Праведзена партыз. брыгадай імя Молатава Пінскай вобл. (камандзір М.І.Герасімаў) з мэтай вывесці са строю шлюзы, плаціны і вадаспускі Дняпроўска-Бугскага канала і сарваць перавозкі праціўніка. Распрацавана БШПР у канцы 1942.
У лют.—сак. 1943 дыверсійныя групы атрадаў імя Лазо, імя Кутузава, імя Суворава вывелі са строю шлюзы Оўзіцкі, Ляхавіцкі, Рагадашчанскі, у маі — Пераруб і Радастаўскі на Белаазерскім канале. У пач лета 1943 праціўнік спрабаваў аднавіць Дняпроўска-Бугскі канал. З гэтай мэтай прыбыла аднаўленчая каманда, якую прыкрывалі 6 ваен. катэраў рачной флатыліі. Пачаліся рамонтныя работы. Даведаўшыся аб намерах праціўніка, камандаванне брыгады ў ноч на 19.6.1943 сіламі 3 атрадаў (каля 400 чал.) правяло аперацыю па вывадзе са строю Гарадзецкага, Ляхавіцкага, Оўзіцкага, Перарубскага, Селішчанскага, Старога і Новага Рагадашчанскага гідравузлоў. У выніку аперацыі ўзровень вады панізіўся да 30—60 см. 120 км канала на ўчастку Пінск—Кобрын сталі непрыгоднымі для эксплуатацыі. 129 суднаў праціўніка, якія былі перакінуты з Дняпра. засталіся ў Пінскім порце і ў ліп. 1944 захоплены Дняпроўскай ваен. флатыліяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКСІКА́НСКАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ 1861—67,
узброеная інтэрвенцыя Вялікабрытаніі (1862), Іспаніі (1861—62) і Францыі (1862—67) супраць Мексікі з мэтай звяржэння дэмакр. ўрада прэзідэнта Б.П.Хуарэса Гарсіі і ўстанаўлення залежнага ад еўрап. дзяржаў манарх. рэжыму. Зачэпкай для інтэрвенцыі стаў прыняты 17.7.1861 мекс. кангрэсам закон аб часовым спыненні плацяжоў па знешніх пазыках. У адказ у канцы 1861 — пач. 1862 брыт., ісп. і франц. войскі высадзіліся на ўзбярэжжа Мексікі і захапілі важнейшы порт Веракрус. Аднак рашучае супраціўленне мексіканцаў, рознагалоссі паміж дзяржавамі-агрэсарамі, адсутнасць падтрымкі інтэрвенцыі з боку ЗША, якія таксама імкнуліся замацавацца ў суседняй краіне, прымусілі Вялікабрытанію і Іспанію ў крас. 1862 вывесці свае войскі з Мексікі. Францыя працягвала вайну, летам 1863 яе войскі захапілі г. Мехіка. У крас. 1864 імператарам Мексікі абвешчаны залежны ад Напалеона IIIаўстр. эрцгерцаг Фердынанд Максімілян (Максімілян I). На заклік мекс. ўрада Хуарэса на барацьбу з іншаземцамі паднялося ўсё насельніцтва краіны. Масавае нар. супраціўленне, контрнаступленне рэгулярнай мекс. арміі, а таксама абвастрэнне франка-амер. адносін і непапулярнасць гэтай авантуры ў Францыі прывялі да правалу М.э. У сак. 1867 франц. інтэрвенты пакінулі тэр. Мексікі. Максімілян I, які імкнуўся аказаць супраціўленне мекс. войскам, трапіў у палон і быў расстраляны.
