АСААВІЯХІ́М, Таварыства садзейнічання абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву,
масавая добраахвотная грамадская арг-цыя ў СССР у 1927—48. Асн. задача — распаўсюджванне ваен. ведаў сярод насельніцтва. У 1948 замест АСААВІЯХІМа створаны 3 самастойныя т-вы, якія ў 1951 аб’яднаны ў ДТСААФ.
т. 2, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЭ́НІУС (Varenius) Бернхардус [сапр. Варэн
(Varen) Бернхард; 1621 або 1622, г. Гановер, Германія — 1650 або 1651),
нідэрландскі географ. Аўтар «Усеагульнай геаграфіі» (Амстэрдам, 1650; пер. на рус. мову, 1718), у якой з сістэмы ведаў аб Зямлі ўпершыню вылучыў агульную і рэгіянальную геаграфію.
т. 4, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЛІФІКАВА́НАЯ ПРА́ЦА,
складаная праца, праца, якая патрабуе спец. падрыхтоўкі, наяўнасці ў работніка навыку, умення і ведаў для выканання пэўных відаў работ. Стварае за адзінку часу большую вартасць, чым некваліфікаваная (простая) праца. У адпаведнасці з гэтым К.п. аплачваецца вышэй, чым некваліфікаваная. Гл. таксама Заработная плата, Праца.
т. 8, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА НАВУ́КІ,
філасофская дысцыпліна, якая выкарыстоўвае паняцці і тэхн. апарат сучаснай фармальнай логікі (дэдуктыўнай, індуктыўнай) для аналізу сістэм навук. ведаў. Даследуе асаблівасці лагічных падстаў ключавых момантаў у навук. пазнанні (логіка развіцця навукі, логіка навук. адкрыццяў і інш.). Як спец. дысцыпліна Л.н. ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. і сфарміравалася ў 1-й чвэрці 20 ст. (Г.Фрэге, Б.Расел, Л.Вітгенштэйн). Прадмет Л.н. складаюць агульныя і найб. істотныя рысы функцыянавання ўсіх галін і кірункаў навукі: спосабы пабудовы навук. тэорый; класіфікацыя навук. тэорый і інш. форм абагульнення, сістэматызацыі і арганізацыі навук. ведаў; вывучэнне штучных (фармалізаваных) моў навукі; аналіз комплексу фармальных структур навук. паняццяў і акрэсленняў, высноў, даследчых працэдур і аперацый, распрацоўка крытэрыяў іх эфектыўнасці; разгляд логіка-гнасеалагічнага і логіка-метадалагічнага зместу працэсаў абстрагавання, тлумачэння, экстрапаляцыі, прадбачання і інш., якія выступаюць ва ўсіх сферах навук. дзейнасці. У 2-й пал. 20 ст. пэўны ўплыў атрымаў лагічны аналіз сістэм навук. ведаў з дапамогай метаду фармалізацыі, напр., у форме мадэліравання і пабудовы логіка-матэм. мадэлей аб’ектаў, што вывучаюцца ў прыродазнаўчых і грамадскіх навуках. Значную цікавасць маюць даследаванні па лагічнай семантыцы і праблемах, звязаных з эмпірычным абгрунтаваннем і праверкай навук. тэорый і гіпотэз ва ўсёй сукупнасці прыродазнаўчых і грамадскіх навук.
Літ.:
Копнин П.В. Логические основы науки. Киев, 1968;
Зиновьев А.А. Логика науки. М., 1971;
Логические проблемы исследования научного познания;
Семантич. анализ языка. М., 1980.
В.І.Боўш.
т. 9, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНСУАЛІ́ЗМ (франц. sensualisme ад лац. sensus успрыняцце, пачуццё, адчуванне),
кірунак у тэорыі пазнання, які прызнае адчуванне адзінай крыніцай аб’ектыўных ведаў. Змест пазнання і свядомасці імкнецца вывесці з дзейнасці органаў пачуццяў і іх сведчанняў. Элементы С. прысутнічаюць у філасофіі Стараж. Індыі (вучэнне чарвака), Стараж. Кітая (маізм), Стараж. Грэцыі (Геракліт, часткова Дэмакрыт і Арыстоцель). У гісторыі філасофіі сфарміраваліся 2 процілеглыя плыні С.: ідэаліст. і матэрыялістычная. Ідэалістычны С. разглядае пачуццёвую дзейнасць чалавека як самаст. і самадастатковую сферу свядомасці. Яго вытокі ў вучэнні Пратагора, які абвяшчаў пачуццёвае ўспрыманне адзінай крыніцай ведаў аб уласным стане чалавека; пазнанне знешніх прычын гэтых станаў ён лічыў немагчымым. Матэрыялістычны С. разглядае пачуццёвую дзейнасць чалавека як сувязь яго свядомасці са знешнім светам, а сведчанні органаў пачуццяў — адлюстраваннем навакольнага асяроддзя. Асновы паслядоўнага матэрыяліст. С. сфармуляваны Эпікурам. Асноўны прынцып С. стоікаў — «няма нічога ў розуме, чаго б раней не было ў пачуццях». Прадстаўнікі матэрыяліст. С. 17 ст. — П.Гасендзі, Т.Гобс, Дж.Лок, ідэаліст. С. — Дж.Берклі. Сенсуалісты матэрыяліст. кірунку 18 ст. сцвярджалі, што крыніцай ведаў служаць адчуванні, якія параджаюцца шляхам уздзеяння матэрыяльных прадметаў на органы пачуццяў чалавека (франц. матэрыялісты Ж.Ламетры, К.Гельвецый, Д.Дзідро, П.Гольбах). Ням. філосаф Л.Феербах лічыў, што адчуванні маюць суб’ектыўны характар, але іх аснова аб’ектыўная, заключана ў матэрыяльным свеце. Сучасныя тэорыі пазнання спалучаюць С. і рацыяналізм і аналізуюць іх узаемасувязь.
