РАДЫЕГІДРАГЕАЛО́ГІЯ (ад радые... + гідрагеалогія),
галіна гідрагеалогіі, якая даследуе прыродныя радыеактыўныя воды, умовы іх фарміравання і пашырэння, іх ролю ў пошуках радовішчаў радыеактыўных элементаў. Радыеактыўнасць прыродных вод вызначаецца канцэнтрацыяй радыеактыўных элементаў і вар’іруе: для урану ў межах n∙10−9 — n∙10−2%, для радыю — n∙10−15—n∙10−9%, для радону — n∙104 эман. Найб. нізкая актыўнасць характэрна для вод акіянаў, мораў, рэк і азёр; найб. высокая — для вод уранавых радовішчаў. Рэкі штогод выносяць у акіян каля 104 т урану. У водах нафтавых радовішчаў колькасць радону павялічваецца з набліжэннем да нафтавага пакладу, а урану — памяншаецца.
т. 13, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФІЛЬТРА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + фільтрацыя),
прасочванне, пранікненне атм. і паверхневай вады ў глебу, горныя пароды і рух яе па капілярных і субкапілярных порах, шчылінах і пустотах да ўзроўню грунтавых вод. Залежыць ад магутнасці зоны аэрацыі, літалагічнага складу парод, водапранікальнасці глебы і горных парод, рэльефу, расліннасці, с.-г. асваення зямель і інш. Пачатковая форма І. — усмоктванне, калі вільгаць ідзе толькі на папаўненне водазапасаў глебы і на выпарэнне з паверхні. Далейшы рух вільгаці ў глыбіню (фільтрацыя) адбываецца толькі ў перыяды значнага і працяглага ўвільгатнення (пры моцных ліўнях, снегараставанні), калі ідзе папаўненне падземных вод. Адносіны колькасці інфільтраванай вады да сумы ападкаў (у %), што выпалі, наз. каэфіцыентам І. Яго велічыня мяняецца ад 1—3% да 25—30%. На тэр. Беларусі перавышэнне колькасці атм. ападкаў над сумарным выпарэннем спрыяе добраму інфільтрацыйнаму жыўленню падземных вод. Сярэдняя велічыня каэфіцыента І. складае 13%, найб. (да 30%) адзначаецца на Прыпяцкім Палессі пры глыбіні залягання падземных вод 1—2 м.
т. 7, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУНТАВЫ́Я ВО́ДЫ,
безнапорныя або слабанапорныя падземныя воды. Звычайна размяшчаюцца ў першым ад паверхні пастаянна існуючым ваданосным гарызонце, які падсцілаецца воданепранікальным слоем. Глыб. залягання, хім. састаў і рэжым залежаць ад геал. будовы, рэльефу, клімату, глебавага і расліннага покрыва мясцовасці. Асн. крыніца жыўлення грунтавых вод — атм. ападкі, а таксама падток падземных вод з напорных ваданосных гарызонтаў у далінах рэк. У лясных, лесастэпавых і стэпавых раёнах пашыраны прэсныя або слабамінералізаваныя, у сухіх стэпах, паўпустынях і пустынях пераважаюць салёныя грунтавыя воды. На Беларусі сярэдняя глыб. залягання грунтавых вод 10—15 м, у паніжэннях (поймы рэк, балоты) да 0,5 м, нярэдка яны змыкаюцца з паверхневымі водамі. Выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння, у с.-г. вытв-сці, буд-ве і інш.
т. 5, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НА САНІТА́РНАЙ АХО́ВЫ водных крыніц,
тэрыторыі, што вылучаюць вакол крыніц водазабеспячэння, водазабораў, лекавых вод і інш. для аховы іх ад забруджвання. У іх устанаўліваецца спец. ахоўны сан. рэжым з мэтай папярэджання забруджвання хім. рэчывамі (у т. л. радыеактыўнымі), засмечвання, заражэння хваробатворнымі арганізмамі, ад сцёкавых вод і інш. З.с.а. строгага рэжыму агароджваюць, акружаюць палосамі водаахоўных лясных насаджэнняў, забяспечваюць ахову, у іх забаронены буд-ва, горныя, зямельныя работы і інш. У зоне паласы абмежаванняў З.с.а. праводзяцца пасадкі зялёных насаджэнняў, пратрымліваюцца строгага сан. рэжыму, але дазваляюцца некат. віды прыродакарыстання, у т. л. абмежаванае буд-ва. У абедзвюх палосах З.с.а. забаронена буд-ва паглынальных калодзежаў і свідравін для скідвання сцёкавых вод.