дамоўленасці паміж урадамі Расіі і Вялікабрытаніі аб узгодненай калан. палітыцы на Сярэднім Усходзе. Пагадненне 1872—73 заключана ў выніку абмену нотамі паміж рас. і брыт. урадамі (29.10.1872—31.1.1873). Устанавіла мяжу паміж залежным ад Вялікабрытаніі Афганістанам і падвасальным Расіі Бухарскім эміратам па рэках Пяндж і Памір. Так Вялікабрытанія атрымала сферу ўплыву на Пд ад гэтай мяжы, а Расія — на Пн. Пагадненне 1885 падпісана ў Лондане 10 верасня. Урэгулявала рус.-афг. канфлікт, выкліканы далучэннем да Расіі Туркменіі, вызначыла (у асн. паводле рас. патрабаванняў) лінію рас.-афг. мяжы (туркменскі участак) і склад брыт.-рас. камісіі для яе ўдакладнення і правядзення. Пагадненне 1907 падпісана ў Пецярбургу 31 жн. Расія і Вялікабрытанія прызналі тэр. недатыкальнасць Тыбета. Вялікабрытанія пагадзілася вывесці свае войскі са сталіцы Тыбета г.Лхаса і дазволіць наведванне яе рэліг. паломнікам з Расіі (буратам). Іран быў падзелены на зоны паліт.-эканам. ўплыву: рас. (паўн. і ч.цэнтр. раёнаў краіны з Тэгеранам), брытанскую (прылеглыя да брыт. Індыі і Афганістана вобласці) і нейтральную. Расія прызнала, што Афганістан знаходзіцца па-за сферай яе ўплыву, Вялікабрытанія абавязалася ўстрымацца ад анексій у Афганістане. Пагадненне 1907 было важным этапам у стварэнні Антанты.
Літ.:
Дипломатический словарь. 4 изд. М., 1985. Т. 2. С. 481-482.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНСУАЛІ́ЗМ (франц. sensualisme ад лац. sensus успрыняцце, пачуццё, адчуванне),
кірунак у тэорыі пазнання, які прызнае адчуванне адзінай крыніцай аб’ектыўных ведаў. Змест пазнання і свядомасці імкнецца вывесці з дзейнасці органаў пачуццяў і іх сведчанняў. Элементы С. прысутнічаюць у філасофіі Стараж. Індыі (вучэнне чарвака), Стараж. Кітая (маізм), Стараж. Грэцыі (Геракліт, часткова Дэмакрыт і Арыстоцель). У гісторыі філасофіі сфарміраваліся 2 процілеглыя плыні С.: ідэаліст. і матэрыялістычная. Ідэалістычны С. разглядае пачуццёвую дзейнасць чалавека як самаст. і самадастатковую сферу свядомасці. Яго вытокі ў вучэнні Пратагора, які абвяшчаў пачуццёвае ўспрыманне адзінай крыніцай ведаў аб уласным стане чалавека; пазнанне знешніх прычын гэтых станаў ён лічыў немагчымым. Матэрыялістычны С. разглядае пачуццёвую дзейнасць чалавека як сувязь яго свядомасці са знешнім светам, а сведчанні органаў пачуццяў — адлюстраваннем навакольнага асяроддзя. Асновы паслядоўнага матэрыяліст. С. сфармуляваны Эпікурам. Асноўны прынцып С. стоікаў — «няма нічога ў розуме, чаго б раней не было ў пачуццях». Прадстаўнікі матэрыяліст. С. 17 ст. — П.Гасендзі, Т.Гобс, Дж.Лок, ідэаліст. С. — Дж.Берклі. Сенсуалісты матэрыяліст. кірунку 18 ст. сцвярджалі, што крыніцай ведаў служаць адчуванні, якія параджаюцца шляхам уздзеяння матэрыяльных прадметаў на органы пачуццяў чалавека (франц. матэрыялісты Ж.Ламетры, К.Гельвецый, Д.Дзідро, П.Гольбах). Ням. філосаф Л.Феербах лічыў, што адчуванні маюць суб’ектыўны характар, але іх аснова аб’ектыўная, заключана ў матэрыяльным свеце. Сучасныя тэорыі пазнання спалучаюць С. і рацыяналізм і аналізуюць іх узаемасувязь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ЯПО́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІКанвенцыя 1925 аб асноўных прынцыпах узаемаадносін,
