ЛЕ́КАВЫЯ СРО́ДКІ, лякарствы,

рэчывы, якія выкарыстоўваюць у мэтах дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння захворванняў чалавека і жывёл. У якасці Л.с. выкарыстоўваюць мінер. рэчывы (напр., сульфат магнію, хларыд калію), прэпараты жывёльнага (напр., гепарын, гармоны), расл. паходжання (напр., валяр’ян, марфін, атрапін, гл. Лекавыя расліны), сінт. рэчывы (напр., навакаін, парацэтамол), прадукты мікробнага біясінтэзу (напр., антыбіётыкі, вітаміны), штучныя прэпараты, якія атрымліваюць метадам геннай інжынерыі (інсулін, самататрапін). Перад укараненнем у мед. практыку Л.с. першапачаткова вывучаюцца на лабараторных жывёлах, потым у клінічных умовах (на людзях). Паводле міжнар. класіфікацыі адрозніваюць 14 гал. груп Л.с., якія ўздзейнічаюць на стрававальны тракт і метабалізм (напр., жаўцягонныя сродкі, слабільныя сродкі), кроў і крывятворныя органы (напр., антыкаагулянты, кроваспыняльныя сродкі, проціанемічныя сродкі), сардэчна-сасудзістую сістэму (напр., сардэчныя гліказіды, гіпатэнзіўныя сродкі), урагенітальную сістэму і палавыя гармоны (напр., матачныя сродкі, мачагонныя сродкі, процізачаткавыя сродкі), касцёва-мышачную сістэму (напр., процізапаленчыя сродкі), ц. н. с. (напр., седатыўныя сродкі, нейраплегічныя і транквілізавальныя сродкі), дыхальную сістэму (напр., адхарквальныя сродкі, процікашлевыя сродкі), органы пачуццяў (напр., мясцоваанестэзіруючыя сродкі); прэпараты, якія выкарыстоўваюць у дэрматалогіі (напр., антысептычныя сродкі), гармоны для сістэмнага выкарыстання, акрамя палавых гармонаў (гарманальныя прэпараты), проціінфекцыйныя прэпараты (напр., антыбіётыкі, сульфаніламіды), проціпухлінныя (проціпухлінныя сродкі), проціпаразітарныя прэпараты (напр., антыгельмінтыкі) і група розных. У арганізм Л.с. ўводзяць рознымі шляхамі: праз рот, падскурна, унутрымышачна, унутрывенна і інш. Выпускаюцца ў выглядзе таблетак, парашкоў, раствораў, мазяў і інш. Для Л.с. устаноўлены паказанні і проціпаказанні. Пры ўжыванні некат. можа развіцца лекавая залежнасць (наркатычныя анальгетыкі, гармоны і інш.). У некат. людзей бывае павышаная адчувальнасць да асобных Л.с. — ідыясінкразія.

Літ.:

Машковский М.Д. Лекарственные средства: Пособие для врачей. Т. 1—2. 13 изд. Харьков, 1998;

Базисная и клиническая фармакология: Пер. с англ. Т. 1—2. М.; СПб., 1998;

Регистр лекарственных средств России: Энцикл. лекарств. М., 1999.

