнайнічковая), бывае пляшывасць. Трацічны ўзнікае, калі С. не лечаць. Утвараюцца гумы (спецыфічныя бугаркі і вузлы) у скуры, касцях, унутр. органах, нерв. сістэме. Лячэнне тэрапеўтычнае Гл. таксама Венерычныя хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛА́ГРА (ад італьян. pelle agra шурпатая скура),
захворванне, абумоўленае недастатковасцю ў арганізме або няпоўным засваеннем ім нікацінавай кіслаты, трыптафану, рыбафлавіну. Пашкоджвае скуру (дэрматоз), страўнікавы тракт, парушае псіхіку. Часцей хварэюць дарослыя. Паталогія страўнікава-кішачнага тракту (энтэрыты, лямбліёз) зніжае забяспечанасць арганізма нікацінавай к-той. Фактары, якія павялічваюць патрэбу ў нікацінавай к-це — цяжарнасць, цяжкая фіз. праца, ператамленне. П. часцей бывае ў вясенне-летні перыяд. Прыкметы: на скуры сім.высыпка эрытэматозных плям (нагадваюць сонечны дэрматыт), скура набывае шэры колер, робіцца сухой, шурпатай, з тлустымі лускаватымі адкладамі, развіваецца атрафія, гіперпігментацыя. На плямах утвараюцца пухіркі, язвы, якія павольна рубцуюцца. Змены нерв. сістэмы: апатыя, вяласць, полінеўрыты, сутаргі і інш. Неабходна адрозніваць ад парфірыі скуры, таксідэрміі, фотадэрматозу. Хварэюць таксама жывёлы. Лячэнне: вітаміна- і дыетатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНІНГІ́Т (ад грэч. mēninx мазгавая абалонка),
запаленне абалонак галаўнога і спіннога мозга ў чалавека і жывёл. Паміж людзей найчасцей хварэюць дзеці, сярод жывёл — сабакі і коні. М. адрозніваюць па ўзбуджальніку (вірусны, бактэрыяльны, грыбковы, сіфілітычны і інш.), цячэнні (востры, падвостры, хранічны), характары змен спіннамазгавой вадкасці (гнойны і серозны). Гнойны М. часцей выклікаюць менінгакокі (60—70%), серозны — вірусы паратытнай інфекцыі, энтэравірусы і інш. Адрозніваюць першасны М. (самастойная хвароба) і другасны — ускладненні туберкулёзу, атыту і інш. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам, таксама водным, аліментарным, праз укусы насякомых (залежыць ад віду ўзбуджальніка). Прыкметы: т-ра цела 39—40 ℃, моцны галаўны боль, ірвота, уразлівасць да гукаў, святла, характэрная поза хворых (адкінутая назад галава), парушэнне прытомнасці (да беспрытомнасці), сутаргі; пры гнойным М. — гемарагічная высыпка на скуры. Лячэнне тэрапеўтычнае. На Беларусі вял. ўклад у вывучэнне М. зрабілі В.А.Лявонаў, П.Л.Новікаў, І.А.Карпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЎМАТЫ́ЗМ (ад грэч. rheumatismos выцяканне вадкасці), вострая рэўматычная ліхаманка,
запаленне злучальнай тканкі з пераважнай лакалізацыяй працэсу у сардэчна-сасудзістай сістэме. Узнікае пры інфіцыраванні бэта-гемалітычным стрэптакокам групы А пераважна ва ўзросце 7—15 гадоў. Пры Р. развіваецца часовая і ўстойлівая непрацаздольнасць, часта фарміруюцца парокі сэрца.
Прыкметы Р.: ліхаманка, сімптомы пашкоджання сэрца (кардыт), суставаў (артрыт), сасудаў галаўнога мозга (малая харэя); больш рэдкія — кольцападобная эрытэма (бледна-ружовая высыпка на скуры ў выглядзе тонкага кольцападобнага абадка) і падскурныя рэўматычныя вузельчыкі. Пры лячэнні праявы Р. праходзяць, акрамя пашкоджання сэрца (пасля рэўматычнай атакі, асабліва пры паўторных абвастрэннях можа фарміравацца парок сэрца). Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗЁР,
вострая вірусная хвароба чалавека, якая характарызуецца павышанай тэмпературай, інтаксікацыяй, катаральным запаленнем верхніх дыхальных шляхоў і вачэй, высыпкай на целе. Перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Інкубацыйны перыяд 8—10 (макс. 17) дзён. Хварэюць людзі любога ўзросту, але часцей дзеці ад 1 да 7 гадоў (да 3 месяцаў дзейнічае матчын імунітэт).
Адрозніваюць 3 перыяды хваробы: катаральны (3—4 дні), калі з’яўляюцца дробныя шаравата-белыя з чырвонай аблямоўкай плямкі на слізістай губ; перыяд высыпання (4—5 дзён) — высыпка з’яўляецца на твары, затым на ўсім целе; праз 3—4 дні яна знікае, застаецца пігментацыя і лушчэнне скуры; працягваецца 7—10 дзён. На ўсіх стадыях хваробы могуць узнікнуць ускладненні на органы дыхання (ларынгіт, фарынгіт, трахеіт, пнеўманія, абсцэс лёгкага), страўнікава-кішачны тракт (стаматыт, энтэракаліт), на скуру (піядэрмія), нервовую сістэму (менінгіт, менінгаэнцэфаліт, міэліт, энцэфаламіэліт), зрок (кератыт) і слых (атыт). Спецыфічных лек. сродкаў супраць адзёру адру* няма. Найб. дзейсны метад прафілактыкі — супрацьадзёрная вакцына. Прышчэпкі робяць дзецям у 12 месяцаў і ў 7 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАРЫДО́З,
інвазійная хвароба свіней і чалавека, якая выклікаецца аскарыдамі. Пашкоджваецца тонкі кішэчнік (дарослыя паразіты) і парэнхіматозныя органы (лічынкі). Лічынкі ў кішэчніку выходзяць з яец аскарыдаў, якія заглынаюцца з вонкавага асяроддзя, з крывёй заносяцца ў печань, потым у лёгкія, ротавую поласць і зноў у кішэчнік. Праз 1,5—2 мес яны развіваюцца ў дарослых паразітаў.
У жывёл часцей хварэе маладняк да 6—7 месячнага ўзросту. Павышаецца т-ра цела, пагаршаецца апетыт, пачашчаецца дыханне, паяўляюцца кашаль, ірвота, панос, часам — сутаргі, на скуры можа быць высыпка. У чалавека адрозніваюць 2 стадыі: раннюю — міграцыйную і познюю — кішачную. Першая часцей праходзіць бессімптомна. Пры другой (кішачнай) адзначаюцца моташнасць, недамаганне, болі ў страўніку, слінацячэнне, пагаршэнне апетыту, галаўны боль, галавакружэнне, павышаная стамляльнасць. Пры множнай інвазіі дзеці ў сне скрыгочуць зубамі; у іх можа ўзнікаць бранхіт, астматычнае ўдушша, малакроўе, нервовасць, рассеянасць. Магчымы ўскладненні: гнойны халецыстыт, абсцэс печані, перытаніт, сепсіс, панкрэатыт, апендыцыт; закупорка клубком аскарыдаў прасвету кішэчніка можа выклікаць непраходнасць кішэчніка. Лячэнне праводзіць урач.