падпісана ў Пекіне 20 студз. Паводле яе паміж СССР і Японіяй устанаўліваліся дыпламат. адносіны; Японія абавязалася да 15.5.1925 вывесці свае войскі з Паўн. Сахаліна; бакі дэкларавалі імкненне жыць у міры і дружбе і абавязаліся ў сваіх адносінах зыходзіць з прынцыпу ўзаемнага неўмяшання ва ўнутр. справы адзін аднаго. СССР пагадзіўся, што Портсмуцкі мірны дагавор 1905 застаецца ў сіле. Бакі дамовіліся аб пераглядзе рас.-яп. пагадненняў, якія закраналі пытанні гандлю, эканомікі і рыбалоўства (гл.Руска-японскія дагаворы і пагадненні). Пагадненне 1939 аб спыненні ваенных дзеянняў у раёне Халхін-Гола, падпісана 15 ліст. ў Маскве. Паклала канец Халхін-Гольскаму канфлікту 1939, зафіксаваўшы аднаўленне граніцы Манг.Нар. Рэспублікі, як да пач. канфлікту. Пакт 1941 аб нейтралітэце, падпісаны 13 крас. ў Маскве. Паводле яго бакі абавязаліся падтрымліваць мірныя і дружалюбныя адносіны адзін да аднаго; узаемна паважаць цэласнасць тэрыторыі адзін аднаго; у выпадку ўцягвання аднаго з бакоў у вайну з адной або некалькімі трэцімі дзяржавамі інш. бок абавязаўся захоўваць нейтралітэт на працягу ўсяго канфлікту. Скасаваны з уступленнем 9.8.1945 СССР у вайну з Японіяй. Савецка-японская сумесная дэкларацыя 1956, падпісана 19 кастр. ў Маскве. Спыняла стан вайны, які існаваў паміж СССР і Японіяй з 9.8.1945; паміж дзвюма дзяржавамі аднаўляліся дыпламат. адносіны; прадугледжвалася, што ў магчыма кароткі тэрмін паміж СССР і Японіяй пачнуцца перагаворы аб усёабдымным мірным урэгуляванні; пасля такога ўрэгулявання СССР абавязаўся перадаць Японіі а-вы Шыкатан і Хабамаі з Курыльскіх астравоў (пазней СССР адмовіўся ад гэтага абавязку ў аднабаковым парадку); СССР пагадзіўся на рэпатрыяцыю ўсіх яп. грамадзян, якія былі асуджаны на сав. тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА (франц. Entente літар. згода),
ваенна-паліт. блок Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі (Траістая згода), аформлены ў 1904—07; у 1-ю сусв. вайну аб’яднаў супраць герм. кааліцыі 25 дзяржаў. З узнікненнем Антанты фактычна закончыўся падзел дзяржаў Еўропы на 2 варожыя лагеры. Германія, значэнне якой у Еўропе вырасла пасля перамогі ў франка-прускай вайне 1870—71, падпісала ў 1879 саюз з Аўстра-Венгрыяй. У 1882 да яго далучылася Італія. Гэтым завяршылася стварэнне Траістага саюза 1879—82. У адказ Францыя і Расія заключылі франкарускі саюз 1891—93. Англія спрабавала застацца ў баку ад блокаў і быць міжнар. арбітрам, але ўзмацненне англа-герм. супярэчнасцяў прымусіла яе падпісаць англа-франц. (1904) і англа-рус. (1907) пагадненні, якія фактычна аформілі стварэнне Антанты. Расія і Францыя мелі ў гэтай групоўцы пэўныя ваен. абавязацельствы (Англія ад іх адмовілася). Рознагалоссі паміж удзельнікамі Антанты часткова былі згладжаны, але канчаткова не ліквідаваны. Іх спрабавала выкарыстаць Германія, каб вывесці з групоўкі Расію. Але гэтаму перашкаджала залежнасць Расіі ад франц. капіталу і ваен. пагроза з боку Германіі. У той жа час Антанта імкнулася ізаляваць ад Траістага саюза Італію (у маі 1915 апошняя перайшла на бок Антанты) і Аўстра-Венгрыю. На пач. 1-й сусв. вайны ўдзельнікі Антанты выступілі разам і ў вер. 1914 падпісалі пагадненне аб незаключэнні сепаратнага міру з Германіяй. У кастр. 1915 да пагаднення далучылася Японія і абвясціла вайну Германіі. У ходзе вайны да Антанты далучылася яшчэ 20 дзяржаў. Асноўны цяжар вайны неслі Расія і Францыя, на тэрыторыі якіх вяліся ваен. дзеянні. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, калі Расія выйшла з Антанты, Англія і Францыя падпісалі пагадненне (23.12.1917) пра сумесную інтэрвенцыю ў Сав. Расію і падзел яе тэрыторыі. Антанта была ініцыятарам паходаў супраць Сав. дзяржавы (гл.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя ў Расіі 1918—20). Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж дзяржавамі Антанты пасля заканчэння 1-й сусв. вайны прывяло да распаду гэтага блока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ННАЯ ТЭО́РЫЯкрышталічных цвёрдых цел,
квантавая тэорыя спектра энергій электронаў крышталя. Паводле З.т. гэты спектр складаецца з зон дазволеных і забароненых энергій. З.т. тлумачыць шэраг уласцівасцей і з’яў у крышталях, у прыватнасці, розны характар іх электраправоднасці.
