ЗО́РАЎ (сапр. Штоклянд) Міхаіл Абрамавіч

(1903—28.7.1942),

бел. акцёр і рэжысёр. Засл. арт. БССР (1938). З 1926 акцёр, потым рэжысёр БДТ-1 (т-р імя Я.​Купалы), у 1934—37 маст. кіраўнік Бел. трама ў Мінску. Выкананыя ім ролі герояў вызначаліся тонкім псіхалагізмам, інтэлектуальнай лагічнасцю ў спалучэнні з лірычнасцю і эмацыянальнасцю: Войшалак («Вір» Я.​Рамановіча), Евель Цывін («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Платон Крэчат (аднайм. п’еса А.​Карнейчука) і інш. Пастаноўкі: «Лён» Е.​Міровіча (1931, з аўтарам), «Платон Крэчат» А.​Карнейчука (1936), «Апошнія» М.​Горкага (1937) і інш.

т. 7, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБАЧО́Ў Міхаіл Васілевіч (24.3.1921, в. Бесцвіна Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 7.3.1981),

рускі перакладчык. Засл. дз. культ. Беларусі (1971). Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1951). Працаваў у час. «Славяне», на Усесаюзным радыё, у апараце СП СССР. Пераклаў на рус. мову раманы «Людзі на балоце» І.​Мележа, «Вецер у соснах» і «Сорак трэці» І.​Навуменкі, «Плач перапёлкі» І.​Чыгрынава. «Чужая бацькаўшчына» В.​Адамчыка, аповесці В.​Быкава «Альпійская балада», «Трэцяя ракета», «Мёртвым не баліць», асобныя творы П.​Галавача, У.​Карпава, А.​Кулакоўскага, М.​Лупсякова, І.​Пташнікава, А.​Савіцкага, Т.​Хадкевіча, І.​Шамякіна і інш.

т. 5, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́СЕЛ Яўген Сямёнавіч (н. 14.2.1936, в. Міхайлаўка Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1964). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Шэраг твораў зроблены ў традыцыях лубка. Сярод работ: серыі гравюр «Беларускія народныя прымаўкі» (1975), «Беларускія жартоўныя песні» (1980), графічныя лісты «Вяртанне рыбакоў» (1979), «Вяргіні цвітуць», «Бацькаўшчына», «Толькі сэрцам трывожным пачую» (усе 1981), зб. карыкатур «Лішняя вага» (1975), ілюстрацыі да апавяданняў М.​Гарэцкага (1987), серыя лінарытаў па вершах М.​Багдановіча (1992) і інш.

Я.Бусел. Гравюра з серыі «Беларускія народныя прымаўкі». 1975.

т. 3, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛА́Й Аляксандр Мікалаевіч (н. 28.1.1958, г. Гомель),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1981, клас Дз.Смольскага). З 1983 выкладчык Гомельскага каледжа мастацтваў імя Сакалоўскага. Працуе пераважна ў камерна-інстр. і вак. жанрах. Асн. творы: кантаты «Беларуская калыханка» на словы В.​Віткі (1981), «Заўсёды ў страі» (1987), «Матчыны песні» на словы Р.​Барадуліна (1991); 3 канцэрты для інструментаў з арк. (1993—97); паэма «Палессе» (1988), сюіта «Бацькаўшчына» і муз. замалёўка «Незнаёмая восень» (1991) для сімф. аркестра; фантазія на бел. тэмы для цымбальнага аркестра (1985); камерна-інстр. («Камерная музыка» для драўляных духавых, 1991), эстрадная музыка, хары, песні і інш. творы.

т. 5, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛАВЕ́Ц Вячаслаў Генадзевіч (н. 1.10.1959, г. Бійск Алтайскага краю, Расія),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.маст. ін-т (1982). З 1984 маст. рэдактар час. «Мастацтва». Працуе пераважна ў тэхніках акварэлі, пастэлі. Творам уласцівы лірызм, філас. падыход да адлюстравання рэчаіснасці, разнастайнасць выкарыстання тэхн. сродкаў і форм выяўлення ў спалучэнні з рэаліст. манерай выканання. Сярод твораў: серыі акварэляў «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (1982), «Бацькаўшчына» (1984—86), «Уражанні» (1991), «Дрэвы» (1992), «Матэрыя часу», «Рэальнасць нерэальнасці», «Рух падсвядомасці» (усе 1993), «Стварэнне літары» (1994), «Геаметрыя краявіду» (1997—99). «Мроі і ўспаміны» (2000).

Р.​Р.​Паўлавец.

В.Паўлавец. З серыі «Геаметрыя краявіду». 1997.

