КАМЕРУ́Н (Cameroon, Cameroun),

вулканічны масіў у Афрыцы, каля берагоў Гвінейскага заліва. Тэр. дзяржавы Камерун. Выш. 4070 м. Трахібазальтавы стратавулкан са шматлікімі бакавымі конусамі і кратэрамі. Гал. вяршыня — дзеючы конус Фака (апошняе вывяржэнне ў 1959). На зах. і паўд.-зах. схілах выпадае найб. ў Афрыцы колькасць ападкаў (каля 10 000 мм за год). Ніжняя ч. схілаў занята экватарыяльнымі лясамі, часткова плантацыямі, вышэй — горныя лясы і лугі.

т. 7, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЗУ́ВІЙ (Vesuvio),

дзеючы вулкан на Пд Італіі, паблізу г. Неапаль. Выш. 1277 м. Утварае 3 конусы, якія нібы ўваходзяць адзін у адзін (сома). Асн. конус складзены з перапластаваных лаваў і вулканічных туфаў. Пры вывяржэнні выкідвае попел. Выхады газаў і пары. У час вывяржэння ў 79 загінулі гарады Пампеі, Геркуланум, Стабіі. Апошняе вывяржэнне 1957—59. На ніжніх ч. схілаў — сады, вінаграднікі, да выш. 800 м — хвойныя гаі. Вулканалагічная абсерваторыя. Турызм.

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНІ́ЧНЫ ПО́ПЕЛ,

вулканічны пыл і пясок (часцінкі 0,1—2 мм), якія ўтвараюцца пры вывяржэнні вулканаў у выніку раздраблення вадкай ці цвёрдай лавы выбухам. Могуць быць абломкі горных парод і мінералаў, што складаюць вулкан (вулканічныя бомбы). Разносіцца ветрам на сотні і тысячы кіламетраў, зрэдку па ўсім зямным шары (вывяржэнне вулкана Кракатаў у Інданезіі ў 1883), можа цалкам засыпаць бліжэйшыя да вулкана населеныя пункты. Уваходзіць у склад вулканакластычнага матэрыялу і вулканічных горных парод.

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫСТА́Н-ДА-КУ́НЬЯ (Tristan da Cunha),

група з 4 вулканічных астравоў у паўд. ч. Атлантычнага ак.; уладанне Вялікабрытаніі. Найб. в-аў Трыстан (пл. 117 км²) утвораны аднайм. вулканічным конусам, які складаецца з базальтаў і трахітаў. Выш. да 2060 м. Моцнае вывяржэнне ў 1961—62. Насельніцтва каля 300 чал. (2000). Лоўля рыбы і лангустаў. Агародніцтва. Асн. населены пункт — Эдынбург. Астравы названы імем партуг. мараплаўца Трыстана да Кунья, які адкрыў іх у 1506.

т. 16, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЕЛЬ, Лаел (Lyell) Чарлз (14.11. 1797, Кінардзі, Вялікабрытанія — 22.2.1875), англійскі геолаг, прыродазнавец. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1871). Скончыў Оксфардскі ун-т (1819). У гал. навук. працы «Асновы геалогіі» (т. 1—3, 1830—33) у процівагу пануючай у той час тэорыі катастроф (гл. Катастроф тэорыя) распрацаваў вучэнне (актуалізм) аб павольных і бесперапынных зменах зямной паверхні пад уздзеяннем пастаянных геал. фактараў (атм. ападкі, цякучыя воды, вывяржэнне вулканаў і інш.). Актыўна падтрымліваў эвалюц. тэорыю Ч.Дарвіна.

Ч.Лаель.

