земляны насып або 2-яруснае мураванае збудаванне, паўкруглае ці падковападобнае ў плане; элемент абарончага сярэдневяковага ўмацавання. Выступала за лінію сцен крэпасці і фланкіравала агнём падыходы да іх. Пераходная форма ад вежы да бастыёна. Бастэі існавалі ў канцы 15—16 ст. і прызначаліся для размяшчэння артылерыі. На Беларусі вядомы ў Мядзельскім і Геранёнскім (Іўеўскі р-н) замках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ-КРЭ́ПАСЦЬ,
тып жылога дома. Кампазіцыя Д.-к. складалася пад уплывам архітэктуры замкаў. На Беларусі вядомы з 17 ст. Звычайна кампактная пабудова з 4 абарончымі вежамі па вуглах (гл.Гайцюнішскі дом-крэпасць). У 18—19 ст. пад уплывам архітэктуры Д.-к. будавалі сядзібныя дамы з алькежамі, якія нагадвалі абарончыя вежы (Гродна, Іўе, Копысь, Поразава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЗБІЦА,
1) верхні ярус вежаў абарончых збудаванняў у драўляным дойлідстве Беларусі, Польшчы, Украіны 16—17 ст. Звычайна выступала за аб’ёмы вежы, завяршалася шатровым дахам. Выступы знізу былі адкрытыя і выконвалі ролю машыкуляў.
2) Зрубная апора мастоў.
3) Зруб у складзе канструкцый, што закладваліся для большай трываласці ўнутр земляных абарончых валоў сярэдневяковага горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ РА́ТУША,
помнік архітэктуры позняга барока і класіцызму. Пабудавана ў 1775 у Віцебску на месцы драўлянай ратушы 16 ст., якая згарэла. Мураваны прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак, у цэнтры якога ўзвышалася 4-ярусная вежа, завершаная шатром са шпілем. У 1883 на вежы ўстаноўлены гадзіннік, замест шатровага даху ўзведзена вежа-ратонда. У 1911 над ратушай надбудаваны 3-і паверх. Будынак перабудоўваўся і рэстаўрыраваўся ў 1913, 1944, 1970-я і 1980-я г. Цяпер гэта 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, над якім у цэнтры гал. фасада ўзвышаецца 3-ярусная вежа. Тарцовыя фасады завершаны трохвугольнымі шчытамі з 2 вокнамі-люкарнамі. Гал. фасад дэкарыраваны пілястрамі на вышыню двух паверхаў, паміж 2-м і 3-м паверхамі — прафіляваны карніз (18 ст.). Тамбур у цэнтры гал. фасада вылучаны 2 паўкалонкамі і завершаны атыкам. На 2-м паверсе сіметрычна размешчаны 2 балконы з ажурнай метал. агароджай. Ярусы вежы маюць крывалінейныя абрысы, падзелены прафіляванымі карнізамі. У будынку размешчаны Віцебскі абл. краязнаўчы музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ КІ́РХА,
лютэранская царква; помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Полацк Віцебскай вобл. Закладзена ў 1775 (верагодна, драўляная, няскончана). На мяжы 19—20 ст. (з 1901 існаваў прыход) узведзена мураваная кірха. Да асн. прамавугольнага ў плане аб’ёму з боку гал. фасада далучаецца 2-ярусная чацверыковая вежа, завершаная высокім 4-схільным дахам (першапачаткова высокі шатровы) з пінаклямі па вуглах, з процілеглага боку — 4-гранная апсіда з рызніцай. Гал. ўваход у 1-м ярусе вежы вылучаны стральчатым парталам, над якім — круглы аконны праём. Другі ярус мае 2 злучаныя стральчатыя аконныя праёмы. Абодва ярусы вежы завершаны ляпнымі накладнымі карнізамі з ажурным арнаментальным поясам, вуглы дэкарыраваны лапаткамі. Вуглы асн. аб’ёму на гал. фасадзе і каля апсіды завершаны пінаклямі. Бакавыя фасады напачатку мелі стральчатыя аконныя праёмы, цяпер іх форма часткова зменена. У 1926 П.к. прыстасавана пад краязнаўчы музей (зроблена прыбудова да бакавога фасада, зменена ўнутр. планіроўка). Цяпер у будынку размешчаны Полацкі краязнаўчы музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НКАЛЬН (Lincoln),
горад на У Вялікабрытаніі. Адм. ц. графства Лінкальншыр. Засн. ў сярэдзіне 1 ст. Каля 100 тыс.ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гандл. цэнтр с.-г. раёна. Прам-сць: маш.-буд., эл.-тэхн., харчовая. Арх. помнікі: стараж.-рым. вароты, дараманскія цэрквы-вежы, раманскія дамы, цэрквы, данжон (12 ст.), гатычныя ратуша і мост (15 ст.), сабор (1075—1380) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІКУРА́Т,
ступеньчаты культавы будынак у Стараж. Месапатаміі.