т. 12, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАХО́ДНЯ»,

гісторыка-культурнае таварыства ў г. Гродна. Засн. 12.3.1986 як клуб па ініцыятыве супрацоўнікаў Ін-та біяхіміі АН БССР, з пач. 1991 — т-ва. Асн. задачы: вывучэнне гіст. падзей, жыцця і творчасці выдатных прадстаўнікоў мінулага Гродзеншчыны, помнікаў архітэктуры краю, удзел у паходах па выдатных мясцінах Беларусі, арганізацыя сустрэч са знакамітымі суайчыннікамі, прапаганда бел. звычаяў і традыцый, музыкі, л-ры, фальклору, бел. мовы. Члены т-ва ўдзельнічаюць у археал. раскопках, суботніках па аднаўленні і добраўпарадкаванні гіст. мясцін горада і вобласці і інш. У 1990 пры «П.» створана скаўцкая суполка, у 1991 — хор царк. песні «Бацькаўшчына».

М.​І.​Таранда.

т. 12, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЮНА́ЦТВА»,

дзяржаўнае кніжнае выдавецтва Беларусі ў 1981—2002. Засн. ў Мінску на базе профільных рэдакцый выд-ваў «Мастацкая літаратура» і «Народная асвета». Выдавала л-ру для дзяцей і юнацтва: нац. і сусв. класіку, творы сучасных майстроў маст. слова Беларусі, навук.-пазнавальную л-ру на бел., рус. і замежных мовах, кніжкі-расфарбоўкі, кніжкі-цацкі. Мела выдавецкія серыі: «Бібліятэка прыгод і фантастыкі», «Бацькаўшчына», «Эўрыка», «Казка за казкай» і інш. У 1981—94 выпусціла 15-томную «Бібліятэку дзіцячай літаратуры народаў СССР» (Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Далучана да выд-ва «Мастацкая літаратура».

С.​У.​Фядотава.

т. 18, кн. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРЫ́ЛА Сцяпан Сцяпанавіч (14.8.1903, Мінск — 15.7.1978),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1955). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1918. Працаваў у т-рах Волагды, Архангельска, Віцебска, Гомеля. З 1926 у БДТ-3, з 1928 у т-ры імя Я.​Купалы. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Створаныя ім вобразы вызначаліся дакладным знешнім малюнкам, глыбокай псіхалагічнай распрацоўкай: Цывін («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Вашамірскі («Салавей» З.​Бядулі), Лютынскі («Канец дружбы» К.​Крапівы), Хірт («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Глуздакоў («Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Секяржыцкі («Амністыя» М.​Матукоўскага), Беркутаў («Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Акаёмаў («Машачка» А.​Афінагенава), Якаў Каламійцаў («Апошнія» М.​Горкага), Ксанф («Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду), Фярэкіс («Патрабуецца лгун» Дз.​Псатаса) і інш.

С.С.Бірыла.

т. 3, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЁНАК Лявон (Леанід Вікенцьевіч; 26.6.1897, в. Вялец Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 21.2.1974),

бел. пісьменнік і журналіст. Бацька З.​Кіпель. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1914). Настаўнічаў. У 1921—29 працаваў у рэдакцыі газ. «Савецкая Беларусь». Друкаваўся з 1927 пад псеўд. Леанід Свэн, Л.​Крывічанін. Аўтар зб. фельетонаў «Чароўная іголка» (1929). У 1933 рэпрэсіраваны, высланы ў Сібір, пазней — у Комі АССР. Пасля адбыцця высылкі вярнуўся на Беларусь, настаўнічаў. У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў у «Беларускай газэце» (апубл. «Дзённік Чужанінава»). З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША. Друкаваўся ў газ. «Бацькаўшчына», «Беларус», час. «Сакавік» і інш. выданнях. Рэабілітаваны ў 1956.

Тв.:

Беларусізацыя пад № ... Нью-Ёрк, 1998.

Літ.:

Успамінае Антон Шукелойць // Спадчына. 1997. № 5.

Л.​С.​Савік.

т. 14, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДАНО́ВІЧ Ірына Фларыянаўна (27.9.1906, Мінск — 3.12.1994),

бел. актрыса, педагог. Нар. арт. Беларусі (1940). Дачка Ф.Ждановіча. Сцэн. дзейнасць пачала ў Першым т-ве бел. драмы і камедыі (Данілка ў «Раскіданым гняздзе» Я.​Купалы). У 1920—62 у т-ры імя Я.​Купалы, у 1962—69 педагог Бел. тэатр.-маст. ін-та. Актрыса вял. драм. тэмпераменту, высокай сцэн. культуры. Яе акцёрскі стыль меў акрэсленую рамант. афарбоўку. Сярод роляў: Марылька («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Аня («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, Дзярж. прэмія СССР 1948). Вера («Апошнія» М.​Горкага), Людміла, Негіна («Позняе каханне», «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага), Дзіяна («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Джульета («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра).

Літ.:

Кузняцова К. Ірына Ждановіч. Мн., 1970.

І.Ф.Ждановіч.
І.Ждановіч у ролях Марылькі (злева) і Дзіяны.

т. 6, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)