Аснова З.т. — аднаэлектроннае прыбліжэнне: скорасць руху атамных ядраў каля становішчаў раўнавагі многа меншая за скорасць электронаў; кожны электрон рухаецца ў трохмерна-перыядычным полі, якое ствараецца ядрамі і астатнімі электронамі. Зона праводнасці (с) і валентная зона (v) утвораны сукупнасцю атамных энергет. узроўняў, «расшчэпленых» у выніку аб’яднання свабодных атамаў у крышт. рашотку. Узроўні энергіі валентных электронаў (е) атама расшчапляюцца і зрушваюцца значна больш, чым узроўні ўнутраных электронаў (і). Шырыня забароненай зоны Eg (энергет. шчыліна паміж v- і с-зонамі) вызначаецца раўнаважнай адлегласцю паміж ядрамі (пастаяннай крышт. рашоткі d) У крышталі з N ідэнтычных атамаў кожны атамны ўзровень расшчапляецца на N узроўняў, якія ўтвараюць квазінеперарыўную дазволеную зону або яе частку. Электроны запаўняюць дазволеныя зоны энергій у адпаведнасці з Паўлі прынцыпам: на N узроўнях зоны можа знаходзіцца не больш за 2N электронаў. Уласцівасці крышталя залежаць ад колькасці электронаў у зоне праводнасці і/ці ад колькасці незапоўненых узроўняў (вакансій для электронаў) у валентнай зоне. Калі энергет. зона запоўнена электронамі часткова, то пад уздзеяннем знешняга эл. поля яны пераразмяркоўваюцца па ўзроўнях у зоне. Пры гэтым парушаецца сіметрыя размеркавання электронаў па скорасцях — узнікае эл. ток. Таму крышталь з часткова запоўненай c-зонай з’яўляецца правадніком электрычнасці — металам. Электроны ў поўнасцю запоўненай v-зоне з-за прынцыпу Паўлі не могуць пераразмяркоўвацца па ўзроўнях энергіі; крышталь з пустой с-зонай і поўнасцю запоўненай электронамі v-зонай — дыэлектрык. Калі цеплавая энергія дастатковая для пераводу часткі электронаў з v-зоны ў c-зону, то электраправоднасць крышталя расце пры награванні; такі крышталь — паўправаднік. Пры слаба перакрытых с- і v-зонах крышталь з’яўляецца паўметалам (напр., вісмут), а пры змыканні гэтых зон (Eg=0) — бясшчылінным паўправадніком (напр., шэрае волава). З.т. — набліжэнне да рашэння фундаментальнай задачы: вывесці ўласцівасці крышталя з уласцівасцей атамаў, з якіх ён складаецца.
Літ.:
Харрисон У.А. Электронная структура и свойства твердых тел: Физика химической связи: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1983;
Анималу А. Квантовая теория кристаллических твердых тел: Пер. с англ.М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ТА («Otto»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва, якія выйшлі з-пад удараў карнікаў у ліст. 1943 у ходзе карнай аперацыі «Генрых». Праводзілася ў Дрысенскім і Асвейскім р-нах 20.12.1943—1.1.1944 у Вял.Айч. вайну. Мэты аперацыі: знішчыць партыз. сілы на тэр. паміж г. Дрыса і Себеж (Пскоўская вобл., Расія), каб наладзіць па дарогах Дрыса—Себеж і Полацк—Себеж бесперашкоднае забеспячэнне правага фланга групы армій «Поўнач». 20 снеж. з Себежа, Ідрыцы і Шкяўне (Латвія) на Пн, з Даўгаўпілса на З, з Полацка на Пд праціўнік пачаў наступленне супраць партыз. абароны, якая праходзіла па р. Нішча, Дрыса і Свольна, карнікі адцяснілі партызан да апошняй лініі іх абароны — лагераў у раёне в. Роўнае Поле Расонскага р-на, дзе сканцэнтраваліся штабы ўсіх брыгад, шпіталі з параненымі, тысячы жанчын, старых і дзяцей. На сумесным пасяджэнні камандавання брыгад было прынята рашэнне прарваць блакаду і вывесці жыхароў і параненых у сав. тыл. Для выканання гэтай задачы былі створаны 2 ударныя групы: першая ў складзе партыз. брыгад Асвейскай, 1-й і 2-й Дрысенскіх, Латышскага партыз. атрада (узначаліў І.