АРГАНІЗА́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКАЙ МО́ЛАДЗІ ў ЗША
(АБАМ). Створана 30.12.1951 аб’яднаннем арг-цый бел. моладзі ў Кліўлендзе і Нью-Йорку. Да 1967 наз. Згуртаванне бел. моладзі ў Амерыцы. Мае аддзяленні ў Дэтройце, Кліўлендзе, Лос-Анджэлесе, Нью-Брансвіку, Саўт-Рыверы. З 1960 член Еўрап. ін-та (ін-та выхавання моладзі еўрап. бежанцаў). Пры арг-цыі існуе (з 1977) фонд падтрымкі студэнтаў імя Любачкі. АБАМ займаецца культ.-асв., грамадска-арганізац. і інфарм.-выдавецкай дзейнасцю. Выдавала часопісы «Віці» (1952—57, разам з Бел.-амер. студэнцкім аб’яднаннем),
«Беларуская моладзь» (1959—80, на бел. і англ. мовах), выйшаў «Беларускі песенны зборнік» М.Куліковіча (Кліўленд, 1960). Пры АБАМ у 1956—93 дзейнічаў танц. ансамбль «Васілёк».
А.С.Ляднёва.
т. 1, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКА-ЭСТО́НСКАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ (БЭЗ) у г. Йыхві, грамадска-культ. арг-цыя беларусаў у Эстоніі. Засн. ў 1989. Асн. мэты: спрыяць кансалідацыі беларусаў на падставе духоўнай, культ., рэліг. агульнасці, развіваць сувязі з замежнымі суайчыннікамі, прапагандаваць гіст. і культ. спадчыну Беларусі. Праводзіць значную культ.-асв. работу, адзначае нац. бел. і эст. святы, бел. гіст. ўгодкі, удзельнічае ў выстаўках аб’яднання бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар» і штогодніх у Саўт-Рыверы (ЗША), арганізоўвае экскурсіі па Беларусі, Эстоніі, Расіі, прэзентацыі літ. твораў бел. аўтараў. Працуе б-ка, з 1992 намаганнямі згуртавання дзейнічае бел. праграма на эст. радыё. Удзельнік 1-га з’езда беларусаў свету (1993), сходаў беларусаў блізкага замежжа (1992, 1995), з’езда беларусаў краін Балтыі (1994), 1-й сустрэчы бел. моладзі свету (1994).
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУ́ЧАНЫ БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІ ДАПАМО́ГАВЫ КАМІТЭ́Т,
дабрачынная арг-цыя для дапамогі беларусам у працэсе эміграцыі і ўсталявання ў ЗША. Засн. ў 1948 у г. Саўт-Рывер. Першы старшыня — І.Ермачэнка. На пач. дзейнасці дапамагаў беларусам у пошуках працы, вывучэнні англ. мовы, адаптацыі да новых умоў пражывання, садзейнічаў заснаванню час. «Беларус у Амерыцы», «Беларускае слова ў Амерыцы», газ. «Беларуская трыбуна», з 1960 друкаванню час. «Беларуская думка». Вядзе шырокую сац., культ. і адукац. дзейнасць.
т. 7, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКІ ЛЕ́ТАПІС 1446,
першы агульнадзярж. летапісны звод ВКЛ, прысвечаны гісторыі ўсх. славян і Літвы. У яго аснове — летапіс, складзены каля 1430 у Смаленску невядомай асобай духоўнага сану ў асяроддзі епіскапа, у 1432—35 — мітрапаліта Герасіма і прадоўжаны пазней да 1446. Першапачатковая рэдакцыя не збераглася. У 1490-я г. ўзнікла яго 2-я рэдакцыя (Нікіфараўскі летапіс, Супрасльскі летапіс, Акадэмічны летапіс), каля 1500 — 3-я, скарочаная рэдакцыя (Слуцкі летапіс).
Храналагічна ахоплівае перыяд ад сярэдзіны 9 да сярэдзіны 15 ст. Звесткі па гісторыі за 854—1427 запазычаны з рус. летапісаў, тэксты іх істотна скарочаны. У зводзе аб’яднаны розныя творы, напісаныя ў Кіеве, Маскве, Ноўгарадзе, Вільні, Смаленску, у велікакняжацкай канцылярыі і асяроддзі духавенства, свецкім дзелавым і кніжна-слав. стылямі, на стараж.-рус. і старабел. мовах, што надае яму пэўную стракатасць і незавершанасць. З мясц. твораў у яго ўвайшлі Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту», смаленскія пагадовыя запісы за 1432—46 і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле». Паводле характару — гэта агульнарус. звод. Шмат увагі аддаецца апісанню гераічнай барацьбы ўсх. славян з іншаземнымі заваёўнікамі, княжанню Вітаўта. Большасць звестак бел.-літ. часткі летапісу унікальныя. Аўтар зводу праводзіў ідэю гіст. еднасці ўсх. славян і абгрунтоўваў заканамернасць іх паліт. аб’яднання ў складзе ВКЛ, якое лічыў вядучым цэнтрам збірання ўсх.-слав. зямель. Летапіс паслужыў асновай для «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хронікі Быхаўца». Адкрыты і ўпершыню апубл. І.М.Даніловічам. Змешчаны ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907, т. 35, 1980).
