БАЛА́НС ГРУНТАВЫ́Х ВО́ДАЎ,

колькасны паказчык намнажэння і расходавання грунтавых водаў на пэўнай тэрыторыі за вызначаны час. Прыходная частка — жыўленне за кошт прасочвання (інфільтрацыя) атм. ападкаў і паверхневых водаў (рэк, азёраў, балотаў, арашальных і інш.), кандэнсацыі вадзяной пары, паступлення з больш глыбокіх напорных гарызонтаў. Расходная частка — падземны сцёк, выпарэнне з паверхні грунтавых водаў, транспірацыя раслінамі, рачны сцёк. Баланс грунтавых водаў залежыць ад клімату (колькасці і віду атм. ападкаў, т-ры паветра), глебава-расліннага покрыва, формаў рэльефу, саставу і структуры горных парод у зоне аэрацыі, гасп. дзейнасці чалавека (водазабор, меліярацыя і інш.). На Беларусі прыходная частка балансу рэзка павялічваецца пры раставанні снегу і ў час працяглых дажджоў. Элементы балансу вызначаюцца ў выніку працяглых назіранняў на гідрагеалагічных стацыянарах. Вывучэнне балансу грунтавых водаў неабходна для колькаснай ацэнкі рэсурсаў грунтавых водаў і рацыянальнага іх выкарыстання на водазабеспячэнне, для прагнозу іх рэжыму на меліяраваных землях, горных вырабатках, у зоне падпору каля вадасховішчаў і інш.

М.С.Капора.

т. 2, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Баланс даходаў і расходаў прадпрыемства 2/86—87

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Баланс грашовых даходаў і расходаў насельніцтва 2/86, 87; 4/8; 5/485; 8/459, 467

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Міжгаліновы баланс вытворчасці і размеркавання грамадскага прадукту 2/86; 7/172—173

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́НСАВАЯ ДРАЎНІ́НА, баланс,

круглы лесаматэрыял з лісцевых і хвойных дрэў у выглядзе адрэзкаў ствала (даўж. 0,75—3 м, дыям. 6—40 см). Выкарыстоўваецца як сыравіна на выраб паперы і цэлюлозы.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́НСНАЯ СХЕ́МА,

разгалінаваны электрычны ланцуг, у якім пры зменах некаторых яго параметраў (супраціўленне, ёмістасць або інш.) устанаўліваецца (ці парушаецца) раўнавага (баланс) токаў ці напружанняў. Выкарыстоўваецца ў вымяральнай тэхніцы, радыёсувязі, тэлеф. сувязі і інш.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАНСАМЕ́Р,

прылада для вымярэння радыяцыйнага балансу. Найб. пашыраны балансамер тэрмаэлектрычны, прыёмная частка якога — 2 тонкія медныя пласцінкі; зачэрненая паверхня адной павернута ўгару і ўспрымае радыяцыю ад Сонца і атмасферы, паверхня другой павернута для Зямлі і адзначае выпрамяненне зямной паверхні і адбітую радыяцыю. Тэрмаэлементы фіксуюць розніцу т-р паміж пласцінкамі, што дае магчымасць вызначаць радыяцыйны баланс.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАНСІ́Р

(франц. balancier каромысел, маятнік),

1) двухплечы (часам аднаплечы) рычаг, які можа выконваць хістальныя рухі вакол нерухомай восі. Прызначаны для перадачы (або ўраўнаважвання) намаганняў на далучаныя да яго цягі ў помпах, вагах, свідравальных устаноўках, рысорных падвесках лакаматываў і вагонаў.

2) Балансір, або баланс, — галоўны рэгулятар (грузік), які замяняе сабой маятнік у гадзіннікавым механізме.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮДЖЭ́Т СПАЖЫВЕ́ЦКІ,

баланс грашовых даходаў і расходаў сям’і, які характарызуе фактычны ўзровень жыцця розных груп насельніцтва. Адлюстроўвае даходы сем’яў і крыніцы іх паступлення, а таксама выкарыстанне гэтых даходаў (расходаў) па прызначэнні. Вызначаецца на аснове балансу даходаў і расходаў насельніцтва, бюджэтных абследаванняў і разам са спажывецкім кошыкам служыць для ацэнкі колькасных і якасных паказчыкаў спажывання.

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАМЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ.

Вядзе сістэматычныя назіранні за надвор’ем, даследуе развіццё асн. с.-г. культур, стан глебы і інш. па спец. праграмах. Асн. задача — забеспячэнне сельскай гаспадаркі аграметэаралагічнымі прагнозамі і звесткамі. Вывучаюцца аграгідралагічныя ўласцівасці і водны баланс глебы, мікракліматычныя асаблівасці палёў і фактары, якія ўплываюць на ўраджайнасць с.-г. культур; вядуцца феналагічныя назіранні і інш. На Беларусі аграметэаралагічныя станцыі ў Васілевічах (Рэчыцкі р-н), Ваўкавыску, Горках, Самахвалавічах (Мінскі р-н), Шаркоўшчыне (1995).

т. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)