Лептаспіры (бактэрыі) 6/334

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Азотабактэр, гл. Азотфіксавальныя бактэрыі

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЯТРАФІ́ЗМ (ад бактэрыі + грэч. trophe ежа, засваенне),

узаемна карысныя адносіны паміж каранямі раслін і бактэрыямі; форма жыўлення вышэйшых раслін. Бактэрыі (напр., клубеньчыкавыя) сінтэзуюць розныя пажыўныя рэчывы, вітаміны, якімі жывяцца расліны. Бактэрыятрафізм характэрны, напрыклад, для бабовых раслін.

т. 2, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЫДАФІ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,

арганізмы, для развіцця якіх неабходна значная кіслотнасць асяроддзя. Да іх належаць воцатнакіслыя і малочнакіслыя бактэрыі, што пашыраны ў кішэчніку пазваночных, у глебе, на раслінах (сфагнум, верас, хвошч, лубін), у малочных прадуктах і інш. Ацыдафільныя бактэрыі маюць практычнае значэнне ў некат. галінах харч. прам-сці (вытв-сць воцату, малочная прам-сць), у кормавытворчасці (сіласаванне кармоў) і інш.

т. 2, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЭРО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ, анаэробы (ад ан... + аэра... грэч. bios жыццё),

жывёльныя і раслінныя арганізмы, здольныя існаваць і развівацца пры адсутнасці свабоднага кіслароду ў асяроддзі. Пашыраны ўсюды, дзе адбываецца распад арган. рэчываў без доступу паветра (у глебе, вадзе, донных адкладах, кампоставых кучах, у ранах, у кішэчніку чалавека і жывёл і інш.). Тэрмін увёў франц. вучоны Л.​Пастэр (1861), які адкрыў бактэрыі маслянакіслага браджэння. Неабходную для жыццядзейнасці энергію анаэробныя арганізмы ў адрозненне ад аэробаў атрымліваюць за кошт акіслення арган., радзей мінер. злучэнняў у бескіслародным асяроддзі. Падзяляюцца на аблігатныя, або строгія (жывуць пры поўнай адсутнасці кіслароду, напр., маслянакіслыя, хваробатворныя бактэрыі: палачкі слупняку, газавай гангрэны, некат. стрэптакокі), і факультатыўныя, або ўмоўныя, Анаэробныя арганізмы (здольныя жыць і развівацца ў прысутнасці кіслароду і без яго, напр., дражджавыя грыбкі, малочнакіслыя бактэрыі, палачкі брушнога тыфу, інфузорыі, плоскія і круглыя чэрві). Некат. анаэробныя арганізмы выкарыстоўваюцца ў прам-сці, сельскай гаспадарцы, побыце (напр., бактэрыі спіртавога, малочнакіслага браджэння, дражджавыя грыбкі).

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРО́ІДЫ (ад бактэрыі + грэч. eidos від),

1) марфалагічна змененыя клеткі клубеньчыкавых бактэрый. Адрозніваюцца ад зыходных бактэрый большымі памерамі, вял. колькасцю глікагену і тлушчу, валюцінавых гранул (унутрыклетачны рэзерв фасфату) і актыўнай фіксацыяй атм. азоту. У адрозненне ад клубеньчыкавых бактэрый, якія развіваюцца па-за раслінай, бактэроіды пранікаюць у тканкі каранёў (звычайна бабовых раслін) і толькі там функцыянуюць.

2) Нерухомыя анаэробныя бактэрыі (палачкі), якія не ўтвараюць спораў. Жывуць у ротавай поласці, кішэчніку і палавых органах чалавека; патагенныя віды выклікаюць вострыя запаленчыя працэсы.

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕ́РСІЯ ў біялогіі,

працэс, які вядзе да ўтварэння ў арганізмаў з рознымі спадчыннымі кампанентамі (хімер, гібрыдаў) участкаў са змененым парадкам гэтых кампанентаў (гл. Інверсія). Змена прыкмет бактэрыі (утварэння таксінаў, актыўнасці некат. ферментаў і інш.) пры пашкоджанні бактэрыяфагам наз. фагавай К. Характэрна для сальманел, стафілакокаў, стрэптакокаў, мікабактэрый і інш. Гал. адрозненні фагавай К. ад знешне падобнай да яе трансдукцыі: высокая частата (да 100% клетак, пашкоджаных фагам, могуць набыць новую адзнаку) і аднаўленне зыходнага знешняга віду бактэрыі пры страце канверсаванага фага.

т. 7, с. 575

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРАГІ́Н,

бактэрыяльнае ўгнаенне для збожжавых, бабовых культур і траў. Мае клубеньчыкавыя бактэрыі, здольныя засвойваць атм. азот і ператвараць яго ў даступныя для раслін злучэнні.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАТРО́ФЫ [ад аўта... + ...троф(ы)],

аўтатрофныя арганізмы, арганізмы, якія сінтэзуюць неабходныя для жыццядзейнасці складаныя арган. злучэнні з неарган. рэчываў (пераважна вады, вуглекіслаты, неарган. злучэнняў азоту). Выкарыстоўваюць энергію Сонца (фотасінтэз) або энергію, што вызваляецца пры хім. рэакцыях (хемасінтэз). Да аўтатрофаў належыць большасць вышэйшых раслін, водарасці і некаторыя бактэрыі. Фотасінтэзавальныя аўтатрофы (фотатрофы — усе зялёныя расліны, водарасці) маюць хларафіл і здольныя выкарыстоўваць энергію святла. Хемасінтэзавальныя аўтатрофы (хематрофы, напрыклад, нітрыфікавальныя бактэрыі) сінтэзуюць арган. рэчывы за кошт энергіі акіслення мінер. злучэнняў. Аўтатрофы — асн. прадуцэнты арган. рэчыва ў біясферы, забяспечваюць існаванне ўсіх іншых арганізмаў. Гл. таксама Гетэратрофы.

т. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦЫЛІ́Н,

антыбіётык, які выпрацоўвае сянная палачка (Bacillus subtilis). Паводле хім. саставу — поліпептыд. Уздзейнічае на грамстаноўчыя (стафілакокі) і грамадмоўныя (кішэчная палачка) бактэрыі. Шырока не выкарыстоўваецца (інактывуецца пры наяўнасці бялковых рэчываў крыві і сывараткі).

т. 2, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)