метад рэзананснага паглынання гама-квантаў без аддачы. Заснавана на Мёсбаўэра эфекце. Дазваляе праводзіць вымярэнні энергіі з дакладнасцю да натуральнай шырыні гама-лініі. Выкарыстоўваецца для вывучэння звыштонкага расшчаплення ядз. узроўняў, ацэньвання радыуса ўзбуджаных ядраў, дыфузіі атамаў, дынамічных з’яў пры фазавых пераходах, спінавай рэлаксацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІЗАЦЫ́ЙНЫ ВАКУУММЕ́ТР,
манометр, прынцып дзеяння якога заснаваны на вымярэнні іоннага току, прапарцыянальнага ціску ў газах (гл.Іанізацыя). Крыніца іанізацыі — радыёізатоп з альфа- ці бэта-выпрамяненнем або напалены катод. Межы вымеранага ціску вызначаюцца канструктыўнымі асаблівасцямі прылады (верхняя мяжа — суадносінамі паміж памерамі датчыка і даўжынёй свабоднага прабегу іанізавальных часціц, ніжняя — іанізацыяй газу другаснымі часціцамі). Гл. таксама Вакуумметр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ АКУ́СТЫКА,
раздзел фіз. акустыкі, у якім уласцівасці рэчыва і малекулярных працэсаў даследуюцца акустычнымі метадамі. Асн. метады М.а. заснаваны на вымярэнні скорасці і паглынання гуку, а таксама на вызначэнні залежнасці гэтых велічынь ад частаты гукавой хвалі, т-ры, ціску і інш. Метадамі М.а. даследуюць вадкасці, газы, палімеры, цвёрдыя целы, плазму ва ультрагукавым дыяпазоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ГА»,
назва міжнароднага праекта і аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для даследавання планеты Венера і Галея каметы. АМС «Вега-1» і «Вега-2», у аснову якіх пакладзена канструкцыя АМС «Венера», запушчаны адпаведна 15 і 21.12.1985.
З дапамогай АМС «Вега праведзены вымярэнні параметраў атмасферы Венеры, іх пасадачныя модулі ўзялі пробы грунту. Пасля гравітацыйнага павароту АМС праляцелі 6 і 9.3.1986 каля ядра каметы Галея на адлегласці 9 і 8,2 тыс.км адпаведна, перадалі на Зямлю больш за 1000 тэлевізійных здымкаў ядра каметы, а таксама дадзеныя хім. аналізу газавай і пылавой складальных каметы. Зроблены вымярэнні для дакладнага навядзення зах.-еўрап. АМС «Джота». У праекце ўдзельнічалі СССР, Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Германія, Польшча, ЗША, Францыя, Чэхаславакія.
Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Вега»: 1 — панэлі сонечнай батарэі; 2 — радыятар-ахаладжальнік; 3 — спускальны апарат; 4 — востранакіраваная антэна; 5 — радыятар-награвальнік; 6 — блок астраарыентацыі; 7 — пралётны апарат; 8 — аўтаматычная стабілізаваная платформа з навуковай апаратурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУШНЕ́ВІЧ (Міхал) (1797, Мінск — 1862),
бел. астраном. Магістр філасофіі. Скончыў Віленскі ун-т. У 1819—48 працаваў у Віленскай астранамічнай абсерваторыі. Вёў назіранні планет, Месяца, зацьменняў зорак Месяцам. У 1824 з геадэзістам І.І.Ходзькам праводзіў градусныя вымярэнні на тэр. Беларусі. Вынікі яго даследаванняў ў 1838—46 публікаваліся ў выданнях абсерваторыі, а некат. працы — у час. «Astronomische Nachrichten» («Веснік астраноміі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁДАЛЬНАМЕ́Р,
прылада для вымярэння адлегласцей да аб’ектаў з выкарыстаннем радыёхваль. Бываюць імпульсныя і фазавыя (інтэрферэнцыйныя). Дзеянне імпульсных Р. заснавана на вызначэнні часу распаўсюджання кароткіх радыёімпульсаў ад прылады да аб’екта і назад, фазавых — на вымярэнні рознасці фаз выпрамененага і прынятага радыёсігналу (паказвае колькасць даўжынь радыёхваль, якія ўкладваюцца ўздоўж шуканай адлегласці). Выкарыстоўваюцца ў радыёлакацыйных, радыёнавігацыйных, геадэзічных і інш. прыладах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІМЕТРЫ́ЧНЫ ПУНКТ,
спецыяльны пункт на зямной паверхні, дзе вымерана паскарэнне свабоднага падзення. У кожным гравіметрычным пункце вызначаюцца таксама гарыз. каардынаты і вышыня над узроўнем мора. Для правядзення гравіметрычнай здымкі ствараюцца апорныя (шматразовыя вымярэнні гравіметрычнымі прыладамі павышанай дакладнасці) розных класаў і радавыя гравіметрычныя пункты. Зыходныя апорныя гравіметрычныя пункты закладзены ў геафіз. абсерваторыях «Патсдам» (ФРГ; гал. ў Еўропе), «Пулкава» (Расія), «Плешчаніцы» (Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА-ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,
метад неразбуральнага кантролю якасці вырабаў пры прасвечванні іх гама-выпрамяненнем. Заснаваны на залежнасці паглынання пранікальнага выпрамянення ад структуры матэрыялу. Дазваляе выявіць унутр. будову, наяўнасць, канфігурацыю і каардынаты дэфектаў у вырабах таўшчынёй да 250 мм. Вымярэнні праводзяць фотарадыеграфічным (найб. пашыраны), іанізацыйным, тэлевізійным і інш. метадамі. Выкарыстоўваецца ў судна- і авіябудаванні, металургіі, на буд-ве нафта- і газаправодаў і інш.Гл. таксама Дэфектаскапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАМЕТРЫ́Я,
раздзел картаграфіі, які вывучае спосабы вымярэнняў па картах каардынат, вышыні (глыбіні), даўжыні, плошчы, аб’ёмаў, напрамкаў і інш. характарыстык геагр. аб’ектаў. Картаметрычныя вымярэнні шырока выкарыстоўваюцца ў фіз. геаграфіі, геамарфалогіі, гідралогіі, акіяналогіі, глебазнаўстве, эканам. геаграфіі, дэмаграфіі і інш. Да задач К. адносіцца таксама ацэнка дакладнасці вымярэнняў з улікам маштабу і картаграфічных праекцый. Пры картаметрычных работах ужываюць розныя картаграфічныя прылады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РМАК ((Cormack) Алан Маклеад) (н. 23.3.1924, г. Іаганесбург, Паўд.-Афрыканская Рэспубліка),
амерыканскі фізік. Чл.Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Кейптаўнскі ун-т (1945). З 1957 ва ун-це Тафтса ў Медфардзе (у 1968—76 праф., заг. кафедры), ЗША. Навук. працы па вымярэнні доз радыяцыі, ядзерных узаемадзеяннях, фізіцы часціц. Адзін з распрацоўшчыкаў камп’ютэрнай тамаграфіі. Нобелеўская прэмія 1979 (разам з Г.Хаўнсфілдам).