Літ.:
Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнік літаратуры. Мн., 1969;
Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985.
В.А.Чамярыцкі.
т. 2, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІ КУЛЬТУ́РНЫ ЦЭНТР (БАКЦ) у Саўт-Рыверы, бел. грамадска-культурны асяродак у ЗША, штаце Нью-Джэрсі. Засн. ў 1972 пры царкве імя св. Ефрасінні Полацкай. Кіруючы орган — управа, старшынямі якой у розны час былі Б.Шчорс, М.Бахар, Ж.Навумчык. Культ. праграму каардынуе Бел. культ.-мастацкае т-ва, якое з 1974 ладзіць паказы твораў бел. мастакоў і ўмельцаў. Працуе жаночы хор «Каліна», Бел. тэатр. студыя, нядзельная школа, Бел. спарт. аб’яднанне; у 1975—85 для моладзі арганізоўваліся адукац. курсы. Пры цэнтры ёсць б-ка, друкарня. У Саўт-Рыверы выдаюцца час. «Царкоўны светач», «Беларуская думка», «Сяўбіт», «Беларускі праваслаўны каляндар».
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ РА́ДА
(БАНР),
першая сталая бел. арг-цыя ў ЗША. Засн. 7.9.1941 у Чыкага. Заснавальнікі — Я.Тарасевіч, Я.Чарапук, П.Чопка, М.Аблажэй, І.Лобач, Я.Варонка, Я.Рэшаць. Да кастр. 1941 наз. Бел. к-т дапамогі ахвярам вайны. Стаяла за аднаўленне дзяржаўнасці БНР і непадзельнасць бел. зямель. У 2-ю сусв. вайну праз амер. арг-цыі наладжвала дапамогу народу Беларусі, у пасляваен. гады падтрымлівала бел. імігрантаў. Прадстаўнікі БАНР удзельнічалі ў Агульнаамер. слав. кангрэсах (1942, 1944, 1946, 1948). Вядзе культ.-асв., выдавецкую і прапагандысцкую дзейнасць. Выдавала «Весткі БАНР» і «Беларускія весткі». На сучасным этапе БАНР звязана пераважна з дзейнасцю бел. правасл. царквы св. Юр’я.
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКА-ЎКРАІ́НСКІ КАМІТЭ́Т ПО́МАЧЫ АХВЯ́РАМ ВАЙНЫ́ (Беларуская грамада) у Барнауле, дабрачынная арганізацыя па аказанні дапамогі бежанцам 1-й сусв. вайны. Дзейнічаў з перапынкамі з пач. 1918 да канца 1920. Задачы: абарона матэрыяльных і юрыд. інтарэсаў бел. і ўкр. бежанцаў, культ.-асв. дзейнасць сярод іх. Старшыня М.Ф.Бліадухо. Супрацоўнічаў з к-тамі бежанцаў інш. нацыянальнасцяў. У 1918 уваходзіў у Міжнар. к-т бежанцаў у Сібіры (Барнаул). У час грамадз. вайны дзейнасць неаднойчы забаранялася ваен. і цывільнымі ўладамі Барнаула.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Полацак»,
беларуска-амерыканскі культурна-асветны цэнтр.
т. 12, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛВЕ́СТ»,
сумеснае беларуска-германскае прадпрыемства па вытв-сці і рэалізацыі мужчынскага і жаночага абутку ў г. Віцебск. Створана ў 1989 на базе віцебскай абутковай фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік» і герм. фірмы «Саламандэр». У 1996 ф-ка выбыла з заснавальнікаў «Белвеста», у яго ўвайшоў канцэрн «Беллегпрам».
т. 3, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́С»,
газета. Выдаецца з 20.9.1950 у Нью-Йорку Беларуска-амерыканскім задзіночаннем на бел. мове. Рэдактар З.Кіпель (з 1991). Друкуе матэрыялы з жыцця бел. эміграцыі, аналітычныя карэспандэнцыі пра становішча на Беларусі, нарысы па бел. гісторыі, творы бел. пісьменнікаў-эмігрантаў, успаміны. З газетай супрацоўнічалі дзеячы эміграцыі Н.Арсеннева, А.Адамовіч, У.Глыбінны, Я.Каханоўскі, Ф.Кушаль, А.Саковіч. Распаўсюджваецца ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Польшчы, Беларусі.
т. 2, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)