МА́ЦЬЯШ ХУ́НЬЯДЗІ (Mátyás Hunyadi),

Мацьяш I Корвін (Matthias I Corvinus; 23.2.1443, Калажвар, цяпер г. Клуж-Напока, Румынія — 6.4.1490), кароль Венгрыі [1458—90] і Чэхіі [1469—79]. Сын правіцеля Венгрыі Я.Хуньядзі. Выбраны каралём Венгрыі 24.1.1458 пасля смерці караля Ласла V [1453—57], Цэнтралізаваў дзярж. кіраванне, у 1459 ліквідаваў апазіц. магнацкую лігу, стварыў рэгулярнае наёмнае войска («чорную армію»), з дапамогай яго ў 1467 і 1471 задушыў мяцеж і змову магнатаў. У 1476 здзейсніў паход супраць туркаў. Да снеж. 1474 авалодаў чэш. і сілезскімі землямі, у 1477—87 — землямі Аўстрыі, у 1485 — Венай. Каб спыніць набегі туркаў, у 1483 і 1488 заключыў мірныя дагаворы з урадам Асманскай імперыі (Портай). Заснаваў б-ку ў Будзе (цяпер частка Будапешта) і ун-т у Браціславе (Славакія).

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАШЫ (Rákosi; сапр. Розенберг) Мацьяш

(9.3.1892, г. Ада, Югаславія — 5.2.1971),

венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Усх. акадэмію ў Будапешце (1912). У 1912—14 удзельнічаў у рабочым руху ў Гамбургу (Германія) і Лондане. У 1 -ю сусв. вайну ваяваў на рас. фронце (з лета 1914), дзе трапіў у палон (крас. 1915, вызвалены ў лют. 1918). З 1918 чл. Камуніст. партыі Венгрыі. У 1919 чл. урада Венг. сав. рэспублікі. У 1921—24 сакратар Выканкома Камуніст. Інтэрнацыянала. З 1925 зняволены ў Венгрыі. У 1940—44 у СССР, дзе ўзначальваў цэнтр венг. камуністаў у эміграцыі. З крас. 1945 ген. сакратар ЦК адноўленай Венг. камуніст. партыі, з чэрв. 1948 ген. сакратар аб’яднанай Венг. партыі працоўных (ВПП), са жн. 1952 адначасова прэм’ер-міністр Венгрыі. З 1949 праводзіў курс на насаджэнне ў краіне сав. мадэлі сацыялізму (у т. л. культ асобы Р., рэпрэсіі супраць Л.Райка, Я.Кадара, І.Надзя і многіх інш. камуністаў), зневажаў нац. асаблівасці Венгрыі, што выклікала рост грамадскай напружанасці. У чэрв. 1953 — ліп. 1956 1-ы сакратар ЦК ВПП. У 1962 выключаны з партыі. У апошнія гады жыў у СССР.

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЛАШЫ́СТЫ,

у 1938—45 члены венг фаш. партыі «Nylaskereszt párt» («Скрыжаваныя стрэлы»; ад імя лідэра Ф.Салашы наз. таксама салашыстамі). Партыя Н. утворана членамі забароненай урадам М.Хорці «Венг. нацыянал-сацыялісцкай партыі — хунгарысцкі рух» (засн. ў 1937). У вер. 1940 аб’ядналі апазіцыйныя ўраду ўсе фаш. партыі і групы Венгрыі. Патрабавалі ўзмацнення праследавання Камуніст. і Сацыял-дэмакр. партый, устанаўлення ў краіне таталітарнага рэжыму і больш цеснага супрацоўніцтва з фаш. Германіяй. Актывізавалі дзейнасць пасля ўступлення Венгрыі ў вайну супраць СССР (чэрв. 1941). Пасля адстаўкі Хорці з 15.10.1944 да 27.3.1945 узначальвалі ўладу на акупіраванай ням.-фаш. войскамі ч. Венгрыі. Партыя Н. забаронена паводле пастановы часовага нац. ўрада аб роспуску фаш. арг-цый ад 26.2.1945, а яе лідэры асуджаны як ваен. злачынцы.

т. 11, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ШТВАН I Святы

(István 1 Szent),

Стэфан I (каля 975—15.8.1038), князь (з 997), першы кароль Венгрыі [1001—38]. З дынастыі Арпадаў. Увёў у Венгрыі хрысціянства ў якасці дзярж рэлігіі, каля 1000 засн. першае архіепіскапства. Ліквідаваў племянны падзел краіны, увёў адм.-тэр. акругі — каралеўскія камітаты. У 1030 адбіў уварванне ням. войска ў Венгрыю. У 1083 кананізаваны каталіцкай царквой.

