БАР’Е́РЫ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ, бар’еры пашырэння,

любыя перашкоды (геагр., фіз., хім і біял. характару) на шляху пашырэння віду або згуртавання папуляцый жывёл і раслін. Напрыклад, моры, акіяны, горы з’яўляюцца геагр. перашкодамі на шляху пашырэння наземных (мацерыковых, астраўных) жывёл або раслін; лясы перашкаджаюць пашырэнню стэпаў; адсутнасць насякомых (апыляльнікаў) пашырэнню энтамафільных раслін і інш.

Бар’еры біягеаграфічныя — адна з гал. прычын узнікнення і існавання эндэмікаў (гл., напрыклад, Аўстралійская біягеаграфічная вобласць). Высокая ступень эндэмізму фауны воз. Байкал (80—100%) тлумачыцца працяглай адарванасцю (з трацічнага перыяду) гэтага возера ад інш. цэнтраў відаўтварэння. Гасп. дзейнасць чалавека садзейнічае ўтварэнню новых, відазмяняе або ўстараняе існуючыя бар’еры біягеаграфічныя і садзейнічае пашырэнню карысных і шкодных відаў жывых арганізмаў.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАМЯ́НКІ (Comephorus),

адзіны род рыб сям. галамянкавых атр. скарпенападобных. 2 віды: галамянка вялікая (Comephorus baicalensis) і галамянка малая (Comephorus dybowski) — эндэмікі воз. Байкал. Пелагічныя рыбы, жыццё праводзяць у тоўшчы вады на глыб. 100 м і болей.

Даўж. верацёнападобнага, паўпразрыстага цела 13—23 см, маса 15—64 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Цела голае, бледна-ружовага колеру з перламутравым адлівам. Грудныя плаўнікі доўгія, брушныя адсутнічаюць. Кормяцца пелагічнымі ракападобнымі, радзей сваімі маляўкамі. Жывародныя, характэрна малая колькасць самцоў (у галамянкі вялікай — 3% ад агульнай колькасці рыб, у галамянкі малой — 12—20%). У целе галамянкі вялікай да 33% тлушчу, які выкарыстоўваецца ў медыцыне. Здабываюцца дзеля тлушчу. Асноўны корм байкальскага цюленя.

т. 4, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́КАЎ (Анатоль Барысавіч) (6.8.1901, г. Харкаў, Украіна — 21.9.1979),

савецкі лесавод, акад. АН СССР (1966). Скончыў Харкаўскі ін-т сельскай гаспадаркі і лесаводства (1923). Працаваў у доследным лясніцтве і на Цэнтр. лясной доследнай станцыі Украіны (1923—30), у Ін-це лясной гаспадаркі ў Харкаве (1930—37) і Гомелі (1938—42), ва Усесаюзным НДІ лесаводства і механізацыі лясной гаспадаркі (1942—56), у Ін-це лесу АН СССР (1956—58). У 1958—79 дырэктар Ін-та лесу і драўніны Сібірскага аддзялення АН СССР. Навук. працы па біяцэналогіі дубовых лясоў стварэнні лесапалос, вырошчванні л соў прамысл. значэння, вывучэнні л соў Сібіры, у прыватнасці лясоў басе на воз. Байкал.

т. 6, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕВЯЛЬСКО́Й (Генадзь Іванавіч) (5.12.1813, с. Дракіна Кастрамской вобл., Расія — 29.4.1876),

расійскі мараплавец, даследчык Д. Усходу. Адмірал (1874). Скончыў Марскі корпус у С.-Пецярбургу (1832) і афіцэрскія класы (1836). У 1848—49 кіраваў марскім пераходам транспарту «Байкал» з Кранштата да Петрапаўлаўска-Камчацкага, адкрыў (1849) і даследаваў Татарскі праліў, выявіў астраўны характар Сахаліна. У 1850—55 узначаліў Амурскую экспедыцыю, даследаваў нізоўі р. Амур, засн. там рус. пасяленні, у т. л. Нікалаеўск-на-Амуры. На в-ве Сахалін адкрыў радовішчы вугалю. Яго імем наз. праліў, мыс у гэтым праліве, заліў, гара і горад на Сахаліне.

Тв.:

Подвиги русских морских офицеров на крайнем востоке России, 1849—1855. Хабаровск, 1969.

т. 11, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫБО́ЎСКІ (Бенядзікт Іванавіч) (30.4.1833, Мінская губ. — 31.1.1930),

заолаг. Чл. Польскай АН (1884). Вывучаў медыцыну і прыродазнаўчыя навукі ў Тарту (1851—57), Вроцлаве (1857—58), Берліне (1858-60). З 1862 праф. кафедры заалогіі Варшаўскага ун-та. У 1864 за ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы ва Усх. Сібір, дзе пры падтрымцы Усх.-Сібірскага аддзела Рус. геагр. т-ва вывучаў фауну Прыбайкалля: апісаў фауну воз. Байкал і яго прыродныя ўмовы, фауну бас. р. Амур, берагоў Японскага м., Камчаткі, сабраў вял. калекцыю фауны Сібіры. У 1877 вярнуўся ў Польшчу. З 1879 зноў працаваў урачом у г. Петрапаўлаўск-Камчацкі, дзе працягваў даследаванні па зоагеаграфіі. У 1883—1906 заг. кафедры заалогіі ў Львоўскім ун-це.

