ПІНА́ЕВА ((дзявочае Хведасюк) Людміла Іосіфаўна) (н. 14.1.1936, г. Краснае Сяло Ленінградскай вобл., цяпер у межах г. С.-Пецярбург),
расійская спартсменка і трэнер (веславанне на байдарках). Засл. майстар спорту СССР (1964). Скончыла школу трэнераў пры Дзярж. ін-це фіз. культуры (1963, С.-Пецярбург). Педагог-выхавацель. Чэмпіёнка XVIII і XIX Алімп. гульняў (1964, Токіо; 1968, Мехіка) па веславанні на байдарцы-адзіночцы (к-1) на дыстанцыі 500 м, XX Алімп. гульняў (1972, г. Мюнхен, Германія) — на байдарцы-двойцы (к-2) з К.Курышка; бронз. прызёр на к-2 (з А.Серадзінай). Чэмпіёнка свету 1966 на к-1 і на байдарцы-чацвёрцы (к-4); 1970 на к-1; 1971 на к-1 і к-4; 1973 на к-4. Чэмпіёнка Еўропы 1961 на к-2 (з Н.Грузінцавай); 1965 на к-1 і к-4; 1967 на к-1, к-2 (з Серадзінай) і к-4. 19-разовая чэмпіёнка СССР (1960—62, 1964—68, 1970—73) на к-1, к-2 і к-4.
А.М.Петрыкаў.
т. 12, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЛАМ (ад нарв. slalåm літ. след, які спускаецца) гарналыжны, спуск на лыжах з гары па звілістай трасе з варотамі. Даўж. трасы для мужчын 500—700 м з перападам вышынь паміж стартам і фінішам 180—220 м, для жанчын — адпаведна да 550 м і 130—180 м. На трасе парамі расстаўляюцца сцяжкі (вароты), праз якія трэба праехаць і не збіць.
Зарадзіўся ў 1920-я г.; спаборніцтвы праходзілі ў Аўстрыі, Італіі, Францыі, Швейцарыі Чэмпіянаты свету з 1930. У праграме Алімп. гульняў з 1936. Адрозніваюць таксама С. гіганцкі (даўж. трасы больш за 2000 м, перапад вышынь 250—400 м у мужчын і 250—350 м у жанчын) і С. супергіганцкі (розніца вышынь 500—600 м у мужчын і 350—500 м у жанчын). Найб. пашыраны ў Аўстрыі, Германіі, ЗША, Італіі, Францыі, Швейцарыі, Японіі.
С. на водных лыжах (адной або двух) — спаборніцтва водных лыжнікаў на буксіровачным тросе за катэрам па абходзе буёў, размешчаных на вызначанай трасе. С. вяслярны, на байдарках і каноэ — спаборніцтвы ў спуску па рацэ або спец. канале з хуткай плынню і натуральнымі або штучнымі перашкодамі.
А.М.Петрыкаў.
т. 14, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)