І.В.Катляроў.
т. 14, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІ́ЧНЫ ПАЗІТЫВІ́ЗМ,
кірунак неапазітывізму, які сфарміраваўся ў 1920-я г. на базе Венскага гуртка. Яго тэарэт. вытокі ў вучэнні Э.Маха і Р.Авенарыуса аб «непасрэдна дадзеным» у вопыце суб’екта, логіка-гнасеалагічнай мадэлі ведаў Б.Расела і Л.Вітгенштэйна і інш. Адна з асн. задач Л.п. — матэматызацыя і фармалізацыя ведаў. Метад фармалізацыі прадстаўнікі Л.п. пашырылі і на філасофію, спрабуючы ачысціць яе ад метафізікі (г. зн. абстрактных, лагічна не абгрунтаваных палажэнняў) і зрабіць навуковай. Для гэтага выкарыстоўваўся т. зв. прынцып верыфікацыі (вызначэння сапраўднасці навук. сцвярджэнняў), які трактаваўся ў духу суб’ектывізму і канвенцыяналізму. У 2-й пал. 1930-х г. пасля пераезду ў ЗША асн. прадстаўнікоў Л.п. іх вучэнне часткова перагледжана, але захавала сваю суб’ектыўна-ідэалістычную сутнасць і стала больш вядома як лагічны эмпірызм. З 1960-х г. Л.п. перастаў існаваць як самастойны філас. кірунак.
Т.І.Адула.
т. 9, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,
плынь у філасофіі і метадалогіі навукі, якая сфарміравалася ў Францыі і Швейцарыі ў 1930-я г. Прадстаўлена «Саюзам рацыяналістаў» (А.Ражэ, П.Ланжэвэн) і «Саюзам логікі, метадалогіі і філасофіі навукі» (Г.Башлар, Ф.Гансет, Ж.Дэтуш і інш.); прыхільнікамі Н. былі таксама Ж.Піяжэ і Н.Мулуд, Ж.Ульмо і інш. Неарацыяналісты вырашаюць праблему станаўлення і развіцця тэарэт. ведаў, пераважна прыродазнаўчых. Іх не задавальнялі апрыёрныя, застылыя схемы абгрунтавання ведаў, характэрныя для класічнага рацыяналізму, бездапаможнасць якога пацвердзілася «крызісам» прыродазнаўства. Прадстаўнікі Н. зрабілі стаўку на «абноўленае» рацыянальнае асэнсаванне карціны свету. Навука прадстаўлена ў Н. як сапраўдны сінтэз метафізічных процілегласцей (Башлар). Некаторыя дыялектычныя палажэнні, здагадкі не пераадолелі агульнага эклектычнага характару тэарэт. пабудоў Н.
Літ.:
Башляр Г. Новый рационализм: Пер. с фр. М., 1987;
Визгин В.П. Эпистемология Гастона Башляра и история науки. М., 1996.
Т.І.Адула.
т. 11, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ МІНУ́ЎШЧЫНА»,
гісторыка-публіцыстычны ілюстраваны часопіс. Выходзіць з 1993 на бел. мове 6 разоў у год. Гал. мэты выдання: папулярызацыя гіст. ведаў, аказанне дапамогі вучоным і краязнаўцам у навук. распрацоўцы праблем гісторыі Беларусі. Асн. рубрыкі: «Роздум», «Дзяржава», «Звіцязтва» (ваен. гісторыя), «Архівы», «Музеі», «Этнаграфія», «Пяроспар» (дыскусіі), «Беларусіка».
Л.В.Лойка.
т. 2, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭКВА́ТНАЕ (ад лац. adaequatus роўны, прыраўнаваны),
адпаведнае, тоеснае, эквівалентнае. У тэорыі пазнання адэкватнага лічацца вобраз, веды, якія адпавядаюць свайму арыгіналу і таму з’яўляюцца дакладнымі, маюць характар аб’ектыўных ісцін. Пытанне пра ступень адэкватнасці (дакладнасці), глыбіню і паўнату адлюстравання аб’екта звязана з праблемай суадносін адноснай і абсалютнай ісцін і крытэрыю ісціннасці ведаў.
т. 1, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ФЕ́ЛЬЧАРСКА-АКУШЭ́РСКАЯ ШКО́ЛА.
Існавала ў Віцебску ў 1906—13. Засн. ўрачом У.В.Счасновічам як прыватная школа. Для выкладання запрашаліся спрактыкаваныя ўрачы, акушэры-гінеколагі, якія спалучалі мед. практыку з навук. дзейнасцю. Праграма навучання сярэдняга акушэрскага персаналу забяспечвала цесную сувязь тэарэт. ведаў з практыкай. Штогод школа выпускала 30—60 чал.
т. 4, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)