К.Захараў), другая ў складзе 1-й, 7, 11, 12, 20-й Калінінскіх брыгад (В.М.Лісоўскі). 26 снеж. першая ўдарная група нанесла моцны ўдар па карніках каля в. Канюхова (Расонскі р-н), што стварыла магчымасць 30 снеж. амаль 10 тыс. жыхарам пад прыкрыццём партызан пераправіцца цераз р. Дрыса і ўвайсці ў размяшчэнне часцей Чырв. Арміі. Другой ударнай групе прарыў у раёне в. Клясціцы—Юхавічы (Расонскі р-н) не ўдаўся, таму пасля 2-дзённых баёў партызаны і мясц. жыхары, што ішлі з імі, адышлі ў лясы на Пн і З ад в. Роўнае Поле; частка насельніцтва выйшла за лінію фронту па маршруце першай ударнай групы. У ходзе аперацыі «О.» гітлераўцы (паводле даных баявой групы Готберга) расстралялі каля 2 тыс.чал., захапілі для вывазу ў Германію больш за 500 чал., спалілі в. Барысава (загубілі 76 чал.), Кісялі (113), Кашалёва (37), Стралкі (122), Ярмоліна (39), Мельніца (не аднавілася) Верхнядзвінскага р-на. У 1974 у в. Канюхова пастаўлены помнік партызанам і жыхарам, якія загінулі пры прарыве блакады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848-49 У ГЕРМА́НІІ,
адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе. Ставіла за мэту аб’яднанне Германіі і лібералізацыю паліт. жыцця. Штуршком да яе стала рэвалюцыя 1848 у Францыі. Пачалася з выступлення ў Бадэне (27 лют.), і ў хуткім часе ахапіла большасць германскіх дзяржаў. Найб. значныя падзеі адбыліся ў Аўстрыі (гл.Рэвалюцыя 1848—49 у Аўстрыі) І Прусіі. У Берліне дэманстрацыі рамеснікаў, рабочых, студэнтаў і гандляроў перараслі 18 сак. ў нар. паўстанне. Пад яго націскам кароль Прусіі вымушаны быў скасаваць цэнзуру, пагадзіцца са скліканнем прускага Нац. сходу і вывесці войскі са сталіцы. 29 сак. створаны ўрад Прусіі на чале з лідэрамі ліберальнай апазіцыі Л.Кампгаўзенам і Д.Ганземанам. 22 мая пачаў працу Нац. сход Прусіі; большасць месцаў у ім належала лібералам, якія стаялі за ліберальную канстытуцыю, але супраць радыкалізацыі рэвалюцыі. 18.5.1848 у Франкфурце-на-Майне пачаў дзейнасць агульнагерм. Нац. сход, т.зв. Франкфурцкі парламент, скліканы для вырашэння пытання пра аб’яднанне Германіі; большасць у ім таксама належала лібералам. Але створаны сходам часовы імперскі ўрад на чале з аўстр. эрцгерцагам Іаганам не быў падтрыманы Аўстрыяй, Прусіяй і інш.ням. дзяржавамі. На сходзе распачалася барацьба паміж прыхільнікамі «вялікагерманскага» (з удзелам Аўстрыі) і «малагерманскага» (без Аўстрыі) варыянтаў герм. дзяржавы. Тым часам паражэнне паўстання ў Аўстрыі ў кастр. 1848 падштурхнула караля Прусіі да роспуску прускага Нац. сходу (8 ліст.), прызначыць новы ўрад на чале з кансерватыўнымі дзеячамі і ўвесці ў Берлін войскі. У снеж. 1848 уступіла ў дзеянне канстытуцыя, якая павялічыла паўнамоцтвы караля пры захаванні шэрагу дэмакр. свабод. Франкфурцкі парламент працягваў працу, выдаў у снеж. 1848 «Асн. правы нямецкага народа», а 27.3.1849 — імперскую канстытуцыю на аснове «малагерманскага» праекта. «Імператарам немцаў» быў абраны кароль Прусіі Фрыдрых Вільгельм IV. Аднак 28.4.1849 ён адмовіўся ад імперскай кароны, а ў маі—чэрв. 1849 прускія войскі задушылі паўстанні ў абарону канстытуцыі ў Саксоніі, Рэйнскай вобл., Пфальцы і Бадэне. 18 чэрв. ўрад Вюртэмберга разагнаў Нац. сход, які пэўны час яшчэ працягваў збірацца ў Штутгарце. Нягледзячы на няўдачу з аб’яднаннем Германіі, рэвалюцыя паспрыяла лібералізацыі паліт. жыцця ў ням. дзяржавах і хуткаму іх капіталіст. развіццю.