т. 9, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́ТНА (Etna),

дзеючы вулкан на в-ве Сіцылія ў Італіі. Выш. 3340 м (найб. высокі ў Еўропе). Конус з пакатымі схіламі, складзены пераважна з трахітаў, далерытаў і базальтаў. Дыяметр кратэра каля 400 м, шматлікія бакавыя кратэры, застылыя лававыя патокі. Найб. моцнае вывяржэнне ў 1669. Паміж вывяржэннямі выдзяленне газаў і пары, частыя землетрасенні. Да выш. 800—900 м — палі, сады, вінаграднікі, вышэй міжземнаморскія хмызнякі і лясы. Вышэй за 1500 м на працягу некалькіх месяцаў Э. ўкрыта снегам. Турызм.

т. 18, кн. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАКАТА́Ў (Krakatau),

дзеючы вулкан у Зондскім прал., паміж а-вамі Ява і Суматра, у Інданезіі. Утварыў востраў пл. 10,5 км². Складзены з базальтаў, андэзітаў, рыалітаў. Выш. 813 м, кальдэра дыям. 4—5,5 км. Вядомы выключна моцным вывяржэннем у жн. 1883, у час якога была разбурана б.ч. конуса вулкана (раней быў выш. каля 2000 м) і выкінута больш за 18 км³ вулканічнага попелу на вялізную тэрыторыю. Інтэнсіўныя зоры, абумоўленыя змяншэннем празрыстасці атмасферы, назіраліся некалькі гадоў. Апошняе вывяржэнне ў 1972—73. Запаведнік Кракатаў.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙТ з Дэрбі

(Wright of Derby) Джозеф (3.9.1734, г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 29.8.1797),

англійскі жывапісец. Вучыўся ў Лондане (1751—53, 1756—57). Працаваў у Дэрбі, Баце. Зазнаў уплыў караваджызму. У творчасці выявіў тэндэнцыі перадрамантызму. Адзін з першых звярнуўся да прамысл. тэматыкі, адлюстроўваў сцэны працы, навук. доследаў і інш. з выкарыстаннем эфектаў начнога асвятлення: «Лекцыя пра Сонечную сістэму» (каля 1763—65), «Дослед з паветранай помпай» (1768), «Кузня» (1771), «ілюмінацыя замка св. Анёла», «Вывяржэнне Везувія» (абедзве 1774—75) і інш.

Дж.Райт. Кузня. 1771.

т. 13, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭДЖУДО́, Чэчжудо,

востраў у паўн. ч. Усх.-Кітайскага м., тэр. Рэспублікі Карэя. Аддзелены ад Карэйскага п-ва і Японскіх а-воў пралівамі Чэджу і Карэйскім. Пл. 1850 км². Выш. да 1950 м (вулкан Халасан). Берагі пераважна абрывістыя. Складзены з вулканічных парод. У цэнтры вострава вулкан Халасан (апошняе вывяржэнне ў 10 ст.). Клімат субтрапічны мусонны. Ападкаў да 2000 мм за год. Вечназялёныя і лістападныя шыракалістыя лясы, вышэй 1600 м — пераважна хвойныя. На месцах зведзеных лясоў — лугі. Нац. парк Халасан. Пасевы рысу. Лоўля рыбы і малюскаў. Гал. горад — Чэджу.

т. 17, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУДЗІЯ́МА, Фудзі, Фудзісан,

дзеючы вулкан на в-ве Хонсю, каля 100 км на ПдЗ ад Токіо, самая высокая вяршыня Японіі (3776 м). Правільны конус з кратэрам глыб. каля 250 м, дыяметрам каля 700 м. Утвораны з базальтавых і андэзітавых лаў. На схілах бакавыя кратэры і шлакавыя конусы. Ф. перакрывае б.ч. стараж. вулкана Асітока, вяршыня якога агаляецца на паўд.-ўсх. схіле. На схілах вечназялёныя лясы, хмызняковыя пустэчы. 10 мес укрыты снегам. Апошняе вывяржэнне ў 1707—08. Уваходзіць у склад нац. парку Фудзі-Хаконе-Ідзу. Ф. — свяшчэнная гара японцаў, аб’ект паломніцтва і турызму, таксама яп. мастацтва (карціны, вышыўкі, фарфор).

т. 16, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)