ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦТВА,

дзейнасць грамадзян ці іх аб’яднанняў, якая ажыццяўляецца ад іх імя, на ўласную рызыку і за кошт сваёй маёмасці, накіравана на сістэм. атрыманне даходу. Паўнацэннае П. магчыма ў рыначнай сістэме і ўласціва ўсім відам уласнасці, уключаючы дзяржаўную. Развіццё П. цесна звязана з эканам. працэсамі, якія ствараюць для яго спрыяльныя ўмовы, — раздзяржаўленне ўласнасці, прыватызацыя прадпрыемстваў, заахвочванне канкурэнцыі і інш.

Прадпрымальнік можа ажыццяўляць любыя віды гасп. дзейнасці, не забароненыя законам, у т. л. камерцыйнае пасрэдніцтва, гандл.-закупачную, кансультацыйную і інш., а таксама аперацыі з каштоўнымі паперамі. Статус прадпрымальніка набываецца праз дзярж. рэгістрацыю, без якой П. забаронена. Формы П.: прыватнае і калектыўнае; можа ажыццяўляцца без выкарыстання наёмнай працы, з яе выкарыстаннем; са стварэннем юрыд. асобы, без яе стварэння. Прадпрымальнік мае права: ствараць для П. любыя прадпрыемствы, якія не супярэчаць заканадаўству; набываць поўнасцю або часткова маёмасць дзярж. прадпрыемстваў і прадпрыемстваў, заснаваных на інш. формах уласнасці, інш. маёмасць і маёмасныя правы; наймаць і звальняць работнікаў на ўмовах кантрактаў; самастойна ўстанаўліваць формы, сістэмы і памеры аплаты працы і інш. даходы асоб, што працуюць па найме; самастойна фарміраваць праграму гасп. дзейнасці, выбіраць пастаўшчыкоў і спажыўцоў, устанаўліваць цэны і тарыфы; адкрываць рахункі ў банках, ажыццяўляць усе віды разліковых, крэдытных і касавых аперацый, свабодна распараджацца прыбыткам (даходам) ад прадпрымальніцкай дзейнасці, што застаецца пасля выплаты падаткаў; карыстацца дзярж. сістэмай сац. забеспячэння і страхавання; выступаць удзельнікам знешнеэканам. зносін і ажыццяўляць валютныя аперацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

На Беларусі П. развіваецца з 2-й пал. 1980-х г., прайшло 3 асн. этапы: кааператыўнае П. (1988—91), пры якім асн. крыніцай прадпрымальніцкіх даходаў была розніца паміж дзярж. і свабоднымі цэнамі; П. ва ўмовах свабоднага цэнаўтварэння (1992—95), калі адбываўся бурны рост прадпрымальніцкай актыўнасці, а самі прадпрымальнікі пачалі асэнсоўваць сябе як сац. слой са сваімі эканам. інтарэсамі; П. ва ўмовах цэнтралізаванага дзярж. рэгулявання (з 1996).

т. 12, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́РЖА (ням. Börse ад грэч. byrsa кашалёк),

форма рэгулярна дзеючага аптовага рынку заменных тавараў, каштоўных папер і замежнай валюты. Адпаведна бываюць таварныя біржы, фондавыя біржы і валютныя біржы. Сама біржа не выступае ў якасці аднаго з бакоў у гандл. аперацыях, а толькі забяспечвае найб. спрыяльныя ўмовы для гэтых аперацый: устанаўлівае для ўсіх удзельнікаў агульныя прынцыпы заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння кантрактаў і прадастаўляе месца для іх заключэння ў пэўны час. Членамі біржы могуць быць толькі пэўныя асобы, у т. л. давераныя прадстаўнікі кампаній. Кіруе біржай савет дырэктараў, якому падначалены розныя камітэты (фін., арбітражны і інш.). Пасрэднікам паміж пакупнікамі і прадаўцамі выступаюць брокеры — пэўныя асобы ці фірмы (брокерскія канторы). Біржавыя органы ажыццяўляюць біржавую каціроўку — рэгіструюць курс валют і каштоўных папер, цэнаў на тавары, што стыхійна склаліся на біржы. Кожная біржа вядзе ўлік і сістэматызацыю такіх каціровак і публікуе іх у спец. бюлетэнях. Біржавая каціроўка — адзін з паказчыкаў біржавай кан’юнктуры, індыкатар дзелавой актыўнасці ў розных сектарах эканомікі.

Зачаткі таварнай і вэксальнай (валютнай) біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у гарадах Італіі (Венецыя, Генуя, Фларэнцыя). Важнымі этапамі ў развіцці біржавага гандлю стала заснаванне Антверпенскай (1531) і Амстэрдамскай (1608) біржаў. У Расіі першая біржа засн. ў 1705 у Санкт-Пецярбургу. Росквіт біржавай дзейнасці прыпадае на 2-ю пал. 19 ст. і звязаны з развіццём капіталіст. вытв-сці, транспарту, сувязі, гандлю і акц. т-ваў. На сучасным этапе пераважная частка біржавага абароту сканцэнтравана ў вядучых гандл. і фін. цэнтрах ЗША, Вялікабрытаніі і Японіі (больш за 90% аб’ёму біржавых здзелак з таварамі ў вартасным выражэнні, з іх больш за 80% прыпадае на ЗША, дзе знаходзіцца гіганцкая фондавая біржа ў Нью-Йорку).