М.​К.​Кеўра.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНУШКЕ́ВІЧ Валяр’ян Язэпавіч (н. 16.12.1962, в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. скульптар. Брат Ф.Я.Янушкееіча і Я.Я.Янушкевіча. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1987), творчыя майстэрні АМ СССР у Мінску (1992). Працуе ў манум. і станковай скульптуры, жывапісе. Аўтар помнікаў А.​Міцкевічу ў г. Ліда (1988—89) і Навагрудак (1987—92, абодва Гродзенскай вобл.), харту князя Радзівіла ў замкавым парку ў г. Нясвіж Мінскай вобл. (1991), Ф.​Скарыне ў Лідзе (1992—93), І.​Падарэўскаму ў г. Кракаў (Польшча, 1995), М.​Доўнар-Запольскаму ў г. Рэчыца Гомельскай вобл. (1997), Б.​Івановай у г. Вроцлаў (Польшча), Я.​Скрыгану ў г. Йыхві (Эстонія, абодва 1998), К.​Каліноўскаму ў г. Шальчынінкай (Літва, 1998—99), М.​К.​Агінскаму ў г. Маладзечна Мінскай вобл. (2001) і інш.; мемар. дошак Ф.​Скарыне ў Кракаве (1989—91), у г. Падуя (Італія, 1992), Мінску (1996), М.​К.​Агінскаму ў г. Фларэнцыя (Італія, 1996) і інш.; маст. афармлення касцёлаў св. Роха ў Мінску (1992—2001), св. Андрэя Баболі ў Полацку Віцебскай вобл. (1999—2003), надмагілляў. Выканаў серыю рэльефаў «Беларускія легенды» для Музея камянёў у Мінску (1989), рэльефы «Сон Гедзіміна», «Над магілай паўстанца», «Цені Барбары», «Смерць Л.​Баразны» (усе 1989), «Ценям А.​Міцкевіча» (1990), для Музея М.​Багдановіча (1991), вышэйшай духоўнай семінарыі ў г. Гожаў (Польшча, 1993), касцёла св. Дамініка ў в. Ракаў Мінскай вобл. (абедзве 1994), «Полацкая Багародзіца» (1997), «Міндоўг» (2002) і інш.; станковыя кампазіцыі «Ф.​Кашкурэвіч» (1982), «С.​Янкоўскі» (1984), «Лялевель» (1986), «Ягайла» (1989), «Вітаўт Вялікі» (1991), «Т.​Хвайніцкая» (1995), «Т.​Касцюшка» (1996), «Я.​Купала» (2001) і інш. Працуе таксама ў жывапісе. Творы, выкананыя ў рэаліст. традыцыях, вылучаюцца адухоўленасцю, глыбокім псіхалагізмам у раскрыцці вобраза, лёгкасцю кампазіцыйнага вырашэння.

Л.​Ф.​Салавей.

В.Янушкевіч. Полацкая Багародзіца. 1997.

т. 18, кн. 1, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕХАНАВЕ́ЦКІЯ (у 15—16 ст. Цеханоўскія),

магнацкі род герба «Дамброва» ў ВКЛ. Радаслоўную вядуць ад Мацея (Мацкі) Пашкавіча Струмілы, намесніка медніцкага ў 1497, саўладальніка Дмошына і Цеханаўца на Падляшшы (адсюль прозвішча), старэйшага брата родапачынальніка Кішкаў Пятра Пашкавіча Струмілы-Цеханавецкага Кішкі. У 18—20 ст. некаторыя прадстаўнікі роду ўжывалі графскі тытул (у 1975 прызнаны за бачэйкаўскай галіной роду ў Італіі, пасля ў Мальтыйскім ордэне). У 15 ст. род валодаў маёнткамі на Падляшшы і ў Мельніцкай воласці, з 1-й пал. 16 ст. іх асн. ўладанні знаходзіліся ва ўсх. Беларусі: Мсціслаўскім і Полацкім ваяв., Віцебскім і Аршанскім пав. Найб. вядомыя:

