БЕЛАРУ́СКАЕ БРА́ЦТВА,

тайная нацыянальна-адраджэнская арг-цыя, што, па некаторых звестках, існавала на пач. 1920-х г. у Коўне (сучасны Каўнас, Літва). Паводле матэрыялаў сфальсіфікаванай АДПУ БССР справы «Саюза вызвалення Беларусі» («СВБ»), Беларускае брацтва заснавалі ў 1921 В.​Ластоўскі, В.​Захарка, П.​Крачэўскі (кіраўнікі Рады БНР), чл. арг-цыі: П.​Бадунова, К.​Езавітаў, У.​Ігнатоўскі, І.​Краскоўскі, М.​Маркевіч, П.​Мядзёлка, І.​Цвікевіч, Я.​Чарапук і інш. Намаганні Беларускага брацтва, якое нібыта будавалася і дзейнічала па прынцыпе масонскіх ложаў, былі скіраваны на пераадоленне супярэчнасцяў і рознагалоссяў у Радзе БНР, каардынацыю бел. нац адраджэнскіх сіл на эміграцыі і ў БССР. Паводле слоў Ластоўскага, Беларускае брацтва спыніла існаванне ў маі 1923. АДПУ імкнулася звязаць Беларускае брацтва з «Саюзам адраджэння Беларусі», які быццам бы ўзнік на пач. 1920-х г. за мяжой і каардынаваў дзейнасць бел. паліт. эміграцыі Літвы, Латвіі, Польшчы і Чэхаславакіі, а з пераездам Ластоўскага ў Мінск у 1926 быў нібыта ператвораны ў «СВБ». У 2-й пал. 1950-х г. у ходзе рэабілітацыі рэпрэсіраваных па справе «СВБ» дакумент. пацвярджэнняў існавання Беларускага брацтва не знайшлося. Захаваўся адзіны дакумент — праект статута Бел. нар. брацтва, які, верагодна, мае адносіны да дзейнасці Беларускага брацтва.

У.​М.​Міхнюк.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ САБРА́ННЕ,

грамадская арг-цыя, якая існавала ў г. Коўна (сучасны г. Каўнас, Літва) у крас. 1921 — лют. 1922. Мела на мэце культ. дзейнасць сярод бел. насельніцтва ў Літве, паліт., навук., маст. і фіз. ўдасканаленне сваіх членаў. У Беларускае сабранне ўваходзілі Я.​Варонка (старшыня ўправы), В.​Ластоўскі, А.​Вальковіч, А.​Галавінскі, К.​Дуж-Душэўскі, В.​Захарка, А.​Ружанцоў, А.​Рэшка, А.​Цвікевіч, Я.​Шальмук і інш. У чэрв. 1921 пры Беларускім сабранні створаны «Беларускі клуб».

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ў Берліне.

Створана ў канцы 1939 пры мін-ве ўнутраных спраў Германіі. Займалася выяўленнем асоб бел. нацыянальнасці ў Германіі і на захопленых ёй тэрыторыях. У розны час кіраўнікамі былі Ф.​Акінчыц, А.​Шкуцька і інш. У 1940 пры Беларускім прадстаўніцтве быў створаны Бел. к-т самапомачы з філіяламі ў Варшаве, Празе, Вене, Лодзі, Мюнхене і інш. гарадах. Беларускае прадстаўніцтва і Бел. к-т самапомачы супрацоўнічалі з герм. разведслужбамі і службай бяспекі (СД), вялі работу з ваеннапалоннымі беларусамі з Войска Польскага. Напярэдадні Вял. Айч. вайны дзейнасць Беларускага прадстаўніцтва і Бел. к-та самапомачы выкарыстоўвалася ў разведвальных і прапагандысцкіх мэтах, арганізацыі дыверсійных груп, падрыхтоўцы кадраў цывільнай адміністрацыі для Беларусі. У чэрв. 1941 у Берліне на радзе прадстаўнікоў Беларускага прадстаўніцтва і Бел. к-та самапомачы ўтвораны Беларускі нацыянальны цэнтр. Беларускае прадстаўніцтва выдавала газ. «Раніца».

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Беларускае тэатральнае аб’яднанне 2/216, 267; 10/370, 376, 496; 12/639

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЕ ЖЫЦЦЁ»,

грамадска-паліт. і літ. часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выдаваўся з чэрв. 1919 у Вільні, са снеж. 1919 да сак. 1920 у Мінску на бел. мове лацінкай і з вер. 1919 кірыліцай як ілюстраваны штотыднёвік нерэгулярнай перыядычнасці. Рэдактар-выдавец Ф.​Аляхновіч, з 1920 літ. кіраўнік З.​Бядуля. Часопіс выступаў за стварэнне самастойнай бел. дзяржавы бурж.-дэмакр. тыпу або альтэрнатыўнай федэрацыі народаў былога ВКЛ, якая, на думку рэдакцыі, магла б процістаяць Польшчы, Расіі, Германіі. У шэрагу праграмных артыкулаў выступаў супраць палітыкі бальшавікоў і адначасова супраць белагвардзейскай і ням. палітыкі заняволення Беларусі. Крытыкаваў палітыку Польшчы за няўвагу да нац. самавызначэння народаў, зямельнай рэформы і дэмакратызацыі. Для светапогляду большасці аўтараў характэрна традыц. канцэпцыя бел. народніцтва, арыентацыя на вёску і ідэалы вольнай кааперацыі як спецыфічна бел. гіст. шляху. Меў літ.-маст. аддзел, які вызначаўся жанравай разнастайнасцю, шырокім ахопам гісторыі бел. маст. культуры і яе праблем, асабліва л-ры і нац. тэатра.

У.​М.​Конан.

Часопіс «Беларускае жыццё». Вільня. 1919.

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЕ СЛО́ВА»,

газета. Выдавалася ў 1943—44 у Віцебску (друкавалася ў Дзвінску) на бел. мове пад кантролем герм. акупац. улад. Выходзіла 2—3 разы ў месяц. Асноўны змест газеты — інфармацыя аб падзеях на франтах, міжнар. адносінах, пытанні гісторыі Беларусі, нац.-культ. жыцця, адукацыі. Друкавала тэатр. рэцэнзіі, крытычныя агляды бел. л-ры, метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў, маст. творы бел. аўтараў. Выйшаў не менш як 61 нумар.

С.​У.​Жумар.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Беларускае аддзяленне Літфонда СССР 6/393

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства 6/112

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЕ СЛО́ВА»,

штотыднёвая грамадска-палітычная і літаратурная газета ў Зах. Беларусі. Выдавалася з 3.2.1926 да 9.2.1928 у Вільні на бел. мове. Выдавец — Часовая бел. рада, з № 20 за 1926 — Бел. нац. рада. У праграмных артыкулах заяўляла пра нац. адраджэнне, тэрытарыяльную і культ.-нац. аўтаномію Беларусі, перадачу зямлі сялянам, шырокі дэмакратызм, нац. царкву, барацьбу з камунізмам і далучэнне Усх. Беларусі да Заходняй. Асвятляла пытанні бел. школьніцтва, працаўладкавання бел. інтэлігенцыі, зямельнай справы і інш. Крытыкавала праграмы Бел. сялянска-работніцкай грамады, Бел. сялянскага саюза, Бел. хрысціянскай дэмакратыі. Выйшлі 74 нумары.

В.​І.​Дзяшко.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Першае ніжнеантрапагенавае беларускае абледзяненне, гл. Варажскае абледзяненне

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)