На Беларусі ў пач. 20 ст. існавалі 2 біржы, якія спынілі дзейнасць у 1-ю сусв. вайну. У 1920-я г. біржавы гандаль аднавіўся, але ў 1927 ліквідаваны. Аднаўленне біржы як адной з найважнейшых структур рыначнай эканомікі пачалося ў 1991.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАТА (эканам.),

каштоўны высакародны метал; першы метал, які чалавек стаў выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Ёсць звесткі пра здабычу З. і выраб з яго прадметаў у Егіпце (4100—3900 да н.э.), Індыі, Індакітаі (2000—1500 да н.э.) і інш. Як адзін з найб. каштоўных металаў З. выконвае функцыі ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавар — грошы, бо ў параўнанні з інш. таварамі яно валодае шэрагам пераваг: трываласцю, якаснай аднароднасцю, падзельнасцю, партатыўнасцю (высокай вартасцю пры невял. аб’ёме і вазе), зручнасцю ў захоўванні, адноснай рэдкасцю ў прыродзе. З. ў форме зліткаў захоўваецца ў якасці залатога запасу цэнтр. банкаў, шырока выкарыстоўваецца для вырабу манет, у радыёэлектроніцы, касм. тэхніцы, прыладабудаванні, ювелірнай справе, медыцыне.

У якасці грошай З. выкарыстоўвалася яшчэ за 1500 гадоў да н.э. ў Кітаі, Індыі, Егіпце, дзяржавах Месапатаміі, у 8—7 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі. У 7 ст. да н.э. ў Лідыі пачалася чаканка першых у гісторыі манет. У Кіеўскай Русі чаканка манет з З. і серабра пачалася ў 10 ст. У час мангола-татарскага нашэсця ў рас. княствах мела хаджэнне манг. «ценьга», ад якой і паходзіць рус. назва грошай (деньги). У старажытнасці і ў сярэдневякоўі разам з З. функцыі грошай выконвалі медзь і серабро. У Расіі ў пач. 19 ст. была пачата распрацоўка радовішчаў З. на Урале і ў Сібіры. У сярэдзіне 19 ст. багатыя радовішчы З. адкрыты ў ЗША (Каліфорнія), Аўстраліі, у 1880 — у Паўд. Афрыцы. Рост сусв. здабычы З. паскорыў выцясненне абясцэненага серабра і стварыў умовы для пераходу большасці краін да залатога монаметалізму ў яго класічнай форме золатаманетнага стандарту, які ўпершыню быў уведзены ў Вялікабрытаніі ў 1821 (гл. Залаты стандарт). Традыцыйна ў якасці сусв. грошай З. выступала як усеагульны эквівалент для разлікаў спачатку асобных рынкаў, а потым і краін. У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 усе краіны адышлі ад залатога стандарту, усталявалася сістэма неразменных на З. крэдытных грошай (банкнот). Але З. застаецца грашовым металам і працягвае выконваць функцыі страхавога фонду, грашовага абарачэння і рэгулятара велічыні цыркулюючай грашовай масы.

У адпаведнасці з рашэннямі Брэтан-Вудскай канферэнцыі (1944) рэзервовай валютай для разліку краін — членаў створанага на гэтай канферэнцыі Міжнар. валютнага фонду (МВФ) разам з З. прызнаны долар ЗША. З’явілася своеасаблівая біметалічная сістэма (гл. Біметалізм), якая ў канчатковым выніку вядзе да выцяснення З. і замены адных грошай другімі. Нягледзячы на фіксаваную афіц. цану ў 35 дол. за тройскую унцыю З., рыначная цана З. ў 1972 склала 58 дол., а ў 1974—159,3 дол. за унцыю. Ямайская канферэнцыя 1975 абвясціла канчатковае зняцце З. з міжнар. абарачэння. Асн. валютай становяцца крэдытныя грошы, т.зв. спец. правы запазычвання (Special Drawing Rights), у якасці рэзервовых валют побач з доларам ЗША аб’яўлены ням. марка, франц. франк, англ. фунт стэрлінгаў. МВФ распрадаў свой залаты запас, а ўсе яго члены атрымалі эквівалентную долю СДР. У 1975 З. яшчэ захоўвала свае пазіцыі як маштаб цэн, як мера вартасці. СДР прыраўноўвалася да З. і як сродак утварэння скарбаў з прычыны таго, што краіны, якія выкупілі З. ў МВФ, папоўнілі ім свае валютныя рэзервы. Такім чынам, цяпер функцыі сусв. грошай адыгрываюць крэдытныя грошы, а ў краінах ЕС — агульнаеўрапейскія грашовыя адзінкі ЭКЮ, у якасці рэзервовых валют выступаюць банкноты ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Японіі. У СССР да сярэдзіны 1980-х г. рубель прыраўноўваўся да пэўнай колькасці З., вагавае ўтрыманне рубля складала 0,86 г З. Цяпер рубель (рас. і бел.) прыраўноўваецца да долара па курсавой суадносіне, якая ўстанаўліваецца курсавых суадносінах, якія ўстанаўліваюцца з улікам попыту і прапановы на грашовым рынку. Асн. пастаўшчыкі З.: Паўд.-Афр. Рэспубліка, Расія, Канада, ЗША, Гана, Бразілія, Аўстралія, Японія. Рынкі З. ў Лондане, Цюрыху, Парыжы, Бейруце, Токіо, Сінгапуры, Нью-Йорку і інш.

Літ.:

Марфунин А.С. История золота. М., 1987;

Самуэльсон П. Экономика: Пер. с англ. Т. 2. М., 1993;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)