Нікадзім Янавіч (?—1549), падстолі ВКЛ прыкладна з 1536, адначасова маршалак гаспадарскі з 1546, дзяржаўца крэўскі, староста мельніцкі і ласіцкі, пасол у Маскву ў 1536 і 1541, камісар пры размежаванні Себежскага пав. з Расіяй у 1546. Андрэй Нікадзімавіч (?—паміж 1594 і 1596), сын Нікадзіма Янавіча, першы ў родзе ўладальнік маёнтка Бачэйкава ў Полацкім ваяв. — аднаго з асн. родавых гнёздаў Ц. да 20 ст. Станіслаў Андрэевіч (паміж 1562 і 1565—98), сын Андрэя Нікадзімавіча. Стольнік аршанскі, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1593 і 1596. Крыштоф Станіслававіч (?—1655), сын Станіслава Андрэевіча. Староста мсціслаўскі каля 1650—52, кашталян мсціслаўскі ў 1653—55, ваявода мінскі ў 1655. Мікалай Валяр’ян (?—1672), сын Крыштофа Станіслававіча. Староста мсціслаўскі з 1652 і опсаўскі, ваявода мсціслаўскі з 1659. 4 разы выбіраўся маршалкам Трыбунала ВКЛ. Альбрыхт Канстанцін (?—12.6.1675), сын Крыштофа Станіслававіча. Староста опсаўскі і аршанскі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 палкоўнік, у 1663 часова камандаваў войскамі ВКЛ, абозны ВКЛ з 1664. Аляксей (Аляксандр?) Хрыстафоравіч. У 1656 выехаў на службу ў Расію, дзе прыняў праваслаўе. У 1664—66 ваявода мезенскі і кеўрольскі. Юзаф (1741 або 1748 — паміж 1801 і 1804), сын Фелікса Нікадзіма. Ген.-ад’ютант ВКЛ (1770), сакратар пасольства Рэчы Паспалітай у С.-Пецярбургу (да 1773). У маёнтку Бачэйкава пабудаваў палац (каля 1769) і школу для сял. дзяцей. Ян Непамуцэн Мартынавіч (?—1808), маршалак дваранства Беларускай губ. ў 1796—97 і 1801, Віцебскай губ. ў 1806—08, правадз. стацкі саветнік. Станіслаў Іосіфавіч (каля 1783—30.8.1848), сын Юзафа. Маршалак дваранства Чавускага пав., адзін з буйнейшых землеўладальнікаў усх. Беларусі. Фелікс Хрыстафоравіч (каля 1784—24.4.1851), ротмістр, у 1820—25 маршалак дваранства Віцебскай губ. Антон Эдмунд Станіслававіч (1816—6.11.1878), сын Станіслава Іосіфавіча. Маршалак дваранства Чавускага пав. ў 1857—63. За ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы ў Сібір, з 1867 у эміграцыі. Ігнат Феліксавіч (15.3.1815, г. Цярэспаль Люблінскага ваяв. — да 1894). За ўдзел у падрыхтоўцы паўстання ў Горках (з жонкай Ізабелай) у 1863 сасланы ў Сібір, вернуты па амністыі. Станіслаў Аляксандр Канстанцін Эмануэль Іосіфавіч (Паўлавіч; 18.12.1853, в. Бачэйкава — 5.1.1918), правадз. стацкі саветнік, дыпламат, з 1908 ген. консул у Марселі. Баляслаў Станіслаў Іосіф Альберт Іосіфавіч (Паўлавіч; 17.3.1857, в. Гопчыца — 3.3.1910), правадз. стацкі саветнік, з 1905 уфімскі губернатар. Уладзіслаў Міхал Стафан Эмануэль Іосіфавіч (Паўлавіч; 25.11.1860, в. Гопчыца — 23.4.1910), правадз. стацкі саветнік, гісторык, краязнавец, аўтар гісторыі 18-га Клясціцкага драгунскага палка (1886) і гісторыі маёнтка Бачэйкава (1905). Ежы Станіслаў (4.4.1893, Варшава — 6.4.1930), сын Уладзіслава, апошні ўладальнік Бачэйкава, польскі дыпламат.

Прозвішча Ц. з 1-й пал. 16 ст. насілі ў Польшчы нашчадкі Ганны Станіславаўны, унучкі Мацея Пашкавіча, ад шлюбу з шляхціцам Янам Угрынам-Швейкам герба «Тшаска», якія валодалі часткай Цеханоўца і прынялі герб «Дамброва». Дробнамаянтковы род Ц. (першапачаткова Цеханоўскія, Ціханоўскія) герба «Дамброва» вядомы ў Мсціслаўскім ваяв. (пасля ў Магілёўскай губ.), іх роднасць з магнацкай сям’ёй не даказана.

Літ.:

Цехановецкий В.П. Хроника одного поместья: Бочейково. Витебск, 1905.

С.​У.​Думін.

т. 17, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)