Будавалі З. з сырцовай цэглы ў выглядзе высокай, у некалькі ярусаў (З—7) вежы, якая звужалася ўверсе. Сцены абкладвалі каляровай глазураванай цэглай, кожны паверх меў свой колер (звычайна чорны, чырвоны, белы). Наверсе размяшчалася свяцілішча, да якога ішлі пандусы і прыступкі. Найб. вядомыя З. — Этэменанкі (т. зв. Вавілонская вежа, 7 ст. да н.э.) і Чога-Зенбіль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫР,
помнік архітэктуры барока з элементамі класіцызму ў цэнтры г. Полацк Віцебскай вобл., на правым беразе Зах. Дзвіны. Існаваў у 1582—1918 як правасл. мужчынскі манастыр; гал. цэнтр праваслаўя ў Полацку. У 16—17 ст. пастаўлены драўляныя будынкі манастыра і брацкай школы (у 1656—59 у ёй выкладаў Сімяон Полацкі), не раз гарэлі і аднаўляліся. У 1761—79 пабудаваны мураваны Богаяўленскі сабор (неаднаразова быў перабудаваны).
Сабор уяўляе сабой 1-апсідны крыжова-купальны храм з 2-вежавым гал. фасадам і высокім светлавым барабанам са сферычным купалам, завершаным ліхтаром; ліхтары завяршаюць таксама 1-ярусныя вежы. У паўн.вежы знаходзілася званіца (з 7 званамі), да яе вялі ўсходы з паўд.вежы. Сцены, вежы, барабан купала прарэзаны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны пілястрамі. У 1836 сцены і ўнутр. паверхня купала былі размаляваны; захаваліся рэшткі насценнага фрэскавага жывапісу (у прасценках барабана фігуры 3 свяціцеляў). Пасля рэстаўрацыі ў 1981 тут размяшчалася карцінная галерэя. У 1991 сабор перададзены вернікам. Уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Пасля наведвання ў 1780 Полацка Кацярынай II было выдзелена 35 221 руб. на ўпарадкаванне манастыра. У 1782 арх. Дж.Кварэнгі распрацаваў праект яго расшырэння: прадугледжваў развіццё кампазіцыі ансамбля будынкаў уздоўж вул. Ніжнепакроўскай (цяпер Леніна) — царкву фланкіравалі два 2-павярховыя будынкі. У 1782—85 з 3 ад царквы на месцы драўлянага будынка брацкай школы быў узведзены мураваны Г-падобны ў плане корпус: у ім знаходзіліся келлі манахаў, пакоі ігумена і цёплая царква (Кацярынінская). З У ад царквы ў пач. 19 ст. пабудаваны «эканамічны дом» (не захаваўся). У кампазіцыі гал. фасадаў будынкаў выкарыстаны характэрны для класіцызму прынцып ордэра, але без яго верт. частак. 1-ы паверх трактаваўся як своеасаблівы п’едэстал пад больш парадным 2-м паверхам, быў дэкарыраваны рустам і расчлянёны невял. лучковымі перамычкамі. Аконныя праёмы 2-га паверха больш выцягнутыя, з простымі ліштвамі. Будынкі завершаны развітым прафіляваным карнізам. Вуглавая частка (тут знаходзіліся келлі) вылучана 4 дарычнымі паўкалонамі, завершана франтонам і невял. вежай (у 1830-я г. пабудаваны купал на цыліндрычным барабане, не захаваўся). У 1784—91 і 1812—19 у корпусе размяшчалася нар. вучылішча, у 1792—1812 — багадзельня. У 1970-я г. будынак рэстаўрыраваны, выкарыстоўваўся як жылы дом. З 1990 прыстасаваны пад Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУРА́ГА,
тып вежы, адметны цыклапічнай муроўкай. Пашыраны на в-ве Сардзінія з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. да захопу яго Рымам. Уяўляюць сабой умацаваныя жытлы і культавыя месцы. Н. расшыраюцца кнізу, звычайна маюць 2 паверхі. Кожны яе ярус — акруглы пакой, часам з бакавымі памяшканнямі, столь утвараецца ступеньчатым скляпеннем. Многія Н. былі абкружаны дамамі. Выкарыстоўваліся як абарончыя збудаванні, з імі таксама звязаны некропалі Сардзініі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у г. Быхаў. Стаяў на высокім правым беразе Дняпра, на месцы паселішча 14—15 ст. Уваходзіў у сістэму Быхаўскіх гарадскіх умацаванняў. Да 1590, калі вытрымаў напад «нізавых казакоў» М.Федаровіча, меў драўляна-земляныя ўмацаванні — кальцавы вал, драўляныя сцены ў выглядзе гародняў, вежы і ўязную браму. Тады ж гаспадар горада гетман Я.К.Хадкевіч атрымаў ад караля грамату на ўзвядзенне новага замка. Будаўніцтва яго скончылася ў 1619. Пры Л.Сапегу, да якога ў 1628 перайшоў Быхаў, зроблена бастыённая фартыфікацыя. Новы Быхаўскі замак займаў участак берага ў выглядзе няправільнага прамавугольніка памерам 77 × 100 м, з Пд, З і Пн быў абведзены равамі шырынёй да 22—27 м, па краях пляцоўкі — землянымі валамі з бастыёнамі. Да мураванай замкавай брамы, па баках якой знаходзіліся васьмігранныя 2-ярусныя цагляныя вежы, вёў драўляны мост. На восі ўезду ў замак размяшчаўся палац, справа ад яго стаяла казарма. Быхаўскі замак перажыў шмат аблог і штурмаў (гл.Быхава аблога 1654—55, Быхава абарона 1659, Быхава аблога 1660—61, Быхава аблога 1702, Быхава абарона 1707).