КРУЦЬКО́ (Мікалай Паўлавіч) (н. 20.5.1949, в. Ляскавічы Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фіз. і калоіднай хіміі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р хім. н. (1991). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1971). З 1971 у Ін-це фіз.-арган. хіміі АН Беларусі, з 1981 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац. АН Беларусі (з 1993 — дырэктар). Навук. працы па даследаванні калоідна-хім. уласцівасцей паверхнева-актыўных рэчываў, поліэлектралітаў і інтэрпалімерных комплексаў у водна-салявым асяроддзі, кінетыкі і механізму каталітычнага распаду вуглевадародаў. Распрацаваў новыя каталітычныя сістэмы, якія павялічваюць выхад нізкамалекулярных алефінаў пры піролізе; навук. асновы мадыфікавання дысперсій солей і глебы; тэхналогію атрымання высакаякасных калійных угнаенняў. Дзярж. прэмія БССР 1990.

Тв.:

Влияние ПАВ и углеводородов на структурообразование дисперсий хлорила калия // Докл. АН Беларуси. 1993. Т. 37, № 6.

т. 8, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЬКО́ (Анатоль Іванавіч) (н. 10.9.1950, в. Доўгае Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне калоіднай хіміі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (2000), д-р хім. н. (1993). Скончыў БДУ (1972). З 1975 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац. АН Беларусі (з 1994 заг. лабараторыі). Навук. працы па даследаванні сарбентаў і сарбцыйных працэсаў. Распрацаваў фіз.-хім. асновы сінтэзу гідраксідсілікатных і гідраксідфасфатных адсарбентаў з высокай тэрмічнай стабільнасцю. Выявіў заканамернасці фарміравання порыстай структуры цвёрдых цел у прысутнасці арган. і неарган. мадыфікатараў. Прапанаваў спосабы атрымання водаўстойлівага сілікагелю, спосаб ачысткі вадкіх харч. прадуктаў (малака, сокаў) і тэхнал. вод ад радыенуклідаў з выкарыстаннем мадыфікаваных прыродных неарган. іанітаў (клінаптылаліту і монтмарыланіту), новыя сенсорныя матэрыялы на аснове аксіду індыю.

Тв.:

Сорбция ​137Cs и ​90Sr модифицированными сорбентами на основе клиноптилолита (разам з А.​С.​Панасюгіным) // Радиохимия. 1996. Т. 38, вып. 1;

Влияние смешанных гидрококсокомплексов Fe—Al на пористую структуру монтмориллонита (у сааўт.) // Коллоидный журн. 1999. Т. 61, №5.

А.І.Рацько.

т. 13, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́КІ ЦІСК,

ціск, значна большы за атмасферны ціск. Існуе ў паравых катлах, цыліндрах унутр. згарання, аўтаклавах, гідраўлічных прэсах (10​6—10​9 Па), у цэнтры Зямлі (да 10​9 Па), на многіх нябесных целах (у мільёны і нават мільярды разоў большы за ціск у цэнтры Зямлі). Заснавальнік фізікі высокіх ціскаў — амер. фізік П.У.Брыджмен.

Высокі ціск прыводзіць да дэфармацыі электронных абалонак атамаў, у выніку чаго зменьваюцца эл., магн., мех. і інш. ўласцівасці рэчываў. Пад высокім ціскам у некат. рэчывах адбываюцца паліморфныя ператварэнні з рэзкай зменай аб’ёму і эл. супраціўлення, значна зменьваецца пункт плаўлення, а паўправаднікі і дыэлектрыкі пераходзяць у металічны стан. Высокі ціск выкарыстоўваецца для атрымання матэрыялаў з асаблівымі фіз. ўласцівасцямі (звышцвёрдых, звыштрывалых, тэмператураўстойлівых і г.д.), напр. штучнага алмазу, кварцу высокай шчыльнасці; для гідраўлічнай экструзіі металаў (апрацоўка металаў метадам выціскання); для геафізікі і геахіміі зямных нетраў і г.д.

На Беларусі даследаванні па высокім ціску праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН і інш.

Літ.:

Верещагин Л.Ф. Твердое тело при высоких давлениях: Избр. тр. М., 1981;

Влияние высоких давлений на вещество. Т. 1—2. Киев, 1987.

В.​Б.​Шыпіла.

т. 4, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІРАВА́ННЕ (ням. polieren ад лац. polire рабіць гладкім),

апрацоўка вырабаў з металу, драўніны, каменю і інш. матэрыялаў з мэтай зніжэння шурпатасці паверхні і надання ёй бляску. Робіцца звычайна пасля шліфавання на паліравальных станках ці ўручную.

П. металаў робіцца мяккімі хуткавярчальнымі кругамі ці стужкамі з нанесенымі паліравальнымі пастамі або абразіўнымі парашкамі. Выкарыстоўваюць таксама П. магнітна-абразіўнае (зярнятамі магнітна-абразіўнага парашку, размешчанага паміж полюсамі магн. індуктара і паверхняй, што апрацоўваецца), электрахім. (з выкарыстаннем раствору-электраліту і пастаяннага току) і хім. (растварэннем мікраняроўнасцей пры апусканні вырабаў у раствор). П. драўніны бывае сталярнае (поры паверхневага слоя вырабу запаўняюць слоем празрыстай смалы — палітуры) або лакафарбавае (няроўнасці пасля нанясення лаку ці эмалі ліквідуюць мех. спосабамі). П. каменю робяць націраннем шліфаванай паверхні ўвільготненым лямцавым кругам з падачай найтанчэйшага парашку (напр., вокісу волава).

Літ.:

Отделочные операции в машиностроении: Справ. 2 изд. Киев, 1990;

Грилихес С.Я. Электрохимическое и химическое полирование: Теория и практика. Влияние на свойства металлов. 2 изд. Л., 1987;

Рогов В.В. Финишная алмазно-абразивная обработка неметаллических изделий. Киев, 1985.

А.​І.​Качаргін.

Схема ўстаноўкі для вадкаснага абразіўнага паліравання металаў: 1 — электрарухавік; 2 — фарсунка; 3 — дэталь, якая апрацоўваецца; 4 — камера; 5 — помпа; 6 — вадкасць, насычаная мікрапарашкамі.

т. 12, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)