АРЛО́ЎСКІ (Канстанцін Іванавіч) (15.12.1913, г. Быхаў — 22.7.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1934. Скончыў Бабруйскае танк. вучылішча (1939). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Вызначыўся ў ліп. 1944 пры вызваленні Латвіі: танк. батальён пад яго камандаваннем двойчы прарываў умацаванні ворага, за 8 дзён наступлення прайшоў каля 300 км, знішчыў 12 танкаў, 8 танкетак, каля 50 гармат. Загінуў у баі.

т. 1, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРО́Ў (Алег Сідаравіч) (н. 22.2.1939, г. Быхаў Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі матэрыялаў. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1991). Скончыў БПА (1960), дзе і працуе з 1963. Навук. працы па кіраванні структурай і ўласцівасцямі чыгуну з выкарыстаннем матэм. мадэлявання працэсаў крышталізацыі. Распрацаваў спосаб павелічэння ўдарнай вязкасці высакахромістага чыгуну (выкарыстоўваецца замест сталі для вырабу хутказношвальных дэталей машын).

Тв.:

Формирование структуры чугунных отливок. Мн., 1977;

Термокинетические основы кристаллизации чугуна. Мн., 1982.

т. 7, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1702.

Праводзілася ў жн. — кастр. 1702 казакамі і войскамі ВКЛ у час Паўночнай вайны 1700—21. 29 жн. Стары Быхаў, уладальнік якога К.​Сапега арыентаваўся на Станіслава Ляшчынскага і шведаў, быў абложаны казакамі гетмана М.​Міклашэўскага і войскам генерала артылерыі ВКЛ К.​Сяніцкага (Сініцкага-Бонча). Абаронай кіравалі М.​Більдзюкевіч і быхаўскі губернатар Я.​Дэро. 10 кастр. гарнізон здаўся на ганаровых умовах і прысягнуў Аўгусту II. Мяшчанам былі пакінуты ўсе вольнасці і прывілеі. Кіраванне Быхавам аддадзена Сяніцкаму.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТАРЭ́НКА (Іван Нічыпаравіч) (? — 7.10.1655),

паплечнік Б.Хмяльніцкага. Нежынскі палкоўнік (з 1653). З 1654 наказны гетман укр. казацкага 20-тысячнага войска (Нежынскі, Старадубскі і Чарнігаўскі палкі). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пасланы на Беларусь у распараджэнне цара Аляксея Міхайлавіча. У 1654 заняў Гомель, Рэчыцу, Жлобін, Стрэшын, Рагачоў, Прапойск, Чачэрск і Новы Быхаў, у 1655 — Бабруйск, Глуск, Каралеўскую Слабаду, Свіслач, Койданава, разам з рас. войскамі ўдзельнічаў у захопе Мінска і Вільні. Загінуў у час Быхава аблогі 1654—55.

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.). Будынак цэнтрычны, крыжападобны ў плане, на цагляным атынкаваным фундаменце. З трох бакоў зроблены ўваходы ў выглядзе шырокіх мураваных ганкаў з казыркамі на драўляных калонах. Над гал. уваходам — высокая васьмігранная ў плане 3-ярусная званіца, над сяродкрыжжам — вялікі светлавы барабан (дыяметр 8 м, вышыня 12,5 м) з купалам. Фасады вертыкальна ашаляваны. Вокны паўцыркульныя. У інтэр’еры цэнтральная 2-светлавая частка перакрыта самкнёным скляпеннем на ветразях.

Быхаўская Троіцкая царква.

т. 3, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЯНДЗО́ВА ГАРА́,

паселішча 2200—1400 да н.э. сярэднедняпроўскай культуры ў пойме правага берага Дняпра, на ўзгорку Ксяндзова гара, на ўскраіне г. Быхаў Магілёўскай вобл. У выніку даследаванняў К.​М.​Палікарповіча (1928) і І.​І.​Арцёменкі (1956 і 1958) выяўлены рэшткі наземных жытлаў слупавой канструкцыі, каменных агнішчаў, ачаговых ям. Знойдзены крамянёвыя скрабкі, скрэблы, нажы, клінападобныя сякеры, наканечнікі дроцікаў і стрэл, фрагменты керамікі 3 тыпаў: посуд з круглаватым тулавам і плоскім дном, неарнаментаваныя пласкадонныя пасудзіны слоікападобнай формы, танкасценныя пасудзіны з шарападобным тулавам і круглаватым дном.

т. 8, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎСКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ,

сістэма абарончых збудаванняў у г. Быхаў у 16—18 ст. Буд-ва ўмацаванняў, як і Быхаўскага замка, пачата ў 1590 уладальнікам Быхава Я.​К.​Хадкевічам, скончана пасля 1625 пры новым уладальніку горада Л.​Сапегу. Уключалі земляны вал (даўж. 800 м, выш. 7—8 м, шыр. ў аснове да 30 м) з бастыёнам, равелінамі і мураванымі ўязнымі брамамі, амаль такой жа даўжыні абарончы роў, у якім пастаянна была вада. Меліся брамы: Падольная (Дольная), што вяла да Дняпра, Магілёўская (у паўн. частцы горада) і Рагачоўская (Навабыхаўская, у паўд. частцы).

т. 3, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТРАНКА,

вёска ў Смоліцкім с/с Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. За 17 км ад горада і чыг. ст. Быхаў, 60 км ад Магілёва. 175 ж., 103 двары (1996).

Вядома з 19 ст. З 1866 у Ветранцы дзейнічаў Александрыйскі шклозавод, у 1898 адкрыта школа. У 1926 — 226 ж., 49 двароў. У 1927 пачаў дзейнічаць торфазавод. У 1935—48 рабочы пасёлак. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 да 26.6.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У жн. 1943 гітлераўцы спалілі пасёлак, загубілі 287 жыхароў. Пасля вызвалення адбудаваны.

т. 4, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦВЕ́ЕЎ (Аркадзь Аляксеевіч) (н. 10.7.1932, г. Быхаў Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне інфекцыйных хвароб. Д-р мед. н. (1977), праф. (1979). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1956), з 1963 працуе ў ім (у 1973—98 заг. кафедры). Навук. працы па інфекцыйных хваробах, выкарыстанні глюкакортыкастэроідаў пры лячэнні вірусных гепатытаў.

Тв.:

Изучение клинической эффективности преднизолонотерапии в контролируемом исследовании и вопросы тактики применения кортикостероидов при сывороточном гепатите (разам з Д.​П.​Лапушынскім, Р.​А.​Александроўскай) // Терапевтич. архив. 1978. № 10;

Современные принципы и средства лечения больных вирусным гепатитом. Витебск, 1978.

т. 10, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1660—61.

Праводзілася казакамі і войскамі Рэчы Паспалітай у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У снеж. 1659 Быхаў занялі рас. войскі (гл. Быхава абарона 1659). З 1660 рас. гарнізон безупынна асаджалі казацкі палкоўнік Дз.​Мурашка і гетман С.​Чарнецкі, што стаялі лагерам каля Баркалабаўскага манастыра. У асаджаных было 18 гармат і 2 пішчалі-бамбарды, не хапала ежы. 1.12.1661 да Быхава падышло войска Рэчы Паспалітай з 7 тыс. конных і пешых салдат з 11 гарматамі пад камандаваннем Чарнецкага. Рас. гарнізон аблогі не вытрымаў і праз некалькі дзён горад здаў.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)