Літ.:
Степанова Е.А., Левикова С.З. Борьба за единую демократическую Германию в период революции 1848—1849 гг.М., 1955;
Кан С.Б. Немецкая историография революции 1848—1849 гг. в Германии. М., 1962;
Галкин И.С. Создание Германской империи, 1815—1871 гг.М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-КІТА́ЙСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.
Пагадненне 1924 аб агульных прынцыпах для ўрэгулявання пытанняў паміж СССР і Кітайскай Рэспублікай, падпісана 31 мая ў Пекіне. Усталявала паміж дзвюма краінамі дыпламат. адносіны. Абвяшчала скасаванымі ўсе дагаворы Рас імперыі з інш. краінамі, якія закраналі інтарэсы Кітая. Бакі абавязаліся не заключаць ніякіх дагавораў або пагадненняў, якія б закраналі інтарэсы аднаго з бакоў, не весці прапаганду адзін супраць аднаго і не дазваляць дзейнічаць на сваёй тэрыторыі арг-цыям, якія гвалтоўнымі метадамі змагаюцца супраць урада інш. боку. СССР адмовіўся ад усіх аднабаковых прывілеяў для сваіх грамадзян (права экстэрытарыяльнасці і консульскай юрысдыкцыі) і ад рас. часткі т.зв. «баксёрскай кантрыбуцыі» (гл.Іхэтуаньскае паўстанне). Кітайская Чанчуньская чыгунка (КЧЧ) пераходзіла пад сумеснае кіраванне СССР і Кітая. СССР прызнаваў Манголію Знешнюю неад’емнай ч. Кітая. Дагавор 1937 аб ненападзе, падпісаны 21 жн. ў Нанкіне тэрмінам на 5 гадоў. Паводле яго бакі абавязаліся не нападаць адзін на аднаго, не аказваць ні прамой, ні ўскоснай падтрымкі дзяржаве або дзяржавам, якія здзейснілі напад на адзін з бакоў, і на працягу канфлікту пазбягаць усялякіх дзеянняў, якія б маглі пагоршыць становішча боку, на які напалі. Садзейнічаў усталяванню цесных сувязей паміж СССР і Кітаем, што спрыяла барацьбе апошняга з яп. агрэсіяй (гл.Нацыянальна-вызваленчая вайна кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45). Дагавор 1945 аб дружбе і саюзе, падпісаны 14 жн. ў Маскве. Прадугледжваў аказанне ўзаемнай дапамогі ў вайне супраць Японіі. Бакі абавязаліся супрацоўнічаць пасля заканчэння вайны, аказваць адзін аднаму эканам. дапамогу пры захаванні прынцыпу ўзаемнай павагі суверэнітэту і тэр. цэласнасці. Адначасова з дагаворам былі падпісаны пагадненні, якія прадугледжвалі сумесную эксплуатацыю КЧЧ як агульнай маёмасці. Порт-Артур перадаваўся ў карыстанне СССР як ваен. база. Фактычна страціў сілу пасля перамогі кіт. камуністаў у грамадз. вайне і абвяшчэння імі ў 1949 Кіт.Нар. Рэспублікі (КНР). Дагавор 1950 аб міры, дружбе, саюзе і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 14 лют. ў Маскве. Першы з дагавораў паміж СССР і КНР. Бакі абавязаліся прыняць усе неабходныя меры для прадухілення агрэсіі з боку Японіі, а ў выпадку нападу на адзін з бакоў аказваць усю магчымую дапамогу; пагадзіліся дабівацца заключэння мірнага дагавора з Японіяй у магчыма кароткі тэрмін. Сав. ўрад абавязаўся не пазней як у канцы 1952 перадаць КНР свае правы на КЧЧ, вывесці свае войскі з Порт-Артура. СССР даваў КНР грашовы крэдыт. Заключаны тэрмінам на 30 гадоў, з 1980 фармальна страціў сілу.