помнік архітэктуры неакласіцызму. Пабудаваны ў Віцебску ў 1890 (арх. А.Кляменцьеў). Мураваны 3-павярховы Г-падобны ў плане будынак. Гал. і бакавыя фасады вылучаны 3 рызалітамі з трохвугольнымі франтонамі ў завяршэнні; іх паверхні багата дэкарыраваны рустыкай, паўцыркульнымі нішамі, канелюраванымі калонкамі і інш. Цяпер у будынку маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ун-та і інш. ўстановы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
частка глебава-біякліматычнага пояса, глебавай зоны або падзоны са спецыфічнымі асаблівасцямі глеб і ўмоў глебаўтварэння, звязанымі з увільгатненнем і тэмпературным рэжымам. Займаюць тэрыторыі, межы якіх праходзяць у шыротным напрамку. Падзяляюцца на глебава-кліматычныя акругі. На тэр. Беларусі адпаведна глебава-геагр. раянаванню вылучаны Паўночная, Цэнтральная і Паўднёвая глебавыя правінцыі, якія адрозніваюцца глебавым покрывам, геамарфалагічнай будовай, тэмпературным рэжымам. Гл.Глебава-геаграфічнае раянаванне і карту да яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́І-МІР,
старажытнае шматпластавое гарадзішча ў нізоўях р. Кафірніган у Таджыкістане. Выяўлены рэшткі бактрыйскіх пабудоў і прадметы матэрыяльнай культуры з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. па першыя ст.н.э. У выніку даследаванняў К.-М. і гарадзішча Кей-Кабад-шах распрацавана першая стратыграфічная табліца помнікаў Паўн.Бактрыі; вылучаны 5 паслядоўных гіст.-культурных этапаў з 6—4 ст. да н.э. па 3—4 ст. н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННЫ ЛАНДША́ФТ,
ландшафт, які ўзнік у працэсе пераўтваральнай дзейнасці чалавека, у т. л. яго ненаўмыснага ўздзеяння на прыроду. Займае каля палавіны тэрыторыі сушы. Вылучаюць антрапагенны ландшафт па ступені змененасці (слабазменены, зменены, моцназменены), па сацыяльна-эканам. функцыях (с.-г., індустрыяльны, урбанізаваны, рэкрэацыйны, запаведны, прыродаахоўны і інш.), па выніках антрапагенных уздзеянняў (акультураны, пераўтвораны, дэградзіраваны). На Беларусі антрапагенны ландшафт займае больш палавіны тэрыторыі. Распрацавана класіфікацыя антрапагеннага ландшафту, вылучаны тыпы, падтыпы, віды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАГА АКРУГО́ВАГА СУДА́ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны ў Віцебску ў 1883 (арх. І.Камінскі). Разам з Мікалаеўскай царквой завяршыў кампазіцыю Саборнай пл. (сучасная пл. Свабоды). 2-павярховы П-падобны ў плане асіметрычны будынак вызначаецца манументальнасцю і маштабнасцю формаў.
Цэнтр фасада вылучаны 3-павярховым рызалітам, завершаным атыкавай сценкай з трохвугольным франтонам. Інтэр’еры памяшканняў багата аздоблены (ляпныя плафоны, разеткі, карнізы, пілястры і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-ГУБЕРНА́ТАРА,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў Гродне каля 1800 для гродзенскага віцэ-губернатара Максімовіча. Двухпавярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам. Сіметрыя гал. фасада падкрэслена 4-калонным порцікам дарычнага ордэра з трохвугольным франтонам. Бакавыя часткі вылучаны рызалітамі. Фасад раскрапаваны філёнгамі, рустам, завершаны развітым прафіляваным карнізам. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены фігурнымі ліштвамі і сандрыкамі. Інтэр’еры былі ўпрыгожаны фрэскавай размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎЯ,
нацыянальны парк у Латвіі, у бас.р.Гаўя. Засн. ў 1973 для комплекснай аховы прыродных ландшафтаў, помнікаў прыроды і культуры, арганізацыі турызму і адпачынку. Пл. 83,75 тыс.га. У парку вылучаны ахоўныя зоны (каля 40% плошчы з рэжымам заказніка) і ўчасткі некранутай прыроды, на якіх выключана ўмяшанне чалавека. Лясы пераважна з хвоі, елкі, бярозы. Пашыраны: лось, дзік, казуля, заяц, бабёр і інш.; каля 150 відаў птушак. Рэакліматызаваны высакародны алень. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЮЧ,
адм.-гасп. комплекс з некалькіх вёсак з фальваркамі ці без іх у Беларусі, Польшчы і Літве ў 16—19 ст. Існавалі ў дзярж. і прыватных уладаннях. На К., як правіла, падзяляліся дзярж. эканоміі. К. мог быць часова вылучаны з латыфундыі і перададзены ў залогавае ці арэнднае трыманне; у гэтым выпадку адміністрацыя ўласніка на яго не распаўсюджвалася. Часам К. называлі староствам. У адм.-гасп. адносінах К. быў падобны да войтаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЭНАЛІ́Н,
гармон мазгавога слоя наднырачнікаў. Вылучаны з наднырачнікаў жывёл у 1985. Крыніцай утварэння адрэналіну ў арганізме з’яўляюцца амінакіслоты тыразін і фенілаланін. Стымулюе работу сэрца, звужае крывяносныя сасуды, павышае крывяны ціск, расслабляе мускулатуру бронхаў і страўніка, расшырае зрэнкі, павышае бялковы, вугляводны і тлушчавы абмен. Прымяняецца пры вострым зніжэнні артэрыяльнага ціску, нечаканым спыненні работы сэрца (уводзіцца ўнутрысардэчна), алергічных хваробах, анафілактычным шоку. Колькасць адрэналіну ў крыві павялічваецца пры эмацыянальных нагрузках (стрэсе) і цяжкай мышачнай рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСУЛЬФА́ТЫ, бісульфаты, гідрагенсульфаты,
кіслыя солі сернай кіслаты. У цвёрдым стане вылучаны гідрасульфаты шчолачных металаў (напр., гідрасульфат калію KHSO4, бясколерныя крышталі, tпл 220 °C, шчыльн. 2400 кг/м³).
Гідрасульфатыц шчолачна-зямельных і некаторых інш. металаў існуюць толькі ў водных растворах. Атрымліваюць узаемадзеяннем сернай к-ты з сульфатамі і хларыдамі адпаведных металаў. Выкарыстоўваюць гідрасульфаты калію і натрыю як кампанент флюсу ў металургіі, рэагент для пераводу (сплаўленнем) нерастваральных аксідаў (напр., аксіды алюмінію, жалеза і інш.) у растваральныя сульфаты.