Г.У.Вынаеў.
т. 7, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІЛЯ́РНАЯ ВАДА́,
від падземных вод, якія ўтрымліваюцца ў порах горных парод сіламі паверхневага нацяжэння.
т. 8, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЦІХААКІЯ́НСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
цёплае паверхневае цячэнне ў паўн. ч. Ціхага ак. (паміж 35 і 42° паўн. ш.), працяг цячэння Курасіо. Накіравана на У ад в-ва Хонсю да берагоў Паўн. Амерыкі. Утварае пераходную зону на мяжы трапічных вод і вод умераных шырот. Т-ра вады 7—16 °C зімой, 18—23 °C летам. Скорасць 0,9—1,1 км/гадз. Ва ўсх. ч. Ціхага ак. разгаліноўваецца на Аляскінскае цячэнне і Каліфарнійскае цячэнне.
т. 12, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАХІ́МІЯ (ад гідра... + хімія),
раздзел геахіміі, які вывучае хім. састаў гідрасферы і хім. працэсы, што ў ёй адбываюцца; частка акіяналогіі (хімія акіяна) і гідралогіі сушы (хімія вод сушы). Даследуе колькасны і якасны састаў рэчыва ў растворы ці ў завіслым стане ў воднай масе аб’ектаў або ў донных асадках, іх фізіка-хім. і біяхім. пераўтварэнні, фарміраванне асадкавых радовішчаў карысных выкапняў, атрыманне каштоўных рэчываў з марской вады і расолаў падземных вод, хім. забруджванне гідрасферы.
т. 5, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТРЭ́ (Cauterets),
бальнеалагічны курорт у Францыі, на ПдЗ ад г. Лурд, у Цэнтр. Пірэнеях, каля граніцы з Іспаніяй. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. Папулярнасць пачаў набываць пасля наведвання яго ў 1540-я г. дваром каралевы і пісьменніцы Маргарыты Наварскай. У наш час найб. значны бальнеалагічны курорт Францыі. Асн. лек. фактары — горны клімат і крыніцы тэрмальных (52 °C) мінер. вод (найбуйнейшых у свеце па дэбіту серных вод). Самы вялікі цэнтр зімовага спорту і турызму ў Пірэнеях.
т. 8, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПТУНІ́ЗМ (ад лац. Neptunus бог Нептун),
геалагічная канцэпцыя паходжання горных парод канца 18 — пач. 19 ст. Засн. ням. вучоным А.Г.Вернерам на ўяўленнях аб паходжанні ўсіх горных парод (у т. л. вывергнутых) з вод першаснага Сусветнага акіяна, які ўкрываў паверхню Зямлі, а таксама з вод «сусветнага патопу», аб фарміраванні і пераўтварэнні іх у выніку марскога асадканамнажэння. З 1820-х г., калі былі абгрунтаваны навук. ўяўленні аб вывергнутых і асадкавых пародах, Н. страціў значэнне.
т. 11, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́КШМІ (стараж.-інд. — знак, добры знак, шчасце, прыгажосць),
у стараж.-інд. міфалогіі і ў індуізме багіня прыгажосці, шчасця, кахання і багацця, жонка бога Вішну і маці бога кахання Камы.
Паводле аднаго з міфаў, Л. ўзнікла з вод першабытнага акіяна. Ўяўлялася жанчынай, што сядзіць на лотасе, які лічыцца яе сімвалам. Разам з Вішну яна ўвасабляе асн. пачаткі і стыхіі быцця. Сваім нараджэннем з акіянскіх вод Л. нагадвае Афрадыту, здольнасцю да шчаслівых прадвызначэнняў — усходнебалцкую багіню шчасця і лёсу Лайму.
т. 9, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)