т. 6, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДРА́С (дацкае Landrace ад land зямля, краіна + гасе парода),

беконная парода свіней. Выведзена ў Даніі ў канцы 19 ст. скрыжаваннем мясц. свіней з буйной белай пародай шляхам працяглай паглыбленай селекцыі. Разводзяць у Скандынавіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Н. Зеландыі, Бразіліі. На Беларусь Л. завезены са Швецыі ў 1948 г. Выкарыстоўваюць для прамысл. скрыжавання (буйная белая + беларуская чорна-пярэстая парода + Л.). Асн. лініі: Атлас, Бром, Байкал, Элегант.

Даўж. самцоў да 185 см, свінаматак да 170 см, маса адпаведна да 350 і 230 кг. Масць белая. Тулава выцягнутае, галава невял., вушы доўгія. Сцёгны добра развітыя. Мяса ў тушы да 58%. Якасць бекону высокая. Плоднасць да 12 парасят за апарос.

Ландрас.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКУШО́К (Маркел Емяльянавіч) (14.1.1881, с. Вярхнячка Уманскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 31.1.1952),

бел. вучоны ў галіне заалогіі. Акад. АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1947). Д-р біял. н. (1937), праф. (1918). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Кіеўскі ун-т (1910). З 1918 праф. Маскоўскага ун-та, з 1927 заг. кафедры Казанскага ун-та, з 1931 у Акіянаграфічным ін-це. У 1937—41 праф., у 1943—52 заг. кафедры, у 1950—52 прарэктар БДУ. Навук. працы па параўнальнай анатоміі жывёл, іхтыялогіі, герпеталогіі. Даследаваў пытанні паходжання лёгкіх і плавальнага пузыра, развіцця галавы пазваночных жывёл, сістэматыкі губак воз. Байкал і Баранцава м., іхтыяфауны Беларусі. Заснаваў у БДУ шкалу заолагаў марфолага-экалагічнага кірунку.

Тв.:

Карликовый сомик, его хозяйственное значение и биологические особенности. Мн., 1951.

т. 9, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САХ’Я́НАВА (Ларыса Пятроўна) (н. 13.2.1930, с.Кырэн, Бурація),

расійская артыстка балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1963). Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1951). З 1946 салістка Бурацкага т-ра оперы і балета, з 1962 адначасова маст. кіраўнік Бурацкага харэагр. вучылішча. Выканальніца вядучых партый у нац. балетах: Алтан («Святло над далінай» С.​Раўзава), Сэсэг («У імя кахання» Ж.​Батуева і Б.​Майзеля), Ангара («Прыгажуня Ангара. Л.​Кніпера і Б.​Ямпілава), Каця («Апошні баль» Ю.​Бірукова); з клас. рэпертуару: Гюльнара, Жызэль («Карсар», «Жызэль» А.​Адана), Адэта—Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Нікія, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса) і інш. Дзярж. прэмія Расіі імя М.​Глінкі 1972.

Літ.:

Ильин С. Судьба балерины // Байкал. 1969. №1.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 14, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТКО́ЎСКІ (Рыгор Антонавіч) (25.8.1923, Мінск — 14.6.1992),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959). Выкладаў у БПІ (1965—86). Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі. Сярод станковых работ: «Восень» (1960), серыі афортаў «Вайна» (1965—67), «На радзіме Янкі Купалы» (1977), трыптыхі «Мінск учора і сёння» (1977), «Героі Мінскага падполля» (1985), «Налівайка ў Магілёве» (1968), «Партрэт народнага артыста СССР Г.​І.​Цітовіча» (1971). Аформіў і выканаў іл. да рамана В.​Форш «Апранутыя ў камень» (1959), кніг «Чырвоная зорка» А.​Вольскага (1961), «Над Нёманам» У.​Дадзіёмава (1962), зб. апавяданняў М.​Лынькова (1966). Значнае месца ў яго творчасці займаў пейзаж: «Браслаўшчына», цыкл акварэлей «Байкал» (1970-я г.). Аўтар каляровых літаграфій «Крыніцы натхнення», «Развітанне» (1983) і інш.

Р.Віткоўскі. Ілюстрацыя да рамана В.​Форш «Апранутыя ў камень». 1959.

т. 4, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСТАНО́ГІЯ (Pinnipedia),

атрад водных млекакормячых. 3 сям.: маржы (Odobenidae), цюлені вушастыя (Otariidae) і цюлені сапраўдныя (Phocidae). 21 сучасны род, 31 від. Вядомы з ніжняга і сярэдняга міяцэну. Пашыраны пераважна ў морах халоднага і ўмеранага паясоў, некат. ў азёрах (Байкал, Ладажскае і інш.). У Чырв. кнізе МСАП 6 відаў, 3 падвіды.

Даўж. ад 1,25 (кольчатая нерпа) да 6,5 м (марскі слон), маса ад 90 кг да 3,5 т, самкі драбнейшыя. Цела верацёнападобнае. Канечнасці ў выглядзе ластаў (адсюль назва), валасяное покрыва кароткае, шчыльнае. Пад скурай слой тлушчу да 10 см. Амаль увесь час праводзяць у вадзе. На сушы або лёдзе адпачываюць, ліняюць, нараджаюць і кормяць патомства. Кормяцца пераважна рыбай, ракападобнымі, малюскамі. У перыяд размнажэння збіраюцца ў вял. колькасці. Нараджаюць 1 дзіцяня. Аб’ект абмежаванага промыслу. Гл. таксама Морж, Цюлені.

т. 9, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)