Літ.:

Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991.

т. 7, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАШКЕ́ВІЧ (Сцяпан Апанасавіч) (н. 27.3.1921, г. Полацк Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). З 1940 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў 1943, вызвалення Украіны, Малдовы, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Югаславіі, Аўстрыі. Камандзір аддзялення асобнага матарыз. пантонна-маставога батальёна сяржант П. вызначыўся ў снеж. 1944 пры пераправе цераз Дунай (на тэр. Венгрыі) некалькіх падраздзяленняў з тэхнікай. Да 1993 у нар. гаспадарцы.

С.А.Пашкевіч.

т. 12, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНГЕ́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1956,

узброенае выступленне апазіц. сіл у Венгрыі 23.10—4.11.1956; гл. раздзел Гісторыя ў арт. Венгрыя.

т. 4, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НДЗІШГРЭЦ ((Windischgrätz) Альфрэд) (11.5.1787, Брусель — 21.3.1862),

аўстрыйскі военачальнік. Фельдмаршал (1833). Князь. На вайск. службе з 1805. Вызначыўся ў Лейпцыгскай бітве 1813. Галоўнакаманд. габсбургскімі войскамі ў Чэхіі (з 1840). Кіраваў задушэннем Пражскага паўстання 1848, рэв. выступленняў у Вене (кастр. 1848) і Венгрыі (канец 1848 — пач. 1849). 12.4.1849 адкліканы з арміі. Губернатар федэральнай крэпасці Майнц (з 1859). Чл. верхняй палаты аўстр. парламента, кіраўнік кансерватыўнай арыстакратыі (з 1861). Аўтар твора «Зімовая кампанія 1848—1849 гг. у Венгрыі» (1851) пра вайну супраць венг. паўстанцаў.

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНА́Т (Banat),

гістарычная вобласць у Паўд.-Усх. Еўропе, паміж Трансільванскімі Альпамі на У, рэкамі Ціса на З, Мурэш на Пн, Дунай на Пд. На пач. нашай эры тэр. Баната ўваходзіла ў склад рым. правінцыі Дакія. З 1028 пад уладай Венг. каралеўства. Да 16 ст. заваяваны Асманскай імперыяй. Паводле Пажаравацкіх мірных дагавораў 1718 Банат перайшоў да Аўстрыі (пазней Аўстра-Венгрыі). Паводле Трыянонскага мірнага дагавора 19202/3 яго тэрыторыі адышлі да Румыніі, амаль ⅓ — да Югаславіі, землі вакол г. Сегед — да Венгрыі.

т. 2, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«О́МЛАДЗІНА»

(сербскае моладзь),

«Аб’яднанне сербскай моладзі», культурна-асветніцкая і грамадска-паліт. арг-цыя ў Сербіі і Ваяводзіне (уваходзіла ў склад Аўстра-Венгрыі) у 1866—72. Аб’яднала культ.-асв. гурткі студэнтаў і інтэлігенцыі і абвясціла сябе прадстаўнічым органам усіх паўд.-слав. народаў; падтрымлівала кантакты з балг. нац.-вызв. рухам, культ. дзеячамі Чэхіі, Славакіі, Расіі. З 1870 у складзе «О.» аформілася рэв.-дэмакр. плынь на чале з С.​Маркавічам, якая імкнулася ператварыць «О.» ў рэв. паліт. партыю. У 1871 «О.» забаронена ўладамі Сербіі і Аўстра-Венгрыі, але яшчэ некаторы час існавала тайна.

т. 11, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУН ((Kun) Бела) (20.2.1886, г. Чэху-Сілваніей, Румынія — 30.11.1939?),

дзеяч венгерскага і міжнар. камуніст. руху. З 1902 чл. С.-д. партыі Венгрыі. Удзельнік 1-й сусв. вайны, у 1916 у Расіі трапіў у палон, у 1917 далучыўся да руху бальшавікоў. У 1918 нелегальна вярнуўся ў Венгрыю, заснаваў Камуніст. партыю Венгрыі (24.11.1918). Пасля абвяшчэння Венг. Сав. Рэспублікі нарком замежных, потым і ваен. спраў (21.3—1.8.1919). Пасля падзення рэспублікі эмігрыраваў у Аўстрыю. З жн. 1920 у Расіі. З 1921 чл. Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала. У 1937 арыштаваны, у 1956 рэабілітаваны. Аўтар прац па гісторыі венг. і міжнар. камуніст. руху.

Літ.:

Бела Кун: Избранное. Воспоминания о Б.​Куне. М., 1986.

Б.Кун.

т. 9, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)